комплекс галін прам-сці па вытв-сці сродкаў вымярэнняў, аналізу, апрацоўкі і прадастаўлення інфармацыі, прылад і прыстасаванняў кантролю і рэгулявання тэхнал. працэсаў, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці, сістэм кіравання і навук. даследаванняў. У залежнасці ад тэхнал. асаблівасцей адрозніваюць П. дакладнай механікі і электрамеханікі, аптычнае, оптаэлектроннае і лазернае, электроннае. Найб. пашыраны прылады вымярэння мех. (вуглавых і лінейных памераў і перамяшчэнняў, масы, сілы, вібрацыі, цвёрдасці, дэфармацыі, трываласці), эл. і магн. (напружання, току, магутнасці, частаты, супраціўлення, ёмістасці), цеплаэнергет. (т-ры, ціску, расходу рэчыва, узроўню), аптычных, радыяцыйных і інш. велічынь. Сродкі вымяральнай тэхнікі ў спалучэнні з рэгулюючымі, вылічальнымі і выканаўчымі прыстасаваннямі складаюць тэхн. базу аўтаматызаваных сістэм кіраваннятэхнал. працэсамі.
Значнае месца ў П. займаюць: прылады і прыстасаванні вылічальнай тэхнікі, што выкарыстоўваюцца для механізацыі і аўтаматызацыі працэсаў вылічэнняў і апрацоўкі інфармацыі пры рашэнні інж. і навук. задач; аналітычныя прылады для вызначэння саставу і канцэнтрацыі рэчываў у розных асяроддзях, матэрыялах і прадуктах (электрахім., ультрагукавыя, аптычныя, ядзерныя і інш. аналізатары); сродкі тэлемеханікі для перадачы інфармацыйных сігналаў і кіроўных імпульсаў на вял. адлегласці; прылады і прыстасаванні выпрабавальнай тэхнікі, аргтэхнікі. Стварэнню кампактных надзейных прылад, вымяральных, вылічальных і інш. сродкаў тэлемеханікі і аўтаматыкі садзейнічала развіццё мікраэлектронікі. оптаэлектронікі, мікрамеханікі і г.д., выкарыстанне матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі (плёнак, вадкіх крышталёў, магн. вадкасцей і да т.п.), новых тэхналогій.
Прадукцыя П. шырока выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і быту.
У 19 ст. ў Расіі было некалькі невял. прадпрыемстваў, якія выпускалі тэрмометры, вагі. манометры, вадамеры і інш. найпрасцейшыя прылады. У СССРпрамысл.вытв-сць прадукцыі П. пачалася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. З 1965 існавала Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання. Найбольшыя спецыялізаваныя прадпрыемствы пабудаваны ў Маскве, Ленінградзе, на Украіне, Беларусі, у рэспубліках Прыбалтыкі.
На Беларусі ў 1789—93 дзейнічала Беражанская гадзіннікавая мануфактура, з канца 19 ст. — ф-ка ў Віцебску, якая вырабляла акуляры, фіз., аптэкарскія і хірург. інструменты, і некалькі майстэрняў па рамонце нескладаных прылад. У 1920-я г. адзін з цэхаў мінскага з-да «Энергія» вырабляў вагі. У 1930 створаны вагавы з-д «Ударнік». У пач. 1950-х г. пачата вытв-сць больш складаных і дакладных прылад. Як асобная галіна П. сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысл., энергет. і быт. прызначэння выпускаюць Брэсцкі электрамеханічны завод, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскі прыладабудаўнічы завод, Гродзенскі завод «Радыёпрылада», Магілёўскі завод «Электрарухавік», Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі прыборабудаўнічы завод і інш.Н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў галіне П. вядуцца ў Мінскім навукова-даследчым прыборабудаўнічым інстытуце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВО́Й ХІ́МІІ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, прадукцыя якой прызначана для гасп.-быт. патрэб. Выпускае больш за 100 найменняў тавараў і таварных груп, у якасці сыравіны выкарыстоўвае прадукцыю хім., нафтахім., харч. і інш. галін прам-сці і некат. с.-г. прадукты. Уключае вытв-сць сродкаў мыйных, паліравальных, клеючых, для чысткі, вывядзення плям, адбельвання, падсіньвання і падкрухмальвання вырабаў з тканін, барацьбы з быт. насякомымі і грызунамі, аховы с.-г. раслін ад шкоднікаў, догляду вырабаў са скуры і замшы, фотахімікатаў, лакафарбавых матэрыялаў, мінер. угнаенняў, вырабаў з пластмасаў, сухога спірту, парафінавых і ёлачных свечак, антыфрызу і інш.
