падняво́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Залежны, падначалены; прыгнечаны. [Маці] вяла.. [Яна] за руку ў царкву і там вучыла кланяцца багам, вучыла быць паднявольным. Пестрак. Там продкі паднявольнай талакой На берагах адбудавалі горад. Хведаровіч.

2. Які адбываецца не па сваёй волі, прымусовы. Дакастрычніцкая творчасць Янкі Купалы — гэта бадай поўны звод паэтычных звестак аб паднявольным жыцці беларускага селяніна. Лужанін. Бярэзінская водная сістэма была створана паднявольнай працай беларускіх прыгонных сялян у 1798–1805 гадах. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пако́ра, ‑ы, ж.

1. Поўнае падпарадкаванне, пакорнасць. [Мамка:] — Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім оісорсткая. Хай пакора, хай нават рабства. Караткевіч. Маці мела вялікі ўплыў на дачку, выхаваную ў сляпой пакоры царкве і матчынай волі. Лынькоў.

2. Паслушэнства, пакорлівае прыняцце лёсу. Чалавек у пакоры схіліў галаву на правае плячо і падвёў вочы пад лоб. Пестрак. Не хрысціянская пакора і слухмянасць, а воля да жыцця і барацьбы кіруюць чалавекам. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і прагны. Саўка неспакойнымі прагавітымі вачамі акінуў стол і закуску на ім. Колас. Смалякоў тым часам схапіўся за флягу, паднёс яе да губ, дрыжачых, пасінелых, зрабіў некалькі прагавітых глыткоў. Чыгрынаў. Асабліва нясцерпнай была туга вечарамі, калі з таго боку астрога, дзе сядзелі крымінальнікі, у камеру даляталі песні. Нудныя, поўныя жалю, прагавітага жадання волі. Машара. Такі прагавіты і скнарлівы чалавек [Аляксей Гусак], што аж дзіва. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уплы́ў, уплыву, м.

1. Уздзеянне на каго‑, што‑н. Рабіць уплыў на што‑н. Пад чужым уплывам. Уплыў камсамольцаў на беспартыйную моладзь. □ Маці мела вялікі ўплыў на дачку, выхаваную ў сляпой пакоры царкве і матчынай волі. Лынькоў. Пад уплывам прыроды самы пануры і маўклівы чалавек змяняецца — мякчэе, робіцца весялейшым і нават гаваркім. Ляўданскі.

2. Сіла аўтарытэту, улады. [Грыша:] — Вось дзе трэба наша прапаганда.. Трэба ўвесь раён пад свой уплыў узяць! Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фрагме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Асобная частка, урывак якога‑н. кампазіцыйнага цэлага (звычайна пра творы мастацтва). Фрагменты насценных роспісаў. □ Відны [на карціне] фрагменты драўлянай сядзібы і карчмы з заезным дваром за масіўнай сцяной. «Помнікі». Пейзажныя фрагменты ў вершах Танка перыяду «Нашай волі» падпарадкаваны грамадскай тэме. У. Калеснік. У старадаўняй Русі летапісы.. вяліся ва ўсіх колькі-небудзь значных гарадах, але ад Полацкага летапісання.. асталося толькі некалькі фрагментаў у складзе Іпатаўскага летапісу. «Полымя».

[Ад лац. fragmentum — абломак, кавалак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сатэлі́т

(лац. satelles, -litis = спадарожнік, паплечнік)

1) спадарожнік планеты (напр. Месяц — с. Зямлі);

2) шасцярня ў механізме, якая круціцца разам з воссю вакол цэнтральнага кола накшталт спадарожніка планеты;

3) дзяржава, фармальна незалежная, а фактычна падпарадкаваная іншай, больш моцнай дзяржаве;

4) перан. паслугач, выканаўца чужой волі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДААСІ́ЗМ,

1) адна з асн. плыней кіт. філасофіі. Заснавальнікам лічыцца стараж.-кіт. філосаф Лао-цзы (6—5 ст. да н.э.), асн. ідэі якога выкладзены ў кн. «Дао дэ цзін». Даасізм — разнавіднасць наіўнага матэрыялізму стараж. кітайцаў з элементамі прымітыўнай дыялектыкі. Пастуліруецца існаванне аб’ектыўнага, незалежнага ад волі нябеснага ўладыкі, прыроднага і адначасова сац.-маральнага пачатку — дао, які ўвасабляе законы неба, прыроды, грамадства і азначае вышэйшую дабрачыннасць і справядлівасць. Усе рэчы ўзнікаюць і развіваюцца па ўласным прыродным шляху. Чалавек павінен прытрымлівацца дао і не ствараць штучных перашкод. Усе грамадскія ўстановы, у т. л. дзяржава, недахопы грамадства (несправядлівасць, няроўнасць і інш.) лічацца адхіленнямі ад сапраўднага дао. Сац. ідэал даасізму — адмова ад цывілізацыі і культуры, вяртанне да першабытнай натуральнасці. Рэзка крытыкуюцца насілле і войны. Прыхільнікі даасізму і яго папулярызатары Чжуанцзы, Ян Чжу, Інь Вэнь (4—3 ст. да н.э.).

