у міжнародным праве перадача злачынца дзяржавай, дзе ён знаходзіцца, дзяржаве, грамадзянінам якой ён з’яўляецца або на тэрыторыі якой ён учыніў злачынства, для аддачы пад суд ці для выканання адносна яго суд. прыгавору. Умовы і парадак выдачы злачынца рэгламентуюцца міжнар. дагаворамі і нац. заканадаўствам. Паміж дзяржавамі СНД 22.1.1993 заключана Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па цывільных, сямейных і крымін. справах. Рэспубліка Беларусь мае таксама пагадненне аб выдачы злачынца з Кітаем, Латвіяй, Літвой і Польшчай. Асобы, якія праследуюцца па паліт. матывах, выдачы не падлягаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫХАВА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНАЯ КАЛО́НІЯ (ВПК),
папраўча-працоўная ўстанова ў Рэспубліцы Беларусь, дзе адбываюць пакаранне непаўналетнія, асуджаныя да пазбаўлення волі. У ВПК ажыццяўляецца перавыхаванне асуджаных шляхам прыцягнення іх да грамадска карыснай працы, правядзення з імі выхаваўчай работы, абавязковага агульнаадук. і прафес.-тэхн. навучання. Умовы ўтрымання і нормы ў ВПК улічваюць асаблівасці ўзросту і полу асуджаных. У залежнасці ад характару ўчыненага імі злачынства і інш. акалічнасцей адрозніваюць ВПК агульнага і ўзмоцненага рэжыму. Асуджаных утрымліваюць у ВПК да 18-гадовага ўзросту, пасля пераводзяць у адпаведныя калоніі для дарослых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,
фізіка-хімічны метад аналізу і раздзялення сумесей, дзе рухомая фаза — газ (пара); від храматаграфіі. У залежнасці ад агрэгатнага стану нерухомай фазы (цвёрды паверхнева-актыўны адсарбент ці вадкасць, нанесеная ў выглядзе тонкай плёнкі на паверхню цвёрдага носьбіта) адрозніваюць газаадсарбцыйную і газавадкасную храматаграфію. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і фізіка-хім. даследаваннях для якаснага і колькаснага аналізу тэрмічна ўстойлівых арган. і неарган. злучэнняў, для вызначэння розных характарыстык (т-ры плаўлення і кіпення, канстанты скорасці і раўнавагі хім. рэакцый і інш.).
Літ.:
Новікаў Г.І., Жарскі І.М. Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́НА,
у рымскай міфалогіі багіня расліннасці, жаноцкасці, заступніца шлюбу і дзетанараджэння, увасабленне Месяца — Селены. Мела эпітэт Трывія — «багіня трох дарог», як знак трайной улады на небе, зямлі і пад зямлёй. Д. лічылі таксама апякункай Лацінскага саюза. Свяцілішчы Д. былі на гары Тыфаце (вобласць Кампанія, адсюль Д. Тыфаціна) і на Авенціне, дзе 13 жн. быў заснаваны храм (гэты дзень лічыўся святочным для рабоў). У грэч. міфалогіі Д. атаясамлівалі з Артэмідай і Гекатай.