Узнікненне і развіццё бытавой хіміі прамысловасці звязана са станаўленнем хім. прамысловасці. Асн.ч. прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці складаюць мыйныя сродкі. Сусветная вытв-сць іх у 1992 склала больш за 20 млн.т, каля 4 кг на душу насельніцтва (найб. у Бельгіі, 44 кг). У 10 найбуйнейшых вытворцаў уваходзяць краіны Амерыкі, Еўропы і Азіі (гл.табл. 1). Найб. вядомыя ў свеце кампаніі па вытв-сці тавараў быт. хіміі «Проктэр энд Гэмбл» (ЗША), «Юнілевер» (Нідэрланды), «Міні Бэст» (Германія), «Кампазіл» (Бельгія), «Коніка» (Японія) і інш.
У Беларусі, як і ў інш. краінах б.СССР, як самаст. галіна аформілася ў 1965. Прадукцыю быт. хіміі выпускаюць больш за 30 прадпрыемстваў. Найб. з іх ВА«Брэстбытхім», Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Барысаўскі з-дбыт. хіміі, Лідскае акц.т-ва «Лакафарба». У галіне дзейнічаюць ВА «Нафтан» (Наваполацк), Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Пухавіцкі з-д горнага воску, Пінскі з-д штучных скур, з-ды пластмасавых вырабаў (Гомель, Барысаў, Рудзенск), «Тэрмапласт» (Рэчыца), «Металапластмасы» (Ляхавічы), ВА «Белпласт» (Пінск), «Паліміз» (Барысаў), «Эмальпосуд» (Слуцк, Гомель), гумавых (Крычаў) і гумава-тэхн. вырабаў (Капыль), быт. хіміі (Калінкавічы), камбінаты буд. матэрыялаў (Пухавічы, Кобрын, Даманава) і інш.Удз. в.хім. прадукцыі сярод прадметаў ужытку (група «Б») складае 2,4% (1993). Пра асн. віды прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці ў Беларусі гл.табл. 2.
В.М.Сасноўскі.
Табліца 1 Найбуйнейшыя краіны-вытворцы сінтэтычных мыйных сродкаў (1992)
Краіна
Агульная вытв-сць, тыс.т
На душу насельніцтва, кг
ЗША
4000
16
Вялікабрытанія
1575
28
Францыя
1530
26
Італія
1500
27
Кітай
1462
1,3
Іспанія
1350
35
Японія
1055
9
ФРГ
930
13
Мексіка
880
10
Расія
511
3,4
Табліца 2 Вытворчасць тавараў бытавой хіміі ў Беларусі
Наменклатура тавараў
гады
1985
1990
1994
Тавары быт. хіміі, у млрд.руб.
71,1
121,1
70,9
у тыс.т
104
271
29
у т.л. мыйныя сродкі
36
38
6
3 іх сінтэтычныя
30
31
5
сродкі для адбельвання, падсіньвання, падкрухмальвання вырабаў з тканін
2,6
3,5
1,0
сродкі для чысткі
7,2
9,6
3,1
сродкі догляду аўтамабіляў, матацыклаў і веласіпедаў
—
3,5
2,4
сродкі супраць быт. насякомых, грызуноў і для дэзінфекцыі
1,5
1,1
0,1
сродкі для аховы раслін садоў і агародаў
0,5
1,1
0,1
мінер. ўгнаенні
26
162
0,7
лакафарбавыя матэрыялы
17
34
7
Да арт.Бытавой хіміі прамысловасць. Вытворчасць аэразольных прэпаратаў на Брэсцкім заводзе бытавой хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНЫ КРЫ́ЗІС,
эканамічны крызіс перавытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Абумоўлены характарам аграрных адносін: узнікае не ад празмернасці і непатрэбнасці атрыманага аб’ёму с.-г. прадукцыі, а з-за асаблівасцяў умоў яе вытв-сці і размеркавання.
