замахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. чым, на каго і без дап. Узмахам падняць, адвесці (руку або які‑н. прадмет) для ўдару. [Наезнік] выхапіў з гарачкі шаблю і замахнуўся на Рыля. Колас.
2. перан.; на каго-што і без дап. Намерыцца зрабіць што‑н. вялікае, цяжкае, значнае. Шарэйку толькі іншым разам шкода было, што некалі, будуючы хату, на вялікае замахнуўся, бо тая камора, што была на правы бок ад сенцаў, стаяла пустая. Чыгрынаў. Што замахнуўся, тут высока, хлапчына гэта разумеў. Ён зрок узняў на Саламею, ён пакахаць яе пасмеў!.. Машара. // Зрабіць спробу незаконна захапіць што‑н., пазбавіць каго‑н. чаго‑н. Замахнуцца на чужое дабро. □ [Акупанты] нават не дапускалі думкі, што ў горадзе, у глыбокім тыле нехта асмеліцца замахнуцца на іх жыццё. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бадзёры, ‑ая, ‑ае; кар. ф. бадзёр, ‑а.
Поўны сіл, энергіі, жвавасці. Рыгор прачнуўся бадзёрым, свежым. Гартны. А ён, шальмец, бадзёр і гладак І пэўна спрытны баламут!.. Колас. // Жыццесцвярджальны, энергічны, дзейсны. У маладым калгасе адразу занялася жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які выяўляе здаровы, жыццярадасны стан. І гучаць тут песні, і цвітуць усмешкі На бадзёрых тварах шчырых змагароў. Журба. І сам голас бацькі Цімоха, бадзёры і звонкі, і тая ўпэўненасць, з якою ён гаварыў, радавалі Пецю. Сіняўскі. // Вясёлы, ажыўлены. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Абноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч. У звонкую марозную раніцу ўварваўся вясёлы .. гоман гармоніка і бадзёры хор чыстых жаночых галасоў. Васілевіч. // Які надае сілы, ажыўляе. [Каліноўскі:] Трэба слова бадзёрае кінуць, Каб паднялі галовы вышэй. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кро́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Маленькі кусочак, дробная часцінка чаго‑н. Хлебныя крошкі. □ Па абрусе растрэсены крошкі французскага торта. Баранавых. Разам з дымам Ходас суха сплюнуў з языка крошку горкага тытуню. Адамчык. // зб. Здробненая маса якога‑н. рэчыва. Тарфяная крошка. □ [За клумбай] — кветкавы дыван, перарэзаны чырвонай дарожкай з цаглянай крошкі. Шамякін.
2. Разм. Пра дзіця, маладую істоту. І нават крошка Соня І тая пахвалілася: — І я сама сягоння Вунь чыста як памылася! Шуцько.
3. у знач. прысл. кро́шку. Разм. Трошкі, нямнога. Яўсей гэтага коціка неяк палюбіў: то малака яму налье ў сподак, то мяса з баршчу падкіне крошку. Сабаленка.
•••
Да крошкі — поўнасцю, зусім (расходаваць, аддаць што‑н. і пад.).
І крошкі падабраць гл. падабраць.
Ні крошкі — ніколькі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
торг 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. таргаваць (у 1 знач.).
2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. таргавацца. // Здзелка. Цяпер уся тая іхняя размова нагадвала Анатолю ганебны торг, у час якога Ліля дамагалася выставіць сябе і прынізіць яго. Асіпенка.
3. Уст. Базар, рынак; месца гандлю. Людзі не помняць такога торгу, такога кірмашу, які быў у той .. дзень. Пестрак. Паспееш з казамі на торг. Прыказка.
4. звычайна мн. (таргі́, ‑оў). Уст. Публічны продаж якой‑н. маёмасці, рэчаў, якія дастаюцца таму, хто прапаноўвае больш высокую цану; аўкцыён. Публічныя таргі. □ Сенажаці прадаваліся з таргоў. Нікановіч. // Спаборны парадак здачы падрадаў і паставак таму, хто прапаноўвае ўмовы, найбольш прыдатныя казне. Таргі на пастаўку лесу.
торг 2, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. торгаць і торгацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь наспявае адказваць.. [жанчыне]. Васілевіч. Галя ўсміхалася жыццярадасна і шчыра, яна расчырванелася, нібы маладуха. Марціновіч. Заўсёды ён усміхаўся, і яго вочы іскрыліся такой радасцю, што Новікаў таксама не мог стрымацца, і ён смяяўся разам з Ільічом. Мяжэвіч. // Усмешкай выражаць свае адносіны да каго‑, чаго‑н., адказваць на што‑н. [Зося] ўсміхалася Галене і з замілаваннем глядзела, як тая вітаецца з бацькам яе. Чорны. / у перан. ужыв. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак... Панчанка. Зводдаль светла ўсміхаецца хата, І, расхрыстаны, юны, без шапкі, У прадчуванні вялікага свята Я прыношу яловыя лапкі. Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
gear
[gɪr]
1.
n.
1) Tech. шасьцярня́ f.; зубча́(с)тае ко́ла
2) зубча́(с)тая перада́ча, прыво́д -у m., перада́тачны мэхані́зм
3) апара́т -а m.; прыла́да f., інструмэ́нт -а m.; прыла́дак -ка m., прыла́дзьдзе n.
4) рухо́мая маёмасьць
5) во́пратка f., адзе́ньне n., убо́р -у m.
