апанава́ць, ‑нуе; зак., каго-што.

1. Ахапіць, авалодаць поўнасцю (пра настрой, думкі, пачуцці, а таксама пра фізічны стан чалавека). [Таццяна:] — Сэрца адзінокае апануе сум. Глебка. Толькі ўжо за вёскай.. [Наташу] апанаваў страх. Шамякін. Але ногі чамусьці не слухаліся, вяласць апанавала ўсё цела. Шахавец. // Перамагчы, узяць верх (над настроем, думкамі, пачуццямі і пад.). Але нешта на гэты раз стрымала.. [Сашу], нешта апанавала яго звычайную рашучасць. Мележ.

2. Напасці ў вялікай колькасці, акружыць з усіх бакоў. Калі ж апанавалі ганчакі,.. [воўк] агрызнуўся, шчэрачы клыкі. Танк. Некалькі местачковых балаголаў апанавалі Лабановіча і цягнулі яго кожны на сваю фурманку, вырываючы з рук чамаданы. Колас. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Сястра раней працавала, а цяпер дзеці апанавалі. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́лучыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Адабраўшы, адасобіць ад агульнай масы; выдзеліць. Вылучыць кваліфікаваных рабочых у асобную брыгаду. □ На ахову параненых вылучылі невялічкую групу. Брыль. Цяпер трэба было вылучыць з усяго ўбачанага і пачутага галоўнае і перадаць яго таварышу Ігнату. Мікуліч. // Адзначыць якім‑н. чынам. Яго вылучылі як лепшага вучня. Вылучыць твор на атрыманне прэміі.

2. Прапанаваць, выставіць для абмеркавання, паставіць на больш адказную работу. Вылучыць кандыдатаў у дэпутаты. Вылучыць на партыйную работу.

3. Аддаць каму‑н. на карыстанне. На будаўніцтва вылучылі сродкі і тэхніку.

4. Выбраць, падабраць, знайсці. Вылучыўшы зручную хвіліну, Андрэй падзякаваў, папрасіў прабачэння і выйшаў з-за стала. Колас.

5. Выпусціць, выдзеліць. Вылучыць пах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. абысці (у 4 знач.).

2. Месца, шлях, па якім можна абысці што‑н.

3. Участак лесу (адзін або некалькі кварталаў), які даглядаецца, абслугоўваецца адным лесніком. Парубка ў абходзе. □ Дружбакам любыя з дому рэчы Падару, жадаючы дабра, А бярозку у абходзе ссекчы Не пасмее ні дружбак, ні брат. Непачаловіч. // Мясціны, якія знаходзяцца пад наглядам каго‑н. і кантралююцца з пэўнай мэтай. Напярэдадні ад’езду пайшоў Лабановіч у лес, каб апошні раз агледзець свае грыбныя абходы і развітацца з імі. Колас. А раніцою ўжо ўраднік з аднаго патруля рапартаваў спраўніку, што ў раёне яго абходу выкрыта і забрана падпольная друкарня. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агля́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. аглядацца — агледзецца (у 1–2 знач.), аглянуцца (у 1–2 знач.).

2. Асцярожныя, баязлівыя адносіны ў дзеяннях; асцярога. [Вера:] — У гэтых словах — уся наша Таня, з яе аглядкамі на заўтра. Машара.

•••

Без аглядкі (бегчы, імчацца, дзейнічаць і пад.) — а) бегчы вельмі хутка, з усіх сіл, не аглядваючыся. Алесь без вопраткі і босы Бяжыць у снег, праставалосы, За хлеў ён чэша без аглядкі: — А во яны! а во «начаткі»! Колас; б) рабіць што‑н. рашуча, не вагаючыся; в) рабіць што‑н. бесклапотна, не звяртаючы ўвагі ні на што.

З аглядкай — асцярожна, прадбачліва; прыглядаючыся да другіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які свеціцца, як агонь. Агністая чырвань на ўсходзе Адсвечвае, грае пажарам. Колас. Лес зашумеў мацней, захістаўся. Збоку бліснула яркая агністая паласа. Якімовіч. // Падобны колерам да агню; які адлівае фарбамі агню. З табою, клён, я разважаю. З тваёй агністай галавой. Броўка. // Пякучы, гарачы, як агонь. Усё дзіка, пустынна імшыцца, Агністая спёка стаіць. Багдановіч.