Карыстанне зямлёй, асабліва ва ўмовах прыватнага землеўладання, абумоўлівае зямельную рэнту, якая ўплывае на ўзровень цэн на зямлю, арэнднай платы і г.д. Асваенне новых урадлівых зямель, тэхн. аснашчанасць агр. сектара, паляпшэнне транспартных зносін і інш. змены ва ўмовах вытв-сці і рэалізацыі с.-г. прадукцыі вядуць да змяншэння цаны на с.-г. прадукцыю. У выніку адбываецца канфлікт паміж новай цаной і старымі рэнтавымі адносінамі: знікае крыніца (дадатковы прыбытак) для выплаты рэнты. Гэта і выклікае аграрны крызіс, які характарызуецца ростам нерэалізаваных запасаў с.-г. прадукцыі, змяншэннем аб’ёму яе вытв-сці, паскарэннем працэсу дробных і сярэдніх вытворцаў, ростам беспрацоўя і зніжэннем аплаты працы работнікаў агр. сектара.
Аграрны крызіс мае пераважна зацяжны характар. Так, аграрны крызіс, які пачаўся адначасова з прамысловым у 1873 і ахапіў Зах. Еўропу, Расію, а потым і ЗША, працягваўся да сярэдзіны 1890-х г. Ён найб. закрануў краіны Еўропы, на рынкі якіх пайшлі патокі таннага збожжа з ЗША, Канады, Аўстраліі і інш. краін. На гэты час вытв-сць збожжа павялічылася і ў Расіі. У 5 зах. губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) сярэднегадавы збор збожжа ў 1871—80 у параўнанні з 1851—60 вырас на 62%. Беларусь стала адным з важнейшых рэгіёнаў Рас. імперыі па вытв-сці таварнага збожжа. Аднак у 1886—88 гандаль ім на Беларусі зусім разладзіўся. Скараціўся і вываз збожжа: прыкладна з 10,8 млн. пудоў у 1875—80 да 7,5 млн. пудоў у 1880-я г. А ў 1890-я г. Беларусь стала рэгіёнам завозу збожжа: пастаўлялася прыкладна 9,2 млн. пудоў (вываз 7,5 млн. пудоў). Нізкія цэны на збожжа, змяншэнне попыту на яго ў час аграрнага крызісу абумовілі перабудову сельскай гаспадаркі Беларусі — пачала хутка развівацца малочная жывёлагадоўля, пашырыўся выраб розных гатункаў малочных прадуктаў, павялічылася вытв-сць лёну, паскорылася развіццё вінакурэння. Гэтая прадукцыя пастаўлялася на рас. і замежныя рынкі. Больш хутка ўкаранялася с.-г. тэхніка. Адбыліся змены і ў землеўладанні.
Аграрны крызіс, што ўзнік у пач. 1-й сусв. вайны, быў пераадолены толькі ў час 2-й сусв. вайны. Перапляценне яго з прамысл. крызісам 1929—33 выклікала небывалае зніжэнне цэн на с.-г. прадукцыю (у ЗША за 1929—32 на 58%). Каб змякчыць вынікі аграрнага крызісу, знішчаліся запасы таварнага збожжа, каўчукавыя, кававыя і чайныя плантацыі, змяншалася пагалоўе жывёлы і г.д. Урад ЗША выплачваў вял. грашовыя сродкі фермерам, каб яны скарачалі пасяўныя плошчы пад асн.с.-г. культуры. Пасля 2-й сусв. вайны ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах пачаўся новы аграрны крызіс. У выніку ў ЗША з 1948 зноў пачало дзейнічаць заканадаўства аб скарачэнні пасяўных плошчаў. У розных формах ён выяўляецца і ў краінах Зах. Еўропы. Каб не дапусціць аграрнага крызісу ці зменшыць яго адмоўныя вынікі, у развітых капіталіст. краінах ажыццяўляецца дзярж. рэгуляванне агр. сектара — устанаўленне цвёрдых цэн на с.-г. прадукцыю, вызначэнне аб’ёмаў яе вытв-сці, экспарту і імпарту пры моцнай фін. падтрымцы фермераў і тэхн. перааснашчэнні с.-г. вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ РАЁН.
На Пн Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 70 тыс.чал. (2000), гарадскога 51%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Рагачоў. Уключае г.п.Беліцк, 211 сельскіх нас. пунктаў, 19 сельсаветаў: Азяранскі, Балатнянскі, Беліцкі, Гадзілавіцкі, Гарадзецкі, Дварэцкі, Доўскі, Журавіцкі, Забалацкі, Запольскі, Збароўскі, Званецкі, Кісцянёўскі, Курганскі, Лучынскі, Побалаўскі, Старасельскі, Стаўпнянскі, Ціхініцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. тэрыторыі ў зоне з радыяцыйным забруджваннем да 15 Кі/км².
Тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны (б.ч.), Чачорскай раўніны, Гомельскага Палесся. Паверхня пераважна пласкахвалістая, з нязначнымі ўчасткамі дэнудаваных марэнных узгоркаў, 90% яе на выш. 125—150 м. Найвыш. пункт 173 м (каля в. Званец). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел, пяскі фармовачныя, буд. і сілікатныя, гліны і суглінкі, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. Найб. рэкі Дняпро з прытокамі Друць (з Дабрыцай), Добасна (з Беліцай), Ракатун, Ржаўка, Гутлянка, Вузлянка. Азёры: Крушынаўскае, Святое, Добрае. Меліярац. каналы: Дзяніскавіцкі (частка), Драгунскі, Фалевіцкі, Турскі, Барсукоўскі і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (39%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,2%). поймавыя (алювіяльныя, 11,4%). Пад лесам 35% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, асінавыя, дубовыя, грабавыя і інш.Найб. лясныя масівы на Пн. Штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя, складаюць каля 22%. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты Луцкае, Беліцкае, Гарадзецкае. У межах раёна ахоўныя тарфянікі: Бадзеева, Белая, Вял. Балота, Вял. Мох, Гладышы, Доўгія, Друць, Захоцкі Мох, Лужкоўскае, Пожанькі, Прудзішча, Пустыя Баркі, Рогаўскае, Румкаўскае, Рэчкі, Святое возера. Помнік рэсп. значэння — геал. агаленне Збароў каля в. Збароў. Зоны адпачынку: Вярэйскае. Кісцянёўскі парк, Лужкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 115,5 тыс.га, з іх асушаных 18,4 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 17 калгасаў, 6 саўгасаў, 45 фермерскіх гаспадарак, эксперым. базы «Доўск» і «Турск», птушкафабрыка «Рагачоўская». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, кукурузы на насенне, бульбы і інш. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.), харч. (цэльнамалочныя вырабы, малочныя кансервы — Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, пладова-агароднінныя і мясныя кансервы, сокі, напіткі пладовыя моцныя, безалкагольныя, віно, мінер. вада), паліўнай (торфабрыкет), першаснай апрацоўкі воўны, мэблевай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» (прадукцыяспец. прызначэння, мед. тэхніка і інш.); лясгас (нарыхтоўка драўніны, дрэваапр.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Санкт-Пецярбург (Расія) — Адэса (Украіна), аўтамагістраль Брэст—Масква. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з гарадамі Быхаў, Магілёў, Гомель, Жлобін, Слаўгарад, Бабруйск. Суднаходства па р. Дняпро. У раёне 31 сярэдняя, 8 базавых, 5 пач., вочна-завочная школы, Гарадзецкая школа-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, школа тэхнал. профілю, 2 спарт. і 1 муз. школы, 2 школы мастацтваў, пед. вучылішча, ПТВ прыборабудавання, вышэйшае ПТВ будаўнікоў, 41 дашкольная ўстанова, 37 клубаў, 47 б-к, 11 бальніц, тубдыспансер, радзільны дом, 2 паліклінікі, станцыя пералівання крыві, вет. станцыя, Рагачоўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, санаторый «Прыдняпроўскі». Музеі: народнай славы і «Лёс салдата». Помнікі архітэктуры: касцёл (пач. 19 ст.) у в. Антушы, Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Дварэц, царква (пач. 20 ст.) у в. Доўск, паркі ў в. Забалацце (2-я пал. 19 ст.) і в. Кісцяні (канец 18 — пач. 19 ст.). Выдаецца газ. «Свабоднае слова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс.км². Нас. 1215,6 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч.Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль уся тэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл.с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б.ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, 2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.
Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў хім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сцьс.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, а таксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.
Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, а таксама цукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1), павялічваюцца плошчы пад цукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі і льном-даўгунцом.
