ВО́ЛЬХА (Alnus),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 40 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі, таксама ў гарах Паўд. Амерыкі (Анды). Ва ўмераных шыротах утварае альховыя лясы. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вольха чорная, або клейкая (Alnus glutinosa), утварае чорнаальховыя лясы; у паўн. ч. — вольха шэрая, або белая (Alnus incana), якая мае ў цэнтр. ч. рэспублікі паўд. мяжу суцэльнага пашырэння, утварае другасныя (вытворныя пасля яловых) шэраальховыя лясы. Зрэдку трапляецца гібрыд паміж гэтымі відамі — вольха апушаная (Alnus pubescens). У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 14 відаў і формаў вольхі (барадатая, пушыстая, сібірская, японская, цвёрдая, чырвоная, камчацкая і інш.).

Аднадомныя лістападныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты. Лісце круглаватае, эліптычнае або адваротнаяйцападобнае, цэласнае (у садовых формаў бывае рассечанае). Тычынкавыя кветкі падоўжаныя, звіслыя, у каташках; песцікавыя — у «шышачках», летам зялёных, шчыльных, пры выспяванні чорна-бурых, дравяністых, якія ператвараюцца ў суплоддзі. Плады — аднанасенныя арэшкі з 2 перапончатымі крылцамі. На каранях часта ўтвараюцца клубеньчыкі з азотфіксавальнымі бактэрыямі. Тэхн. (драўніна выкарыстоўваецца ў вытв-сці мэблі, фанеры, тары, як буд. матэрыял), лек. (суплоддзі і кара вяжучы, кроваспыняльны і процізапаленчы сродак), дубільныя, фарбавальныя, дэкар., меліярацыйныя (глебапаляпшальныя) расліны.

Вольха чорная.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЕНЬ,

пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд.сак., крас., май (гл. Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.

На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ЗВА́РКА,

зварка з награваннем металаў або пластмас токамі высокай частаты. Адрозніваюць высокачастотную зварку металаў ціскам і плаўленнем, бесперапынна паслядоўную (зварным швом) і адначасовую, з індукцыйным або кантактным (найб. пашырана) падводам току.

Пры зварцы швом створанае токам высокачастотнае магнітнае поле пранікае ў прамежак паміж краямі вырабаў, якія аплаўляюцца і сціскаюцца. Скорасць зваркі да 1 м/с і болей, рабочыя частоты 0,01, 0,44 і 1,76 МГц. Гэтым спосабам зварваюць сплавы жалеза, алюмінію, медзі і інш. (пры вытв-сці труб, кабеляў, бэлек, злучэнні лістоў, стужак і г.д.). Індукцыйная высокачастотная зварка заключаецца ў глыбінным індукцыйным нагрэве тарцоў вырабаў і іх сцісканні. Выкарыстоўваецца для злучэння малавугляродзістых і нізкалегіраваных сталей (пры стыкоўцы труб, дзе захоўваецца ўнутр. сячэнне). Пры высокачастотнай зварцы плаўленнем тарцы загатовак сумесна аплаўляюць спец. індуктарам. Такім спосабам робяць карпусы метал. вырабаў, злучаюць трубы з лістамі. Пры высокачастотнай зварцы пластмас іх награюць у пераменным эл. полі рабочага кандэнсатара (гл. Дыэлектрычны нагрэў), які служыць і зварачным прэсам. Так атрымліваюць вырабы з ліставых і плёначных тэрмапластыкаў.

