БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — чэрв. 1794),

вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.—ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАНЫ́ЛЫ»

(«Manyly»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады «Штурмавая» і мясц. насельніцтва ў раёне в. Манылы і ў Маныльскім лесе (Лагойскі р-н), а таксама ў Барысаўскім, Плешчаніцкім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобл. 2—14.4.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2-га паліцэйскага палка з прыдадзенай яму танк. ротай, 2 мінамётнымі і 1 сапёрным узводамі. Ажыццяўлялася ў 3 этапы, кожны з якіх меў кодавую назву: «М.» — 2—4 крас., «Вясна—Поўдзень» («Lenz—Süd») — 6—8 крас. і «Вясна—Поўнач» («Lenz—Nord») — 8—14 крас. Нягледзячы на перавагу ў сілах і сродках, карнікам не ўдалося акружыць і знішчыць брыгаду. Партызаны з баямі адышлі ў паўн. напрамку. Гітлераўцы расстралялі 732 чал. ў шэрагу вёсак Лагойскага, Смалявіцкага і інш. раёнаў; 531 чал. «мабілізавалі» на катаржныя работы. Захапілі шмат жывёлы, збожжа, бульбы, разбурылі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, у т. л. 11 млыноў, шмат якія вёскі спалілі.

У.​С.​Пасэ.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЎЛЯ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

бой падраздзяленняў 415-й стралк. дывізіі (палк. П.​І.​Машчалкоў) 61-й арміі Бел. фронту і 27-й Нараўлянскай партыз. брыгады імя Кірава (камандзір У.​П.​Яромаў) супраць ням.-фаш. захопнікаў за вызваленне г.п. Нароўля 28—30 ліст. ў Вял. Айч. вайну. У пасёлку знаходзілася каля 500 гітлераўцаў з 13 танкамі, 2 штурмавымі гарматамі «фердынанд», 2 бронемашынамі. 28 ліст. сав. дывізія фарсіравала р. Прыпяць і з Пд наблізілася да Нароўлі. Партызаны разведалі ўмацаванні праціўніка, наяўнасць і месцазнаходжанне яго агнявых кропак і разам з камандаваннем дывізіі распрацавалі план вызвалення Нароўлі. У ноч на 30 ліст. партызаны (камандзір П.​І.​Літоўскі) і падраздзяленні стралк. палка абышлі пасёлак з 3 і Пн і пачалі наступленне. Баючыся акружэння, праціўнік адступіў. Нароўля была вызвалена, захоплены ваен. склады праціўніка. Партызаны і часці Чырв. Арміі вызвалілі таксама в. Верхні і Ніжні Млынок, з дапамогай насельніцтва пабудавалі мост цераз Прыпяць.

Я.​К.​Габец.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЯЛО́ЎСКІ (Францішак Ксаверы) (18.12.1771, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 15.9.1845),

дзяржаўны і ваен. дзеяч ВКЛ. Сын Ю.Несялоўскага. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вільні (1785—88). З 1788 шэф 6-га рэгімента (палка) пяхоты войска ВКЛ. Удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 вызначыўся са сваім палком у шэрагу бітваў. Трапіў у палон, адмовіўся прысягаць Кацярыне II і выехаў у Германію. У 1796 вярнуўся, у 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстання, зняволены ў Вільні. Падтрымаў план А.Чартарыйскага пра адбудову Польск. дзяржавы пад суверэнітэтам Расіі. У 1812 прызначаны Напалеонам чл. Вайсковага к-та ў Вільні, ген. брыгады, інспектар пяхоты арміі ВКЛ, паспалітага рушэння. Адступіў з напалеонаўскімі войскамі за мяжу. У 1814 пасля амністыі вярнуўся на Беларусь, прадаў родавыя маёнткі (Варончу і інш.) і з’ехаў у Польшчу. У 1830 выбраны паслом сейма Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 намеснік губернатара Варшавы, камандаваў брыгадай пры абароне горада, быў сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання на некалькі гадоў дэпартаваны ў Волагду.

т. 11, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́Й (Іван) (? — пасля 1669),

палкоўнік казацкага запарожскага войска на Беларусі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паходзіў з Мсціслаўскага ваяв. У 1649 у Брацлаўскім палку, якім камандаваў яго брат Д.Нячай. У 1650—54 казацкі прадстаўнік пры двары крымскага хана. У 1655 у войску І.Залатарэнкі, удзельнічаў у аблозе Старога Быхава. Страціўшы надзею на поспех, казакі адышлі на Украіну, пакінуўшы на Беларусі частку войска на чале з Н. 29.1.1656 Хмяльніцкі прызначыў Н. «палкоўнікам беларускім». У 1657 Н. узяў Стары Быхаў. У 1658 ён адкрыта перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. У снеж. 1658 пацярпеў паражэнне ад рас. войск каля в. Благовічы Мазырскага пав., 11.3.1659 — каля Мсціслава. Пасля ўзяцця рус. войскамі Старога Быхава (4.12.1659) трапіў у палон і адпраўлены ў Маскву. 6.10.1660 сасланы ў Табольск. Вярнуўшыся са ссылкі, Н. у 1669 неаднаразова ездзіў на Украіну да гетмана Дарашэнкі ў якасці палкоўніка літ. казацкага палка. Далейшы лёс невядомы.

