«НЕДАТЫКА́ЛЬНЫЯ»,

члены найніжэйшых індуісцкіх кастаў, якія не належаць да ніводнай з 4 індуісцкіх варнаў. Да «Н.» адносілі тых, хто займаўся нячыстымі для прававерных індусаў заняткамі, звязанымі з забойствам жывёл, брудам і смеццем: рыбаловы, гарбары, абутнікі, прачкі, смецяры, асенізатары і інш., а таксама прадстаўнікі адсталых плямён. Лічылася, што зносіны «Н.» з членамі вышэйшых кастаў апаганьваюць апошніх. Найб. жорсткія абмежаванні для «Н.» існавалі на Пд Індыі, ім забаранялася жыць разам з іншымі, наведваць храмы, карыстацца агульнымі калодзежамі і г.д. У 1920—30-я г. барацьбу за правы «Н.» узначаліў М.К.Гандзі, які называў іх «харыджанамі» («божымі дзецьмі»; афіц. назва «Н.» у сучаснай Індыі). Канстытуцыя 1949 гарантавала «Н.» усе грамадз. правы, а закон 1955 прыраўноўваў іх дыскрымінацыю да крымін. злачынства. Чл. т.зв. «спісачных» (ніжэйшых) кастаў і плямён (16% насельніцтва Індыі) атрымалі льготы пры паступленні ў ВНУ і на дзярж. службу. Аднак поўнае скасаванне «недатыкальнасці» застаецца адной з найб. складаных праблем інд. грамадства.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЧКІНА Міліца Васілеўна (25.2.1901, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.5.1985),

расійскі сав. гісторык. Акад. АН СССР (1958), правадз. чл. АПН СССР з 1947. Скончыла Казанскі ун-т (1921). З 1921 у ВНУ і НДІ Казані і Масквы, у 1934—54 праф. Маскоўскага ун-та. З 1935 у Ін-це гісторыі АН СССР. Асн. творы па гісторыі рэв. руху і грамадскай думкі ў Расіі 19 ст., у т. л. дзекабрысцкага руху: «А.​С.​Грыбаедаў і дзекабрысты» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Рух дзекабрыстаў» (т. 1—2, 1955). Адзін з аўтараў прац па гістарыяграфіі і метадалогіі гісторыі. Гал. рэд. і аўтар «Нарысаў гісторыі гістарычнай навукі ў СССР» (т. 2—4, 1960—66).

Тв.:

В.​О.​Ключевский: История жизни и творчества. Мн., 1974;

Встреча двух поколений: Из истории рус. рев. движения конца 50-х — нач. 60-х гг. XIX в.: Сб. ст. М., 1980;

День 14 декабря 1825 г. 3 изд. М., 1985.

Літ.:

М.​В.​Нечкина (1901—1985). М., 1987.

т. 11, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́НЗА,

горад, цэнтр Пензенскай вобл. ў Расіі. На Прыволжскім узв., на р. Сура (прыток Волгі). Нас. 534,6 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (з-ды: дызельны, кампрэсарны, вылічальных электронных машын, гадзіннікавы, хім., тэкст. машынабудавання, веласіпедны і інш.), харч., лёгкая, дрэваапр., папяровая. Ф-ка піяніна, з-д мед. прэпаратаў. 5 ВНУ. 2 тэатры. Музеі: краязн., нар. творчасці, карцінная галерэя. Батанічны сад.

Засн. ў 1663 як вартавы пункт на паўд. ускраіне Рас. дзяржавы. Неаднойчы на горад нападалі татары і нагайцы. У 1670 узята атрадамі С.Разіна. З 1719 цэнтр Пензенскай правінцыі ў складзе Казанскай губ. У 1723 засн. гар. магістрат (да 1866). У жн. 1774 праз П. прайшла армія Е.Пугачова. З 1780 цэнтр намесніцтва, з 1796 — губерні. У 1797—1801 павятовы, з 1801 губ. горад Саратаўскай губ. У 1874 праз П. прайшла Сызрана-Вяземская чыгунка. З 1928 цэнтр Пензенскай акругі Сярэдняволжскага краю, з 1930 раённы цэнтр Сярэдняволжскага, потым Куйбышаўскага краю, з 1937 — Тамбоўскай вобл., з 1939 цэнтр Пензенскай вобласці.

