КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫЯ ПРАВЫ́, СВАБО́ДЫ І АБАВЯ́ЗКІ ГРАМАДЗЯ́Н РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

асабістыя, паліт., сац.-эканам., сац.-культ. правы і абавязкі грамадзян, замацаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі і міжнар. абавязацельствамі дзяржавы; аснова прававога статусу грамадзяніна, узаемаадносін дзяржавы і асобы. Выкладзены ў раздз. Канстытуцыі «Асоба, грамадства, дзяржава». Да асабістых правоў і свабод адносяцца: права на жыццё (жыццё чалавека абараняецца дзяржавай ад любых проціпраўных замахаў; смяротная кара да яе поўнай адмены як выключная мера пакарання можа прымяняцца за асабліва цяжкія злачынствы і толькі па прыгаворы суда); права на свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам; асоба, узятая пад варту, мае права на суд. праверку законнасці яе затрымання або арышту; ніхто не павінен быць падвергнуты бесчалавечнаму або зневажальнаму абыходжанню ці пакаранню); права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё; права на недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян, на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства ў межах краіны, права пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад; права на свабоду вызнаваць любую рэлігію, або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць свае перакананні ў адносінах да рэлігіі, прымаць удзел у набажэнствах, рытуалах, абрадах, не забароненых законам; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і. У палітычныя правы і свабоды ўваходзяць: свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх; манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і цэнзура недапушчальны); права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыццё. пра стан навакольнага асяроддзя; права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян; права на свабоду аб’яднанняў; права на ўдзел у вырашэнні дзярж. спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў або шляхам абмеркавання на рэферэндумах, сходах і інш. вызначанымі законам спосабамі; права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзярж. органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні, мець доступ да любых пасад у дзярж. органах; права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзярж. органы і атрымліваць адказы па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. У галіне сацыяльна-эканамічных правоў Канстытуцыя гарантуе: права на працу і выбар прафесіі, род заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, праф. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і гарантаванае атрыманне платы за сваю працу; права на дапамогу па беспрацоўю; права на абарону сваіх эканам. і сац. інтарэсаў, на забастоўку; права на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне і жыллё; права на ўласнасць і абарону яе дзяржавай (прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама паводле пастановы суда); права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права. Сацыяльна-культурнымі правамі з’яўляюцца: права на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, што забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айч. і сусв. культуры, развіццём сеткі культ,асв. устаноў; права на свабоду маст., навук. і тэхн. творчасці.

Канстытуцыя абвяшчае і гарантуе роўнасць усіх перад законам без усякай дыскрымінацыі, роўную абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Абмежаванне правоў і свабод дапускаецца толькі ў прадугледжаных законам выпадках, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод інш. асоб. Ніхто не можа карыстацца прывілеямі і перавагамі, што супярэчаць закону. Кожны, хто знаходзіцца на тэр. краіны, абавязаны: выконваць яе Канстытуцыю, законы і з павагай ставіцца да яе традыцый, паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы інш. асоб, берагчы гіст.-культ., духоўную спадчыну і інш. нац. каштоўнасці, ахоўваць прыроднае асяроддзе. Грамадзяне краіны абавязаны ўдзельнічаць у фінансаванні дзярж. выдаткаў шляхам выплаты дзярж. падаткаў, пошлін, інш. плацяжоў. Абарона Айчыны — свяшчэнны абавязак кожнага яе грамадзяніна. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 597

