адасобленая і закончаная частка (элемент) вытв. працэсу. Выконваецца адным ці групай рабочых на адным рабочым месцы пры нязменным прадмеце працы. Асн. разліковая адзінка для вызначэння прадукцыйнасці працы, тэхн. нарміравання, загрузкі і выкарыстання абсталявання. Змест аперацыі вытворчай залежыць ад прадукцыі, якая вырабляецца, матэрыялаў і тэхнал. метадаў вытворчасці. Адрозніваюць аперацыі ручныя, механізаваныя, машынныя, аўтаматызаваныя і інш. Падзяляюцца на тэхнал. (асноўныя), дапаможныя і абслуговыя.
Тэхналагічная аперацыя накіравана на змену якаснага стану, формы, памераў ці становішча ў прасторы прадмета працы з мэтай атрымання прадуктаў працы. Дапаможныя аперацыі — выраб на ўласныя патрэбы прадпрыемства аснасткі, інструменту, рамонт абсталявання, будынкаў і інш.Абслуговыя аперацыі забяспечваюць асн. і дапаможныя вытв.працэсы матэрыяламі, паўфабрыкатамі, энергіяй, транспартам, кантрольнымі, лабараторна-выпрабавальнымі і доследнымі работамі. Шырока выкарыстоўваецца метад сумяшчэння аперацыі вытворчай, што спрыяе росту прадукцыйнасці працы; з сукупнасці іх фарміруюцца тэхнал цыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЯ́ЛЬНАЕ ФАСФАРЫЛІ́РАВАННЕ,
біясінтэз малекул адэназінтрыфосфарнай к-ты (АТФ) з адэназіндыфосфарнай (АДФ) і фосфарнай к-т за кошт энергіі акіслення субстрату: АДФ + H3PO4 → АТФ + H2O (гл.Акісленне біялагічнае). Асн. субстратам для акісляльнага фасфарыліравання служаць малекулы арган. рэчываў, пераважна арган.к-т, якія ўтвараюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Акісляльнае фасфарыліраванне адкрыта сав. біяхімікам У.А.Энгельгартам (1930). Адбываецца ў жывых клетках (у мітахондрыях) пры пераносе электронаў і пратонаў па дыхальным ланцугу з удзелам значнай колькасці дыхальных ферментаў і каферментаў (ферментны комплекс АТФ-сінтэтаза). Паказчык эфектыўнасці акісляльнага фасфарыліравання — адносіны колькасці фасфату, звязанага АДФ пры акісляльным фасфарыліраванні, да паглынутага кіслароду (P/O). Малекула АТФ утвараецца пры пераносе 2 электронаў праз пункт энергет. злучэння, у якім адбываецца утылізацыя энергіі, што вызваляецца. У выніку акісляльнага фасфарыліравання ў клетках назапашваецца АТФ — важнейшае макраэргічнае злучэнне, якое забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПЕРАПЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, злучаных у адзіны вытв. паток, што забяспечвае бесперапыннае пераўтварэнне зыходнай сыравіны ў гатовы прадукт. Тэхнал.працэсы ў бесперапыннай вытворчасці арганізуюцца ў межах вытв. ліній, участкаў, цэхаў ці ўсяго прадпрыемства. Пашырана ў галінах прам-сці, якія ажыццяўляюць масавы выпуск прадукцыі на аснове спалучэння асобных дэталяў (камплектуючых) у адзінае цэлае (швейная, абутковая, гадзіннікавая прам-сць), а таксама ў галінах, на якіх бесперапыннасць вытв. працэсу абумоўлена характарам тэхналогіі (энергетыка, металургія). Апошнія працуюць кругласутачна, без спынення ў выхадныя і святочныя дні, а рамонт абсталявання ажыццяўляецца ў час работы ці з выкарыстаннем рэзервовых апаратаў і агрэгатаў. Для бесперапыннай вытворчасці характэрны высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці. Яна, як правіла, скарачае час вытв-сці прадукцыі, забяспечвае больш поўнае выкарыстанне асн. фондаў, паскарае абарачальнасць абаротных сродкаў, спрыяе росту прадукцыйнасці працы. Найб. эфект дае ў паточнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ (біял.),
