ВІДЭАФІ́ЛЬМ,
фільм, запісаны на відэамагнітафоннай стужцы, а не на кінаплёнцы. Узнік у 1970-я г. на тэлебачанні. Жанры разнастайныя: маст., навук.-папулярныя, дакумент.-публіцыстычныя, хранік. і інш. У параўнанні з кінафільмамі мае шэраг пераваг у эстэт. і тэхнал.-вытв. аспекце (мнагакамерны метад здымкі, электронны мантаж, спецэфекты, што даюць магчымасць атрымаць камбінаваны кадр любой складанасці, шматразовае выкарыстанне для запісу магнітнай плёнкі і інш.).
т. 4, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНІЛАЦЭТЫЛЕ́Н,
ненасычаны вуглевадарод, H2C==CH—C≡CH. Бясколерны газ, tкіп 5 °C, шчыльн. 709,5 кг/м³ (0 °C), добра раствараецца ў бензоле і інш. арган, растваральніках. Мае выключную хім. актыўнасць: лёгка акісляецца, здольны да рэакцый далучэння, замяшчэння, полімерызацыі. У прам-сці атрымліваюць дымерызацыяй ацэтылену ў прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці хларапрэну. Раздражняе слізістыя абалонкі, аказвае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 20 мг/м³.
т. 4, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРЭ́Н (ад лац. vitrum шкло),
састаўная частка вуглёў выкапнёвых, характэрная для гумалітаў. Паводле хім. уласцівасцей падобны на гумусавыя рэчывы тарфоў. Колер чорны, мае моцны бляск, ракавінны або згладжаны злом. Крохкі. Утвараецца пры змене лігнінава-цэлюлозных тканак раслін у выніку раскладання ва ўмовах абводненых тарфяных балот пры недахопе кіслароду. У вуглях утварае лінзы і слаі. Асн. носьбіт спякаючых уласцівасцей выкапнёвых вуглёў.
т. 4, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ КЛУБ МЕТАЛІ́СТАЎ,
помнік архітэктуры 1930-х г. Пабудаваны ў Віцебску ў 1932 (арх. А.Васільеў). Мае складаную канфігурацыю плана. Вонкавы выгляд і інтэр’еры вызначаюцца строгасцю арх. формаў. Складаецца з 2 груп памяшканняў з асобнымі ўваходамі. Першая — для відовішчаў (вестыбюль, фае, універсальная глядзельная і спарт. залы), другая — клубная (у 2-павярховай частцы, якая пад прамым вуглом прылягае да асн. аб’ёму).
А.А.Воінаў.
т. 4, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІША́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
Каля г.п. Акцябрскі ў Акцябрскім і Светлагорскім р-нах Гомельскай вобл. На У мяжуе з Мармавіцкім радовішчам нафты. Пл. каля 40 км². Уваходзіць у Рэчыцка-Вішанскую зону нафтагазанамнажэння на Пн Прыпяцкага прагіну. Паклад нафты ў падсалявых адкладах верхняга дэвону на глыб. да 3000 м. Нафта высакаякасная, маласярністая, маласмалістая, парафінавая, мае ў сабе раствораны газ. Адкрыта ў 1967, распрацоўваецца з 1970.
т. 4, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГАРЫ́ЗМ (ад лац. vulgaris просты, звычайны),
слова, што мае адценне грубаватасці і знаходзіцца па-за межамі літаратурнай лексікі. Вульгарызмы звычайна маюць адмоўнае значэнне, стылістычна зніжаныя, надзвычай экспрэсіўныя і сэнсава ёмістыя (напр., «абармот», «смаркач», «паскудны», «жэрці», «здохнуць»). Выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры як сродак моўнай характарыстыкі персанажаў, для надання паведамленню гумарыст. або іранічнай афарбоўкі. Карыстацца вульгарызмамі трэба ўмела, бо захапленне імі засмечвае мову.
Л.І.Бурак.
т. 4, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАТРЫВА́ЛЫ ЧЫГУ́Н,
чыгун высокай (400—1500 МПа) трываласці і пластычнасці. Атрымліваецца пераважна мадыфікаваннем вадкага чыгуну прысадкамі магнію, кальцыю, цэрыю, ітрыю і інш. элементаў. Мае значную зносаўстойлівасць, высокія ліцейныя якасці, добра паддаецца мех. апрацоўцы. Выкарыстоўваецца замест сталі для вырабу каленчатых валоў, зубчастых колаў, шатуноў, муфтаў і інш. важных дэталей, а таксама замест коўкага чыгуну пры вырабе задніх мастоў аўтамабіляў, калодак, картэраў, фітынгаў.
т. 4, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЕ ПАЖА́РНА-ТЭХНІ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1992 у Мінску на базе вучэбнага цэнтра пажарнай аховы (створаны ў 1933). Рыхтуе інжынераў па пажарнай тэхніцы і бяспецы. У 1996/97 навуч. г. ф-т завочнага навучання, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі; 5 кафедраў. Навучанне дзённае і завочнае. У вучылішчы праводзіцца прафес. падрыхтоўка спецыялістаў ваенізаванай пажарнай службы. Мае музей гісторыі вучылішча.
т. 4, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДГО́Н,
абястлушчанае малако пасля аддзялення вяршкоў ад цэльнага малака. Састаў адгону залежыць ад зыходнага саставу цэльнага малака і ступені яго абястлушчвання. Мае ў сярэднім каля 3,2% бялкоў, 4,8% малочнага цукру, 0,05% тлушчу, 0,7% мінер. рэчываў. Выкарыстоўваецца як харч. дыетычны прадукт, на прыгатаванне сухога і згушчанага малака, сыраквашы, кефіру, кумысу, сыру і інш., выраб казеіну, як корм для маладняку жывёлы і птушак.
т. 1, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАПАЛО́СНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,
працэс атрымання мадуляваных ваганняў, частотны спектр якіх мае адну бакавую паласу частот (нясучая частата і другая бакавая паласа значна прыглушаны). У параўнанні з амплітуднай мадуляцыяй пры аднапалоснай мадуляцыі перадавальны спектр частот скарачаецца ў 2 разы, што дазваляе падвоіць колькасць каналаў сувязі. Агульны выйгрыш па магутнасці перадатчыка ў 8—16 разоў. Выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, прафес. і аматарскай радыёсувязі, правадной сувязі.
т. 1, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)