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАСУДО́ВЫЯ О́РГАНЫ,

дзяржаўныя органы ў СССР, надзеленыя ў неканстытуцыйным парадку правам ажыццяўлення рэпрэсіўных мер без прытрымлівання крымінальна-працэсуальных норм. 21.2.1918 СНК РСФСР даў Усерас. надзвычайнай камісіі (ВЧК) і яе органам права пазасудовага разгляду спраў за контррэв., службовыя і інш. агульнакрымінальныя злачынствы з вызначэннем меры пакарання аж да расстрэлу на месцы злачынства, 5.9.1918 — права знявольваць «класавых ворагаў» у месцы пазбаўлення волі, а асоб, якія ўдзельнічалі ў белагвардзейскіх арг-цыях, змовах і мяцяжах, — расстрэльваць. Пасля ліквідацыі ВЧК і ўтварэння 6.2 1922 Дзярж. паліт. ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС РСФСР (гл. Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР) органы ДПУ былі пазбаўлены права пазасудовага разгляду спраў. Але 16.10.1922 паводле пастановы ВЦВК РСФСР ім зноў дадзена права «пазасудовай расправы аж да расстрэлу ў адносінах да ўсіх асоб, злоўленых з доказамі на месцы злачынства пры бандыцкіх налётах і ўзброеных грабяжах». Асобай камісіі НКУС па высылках дазвалялася высылаць і знявольваць у лагеры прымусовых работ дзеячаў антысав. паліт. партый і рэцыдывістаў. 28.3.1924 у сувязі са стварэннем Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) ЦВК СССР усклаў на Асобую нараду пры АДПУ вынясенне пастаноў пра адм. высылкі, ссылкі і зняволенні ў канцэнтрацыйны лагер. Адначасова ажыццяўляла пазасудовую дзейнасць і калегія АДПУ. Цыркулярамі АДПУ ад 29.10.1929 і 8.4.1931 у цэнтр. апараце створаны «тройкі» для папярэдняга разгляду закончаных следчых спраў і наступнага іх дакладу на суд. пасяджэннях калегіі ці Асобай нарады. 3.2.1930 Прэзідыум ЦВК СССР даў АДПУ права на час правядзення кампаніі па «ліквідацыі кулацтва» перадаваць свае паўнамоцтвы па пазасудовым разглядзе спраў паўнамоцным прадстаўнікам (ПП) АДПУ у рэспубліках, краях і абласцях. 10.7.1934 АДПУ скасавана і ўтворана НКУС СССР. Пры наркоме ўнутр. спраў створана Асобая нарада, якой давалася права выносіць прыгаворы пра зняволенне ў папраўча-працоўныя лагеры, ссылцы і высылцы да 5 гадоў ці высылцы па-за межы СССР асоб, якія «прызнаваліся грамадска небяспечнымі». У наступныя гады паўнамоцтвы Асобай нарады значна пашыраны. Паводле рашэння Дзярж. к-та абароны ад 17.11.1941 ёй дадзена права па справах «аб контррэвалюцыйных злачынствах і асабліва небяспечных дзеяннях супраць парадку кіравання СССР» вызначаць меру пакарання аж да расстрэлу. Асобая нарада існавала і пры МУС СССР. 27.5.1935 загадам НКУС СССР у НКУС рэспублік, упраўленнях НКУС па краях і абласцях арганізаваны «тройкі» НКУС, на якія пашыраліся правы Асобай нарады. «Тройкі» прымалі рашэнні пра высылку, ссылку ці зняволенне ў лагеры на тэрмін да 5 гадоў. У сувязі з правядзеннем масавых аперацый у адносінах да «былых кулакоў, членаў антысавецкіх партый, белагвардзейцаў, жандараў і чыноўнікаў царскай Расіі, бандытаў, рээмігрантаў, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый, царкоўнікаў і сектантаў, крымінальнікаў-рэцыдывістаў» загадам НКУС СССР ад 30.7.1937 створаны рэсп., краявыя і абл. «тройкі» для разгляду спраў на названых асоб, якія па мерах пакарання разбіваліся на 2 катэгорыі: да 1-й адносіліся тыя, хто падлягаў расстрэлу, да 2-й — тыя, хто падлягаў зняволенню ў лагеры або турме на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. У пасяджэннях Асобай нарады і «троек» прадугледжваўся абавязковы ўдзел пракурора. У адпаведнасці з загадамі НКУС ад 11.8 і 20.9.1937 спісы асоб, якія падлягалі рэпрэсіям палітычным, разглядаліся таксама «двойкамі» — наркомамі ўнутр. спраў рэспублік і начальнікамі УНКУС сумесна з адпаведнымі пракурорамі. Адначасова існаваў парадак разгляду спраў без выкліку абвінавачваемага і сведкаў у суд т.зв. «вышэйшай двойкай» у складзе Старшыні Вярх. суда і Пракурора СССР. Пастановы гэтага органа пры наяўнасці падстаў маглі адмяняцца і пераглядацца пленумам Вярх. суда СССР. З мэтай выканання пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 17.11.1938 «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» 26.11.1938 загадам НКУС СССР «тройкі» і «двойкі» пры НКУС скасаваны. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 1.9.1953 скасавана Асобая нарада пры МУС. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.1.1989 «Аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў», зацверджаным Вярх. Саветам СССР 31.7.1989, усе грамадзяне, за выключэннем здраднікаў Радзімы і карнікаў перыяду Вял. Айч. вайны, нацысцкіх злачынцаў, удзельнікаў бандфарміраванняў і іх памагатых, фальсіфікатараў крымінальных спраў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці П.о., былі рэабілітаваны, а згаданыя вышэй П.о. названы антыканстытуцыйнымі.

