КЛА́ЎЗЕВІЦ ((Clausewitz) Карл фон) (1.6.1780, Бург, каля г. Магдэбург, Германія — 16.11.1831),
нямецкі ваен. дзеяч, тэарэтык і гісторык. Ген.-м. прускай арміі (1818). На вайск. службе з 1792. Удзельнік войнаў з Францыяй 1793—94, 1806—07, 1812—15 (у 1812—14 на рас. службе; у вайну 1812 удзельнічаў у баях на тэр. Беларусі, у т. л. пад Астроўнам). У 1818—30 дырэктар ваен. вучылішча ў Берліне. Гал. праца — гіст. даследаванне «Аб вайне» (т. 1—3, выдадзена пасмяротна ў 1832—34, бел.пер. 1933—34). Устанавіў сувязь вайны з палітыкай («вайна ёсць працяг палітыкі іншымі сродкамі»), шэраг стратэг. прынцыпаў, неабходных для дасягнення перамогі, вырашаў праблемы суадносін наступлення і абароны, падкрэсліваў значэнне маральнага духу арміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КТО́РАЎ (Анатоль Пятровіч) (24.4.1898, Масква — 30.9.1980),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1963). Працаваў у Маскве (з 1917) у т-ры імя В.Ф.Камісаржэўскай, з 1920 у т-ры Корша, з 1933 у МХАТ. Мастацтву К. былі ўласцівы завершанасць пластычнага малюнка ролі, абаяльнасць, элегантнасць, тонкі гумар. Майстар вострахарактарных роляў. Сярод лепшых работ у МХАТ: Сэм Уэлер («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Джозеф («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), Како («Плады асветы» Л.Талстога), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці), Шарвінскі («Дні Турбіных» М.Булгакава), Суслаў, Мікалай Скарабагатаў («Дачнікі», «Ворагі» М.Горкага). Здымаўся ў кіно: «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Свята святога Іаргена» (1930), «Беспасажніца» (1937), «Вайна і мір» (1966—67), «Пасол Савецкага Саюза» (1970) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭМП-ДЭ́ВІДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1978,
комплекс пагадненняў паміж Ізраілем і Егіптам пры пасрэдніцтве ЗША аб мірным урэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту. Падпісаны 17 вер. ў загараднай рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША Дж.Картэра ў Кэмп-Дэвідзе (адсюль назва) прэзідэнтам Егіпта А.Садатам, прэм’ер-міністрам Ізраіля М.Бегінам і Картэрам (сведка). Прадугледжвалі наданне абмежаванага самакіравання арабам-палесцінцам з Зах. берага р. Іардан і сектара Газа, заключэнне егіпецка-ізраільскага сепаратнага мірнага дагавора (падпісаны ў Вашынгтоне 26.3.1979 на ўмовах вываду ізраільскіх войск з Сінайскага п-ва, куды часова ўводзіліся войскі ЗША і краін НАТО). За гэтыя пагадненні Садату і Бегіну прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1978. К.-д.п., падпісаныя без удзелу Арганізацыі Вызвалення Палесціны, не былі прызнаны ААН, большасцю араб. краін, тагачасным кіраўніцтвам СССР і ў Палесціне фактычна не выконваліся, аднак палепшылі егіпецка-ізраільскія адносіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАЧЭ́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (1.12.1792, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.2.1856),
расійскі матэматык, стваральнік неэўклідавай геаметрыі. Скончыў Казанскі ун-т (1811), дзе і працаваў з 1811 (з 1827 рэктар), з 1846 памочнік папячыцеля Казанскай навуч. акругі. Навук. працы па алгебры, геаметрыі, матэм. аналізе, механіцы, фізіцы і астраноміі. Распрацаваў метад лікавага набліжанага рашэння алг. ураўненняў, даў агульнае вызначэнне функцыі, вызначыў розніцу паміж неперарыўнасцю і дыферэнцаванасцю функцый. Адкрыў новую геам. сістэму (1826, апубл. 1829—30) — адну з неэўклідавых геаметрый — Лабачэўскага геаметрыю. Адкрыццё Л., што не атрымала прызнання сучаснікаў, пазней карэнным чынам змяніла ўяўленні аб прыродзе прасторы, у аснове якіх больш за 2 тыс. гадоў ляжала вучэнне Эўкліда, і зрабіла вял. ўплыў на развіццё матэм. мыслення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВА́ЛЬ ((Laval) П’ер) (26.6.1883, Шатэльдон, Францыя — 15.10.1945),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Адвакат. Дэп. парламента (1914—26), сенатар (1927—40). Міністр грамадскіх работ (1925), юстыцыі (1926), працы (1930, 1932), калоній (1934), замежных спраў (1932, 1934—35, 1935—36) і прэм’ер-міністр Францыі (1931—32, 1935—36). Ад імя Францыі падпісаў Лаваля—Мусаліні пагадненні 1935, пакты аб узаемадапамозе з СССР (2.5.1935) і Чэхаславакіяй (16.5.1935). У 2-ю сусв. вайну дзярж. міністр ва ўрадзе А.Ф.Петэна (чэрв.—ліп. 1940), нам. прэм’ер-міністра (ліп.—снеж. 1940), міністр замежных спраў (кастр.—снеж. 1940) і прэм’ер-міністр урада «Вішы» (1942—44). З канца 1944 у Германіі. У 1945 перададзены амер. вайскоўцамі ўладам Францыі, засуджаны і пакараны смерцю як галоўны франц.калабарацыяніст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́МБЕРТ ((Lambert) Іаган Генрых) (26.8.1728 г. Мюльгаўзен, Германія — 25.9.1777),
нямецкі вучоны, адзін са стваральнікаў фотаметрыі. Чл. Берлінскай АН (1765). Па паходжанні француз. Навук. працы па матэматыцы, фізіцы, астраноміі і філасофіі. Даказаў ірацыянальнасць ліку π, распрацаваў лагічнае злічэнне, чым прадугадаў многія ідэі алгебры логікі. У трактаце «Фотаметрыя, ці Аб вымярэннях і параўнаннях святла, колераў і ценяў» (1760) устанавіў асн. фотаметрычныя заканамернасці і закон паглынання святла (гл.Бугера—Ламберта—Бэра закон, Ламберта закон). Развіў тэорыю іерархічнай будовы Сусвету і выказаў ідэю стварэння універсальнай мовы знакаў. У яго гонар названа адзінка яркасці — ламберт.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 161—164;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 207—209.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЯ ФАТАГРА́ФІЯ,
аптычны відарыс, які захоўваецца і перадаецца ў лічбавай форме; працэс атрымання такога відарыса з дапамогай, напр., лічбавага фотаапарата. Адносіцца да мультымедыйных сродкаў захоўвання і апрацоўкі інфармацыі (гл.Мультымедыя).
