буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.
У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс.чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак.К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам ўлады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак.ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.
Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.
У Беларусі, як і ўсюды ў б.Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай ўласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел.нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел.нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.
Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым ўрадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных ўдзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.
Кр.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954; Отречение Николая П: Воспоминания очевидцев, док.: Репр. 2 изд. 1927 г.М., 1990; Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.
Літ.:
Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;
Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;
Ленін У.І. Тв.Т. 1-45. Мн., 1948—74;
Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;
Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.
І.М.Ігнаценка.
Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
узброенае звяржэнне Часовага ўрада і прыход да ўлады ў Расіі партыі бальшавікоў. У выніку К.р. 1917 устаноўлена савецкая ўлада, пачалася ліквідацыя капіталізму і пераход да сацыялізму. Марудлівасць і непаслядоўнасць дзеянняў Часовага ўрада пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у вырашэнні рабочага, агр. і нац. пытанняў, няўдачы ў 1-й сусв. вайне прывялі да паглыблення агульнанац. крызісу і стварылі перадумовы для ўзмацнення партый рэв. дэмакратыі ў цэнтры і нац. партый на ўскраінах Рас. імперыі. Найб. энергічна дзейнічалі бальшавікі, якія абвясцілі курс на сацыяліст. рэвалюцыю. Шляхі барацьбы за пераход ад бурж.-дэмакр. рэвалюцыі да сацыялістычнай былі распрацаваны У.І.Леніным у «Красавіцкіх тэзісах» і адобраны VII Усерас. (Красавіцкай) канферэнцыяй РСДРП [24—29.4(7—12.5).1917], якая пацвердзіла лінію на сацыяліст. рэвалюцыю, мірны пераход улады ў рукі Саветаў, сфармулявала эканам. праграму пераўтварэнняў у Расіі: рабочы кантроль за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі, аб’яднанне ўсіх банкаў у адзін агульнанац. і ўстанаўленне над ім кантролю з боку Саветаў, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсёй зямлі ў краіне. У нац. пытанні канферэнцыя прызнала за кожнай нацыяй права на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння самаст. дзяржавы. Красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы выявілі няздольнасць Часовага ўрада вырашаць супярэчнасці, што існавалі ў краіне. 20—21 крас. (3—4 мая) рабочыя і салдаты Петраграда (каля 100 тыс.чал.) і інш. гарадоў правялі дэманстрацыі з антыўрадавымі лозунгамі. Паліт. сітуацыя ў краіне няспынна абвастралася. 18.6.(1.7).1917 каля 500 тыс. рабочых і салдат Петраграда зноў выйшлі на дэманстрацыю пад заклікамі «Уся ўлада Саветам». 2(15) ліп. ў Петраградзе стыхійна пачалася дэманстрацыя рабочых і салдат, якая па загаду Часовага ўрада была расстраляна. Кіраўніцтва бальшавікоў вымушана было пайсці ў падполле. Гэта істотна змяняла паліт. становішча, мірны перыяд рэвалюцыі скончыўся.
Зыходзячы з росту радыкальных настрояў сярод шырокіх пластоў насельніцтва, Ленін абгрунтаваў курс на ўзбр. паўстанне, як адзіны сродак заваёвы ўлады. Гэты курс адобрыў VI з’езд партыі бальшавікоў [26.7(8.8)—3(16).8.1917]. Абапіраючыся на рашэнні з’езда, бальшавікі актывізавалі сваю паліт. дзейнасць. Прыхільнікі «парадку» схіляліся да ўстанаўлення ваен. дыктатуры ў краіне. Стаўка была зроблена на Вярх. галоўнакамандуючага ген. Л.Г.Карнілава. Актыўны ўдзел у ліквідацыі Карнілава мяцяжу спрыяў росту ўплыву бальшавікоў. У жн.—кастр. 1917 колькасць членаў РСДРП павялічылася амаль ў 1,5 раза і дасягнула 350 тыс.чал. Да канца жн. — пач. верасня бальшавікі заваявалі большасць у Саветах Петраграда і Масквы і пачалі падрыхтоўку ўзбр. паўстання, прымеркаваўшы яго да адкрыцця Другога Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 21 і 22 кастр. (3—4 ліст.). Петраградскі Ваенна-рэв.к-т [створаны 12(25).10.1917] узяў на сябе кіраўніцтва гарнізонам, замяніў камісараў, прызначаных Часовым урадам. 23 кастр. (5 ліст.) на бок бальшавікоў перайшоў гарнізон Петрапаўлаўскай крэпасці. У гэты ж дзень ЦКРСДРП(б) пасля даклада Леніна прыняў рэзалюцыю, якая прызнала паўстанне наспелым і непазбежным і прапанавала ўсім парт. арг-цыям кіравацца гэтым рашэннем. У ноч на 25 кастр. (7 ліст.) 1917 бальшавікі пачалі ўзбр. паўстанне, занялі асн. лініі сувязі ў сталіцы, адрэзалі ўрад ад краіны, а ў ноч на 26 кастр. (8 ліст.) узялі Зімні палац, дзе засядаў урад, і арыштавалі яго членаў. Раніцай бальшавікі перадалі захопленую ўладу II Усерас. з’езду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў — органу нар. прадстаўніцтва, які абвясціў аб пераходзе ўлады ва ўсёй краіне да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Партыі меньшавікоў-інтэрнацыяналістаў, Бунд, эсэраў (за выключэннем левых), асудзілі «ваенную змову» бальшавікоў і пакінулі з’езд. З’езд прыняў дэкрэты аб міры, аб зямлі, сфарміраваў урад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з Леніным, выбраў заканадаўчы, распарадчы і кантралюючы орган улады — Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ВЦВК). У яго склад увайшлі 62 бальшавікі, 29 левых эсэраў і прадстаўнікі інш. партый. Гэта азначала, што бальшавікі не адмаўлялі магчымасці супрацоўніцтва з рэв.-дэмакр. партыямі. Новы ўрад абяцаў склікаць у ліст. 1917 Устаноўчы сход. Пасля падаўлення ў Петраградзе і Маскве супраціўлення сіл, верных Часоваму ўраду, бальшавікі хутка ўстанавілі кантроль над асн.прамысл. цэнтрамі Расіі. Гал.паліт. праціўнік бальшавікоў — партыя кадэтаў (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя), была аб’яўлена па-за законам, арыштаваны шэраг яе лідэраў, забаронены апазіц. друк. Нягледзячы на гэта, на выбарах ва Устаноўчы сход [12(25).11.1917] бальшавікі атрымалі толькі каля 25% галасоў выбаршчыкаў. 5(18).1.1918 Устаноўчы сход, які адмовіўся прызнаць уладу Саветаў, разагнаны бальшавікамі. Гэта прывяло да далейшага расколу краіны. Пачалася Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.
Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе прадвызначыла зыход барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. 25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і яго ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, які абвясціў сябе ўладай на тэр. Беларусі і Зах. фронце. У адказ прыхільнікі Часовага ўрада стварылі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада. Загадам ВРК 4(17).11.1917 К-т распушчаны. У ноч на 19 ліст. (3 снеж.) пад націскам рэв. салдат і рабочых Магілёва Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі прадстаўнікі эсэраў, меншавікоў і Бунда, прызнаў уладу ў Петраградзе, стварыў Ваенна-рэв.к-т. У тую ж ноч разгромлена стаўка Вярх. галоўнакамандуючага. На працягу 3 тыдняў [да 20.11(3.12).1917] на неакупіраванай тэр. Беларусі закончыўся пераход улады да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, створаны органы сав. улады. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, III з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., II з’езд армій Зах. фронту выбралі выканкомы і Франтавы к-т, якія 26.11(9.12).1917 аб’ядналіся і на іх аснове разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў выбраны вышэйшы орган улады Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) і створаны выканаўчы орган Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Гэтым жа рашэннем быў зацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Заходняй вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады ў Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Адначасова з фарміраваннем новых органаў улады расфарміроўваліся старыя органы кіравання — земскія ўправы, гар. думы і г.д. Ажыццяўлялася нацыяналізацыя прам-сці, уводзіўся 8-гадз. рабочы дзень, праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, фабрычна-заводскія к-ты і прафсаюзы ўстанаўлівалі рабочы кантроль над вытв-сцю. Паліт. сітуацыя ў Беларусі ўскладнялася нявырашанасцю нац. пытання. Кіраўніцтва Паўн.-Зах.абл.к-таРСДРП(б) адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці, што выявілася ў разгоне 18(31).12.1917 Усебеларускага з’езда, які не прызнаў сав. ўладу.
Існуе шырокі спектр ацэнак К.р. 1917: ад сцвярджэння аб тым, што рэвалюцыя была спробай стварэння сацыялізму, як дэмакр. ладу сац. справядлівасці да нац. катастрофы, якая прывяла да значных ахвяр і ўсталявання таталітарнай сістэмы.
Кр.: Великая Октябрьская социалистическая революция: Сб. док. и материалов. Кн. [1—10]. М., 1957—63; Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957; Декреты Советской власти. Т. 1—13. М., 1957—89; Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. Т. 4. Мн., 1954.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918 гг.). Мн., 1962;
Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;
Керенский А.Ф. Россия на историческом повороте: Мемуары: Пер. с англ.М., 1993;
Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;
Ленин В.И. О Великой Октябрьской социалистической революции. 4 изд. М. 1987;
Яго ж. О социалистической революции. Т 1—2. 2 изд. М., 1987;
Минц И.И. История Великого Октября. Т. 1—3. М., 1977—79;
Милюков П.Н. Воспоминания. М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Саладков И.И. Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917 — февраль 1918). Мн., 1957;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1—3. М., 1991—92;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Яго ж. Уроки Октября. СПб., 1991;
Верт Н. История советского государства, 1900—1991: Пер. с фр. 2 изд. М., 1995;
Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ.М., 1990;
Слассер Р. Сталин в 1917 г.: Человек, оставшийся вне революции: Пер. с англ.М., 1989;
Пайпс Р. Русская революция: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1994.
Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Адозва ВРК пры Петраградскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 25.10.1917.Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Чырвонагвардзейцы трамвайнага парка ў Замаскварэччы. Масква. Кастрычнік 1917.Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Салдацкі мітынг на Заходнім фронце ў кастрычніцкія дні 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПР (грэч. Kypros, тур. Kibris),
Рэспубліка Кіпр (грэч. Kypriakē Dēmokratia, тур. Kibris Cumhuriyeti), дзяржава ў Зах. Азіі на аднайм. востраве ва ўсх.ч. Міжземнага м.Пл. 9251 км². Нас. 752,8 тыс.чал. (1997), у т. л. ў тур. частцы на Пн вострава каля 180 тыс.чал. (разам з 80 тыс. перасяленцамі з Турцыі). Дзярж. мовы — грэч. і турэцкая. Сталіца — г.Нікасія Падзяляецца на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.). Паўн.ч. вострава (3355 км²) кантралюецца Турцыяй. На Пд вострава пад суверэнітэтам Вялікабрытаніі 2 ваен. базы пл. 280 км².
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1960. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Пасаду прэзідэнта займае прадстаўнік грэчаскай, віцэ-прэзідэнта — прадстаўнік турэцкай часткі насельніцтва. Прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт ствараюць урад, падсправаздачны ім. Вышэйшы орган заканад. улады — Палата прадстаўнікоў, якую выбірае насельніцтва на 5 гадоў (у яе складзе 70% прадстаўнікоў ад грэкаў і 30% — ад туркаў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, віцэ-прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Уздоўж вострава цягнуцца 2 горныя ланцугі: паўночны — горы Кірэнія (да 1023 м) і Карпас, паўднёвы — горы Траодас (да 1951 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна. З карысных выкапняў ёсць медныя і жал. руды, азбест, буд. матэрыялы і інш. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэднія т-ры на раўніне і ўзбярэжжах у лют. каля 12 °C, у жн. да 28 °C. Ападкаў да 600 мм на ўзбярэжжах, да 1000—1300 мм у гарах (выпадаюць пераважна зімой). Рэчышчы запаўняюцца вадой толькі пасля зімовых дажджоў. Расліннасць: да выш. 500 м вечназялёныя хмызнякі (маквіс, фрыгана), вышэй — лясы (займаюць 18% тэрыторыі) з дубу, кіпарысу, алепскай хвоі. Некалькі рэзерватаў і ахоўных тэрыторый.