А.​А.​Тозік.

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯНСКАЕ ПРАЦЭСУАЛЬНАЕ ПРАВА

У сав. час навук. даследаванні грамадз.-працэсуальнага характару ў БССР былі састаўной часткай сав. грамадз.-працэсуальнай навукі. З канца 1960-х г. на аснове даследаванняў і тэарэт. канцэпцый вучоных-працэсуалістаў юрыд. ф-та БДУ пачала складвацца бел. працэсуальная школа. Яе фарміраванне звязана з імем С.​В.​Курылёва, які даследаваў праблемы права на судовую абарону, апублікаваў манаграфію «Асновы тэорыі даказвання ў савецкім правасуддзі» (1969). Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся даследаванні прынцыпу дыспазітыўнасці і пытанняў прававога становішча бакоў у грамадз. працэсе (Л.​М.​Арлова), працэсуальнай эканоміі ў сав. грамадз. працэсуальным праве (В.​В.​Ціхановіч).

У 1980-я г. фундаментальныя даследаванні праблем выкарыстання крыміналістыкі і крыміналістычнай тактыкі ў грамадз. працэсе і судаводстве правёў В.​Г.​Ціхіня. Распрацоўваліся пытанні: грамадз. працэсуальных адносін, статуса бакоў, прыроды судовых пастаноў, міравых пагадненняў і інш. (М.​Р.​Юркевіч); удзелу пракурора ў грамадз. працэсе і разбору грамадз. спраў (Ю.​І.​Лутчанка); гісторыі грамадз. працэсу Беларусі (І.​А.​Юхо, І.​М.​Казей); удзелу ў грамадз. працэсе дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян у абарону правоў інш. асоб, асобага вядзення, натарыяту (Т.​А.​Бялова); паняцця відаў судаводства, прававой прыроды вядзення па справах, што ўзніклі з адм.-прававых адносін, выканаўчага вядзення і інш. (І.​М.​Калядка); прынцыпаў грамадз. працэсу, касацыйнага вядзення, разгляду спраў у дзярж. арбітражы (В.​В.​Ціхановіч); пазасудовага і судовага ўстанаўлення бацькоўства, міжнар. грамадз. працэсу і інш. (Г.​У.​Якаўлева). На кафедры грамадз. працэсу і прац. права праведзены даследаванні: судаводства паводле скаргаў на пастановы па справах аб адм. правапарушэннях (І.​М.​Калядка), удзелу адваката ў даказванні па грамадз. справах (Я.​Б.​Клейн), рэчавых доказаў у грамадз. працэсе (А.​П.​Пятроў), удзелу пракурора ў пераглядзе судовых пастаноў, якія набылі законную сілу (В.​С.​Камянкоў), прыватных вызначэнняў суда (Л.​І.​Васілеўскі), удзелу грамадскіх арг-цый і аб’яднанняў, прац. калектываў у грамадз. працэсе (В.​Р.​Галаванаў), праблем судовага ўстанаўлення бацькоўства (Г.​У.​Якаўлева). Выдадзены навуч. дапаможнікі «Грамадзянскі працэс БССР» (ч. 1—4, 1979—82), «Практыкум па грамадзянскаму працэсу БССР» (1984), «Навукова-практычны каментарый да Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Беларускай ССР» (1989).

