ГІ́ДРЫЯ (грэч. hydria ад hydōr вада),

старажытнагрэчаская пасудзіна для вады, найчасцей керамічная. Падобная на амфару, але з моцна расшыраным уверсе тулавам, больш вузкім і высокім горлам. Мела 2 гарызантальныя па баках і 1 вертыкальную ручкі. Сценкі гідрыі часта ўпрыгожвалі размалёўкай.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНО́МАН (грэч. gnōmon),

старажытны астранамічны інструмент, які складаецца з верт. стрыжня, пастаўленага на гарыз. пляцоўку. Па даўжыні і напрамку ценю стрыжня можна вызначыць вышыню і азімут Сонца, напрамак паўдзённай лініі і інш. астранамічныя даныя. Выкарыстоўваецца ў выглядзе сонечных гадзіннікаў.

Гноман.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯТАМІ́Я (ад карыя...+ грэч. tome адсячэнне),

ядзерная фрагментацыя, няправільнае дзяленне клетачнага ядра на 2 і болей ч. аднолькавай ці рознай велічыні, якое не суправаджаецца падзелам храмасом і ўтварэннем верацяна дзялення. Напр., амітозы ў высокадыферэнцыраваных і старых тканках (без наяўнасці дэфектных анафаз).

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕПТАМА́НІЯ (ад грэч. kleptō краду + манія),

хваравітая цяга да крадзяжоў без матэрыяльнай выгады і патрэбы; сімптом псіхічнага расстройства. Бывае (вельмі рэдка) у людзей, якія перанеслі хваробы ц. н. с. (энцэфаліт, прагрэсіруючы параліч, шызафрэнію і інш.). Пазбаўленне ад К. — лячэнне асн. хваробы.

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ТЫКА (ад грэч. kritikē майстэрства разбіраць, судзіць),

1) абмеркаванне, разбор каго-н. ці чаго-н. з мэтай ацаніць вартасць, выявіць і выправіць недахопы. Напр., Літаратурная крытыка, Тэатральная крытыка.

2) Даследаванне, навук. праверка правільнасці, дакладнасці чаго-н. Напр., К. гіст. крыніц.

т. 8, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛО́ДЫКА (ад грэч. melōdikos меладычны, песенны),

1) сукупнасць меладычных з’яў, уласцівасцей і заканамернасцей, характэрных для пэўнага гіст. пласта нар. муз. творчасці або фалькл. жанру, стылю, эпохі, кірунку, кампазітарскай шкоды, творчасці пэўнага кампазітара і нават асобнага твора.

2) Вучэнне пра мелодыю.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...МЕТР (ад грэч. metron мера, metreō вымяраю), другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае прыладу, прыбор для вымярэння таго, што паказана ў першай частцы слова (напр., барометр, тэрмометр), а таксама долевую ці кратную адзінку даўжыні ў метрычнай сістэме (напр., кіламетр, мікраметр).

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНА... (ад грэч. nanos карлік), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10​−9 зыходным адзінкам. Пазначаецца н. Напр., 1 нг (нанаграм) = 10​−9 г, 1 нКл (нанакулон) = 10​−9 Кл. Да 1967 прыстаўку Н. называлі мілімікра... і пазначалі ммк.

т. 11, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНАКАТЭ́КА (грэч. pinakothēkē ад pinax дошка, карціна + theke сховішча),

сховішча жывапісу, карцінная галерэя. Тэрмін паходзіць ад назвы сховішча жывапісу на Акропалі ў Афінах (5 ст. да н.э.). У наш час П. называюць некат. зах.-еўрап. музеі (напр., Старая П. ў Мюнхене).

т. 12, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАЛІ́Т (ад піра... + грэч. lithos камень),

гіпатэтычнае рэчыва, з якога складаецца верхняя мантыя (гл. Мантыя Зямлі). Паводле хім. саставу адпавядае ​1/4 базальту і ​3/4 перыдатыту. Мяркуецца, што з П. ўтвараецца базальтавая магма і астаткавыя прадукты — дуніт і перыдатыт.

т. 12, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)