ЛЕАНІ́ДАЎ (Іван Ільіч) (22.1.1902, с. Бабіна Цвярской вобл., Расія — 6.11.1959),

расійскі архітэктар. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Маскве (1927; вучыўся ў А.​А.​Весніна); выкладаў у ім (1928—30). Адзін з кіраўнікоў Аб’яднання сучасных архітэктараў. Зрабіў значны ўклад у архітэктуру канструктывізму. У работах (Ін-т бібліятэказнаўства, 1927; дом Цэнтрасаюза, 1928; абодва ў Маскве; пасёлак новага тыпу пры Магнітагорскім горнаметалургічным камбінаце, 1930) выкарыстоўваў маст. магчымасці простых геам. форм (шар, конус) і на іх аснове ствараў прасторавыя кампазіцыі з ужываннем новых канструкцый. Горадабудаўнічым праектам уласцівы макс. выкарыстанне прыродных умоў, аддзяленне вытв. зоны ад жылой, свабодная планіроўка, забудова гарадоў дамамі малапавярховымі аблегчанай канструкцыі і шматпавярховымі вежавымі.

Літ.:

Александров П.А., Хан-Магомедов С.О. Иван Леонидов. М., 1971.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ БІ́ЗНЕС,

камерцыйная дзейнасць, арганізаваная ў межах малога (гл. Малое прадпрыемства) ці сярэдняга прадпрыемства з пэўным колькасным крытэрыем працуючых і аб’ёмам гасп. дзейнасці. Такія прадпрыемствы павінны мець незалежнае кіраванне, уласны капітал, лакальны раён дзеяння, адносна невял. памер у адносінах да галіны ў цэлым. Перавагі М.б.: незалежнасць дзеянняў, здольнасць хутка адаптавацца да навакольных умоў (напр., пераарыентавацца на вытв-сць новых відаў тавараў), параўнальна нізкія бягучыя выдаткі, больш высокая абарачальнасць капіталу, хуткае дасягненне эфектыўнасці (атрыманне прыбытку і інш.). Недахопы: фін. цяжкасці, асабістыя адказнасць і рызыка прадпрымальнікаў, няўпэўненасць партнёраў пры заключэнні кантрактаў, залежнасць ад інш. асоб, фірм, дзяржавы ў справе атрымання рэсурсаў і інш. У развітых краінах на М.б. прыпадае асн. частка знешнеэканам. сувязей.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ДУХО́ЎНАЯ АКАДЭ́МІЯ імя свяціцеля Кірылы, епіскапа Тураўскага,

вышэйшая навуч. ўстанова Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата. Засн. ў 1996 у в. Жыровічы (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.). Паводле Статута навучанне мае 2 ступені: 1-я — 3 гады навучання (кандыдат багаслоўя), 2-я — аспірантура (2 гады навучання), дае права на абарону магістэрскай дысертацыі. На 2-ю ступень акад. адукацыі дапускаюцца кандыдаты багаслоўя паводле рашэння Савета акадэміі. У 1999/2000 навуч. г. кафедры: Святога пісання, Старога і Новага запавету, дагматычнага і асн. багаслоўя, царк. гісторыі, стараж. і новых моў. Вывучаюцца акрамя багаслоўскіх такія дысцыпліны, як гісторыя Беларусі, праваслаўе і бел. культура, філасофія, педагогіка, царк.-слав., лац., стараж.-грэч., англ., ням. мовы і інш.

А.​С.​Балоннікаў.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЯ СПРА́ВА»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася з 19.6 да 27.11.1926 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень замест закрытай газ. «Беларуская справа». Выдавец П.​Мятла. Крытыкавала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы, пісала пра стварэнне новых арг-цый, правядзенне павятовых з’ездаў БСРГ, пра эканам. і паліт. становішча ў БССР і інш. Падрабязна інфармавала насельніцтва Зах. Беларусі пра забастоўку вуглякопаў Англіі. Друкавала творы Цёткі, М.​Васілька, А.​Салагуба, П.​Пестрака, Улад-Ініцкага, Я.​Маланкі і інш., артыкулы пра Цётку і Я.​Коласа. Адзначыла 20-годдзе выхаду газет «Наша доля» і «Наша ніва». Выйшла 39 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАР II Фока

(каля 912—11.12.969),

візантыйскі імператар [963—969]. Паходзіў са знатнага малаазійскага роду Фокаў. З 954 галоўнакамандуючы. Пасля смерці Рамана II (963) узведзены на прастол малаазійскай ваен. знаццю. Садзейнічаў росту свецкага буйнога землеўладання. Указам 964 забараніў заснаванне новых манастыроў (абмежаваў права завяшчання на карысць царквы). Правёў ваен. рэформу, гал. сілай арміі зрабіў цяжкую конніцу накшталт рыцарскай. Адваяваў у арабаў в-аў Крыт (961), Кілікію і Кіпр (965), Паўн. Сірыю (969, разам з Антыёхіяй), адстаяў Візантыю ад дамаганняў герм. імператара Атона I. У 966 пачаў вайну супраць Балгарыі, у 968 яму на дапамогу прыйшоў кіеўскі князь Святаслаў. Забіты ў выніку змовы Іаана I Цымісхія.