Насельніцтва 78% складаюць грэкі, 18% — туркі. Жывуць таксама армяне, арабы і інш. Вернікі — праваслаўныя (грэкі) і мусульмане (туркі). Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 81 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы. У гарадах 55% насельніцтва (1997). У г. Нікасія 186,4 тыс.ж. (1994). Значныя гарады — Лімасол (больш за 100 тыс.ж.), Фамагуста, Ларнака. У прам-сці занята 26% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 12,5, у абслуговых галінах — 61,5%.
Гісторыя. На тэр. К. выяўлены рэшткі неалітычных пасяленняў (6-е тыс. да н.э.). У канцы 15—11 ст. да н.э. востраў каланізаваны ахейцамі, у 9 ст. да н.э. — фінікійцамі; быў адным з цэнтраў мікенскай культуры. У канцы 8 ст. да н.э. падпарадкаваны Асірыяй, каля 560 да н.э. Егіптам, у сярэдзіне 6 ст. — дзяржавай Ахеменідаў. У 333—323 да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага, у 294—58 — дзяржавы Пталамеяў, у 58 да н.э. заваяваны Стараж. Рымам У канцы 4 ст.н.э. адышоў да Візантыі, у 648 заваяваны арабамі, у 965 — Візантыяй. У 1191 востраў захапілі крыжакі і стварылі Кіпрскае каралеўства, якім у 1192—1297 валодала дынастыя Лузіньянаў, потым Антыёхаў-Лузіньянаў. З 1485 К. належаў Венецыі, у 1571 заваяваны Асманскай імперыяй. У 19 ст. тут зарадзіўся рух грэкаў-кіпрыётаў за аб’яднанне К. з Грэцыяй (энозіс). У час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 туркі абвінавацілі правасл. духавенства ў падтрымцы паўстанцаў і арганізавалі разню хрысц. насельніцтва ў г. Нікасія, канфіскавалі ўласнасць манастыроў. У 1878 Вялікабрытанія на падставе падпісанай з Турцыяй сакрэтнай канвенцыі акупіравала К., а ў пач. 1-й сусв. вайны (1914) анексіравала яго, што паводле Лазанскага дагавора 1923 прызнана Турцыяй. У 1925 К. атрымаў статус брыт калоніі. У 1930-я г. тут адбываліся антыбрыт хваляванні, папулярнасць набыла ідэя ўз’яднання К. з Грэцыяй У 1950 архіепіскап Макарыяс III стаў кіраўніком кіпрскай правасл. царквы і ўзначаліў рух за энозіс. У 1955 створана Кіпрская арг-цыянац. вызвалення (ЭОКА), мэтай якой была ўзбр. барацьба за вызваленне К. з-пад брыт. улады і далучэнне да Грэцыі. У сваёй дзейнасці яна выкарыстоўвала тэрарыст. метады, што прывяло да ўвядзення на К. надзвычайнага становішча. Адначасова абвастрыўся канфлікт паміж грэч. і тур. абшчынамі вострава, у якім актыўна ўдзельнічалі Грэцыя і Турцыя. Барацьба кіпрыётаў завяршылася падпісаннем Цюрыхска-Лонданскіх пагадненняў 1959, якія прадугледжвалі прадастаўленне дзярж. незалежнасці К., вызначылі асновы яго дзярж. ладу, але абмежавалі суверэнітэт: Грэцыя і Турцыя атрымалі права трымаць на востраве свае войскі, Вялікабрытанія — 2 вайск. базы.
16.8.1960 К. абвешчаны незалежнай рэспублікай. Першым прэзідэнтам абраны архіепіскап Макарыяс III, віцэ-прэзідэнтам — прадстаўнік тур. абшчыны Ф.Кучук. Канстытуцыя 1960 вызначыла прынцыпы сумеснага пражывання на востраве грэч. і тур. абшчын, але ў 1963 паміж імі пачаліся адкрытыя сутычкі. У 1964 ААН увяла на К. свае войскі. З вяртаннем у 1971 на востраў лідэра ЭОКА ген. Г.Грываса ўзмацніўся паліт. націск грэч. ўрада з мэтай далучэння К. да Грэцыі. У 1974 адбылася спроба дзярж. перавароту, падтрыманага грэч.ваен. хунтай. У адказ Турцыя пад выглядам аднаўлення канстытуцыйнага ладу і абароны туркаў-кіпрыётаў увяла на востраў свае войскі, акупіравала 37% яго тэр.. што прывяло да фактычнага расколу К. на 2 адасобленыя часткі. У 1975 на акупіраванай Турцыяй тэр. абвешчана Федэратыўная тур. дзяржава Рэспубліка К. У 1977 прэзідэнтам К. абраны С.Кіпрыяну. У 1983 ААН заклікала Турцыю вывесці свае войскі з К. У адказ тур. бок ператварыў акупіраваную частку К. ў Тур. рэспубліку Паўночнага К. на чале з прэзідэнтам Р.Дэнкташам. Абвяшчэнне сепаратысцкай дзяржавы туркаў-кіпрыётаў асудзіў Савет Бяспекі ААН. У 1984 туркі-кіпрыёты ўвялі ўласную валюту і пашпарты. Прэзідэнт Рэспублікі К. з 1993 Г.Клірыдыс. К. — чл.ААН (з 1960), Садружнасці (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 9.4.1992. Дзейнічаюць партыі: Дэмакр. збор, Партыя лібералаў, Прагрэс. партыя працоўнага народа К., Дэмакр. партыя, Адзіныдэмакр. саюз цэнтра і інш.
Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна з моцна развітой сферай міжнар. турызму і адпачынку. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7,8 млрд.дол., больш за 10 тыс.дол. на 1 чал. Палітыка кіраўніцтва краіны накіравана на ператварэнне К. ў гандл., фін. і турыстычны цэнтр Усх. Міжземнамор’я з прыцягненнем замежных капіталаўкладанняў. Апрацоўчая прам-сць дае каля 17% даходаў, сельская гаспадарка — каля 8, сфера паслуг (у т. л. замежны турызм) — каля 47%. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча медных, жал. і хромавых руд, азбесту, кухоннай солі, гіпсу, вохры, мармуру. Вытв-сць электраэнергіі 2,6 млрд.кВт∙гадз (1995). ЦЭС працуюць на імпартнай нафце. Развіта харчасмакавая (віны, аліўкавы алей, кансерваваныя фрукты, агародніна, тытунёвыя вырабы) і лёгкая (тэкст., швейная, дрэваапр., парфумерная, гарбарна-абутковая) прам-сць. Асобныя прадпрыемствы машынабудавання. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, хімікатаў. У г. Ларнака нафтаперапр.з-д. У г. Лімасол выраб він і каньякоў. Саматужна-рамесніцкія промыслы (кераміка, метызы), вытв-сць сувеніраў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 600 тыс.га зямель, у т. л. пад ворывам каля 350 тыс.га (каля 100 тыс.га арашаецца). Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (2/3 пасяўных зямель). Існуюць збытавыя, крэдытныя і спажывецкія кааператывы. Некаторыя з іх маюць невял. прамысл. прадпрыемствы. На свае патрэбы вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, авёс), бабовыя, агародніну. Экспартныя культуры: цытрусавыя (апельсіны, лімоны, грэйпфруты), вінаград, ранняя бульба. Тэхн. культуры: тытунь, бавоўна, лён. Садоўніцтва: вырошчваюць яблыкі, грушы, міндаль, персікі, грэцкія арэхі, ражкі (плады ражковага дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба (авечкі, козы, свінні). Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Марскія промыслы. Пчалярства і шаўкаводства. Вял. роля ў эканоміцы належыць замежнаму турызму і адпачынку. К. прываблівае турыстаў мяккім кліматам, выдатнымі пляжамі, цёплым морам, горнымі курортамі, шматлікімі помнікамі гісторыі і культуры, развітой сеткай пансіянатаў і атэляў. Штогод краіну наведвае каля 2,5 млн. замежных грамадзян. У 1994 замежны турызм і адпачынак прынеслі краіне 1,7 млрд.дол. даходу. Найб. турыстаў бывае з Вялікабрытаніі, Германіі, рэспублік б.СССР, арабскіх краін. На К. дзейнічаюць 17 тыс. афшорных кампаній, якія карыстаюцца падатковымі льготамі і прыносяць краіне штогадовы даход каля 200 млн. долараў. Транспарт аўтамабільны, марскі, паветраны. Працягласць аўтадарог каля 12 тыс.км. У краіне 220 тыс. легкавых аўтамабіляў, 104 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). К. належыць да краін адкрытай рэгістрацыі марскога флоту. Замежным мараходным кампаніям выгадна рэгістраваць свае судны ў К. (абкладаюцца нізкім падаткам), таму фармальна К. мае гандл. флот у 18 млн. рэг. т. Гал. парты: Ларнака, Фамагуста, Лімасол. К. — вузел міжнар.авіяц. шляхоў. У міжнар. аэрапорце Ларнака перакрыжоўваюцца паветр. лініі, якія злучаюць блізкаўсх., паўн.-афр. і еўрап. краіны. У 1995 экспарт склаў 1,23 млрд.дол., імпарт — 3,69 млрд. долараў. К. экспартуе цытрусавыя, прадукцыю вінаробства, горназдабыўной і лёгкай прам-сці; імпартуе нафтапрадукты, спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Расія, Італія, Японія, Ліван. Грашовая адзінка — кіпрскі фунт. Для тур. часткі вострава характэрна скарачэнне прамысл. вытв-сці і аб’ёмаў капіталаўкладанняў, рост бюджэтнага дэфіцыту. Асн. ролю ў эканоміцы адыгрывае сфера паслуг — 70% ВУП, доля сельскай гаспадаркі складае 7,5, прам-сці — 13,5, турызму — 5%. Узровень жыцця значна ніжэйшы, чым на Пд. У 1984 тур. ліра аб’яўлена афіц. грашовай адзінкай на тур.ч. вострава.
Літ.:
Шпаро О.Б. Захват Кипра Англией. М., 1974;
Анисимов Л.Н. Проблема Кипра: Ист. и междунар.-правовой аспекты. М., 1986.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Кіпра.Да арт.Кіпр. Ландшафт у цэнтральнай частцы вострава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шлях, ‑у, м.
1. Шырокая, прыстасаваная для руху транспарту дарога. За дзесяць кіламетраў праходзіў вялікі шлях, на якім мала калі заціхаў рух машын і людзей.Чорны.— Праедзеш палявою дарогаю, а там выедзеш на шлях.Скрыган.Ранкам чутны на марозе Гул матораў, скрып палоззяў, — Шлях ажно гудзе.Кірэенка.// Дарога наогул. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле.Навуменка.Пругка ступае на цвёрды, убіты шлях нага, спружыніцца роўны крок.Мурашка.// Прастора, па якой адбываецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н. Паветраны шлях. Чыгуначны шлях. □ Бяжыць вада каналамі, — Вялікі волжскі шлях...Колас.Па гэтаму воднаму шляху лес з паўночнай лясістай часткі былой Мінскай губерні сплаўляўся ў Рыгу.В. Вольскі.// Адлегласць, якую трэба прайсці, праехаць, пэўная колькасць пройдзенага, праеханага. Прайсці немалы шлях.
2. Месца для праходу, праезду і пад. Высокая плаціна ўжо перагарадзіла шлях вадзе.Шамякін.Ім [юнаку і дзяўчыне] значылі шлях маякі, запаленыя Міканорам Іванавічам.Даніленка.Перагароджваючы.. [Марыльцы] шлях, па вуліцы прайшла адна, другая, трэцяя машына.Брыль.//перан. Доступ куды‑н., магчымасць глыбей пранікнуць куды‑н. Клімава-камісар шукае шлях да сэрца Аляксея ў сяброўскай гутарцы.«Маладосць».