В.​І.​Мялешка.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ (Станіслаў Гіляравіч) (224.1902, с. Вендзічаны Магілёў-Падольскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 9.8.1973),

савецкі і польскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1955), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1923. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). З ліп. 1940 нач. аператыўнага аддзялення штаба 162-й стралк. дывізіі БВА. У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім, 1-м і 3-м Бел. франтах: камандзір палка, дывізіі, корпуса. У 1944 адкамандзіраваны ў Войска Польскае, у якім камандаваў 2-й (вер.—снеж. 1944) і 1-й (са снеж. 1944) арміямі. Удзельнік Маскоўскай бітвы 1941—42, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай, Берлінскай (1945) і інш. аперацый. Пасля вайны працягваў службу ў Войску Польскім, камандуючы войскамі ваен. акругі (1945—47), галоўнакаманд. сухапутнымі войскамі (1947—50), гал. інспектар баявога абучэння (1950—53), нам. міністра нац. абароны Польшчы (1949—56). З канца 1956 у СССР: 1-ы нам. гал. інспектара Мін-ва абароны СССР (1956—58).

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ТНА (Вітаўт Казіміравіч) (24.4.1893, в. Мацканяй Уценскага пав., Літва — 12.6.1937),

савецкі военачальнік, камкор (1935). Скончыў школу прапаршчыкаў (1917), ваен.-акад. курсы (1923). З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. З мая 1918 ваен. камісар Віцебскай губ. З вер. 1918 на Усх. фронце камісар дывізіі, камандзір палка, брыгады. Са снеж. 1919 на Зах. фронце, нач. 27-й дывізіі. Удзельнічаў у баях супраць войск Калчака, у сав.-польскай вайне 1920, задушэнні антысавецкіх паўстанняў у Кранштаце і Паволжы. З 1923 нач. пяхотнай школы, ва ўпраўленні ваен.-навуч. устаноў РСЧА, камандзір корпуса. З 1927 ваен. аташэ ў Японіі, Фінляндыі, Германіі, у 1934—36 — у Вялікабрытаніі. У 1931—34 камандаваў корпусам і Прыморскай групай войск на Д.​Усходзе. У 1936 арыштаваны па т.зв. справе «паралельнага трацкісцкага цэнтра» ў групе «кіраўнікоў ваеннай змовы» на чале з М.​М.​Тухачэўскім, 11.6.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар прац па гісторыі грамадз. вайны.

П.​А.​Селіванаў.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАТ,

1) адзін з галоўных вясельных чыноў з боку жаніха — жанаты мужчына старэйшага ўзросту, які ўдзельнічаў у сватанні нявесты.

2) Жанаты ўдзельнік вяселля (дзядзька, брат, муж сястры, блізкі знаёмы жаніха або нявесты, сусед).

3) Бацька жаніха, іншы старэйшы жанаты сваяк нявесты ў адносінах найперш адзін да аднаго, а таксама да іншых родзічаў (і інш. удзельнікаў вяселля) з процілеглага боку, звычайна пасля дасягнення бакамі дамоўленасці пра шлюб. Старшы С. (першы, дружко, стараста, маршалак) кіраваў вясельным працэсам у доме жаніха і ў доме нявесты, вёз жаніха ў дом маладой, дзяліў каравай і г.д. Гал. атрыбуты першага С.: ручнік праз плячо або 2 ручнікі накрыж, яркі пояс, пуга (палка) ці бізун з чырв. бантам. Акрамя старшага былі меншы С., другі С., трэці С. і г.д., якія памагалі першаму, а таксама каранны (дамавы) С. — бацька маладога і бацька маладой. Чын С. на вяселлі захоўваецца і ў наш час, хоць і мадэрнізавана. С. называюцца і бацькі маладых (мужа і жонкі) у адносінах адзін да аднаго.

Л.​А.​Малаш.

т. 14, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Байдарынка ’месца, зарослае ядлоўцам’ (Булг.). Вельмі цёмнае слова, без дакладных адпаведнасцей у іншых мовах. Можна толькі ўказаць на рус. дыял. (варонеж.) ба́дар ’буйное пустазелле, што расце на лугах і тлустых землях’ і бадары́жина ’палка, дубец, уваткнуты ў зямлю’, але гэта параўнанне вельмі ненадзейнае, бо і рус. словы не маюць этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́цьма ’з усіх ног, стрымгалоў’ (ЖНС, Касп., Макар. Суадносіцца з рус. рети́вый ’рэзвы; які рвецца да бегу (пра каня)’, рети́ться ’гарачыцца; палка брацца за што-небудзь’. Ст.-рус. ретитися ’спаборнічаць; імкнуцца’, реть ’старанне, запал’. Чарных (2, 100) выводзіць прасл. *retь (< *ērtь?) і суадносіць з *ratь (гл. раць), што цяжка давесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)