Аптычны відарыс аб’екта здымкі праектуецца ў лічбавым фотаапараце на ПЗС-матрыцу, дзе пераўтвараецца ў эл. сігнал, які запісваецца ў лічбавай форме ў блок памяці апарата. Знятыя відарысы можна праглядаць на ўбудаваным дысплеі, праводзіць іх апрацоўку (гл.Лічбавая апрацоўка відарысаў), напр., з дапамогай убудаванага працэсара рабіць мантаж і спец. эфекты, спалучаць асобныя кадры ў панараму, дадаваць звесткі аб умовах і часе здымкі, тэкставыя або гукавыя каментарыі. Лічбавы фотаапарат можна далучыць да камп’ютэра ці інш. канала сувязі з мэтай перадаць (ці атрымаць) відарысы, правесці іх далейшую апрацоўку, раздрукаваць на прынтэры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ ((Lwoff) Андрэ Мішэль) (8.5. 1902, Алье, Францыя — 1994),
французскі генетык і мікрабіёлаг. Чл.Франц.АН (1977). Замежны чл.АМНСССР (1967), Нац.АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Прэзідэнт міжнар. асацыяцыі мікрабіял. т-ваў (1962—70). Сын эмігрантаў з Расіі. Скончыў Парыжскі ун-т (1921). З 1921 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы, з 1959 праф. Парыжскага ун-та, з 1969 дырэктар Нац. ін-та даследаванняў раку. Навук. працы па роставых фактарах мікробаў, фізіялогіі вірусаў, індукцыі і рэпрэсіі ферментаў. Даказаў (разам з А.Гутман) спадчынную прыроду лізагеніі, адкрыў здольнасць ультрафіялетавых прамянёў індуцыраваць развіццё прафага; зрабіў уклад у вучэнне аб латэнтных вірусных інфекцыях. Яго даследаванні пакладзены ў аснову тэорыі рэгулявання сінтэзу бялку. Нобелеўская прэмія 1965 (разам з Ф.Жакобам і Ж.Мано).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯПЛЕ́ЎСКІ (Рыгор Майсеевіч) (1.5. 1889, г. Брэст — 1939),
савецкі дзярж. дзеяч. Скончыў Кіеўскі камерцыйны ін-т (1915). 3 мая 1917 чл. Палескага к-таРСДРП(б), потым выканкома Гомельскага Савета. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначальваў ВРКг. Гомель. Дэлегат Дэмакр. нарады 1917, II (1917) і III (1918) Усерас. з’ездаў Саветаў. 3 сак. 1918 нам. старшыні Самарскага губвыканкома і гар. Савета. 3 мая 1920 заг. аддзела НКУС. З 1921 чл., старшыня Малога Саўнаркома, адм.-фін. камісіі СНКСССР. З 1934 нам. пракурора СССР. Чл.ЦВКСССР. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Аўтар успамінаў «Аб рабоце У.І.Леніна ў Саўнаркоме ў 1921—1922 гг.» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АЛЯКСА́НДРАЎСКІ ПАЛА́Ц, дом Пасекавай. Існаваў у канцы 18—19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1780 у стылі класіцызму як рэзідэнцыя Кацярыны II (у Магілёве адбылася яе сустрэча з аўстр. імператарам Іосіфам II). Драўляны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з паўпадвальным паверхам, накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад быў багата аздоблены: вял. прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі і сандрыкамі, яго вылучалі 3 рызаліты: цэнтральны завяршаўся франтонам, бакавыя ўпрыгожаны пілястрамі дарычнага ордэра, прафіляваным карнізам з трыгліфным фрызам. У 1808 палац заняпаў. У 1815 зроблены яго натурны чарцёж (захавалася тагачаснае хадайніцтва аб перадачы будынка Віленскаму ун-ту і стварэнні ў ім губ. гімназіі). Палац пазначаны на генплане горада 1842.
В.Ф.Марозаў.
Магілёўскі Аляксандраўскі палац. Чарцёж галоўнага фасада.