3.перан. Вялікі перыяд, этап развіцця каго‑, чаго‑н. [Мірон:] — Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі...Маўр.
4.толькімн. (шляхі́, ‑о́ў). Орган у выглядзе каналаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць арганізма. Дыхальныя шляхі. Выдзяляльныя шляхі.
5. Падарожжа, перамяшчэнне куды‑н. Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны, дзе на кожным кроку чакае пагібель.Самуйлёнак.
6. Напрамак, маршрут. Мы ішлі, не зналі страху, Каб не збіцца хоць са шляху.Бядуля.А калі раніцой Страляніну пачуў [Змітрок], То падаўся па ёй, Шлях трымаў на яе Ад сасны да сасны.Куляшоў.//перан. Напрамак дзейнасці, развіцця чаго‑н. Найбольш значныя.. творы [Зм. Бядулі] — аповесць «Салавей» і раман «Язэп Крушынскі», напісаныя пасля рэвалюцыі, сведчаць аб тым, што пісьменнік авалодаў марксісцка-ленінскай ідэалогіяй, пайшоў па шляху сацыялістычнага рэалізму.Каваленка.Блуканні маладога музыкі — гэта вехі на шляху яго духоўнага росту.Гіст. бел. сав. літ.//перан. Сродак, спосаб, магчымасць дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Першыя творы на новай беларускай літаратурнай мове звычайна былі ананімныя і распаўсюджваліся рукапісным або вусным шляхам.Гіст. бел. літ. мовы.Прафесар пачаў шукаць шляхі прымірэння з дачкой.Шахавец.
7.перан. Напрамак, дзейнасць, учынкі каго‑н. Баявы шлях кожнага з.. людзей — і ў падполлі, і потым у атрадзе — быў.. звязан з работай Марусі Данілавай.Брыль.Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб.. шляху [Паходні] ў гады вайны.Хадкевіч.Шлях Максіма Багдановіча ў літаратуры не быў простым і роўным.Шкраба.// Жыццё каго‑н.; дзейнасць, заслугі каго‑н. у час жыцця. Ён [радавы] не баяўся нават смерці, Ды куля адарвала шлях На полі бою ў сорак трэцім.Смагаровіч.Не мне пра шлях ягоны [У.І. Леніна] гаварыць, Нібы кіно, манціраваць па частках: Я не сучаснік ленінскай пары, Я трыццаць год хаджу ў яго нашчадках.Тармола.[Дырэктар тэхнікума:] — Папярэджваю: не адны ружы, але і шыпы будуць на вашым шляху.Васілевіч.
8.перан. Жыццёвы лёс каго‑, чаго‑н. Радасна было ўсведамляць, што ўсё між.. [Юркам і Лёдзяй] асталося па-ранейшаму, хоць так па-рознаму вызначылася іхнія шляхі.Карпаў.Душою і сэрцам вызнаў Я праўду сваёй Радзімы, І як груганы б ні віслі, З ёй шлях у мяне — адзіны!Гілевіч.
•••
Млечны Шлях — мноства зорак, падобнае ў ясныя ночы па светлую паласу, расцягнутую па небе.
Тармазны шлях — адлегласць, якую праязджае машына пасля пачатку тармажэння.
Шляхі зносін — сукупнасць якіх‑н. шляхоў (у 1 знач.) і пуцей, як сродкаў, спосабаў перамяшчэння. З усіх відаў шляхоў зносін рэспублікі, як і ў цэлым па краіне, найбольш важнае народнагаспадарчае значэнне мае чыгуначны транспарт.Лыч.
Апошні шлях — пра пахаванне каго‑н.
Жыццёвы шлях — жыццё.
Кружным (абходным) шляхам — у абход (рабіць, дамаўляцца аб чым‑н. і пад.).
На шляхудачаго — дзейнічаючы, развіваючыся ў якім‑н. напрамку.
Саступіць з (свайго) шляхугл. саступіць.
Стаць на шлях чаго, якігл. стаць.
Стаць (стаяць) на шляхучыім, укагогл. стаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ САВЕ́ЦКАГА САЮ́ЗА (КПСС),
палітычная арганізацыя, якая з кастр. 1917 была кіруючай у РСФСР, з 1922 да ліст. 1991 — у Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Яе сац. база — рабочы клас і бяднейшае (потым калгаснае) сялянства, тэарэт. аснова — марксізм-ленінізм. Бярэ пачатак з Першага з’езда РСДРП (13—15.3.1898, Мінск), фактычна — з узнікнення бальшавіцкай плыні ў РСДРП на II яе з’ездзе (30.7—23.8.1903, Брусель—Лондан). У бальшавізме сканцэнтравалася сутнасць таго марксізму, які аказаўся прымальным ва ўмовах Расіі. З канца 20-х г. ён стаў асаблівай якасцю, кодэксам паводзін, спосабам ажыццяўлення марксізму, што вызначыла такія яго рысы, як крайні цэнтралізм, аднадумства тэарэт. дагматызм, радыкальныя формы рэв. барацьбы. Арганізацыйна бальшавіцкая партыя аформілася на VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (18—30.1.1912). Поўнасцю і канчаткова выйшла з сумесных з меншавікамі арг-цый РСДРП пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. 1-я Праграма партыі, прыпятая на II з’ездзе РСДРП, складалася з праграмы-мінімум і праграмы-максімум, якія вызначылі бурж.-дэмакр. і сацыяліст. этапы рэв. барацьбы: звяржэнне самадзяржаўя, перарастанне бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, пабудова сацыяліст. грамадства — 1-й ступені камуніст.сац.-эканам. фармацыі. У ходзе рэвалюцыі 1905—07 у Расіі бальшавікі актыўна падтрымалі створаныя рэв. ініцыятывай іванава-вазнясенскіх рабочых Саветы рабочых дэпутатаў, выступілі за ператварэнне іх у органы ўзбр. паўстання, зародак новай рэв. улады. Памылкова спадзеючыся на рэв. ўздым, бальшавікі байкатавалі выбары ў 1-ю і 2-ю Дзяржаўную думу. З 1907 свой удзел у Думе яны разумелі як адну з форм выкрыцця царскага ўрада і палітыкі лібералізму. Пазадумская барацьба заставалася для бальшавікоў асноўнай. На V з’ездзе РСДРП (13.5—1.6.1907, Лондан) замест Цэнтр.к-та (ЦК) і Цэнтр. органа (ЦО) выбраны толькі ЦК (з 12 членаў ЦК было абрана 5 бальшавікоў і 7 меншавікоў). Пасля з’езда бальшавікі на сваёй нарадзе стварылі Бальшавіцкі цэнтр на чале з У.А.Леніным, які выпускаў газ. «Пролетарий» (1906—09). У канцы 1910 бальшавікі разам з меншавікамі-партыйцамі наладзілі выпуск у Расіі легальнай газ. «Звезда». 22.4(5.5).1912 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газ.«Правда». З пач. 1-й сусв. вайны (1.8.1914) бальшавікі заклікалі да ператварэння імперыяліст. вайны ў грамадзянскую, да дэмакр. рэвалюцыі ў Расіі. Адсюль вынікаў тактычны лозунг — паражэнне свайго ўрада ў вайне. У жн. 1915 Ленін прапанаваў замяніць марксісцкае палажэнне аб адначасовай перамозе сацыялізму ва ўсіх ці ў большасці капіталіст. краін новым палажэннем, паводле якога «магчыма перамога сацыялізму першапачаткова ў нямногіх або нават у адной, асобна ўзятай капіталістычнай краіне». У пач. 1917 у партыі бальшавікоў налічвалася каля 24 тыс. членаў. Бальшавікі мелі свае арг-цыі ва ўсерас. маштабе і адзіны цэнтр — Рус. бюро ЦК. Пасля перамогі 27 лют. (12 сак.) Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі ўзніклі 2 улады: Часовы ўрад і Петраградскі Савет, у выканкоме якога большасць склалі меншавікі. Вярнуўшыся з-за мяжы, Ленін на Красавіцкай канферэнцыі РСДРП бальшавікоў Петраграда прапанаваў праграму дзеянняў у новых умовах («Красавіцкія тэзісы»): пераход ад бурж.-дэмакр. да сацыяліст. этапу рэвалюцыі, стварэнне рэспублікі Саветаў, мірны пераход улады да Саветаў, братанне на фронце, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсіх зямель у краіне і інш. Петраградская канферэнцыя ўхваліла тэзісы. Супраць выступілі Л.Б.Каменеў і А.А.Рыкаў. VII (Красавіцкая) Усерас. канферэнцыя РСДРП(б) [24—29.4(7—12.5).1917, Петраград] па прапанове Леніна прыняла курс на сацыяліст. рэвалюцыю, разлічаны на пераход усёй дзярж. улады ў рукі Саветаў і ператварэнне іх у органы дыктатуры пралетарыяту. VI з’езд РСДРП(б)[26.7—3.8(8—16.8).1917, Петраград] пацвердзіў курс на сацыяліст. рэвалюцыю ў краіне праз узбр. паўстанне. 10(23) кастр. ў Петраградзе ЦК. прыняў рашэнне аб практычнай яго падрыхтоўцы. 16(29) кастр. пры Петраградскім Савеце быў створаны Ваен.-рэв. цэнтр з членаў ЦК. 24 кастр. (6 ліст.) Пецярбургскі к-т прыняў пастанову аб неадкладным звяржэнні Часовага ўрада і перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 25 кастр. (7 ліст.) Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 перамагла. У звароце «Да грамадзян Расіі!» Ленін выклаў праграму: дэмакр. мір, адмена памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Сав. ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград) выбраў Савет Народных Камісараў (СНК) з бальшавікоў на чале з Леніным, прыняў Дэкрэты аб міры і зямлі. Да вясны 1918 улада Саветаў усталявалася амаль усюды. VIII з’езд РКП(б) (18—23.3.1919, гэты і ўсе наступныя з’езды адбываліся ў Маскве) прыняў новую Праграму, у якой адзіным сродкам выхаду са створанага імперыялізмам тупіка і імперыяліст. вайны абвяшчалася толькі пралетарская, камуніст. рэвалюцыя. Рабілася стаўка на развіццё буйной прам-сці і с.-г. вытв-сці, пралетарскай дэмакратыі ў форме сав. улады як «вышэйшага тыпу дэмакратызму». X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) па ініцыятыве Леніна прыняў рашэнне аб пераходзе ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі (нэп), аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам. З’езд забараніў у РКП(б) фракцыйную дзейнасць. Погляды апазіцыі павінны былі падпарадкоўвацца рашэнню большасці. У крас. 1922 пленум ЦК выбраў Ген. сакратаром ЦК партыі І.В.Сталіна. 