здольнасць раслін, а таксама арганізмаў і іх згуртаванняў (часцей раслін) пераносіць вял. канцэнтрацыі шкодных газападобных рэчываў атмасферы (серавадарод, вокіслы вугляроду, серы, азоту, фтор, фторысты вадарод, хларыды і інш.). У выніку пранікнення газаў у раслінныя клеткі ў іх назапашваюцца ядавітыя рэчывы, якія парушаюць працэсыабмену рэчываў. Пры высокай газаўстойлівасці раслін адбываецца эфектыўнае ачышчэнне паветра ў прамысл. гарадах. Для гэтай мэты выкарыстоўваюць віды раслін, якія ўтвараюць вял. біямасу і маюць інтэнсіўны газаабмен: з травяністых — аўсяніцу, мятліцу, райграс, кавыль і інш., з дрэвавых і кустовых — лох серабрысты, вяз, клён серабрысты, брызгліну, бружмель і інш. На Беларусі даследаванні па падборы газаўстойлівых раслін для азелянення тэр.прамысл. прадпрыемстваў пачаліся ў 1970-я г. ў Цэнтр.бат. садзе АН. Для прамысл. і гарадскіх умоў рэкамендавана больш за 150 відаў і сартоў дрэвава-кустовых і кветкава-дэкар. раслін, устойлівых да фітатаксікантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВЕРГЕ́НЦЫЯў мовазнаўстве,
разыходжанне, узаемнае аддаленне роднасных моў або дыялектаў адной мовы (напр., Д. індаеўрапейскіх моў пасля распаду індаеўрап. прамовы; Д. ўсх.-слав. дыялектаў праслав. мовы, што прывяло да фарміравання бел., укр. і рус. моў і інш.). Д. абумоўліваецца самастойнасцю развіцця роднасных этнасаў, што звязана са зменамі сац. умоў іх існавання (міграцыі, перамены ў моўна-этнічным акружэнні пэўнага этнасу, уваходжанне роднасных этнасаў у розныя дзярж. або культ.-рэліг. ўтварэнні і інш.). Д. адбываецца шляхам паступовых змен на ўсіх моўных узроўнях (фанетыка, фаналогія, граматыка, лексіка). Д. і супрацьлеглая ёй канвергенцыя — рознанакіраваныя і ўзаемазвязаныя працэсы, якія вядуць да ўзнікнення новых моў ці моўных саюзаў.
Літ.:
Вайнрайх У. Языковые контакты: Пер. з англ. Киев, 1979;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛО́ГІЯ РЭК, патамалогія,
раздзел гідралогіі сушы, які вывучае заканамернасці фарміравання рэк і працэсы, што ў іх адбываюцца, у цеснай узаемасувязі з фіз.-геагр. ўмовамі і гасп. дзейнасцю чалавека. Уключае гідраграфію рэк, вучэнні аб сцёку і рэчышчавых працэсах. Асн. кірунак — вывучэнне гідралагічнага рэжыму. На Беларусі першыя звесткі па гідралогіі рэк адносяцца да 11—12 ст. Перыядычныя назіранні за крыгаломам і замярзаннем рэк вядуцца з пач. 19 ст. З 1876 вядуцца пастаянныя назіранні за рэжымам рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна і Прыпяць, з 1877 — Нёман, з 1896 — Сож на гідралагічных пастах. Рэгулярнаму вывучэнню гідралогіі рэк спрыялі работы Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот (1873). У 1930 арганізавана гідраметэаралагічная служба Беларусі, з 1931 складаюцца гідралагічныя прагнозы, з 1936 выдаюцца гідралагічныя штогоднікі, з 1940 водны кадастр. Даследаванні вядуцца ў Гідраметцэнтры Беларусі. Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, «Белмеліявадгасе», БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯТЭКТО́НІКА (ад лац. glacies лёд + тэктоніка),
ледавіковая тэктоніка, вывучае геал. структуры і працэсы, якія абумоўлены дзейнасцю ледавікоў. Аб’ектамі гляцыятэктонікі з’яўляюцца гляцыядыслакацыі.
Ідэі аб сувязі некаторых прыпаверхневых структур у зямной кары са зледзяненнямі ўзніклі са станаўленнем у канцы 19 ст. ледавіковай тэорыі і звязаны з даследаваннямі ням. геолага В.Пенка, рус. вучоных А.А.Інастранцава, А.Э.Гедройца і інш.; пазней пытаннямі гляцыятэктонікі займаліся М.І.Крыгер, Ю.А.Лаўрушын, бел. вучоны Г.І.Гарэцкі і інш. Гляцыятэктоніка сфарміравалася на стыку чацвярцічнай геалогіі, геатэктонікі, геамарфалогіі і гляцыялогіі.