6) збру́я, ву́праж f. (для каня́)
7) Naut. асна́стка f., сна́сьці вадапла́ва, такела́ж -у m.
2.
v.t.
1) забясьпе́чваць прыво́дам
2) пуска́ць у рух
3) падпара́дкаваць
3.
v.i.
1) спра́ўна працава́ць (пра ча́сткі машы́ны)
2) рыхтава́цца, плянава́ць
•
- in gear
- out of gear
- shift gears
- in high gear
Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
бяско́нцы, ‑ая, ‑ае.
1. Бязмежны, бяскрайні, без канца і пачатку. Недзе ў бясконцым блакіце неба курлыкалі жураўлі. Гамолка.
2. Надзвычай доўгі, працяглы. Бясконцая прамова. Бясконцы шлях. Бясконцая ноч. □ [Вася:] — Я не спаў, добра памятаю, што не спаў, але сніў сны, бясконцыя, цяжкія, жудасныя. Шамякін. // Бесперапынны, няспынны. Бясконцым патокам у гумны Снапы залатыя плылі... Панчанка. // Які ніколі не канчаецца, не змаўкае, працяглы. З вышыні на зямлю лілася бясконцая песня нябачных жаваранкаў. Алешка.
3. Вельмі моцны, нязмерны па сіле праяўлення, па велічыні. У яго [Ляткоўскага] голасе была тая бясконцая радасць жыцця, якую толькі і можна выказаць песняй. Вітка.
4. Які маецца ў вялікай колькасці; шматлікі. Дзе б гэта магло быць? У Мінску? Ці ў адной з гэтых бясконцых вёсак, у якіх пабываў.. [Павел], крочачы па доўгіх франтавых дарогах? Васілёнак. Школа акуналася ў новае жыццё, поўнае бясконцых цікавых таямніц. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́цягнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпасці з чаго‑н. ад штуршка, неасцярожнага руху; вышмаргнуцца. Выцягнулася нітка з іголкі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца даўжэйшым, падоўжыцца. Агонь выцягнуўся доўгім языком, лізнуў ім высокую кучу ельніку, пранізаў яе навылёт. Васілевіч.
3. Вырасці, стаць высокім, рослым. [Хлапец] падрос, выцягнуўся, як тая сасёнка ў бары, пашырэў у плячах. Асіпенка.
4. Выцягнуць сваё цела на ўсю даўжыню; расцягнуцца. Шчанюк выцягнуўся на пяску доўгім целам сваім і ціха завыў. Чорны.
5. Выпрастаўшыся, стаць прама. Майбарада спалохана падхапіўся, выцягнуўся перад камандзірам, апраўляючы пакамечаны бушлат. Шамякін.
6. Стаць у адну лінію, размясціцца радамі, ланцугом і пад. На гэты раз тут [у інтэрнаце] .. двума радамі выцягнуліся сталы. Васілевіч. Коннікі, пяхота.. доўгім вужам выцягнуліся па лугавой дарозе. Брыль.
7. Разм. Выйсці адкуль‑, куды‑н., ледзь перастаўляючы ногі; вывалачыся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нахапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішcя, ‑хопіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нечакана настаць, надысці. Хутка развіднівае вясковай парой. Не паспееш дайсці з брыгаднага двара дадому, як, глядзіш, ужо нахапіўся дзень. Палтаран. Сонца заходзіла чыста. Раптам за чорнай сцяною далёкага лесу яно знікла, і змрок адразу нахапіўся. Чорны. // Нечакана пачацца, наляцець. [Дождж] нахапіўся раптоўна і лінуў як з вядра. Карпаў. Ужо блізка сенакосу нахапілася раптам некалькі навальніц. Мележ.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Ускочыць на скуры цела; уздуцца, нарваць. З непрывычкі смылелі далоні, Нахапіўся, як сліва, мазоль. Хведаровіч.
3. Нечакана, знянацку з’явіцца, прыйсці, сустрэцца і пад. А потым аднекуль нахапілася знаёмая .. расчырванелая дзяўчына з дужымі мужчынскімі рукамі і шырокім касцістым ілбом. Вышынскі. // перан. Аб пачуццях. Тады й нахапілася тая туга, З каторай шукаеш сяброўства сляды. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старажы́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які даўно прайшоў, мінуў (пра час). [Павел Лукіч:] — Але ж пэўных граніц між плямёнамі ў тыя старажытныя часы быць не магло. В. Вольскі. Старажоўка нясе назву, відаць, аж са старажытнага часу. Новікаў. // Які існаваў, быў, жыў у мінулыя часы. Старажытныя грэкі. Старажытная Русь. □ Невялічкая палянка паміж гушчару, асвечаная месяцам, выглядала нейкім цудоўным гняздом старажытных людзей. Чарот.
2. Які створаны, узнік у далёкім мінулым і захаваўся да гэтага часу. Старажытная легенда. Старажытныя паданні. □ Апошні прыпынак — ля старажытных сцен Крамля, дзе жыла і працавала Н. К. Крупская. «Звязда». На старажытным дзядзінцы тая самая векавая ратуша. Грамовіч.
3. Вельмі стары. Не, не спіць, не дрэмле Старажытны бор: Ён вартуе землі, Даўні свой прастор. Колас. Голлямі хістаючы калматымі, Хвоі старажытныя рыпяць. Панчанка. // Старадаўні. Можна было ўявіць чалавека ў старажытнай доктарскай мантыі. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)