6.10.1922 пленум ЦК РКП(б) прыняў рашэнне «прызнаць неабходным заключэнне дагавора паміж Украінай, Беларуссю, Федэрацыяй Закаўказскіх рэспублік і РСФСР аб аб’яднанні іх у «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», які быў створаны 30.12.1922 на I з’ездзе Саветаў СССР. У адпаведнасці з пастановай XII з’езда РКП(б) (17—25.4.1923) у краіне ўсталёўвалася дыктатура партыі, а да 1929 — сістэма наменклатуры ўліку і размеркавання пасад і кадраў. Апошняя стала ключавым звяном вяршэнства партыі над дзяржавай, фарміравання рэжыму асабістай улады Сталіна. З 1925 парт. органы прыступілі да выканання пастаўленай XIV з’ездам ВКП(б) (18—31.12.1925) задачы сацыяліст.індустрыялізацыі краіны з мэтай забеспячэння яе эканам. самастойнасці, умацавання абараназдольнасці, стварэння матэрыяльнай базы сацыялізму. На ліпеньскім (1928) пленуме ЦКВКП(б) Сталін заявіў, што «па меры нашага руху наперад супраціўленне капіталістычных элементаў будзе ўзрастаць, класавая барацьба будзе абвастрацца». Гэты тэзіс стаў тэарэт. абгрунтаваннем масавых рэпрэсій палітычных, якія пачалі разгортвацца ў краіне. У пач. 1930-х г. планавалася завяршыць калектывізацыю сельскай гаспадаркі і ліквідаваць кулацтва як клас. Парт. органы сканцэнтравалі ў сваіх руках вырашэнне важнейшых пытанняў, увялі кантроль над усімі сферамі жыцця насельніцтва, устанавілі ідэалаг. дыктат камуніст. дактрыны. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР спынілі дзейнасць інш.паліт. партыі. Камуніст. партыя ператварылася ў ядро грамадскіх арг-цый і дзярж. улады, што было замацавана ў Канстытуцыі СССР 1936. XVIII з’езд ВКЛ(б) (10—21.3.1939) канстатаваў, што сацыялізм у краіне ў асноўным пабудаваны і СССР уступіў у паласу завяршэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства. У маі 1941 Сталін, застаючыся сакратаром ЦК, прызначаны і Старшынёй СНКСССР. З першых дзён Вял.Айч. вайны парт. і дзярж. органы ўзначалілі барацьбу сав. народа супраць фаш. агрэсіі. Сакратар ЦКВКП(б) Сталін прызначаны і Старшынёй Дзярж.к-та абароны і Вярх. Галоўнакамандуючым. Больш за палову членаў партыі змагаліся з ворагам у дзеючай арміі, 140 тыс. — у партыз. атрадах і брыгадах. У краіне сфарміравалася скаардынаваная сістэма аб’яднанага парт., дзярж., гасп. і ваен. кіраўніцтва. На XIX з’ездзе партыі (5—14.10.1952) ВКП(б) перайменавана ў КПСС. На вераснёўскім (1953) пленуме ЦККПСС Першым сакратаром ЦК выбраны М.С.Хрушчоў. Па выніках даклада Хрушчова на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС (14—25.2.1956) «Аб кульце асобы і яго выніках» ЦККПСС 30.6.1956 прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». XXII з’езд КПСС (17—31.10.1961) прыняў 3-ю Праграму партыі — праграму будаўніцтва камунізму. На кастрычніцкім (1964) пленуме ЦККПСС Хрушчоў вызвалены ад усіх пасад, першым сакратаром абраны Л.І.Брэжнеў. У 2-й пал. 1960-х г.КПСС прыняла і пачала праводзіць у жыццё эканам. рэформу, скіраваную на інтэнсіфікацыю эканомікі, паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу. У пач. 1970-х г. было адзначана, што ў СССР пабудавана развітое сацыяліст. грамадства. XXIII з’езд КПСС (29.3—8.4.1966) аднавіў пасаду Ген. сакратара ЦККПСС, скасаваную ў 1953. У чэрв. 1977 Ген. сакратар ЦККПСС Брэжнеў выбраны адначасова Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У ліст. 1982 Ген. сакратаром ЦК КЛСС выбраны Ю.У.Андропаў, у маі 1984 — К.У.Чарненка (з красавіка ён быў і Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У сак. 1985 Ген. сакратаром ЦККПСС абраны М.С.Гарбачоў. Па яго ініцыятыве КПСС пачала перабудовупарт., сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. XXVII з’езд КПСС (26.2—6.3.1986) прыняў новую рэдакцыю Праграмы партыі — праграму планамернага і ўсебаковага ўдасканалення сацыялізму, у якой замацавана канцэпцыя, што КПСС дзейнічае ў рамках Канстытуцыі СССР. 17.6.1986 пленум ЦК зацвердзіў «Асноўныя палажэнні карэннай перабудовы кіравання эканомікай», якія прадугледжвалі перанясенне цэнтра цяжару з пераважна адміністрацыйных на пераважна эканам. метады кіраўніцтва, шырокую дэмакратызацыю грамадства. На XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (28.6—1.7.1988) прынята рашэнне аб раздзяленні функцый паміж партыяй і Саветамі. 29.7.1988 пленум ЦК утварыў камісію на чале з Гарбачовым для падрыхтоўкі прапаноў па рэформе паліт. сістэмы сав. грамадства. 25.5.1989 з’езд нар. дэпутатаў СССР выбраў Ген. сакратара Гарбачова Старшынёй Вярх. Савета СССР, а 15.3.1990 — Прэзідэнтам СССР. 3-і Нечарговы з’езд нар. дэпутатаў СССР (сак. 1990) выключыў з Канстытуцыі СССР артыкулы, якія вызначалі КПСС як ядро паліт. сістэмы СССР. У снеж. 1989 XX з’езд Кампартыі Літвы аб’явіў КПЛ самастойнай паліт. арг-цыяй, у крас. 1990 адбыўся Устаноўчы з’езд Кампартыі РСФСР. XXVIII з’езд КПСС (2—13.7.1990) прыняў пастанову аб падрыхтоўцы новай Праграмы КПСС. 25.7.1991 пленум ЦККПСС зацвердзіў праект новай Праграмы КПСС «Сацыялізм, дэмакратыя, прагрэс» і прыняў рашэнне аб скліканні нечарговага XXIX з’езда партыі. Пасля выступлення 19—21.8.1991 Дзярж.к-та па надзвычайным становішчы Прэзідэнт РСФСР Б.М.Ельцын і Ген. сакратар ЦККПСС Гарбачоў 6.11.1991 выдалі сумесны дакумент аб роспуску КПСС, і яна спыніла існаванне. Перастала існаваць як састаўная частка КПСС і Камуністычная партыя Беларусі. У далейшым у краінах СНД былі створаны камуністычныя партыі, якія лічаць сябе ідэйнымі пераемнікамі КПСС, у ліку іх КПБ, ПКБ, КПРФ, КПУ і інш.
Літ.:
История ВКП(б): Краткий курс [2 изд.]. М., 1945;
Джилас М. Новый класс: Анализ коммунистической системы: Пер. с англ. Нью-Йорк. 1958;
История Коммунистической партии Советского Союза: В 6 т.Т. 1—5. М., 1964—82;
Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. Т. 1—15. 9 изд. М., 1983—89;
Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;
Страницы истории КПСС: Факгы. Проблемы. Уроки. М., 1989;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Восленский М. Номенклатура: Господствующий класс Советского Союза. М., 1991;
Рассел Б. Практика и теория большевизма: Пер. с англ.М., 1991;
История политических партий России. М., 1994;
Божанов В.А. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА,
1) у шырокім сэнсе — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мастацтва: яго асобныя віды, заканамернасці развіцця, сукупнасць пытанняў зместу і формы маст. твораў, маст. культуру грамадства ў цэлым. Уключае літаратуразнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства. Уяўляе сабой адзінства тэорыі, гісторыі мастацтва, мастацкай крытыкі. Тэорыя мастацтва вывучае метады творчага працэсу, прынцыпы кампазіцыйнай і маст. формы, адзінства вобразнага зместу і выяўл. сродкаў, заканамернасці эстэт. ўспрыняцця твораў мастацтва, сінтэз розных відаў мастацтва, узаемасувязі колеру, матэрыялу і інш. Гісторыя мастацтва даследуе агульныя заканамернасці развіцця сусв. мастацтва ад першабытнасці да сучаснасці, мастацтва асобных кантынентаў, рэгіёнаў, краін, творчасць розных суполак, аб’яднанняў, асобных майстроў у розныя эпохі і перыяды.
2) У вузкім сэнсе — навука пра пластычныя мастацтвы, архітэктуру, дызайн і тэхн. эстэтыку. Даследуе маст. творчасць, дае яе эстэт. ацэнку і навук. аналіз, спрыяе эстэт. выхаванню грамадства. У структуры М. вылучаюць раздзелы: іканаграфія, сацыялогія мастацтва, псіхалогія мастацтва, музеязнаўства, рэстаўрацыя і ахова помнікаў (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны) і інш. Звязана з філасофіяй, археалогіяй, нумізматыкай, геральдыкай і інш. навукамі.
Элементы М. вядомы са старажытнасці і разглядаліся ў кантэксце філасофій, л-ры, багаслоўя, гіст. хронік, практычных кіраўніцтваў па рамёствах. Першыя вядомыя вучэнні пра мастацтва распрацоўваліся ў Стараж. Грэцыі Арыстоцелем і Платонам. Пытанні стылістыкі, іканаграфіі, тэхнікі закраналі ў сваіх трактатах скульпт. Паліклет, жывапісцы Еўфранор, Апелес, Памфіл, эвалюцыю грэч. жывапісу — першыя гісторыкі мастацтва Дурыс і Ксенакрат. Апісанні маст. твораў рабілі падарожнікі Палемон і Паўсаній. Больш цэласны і універсальны характар мелі маст. трактаты Стараж. Рыма. Эстэт. зварот да грэч. мастацтва сцвярджалі Цыцэрон і Квінтыліян, прынцыпы ўзаемасувязі арх. формы і буд. канструкцыі — Вітрувій, помнікі мастацтва апісваў Пліній Старэйшы. Здабыткі архітэктуры і мастацтва Усходу змяшчаюць трактаты стараж. і сярэдневяковай Індыі («Чытралакшана», «Шылпашастра», «Манасара», 1—12 ст.), Кітая (Се Хэ, Ван Вэй, Го Сі, 5—11 ст.), Японіі (Нісікава Сукэнобу, Сіба Какана, Кацусіка Хакусай, 18—19 ст.) і інш., краін ісламу (Султан Алі Мешхедзі, Дуст Мухамад, Казі-Ахмед, Садыгі-бек Афшар, 16 — пач. 17 ст.) і інш. У раннім хрысц. мастацтве эстэтыку «хараства свету і майстэрства творцы» распрацоўваў тэолаг Аўгусцін (4—5 ст.).