З 1990-х г. вучоныя-працэсуалісты распрацоўваюць праблемы ўдзелу пракурора ў гасп. працэсе (І.​Э.​Мартыненка), абароны правоў і інтарэсаў непаўналетніх у грамадз. судаводстве (А.​М.​Здрок), асаблівасці разгляду спраў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў грамадз. і гасп. судаводстве (В.​М.​Герасімовіч), праблемы прызнання несапраўднымі актаў дзярж. і інш. органаў у гасп. судах (І.​І.​Верхаводка), рэалізацыі прынцыпаў спаборнасці ў грамадз. судаводстве (Т.​С.​Таранава), працэсуальных асаблівасцей судовай абароны жыллёвых правоў (Н.​У.​Казлоўская), працэсуальных асаблівасцей разгляду спраў у гасп. судах першай і касацыйнай інстанцый (В.​У.​Жандараў), логіка-тэарэт. асноў структуры і сродкаў даказвання па грамадз. справах (С.​С.​Сокал) пісьмовых доказаў (Ж.​В.​Хацук), становішча бакоў у грамадз. працэсе (І.​Ю.​Кірвель). Выдадзены дапаможнікі «Каментарый да Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (1999), падручнікі «Грамадзянскі працэс. Агульная частка» (2000), «Грамадзянскі працэс. Асаблівая частка» (2002), «Грамадзянскі працэс» В.​Г.​Ціхіні (т. 1—2, 2002—03), навучальныя дапаможнікі «Практыкум па грамадзянскаму працэсу» (2000), «Практыкум па гаспадарчаму працэсу» (2002). Фундаментальнае даследаванне прававых гарантый абароны інтарэсаў юрыдычных асоб і грамадзян у гасп. працэсе праведзена В.​С.​Камянковым. У межах дзярж. праграмы «Прававая дзяржава» даследуюцца праблемы эфектыўнасці ажыццяўлення і абароны права як гарантыі стварэння прававой дзяржавы, працягваецца падрыхтоўка сумесна з суддзямі Вярх. суда навук.-практычнага каментарыя да Грамадз. працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, падручнікаў па гасп. працэсе.

Літ.:

Курылев С.В. Основы теории доказывания в советском правосудии. Мн., 1969;

Орлова Л.М. Права сторон в гражданском процессе. Мн., 1973;

Тихиня В.Г. Теоретические проблемы применения данных криминалистики в гражданском судопроизводстве. Мн., 1983;

Мурадьян Э.М., Тихиня В.Г. Оптимальное судопроизводство (по гражданским делам). Мн., 1989;

Тихиня В.Г., Тихонович В.В. Конституция БССР и принципы судебной защиты гражданских прав. Мн., 1980;

Каменков В.С. Защита интересов юридических лиц и граждан в хозяйственном (арбитражном) процессе: На основе Хоз. процессуал. кодекса Респ. Беларусь и Арбитраж. процессуал. кодекса Рос. Федерации. Мн., 2001.

І.​М.​Калядка.

т. 18, кн. 2, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭСК’Ё (Montesquieu) Шарль Луі (18.1.1689, Лабрэд, каля г. Бардо, Францыя — 10.2.1755),

