кірунак навуковай і праектна-канструктарскай дзейнасці, які заключаецца ў вывучэнні і практычным выкарыстанні законаў, заканамернасцяў і прынцыпаў прыроды для стварэння новых прыёмаў арх. арганізацыі прасторы, новых канструкцый і матэрыялаў. Садзейнічае лепшай функцыян. арганізацыі аб’ектаў, павышэнню нясучай здольнасці канструкцый, зніжэнню вагі збудаванняў і г.д. Прыклады выкарыстання біёнікі архітэктурнай — сучасныя танкасценныя абалонкі пакрыццяў, якія нагадваюць кветку (арх. Ф.Кандэла), пнеўматычныя канструкцыі, рабрыстыя пакрыцці і скляпенні (арх. П.Л.Нерві), эксперым. праекты гарадоў і мастоў (арх. П.Саляры), пабудовы арх. Ф.Л.Райта, Р.Б.Фулера.
Літ.:
Лебедев Ю.С. Архитектура и бионика. М., 1977.
Да арт.Біёніка архітэктурная. Геадэзічны купал у Сент-Луісе (ЗША). Арх. Р.Б.Фулер. 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ ЗАБАРО́НЕ І АБМЕЖАВА́ННІ ВЫПРАБАВА́ННЯЎ А́ТАМНАЙ ЗБРО́І 1963,
міжнароднае шматбаковае пагадненне, у якім удзельнічаюць больш за 100 дзяржаў, у т. л. і Рэспубліка Беларусь. Падпісаны у Маскве 5.8.1963 першапачатковымі ўдзельнікамі — Вялікабрытаніяй, ЗША і СССР. БССР падпісала дагавор 8.10.1963, ратыфікавала яго 26.11.1963. Дагавор забараняе праводзіць выпрабавальныя выбухі ядз. зброі і інш.ядз. выбухі ў атмасферы і за яе межамі, у т. л. ў касм.прасторы, пад вадой, у тэр. водах і ў адкрытым моры, і ў інш. асяроддзі, калі такі выбух пацягне за сабой выпадзенне радыеактыўных ападкаў за межамі тэр. дзяржавы, пад юрысдыкцыяй ці кантролем якой гэтыя выбухі праводзяцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАГЕАГРА́ФІЯ,
кірунак даследаванняў у галіне біял. навукі, сумежнай паміж генетыкай і біягеаграфіяй. Сфармулявана сав. вучоным А.С.Сераброўскім ў 1928—29. Вывучае генетычную гетэрагеннасць прыродных папуляцый і на гэтай аснове генетычную структуру папуляцыі, раскрыццё механізмаў фарміравання, падтрымання і змянення гэтай структуры, што стала пачаткам вывучэння генетыкі папуляцый у прасторы, а таксама выяўленне геагр. пашырэння і, па магчымасці, частот алеляў, адказных за асн. прыкметы і ўласцівасці пэўнага віду арганізмаў. Генагеаграфія высвятляе прычыны пашырэння алеляў. Мае практычнае і прыкладное значэнне пры вызначэнні генафондаў свойскіх жывёл і культ. раслін як адной з асноў пароднага і сартавога раянавання і селекцыі, а таксама ў генетыцы чалавека, асабліва ў мед. генетыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНО́Н ЭЛЕ́ЙСКІ (Zēnōn Heleatēs; каля 490 да н.э., Элея, Паўд. Італія — 430 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Арыстоцель лічыў яго заснавальнікам дыялектыкі як мастацтва спасціжэння ісціны шляхам спрэчак ці тлумачэння процілеглых думак. З.Э. развіваў метафізічнае вучэнне Парменіда, лічыў, што быццё адзінае і нерухомае, а небыццё множнае і знаходзіцца ў руху, ісцінная карціна свету спасцігаецца з дапамогай мыслення. Найб. вядомасць набылі лагічныя аргументы З.Э., т. зв.апарыі — «Ахіл», «Дыхатамія», «Страла», «Стадый». Разважанні З.Э. аб прасторы і часе паслужылі імпульсам для далейшага развіцця ант. матэматыкі, логікі і дыялектыкі. Працы З.Э. не захаваліся, дайшлі толькі невялікія вытрымкі з іх, зробленыя старажытнагрэчаскімі мысліцелямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТАЛЯ́ЦЫЯ (ад англ. installation устаноўка, размяшчэнне, збудаванне),
від мастацтва поп-арту, мантаж у прасторы аб’ектаў з рэчавага асяроддзя ці сканструяваных мастаком. Ствараецца на час правядзення буйных выставак у экспазіцыйных памяшканнях або ў экстэр’еры, звычайна размешчаны на вял. плошчы. Дазваляе стварыць незапраграмаванае вобразнае ўражанне, часта праз парадаксальныя спалучэнні рэчавых элементаў нестандартнымі сродкамі выразіць актуальныя праблемы. Узнікла ў 1970-я г., пашырылася ў ЗША (Р.Раўшэнберг), ФРГ (І.Бойс), Польшчы (Я.Бярдышак) і інш. На Беларусі выкарыстоўваецца з канца 1980-х г. у творах І.Кашкурэвіча, А.Клінава, А.Вараб’ёва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛІКА [ад грэч. kōlikē (nosos) кішачная хвароба],