Пытанні эстэтыкі візант.рэліг. мастацтва закраналі багасловы Іаан Дамаскін і Феодар Студыт (8—9 ст.), якія сцвярджалі яго вял. ролю як матэрыяльнага пасрэдніка да першавобраза — Божага свету. У 12 ст. трактат пра выяўл. і дэкар. мастацтва напісаў Тэафіл (Германія). У 13 ст. ў Францыі цэласную сістэму хрысц. мастацтва стварыў Фама Аквінскі, суадносіны прапорцый у гатычным мастацтве распрацаваў Вілар дэ Анекур. Важным этапам у станаўленні М. стала эпоха Адраджэння. Гуманіст. ідэалы ант. традыцыі ў мастацтве, прызнанне ў асобе мастака творцы сцвярджаў італьянец Ч.Чэніні («Трактат пра жывапіс», 14 ст.). У 15 ст. акцэнт на навук. прынцып спасціжэння свету і чалавека закладзены ў працах італьянцаў Л.Гіберці («Каментарыі»), Л.Б.Альберціні (работы пра жывапіс, архітэктуру і скульптуру), Франчэска ды Джорджа (пра арх. прапорцыі), А.Філарэтэ («Трактат пра архітэктуру») і інш. У 16 ст. мастацтвазнаўчыя ідэі ў Італіі выказвалі Леанарда да Вінчы (сумяшчаў тэарэтычныя, ідэйна-вобразныя і метадычныя мэты мастацтва), П.Арэціна (адзін з першых крытыкаў венецыянскага жывапісу), Дж.Віньёла, Д.Барбара, С.Сермо, А.Паладыо (распрацоўваў у архітэктуры рэнесансавую ордэрную сістэму на аснове ант.), у Германіі — А.Дзюрэр («Чатыры кнігі пра прапорцыі чалавека», 1528, і інш.), у Нідэрландах — К. ван Мандэр (біяграфіі нідэрл. жывапісцаў). Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў італьянец Дж.Вазары («Жыццеапісанні найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550). У 17 ст. пашырылася колькасць трактатаў, аглядаў і апісанняў, прысвечаных мастакам і творам мастацтва розных часоў. У Італіі Дж.П.Белоры распрацаваў тэарэт. прынцыпы класіцызму («Жыццеапісанні сучасных жывапісцаў, скульптараў, архітэктараў», 1672). Першы слоўнік тэрмінаў выяўл. мастацтва склаў Ф.Бальдынучы (Італія). Жывапіс класіцызму даследаваў А.Феліб’ен, архітэктуру — Ф.Бландэль (абодва Францыя). Ант. мастацтва даследаваў англічанін Ф.Юніус («Пра жывапіс старажытных». 1637), раннехрысціянскае — італьянец А.Бозіо («Падземны Рым», 1634), праблемы каларыту — француз Р. дэ Піль («Да дыскусіі пра каларыт», 1673; «Асновы курса жывапісу», 1708), італьянец М.Баскіні («Скарбы венецыянскага жывапісу», 1684) і інш. У 18 ст. М. склалася як самаст. навука ў работах І.Вінкельмана (Германія), які паказаў развіццё ант. мастацтва як адзіны працэс змены маст. стыляў, звязаны з эвалюцыяй грамадства і дзяржавы («Гісторыя старажытнага мастацтва», 1763), англічан У.Чэмберса (даследаваў англ. готыку), У.Хогарта («Аналіз хараства», 1754), французаў Ф.Феліб’ена, К.Ф.Кейлюса («Зборы егіпецкіх, этрускіх, грэчаскіх і рымскіх старажытнасцей», т. 1—7, 1767), італьянцаў Л.Ланцы (апісанні жыцця і творчасці італьян. жывапісцаў з часоў антычнасці), Ф.Міліцыа («Запіскі пра антычных і новых дойлідаў», 1781; «Слоўнік мастацтва», 1787) і інш. У перыяд Асветніцтва ў работах Д.Дзідро зарадзілася прафес.маст. крытыка («Салоны», 1759—81, энцыклапедычныя артыкулы і інш.). Ням. філосаф Г.Лесінг увёў тэрмін «выяўленчыя мастацтвы» і прааналізаваў іх спецыфіку. У 19 ст. на развіццё М. ўплывалі эстэт. канцэпцыі ням. філосафаў І.Канта, Ф.Шэлінга, А. і Ф. Шлегеляў, Г.Гегеля і інш. Пераадольваліся канцэпцыі класічных маст. норм, распрацаваных Г.Меерам (Германія) і А.К.Катрмерам дэ Кенсі (Францыя). Новы погляд на свабоду творчасці і індывідуалізму ўнеслі рамантыкі Дж.Констэбл (Англія), Э.Дэлакруа, Ш.Бадлер (Францыя) і інш. У Германіі першыя спробы стварэння ўсеагульнай гісторыі мастацтва зрабілі Ф.Куглер, К.Шназе, А.Шпрынгер. У Францыі развівалася крытыка дэмакр. кірунку, што выступала ў абарону рэалізму (Т.Тарэ і інш.). Вял. ролю адыгралі эстэт. погляды англічаніна Дж.Рэскіна, які імкнуўся адрадзіць гармонію з прыродай і маст. традыцыі сярэднявечча. У канцы 19 ст. ў еўрап. М. абвастрылася барацьба з кансерватыўнай тэндэнцыяй непрыняцця новых маст. кірункаў (імпрэсіянізм, сімвалізм, сезанізм і інш). У Расіі першыя трактаты пра архітэктуру (П.Яропкін, І.Корабаў, М.Зямцоў) і выяўл. мастацтва (І.Урванаў, П.Чакалеўскі і інш.) з’явіліся ў 18 ст. У 19 ст. цікавасць да гісторыі нац. мастацтва выявілася ў творах І.Акімава, П.Свіньіна, І.Снегірова, А.Вастокава, А.Пісарава. У 20 ст. стылістычны аналіз мастацтва зрабіў І.Грабар, візант. мастацтва і хрысц. іканаграфію даследавалі Дз.Айналаў, Н.Кандакоў, усеагульную гісторыю мастацтва — А.Бенуа, І.Цвятаеў, Б.Фармакоўскі. Важны ўклад у развіццё сав. М. зрабілі М.Алпатаў, Н.Гершэнзон-Чагадаева, Грабар, Ю.Колпінскі, В.Лазараў, Г.Недашывін, В.Палявой, Г.Вагнер, Б.Рыбакоў, Дз.Сараб’янаў, А.Фёдараў-Давыдаў, У.Стасаў, У.Фаворскі і інш.Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі Г.Апалінэр, А.Англіўель дэ Ла Бамель, Т.Бюрале, Д.Габары (Францыя), Ф.Вікгоф і М.Дворжак (Аўстрыя), А. і Л. Вентуры, А.Баларын. Л.Белозі (Італія), Я.Беластоцкі (Польшча), Я.Гамолка (Чэхія), Э.Панофскі (ЗША), Э.Боўнес (Вялікабрытанія) і інш. Сярод тэарэтыкаў сучаснага мастацтва — К.Малевіч (Расія), У.Страмінскі (Беларусь—Польшча), П.Мондрыян (Нідэрланды), Ле Карбюзье (Францыя) і інш. Сучаснае М. ахоплівае шырокае кола праблем мастацтва ўсіх эпох і краін, мае развітую метадалогію, апіраецца на філас.-эстэт. думку, грамадскія і дакладныя навукі. Сярод кірункаў — іканалогія (Э.Папофскі), даследаванне структуры помнікаў (П.Франкастэль), псіхалогія творчасці (Э.Гомбрых), псіхааналіз (Э.Крыс).
На Беларусі першыя звесткі і выказванні пра мастацтва трапляюцца ў «Словах» Кірылы Тураўскага (11 ст.), прадмовах і пасляслоўях Ф.Скарыны да ўласных выданняў (16 ст.), некат. прамовах-пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага (17 ст.). Вывучэннем бел. мастацтва ў 19 ст. займаліся пераважна прафес. мастакі, якія напісалі шэраг прац мастацтвазнаўчага характару: К.Ельскі (трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», 1822), А.Шэмеш («Успаміны пра Дамеля», 1845), В.Смакоўскі («Валенты Ваньковіч», 1845), А.Ромер (вывучаў бел.нар.дэкар.-прыкладное мастацтва, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы), а таксама У.Сыракомля (апісаў маст. творы, якія знаходзіліся ў 19 ст. ў храмах Мінска) і інш. Матэрыялы пра бел. мастацтва змяшчаў час.«Атэнэум», што выдаваўся ў Вільні. У 1920-я г. ў перыяд. друку з’яўляліся даследаванні пра гравюры ў выданнях Скарыны і В.Вашчанкі, выдадзены «Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва» М.Шчакаціхіна, перакладзены працы ням. мастацтвазнаўца А.Іпеля, прысвечаныя самабытнасці бел. мастацтва. Манаграфіі пра набіванку (крашаніну) выдалі А.Шлюбскі і І.Фурман, пра гравюры С.Юдовіна — Фурман, пра мастакоў Віцебска — І.Гаўрыс. Вял. ролю ў развіцці бел. М. адыграў Інстытут беларускай культуры і дзейнасць аднаго з яго заснавальнікаў — Шчакаціхіна. Матэрыялы па праблемах мастацтва змяшчалі час. «Искусство», «Полымя», «Маладняк», «Трыбуна мастацтва», у 1930-я г. — газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Чырвоная Беларусь», «Мастацтва і рэвалюцыя». У Зах. Беларусі тэарэт. працы па эстэт. задачах мастацтва пісаў Ф.Рушчыц, па тэорыі фотамастацтва — Я.Булгак. У «Нарысах па гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі» (1940) зроблена спроба вызначыць асн. этапы развіцця бел.выяўл. мастацтва і даць характарыстыку творчасці вядучых мастакоў. З канца 1940-х г. вывучэнне бел. мастацтва вядзецца планамерна і мэтанакіравана. Важнае значэнне ў развіцці бел. М. мела стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоруНац.АН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускай акадэміі мастацтваў і інш.Вял. ўклад у развіццё бел. М. зрабілі А.Аладава, М.Арлова, А.Воінаў, Н.Высоцкая, В.Гаўрылаў, П.Герасімовіч, Л.Дробаў, І.Елатомцава, В.Жук, Ю.Карачун, М.Кацар, А.Лявонава, А.Лакотка, П.Масленікаў, М.Нікалаеў, М.Раманюк, Я.Сахута, А.Сурскі, У.Чантурыя, В.Церашчатава, Т.Чарняўская, Р.Шаура, В.Шматаў, Ю.Якімовіч, М.Яніцкая і інш. Праблемы розных відаў мастацтва даследавалі і даследуюць А.Атраховіч, М.Баразна, В.Буйвал, Л.Вакар, П.Васілеўскі, Э.Вецер, Т.Габрусь, Т.Гаранская, В.Гаршкавоз, М.Гугнін, В.Каваленка, П.Карнач, Б.Крэпак, А.Кулагін, В.Лабачэўская, Б.Лазука, Л.Лапцэвіч, Л.Налівайка, Э.Петэрсон, І.Паньшына, А.Пікулік, У.Пракапцоў, Э.Пугачова, У.Рынкевіч, Г.Сакалоў-Кубай, Л.Салавей, А.Сяліцкі, В.Трыгубовіч, Н.Трыфанава, Л.Фінкельштэйн, М.Цыбульскі, М.Шамшур, А.Ярашэвіч і інш. Артыкулы па гісторыі і тэорыі мастацтва, нарысы пра творчасць мастакоў, агляды выставак друкуюцца ў час.«Мастацтва», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газ. «Культура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.
Літ.:
Базен Ж. История истории искусства: От Вазари до наших дней: Пер. с фр.М., 1995;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМ (Roma),
горад, сталіца Італіі, на р. Тыбр, за 27 км ад яе ўпадзення ў Тырэнскае мора. Адм. ц. вобласці Лацыо і Рымскай правінцыі. 2646 тыс.ж. (1998). Гал.паліт. і культ., значны эканам. цэнтр краіны. Адзін з найстаражытнейшых і багатых гіст. і культ. помнікамі гарадоў свету, атрымаў назву «вечнага горада». У межах Р. — папская дзяржава-горад Ватыкан. Буйны трансп, вузел унутр, і міжнар. зносін; 8 чыгунак, 10 аўтастрад. Міжнар. аэрапорты Леанарда да Вінчы ды Ф’юмічына і Чампіна. Рачны порт. Аванпорт Р. на ўзбярэжжы Тырэнскага м. — г. Чывітавек’я. У Р. найб. банкі, страхавыя і гандл, кампаніі, праўленні многіх італьян, і міжнар. манаполій і фірм. Гал. галіны прам-сці звязаны пераважна з абслугоўваннем патрэб гар. насельніцтва і турыстаў.
Прам-сць: эл.-тэхн. (тэлеф.-тэлегр. абсталяванне, эл.-прылады, электроніка), дакладнае прыладабудаванне, вытв-сцьчыг. рухомага саставу, с.-г. машын, друкарскага абсталявання, матацыклаў, веласіпедаў, хім. (фармацэўтычныя вырабы, сінт. тканіны, кіслоты, сода, суперфасфат і інш.), вытв-сцьбуд. матэрыялаў, харч. і харчасмакавая, паліграф., швейная, мэблевая, галантарэйная, папяровая, тэкст., абутковая, парфумерная. Развіта рамесніцкая вытв-сць, асабліва маст. ювелірных вырабаў, габеленаў, плеценай мэблі, вырабаў са шкла і скуры, муз. інструментаў, сувеніраў. Р. — адзін з буйнейшых у свеце цэнтраў міжнар. турызму (больш за 10 млн.чал. штогод). Метрапалітэн.
