Лёпаць ’пляскаць у далоні, апладзіраваць’, ’шлёпаць’ (Сцяшк., ТС), ’рабіць гук далоняй або чым-небудзь плоскім’ (Нас.), ’з шумам біць, ляпаць’ (ТСБМ), лёпнуць ’стукнуць’ (гродз., Сл. паўн.-зах.), ’упасці’ (Ян.), лёпнуцца ’ўпасці задняй часткай цела’ (Нас.; карм., Мат. Гом.), лёпацца ’плёскацца, паласкацца’ (ТС). Укр. палт. льо́пати ’ляпаць, пэцкаць’, рус. арханг., цвяр., пск., разан. лёпнуть ’лёпнуць’, паўдн. ’разбоўтваць што-небудзь распырскваючы’, вяц. ’рабіць абы-як’. Гукаперайманне, утворанае ад выгуку лёп! ’удар далоняй па мякаці цела’, ’удар чым-небудзь ліпкім’ (Нас.), мсцісл. ’пра пэцканне, мазанне’ (Нар. лекс.). Аб утварэнні гл. Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 60. Сюды ж клец. лёпало, лёпанка ’балабон, пустазвон’ (Нар. лекс.), уздз. лёпалка ’прылада для знішчэння мух’ (Жд. 2), клец. лёпы ’пустая балбатня’ (Нар. лекс.), лёпаўка ’лінейка, раздвоеная з аднаго канца, якая ўжываецца ў гульні «ляшчоткі»’ (Нас.). Са значэннем ’пэцкаць’ звязана тураў. лёпа ’тоўстая, неахайная жанчына’ (ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)