На тэр. Беларусі гляцыятэктанічныя структуры (гляцыядыслакацыі) выражаны разнастайнымі формамі. Звесткі пра гляцыятэктоніку выкладзены ў працах Э.А.Ляўкова. Вывучэнне такіх структур і працэсаў, што іх абумовілі, неабходна пры геал. карціраванні чацвярцічных адкладаў, інж.-геал. даследаваннях, пошуках і разведцы радовішчаў карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНЫ ГРУЗ,
наяўнасць у папуляцыі (віду) лятальных і інш. адмоўных мутацый, якія пры пераходзе у гомазіготны стан выклікаюць гібель асобін або зніжэнне іх жыццяздольнасці; у шырокім сэнсе — зніжэнне (сапраўднае або патэнцыяльнае) прыстасаванасці папуляцыі, што ўзнікае пры наяўнасці генетычнай зменлівасці. Тэрмін увёў амер. генетык Г.Мёлер у 1940-я г. Крыніцамі генетычнага грузу служаць мутацыйныя і сегрэгацыйныя працэсы. Адпаведна адрозніваюць мутацыйны, збалансаваны (сегрэгацыйны) і субстытуцыйны (пераходны) генетычны груз. Кожная папуляцыя нясе ў сабе генетычны груз, частка якога адбываецца за кошт паўторнай мутацыі, частка — за кошт эфекту звышдамінавання. У абодвух выпадках гомазіготы (гл.Гомазіготнасць) маюць адмоўнае праяўленне. Аднак паняцце шкоднасці мутацый адноснае, таму што генетычны груз можа адначасова быць і генетычным рэзервам эвалюцыі дзякуючы падтрымцы генетычнай разнастайнасці папуляцый. Вывучэнне генетычнага грузу ў выглядзе шкодных мутацый у чалавека (спадчынныя хваробы) мае важнае значэнне для вырашэння практычных пытанняў мед. генетыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад лац. compensatio ураўнаважванне, замена) у біялогіі, 1) рэакцыя арганізма на парушэнне яго жыццядзейнасці, пры якой здаровыя органы і сістэмы бяруць на сябе функцыю пашкоджаных структур. Напр., замяшчальная гіперфункцыя здаровай ныркі пасля выдалення ці выключэння хворай — вырашальны фактар выдзялення прадуктаў абмену з арганізма; кампенсатарная гіперфункцыя сэрца пры яго пароках ці пры гіпертаніі забяспечвае нармальнае паступленне крыві да тканак. Працяглая замяшчальная гіперфункцыя суправаджаецца гіпертрафіяй органа, які працуе інтэнсіўна, і можа выклікаць яго знясіленне. К. функцый — адзін з механізмаў гамеастазу.
2) Аднаўленне нармальнага развіцця арганізма пасля яго парушэння на адной з папярэдніх стадый. Напр., пры недастатковым харчаванні маладых лічынак насякомых зніжаецца іх рост, што можа кампенсавацца ўзмоцненым харчаваннем і паскарэннем росту на наступных стадыях іх развіцця. К. наз. таксама працэсы ў філагенезе, звязаныя з функцыян. замяшчэннем аднаго органа (яго часткі) інш. органам (яго часткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛО́ГІЯ (ад лац. criminis злачынства + ...логія),
навука пра злачыннасць, яе прычыны, асобу злачынца, шляхі і сродкі папярэджання злачыннасці і перспектывы яе ліквідацыі. Даследуе злачыннасць як сац. з’яву, якая выяўляецца ў грамадска небяспечных паводзінах людзей, што супярэчаць патрабаванням крымін. закону. Вывучае звесткі пра злачыннасць у цэлым і па асобных відах і групах злачынстваў, па асобных крыміналагічных праблемах (напр., злачыннасць непаўналетніх, рэцыдыўная, групавая), а таксама прычыны злачыннасці, г.зн. тыя сац. фактары, з’явы і працэсы, якія ўплываюць на існаванне злачыннасці ў цэлым і на ўчыненне канкрэтных злачынстваў. Разглядае асобу злачынца як сукупнасць сац. і сацыяльна значных уласцівасцей, рысаў, якасцей, сувязей і адносін, што характарызуюць асоб, якія ўчыняюць розныя злачынствы, і нейкім чынам уплываюць на іх паводзіны. Важнае месца ў К. займае праблема папярэджання злачынстваў — аднаго з гал. кірункаў барацьбы са злачыннасцю ў сучасным дэмакр. грамадстве.