Высокачастотная зварка трубы з індукцыйным (а) і кантактным (б) падводам току: 1 — магнітаправод; 2 — загатоўка; 3 — індуктар; 4 — валок зварачнай клеці; 5 — месца зваркі; 6 — разец для зняцця выцесненага металу; 7 — зварачны кантакт.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА,

комплекс археал. помнікаў (гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, банцараўскай культуры, 9—11 і 17—19 ст., селішча 9—11 ст., 2 курганныя і бескурганны могільнікі) каля в. Гарадзішча Мінскага р-на. Гарадзішча складалася з 3 умацаваных пляцовак (пл. 1,3 га). Да 2-й пал. 11 ст. як цэнтр акругі паміж рэкамі Нёман і Пціч кантралявала гандл. шлях з Балтыйскага м. да Чорнага. Сярод знаходак кераміка з клеймамі ў выглядзе знака Рурыкавічаў (трызубец), паўд. амфары, жорны, пацеркі-лімонкі (10—11 ст.), манеты, вырабы з жалеза, ганчарны посуд (17—19 ст.). Курганныя могільнікі з трупапалажэннем з’яўляюцца рэшткамі некропаля. На селішчы выяўлена больш за 80 гасп. ям, рэшткі майстэрні па вырабе прасліц з ружовага шыферу. Бескурганны могільнік з трупапалажэннем; сярод знаходак касцяныя шахматная фігурка каня і пісала, металічныя ўпрыгожанні. На думку некаторых даследчыкаў, на археал. комплексе першапачаткова размяшчаўся стараж. г. Менск, які атрымаў назву ад р. Мена (Менка), і папярэднічаў узнікненню ўмацаванага замчышча на р. Няміга.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Гарадзішча (Мінскі раён). Агульны выгляд малой пляцоўкі гарадзішча.
Шкляныя і сердалікавыя пацеркі 10 ст. з паселішча Гарадзішча (Мінскі раён).
Жалезныя ключ, ножык і пярсцёнкі з селішча Гарадзішча (Мінскі раён).

т. 5, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФІК,

адлюстраванне залежнасці адной велічыні ад другой (напр., пройдзенага шляху ад часу).

1) Графік функцыігеам. адлюстраванне функцыянальнай залежнасці з дапамогай лініі на плоскасці. Выгляд графіка залежыць ад характару функцыі і выбранай сістэмы каардынат (дэкартавай, палярнай, лагарыфмічнай або інш.). Некаторыя графіка функцыі маюць назву: акружнасць, гіпербала, дэкартаў ліст, ланцуговая лінія, завіток Аньезі, парабала і г.д. Паказвае характар змен функцыі (гл. Гістаграма, Дыяграма), а таксама дазваляе вылічыць яе значэнне па зададзеным значэнні аргумента (гл. Графічныя вылічэнні, Намаграма, Намаграфія). Існуюць прылады, якія аўтаматычна запісваюць графік, напр. графапабудавальнік вычэрчвае графік функцыі, зададзенай аналітычна або таблічна; барограф — графік атм. ціску як функцыю часу.

2) Графік руху на транспарце — план арганізацыі працэсу перавозак. Складаецца ў графічнай або таблічнай формах. Будуецца звычайна ў каардынатах «шлях — час»: па адной восі адкладваюць час (суткі, гадзіны, мінуты), а па другой — адлегласць паміж пунктамі (станцыі, порты, аэрапорты і інш.). Забяспечвае рытмічную работу рухомага саставу на лініі, узгадняе работу розных відаў транспарту, прадпрыемстваў і кліентаў (напр., флот — порт — чыгунка — станцыя) і г.д. 3) Вытворчы графік — каляндарны план выпуску прадукцыі прадпрыемствам ці яго асобнымі падраздзяленнямі. Гл. таксама Графік цыклічнасці.