Літ.:

Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА-ДЭ-ДЭ (франц. pas de deux літар. танец удваіх),

музычна-танцавальная форма пераважна ў класічным балеце. Першапачаткова — танец 2 выканаўцаў, які дэманстраваў іх майстэрства і грацыёзнасць. Класічная форма пачала складвацца ў эпоху рамантызму і была звязана з паяўленнем новых сцэн. герояў, абмалёўка вобразаў якіх патрабавала больш складанай тэхнікі. У 2-й пал. 19 ст. склалася канчатковая структура — выхад выканаўцаў (антрэ), адажыо (дуэтны танец у павольным тэмпе), варыяцыі (сола) танцоўшчыка і танцоўшчыцы, сумесная кода (заключная частка). Класічныя ўзоры па-дэ-дэ стварылі М.​Петыпа («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), у сучасным балеце — В.​Вайнонен («Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), І.​В.​Псота («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева).

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НІН (Віктар Яўгенавіч) (н. 10.11.1930, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

расійскі фізік і механік. Акад. Рас. АН (1987, чл.-кар. 1981). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (2000). Скончыў Томскі ун-т (1952). З 1955 у Сібірскім фіз.-тэхн. ін-це (з 1969 заг. аддзела), з 1979 у Сібірскім аддз. Рас. АН: у Ін-це оптыкі атмасферы (нам. дырэктара), з 1983 у Ін-це фізікі трываласці і матэрыялазнаўства (з 1984 дырэктар). Навук. працы па механіцы дэфармуемага цвёрдага цела, фізіцы трываласці і пластычнасці, стварэнні новых высокатрывалых канстр. матэрыялаў.

Тв.:

Теория фаз в сплавах. Новосибирск, 1984 (у сааўт.);

Структурные уровни пластической деформации и разрушения. Новосибирск, 1990 (у сааўт.);

Новые материалы и технологии. Новосибирск, 1993 (у сааўт.).

М.​М.​Касцюковіч.

В.Я.Панін.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНА-ТЭХНІ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

сістэма падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў для розных галін нар. гаспадаркі; адна з састаўных частак прафесійнай адукацыі. Засн. на базавай або агульнай сярэдняй адукацыі. Уключае прафес. вучылішчы, ліцэі, каледжы, вышэйшыя прафес. і тэхн. ўстановы, цэнтры прафес. адукацыі, навуч.-вытв. цэнтры і інш. Мае розныя профілі: маш.-буд., буд., аграпрамысл., электратэхн., хім., сферы паслуг і інш. Для атрымання дадатковых прафес. ведаў і навыкаў, набыцця новых прафесій і спецыяльнасцей прафес.-тэхн. навуч. ўстановы праводзяць павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. На Беларусі ў сістэме П.-т.а. 248 навуч. устаноў, у якіх 136 тыс. навучэнцаў па 350 прафесіях (2000/2001 навуч. г.). Гл. таксама Беларусь (раздз. «Асвета»).

Э.​М.​Каліцкі.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБУ́ШКА (Антон Пятровіч) (н. 17.1.1929, Мінск),

бел. матэматык і фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1972), праф. (1974). Засл. работнік нар. асветы Беларусі (1991). Скончыў БДУ (1954), дзе і працаваў. З 1970 ў Бел. агр. тэхн. ун-це (у 1972—98 заг. кафедры вышэйшай матэматыкі). Навук. працы па вывучэнні руху цел і яго ўстойлівасці ў агульнай тэорыі адноснасці. Распрацаваў тэорыю рэлятывісцкага руху цел з уласным вярчэннем, эл. зарадамі і магн. момантамі, выявіў шэраг новых заканамернасцей і сфармуляваў умовы іх эксперым. праверкі.

Тв.:

Движение тел в общей теории относительности. Мн., 1979;

Проблема устойчивости движения тел в общей теории относительности. Мн., 1987;

Индивидуальные задания по высшей математике. [Ч. 1—2]. 2 изд. Мн., 2000 (у сааўт.).

т. 13, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ве́нчурны

(ад венчур)

звязаны з рызыкай, рызыкоўны (асабліва ў гандлі і банкаўскай справе);

в-ы капітал — частка грашовых сродкаў, фондаў, якая ўкладваецца ў венчурнае прадпрыемства (фірму);

в-ае прадпрыемства — камерцыйная навукова-тэхнічная арганізацыя, што спецыялізуецца на стварэнні, асваенні ў вытворчасці і ўкараненні новых відаў прадукцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)