Паводле ант. падання, Р. засн. ў 754/753 да н.э.Ромулам. Археал. звесткі сведчаць пра існаванне на тэр. Р. стараж. паселішчаў ужо ў 10 ст. да н.э., якія ў 7 ст. да н.э. зліліся ў адзіны горад. З 3 ст. да н.э. сталіца вял. міжземнаморскай дзяржавы — Стараж. Рыма (у перыяд імперыі меў да 2 млн.чал.). Пасля пераносу сталіцы ў Канстанцінопаль (330 н.э.) значэнне Р. як паліт. цэнтра паменшала. Моцна пацярпеў ад нашэсця варвараў (у 410 разбураны вестготамі, у 455 вандаламі; насельніцтва скарацілася да 40 тыс.чал.). З 552 пад уладай Візантыі, остготаў. З канца 6 ст. вярхоўная ўлада ў горадзе належала рым. папам, якія ў 8 ст. дамагліся поўнай незалежнасці ад Візантыі. З 756 Р. — сталіца Папскай вобласці, царк.-паліт. цэнтр Зах. Еўропы; у сярэдневякоўі — арэна барацьбы паміж папамі і імператарамі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 1084 разрабаваны нарманамі, якіх папа Грыгорый VII заклікаў дапамагчы ў барацьбе супраць караля Генрыха IV. У выніку паўстання ў Р. ўтварылася рэспубліка (1143—55). Пасля пераносу ў 1309 папскай рэзідэнцыі ў Авіньён (гл. Авіньёнскае паланенне папаў) пачалася барацьба за абмежаванне ўлады знаці. У 1347—54 зноў існавала рэспубліка.
Улада папы адноўлена ў 1377. З канца 15 — пач. 16 ст. Р. — буйнейшы цэнтр Адраджэння. У час Італьянскіх войнаў горад разрабаваны ў 1527 войскамі імператара Карла V. У 17 ст., нягледзячы на эканам. заняпад, вырасла значэнне Р. як рэліг. цэнтра. У 1798 акупіраваны войскамі Дырэкторыі. Абвешчаная Рымская рэспубліка 1798—99 разгромлена аўстр., неапалітанскімі і рас. войскамі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўлада папы Пія ІХ скінута, у Р. абвешчана рэспубліка. Пасля задушэння рэспублікі свецкая ўлада папы трымалася дзякуючы прысутнасці франц. гарнізона. Пасля яго вываду ў выніку Рысарджымента ўлада пап канчаткова скінута ў 1870. 26.1.1871 Р. абвешчаны сталіцай Італьян. каралеўства. У кастр. 1922 пасля ўваходу ў горад фаш. атрадаў (гл. Паход на Рым 1922) у выніку дзярж. перавароту ўсталявана фаш. дыктатура Б.Мусаліні. Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 на частцы тэр. Р. ўтворана дзяржава Ватыкан. Пасля капітуляцыі Італіі ў 2-й сусв. вайне Р. акупіраваны (1943) ням. войскамі, у 1944 вызвалены англа-амер. войскамі. З 1946 сталіца Італьян. Рэспублікі. У 1960 Р. — месца правядзення XVII Алімпійскіх гульняў.
Ант. Р. — сталіца Стараж. Рыма. У 6—9 ст.тэр. горада скарачалася, ант. помнікі руйнаваліся, ад сярэдневякоўя захаваліся вузкія вуліцы і кварталы ў цэнтры горада, маляўнічыя плошчы са старадаўнімі фантанамі. Цэнтрам былі ўзгоркі Капітолій (тут знаходзіліся гар. кіраванне і рэзідэнцыя епіскапа, пазней і папы рымскага), Латэран, Ватыкан. На супрацьлеглым беразе р. Тыбр размяшчаліся жылыя кварталы. Да раннехрысц. помнікаў Р. належаць катакомбы: Сан-Себасцьяна (крыпта 1—2 ст.), Даміцылы (1—4 ст.), Калікста (2—3 ст.); базілікі (перабудоўваліся да 18 ст.): Сан-Джавані Ін Латэрана (ЗН—314), Сан-Паада фуоры ле Мура (314, зруйнавана ў 1823, адноўлена ў 1944), Сан-Ларэнца фуоры ле Мура (330, мазаіка 6 ст.), Санта-Марыя Маджорэ (4 ст., мазаіка 5 і 13 ст.), Санці-Джавані э Паала (каля 400, фрэскі 12 ст.), Санта-Марыя Ін Казмедзін (перабудавана ў 8 і 12 ст.), Санта-Марыя Ін Трастэверэ (1140, мазаіка П.Каваліні, 13 ст.), Санта-Марыя Ін Арачэлі (перабудавана ў 1250); цэнтрычныя храмы: Санта-Кастанца (4 ст., мазаіка 4—5 ст.), Сан-Клементэ (ніжні храм 4 ст., верхні паміж 1099 і 1128, рэканструяваны ў 18 ст., арх. К.Фантана), Сан-Стэфана Ратонда (6 ст.). З гатычных пабудоў вылучаецца касцёл Санта-Марыя сопра Мінерва (з 1280, фасад 1453). У пач. 16 ст. Р. — цэнтр архітэктуры эпохі Адраджэння. Вял. ўвага аддавалася свецкім пабудовам (грамадскія і жылыя будынкі, палацы, плошчы, фантаны). У Ватыкане ўзведзены Рымскі сабор Святога Пятра, купал якога стаў гал.арх. цэнтрам у панараме горада. Дзелавы цэнтр рэнесансавага Р. размяшчаўся ў раёне стараж.-рым. моста Сант-Анджэла (134) і пл. Сан-Чэльса, адкуль веерам разыходзіліся вуліцы. Сфарміраваўся новы тып палаца — палацца: Венецыя (з 1452, верагодна, паводле планаў Л.Б.Альберці ці Б.Раселіна), Канчэлерыя (1485—1511, арх. А.Брэньё, з 1499 — Д.Брамантэ), Фарнезе (1513—34, арх. А. да Сангала Малодшы, з 1546 — Мікеланджэла, завершаны ў 1589 Дж. дэла Портам), Відоні-Кафарэлі (каля 1515—20, арх. Рафаэль). Будавалі лёгкія і стройныя вілы: Фарнезіна (1509—11, арх. Б.Перуцы, фрэскі Рафаэля, Джуліо Рамана і інш.), Мадама (з 1517, арх. Рафаэль, да Сангала Малодшы). Касцёлы ў стылі рэнесансу: Сан-П’етра Ін Манторыо (арх. Б.Пантэлі, у двары — Тэмп’ета, 1502, арх. Брамантэ), Санта-Марыя дэла Пачэ (абодва 1480-я г., арх. Пантэлі, двор 1500—04, арх. Брамантэ, фасад 1656, арх. П’етра да Картона), Санта-Марыя дэль Аніма (пач. 16 ст., арх. Дж. да Сангала, Брамантэ), Сант-Эліджа дэльі Арэфічы (1509, праект Рафаэля), Сан-Луіджы дэі Франчэзі (1518—88, фасад 1589, арх. дэла Порта, у капэле Кантарэлі — цыкл карцін М.Караваджа).
У некат. будынках 16 ст. выявіліся рысы маньерызму, імкненне да індывід. непаўторнасці, суб’ектывізму (палацца Масіма але Калоне, 1536, арх. Перуцы; віла Джулія, 1550—55, арх. Дж.Віньёла, Б.Аманаці, Дж.Вазары; цяпер музей). Каля Рым. форуму створаны ансамбль пл. Капітолія (з 1546, праект Мікеланджэла), дзе ў адзіным ансамблі аб’яднаны прылеглыя часткі горада, антычнасць і сучаснасць, архітэктура і скульптура, адметныя гармоніяй перспектыў, колеру, арх. мізансцэн: Палацца дэі Сенаторы і Палацца дэі Кансерваторы, гал. будынак Капіталійскіх музеяў, ант. статуя Марка Аўрэлія і інш. У канцы 16 ст. пракладзены прамыя вуліцы, што злучылі найб. значныя раннехрысц. базілікі і гар. раёны ў адзіную сістэму. Сярод ансамбляў у стылі барока: П’яцца дэль Попада (16—17 ст., завершана ў 1816—20, арх. Дж.Валадзье) са стараж.-егіп. абеліскам, пл.Св. Пятра (1657—63, арх. Л.Берніні); П’яцца Навона (17 ст., захавала форму ант. стадыёна Даміцыяна) з фантанамі «Чатырох рэк», «Негр» (абодва будаваў Берніні) і «Нептун» (абодва праект арх. дэла Порта, завершаны ў 19 ст., скульпт. Дэла Біта); П’яцца ды Спанья (ісп. лесвіца Трыніта дэі Монці, 1725, арх. А.Спекі, Ф. дэ Санктыс; унізе — фантан у форме чоўна «Баркача», 1630, арх. Берніні). Сярод барочных помнікаў: палацца Квірынале (з 1574, арх. Ф.Понцыо, К.Мадэрна, Берніні і інш.), Баргезе (1590, арх. М.Лонгі Старэйшы, з 1615, арх. Понцыо), Барберыні (1625—63, арх. Мадэрна, Ф.Бараміні, плафон П’етра да Картоны), Фальканьеры (1639—41, арх. Бараміні), Кадона (17—18 ст.); віла Баргезе (пач. 17 ст., цяпер музей) з паркам (казіно 1613); касцёл Іль Джэзу (1568—84, арх. Віньёла, фасад 1575, арх. дэла Порта). Пышныя барочныя палацы, паркі, касцёлы, плошчы і відавыя пляцоўкі, прасторавыя акцэнты ў выглядзе лесвіц, абеліскаў, фантанаў («Трэві», пачаты ў 18 ст., арх. Н.Сальві), дэкар. скульптур у многім вызначылі аблічча цэнтра сучаснага Р. З 1871 горад рос больш інтэнсіўна; раён Праці, усх. і паўд.-ўсх. раёны забудоўваліся пераважна даходнымі дамамі.
У адпаведнасці з генпланам 1873 пракладзены новыя трансп. артэрыі (Корса Віторыо Эмануэле, Вія Нацыянале), узведзены будынкі і ансамблі пампезна-эклектычнага характару, у т. л. комплекс «Віктарыян» на пл. П’яцца Венецыя (1885—1911, арх. Дж.Саконі, скульпт. А.Дзанелі, Э.К’ярадыя), з помнікам Віктару Эмануілу ІІ, т.зв. Алтаром Айчыны — гіганцкім порцікам з 60 бела-мармуровымі калонамі, фантанамі і інш. Грамадскі цэнтр перамясціўся на П’яцца Калона. У 1930—40-я г. ўзведзены неакласіцыстычны спорткомплекс Фора Італіка (1928—34, арх. М.П’ячэнціні, Дж.Пагана і інш.), комплекс не ажыццёўленай сусв. выстаўкі (ЭУР). Пракладзены новыя магістралі (Вія дэі Форы Імперыялі, Вія дэла Канчыліяцыёне); да Алімп. гульняў 1960 — магістраль Вія Алімпіка, шэраг тунэляў і перасячэнняў у 2 узроўнях. Раёны гіст. забудовы захоўваюцца пераважна ў першапачат. стане. Найб. важныя пабудовы ў сучасных стылях: вакзал Тэрміні (1938—50, арх. Ф.Мацоні, Э.Мантуоры і інш.), пасольства Вялікабрытаніі (1970, арх. Б.Спенс), работы П.Л.Нерві — палац спорту (1958—60, з П’ячэнціні), Алімп. гарадок (1960) з Палацэта (Малы палац спорту, 1957, з арх. А.Вітэлоцы) і стадыёнам Фламініо (1959, з інж. А.Нерві). Новае буд-ва развіваецца пераважна на перыферыі. У 1960—70-я г. раён ЭУР ператвораны ў дзелавы цэнтр з паркамі, садамі, фантанамі, сучаснымі збудаваннямі (палацы Кангрэса, Цывілізацыі — «Квадратны Калізей» з 216 аркамі на фасадзе). Паводле генплана 1964 створана т.зв. вось абслугоўвання — сістэмы магістралей, якія злучаюць з ЭУР 2 новыя грамадскія цэнтры. Помнікі архітэктуры Ватыкана і гіст. цэнтра Р. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Р. знаходзяцца: 2 ун-ты, у т. л.Рымскі універсітэт, кансерваторыя «Санта-Чэчылія», Акадэмія прыгожых мастацтваў, Нац. акадэмія дэі Лінчэі (з 1603), акадэмія св. Лукі (з 14 ст.), Мед. акадэмія, Акадэмія л-ры, мастацтва і навукі, Італьян.ін-т археалогіі і гісторыі мастацтваў, ін-ты антрапалогіі, гісторыі музыкі і інш.; шматлікія НДІ і навук. т-вы. Б-кі: Нац. цэнтральная, ун-та, Анджэліка, Касанатэнсе, Нац. акадэміі дэі Лінчэі і інш. Музеі: Нац. рымскі музей (музей Тэрм), Капіталійскія музеі (з 1471), Нац. музей этрускаў (зборы этрускага мастацтва), Музей Баргезе (з 1616, зборы стараж.-грэч. і стараж.-рым. мастацтва), Галерэя Спала (калекцыя жывапісу 17—18 ст.), Галерэя Дорыя-Памфілі (жывапіс Рэнесансу), Нац. галерэя ант. мастацтва, Нац. галерэя сучаснага мастацтва, музеі Ватыкана. Каля 20 тэатраў, у т. л.Рымская опера, «Тэатра ды Рома» і інш.; кінагарадок найбуйн. італьян. кінафірм «Чынечыта».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРУ́Н (англ. Cameroon, франц. Cameroun),
Рэспубліка Камерун (англ. Republic of Cameroon, франц. République du Cameroun), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца водамі зал. Біяфра (ч. Гвінейскага зал.) Атлантычнага ак. Мяжуе на ПнЗ з Нігерыяй, на Пн і ПнУ з Чадам, на У з Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Конга, Габонам і Экватарыяльнай Гвінеяй. Пл. 475,4 тыс.км². Нас. 14677,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мовы — англ. і французская. Сталіца — г.Яўндэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (20 мая).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і аднапалатнаму Нац. сходу (180 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчы орган — Кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, назначаецца прэзідэнтам. На чале правінцый стаяць губернатары, якіх таксама назначае прэзідэнт.