французскі філосафа-светнік, сацыёлаг, правазнаўца, пісьменнік. Чл. Ін-та Францыі (1727). Скончыў каталіцкі каледж (1705). Вывучаў права ў г. Бардо і Парыж. З 1714 саветнік, з 1716 віцэ-прэзідэнт парламента (суда) Бардо. З 1726 у Парыжы. У 1729—31 у Вялікабрытаніі. У творы «Пра дух законаў» (1747), зыходзячы з ант. паліт. тэорый, вылучаў 3 правільныя формы праўлення (дэмакратыя, арыстакратыя і манархія) і адну няправільную (дэспатыя). Найлепшым спосабам недапушчэння дэспатыі лічыў раздзяленне ўлад на заканадаўчую, выканаўчую, судовую, свабоднае функцыянаванне дэмакр. ін-таў грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Прынцыпы раздзялення ўлад і 3 відаў праўлення пакладзены ў аснову паліт. ўладкавання шэрагу краін Еўропы і ЗША, служаць важнай навук.-тэарэт. крыніцай для даследчыкаў і заканадаўцаў. Жорсткасці і бессэнсоўнасці дэспатызму проціпастаўляў сац. роўнасць грамадзян, паліт. плюралізм, свабоду слова і друку, забеспячэнне законнасці і асабістай бяспекі грамадзян. У дэмакратыі рухаючай сілай і ўмовай росквіту краіны абвяшчаў доблесць — павагу да законаў і любоў да Айчыны, адданасць кожнай асобы дэмакр. ідэалам і агульнадзярж. справе. Развіваў канцэпцыю функцыянальнай ролі рэлігіі, якая, на яго думку, паляпшае норавы падданых, змякчае дэспатызм і садзейнічае падтрыманню сац. парадку ў грамадстве. У рамане «Персідскія пісьмы» (1721) крытыкаваў норавы франц. грамадства, яго паказную «цывілізаванасць» і адарваную ад жыцця «вучонасць», прыгон з боку ўлады і царквы. У духу палітыка-прававой і гіст. канцэпцыі М. развівалі вучэнне аб формах сац.-эканам. і паліт. ладу, грамадзянскай супольнасці, пастаянным прагрэсе прававых норм і законапалажэнняў бел. мысліцелі-асветнікі К.​Вырвіч, Ф.​Карпінскі, М.​Карповіч, А.​Нарушэвіч, І.​Страйноўскі, М.​Чацкі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. М., 1955;

Персидские письма. Элиста, 1988.

Літ.:

Баскин М.П. Монтескье. 2 изд. М., 1975;

Азаркин Н.М. Монтескье. М., 1988.

С.​Ф.​Дубянецкі.

Ш.Мантэск’ё.

т. 10, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1947.

Падпісаны 10 лют. ў Парыжы паміж дзяржавамі-пераможцамі ў другой сусветнай вайне 1939—45 і б. саюзнікамі Германіі ў Еўропе (Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Фінляндыяй). Набылі сілу 15.9.1947. Падрыхтаваны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 у ходзе працы Савета міністраў замежных спраў (засн. на Патсдамскай канферэнцыі) і Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946. Дагаворы з б. саюзнікамі Германіі падпісвалі тыя краіны, што былі з імі ў стане вайны (з Італіяй — 20 дзяржаў, што абвясцілі ёй вайну, з Фінляндыяй — 10, з Румыніяй, Балгарыяй і Венгрыяй — адпаведна 11, 12 і 12); ад імя ўрада БССР усе 5 дагавораў падпісаў міністр замежных спраў К.В.Кісялёў. Пастановы мірных дагавораў ліквідавалі тэр. набыткі б. саюзнікаў Германіі. Італія прызнала суверэнітэт Албаніі і Эфіопіі, акупіраваныя ёй Дадэканескія а-вы вярталіся Грэцыі, Юлійская Крайна (акрамя Трыеста) перадавалася Югаславіі, а Трыест з прылеглай да яго невял. вобласцю быў абвешчаны «свабоднай тэр.» (у 1954 паводле італа-югасл. пагаднення зах. частка «свабоднай тэр.» разам з г. Трыест адышла да Італіі, а Усх. — да Югаславіі). Італія пазбаўлялася сваіх афр. калоній — Лівіі, Эрытрэі і Італьян. Самалі. Былі скасаваны Венскія арбітражы 1938 і 1940. Венгрыя вяртала ч. Трансільваніі, Румыніі, а Фінляндыя вобласць Петсама (Печанга) — Сав. Саюзу. На перададзенай Сав. Саюзу ў арэнду на 50 гадоў тэр. Поркала-Уд на паўн. узбярэжжы Фінскага заліва (недалёка ад Хельсінкі) стваралася сав. ваенна-марская база (у 1955 сав. ўрад датэрмінова адмовіўся ад арэнды Поркала-Уд). Паліт. пастановы абавязвалі Італію, Венгрыю, Румынію, Балгарыю, Фінляндыю забяспечыць сваім грамадзянам асн. дэмакр. правы і свабоды, забаранялі адраджэнне і дзейнасць фаш. арг-цый, прадугледжвалі прыцягненне да суда ваен. злачынцаў. Гэтым краінам дазвалялася мець для мэт абароны абмежаваную колькасць узбр. сіл, але забаранялася вырабляць атамную і інш. зброю масавага знішчэння. Эканам. раздзелы дагавораў прадугледжвалі выплату адпаведнымі краінамі рэпарацый ахвярам экспансіі: Сав. Саюзу, Албаніі, Грэцыі, Югаславіі, Чэхаславакіі і Эфіопіі. П.м.д. спрыялі ўрэгуляванню адносін паміж дзяржавамі пасля 2-й сусв. вайны.

