дваі́цца, двоіцца; незак.
1. Раздзяляцца надвое; раздвойвацца. Нітка пачала дваіцца. След двоіцца. // Быць накіраваным адначасова на два прадметы (пра думкі, пачуцці і пад.). Думка стала дваіцца. □ Пачуцці яе дваіліся: так хацелася, каб муж паехаў да сына, але не менш хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся на працу. Шамякін.
2. Здавацца падвойным; падвойвацца (пра зрокавыя ўспрыманні). Варта было доўга паглядзець на што-небудзь, як яно пачынала дваіцца, расплывацца. Хомчанка.
3. Зал. да дваіць.
•••
Дваіцца ў вачах (звычайна безас.) — тое, што і дваіцца (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзіра́, ‑ы; мн. дзіры; ж.
1. Вялікая дзірка (у 1 знач.); тое, што і дзірка. — Падай мне які-небудзь кол, а я ім здолею развярнуць дзіру так, што нават і сам улезу. Маўр. Пашчапала мачты вірам, Баржа знемагала. Трум праз шчыліны і дзіры Вада залівала. А. Александровіч.
2. Тое, што і дзірка (у 2 знач.). Штрыпке бездапаможна схапіўся за галаву і праклінаў увесь свет і сваю прафесію, праз якую ён трапіў у гэту.. дзіру, як называў ён падуладныя яму дэпо і станцыю. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няспе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не дасягнуў спеласці, не з’яўляецца спелым. Мы патрапілі на .. імхі з няспелымі чырвона-белымі журавінамі. Бядуля. Дыхнуў ветрык, і ціха загаманілі няспелыя каласкі. Федасеенка.
2. перан. Які не дасягнуў поўнага развіцця, сталасці. Даруйце ім іхнюю віну, старыя дубы, — яна ад маладой крыві і няспелага розуму. Навуменка. // Які сведчыць аб нявопытнасці, недастатковым майстэрстве; недасканалы. Няспелая думка. □ Пасля вайны, вярнуўшыся дахаты, Хто-небудзь, можа, знойдзецца такі, Хто роднай Беларусі ў часе свята Аддасць мае няспелыя радкі. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памо́л, ‑у, м.
1. Раздрабненне, ператварэнне зерня ў муку. Увесь час, пакуль цягнуўся памол, завознікі і млынар не абмовіліся і словам. Моўчкі цягалі мяхі, моўчкі засыпалі, моўчкі пускалі ваду. Караткевіч. / Аб раздрабненні солі, камення і інш. У шаравых млынах 18 гадзін цягнецца памол матэрыялаў, якія ідуць на выраб фарфору. «Беларусь». // Спосаб, якасць раздрабнення зерня. Мука простага памалу. Мука мяккага памолу.
2. Змолатае збожжа; мліва. [Вясной] бацька ішоў да якога-небудзь багатага суседа і прасіў пазычыць пуд мукі.. [У млынара Хаіма] заўсёды было ў запасе рознага памолу. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парыва́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. парываць.
2. Імкненне да чаго‑н., жаданне, намер што‑н. зрабіць. Сцёпка ў няясным парыванні яшчэ неразгорнутых маладых крыл[аў] адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас. У гэтым новым пачуцці былі тая ж удзячнасць і тыя ж парыванні, не менш пяшчоты, чым раней, але з’явілася нейкая дзіўная адказнасць. Шамякін.
3. Тое, што і парыў (у 2 знач.). Пад парываннямі ветру дрэвы шумяць панура, ківаюцца і ківаюцца, наганяючы беспрытульнасць. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак., чым.
Добраахвотна пазбавіць сябе чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. на карысць каго‑, чаго‑н. І ўжо сама гэтая бескампраміснасць і паслядоўнасць у адстойванні сваіх намераў, немагчымасць паступіцца самай малой часцінкай праўды, схібіць хоць бы ў прыватных рэчах пэўным чынам гарантуюць лірычнага героя ад дробязнасці. Бугаёў. Для блізкага чалавека Іван можа нават і паступіцца чым-небудзь, а калі гэты чалавек яшчэ хоць трохі для чаго карысны, то яму Тхорык можа і зорку з неба дастаць. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́месь, ‑і, ж.
Не галоўны, дадатковы элемент у складзе чаго‑н.; дамешак. Ачысціць насенне ад прымесей. □ Прымесь дуба ў лясах поўначы БССР складае ўсяго 0,2–0,4%. Прырода Беларусі. Але і фізічны, і хімічны аналізы не паказалі якіх-небудзь шкодных для чалавека прымесей у наваколлі. Шыцік. // перан. Разм. Дадатак да чаго‑н. Даследчык устанаўлівае, што гэта была ў сваёй аснове беларуская літаратурная мова XVI ст. з прымессю да яе стараславянскіх і чэшскіх слоў. Алексютовіч. Прымесь гаркаватага скепсісу адчувалася дзе-нідзе ў творах [паэта]. Перкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разагна́цца, разганюся, разгонішся, разгоніцца; зак.
1. Павялічваючы скорасць свайго руху, давесці яе да найбольшай велічыні. Вось.. [бусел] трошкі разагнаўся, узмахнуў разы тры крыламі, і паволі падняўся ў паветра. Васілевіч. [Вадзімку] тут не было дзе і пабегаць. Толькі разгоніцца, а перад ім лава, ці ўслон, ці палаці. Сабаленка.
2. Захапіцца сваім заняткам, увайсці ў азарт. Гледзячы на гэтую Бабейкаву сядзібу, Ваўчок не любаваўся яе раскошай, а з трывогай думаў: «Ох і разагнаўся чалавек!» Хадкевіч.
•••
Не разгонішся — пра немагчымасць зрабіць што-небудзь у існуючых абставінах, умовах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увекаве́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго-што. Зрабіць навекі памятным, захаваць у памяці нашчадкаў. Увекавечыць памяць герояў. Увекавечыць падзеі ў творах мастацтва. □ Як мне выказаць шчыра Падзяку табе, Як аддзячыць за тое, Што ў момант суровы Для Купалы Прытулак знайшоў ты ў сябе І што ты ўвекавечыў Купалава слова? Аўрамчык.
2. што. Захаваць назаўсёды, навечна; садзейнічаць даўгавечнасці чаго‑н. [Нарыновіч:] — За мяжою, там які-небудзь Ракфелер ці Форд добра ведае, кім павінен быць яго пераемнік .. Выхоўвае ўласную падмену, каб увекавечыць сваю дынастыю. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хны́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Жаласна плакаць, утвараючы адрывістыя насавыя гукі. Леначка крывіла губкі, хныкала, але зноў цэлілася на калені. Дуброўскі. Аднаму хлапчуку, які адарваў адзінае вуха ў плюшавага мядзведзя, [Яўсейчык] паспеў ужо даць кухталя, і малы паціху хныкаў у кутку. Даніленка.
2. перан. Скардзіцца на што‑н.; наракаць. Уладзік, даведаўшыся, што без яго вырашана, каму ісці заўтра ў лес, пачынаў хныкаць: — Усё мне ды мне пасвіць... С. Александровіч. [Чыжык:] — Вось што, Лёнька! Ты вельмі не хныкай. Як-небудзь пражывеш. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)