Да арт.Дыяна. Вяртанне Дыяны з палявання. Мастак П.П.Рубенс. Каля 1615.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭАЭРА́ТАР (ад дэ... + грэч. aer паветра),
апарат для выдалення з вады раствораных у ёй газаў (пераважна кіслароду і дыаксіду вугляроду). Звычайна ўстанаўліваюцца на цеплавых і атамных электрастанцыях для дэаэрацыі вады, якая падаецца ў парагенератары і цеплавую сетку, з мэтай недапушчэння карозіі тэхнал. абсталявання. Бываюць тэрмічныя (газы выдаляюцца падагрэвам вады), хім. (з сульфітам натрыю), сталястружачныя (кісларод паглынаецца пры акісленні металу). У струменных тэрмічных Д. вада падаецца ў верхнюю яго частку, дзе распырскваецца, сцякае ўніз і награецца сустрэчнай парай да кіпення; газы і лішкі пары (выпар) выдаляюцца ў атмасферу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАМІ́ ((Dezamy) Тэадор) (4.3.1803, г. Люсон, Францыя — 24.7.1850),
французскі камуніст-утапіст. Удзельнік Рэвалюцыі 1848, паслядоўнік Ф.Н.Бабёфа. У 1830-я г.чл. бланкісцкага «Таварыства пораў года». У 1848 заснаваў газ. «Les droits de l′homme. Tribune des proletaires» («Правы чалавека. Трыбуна пралетарыяту»), дзе крытыкаваў капіталізм, прычыны прыгнёту прац. мас бачыў у прыватнай капіталіст. уласнасці, антаганізме класаў. Асн. праца «Кодэкс супольнасці» (1842), у якой выклаў свае погляды на асновы і арг-цыю будучага грамадства, заснаванага на супольнасці. Прапагандаваў ідэі камунізму, змагаўся супраць дробнамяшчанскага сацыялізму Л.А.Бланкі, ідэй хрысц. сацыялізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭМЕ́НТ ЗАТУХА́ННЯлагарыфмічны, натуральны лагарыфм адносін амплітуд ваганняў, узятых адпаведна праз прамежак часу, роўны перыяду ваганняў. Выражаецца формулай
, дзеt — час, T — перыяд ваганняў, γ — каэфіцыент затухання. Прамежак часу t, за які амплітуда ваганняў памяншаецца ў e разоў, называецца часам рэлаксацыі:
пры гэтым адбываецца
ваганняў.
Для вагальнага контуру Д.з. роўны 0,02—0,05, для камертона 0,001, для аптычнага рэзанатара 10−7—10−6. Гл. таксама Дыхтоўнасць вагальнай сістэмы, Затуханне ваганняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́М (ад араб. харам — забароненае месца),
памяшканне ў доме багатага мусульманіна, прызначанае для жанчын; а таксама насельніцтва гэтага памяшкання — жонкі, наложніцы. Вялікія гарэмы правіцеляў і заможных саноўнікаў у Турцыі, Іране, Афганістане і інш. краінах ахоўвалі еўнухі; мужчынам (акрамя мужа і сыноў) уваход у гарэм быў забаронены. У многіх усх. краінах гарэмам называюць таксама жаночыя прыёмныя пакоі ў палацы, жаночае купэ ў цягніку, трамваі. Звычай ізаляваць жанчын арабы перанялі ў 7 ст. з Візантыі. У 20 ст. гарэмы паступова знікаюць, асабліва ў тых краінах, дзе забаронена мнагажонства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАФІЛЁЗЫ,
інвазійная хвароба няпарнакапытных жывёл, пры якой пашкоджваецца стрававальны шлях. Выклікаецца лічынкамі аваднёў з роду Gastrophilus. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаюцца ў коней. Развіваюцца авадні па тыпе поўнага ператварэння, на працягу года маюць адну генерацыю.
Жывёлы заражаюцца летам, пераважна на пашы. У яйцах, якія самкі аваднёў адкладваюць у поўсць жывёл, фарміруюцца лічынкі і пранікаюць у слізістую рота, дзе растуць і ліняюць, пасля чаго прымацоўваюцца ў страўнікава-кішачным тракце і паразітуюць 8—9 месяцаў. У хворых жывёл парушаецца страваванне, зніжаецца ўкормленасць і працаздольнасць; пры значнай інвазіі жывёла гіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫЁК ((Giauque) Уільям Фрэнсіс) (12.5.1895, г. Ніягара-Фолс, Канада — 29.3.1982),
амерыканскі фізікахімік. Чл.
Нац. АН ЗША (1936) і Амер. акадэміі мастацтва і навук (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Берклі (1920), дзе і працаваў (з 1934 праф.). Навук. працы па вывучэнні тэрмадынамічных уласцівасцей рэчываў (кандэнсаваных газаў) пры звышнізкіх т-рах. Распрацаваў метад адыябатычнага размагнічвання для атрымання тэмператур ніжэй за 1 К (1927, метад магнітнага ахаладжэння) і дасягнуў т-ры 0,25 К (1933). Даказаў існаванне цяжкіх ізатопаў кіслароду17O і 18O (1929). Нобелеўская прэмія 1949.