т. 12, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЛЁЎ Андрэй (каля 1360—70—1427 або 1430),

старажытна-рускі жывапісец, заснавальнік самабытнай школы іканапісу. У сталым узросце прыняў манаства ў Троіца-Сергіевым (г. Сергіеў Пасад) або ў Андронікавым (Масква) манастырах. Яго творчасць развівалася на глебе маст. культуры Маскоўскай Русі з уплывам візант. маст. традыцый. Застаючыся ў межах сярэдневяковага ўспрымання і выяўлення рэчаіснасці, сцвярджаў узвышанае разуменне духоўнай прыгажосці і маральнай сілы чалавека. Гэтыя ідэалы ўвасоблены ў абразах Звянігарадскага чына («Спас», «Архангел Міхаіл», «Апостал Павел», усе 14—15 ст., па інш. звестках 1410-я г.), дзе строгія плаўныя контуры, шырокая манера і святланосны каларыт блізкія да прыёмаў манум. жывапісу. У канцы 14 — пач. 15 ст. (або 1411 ці 1427) стварыў абраз «Тройца» — шэдэўр стараж.-рус. іканапісу. Дасканаласць маст. формы гэтага абраза выражае вышэйшы для свайго часу маральны ідэал гармоніі духу з жыццём і светам. У 1405 з Феафанам Грэкам і Прохарам з Гарадца размаляваў Благавешчанскі сабор Маскоўскага Крамля (фрэскі не захаваліся); у 1408 з Даніілам Чорным — Успенскі сабор ва Уладзіміры і стварыў абразы для яго шмат’яруснага іканастаса. З фрэсак гэтага сабора найб. значныя сцэны «Страшнага суда», трактаванага як свята перамогі справядлівасці, сцвярджэнне духоўнай сутнасці чалавека. У 1425—27 з Даніілам Чорным і інш. майстрамі размаляваў Троіцкі сабор Троіца-Сергіева манастыра і напісаў некалькі абразоў для яго іканастаса, якім уласцівы нарастанне драматызму («Апостал Павел»), некат. змрочнасць каларыту, узмацненне дэкаратыўнасці. Апошняй яго работай лічыцца размалёўка Спаскага сабора Андронікава манастыра (каля 1427). Яму прыпісваюць шэраг інш. работ: фрэскі Успенскага сабора на Гарадку ў Звянігарадзе (канец 14 — пач. 15 ст.), абразы «Спас у сілах» (1408), «Уладзімірская Божая Маці» (каля 1409), частка абразоў святочнага чыну Благавешчанскага сабора Маскоўскага Крамля (1399 або 1408), некат. мініяцюры «Евангелля Хітрова».

Літ.:

Алпатов М.В. Андрей Рублев. М., 1959;

Андрей Рублев и его школа. М., 1978;

Сергеев В.И. Рублев. М., 1981;

Троица Андрея Рублева: Антология. М., 1981.

С.​У.​Пешын.

А.Рублёў. Тройца.

т. 13, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІР,

гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. За 45 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Лынтупы. Вузел аўтадарог на Смаргонь, Нарач, Брусы. 1,4 тыс. ж. (2000).