Прырода. Берагі зал. Біяфра на Пн плоскія, з шырокімі эстуарыямі, на Пд скалістыя. Уздоўж узбярэжжа — нізіна шыр. да 150 км з ізаляваным вулканічным масівам Камерун (выш. да 4070 м). Цэнтр.ч. займае плато Адамава выш. 1000—1500 м з конусамі патухлых вулканаў (выш. да 3008 м). Упадзіна Бенуэ аддзяляе нагор’і ад размешчаных на Пн гор Мандара (выш. да 1494 м). На ПнУ — алювіяльныя раўніны ўпадзіны воз. Чад. Большая ч. К. размешчана ў межах выступу Афр. платформы — шчыта Ядэ, складзенага з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў архею, кварцытаў і метавулканітаў ніжняга пратэразою. Карысныя выкапні: баксіты (запасы 1435 млн.т, 1993), жал. руда (240 млн.т), прыродны газ (110 млрд.м³), нафта (71 млн.т). Ёсць радовішчы руд волава, тытану, марганцу, медзі, свінцу, цынку, вальфраму, малібдэну, урану, золата, алмазаў. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя месячная т-ра ад 22 да 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў у раёне воз. Чад 300—500 мм, ва ўнутр. раёнах 1500—2000 мм, на ўзбярэжжы больш за 3000 мм, на схілах масіву Камерун да 10 000 мм (самы вільготны раён Афрыкі). Рачная сетка густая і мнагаводная, рэкі багатыя гідраэнергіяй. Гал. рака — Санага. Каля 40% тэрыторыі займаюць лясы. На Пд вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы, якія на Пн пераходзяць у саванну, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Глебы чырвоныя фералітныя, чырвона-бурыя і чорныя трапічныя. Жывёльны свет разнастайны. У лясах жывуць малпы (камерунская гарыла, шымпанзэ, бабуін); водзяцца афр. сланы, бегемоты, кракадзілы; шмат птушак (больш за 750 відаў), паўзуноў. У саваннах капытныя жывёлы (буйвалы, насарогі, антылопы, жырафы) і драпежнікі (львы, гепарды, леапарды). У прыбярэжных водах шмат рыбы, крабаў, крэветак, лангустаў. Нац. паркі (Бенуэ, Бубанджыда, Ваза) і запаведнікі (Бафія, Джа, Дуала-Эдэа, Кампа і інш.).
Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва належыць да народаў, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. На Пд жывуць народы фанг, бамілеке, мака, дуала і інш.; у лясах на ПдУ — пігмеі бінга, ка і кола; у цэнтр. частцы — чамба, мбуле, гбайя, на Пн — вандала, маса, мусгу, бура і інш. Каля 51% насельніцтва трымаюцца традыц. вераванняў, 33% — хрысціяне, 16% — мусульмане. Сярэдняя шчыльн. 30,9 чал. на 1 км². Найб. заселены зах. і паўд.-зах. раёны краіны. Гар. насельніцтва 46%. Найб. гарады (тыс.ж.): Дуала — 1320, Яўндэ — 1119 (1996), Гаруа — 160, Маруа — 140, Бафусам — 120 (1992). У сельскай гаспадарцы занята 74%, у прам-сці — 11 % працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Археалагічнымі даследаваннямі на Пн К. выяўлены рэшткі матэрыяльнай культуры сярэдняга і верхняга палеаліту. У 8—15 ст.паўн. землі К. ўваходзілі ў склад імперыі Сао. У 16 ст. тут узнік султанат Мандара, у пач. 19 ст. ён заваяваны плямёнамі фульбе, якія ўтварылі некалькі самаст.феад. княстваў — ламідатаў (Маруа, Гаруа, Тыбаты і інш.). У Цэнтр. К. з 17 ст. існавалі дзяржавы Балі (на 3) і Бамум (на У). На Пд К. ў пач. 19 ст. створана дзяржава Дуала. У 1472 у вусці р. Вуры высадзіліся партуг. маракі. У 16—17 ст. галандскія, потым англ., франц. і ням. гандляры заснавалі на ўзбярэжжы К. гандл. факторыі. У 1884 Германія навязала правіцелям узбярэжных раёнаў К. дагавор аб 30-гадовым пратэктараце. У 1-ю сусв. вайну К. акупіраваны франц. і брыт войскамі і падзелены паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (1916). У 1922 Ліга Нацый перадала Усх. К. у мандатнае кіраванне Францыі (90% тэрыторыі), Зах. К. — Вялікабрытаніі. З 1946 абедзве гэтыя часткі падапечныя тэр.ААН з захаваннем кіравання за Францыяй і Вялікабрытаніяй. Уздым нац.-вызв. руху прымусіў кіруючыя дзяржавы правесці тут канстытуцыйныя рэформы.
У 1957 падапечная тэр. К. (франц. кіраванне) абвешчана падапечнай дзяржавай, 1.1.1960 — незалежнай, у сак. 1960 — Рэспублікай К. Першым яе прэзідэнтам выбраны лідэр партыі Камерунскі саюз (засн. ў 1958) А.Ахіджа. Брыт. частка К. ў выніку рэферэндуму 1961 падзелена: Пн далучана да Федэрацыі Нігерыі, Пд — да Рэспублікі К. Была створана Федэратыўная Рэспубліка К. у складзе надзеленых унутр. аўтаноміяй Усходняга і паўд.ч. Заходняга К. Прэзідэнтам стаў Ахіджа. У краіне ўстанавілася аднапарт. сістэма [кіруючая партыя Камерунскі нац. саюз (КНС), засн. ў 1966], Палітыка спалучэння прыватнага, замежнага і дзярж. капіталу з некаторымі элементамі рэгулявання і планавання забяспечыла К. высокія тэмпы эканам. росту. Паступовая уніфікацыя абедзвюх ч. краіны прывяла да стварэння ў выніку рэферэндуму 1972 Аб’яднанай Рэспублікі К. (прынята новая канстытуцыя). У 1982 прэзідэнтам стаў П.Бія. З 1984 краіна наз. Рэспубліка К. У 1985 КНС ператвораны ў Камерунскі нац.дэмакр. рух (КНДР). У снеж. 1990 у краіне ўведзена шматпарт. сістэма. У 1992 на выбарах перамог КНДР, які сфарміраваў кааліцыйны ўрад, на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах — Бія. К. — чл.ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (з 1995). Дзейнічаюць Дэмакр. аб’яднанне камерунскага народа, Нац. саюз за дэмакратыю і прагрэс, Саюз народаў К., Сацыял.-дэмакр. фронт, Дэмакр. саюз К. і інш.Адзіныпрафс. цэнтр — Прафс.арг-цыя працоўных К.
Гаспадарка. К. — агр. краіна, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур (какава, кава, бананы і інш.). У прам-сці пераважаюць галіны па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, лесанарыхтоўчая і дрэваапрацоўчая. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 16,5 млрд.дол. ЗША, па 1200 дол. ЗША на душу насельніцтва. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП — 28%, прам-сці — 25%, сферы паслуг — 47%. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Апрацоўваецца каля 13% тэр. краіны. Гал.харч. культуры: проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, ямс, бананы, батат, арахіс, агародніна, цукр. трыснёг і інш.Асн. экспартныя культуры: какава (пл. 270 тыс.га, збор 70 тыс.т, 1995), кава (340 тыс.га, 100 тыс.т), бавоўна (каля 300 тыс.га, 170 тыс.т), бананы, каўчук, тытунь, чай, алейная пальма. Жывёлагадоўля качавога і паўкачавога кірунку, пераважна на Пн і З краіны. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,9, авечак — 3,8, коз — 3,8, свіней — 1,4. Улоў рыбы ва ўнутр. вадаёмах і прыбярэжных водах у 1993 склаў 80 тыс.т. К. — пастаўшчык на сусв. рынак каштоўнай драўніны жал., чырв., эбенавага, жоўтага і інш. дрэў. Штогод нарыхтоўваецца каля 2 млн.м³ драўніны. Прамысловасць не атрымала значнага развіцця. Здабываюць нафту (каля 8 млн.т, 1995), волава, золата, кіяніт, мармур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 2,7 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС (на р. Санага). Буйныя ЦЭС у гарадах Яўндэ і Гаруа. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіта харч. (перапрацоўка зярнят какавы, ачыстка кавы, алейная, піваварная, мукамольная, цукр., чайная; асн. цэнтры: Яўндэ, Дуала, Эдэа, Гаруа, Маруа, Нкангсамба, Дыбамбары, Мбанджок, Бафусам, Нду). Да традыц. галін належыць дрэваапр.прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, аднаслойнай фанеры, мэблі, запалак, паркету, цэлюлозна-папяровая); асн. прадпрыемствы ў Белаба, Яўндэ, Дуала, Дымака, Мбальмайо, Эсека, Эдэа. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (Дуала, Гаруа, Маруа, Каэле) і гарбарна-абутковая (Нгаўндэрэ, Дуала). Есць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы латэксу (Тыка, Дызанге), вытв-сці буд. матэрыялаў (Дуала, Фігіль), мінер. угнаенняў (Дуала). У г. Эдэа на гліназёме з Гвінеі працуе алюмініевы з-д. Маш.-буд. і металаапр.прам-сць (вытв-сць металаканструкцый і пракату, ручнога с.-г. інвентару, зборка легкавых аўтамабіляў, радыёапаратуры, электратэхн. прыбораў) размешчана ў Дуале і Яўндэ, нафтаперапр.з-д — каля г. Лімбэ. Большая ч.ўнутр. перавозак К. прыпадае на чыгунку. Даўж. чыгункі 1175 км, аўтадарог 64,5 тыс.км. 90 тыс. легкавых і 79 тыс. грузавых аўтамабіляў. Марскія парты: Дуала (каля 90% усяго грузаабароту, краіны), Крыбі, партовы комплекс Тыка—Лімбэ—Бата, Кампа (вываз драўніны). Рачны порт Гаруа. Экспарт 1,2 млрд.дол. ЗША (1994): какава, драўніна, алюміній, бананы, каўчук, абутак. Імпарт 810 млн.дол. ЗША (1994): абсталяванне, аўтамабілі, нафтапрадукты, быт. тэхніка, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Францыя, інш. краіны ЕС, ЗША. Грашовая адзінка — камерунскі франк.
