ЖАНГЛІ́РАВАННЕ (ад франц. jongler),

жанр цыркавога мастацтва, заснаваны на ўменні падкідваць і лавіць адначасова некалькі прадметаў. Адрозніваюць Ж.: партрэтнае — на цыркавым дыване з булавамі, кольцамі і інш. прадметамі; на конях, на дроце, матацыклах, драбінах; сілавое; Ж. т.зв. антыпадыстаў (жангліруюць нагамі).

Мастацтва Ж. вядомае са стараж. часоў (у Стараж. Егіпце, ант. Грэцыі і Рыме). У сярэднія вякі з Ж. выступалі вандроўныя нар. акцёры: жанглёры ў Францыі, мімы ў Італіі, шпільманы ў Германіі, хугляры ў Іспаніі, франты ў Польшчы, скамарохі ў Беларусі і Расіі. З 19 ст. Ж. — цыркавы жанр.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУДРО́ (Васіль Сцяпанавіч) (1917, в. Карані Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 20.4.1942),

адзін з кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. У 1941 вучыўся на курсах у Мінску. У пач. акупацыі горада ўстанавіў сувязь з падп. групай у раёне Камароўкі і партыз. групай «Дзядзькі Васі» (В.​Т.​Варанянскага). Арганізаваў вывад да партызан групы людзей, адпраўку зброі і боепрыпасаў. Са снеж. 1941 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Удзельнічаў у правядзенні дыверсій на аўтамагістралях каля горада. 17.4.1942 цяжка паранены, памёр ад ран.

В.С.Жудро.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМА́Х,

наўмыснае дзеянне, непасрэдна накіраванае на ўчыненне злачынства, але не даведзенае да канца па прычынах, якія не залежаць ад волі вінаватага; адна са стадый учынення злачынства. У залежнасці ад таго, ці зрабіў вінаваты ўсё, што ён лічыў неабходным для ажыццяўлення свайго намеру, адрозніваюць закончаны і незакончаны З., у залежнасці ад выбраных сродкаў — прыгодны і непрыгодны З. Пакаранне за З. назначаецца паводле закону, які прадугледжвае адказнасць за адпаведнае злачынства, з улікам ступені ажыццяўлення злачыннага намеру і прычын, з-за якіх злачынства не было даведзена да канца.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПО́ЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала ў жн. 1941 — ліп. 1944 у в. Заполле Ружанскага р-на

(цяпер Пружанскі р-н) Брэсцкай вобл. пад кіраўніцтвам Ружанскіх антыфаш. к-та і падп. райкома ЛКСМБ (з жн. 1943). У 1942 налічвала 16 чал. Сакратары: Я.​І.​Гардзей (да чэрв. 1943),

У.​І.​Прадко (да жн. 1943), І.​М.​Маньчык (да ліп. 1944). Падпольшчыкі здабывалі зброю і боепрыпасы для партызан, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, праводзілі дыверсіі, са здабытых шрыфтоў у 1942 абсталявалі друкарню. У в. Заполле ў гонар падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯНСКО́Е ВО́ЗЕРА, Бабінавіцкае возера,

у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса (выцякае з возера), за 25 км на ПдЗ ад г.п. Лёзна. Пл. 1,2 км², даўж. 2,4 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі каля 6,2 км. Пл. вадазбору 346 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя, участкамі пад лесам і хмызняком. Берагі высокія, часткова супадаюць са схіламі. Упадаюць р. Вярхіта і 2 ракі з аднолькавай назвай Узменка (на Пн і Пд).

т. 7, с. 53

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЮ́ЗНІК (Lycopus),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, 1 від у Аўстраліі. На Беларусі найб. вядомы З. еўрапейскі (L. europaeus) і зрэдку, пераважна на Пд, трапляецца З. высокі (L. exaltatus). Растуць па берагах вадаёмаў, на балотах, у забалочаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны са шнурападобным членістым карэнішчам, доўгімі падземнымі парасткамі і прамым сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце супраціўнае, чаранковае, апушанае, яйцападобна-ланцэтнае. Кветкі белыя (часта з пурпуровымі кропкамі), дробныя, двухполыя, невыразнадвухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек., дубільныя і фарбавальныя расліны.

Зюзнік еўрапейскі.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Аляксей Фядосавіч) (28.3.1913, в. Чачэвічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 30.10.1976),

бел. вучоны ў галіне дэндралогіі. Д-р біял. н. (1969). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1938). У 1969—75 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па біялогіі і інтрадукцыі дрэвавых раслін на Беларусі. Адзін са складальнікаў выд. «Інтрадукаваныя дрэвы і кусты ў Беларускай ССР» (вып. 1—3, 1959—61). Дзярж. прэмія БССР 1976.

Тв.:

Рост древесных растений и кислотность почв. Мн., 1970;

Биология древесных растений. Мн., 1975 (у сааўт.).

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛГА́ЙЦЫ, Ілгайца,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята, за 17 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,45 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 20 м, даўж. берагавой лініі каля 6 км. Пл. вадазбору 4,4 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м (на Пн 2—5 м), у ніжняй ч. параслі хмызняком, у верхняй — разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, у залівах нізкія, пясчаныя, задзернаваныя. Дно мелкаводнымі падняццямі падзяляецца на шэраг адасобленых замкнёных катлавін, да глыб. 2 м — пясчанае, ніжэй — глеістае.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛУРА́Т,

старажытны горад, рэшткі якога знойдзены за 17 км на ПдЗ ад г. Керч. Важны апорны пункт на подступах да Пантыкапея — сталіцы Баспорскай дзяржавы. Пабудаваны ў сярэдзіне 1 ст. н.э., пл. каля 2 га. Раскопкамі ўскрыты жылыя кварталы з дварамі, вымашчанымі каменнымі плітамі, шмат 1- і 2-павярховых дамоў, свяцілішча са слядамі ахвяраванняў. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі. Некропаль І. размяшчаўся побач з горадам. Большая частка пахаванняў зроблена ў скляпах — высечаных у скале камерах. І. знішчаны ў час нашэсця готаў у 270-я г.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬМЁНАК,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 640 м, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 6,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 2,5 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, на Пд парослыя лесам, на З і Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй глеістае. Зарастае да глыб. З м. Упадаюць 2 ручаі, на З выцякае ручай у воз. Поцех.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)