На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс.га зямлі, у т. л. 3,3 тыс.га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл.табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс.км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж. водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
893
870,6
Збожжавыя і зернебабовыя
417,9
407,7
Тэхнічныя культуры
54,3
38,5
у тым ліку:
лён-даўгунец
27
12,6
цукровыя буракі
14,2
17,8
Бульба
92,7
107,3
Агародніна
3,9
10,9
Кармавыя культуры
324,2
306,2
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1990
1994
Буйная рагатая жывёла
977,1
787,1
у т.л. каровы
334,5
314,7
Свінні
905,5
731,3
Авечкі і козы
63,1
29,5
Птушка
7765,7
6794,7
Да арт.Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНО́Й РАГА́ТАЙ ЖЫВЁЛЫ ГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі па развядзенні буйной рагатай жывёлы на мяса, малако, скуры. Выкарыстоўваюцца таксама крывяная і касцявая мука і інш. У шэрагу слабаразвітых краін буйн. раг. жывёлу выкарыстоўваюць як цяглавую і трансп. сілу. Сярод прадуктаў, якія спажываюцца ў свеце, на долю каровінага малака прыпадае каля 90% малочных прадуктаў, на ялавічыну — каля 50% мяса. Існуюць разнастайныя віды буйн. раг. жывёлы: еўрап. жывёла, зебу, буйвалы, які і інш. Сярод свойскай жывёлы буйн. рагатая па колькасці займае 1-е месца ў свеце — каля 1,5 млрд. галоў. Размяшчаецца яна параўнальна раўнамерна ва ўмераных і субтрапічных кліматычных зонах, але розныя краіны рэзка адрозніваюцца па яе прадукцыйнасці. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (больш за 250 млн.), потым ідуць Бразілія, Кітай, ЗША (больш за 100 млн.), Расія, Аргенціна (больш за 50 млн.). З краін Зах. Еўропы вылучаюцца Францыя, Германія, Вялікабрытанія і Польшча. Галіна мае інтэнсіўны тып (добрае ўтрыманне і вельмі высокая прадукцыйнасць) у развітых краінах Еўропы, ЗША, Канадзе, Новай Зеландыі, часткова ў Аўстраліі, Аргенціне, Уругваі. У краінах Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі буйной рагатай жывёлы гадоўля экстэнсіўнага тыпу, жывёла нізкапрадукцыйная. У гэтых рэгіёнах значную частку статка складае рабочая жывёла. Вытв-сць мяса і малака на 1 галаву буйн. раг. жывёлы ў краінах Афрыкі ў 7 разоў, на Б. Усходзе ў 4 разы меншая, чым у Зах. Еўропе. Вял. попыт гар. насельніцтва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы на мяса-малочныя прадукты абумовіў стварэнне і гадоўлю парод высокапрадукцыйнай жывёлы, выкарыстанне індустр. тэхналогій утрымання і кормазабеспячэння, актыўнае развіццё ветэрынарыі і зоатэхн. навукі. Сярэднія надоі малака на 1 карову там складаюць 8—10 тыс.л і болей, а высокі выхад ялавічыны на 1 галаву буйн. раг. жывёлы дасягнуты стварэннем мясных парод. Гал. вытворцы ялавічыны ў свеце ЗША, Аргенціна, Бразілія, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Аўстралія, Новая Зеландыя, дзе на душу насельніцтва атрымліваюць па 100 кг і больш мяса за год. Спецыялізаваная малочная жывёлагадоўля развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Скандынаўскіх і Прыбалтыйскіх краінах, многіх раёнах Расіі, у Новай Зеландыі.
Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Беларусі з глыбокай старажытнасці (на Пд прыкладна з 4—3-га тыс. да н.э.). У 19 ст. сяляне трымалі малапрадукцыйную жывёлу мясц. пароды пераважна на ўласныя патрэбы. Таварная гадоўля пераважала ў памешчыцкіх маёнтках. Прадукцыя (пераважна малочныя вырабы) часткова вывозілася ў Расію і за мяжу. У 1916 было 2,3 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 1,6 млн. кароў.
На пач. 1995 было 5404 тыс. галоў, што значна меней, чым на пач. 1991 (6975 тыс. галоў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак). Надой малака на 1 карову ў 1994 склаў 2509 кг (у 1990 — 3058 кг). Зніжэнне паказчыкаў звязана, як і ў інш. галінах сельскай гаспадаркі, з пагаршэннем мат.-тэхн. і фінансавага стану галіны ў 1-й пал. 1990-х г. Больш развіта буйной рагатай жывёлы гадоўля на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай, часткова Мінскай абласцях, што абумоўлена больш інтэнсіўным земляробствам, лепшай арганізацыяй кормавытворчасці, развітой мат.-тэхн. базай (гл.табл.). Развіваецца племянная жывёлагадоўля. У рэспубліцы гадуюць буйн. раг. жывёлу пераважна чорна-пярэстай пароды, а таксама чырв. беларускай, бурай латвійскай, кастрамской, сіментальскай, швіцкай парод.
Н.І.Жураўская.