Засн., верагодна, у 13 ст. кн. Даўмонтам, які пабудаваў тут замак. Да 1528 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. ВКЛ, уласнасць кн. Свірскіх, потым да 17 ст. Радзівілаў, пазней да 1820 зноў Свірскіх. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Завілейскага, потым Свянцянскага пав. Слонімскай, з 1801 Віленскай губ. У 1879 засн. бровар, у 1896 — спіртаачышчальная вытв-сць. У 1897 у С. і 2 маёнтках 1686 ж., валасная ўправа, паштова-тэлеграфнае аддз., судова-следчы ўчастак Віленскага акр. суда, нар. вучылішча, касцёл, яўр. малітоўная школа, лячэбніца, аптэка, хлебазапасны магазін, 34 крамы, 12 заезных дамоў, 14 корчмаў, 5 кірмашоў на год. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. У 1931—1900 ж., гмінная ўправа, касцёл, царква, паліцэйскі ўчастак, гар. суд, аптэка, лячэбніца, пошта, на святы праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Свірскага раёна Вілейскай, з 20.9.1944 — Маладзечанскай абл., з 12.10.1940 цэнтр сельсавета. 25.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія за час вайны знішчылі ў С. 1920 чал. 6.7.1944 партызаны 16-й Смаленскай брыгады і атрада С.​Р.​Суслава вызвалілі С. і ўтрымлівалі яго да падыходу часцей Чырв. Арміі. З 25.4.1958 гар. пасёлак. З 31.8.1959 у Мядзельскім р-не, з 1960 у Мінскай вобл.

Працуюць спіртзавод, участкі Мядзельскага ВА жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Нарачанскага рыбгаса; сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, пункт быт. паслуг, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік археалогіі — гарадзішча. Помнікі архітэктуры: царква (мяжа 19—20 ст.), Мікалаеўскі касцёл (1908), сядзіба (пач. 20 ст.).

В.​М.​Князева.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАСБУ́Р, Страсбург (Strasbourg),

горад на У Францыі. Адм. ц. дэпартамента Ніжні Рэйн і гал. горад гіст. правінцыі Эльзас. Каля 260 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт пры ўпадзенні р. Іль у Рэйн. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш-буд., тэкст., дрэваапр., нафтаперапр., харчовая. Ун-т. Месца знаходжання Савета Еўропы (з 1949), Еўрапейскага парламента, Еўрап. суда па правах чалавека і інш. еўрап. устаноў.

Засн. стараж. рымлянамі ў 16 г. н.э. як ваен. лагер Аргентаратум. Назва С. вядома з канца 6 ст. Развіццю горада спрыяла яго зручнае геагр. размяшчэнне на перакрыжаванні гандл. шляхоў. З 498 у складзе Франкскай дзяржавы, з 843 — Латарынгіі, з 870 — Усх.-Франкскай дзяржавы, пазней — «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 974—982 належаў сеньёру-біскупу. Каля 1150 атрымаў гар. права. У 1262 вызваліўся з-пад панавання біскупа, стаў імперскім горадам. З 1381 чл. Рэйнскага саюза гарадоў. У 15—16 ст. цэнтр ідэй гуманізму (С.​Брант і інш.) і рэліг. Рэфармацыі; тут узнікла еўрап. кнігадрукаванне (гл. І.​Гутэнберг). У 1621 засн. ун-т. З 1681 горад пад уладай Францыі (юрыдычна паводле Рысвікскага міру 1697), з 1682 адм. цэнтр яе прав. Эльзас. У 1871—1918 у складзе Герм. імперыі, адм. цэнтр яе зямлі Эльзас-Латарынгія. Пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 вернуты Францыі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1940—44).

Сярод помнікаў архітэктуры: гатычныя — сабор Нотр-Дам (11—16 ст.; познараманскі хор, 1176—1250; скульпт. ўбранне парталаў і гал. фасада, 13 ст.; вітражы 12—14 ст.), храмы Сен-Тама (13—14 ст.), Сен-П’ер-ле-В’ё (1381—1475) і інш., барочны епіскапскі палац (1722—28), ратуша (1730), жылыя дамы 14—17 ст., асабнякі ў стылі класіцызму. Музеі: прыгожых мастацтваў, археалогіі і дэкар. мастацтва (у палацы Раанаў, 18 ст.), «Эўр Нотр-Дам». Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Страсбур. Набярэжная ракі Іль.
Страсбур. Сабор Нотр-Дам.