т. 12, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРУСЕ́ВІЧ Казімір Казіміравіч (23.3.1906, Мінск — 26.3.1982),

бел. і польскі вучоны-біёлаг, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Акад. АН Польшчы (1952), д-р біял. н. (1937). Сын К.А.Петрусевіча. Скончыў Віленскі ун-т (1933), у якім працаваў асістэнтам (1928—37). Адзін з арганізатараў і сакратар студэнцкай арг-цыі «Фронт». У 1937 арыштаваны польскімі ўладамі і прыгавораны да 4 гадоў турэмнага зняволення. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) дырэктар сярэдняй школы ў Ганцавіцкім р-не Пінскай вол. У час акупацыі Беларусі ням.-фашыстамі за сувязь з партызанамі схоплены гітлераўцамі і прыгавораны да расстрэлу, аднак паранены цудам выратаваўся. З 1942 у партыз. спецатрадзе НКДБ СССР «Сокалы». З 1944 у Польшчы: нам. міністра харч. забеспячэння, марскога гандл. флоту, заг. аддзела навукі і ВНУ ЦК ПАРП. У 1949—69 праф. Варшаўскага ун-та, адначасова ў 1952—72 арганізатар і дырэктар Ін-та экалогіі АН Польшчы. Аўтар прац па экалогіі і папуляцыі.

У.​М.​Кісялёў.

т. 12, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМО́НАЎ Аляксей Андрэевіч (н. 14.8.1925, в. Кледнявічы Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. геадэзіст. Д-р тэхн. н., праф. (1970). Скончыў БСГА (1951), дзе і працаваў з 1955 (з 1969 заг. кафедры). З 1974 у Бел. тэхнал. ун-це (заг. кафедры). З 1996 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя». З 1997 праф. БСГА і адначасова праф.-кансультант ін-та «Белдзіпразем». Навук. працы ў галіне пабудовы і матэм. апрацоўкі геад. сетак. Прапанаваў метады стварэння і апрацоўкі геад. апоры, агульназямельнага кадастру і землеўпарадкавання, дэмаркацыі дзярж. мяжы. Удзельнічаў у стварэнні астранома-геад. сеткі ў Беларусі і прылеглых да яе тэр., а таксама ў Егіпце. Аўтар падручнікаў і навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Инженерная геодезия. Мн., 1983;

Геодезическое обеспечение строительства реакторных отделений современных АЭС (разам з М.​К.​Стуліным, М.​П.​Дварэцкім) // Энергетич. стр-во. 1986. № 3;

Совершенствование государственной геодезической опоры Республики Беларусь (у сааўт.) // Геодезия и картография. 2000. № 5.

М.​П.​Савік.

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКАЕ ВЫШЭ́ЙШАЕ МАСТА́ЦКА-ПРАМЫСЛО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя В.​І.​Мухінай,

адна са старэйшых вышэйшых маст. навучальных устаноў Расіі. Засн. ў 1876 у Пецярбургу як Цэнтр. вучылішча тэхн. малявання барона А.​Л.​Штыгліца. У 1922 уведзена ў склад петраградскага Вышэйшага тэхн.-маст. ін-та. У 1945 адноўлена як Ленінградскае маст.-прамысл. вучылішча, з 1948 ВНУ, з 1953 імя Мухінай, з 1994 сучасная назва. Рыхтуе мастакоў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасцях: дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. афармленне і мадэліраванне вырабаў, інтэр’ер і абсталяванне, прамысл. мастацтва, манум.-дэкар. мастацтва, а таксама выкладчыкаў малявання і дэкар.-прыкладнога мастацтва для маст.-прамысл. школ. Мае ф-ты манум., дэкар.-прыкладнога і прыкладнога мастацтваў; аспірантуру. Створаны музей дэкар.-прыкладнога мастацтва. У розныя часы ў вучылішчы выкладалі П.​Бучкін, С.​Васількоўскі, Р.​Фрэнц, Г.​Савіна. Вучылішча скончылі бел. мастакі М.​Кірылаў, У.​Мурахвер, Л Мягкова, М.​Міхалап, А.​Някрасаў, С.​Палякоў, Л.​Панамарэнка, У.​Пракоф’еў, М.​Рыжанкоў, А.​Салаўёў, І.​Харламаў і інш.

т. 14, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВЯРДЭ́НКА Васіль Пятровіч (14.1.1904, г. Краматорск Данецкай вобл., Украіна — 19.12.1978),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Акад. АН Беларусі (1956), д-р тэхн. н. (1950), праф. (1952). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1963). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі (1932). З 1945 выкладаў у ВНУ Масквы. З 1957 дырэктар, заг. лабараторыі пластычнасці, з 1970 старшы навук. супрацоўнік-кансультант Фізікатэхн. ін-та АН Беларусі, адначасова ў 1957—70 заг. кафедры БПІ. Навук. працы па пластычнай дэфармацыі, апрацоўцы металаў ціскам. Прапанаваў новыя спосабы апрацоўкі металаў з выкарыстаннем ультрагуку, распрацаваў метады гарачага гідрахім. выціскання, пракаткі лістоў з парашковых матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Теория обработки металлов давлением. Мн., 1966;

Теоретические основы ковки и горячей объемной штамповки. Мн., 1968 (у сааўт.);

Основы теории прокатки. Мн., 1969;

Прокатка и волочение с ультразвуком. Мн., 1970 (разам з У.​У.​Клубовічам, А.​В.​Сцепаненкам);

Ультразвук и пластичность. Мн., 1976 (з імі ж).