Найважнейшыя паказчыкі развіцця гадоўлі буйной рагатай жывёлы ў Беларусі (1994, усе катэгорыі гаспадарак)
Вобласці і рэспубліка
Надой малака на 1 карову, кг
На 100 гас.-г. угоддзяў
Вытворчасць на душу насельніцтва, кг
колькасць галоў буйной раг. жывёлы, на 1.1.1995 г.
рэалізацыя мяса буйн. раг. жывёлы, забойная вага, ц
вытворчасць малака, ц
мяса, забойная вага
малака
Брэсцкая
2619
67,2
54,6
687
92
663
Віцебская
2298
52,2
33,1
512
77
610
Гомельская
2316
59,2
41,0
538
65
483
Гродзенская
2803
61,4
45,2
689
104
727
Магілёўская
2524
49,0
34,6
473
70
539
Мінская
2519
61,9
42,3
675
107*
794*
Беларусь
2509
58,4
41,5
596
70
532
* Без г. Мінск (з улікам насельніцтва Мінска ў вобласці атрымана мяса 51 кг, малака 386 кг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНААСО́БНІКІ,
сацыяльная група (або асоба), якая вядзе дробную прыватную гаспадарку або вытворчасць пераважна ўласнымі сродкамі і сіламі сваёй сям’і; паводле афіц.сав. гістарыяграфіі, сяляне ў СССР, якія вялі гаспадарку індывідуальна — аднаасобна, а не ў калгасе ці саўгасе. У 1913 на Беларусі ўдзельная вага сацыяльна падобных да аднаасобнікаў катэгорыяй сялян, дробных саматужнікаў і рамеснікаў складала 74,8% усяго насельніцтва; дробныя гар. і местачковыя саматужнікі і рамеснікі — 34,4% усіх занятых у прам-сці. На іх долю прыпадала прыкладна 26% чыстай прамысл. прадукцыі (у Расіі 31,4%) і 4% нац. прыбытку. Удзельная вага дробных гандляроў складала 43,4% (у Расіі — 29,5%). Да масавай калектывізацыі аднаасобны сялянскі двор у БССР, як і ў СССР, уяўляў сабой сямейна-прац. аб’яднанне, якое вяло гаспадарку на нацыяналізаванай зямлі. Паводле маёмаснага складу афіцыйна яго падзялялі на бядняцкі, серадняцкі і кулацкі, часам вылучалі і с.-г. рабочых (парабкаў). На аснове сав. заканадаўства 1917—20 аднаасобнікі, як і інш.сац. групы, былі пазбаўлены права прыватнай уласнасці на зямлю, інш. сродкі вытв-сці, арандаваць і наймаць рабочую сілу, абмежаваны ў самаст.гасп. дзейнасці. На пач. 1920-х г. у ходзе новай эканамічнай палітыкі дробнатаварная вытв-сць аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы была прызнана неабходнай мерай паскарэння сац.-эканам. развіцця. Аднаасобнікам дазвалялі любыя формы гасп. дзейнасці, выкарыстанне пры пэўных умовах наёмнай працы, арэнду сродкаў вытв-сці. Сярод аднаасобнікаў павялічылася доля заможных гаспадароў і прадпрымальнікаў. Паводле звестак выбарачнага перапісу (1927), сярэдняе сялянства складала 64,7% ад усіх сял. гаспадарак, бедната і парабкі — 31,2%, кулакі — 4,1%. У 1926 сярод насельніцтва БССР сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі 77,5%. У 1925—26 на долю дробнатаварнага і патрыярхальнага ўкладаў у сельскай гаспадарцы прыпадала 79,6% створанага чыстага прадукту, у прам-сці — 32%, у будаўніцтве — да 54%. Усяго аднаасобнікі стваралі 50,7% нац. прыбытку БССР (у 1913 менш за 40%). У 1926 валавая прадукцыя аднаасобных сял. гаспадарак складала 97,5% агульнарэсп. аб’ёму. З пераходам дзяржавы ад рэфармісцкіх да рэв. метадаў вырашэння задач сац.-эканам. развіцця праз фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю доля аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы рэзка зменшылася. Гэтаму спрыяла спыненне продажу ім машын і с.-г. прылад, згортванне выдачы дзярж. крэдытаў, адмова ў праве на арэнду зямлі і прадпрыемстваў, прымяненне павышаных падаткаў і інш. меры. У выпрацаваную камуністамі сістэму буд-ва сацыялізму ў СССР аднаасобнікі не ўпісваліся і былі асуджаны на знікненне. Пачалося імклівае выцісканне аднаасобніка-прыватніка з усіх сфер дзейнасці. У тавараабароце рэспублікі прыватны сектар у 1926—27 займаў 22,3%, у 1931 — 0,44%, у 1934 яго доля ў легальным гандлі была зведзена да нуля. З саматужна-рамеснай вытв-сці вёскі аднаасобнік амаль знік у 1930. Няўхільна змяншалася колькасць аднаасобнікаў і сярод сялян. У ходзе суцэльнай калектывізацыі ў 1929—32 у БССР кулацтва як клас было ліквідавана (гл.Раскулачванне).
