ІМАВЕ́РНАЕ І ВЕРАГО́ДНАЕ ў логіцы,

адрозненне паміж ведамі, адпаведнасць якіх рэчаіснасці сцвярджаецца толькі як магчымая або ў той ці інш. ступені імавернасная, і абгрунтаванымі; доказнымі, бясспрэчнымі, сапраўднымі ведамі. Напр., правільныя дэдуктыўныя разважанні даюць верагодныя веды ў адрозненне ад індуктыўных разважанняў, вывады якіх маюць імавернасны характар (гл. таксама Верагоднасць, Імавернасная логіка).

т. 7, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАВА́ЦЫЯ (ад англ. innovation новаўвядзенне),

новаўвядзенні ў галіне тэхнікі, тэхналогіі, арганізацыі працы і кіравання, заснаваныя на выкарыстанні дасягненняў навукі і перадавога вопыту, а таксама выкарыстанне гэтых новаўвядзенняў у розных галінах і сферах дзейнасці. Характарызуецца новымі формамі інтэграцыі навукі, тэхнікі і вытв-сці. Для фінансавання І. ствараюцца інавацыйныя банкі, фонды і інш.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́ЛЬСКА-ПРЭ́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна металаапрацоўкі па вырабе метал. дэталей ціскам, пераважна коўкай, штампоўкай і прасаваннем. Пашырана на машына-, станка- і прыладабудаўнічых з-дах. Шырокае выкарыстанне К.-п.в. абумоўлена здольнасцю металаў і сплаваў пластычна дэфармавацца без разбурэння. Пластычная дэфармацыя з наступнай тэрмічнай апрацоўкай надае вырабам неабходныя ўласцівасці. Гл. таксама Апрацоўка металаў ціскам.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТАКАКО́З,

падвостры ці хранічны глыбокі мікоз. Узбуджальнік — дражджавы паразітычны грыбок. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі. Праяўляецца як менінгаэнцэфаліт; пашкоджваюцца лёгкія (клінічна падобны на туберкулёз), скура, слізістыя абалонкі. На скуры з’яўляюцца вузельчыкавая вугрападобная высыпка, інфільтраты, вузлы (хутка распадаюцца, з’яўляюцца язвы з ярка-чырв., інш. раз бліскучым дном). Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Бластамікозы.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЭ́НЬ,

1) на Беларусі часовая жыллёвая пабудова, тое, што будан.

2) На Украіне — шалаш, вартоўня (на агародах, бахчах, пасеках і г.д.); у асобных раёнах, а таксама на Доне (Расія) — вясковая жылая хата.

3) У Запарожскай Сечы — вайск. падраздзяленне з некалькіх соцень казакоў і назва жылога памяшкання, у якім жылі казакі.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАРАТО́РЫЯ (сярэднелац. laboratorium ад лац. laborare працаваць),

спецыяльна абсталяванае памяшканне ў складзе навук. ці навуч. установы, прадпрыемства або інш., прызначанае для правядзення навук., вытв.-кантрольных ці тэхн. даследаванняў, а таксама навуч. заняткаў; установа, дзе займаюцца такімі даследаваннямі. У пераносным сэнсе — творчы працэс, творчая дзейнасць каго-н. Напр., творчая Л. пісьменніка.

т. 9, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙБ-ГВА́РДЫЯ (ад ням. Leib цела + гвардыя),

асабістая ахова манарха і ганаровае найменне адборных прывілеяваных вайск. часцей у некат. краінах. У Расіі ўведзена ў канцы 17 ст. У далейшым гэта найменне мелі амаль усе гв. часці рас. арміі. Часціца «лейб» дадавалася таксама да назвы часцей, шэфамі якіх былі імператар або імператрыца.

т. 9, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗО́ЛЬ,

лакальны балючы ўчастак празмернага патаўшчэння рагавога слоя эпідэрмісу скуры (гіперкератозу) чалавека. Узнікае як ахоўная прыстасавальная рэакцыя скуры на месцы працяглага мех. ўздзеяння, найчасцей на далонях, падэшвах і інш. Мае выгляд шчыльных жаўтаватых, брудна-шэрых ці карычневых патаўшчэнняў. Лячэнне тэрапеўтычнае. М. ёсць таксама ў некат. млекакормячых (вярблюдаў, прыматаў).

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 9, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКІНЯ́ТЫ,

курганны могільнік 10—12 ст. каля в. Маркіняты Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены рэшткі пахаванняў на грунце і ў гаршках, а таксама сякеры, ромбападобныя і ланцэтападобныя наканечнікі коп’яў, нажы, шпоры, спражкі, бронзавыя ўпрыгожанні, дэталі конскай збруі. М. адносіцца да культуры ўсх.-літ. курганоў.

А.​Г.​Калечыц.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

элементарныя хім. рэакцыі, у якіх адбываецца хім. ператварэнне (змена саставу ці будовы) адной малекулы, радыкала, іона. Да М.р. адносяцца рэакцыі распаду малекул, якія часта з’яўляюцца пачатковай стадыяй складаных працэсаў (напр., крэкінгу, дэструкцыі палімераў), і рэакцыі ізамерызацыі. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

Літ.:

Кузнецов Н.М. Кинетика мономолекулярных реакций. М., 1982.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)