т. 15, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАШКЕ́ВІЧ Браніслаў Адамавіч (20.1.1892, б. засценак Мацюлішкі, Літва — 29.11.1938),

бел. грамадска-палітычны і асветны дзеяч, мовазнавец, публіцыст, перакладчык, літаратуразнавец. Акад. Бел. АН (1928). Скончыў Петраградскі ун-т (1916), у якім быў пакінуты для атрымання прафесарскага звання на кафедры рус. мовы і славеснасці (1916—18). У 1918 заг. культ.-асв. аддзела Бел. нац. камісарыята, яго Петраградскага аддзялення. З 1917 адзін з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады, з 1918 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1918 выдаў «Беларускую граматыку для школ» (5-е факс. выд. 1991). У 1919 выкладаў бел. і грэч. мовы ў Мінскім бел. пед. ін-це. У 1920 старшы рэферэнт дэпартамента асветы т.зв. Сярэдняй Літвы, у 1921—22 дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. У 1922 абраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. З трыбуны сейма абараняў сац. і нац. правы працоўных Зах. Беларусі. Выступаў у зах.-бел. друку з публіцыст. артыкуламі, прысвечанымі актуальным пытанням нац.-вызв. руху. У 1925 стаў адным з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, старшыня яе ЦК, чл. КПЗБ. Двойчы (1927, 1931) арыштаваны польскімі ўладамі, засуджаны адпаведна на 12 і 8 гадоў. У турме пераклаў на бел. мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча. У 1930 спец. распараджэннем прэзідэнта Польшчы вызвалены. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1933 жыў у СССР. Працаваў у Міжнар. агр. ін-це ў Маскве. 6.5.1937 арыштаваны АДПУ СССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 5.1.1938 асуджаны камісіяй НКУС СССР і пракурорам СССР («двойкай») да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 26.1.1957.

Тв.:

Выбранае: Крытыка, публіцыстыка, пераклады. Мн., 1991.

Літ.:

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гіст. жыццяпіс: Пер. з пол. Мн., 1996;

Валахановіч А.І., Міхнюк У.М. Споведзь у надзеі застацца жывым. Мн., 1999.

А.​С.​Ліс.

Б.А.Тарашкевіч.

т. 15, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХІ́НЯ Валерый Гур’евіч (н. 1.10.1940, г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. правазнавец, дзярж. дзеяч, педагог. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р юрыд. н. (1985), праф. (1987). Засл. юрыст Беларусі (1990). Скончыў БДУ (1963). З 1963 у Мінскім НДІ судовых экспертыз, з 1965 у БДУ. З 1966 у органах пракуратуры (з 1972 пракурор Ленінскага р-на Мінска). З 1974 у БДУ (з 1979 дэкан ф-та, з 1984 прарэктар). З 1989 міністр юстыцыі Беларусі. З 1990 сакратар ЦК КПБ. З 1991 заг. кафедры Акадэміі кіравання пры СМ Беларусі. З 1993 нам. старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. З 1994 нам. старшыні, з 1995 старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі. Дэп. Вярх.

Савета Рэспублікі Беларусь у 1990—94. З 1996 прэзідэнт Бел. фонду прававога супрацоўніцтва. З 1999 заг. кафедры Бел. эканам. ун-та. З 2003 заг. кафедры Мінскага ін-та кіравання. Навук. працы па тэарэт. праблемах грамадз. працэсуальнага і канстытуцыйнага права, актуальных пытаннях фарміравання на Беларусі дэмакр. прававой дзяржавы, сямейнага, міжнар., прыватнага права. Удзельнічаў у распрацоўцы праектаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994, Грамадз. кодэкса і Кодэкса законаў аб працы Рэспублікі Беларусь, інш. заканад. актаў. Аўтар падручнікаў па правазнаўстве для ВНУ, юрыд. даведнікаў і слоўнікаў.

Тв.:

Гражданский процесс БССР. Ч. 1—4. Мн., 1979—82 (у сааўт.);

Теоретические проблемы применения данных криминалистики в гражданском судопроизводстве. Мн., 1983;

Тернистый путь к правовому государству. Мн., 1995;

Конституционное право: Энцикл. словарь. Мн., 1996 (разам з М.​І.​Пастуховым);

Конституция Республики Беларусь: Науч.-правовой коммент Мн., 1996 (у сааўт.);

Правовое положение иностранцев в Республике Беларусь. Мн., 1998;

Международное частное право. 4 изд. Мн., 2001;

Гражданский процесс. Т. 1—2. Мн., 2002—03;

Гражданское процессуальное право Республики Беларусь. [Т. 1—2). Мн., 2002.

М.​П.​Савік.

В.Г.Ціхіня.

т. 17, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)