2. Палымяны, бліскучы, які ззяе ад узрушэння і пачуцця (пра вочы, позірк). Цёмны сад-вінаград, Цвет бяленькі вішнёвы, — І агністы пагляд, І гарачыя словы. Багдановіч. // перан. Палымяны, страсны. Любіў жыццё, свабоду я Душой сваёй агністай... Броўка. // Натхняльны, страсны. Сотні тысяч галодных Узнімаюць, як сцяг, Два агністыя словы: — Мір і хлеб! Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адасла́ць, адашлю, адашлеш, адашле; адашлём, адашляце; зак., каго-што.

1. Адправіць, паслаць што‑н. каму‑н. Адаслаць дакументы, пасылку. // Адправіць назад, вярнуць. [Саханюк:] — Адаслалі б вы сваю падводу дамоў, а самі тут паначавалі б. Колас.

2. Выслаць каго‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. прычыне. З першага ж дня пасля суда, як толькі .. [Міхала Тварыцкага] адаслалі на месца, ён узяўся за работу. Чорны. // Адправіць, пераслаць куды‑н. часова. Усе ведалі, усе адчувалі, што.. будзе моцны бой. Ведаў пра гэта і Іваноў. Таму ён цвёрда вырашыў адаслаць у тыл сям’ю. Кавалёў.

3. Указаць, дзе можна знайсці падрабязную даведку; зрабіць спасылку на каго‑, што‑н. Адаслаць чытача да першага выдання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кла́няцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

каму-чаму і без дап.

1. Рабіць паклоны ў знак прывітання, павагі, удзячнасці. Кланяцца роднай зямлі. □ Старыя палешукі, сустракаючыся, пачціва кланяліся. Колас.

2. У пісьме або цераз каго‑н. перадаваць прывітанне, выражаць павагу. — Даслоўна, кажу, так і напішы: маёр Пітолін нізка кланяецца табе, бацька, за маё выхаванне. Грамовіч.

3. перан.; каму. Разм. Звяртацца з просьбай, уніжана прасіць аб чым‑н.; пакланяцца. — Давай, Настулька, будзем жыць так, без запісу ў воласці, без шлюбу ў царкве, бо далей я не пайду кланяцца рознаму чорту. Чарот.

•••

Кланяцца ў ногі каму — тое, што і кланяцца (у 3 знач.).

Кланяцца ў пояс — нізка кланяцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

корч, карча, м.

1. Пень, вывернуты з зямлі з карэннем. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя да невядомых звяроў. Бядуля. // Паліва, нарыхтаванае з такіх пнёў. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы. Гурскі. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас.

2. Абл. Куст бульбы, цыбулі, вывернуты з зямлі. А бульбоўнік сплёўся густа, Што ні корч — то бульбы кош. Бялевіч. Каля лямпы стаяла на сподку соль і ляжаў недаедзены корч цыбулі. Чорны.

3. у знач. прысл. карчо́м. Скурчыўшыся, сагнуўшыся. Цела Сашкі было скурчана. Смерць і мароз скруцілі яго ногі і рукі так моцна, што давялося пахаваць яго карчом. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́ска 1, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Памянш.-ласк. да каса ​1; невялікая каса. Вось сядзіць насупраць Дубовіка дзяўчына з акуратна заплеценымі коскамі і банцікамі. Сергіевіч.

ко́ска 2, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Памянш.-ласк. да каса ​2; невялікая каса ​2. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас.

ко́ска 3, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Знак прыпынку (,), які раздзяляе словы, групы слоў і сказы. Узяў [Віктар Аляксеевіч] ручку, старанна выцер кавалачкам паперы пяро і вельмі акуратна выправіў адну памылку і паставіў дзве коскі. Шамякін.

•••

Кропка з коскай гл. кропка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухаць, варушыць. Нямнога выйшла нас тады На бераг, Ледзь кратаў я Параненай рукой... Ставер. Заяц.. неяк смешна кратаў раздвоенай губой, насцярожана стрыгучы вушамі. Шахавец.

2. каго-што. Дакранацца да каго‑, чаго‑н.; чапаць. — Глядзі, твой бацька прыйшоў, — раптам кратае Жорыка за рукаў Ромка. Даніленка. Ліхаманкава гарэлі вочы, пальцы правай рукі.. нервова краталі шчаку. Лынькоў.

3. каго-што. Абл. Выклікаць якія‑н. пачуцці; кранаць. Некалькі хвілін у хаце было ціха, нібы яна была пустая. Што адчувала Ліда, Лабановіч не ведаў. Здавалася, што ўсё гэта яе мала кратала. Колас. Апусцелыя палі і лугі навявалі сум. Але ўсё гэта Халусту не кратала. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)