прыступ рэзкіх схваткападобных боляў у брушной поласці і забрушыннай прасторы. Адрозніваюць К. пячоначную і нырачную (найчасцей бывае пры камянях, гл.Жоўцекамянёвая хвароба), апендыкулярную (гл.Апендыцыт), кішачную (пры калавых камянях, некат. хваробах), панкрэатычную (гл.Панкрэатыт) і інш. Болі пры К. абумоўлены спазмам кругавых мышцаў сценак кішак, жоўцевых шляхоў, мачавых праток і інш. Бывае пры расцяжэнні ўчасткаў кішэчніка газамі. Суправаджаецца ірвотай, дрэнным агульным станам. У жывёл адрозніваюць К. сапраўдную (пры хваробах страўніка і кішак) і несапраўдную (пры некат. заразных хваробах, паталогіі печані, мачавога пузыра і інш.). Лячэнне: ліквідацыя прычыны асн. хваробы, што выклікае К., абязбольвальныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКСІКАЛІЗА́ЦЫЯ,
ператварэнне элемента мовы (марфемы, словаформы) ці спалучэння слоў (словазлучэння) у асобную лексічную адзінку. Прыватнымі выпадкамі Л. з’яўляюцца: ператварэнне службовай марфемы (афікса) у слова: «акмеісты, футурысты і іншыя істы»; ператварэнне назоўнікаў у творным склоне ў прыслоўе («зайцам» — «ехаць зайцам»); ператварэнне словазлучэння ў слова: «мабыць» (з «мае быць»); фразеалагізацыя, узнікненне ідыяматычнага словазлучэння з свабоднага: «дагары нагамі», «шыварат навыварат» і інш. Пад Л. разумеюць таксама семантычнае адасабленне адной з форм слова ці часткі форм, напр., форм мн. л. назоўнікаў: «вада» — «воды» (водныя прасторы).
Літ.:
Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮКА́РНА (франц. lucarne ад лац. lux святло) у архітэктуры, невялікі аконны праём на даху (слыхавое акно), купальным пакрыцці, тымпане франтона або шчыта будынка. Прызначана для частковага асвятлення гарышча, падкупальнай прасторы і інш. памяшканняў, мае таксама дэкар. значэнне. З’явілася ў архітэктуры стылю готыкі, пашырана ў манум. мураваных і драўляных палацавых, сядзібных, грамадз., культавых збудаваннях стыляў барока, класіцызму. Бываюць стральчатыя, круглыя, паўкруглыя, лучковыя, авальныя і інш. Афармляліся ліштвамі з гірляндамі, валютамі, карнізамі, франтончыкамі. Як функцыян. і дэкар. элементы выкарыстоўваліся ў архітэктуры 1950-х г. (будынак гар. універмага ў Мінску).
А.М.Кулагін.
Люкарна на галоўным фасадзе гарадскога універмага ў Мінску.Люкарна на фасадзе палаца Браніцкіх у Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАТО́ЧНІКІ,
парныя вывадныя пратокі нырак у пазваночных жывёл і чалавека, якія адводзяць мачу ў мачавы пузыр або клааку. Адрозніваюць 3 тыпы М. адпаведна 3 тыпам нырак. М. пранефраса (першаснанырачныя каналы) у паслязародкавым перыядзе функцыянуюць у кругларотых і адкрываюцца ў мочапалавы сінус; М. мезанефраса (першасныя, ці вольфавы каналы) — у рыб і земнаводных; метанефраса (другасныя) — у паўзуноў, птушак, млекакормячых. У чалавека М. размешчаны ў забрушыннай прасторы і ў малым тазе, маюць форму трубкі са звужэннямі і расшырэннямі; злучаюць нырачную лаханку з мачавым пузыром. Сценка М. мае 3 абалонкі: унутраную (слізістая, высланая пераходным эпітэліем), сярэднюю (забяспечвае рух мачы ў мачавы пузыр пры любым становішчы цела) і вонкавую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́БНАСЦЬ,
адпаведнасць паміж аднароднымі з’явамі, калі ўсе колькасныя характарыстыкі адной з’явы атрымліваюцца прапарцыянальным пераўтварэннем аднайм. характарыстык другой. Умовы П. вывучае падобнасці тэорыя.
Фіз. П. можна разглядаць як абагульненне геаметрычнай П. 2 геам. фігуры падобныя, калі адносіны ўсіх адпаведных даўжынь аднолькавыя. Гэтыя адносіны наз.каэф. П. або маштабам. Калі маштаб вядомы, то простым множаннем на значэнне маштабу памераў адной геам. фігуры атрымліваюцца памеры другой, падобнай ёй геам. фігуры. Акрамя П. фігур, разглядаецца таксама падобнае пераўтварэнне плоскасці (прасторы). Усякае падобнае пераўтварэнне можна ажыццявіць паслядоўным выкананнем гаматэтыі, руху і адбітку. П. і падобнымі пераўтварэннямі карыстаюцца ў мадэліраванні, чарчэнні і інш.тэхн. дастасаваннях геаметрыі.