Графік у палярных каардынатах: дыяграма накіраванасці сілы святла розных тыпаў свяцільняў.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЫЙ БАЛГА́РЫН (?, Балгарыя — 1472 або 1473),

царкоўны дзеяч ВКЛ, адзін з першых прыхільнікаў уніі з каталіцкай царквой. Вучань і паплечнік мітрапаліта Ісідара. Пасля заключэння Фларэнційскай уніі 1439 разам з ім уцёк з Масквы ў Рым, з 1452 у Канстанцінопалі. У 1458 пасвячоны канстанцінопальскім патрыярхам-уніятам Грыгорыем Мамам у мітрапаліта 9 зах. епархій Рус. правасл. царквы з тытулам архіепіскапа кіеўскага, літоўскага і Ніжняй (Малой) Русі з рэзідэнцыяй у Навагрудку. Такі тытул сведчыў аб прэтэнзіях мітрапаліта на кананічную ўладу над усёй тэр. б. Кіеўскай Русі. Не згаджаючыся з гэтым, мітраполія ў Маскве ў 1459 стала афіцыйна наз. не кіеўскай, а маскоўскай. Падзел паміж дзвюма цэрквамі стаў канчатковым. Прызнаючы Грыгорыя Балгарына мітрапалітам, духавенства і вернікі ВКЛ саму унію не прынялі. У 1469 Грыгорый Балгарын звярнуўся да Канстанцінопальскай патрыярхіі з адмовай ад уніі і з просьбай зацвердзіць яго ў сане правасл. архірэя. У 1472 патрыярх Дыянісій зацвердзіў Грыгорыя Балгарына як мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі. Правасл. царква ВКЛ і Галіцыі (у складзе Польскага каралеўства) атрымала поўнае кананічнае прызнанне. Грыгорый Балгарын лічыцца аўтарам шэрагу літ.-царк. твораў. Памёр і пахаваны ў Навагрудку.

В.​В.​Антонаў.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптаэлектронікі, які вывучае аптычныя з’явы ў тонкіх слаях празрыстых матэрыялаў, распрацоўвае прынцыпы і метады стварэння яе элементарнай базы. Узнікла ў 1960-я г. на стыку электронікі, лазернай тэхнікі і класічнай оптыкі. Элементы І.о. выкарыстоўваюцца для стварэння аптычных ліній сувязі (гл Аптычная сувязь), аптычных сістэм апрацоўкі і перадачы інфармацыі, у аптычных камп’ютэрах і інш.

Да І.о. адносяць прылады і прыстасаванні, дзе традыцыйныя правады і кабелі заменены на аптычныя хваляводы, звычайныя электронныя схемы — на аптычныя інтэгральныя схемы, розныя элементы якіх размешчаны на агульнай падложцы і злучаны паміж сабой танкаплёначнымі аптычнымі хваляводамі. Хваляводы ўяўляюць сабой празрыстыя плоскапаралельныя пласцінкі (ці слаі) з паказчыкам пераламлення большым, чым у падложцы і навакольным асяроддзі. Іх атрымліваюць высокачастотным распыленнем дыэлектрыкаў, дыфузіяй, іонным абпрамяненнем (імплантацыяй) і інш.

На Беларусі даследаванні па І.о. вядуцца з 1972 у Ін-це прыкладной оптыкі (пад кіраўніцтвам А.М.Ганчарэнкі), у Ін-це электронікі Нац. АН і інш.

Літ.:

Гончаренко А.М., Редько В.П. Введение в интегральную оптику. Мн., 1975;

Гончаренко А.М., Карпенко В.А. Основы теории оптических волноводов Мн., 1983;

Хансперджер Р. Интегральная оптика. Теория и технология: Пер. с англ. М., 1985.

А.​М.​Ганчарэнка.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inflatio уздуцце),