Наступ на аднаасобнікаў (жорсткае падаткаабкладанне, перадзелы зямлі, ліквідацыя хутарской сістэмы) працягваўся. Толькі ў 1930—35 сума с.-г. падатку з гаспадаркі аднаасобнікаў вырасла амаль у 9 разоў. Да канца 1930-х г. самастойная аднаасобная гаспадарка як сац. катэгорыя ў вёсцы і ў горадзе, па сутнасці, знікла (за выключэннем Зах. Беларусі). У 1939 сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі толькі 6,4% усяго насельніцтва БССР. Колькасць аднаасобных сял. двароў зменшылася з 804 тыс. у 1928 да 50,3 тыс. ў 1940. Гэта адмоўна адбілася на ўсёй эканоміцы і асабліва на вытв-сці с.-г. прадукцыі. У пасляваенны час за кошт урбанізацыі рэспублікі, перамяшчэння значнай часткі аднаасобнікаў у іншыя раёны СССР, паскорана праведзенай прымусовай калектывізацыі ў Зах. Беларусі аднаасобныя сял. гаспадаркі зусім зніклі. З мноства вяскоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій да пач. 1950-х г. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР), аднаасобнікі складалі абсалютную большасць. У 1959 сяляне-аднаасобнікі, і некаапераваныя саматужнікі складалі толькі 0,7% насельніцтва, у 1966 — 0,1%. Перабудова эканам. структур, пачатая ў канцы 1980-х г. на Беларусі, як і ў цэлым у СССР, стварыла ўмовы для развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў горадзе і вёсцы.
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г.прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЦТВА,
1) галіна матэрыяльнай вытв-сці па стварэнні, рэканструкцыі, расшырэнні будынкаў і збудаванняў, якія забяспечваюць вытв. дзейнасць людзей і іх матэрыяльна-культ. патрэбы.
2) Працэс збудавання аб’екта, будоўля.
3) Аб’ект разам з адведзенай тэр. для выканання буд.-мантажных работ. Вылучаюць жыллёва-камунальнае будаўніцтва, прамысловае будаўніцтва, сельскагаспадарчае будаўніцтва, транспартнае будаўніцтва, энергетычнае будаўніцтва, гідратэхнічнае будаўніцтва і інш.Прадукцыя будаўніцтва — завершаныя і падрыхтаваныя да эксплуатацыі прамысл. і с.-г. прадпр., інж. і трансп. камунікацыі, жылыя дамы, грамадскія і інш. будынкі. Як галіна эканомікі будаўніцтва — аснова памнажэння нацыянальнага багацця. Высокія тэмпы капітальнага будаўніцтва забяспечваюць абнаўленне буд. прадукцыі, вызначаюць тэмпы інтэнсіфікацыі ўсяго нар.-гасп. комплексу краіны. Ажыццяўляецца будаўніцтва на аснове праектавання і выдзеленых інвестыцый. Для выканання будаўнічых работ створаны агульнабуд. і спецыялізаваныя арг-цыі, фірмы, якія вядуць будаўніцтва падрадным (на аснове дагавораў з падрадчыкамі) і гасп. (сіламі ўласніка аб’екта) спосабамі. Будаўнічыя матэрыялы і будаўнічыя канструкцыі для будаўніцтва пастаўляе будаўнічых матэрыялаў прамысловасць, будаўнічыя машыны і абсталяванне — будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне. На аснове ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы будаўніцтва ўдасканальваецца тэхналогія буд. работ, пашыраецца зборнае будаўніцтва, у т. л. аб’ёмна-блочнае, што павышае тэмпы будаўніцтва і ўзровень індустрыялізацыі.
Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі і інш. краінах, дзе на долю будаўніцтва прыпадае 8—16% валавога ўнутр. прадукту і 4—9% агульнай колькасці работнікаў, занятых у вытв-сці. Там пераважаюць дробныя і сярэднія фірмы: у ЗША больш за 80% буд. фірмаў маюць да 5 работнікаў кожная, у Францыі больш за 90% такіх фірмаў маюць да 10 чал., у Германіі малыя буд. фірмы (да 100 чал.) выконваюць да 65% аб’ёму буд. работ. Аднак вырашальную ролю ў Б. адыгрываюць буйныя фірмы, што дамінуюць у якасці падрадчыкаў на міжнар. рынку, асабліва ў краінах Б. Усходу, Лац. Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На стан будаўніцтва істотна ўплываюць асацыяцыі і аб’яднанні, якія распрацоўваюць і выдаюць нарматыўныя дакументы, прапагандуюць перадавы вопыт, арганізуюць павышэнне кваліфікацыі буд. кадраў, выдаюць спец. часопісы і інш. Кіраванне буд. галіной ажыццяўляецца на аснове буд. кодэксаў. У Японіі дзейнічае Мін-ва будаўніцтва, у Канадзе — Федэральнае мін-вадзярж. будаўніцтва, у Вялікабрытаніі — Мін-ва будаўніцтва і грамадскіх работ, у ЗША — Мін-ва жыллёвага будаўніцтва і гар. развіцця.
У дарэв. Беларусі будаўніцтва вялі пераважна прыватныя падрадныя буд. арг-цыі, рабочыя-сезоннікі, найчасцей уручную. Аднак тут пракладзена густая сетка чыгунак, уведзена ў дзеянне шмат прамысл. прадпрыемстваў, выкананы значны аб’ём меліярац. работ. Гэтаму спрыяла адносна развітая прам-сцьбуд. матэрыялаў. З 1920-х г., асабліва з ажыццяўленнем індустрыялізацыі, будаўніцтва набыло шырокі размах. У 1940 у сістэме трэста Белдзяржбуд дзейнічала 120 пярвічных буд. арг-цый, у т. л. 30 спецыялізаваных, якія выконвалі падрадным спосабам каля 60% аб’ёму буд. работ. За 1919—40 пабудавана і капітальна адрамантавана больш за 1800 прамысл. прадпрыемстваў, 316 МТС, больш за 12 млн.м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, шмат школ, мед. устаноў, грамадскіх будынкаў і інш. У Вял.Айч. вайну асн. фондам Беларусі прычынены вял. страты. Аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі абумовілі істотнае павелічэнне маштабаў буд. работ: у 1944—50 капіталаўкладанні ў 1,4 раза перавысілі іх аб’ём за перадваенны перыяд. Усяго ў 1945—95 адноўлена і пабудавана больш за 880 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. Мінскі трактарны, Мінскі і Беларускі аўтазаводы, Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапр. з-ды, ВА «Беларуськалій», Бел. металургічны з-д і інш. гіганты індустрыі; адноўлена і пабудавана 182,8 млн.м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, вял. колькасць аўтадарог і чыгунак, меліярац. збудаванняў. Маштабныя буд. работы выкананы па мінімізацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы. На сучасным этапе будаўніцтва ажыццяўляюць арг-цыі і прадпрыемствы Мін-ва архітэктуры і буд-ва, канцэрнаў «Мінскбуд», «Белпаліўгаз», спец. трэсты «Белэнергабуд», «Белтрансбуд», «Белсувязьбуд», «Палессевадбуд» і інш. У іх складзе каля 200 аб’яднанняў, трэстаў, акц. т-ваў, якія аб’ядноўваюць 995 падрадных буд.-мантажных і 234 рамонтна-буд. арг-цыі (1994) Дзейнічаюць больш за 2 тыс. малых буд. прадпрыемстваў і кааператываў розных формаў уласнасці, у т. л. прыватныя. У 1995 на долю дзярж. падрадных арг-цый прыпадала 39% аб’ёму буд. работ, на калектыўныя — 49%, на арг-цыі змешаных формаў уласнасці — 12%. Створана развітая сетка праектна-вышукальных работ, наладжана вытв-сцьбуд. матэрыялаў і машын.
Літ.:
Лисичкин В.А., Ковальский М.И. Организация управления строительством в капиталистических странах. М., 1987;
Рекитар Я.А. Материальная база капитального строительства: (экон. пробл. и тенденции развития). М., 1988;
Инвестиционный комплекс и проблемы его развития в условиях перехода к рыночной экономике: Сб. науч. тр.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш.Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.
На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл.Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж.геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц.нар.адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес.дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл.прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц.нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац.АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).
Літ.:
Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;
Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;
Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.