Літ.:

Библиография научных трудов академика АН БССР В.​П.​Северденко. Мн., 1979.

В.П.Севярдэнка.

т. 14, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМА́НЦАР Анатоль Пятровіч. (н. 4.5.1933, в. Лабачыха Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1992), праф. (1994). Засл. дз. нав. Беларусі (1998). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1960). З 1954 настаўнічаў, з 1964 у БДУ (у 1994—99 заг. кафедры). Даследуе праблемы навучання і выхавання моладзі, падрыхтоўкі і развіцця творчага патэнцыялу настаўнікаў, гуманізацыі пед. працэсу у сярэдняй школе, гуманітарызацыі школьнай матэм. адукацыі і інш. Аўтар вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ВНУ і сярэдняй школы, адзін з аўтараў канцэпцыі бесперапыннай пед. адукацыі (1991).

Тв.:

Воспитание у школьников интереса к учению. Мн., 1987 (разам з М.​А.​Беразовіным);

Самооценка и оценка подготовленности первокурсников к продолжению образования в вузе // Педагогика высшей и средней специальной школы. Мн., 1991. Вып. 5;

Педагогические основы преемственности в обучении школьников и студентов: теория и практика. Мн., 1995;

Гуманизация педагогического процесса в современной школе: история и современность. Мн., 2001 (разам з Л.​В.​Кандрашовай).

т. 15, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНАНА́ЕЎ Іван Уладзіміравіч (4.6.1904, с. Сярповае Маршанскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 28.2.1993),

расійскі хімік. Акад. Рас. АН (1958, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1925), дзе і працаваў. З 1935 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН СССР, адначасова ў 1939—68 выкладаў у маскоўскіх ВНУ (з 1940 праф.). У 1965—88 гал. рэдактар час. «Неорганические материалы». Навук. працы па неарган. і аналіт. хіміі, фіз.-хім. аналізе. Прапанаваў метад вывучэння гетэрагенных сістэм з маларастваральнымі кампанентамі (1967—69, метад астаткавых канцэнтрацый Т.). Распрацаваў метады атрымання звышчыстых крэмнію, германію, ферацыянідны метад атрымання рубідыю і цэзію з раствораў калійных солей. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1971.

Тв.:

Химия германия. М., 1967 (разам з М.​Я.​Шпіртам);

Химия ферроцианидов. М., 1971 (у сааўт.);

Особенности кристаллохимии соединений редкоземельных элементов. М., 1984 (разам з Г.​А.​Бандуркіным, Б.​П.​Джурын-1 скім).

Літ.:

И.​В.​Тананаев. М., 1979.

І.У.Тананаеў.

т. 15, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАПЛЫ́ГІН Сяргей Аляксеевіч (5.4.1869, г. Раненбург, цяпер г. Чаплыгін Ліпецкай вобл., Расія — 8.10.1942),

расійскі вучоны ў галіне тэарэт. механікі, стваральнік навук. школы па гідра- і аэрамеханіцы. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1924). Герой Сац. Працы (1941). Засл. дз. нав. РСФСР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1890), выкладаў у ім і інш. ВНУ Масквы. З 1901 праф., з 1905 дырэктар Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. З 1918 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це (ЦАГІ, у 1928—31 дырэктар-начальнік). Навук. працы па гідрамеханіцы, матэматыцы, аналіт. механіцы, аэрамеханіцы, авіяцыі, балістыцы. Прапанаваў метад даследавання газавых струменяў пры дагукавых скарасцях, што стала пачаткам развіцця газавай дынамікі. Выказаў пастулат аб вызначэнні велічыні цыркуляцыі скорасці патоку вакол крыла (пастулат Ч. — Жукоўскага), што дазволіла рашаць задачы аб сілах дзеяння патоку на абцякальнае цела. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М.; Л., 1948—50;

Избранные труды. М., 1976.

Літ.:

С.​А.​Чаплыгин: Материалы к науч. биогр. М., 1972.

С.А.Чаплыгін.

т. 17, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)