Літаратура. Вытокі л-ры К. ў багатым нар. фальклоры. У пач. 20 ст. склалася арыгінальная пісьменнасць у народа бамум (заснавальнік — правіцель дзяржавы султан Нджоя); на ёй складзены 3 кнігі: гісторыя дзяржавы Бамум, мед. і рэліг. трактаты. Далейшага развіцця гэта пісьменнасць не атрымала. У 1930-я г. з’явіліся творы на мясц. мовах. Сучасная л-ра К. ствараецца пераважна на франц. мове, у меншай ступені на англійскай. Першыя творы на франц. мове адносяцца да 1920-х г. (запісы фальклору, этнагр. нататкі); найб. вядомы пісьменнік І.Мумэ-Этыа. Станаўленне л-ры пачалося ў 1950-я г. — перыяд узбр. супраціўлення каланізатарам. Вастрыня паліт. сітуацыі, усенар. характар барацьбы надавалі паэзіі і прозе рысы грамадзянскасці. Найб. вылучаецца творчасць паэта Э.Эпанья-Іандо (зб. «Камерун! Камерун!», 1960), цесна звязаная з нар. песеннай традыцыяй. У прозе гал. месца заняў сац. раман, накіраваны супраць каланіялізму і аджылых норм патрыярхальнага грамадства (Б.Матып, М.Беці, Ф.Аяно). У 1960-я г.
зарадзілася навела (Р.Філамбэ, Г.Аяно-Мбіа), якая прадоўжыла традыцыі сац.быт. рамана. Разам з асветніцкімі (Філамбэ, Ж.Ж.Макто) і сац.-крытычнымі (Р.Меду Мвамо, П.Ндэдзі-Пенда) тэндэнцыямі прасочваюцца рысы рамант. ідэалізацыі традыц. ўкладу афр. краін (Ф.Бебей). Значных поспехаў дасягнула драматургія (сац.-быт. камедыі Аяно-Мбіа). Найб. вядомы паэт. твор — лірыка-філас. цыкл С.М.Эно-Белінга «Негрыцянскія маскі» (1972).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На Пн краіны выяўлены стараж., выбітыя на скалах, геам. і стылізаваныя выявы жывёл. Традыцыйныя пабудовы — круглыя і прамавугольныя ў плане хаціны з гліны, каменю, бамбуку на драўляным каркасе з канічнымі саламянымі дахамі і конусападобнае жыллё (выш. 6—8 м), вылепленае з гліны. Уваход і сцены ўнутры аздаблялі паліхромным геам. арнаментам. Звонку для аховы ад дажджу рабілі трохвугольныя рубцы, якія складалі своеасаблівы пластычны ўзор. У канцы 19 ст. ўзніклі гарады (Яўндэ, Дуала) з забудовай у духу араб. і еўрап. архітэктуры. З 1950—60-х г. узводзіліся будынкі ў сучасным стылі (арх. Нгодэ, Н.Колінс). Пашыраны разьба па дрэве (мэбля, аздобленая антрапа- і зааморфнымі кампазіцыямі; культавыя слупападобныя статуэткі, ярка размаляваныя і ўпрыгожаныя ракавінамі, бранзалетамі, каралямі, кавалачкамі металу і шкла), кераміка, вышыўка, ліццё з бронзы і інш. Пашыраны выраб масак з цэлага кавалка дрэва, абцягнутых скурай і ярка размаляваных, са скажонымі, экспрэсіўнымі рысамі і сакавітай разьбой. Фарміруецца нац.маст. школа (жывапісцы і скульптары Абасола, Кенфак, Мпанда і інш.).
Літ.:
Ляховская Н.Д. Литература Камеруна // Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камеруна.Да арт.Камерун. Горад Дуала.Да арт.Камерун. Краявід на поўначы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
се́сці, сяду, сядзеш, сядзе; пр. сеў, села; заг. сядзь; зак.
1. Прыняць сядзячае становішча; заняць месца, прызначанае для сядзення. Сесці на лаўку. Сесці за стол. □ Віктар моўчкі сеў і пачаў слухаць.Зарэцкі.Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі.Мележ.Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад.Мурашка./ З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць на характар, асаблівасці такога становішча. Сесці бокам.// Заняць месца, размясціцца дзе‑н. для паездкі. Сесці ў аўтобус. □ Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз’езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць.Колас.Дзед купіў білеты, селі на параход.Лынькоў.
2.зашто, нашто і зінф. Пачаць якую‑н. справу, заняткі, якія звязаны са знаходжаннем у сядзячым становішчы. Сесці за кнігу. Сесці за руль. □ Трэба будзе сесці на трактар, на камбайн — і, калі ласка, сядзем.Кулакоўскі.Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі.Шыцік.Пятрусь сеў за ўрокі.Кавалёў.// Размясціцца на месцы выканання чаго‑н. Сесці ў засаду.//звычайнанашто. Разм. Заняць якое‑н. месца, пасаду, пачаць выконваць якія‑н. абавязкі. А пасля.. [Мінін] сеў на зямельны аддзел.Дуброўскі.[Русаковіч:] Выходзіць, што я сапхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца.Крапіва.
3.Разм. Пасяліцца на пастаянным месцы, заснаваўшы гаспадарку. Сесці на гаспадарцы. □ Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны, а на трох з паловай сядзе ляснік.Чорны.[Верамейчык:] — Няўжо-такі сядзе Грамабойчык на Жагулаўшчыне?Крапіва.// Застацца дзе‑н., не выязджаючы; засесці. Яму ўважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы.Колас.
4. Трапіць у турму, быць пазбаўленым волі. Калі людзі аднаўлялі на руінах і папялішчах разбураныя ворагам сядзібы, .. хутаранец Хамёнак сеў за спекуляцыю народным дабром у астрог.Майхровіч.[Соня] хвалілася, што пасадзіла мужыка, хоць, казалі, сеў сам за растрату.Мыслівец.
5. Абмежаваць сябе ў чым‑н. (звычайна ў ядзе). Сесці на дыету.
6. Наткнуўшыся на перашкоду, спыніцца, засесці. Баржа села на мель.
7. Спыніўшы рух, палёт, спусціцца на што‑н. (пра птушак, насякомых). Прыляцела сінічка і села на адчыненую фортку.Шахавец.Чуваць было толькі, як гудзіць вакол лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці.Лынькоў.// Прызямліцца (пра самалёты, парашутыстаў і пад.). Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў.Зуб.І вось перад усімі людзьмі на дарозе паказаліся немцы. Гэта і быў той самы дэсант, што перад вечарам сеў поблізу.Чорны.
8.Разм. З’явіцца на скуры, выскачыць (аб фурункуле і пад.). Прызнаў.. [Яська] валоў у двор, а там яму кажуць, што захварэў аканом, села яму скула на баку.С. Александровіч.
9. Апусціцца, асесці, паглыбіцца ў зямлю. Дом сеў. Грунт сеў.
10. Апусціцца за гарызонт, зайсці (пра свяцілы). У канцы лагоў сівеў туман, якраз там, дзе села сонца.Пташнікаў.
11. Паменшыцца ад вільгаці; збегчыся (пра тканіны, скуры і пад.). Сукно села. Касцюм сеў.
12.Спец. Замацавацца ў патрэбным становішчы. Платон.., сагнуўшыся, уважліва аглядаў, ці добра ў пазу села жардзіна.Ракітны.
13.Разм. Страціць сілу, напружанне, стаць слабейшым (пра электрычны ток, пару і пад.). У кутку.. стаяў радыёпрыёмнік, адзіны ў лагеры. Ён не працаваў ужо два тыдні — селі акумулятары.Шамякін.// Затупіцца (пра рэзальныя інструменты). Разец сеў.// Стаць больш нізкім, хрыплым (пра голас). — Ведаеце што, — голас [Гелены] сеў. — Не ідзіце нікуды.Караткевіч.
•••
Верхам сесцінакаго; сесці на галавукаму — падпарадкаваць каго‑н. сабе, прымусіць выконваць свае капрызы; камандаваць кім‑н.
На тым самым месцы сесці; на тым жа суку сесці — нічога не дамагчыся, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў.
Ні села ні пала — без падставы, без выяўнай прычыны, нечакана.
Ні стаць ні сесцігл. стаць.
Сесці макам — а) спыніць або перапыніць надоўга свой рост, развіццё. [Мужчына:] — Пасеялі мы летась кукурузу. У адным месцы яна ўзышла і расла нішто сабе, а ў другім як выткнулася, так і села макам — жоўтая, чэзлая.Палтаран; б) пацярпець крах, няўдачу. [Атрошчанка:] — Як раён скасавалі, то і сеў [Рогаль] макам.Навуменка; в) загінуць, прапасці. [Сырамалот:] — На яблынях завязь ужо макам села. Як не дасць бог дажджу, дык і ўсё макам сядзе.Сабаленка.
Сесці (уссесці) на карак (шыю)каму — а) стаць утрыманцам каго‑н., абцяжарваючы яго гэтым. [Лабановіч:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам [сялянам] на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе, чыніць несправядлівасці.Колас; б) падпарадкаваць сабе, паставіць у поўную залежнасць ад сябе. [Вера:] — Дай яму, другому, волю, дык ён табе на шыю сядзе...Пальчэўскі.
Сесці (напасці, трапіць) на лаву падсудных — пайсці пад суд.
Сесці на мель — а) страціць здольнасць рухацца (пра судны); б) папасці ў вельмі цяжкае становішча.
Сесці на пятыкаму — дагнаць, насцігнуць каго‑н., праследуючы або проста рухаючыся за кім‑н.
Сесці на свайго канька — пачаць гаварыць, разважаць доўга, падрабязна, шматслоўна.
Сесці на хлебчый — перайсці на ўтрыманне каго‑н.
Сесці не ў свае сані — узяцца не за сваю справу.
Сесці ў лужыну (у галош) — пацярпець няўдачу, апынуцца ў няёмкім, смешным становішчы.
Чорт сеўнакагогл. чорт.
Як старой бабе сесці — вельмі мала (звычайна да рэвалюцыі гаварылася пра наяўнасць зямлі ў селяніна). Зямля нават была і не кепская, але калі яе гэтулькі, як старой бабе сесці.Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст.маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.
Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.
Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн.маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.Караваджа, збудаваннях Дж.Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.Берніні, арх. Ф.Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Я.Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б. дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.Сурбарана, скульптуры Х.Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах і І.Л.Гільдэбрант, мастак Ф.А.Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.М.Фішэр, І.Б.Нейман, А.Шлютэр, М.Д.Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл.«Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац.рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.Веласкес у Іспаніі, Ф.Халс, Я.Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.Растрэлі, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.К.Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.
На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл.Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.К.Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).
У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд.Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст.бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш.Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл.Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.
Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.
Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.Таса і Дж.Марына, «Пентаметр» Дж.Базіле; у Германіі — трагедыі А.Грыфіуса і Д.Лоэнштайна, лірыка П.Флемінга, раман Г.Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.Боманта, Дж.Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.А.Морштына, В.Патоцкага; у Расіі — М.В.Ламаносава, В.К.Традзякоўскага.
У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст.Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.
Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.
Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш.еўрап. краін, асабліва Германіі: ням.нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.Шутца ў Германіі і Г.Пёрсела ў Англіі).
На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц.нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак».
Тэатр. У еўрап.тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.
У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст.англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац.літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян.камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц.т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.
Бел.тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;
Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;
Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Да арт.Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.М.Фішэр. 1748.Да арт.Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.Да арт.Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.Да арт.Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.Да арт.Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.Да арт.Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Манстранц. 1783.Да арт.Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1877Да арт.Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.Да арт.Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.