працэс абясцэнення грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні, зніжэнне іх пакупной здольнасці; наяўнасць у сферы абарачэння лішку грошай, не забяспечаных ростам таварнай масы. Адбываецца ў выніку празмернай эмісіі грошай, празмернага попыту на розныя тавары (І. попыту), апярэджванне росту зарплаты і цэн на рэсурсы (І. выдаткаў), нізкага курса нац. валюты, дэфіцыту бюджэту і інш. Прыводзіць да зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, пагаршае жыццёвыя ўмовы служачых, пенсіянераў і інш. катэгорый грамадзян, чые даходы фарміруюцца з бюджэту, абясцэньвае зберажэнні; у вытворцаў знікае зацікаўленасць у стварэнні якасных тавараў і г.д. Калі І. складае каля 2—3% за год, яе лічаць «мяккай», яна не патрабуе прыняцця значных мер. Высокія тэмпы яе росту сведчаць пра гіперінфляцыю і крызіс у эканоміцы. Так, у Рэспубліцы Беларусь цэны ў 1994 выраслі ў 23,2 раза, у 1995 — у 8,1 раза. І., балючая для крэдытораў, можа быць спрыяльнай для бізнесу, бо прыносіць прадаўцу дадатковы прыбытак: за час паміж заказам тавараў і іх фактычным продажам цэны вырастаюць. Нейтралізаваць І. можна рэгуляваннем цэн і аплаты працы, аздараўленнем фін. сістэмы, стрымліваннем крэдытнай экспансіі, узмацненнем жорсткасці эмісіі грошай, індэксацыяй даходаў, удасканаленнем гасп. механізму і інш. Адзін з паказчыкаў І. — індэкс цэн.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (італа-раманская падгрупа). Найб. блізкая да лацінскай мовы. Афіц. мова Італіі, Ватыкана (разам з лац. мовай), Сан-Марына і Швейцарыі (разам з франц., ням., рэтараманскай). Пашырана таксама ў ЗША, Германіі, Аргенціне, Францыі, Бельгіі і інш.

Развілася з нар. латыні пасля падзення Рым. імперыі. Мае 3 групы дыялектаў: паўн. (п’емонцкі, лігурыйскі, ламбардскі, эмільянскі, венецыянскі), цэнтр. (тасканскі, умбрскі, рым., карсіканскі) і паўд. (неапалітанскі, абруцкі, анулійскі, калабрыйскі, сіцылійскі), якія вельмі розняцца паміж сабой, асабліва ў фанетыцы і лексіцы.

Асн. асаблівасці: у фанетыцы ўсе словы канчаюцца на галосны гук, пад націскам адрозніваюцца 7 галосных, шэраг дыфтонгаў, частыя спалучэнні па некалькі галосных, вымаўленне гукаў выразнае і напружанае; у марфалогіі — грамат. значэнне асобы, ліку, часу, ладу выражана флексіяй дзеяслова, сістэма часоў індыкатыву складаецца з 4 простых і 4 складаных форм; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі (судовыя тэксты) адносяцца да 10 ст. Літ. мова пачала складвацца ў 13 ст. на аснове тасканскага дыялекту, вял. роля ў яе фарміраванні належыць творам Дантэ, Ф.​Петраркі, Дж.​Бакачыо. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Бурсье Э. Основы романского языкознания: Пер. с фр. М., 1952;

Алисова Т.Б., Черданцева Т.З. Итальянский язык. М., 1962.

В.​У.​Мартынаў.

т. 7, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕВЫХ МО́РА, Сібірскае, Нордэншэльда,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., каля паўн. ўзбярэжжа Усх. Сібіры, паміж п-вам Таймыр, а-вамі Паўн. Зямля і Новасібірскімі. На З пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырв. Арміі злучаецца з Карскім м., на У пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усх.-Сіб. морам. Пл. 662 тыс. км². Размешчана ў межах мацерыковай водмелі, якая на Пн стромка абрываецца да ложа акіяна. Пераважаюць глыбіні да 50 м, найб. глыб. 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Буор-Хая, Янскі. Найб. астравы: Вял. Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастр. да ліп. ўкрыта лёдам; на Пд шырокі прыпай, на Пн плывучыя льды. Сярэдняя т-ра вады на паверхні летам у цэнтр. ч. мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пд да 34‰ на Пн. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Л.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Тыксі. Названа ў гонар рус. палярных даследчыкаў 18 ст. Дз.Я.Лапцева і Х.П.Лапцева.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)