2) Адна з кіт. рэлігій. Узнікла ў 2 ст. да н.э. У пач. 5 ст. распрацавана тэалогія і рытуал, у эпоху дынастыі Тан (да 10 ст.) даасізм карыстаўся асаблівай апекай дзярж. улады. Захаваўся да сярэдзіны 20 ст. як сінкрэтычная нар. рэлігія, што спалучала элементы канфуцыянства і будызму. Асн. мэта паслядоўнікаў даасізму — дасягненне даўгалецця. Даоскія магі, лекары, якія шукалі эліксіры бяссмерця, садзейнічалі развіццю кіт. алхіміі.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць юрыд. нормаў, якія вызначаюць парадак выбараў кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў дзярж. улады, а таксама права грамадзян выбіраць (актыўнае выбарчае права) і быць выбранымі (пасіўнае выбарчае права). З’яўляецца найважнейшай часткай выбарчай сістэмы і звычайна рэгламентуецца Канстытуцыяй дзяржавы і спец. законамі аб выбарах. Вызначае парадак вылучэння кандыдатаў, нормы прадстаўніцтва, парадак падвядзення вынікаў галасавання і інш. Выбары звычайна з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў іх і за каго галасаваць. У некаторых замежных краінах галасаванне на выбарах з’яўляецца грамадз. абавязкам, невыкананне якога цягне за сабой адказнасць (гл. Абсентэізм).

Крыніцамі выбарчага права Рэспублікі Беларусь акрамя Канстытуцыі з’яўляюцца законы аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у прадстаўнічыя органы розных узроўняў і інш. Забараняюцца якія-небудзь прамыя або ўскосныя абмежаванні выбарчага права грамадзян Беларусі ў залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў. Асобы, якія перашкаджаюць грамадзянам свабодна ажыццяўляць выбарчае права, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзел таксама асобы, якія ў парадку, устаноўленым крымін.-працэсуальным заканадаўствам, утрымліваюцца пад вартай.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІ́Н Іван Аляксандравіч (28.3.1882, Масква — 21.12.1954),

рускі філосаф, тэарэтык і гісторык рэлігіі і культуры, прадстаўнік неагегельянства. Скончыў юрыд. і гіст.-філал. ф-ты Маскоўскага ун-та. Прыват-дацэнт (з 1912), праф. (з 1918) Маскоўскага ун-та. З 1922 у эміграцыі. Да 1934 жыў і выкладаў у Берліне, з 1938 — у Швейцарыі. Даследаваў стараж.-грэч. і класічную ням. філасофію. Аўтар найб. значнай у гісторыі рус. ідэалізму працы пра Г.​Гегеля («Філасофія Гегеля як вучэнне пра канкрэтнасць Бога і чалавека», т. 1—2, 1918, ням. пер. 1946). Філас. сістэму Гегеля інтэрпрэтаваў у выглядзе своеасаблівага вопыту рэліг. спасціжэння свету. Цэнтр. для І. былі праблемы Расіі (развіваў ідэю цэласнасці і непадзельнасці), маральнага станаўлення чалавека. Лічыў, што абнаўленне чалавека трэба пачынаць з абнаўлення яго душы і волі. Быў прыхільнікам самадзяржаўнай манархіі і прыватнай уласнасці. Камунізм лічыў ненатуральнай сац. з’явай. Неаднаразова папярэджваў суайчыннікаў аб магчымых «узрушэннях» рус. дзяржавы, звязаных са спробамі яе насільнага раздзялення.

Тв.:

Наши задачи: Ист. судьба и будущее России: Статьи, 1948—1954 гг. Т. 1—2. М., 1992;

Путь к очевидности. М., 1993;

Философия Гегеля как учение о конкретности Бога и человека. Т. 1—2. СПб., 1994.

Літ.:

Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 2. Ч. 2. С. 129—133.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТАРГА (ад познагрэч. katergon галера),

асобы від пакарання за крымін. і паліт. злачынствы, што спалучаў пазбаўленне волі з асоба строгім рэжымам, у т. л. закоўванне ў кайданы і цялесныя пакаранні, і прыцягненнем зняволеных да цяжкай фіз. працы. Узнікла ў сярэднія вякі ў шэрагу еўрап. краін спачатку як адпраўка засуджаных грабцамі на галеры (адсюль назва), потым з’явіліся спец. катаржныя турмы. У Расіі вядома з пач. 18 ст.; з канца 18 ст. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на К. пачалі ссылаць дзярж. злачынцаў і з Беларусі. Праца катаржан у Расіі выкарыстоўвалася пры буд-ве крэпасцей, марскіх партоў, караблёў, дарог і на рудніках; гал. месцамі адбыцця К. былі Нерчынскія руднікі і в-аў Сахалін. На тэр. Беларусі з 1820-х г. існавала катаржная турма ў Бабруйскай крэпасці. У 18 ст. сярод катаржан былі ўдзельнікі Пугачоўскага паўстання, у 19 ст. — дзекабрысты, петрашэўцы, удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, пазней удзельнікі народніцкага руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі ўзнікла сістэма цэнтр. катаржных турмаў, сярод якіх найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных вызначаліся Арлоўскі і Аляксандраўскі «цэнтралы», Акатуйская турма; значную колькасць катаржан разам з рэвалюцыйна настроенымі інтэлігентамі складалі рабочыя, сяляне і салдаты — удзельнікі масавых рэв. выступленняў, у т. л. рэвалюцыі 1905—07. Ліквідавана у Расіі ў сак. 1917.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)