ЛАЎРЭ́НСІЙ (лац. Lawrencium),
Lr, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 103, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомы ізатопы з масавымі лікамі 253—260; найб. устойлівы — 260Lr (перыяд паўраспаду 180 с). Першыя надзейныя звесткі пра элемент 103 атрыманы ў СССР Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі (1965—67). Назва элемента ў гонар амер. фізіка Э.А.Лоўрэнса канчаткова не прынята.
т. 9, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНА ПІК,
найвышэйшы пункт Заалайскага хр. на Паміры, на мяжы Кыргызстана і Таджыкістана. Выш. 7134 м. Грэбень хрыбта, дзе падымаецца Л.п., мае суцэльнае покрыва з фірну і лёду. На Пд спускаюцца ледавікі Вял. і М. Саўкдара (даўж. 20, 6 км і 14,3 км), на Пн — ледавік Леніна (даўж. 13,5 км). Першае ўзыходжанне здзейснена ў 1934 рас. альпіністамі В.М.Абалакавым і інш.
т. 9, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ТЧЫК,
элемент вымяральнага, сігнальнага, рэгулявальнага або кіравальнага прыстасавання, які пераўтварае велічыню, што кантралюецца (ціск, т-ру, частату, эл. напружанне і інш.), у сігнал, зручны для вымярэння, перадачы, захоўвання, апрацоўкі, рэгістрацыі, а таксама для ўздзеяння ім на кіроўныя працэсы. Звычайна мае ўспрымальны (адчувальны) орган і адзін або некалькі прамежкавых пераўтваральнікаў. Тэрмін «Д.», які ўжываецца ў шырокім сэнсе, стандартам заменены на тэрмін вымяральны пераўтваральнік.
т. 6, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖХУКА́Р,
археалагічная культура эпохі энеаліту (16—15 ст. да н.э.) на тэр. Сінда (Зах. Пакістан). Прасочваецца на некат. помніках, у т.л. каля сучаснага паселішча Джхукар, дзе змяняе Інда даліны цывілізацыю. Характэрная двухкаляровая кераміка, якая мае аналагі з Белуджыстанам. Выяўлены своеасаблівыя пячаткі з каменю, фаянсу і гліны, медныя шпількі, правушныя сякеры, характэрныя для тэр. Сярэдняга Усходу. Некат. даследчыкі звязваюць развіццё Дж. з арыйцамі.
А.В.Іоў.
т. 6, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯ́НКА,
сакавіты плод раслін з рэзкай дыферэнцыяцыяй слаёў каляплодніка. Мае ў сабе тонкі скурысты пазаплоднік, сакавіты міжплоднік і адраўнелы ўнутрыплоднік (эндакарпій), які ўтварае костачку, дзе знаходзіцца семя. Аднакасцянка ў вішні, слівы, міндаля, шматкасцянка ў малін, ажын, крушыны (іх плод складаецца з многіх дробных К., якія знаходзяцца на агульным кветаложы). Вядомы сухія К. са скурыстым (міндаль, грэцкі арэх) ці валакністым (какосавая пальма) міжплоднікам.
т. 8, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎБА́СНАЕ ДРЭ́ВА (Kigelia pinnata),
кветкавая расліна сям. бігноніевых. Пашырана ў трапічнай Афрыцы.
Дрэва з шырокай цяністай кронай, лісце ў сухі сезон ападае. Цвіце перад ці ў час распускання лісця буйнымі чырв. кветкамі, што апыляюцца птушкамі-нектарніцамі Плод — буйная каробачка (даўж. 30—60 см, таўшчыня 7—9 см), якая па форме і колеру нагадвае ліверную каўбасу (адсюль назва), мае доўгую, амаль да зямлі, кветаножку.
т. 8, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДРАНА́ТАР,
машына для транспартавання і раўнамернага размеркавання вадкіх вяжучых матэрыялаў на аснове гудрону (пераважна бітумаў) пры буд-ве і рамонце дарог. Мае цеплаізаляваную цыстэрну, награвальную і цыркуляцыйна-размеркавальную сістэмы, помпу. Бітум у гудранатары награецца да 150—200 °C, потым разліваецца. Найб. пашыраны самаходныя гудранатары (аўтагудранатары) з цыстэрнай ёмістасцю да 7 тыс. л. Бываюць таксама прычапныя, паўпрычапныя і ручныя (для рамонту дарожных пакрыццяў).
т. 5, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАЗДЫМА́ЛЬНІК,
адаптэр, прылада для электраакустычнага ўзнаўлення мех запісу гуку. Бывае п’езаэл. (найб. пашыраны), эл.-дынамічны, магн.-эл., эл.-магн., ёмістасны, фотаэл. і інш. Мае гукаўзнаўляльную галоўку і танарм, які перамяшчае галоўку адносна грампласцінкі па зададзенай траекторыі. У галоўцы гуказдымальніка мех. ваганні іголкі ў канаўках грампласцінкі пераўтвараюцца ў эл. напружанне гукавых частот (у лазерных гуказдымальніках замест іголкі выкарыстоўваецца лазерны прамень; гл. Кампакт-дыск).
т. 5, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВО́ДАЧНЫ СТАНО́К,
прыцірачны станок, станок для канчатковай (аддзелачнай) апрацоўкі (даводкі, прыціркі) паверхні дэталі. Універсальны даводачны станок мае 2 плоскія дыскі (прыціры), паміж якімі змяшчаюцца дэталі. Даводка робіцца дробназярністым абразіўным парашком або пастай. Спецыялізаваныя даводачныя станкі прызначаны для даводкі асобных дэталей. Даводачныя станкі выкарыстоўваюць для апрацоўкі дэталей высокага класа дакладнасці: вымяральных інструментаў, разцоў, клапанаў, зубчастых колаў, шыек каленчатых і кулачкоў размеркавальных валоў і інш.
т. 5, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСТРА́ЎНІКАВЫ СОК, панкрэатычны сок,
стрававальны сакрэт падстраўнікавай залозы, бясколерная вадкасць шчолачнай рэакцыі. Мае ферменты (трыпсін, хіматрыпсін, эластаза і інш.), якія ў працэсе стрававання расшчапляюць бялкі, тлушчы, вугляводы. У састаў П.с. ўваходзяць таксама мачавая кіслата, мачавіна, мікраэлементы. У чалавека П.с. за суткі выдзяляецца 1,5—2 л. Сакрэцыя кантралюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі. Фізіял. стымулятары выдзялення П.с. — саляная і некат. інш. к-ты, жоўць, ежа.
т. 11, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)