1) механізм для змены скорасці вярчэння (найчасцей для яе зніжэння і павышэння вярчальнага моманту) пры перадачы руху ад аднаго вала да другога. Звычайна ў Р. выкарыстоўваюць зубчастыя перадачы, чарвячныя перадачы, ланцуговыя перадачы і іх спалучэнні. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, манціруюцца ў закрытым корпусе як асобны агрэгат ці ўбудаваныя ў машыну. У камбінаваным прыводзе Р. кампануюць з варыятарам. У адрозненне ад каробкі перадач перадатачны лік Р. — велічыня пастаянная.
2) Прылада для аўтам. прапускання вадкасці (пары, газу) з поласці высокага ціску ў поласць меншага ціску і падтрымання яго на зададзеным узроўні. Выконвае функцыі засцерагальнага і запорнага клапана. Ціск у Р. зніжаецца аўтам. рэдукцыйным клапанам, які звязаны з гібкай плоскай мембранай (знаходзіцца пад ціскам вадкасці з аднаго боку і вінтавой спружыны — з другога).
Рэдуктары: а — з чарвячнай перадачай; б — з электрарухавіком (матор-рэдуктар; 1 — рэдуктар, 2 — электрарухавік); в — прамога дзеяння для рэдуцыравання газу (1 і 6 — спружыны, 2 — клапан, 3 — штурхач, 4 — мембрана, 5 — націскны дыск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРЭЗЕНТАТЫ́ЎНАСЦЬ (франц. représentatif прадстаўнічы, паказальны ад лац. repraesentare прадстаўляць),
уласцівасць часткі адлюстроўваць характарыстыкі цэлага. Паняцце шырока выкарыстоўваецца ў статыстыцы, сацыялогіі і інш. дысцыплінах у межах т.зв. выбарачнага метаду, накіраванага на даследаванне цэлага (ген. сукупнасці) шляхам вывучэння яго часткі (выбарачнай сукупнасці); атрыманыя пры аналізе выбарачнай сукупнасці вынікі пашыраюцца на ўсю ген. сукупнасць. Адрозненні паміж характарыстыкамі выбарачнай і ген. сукупнасцей наз. памылкай Р. Велічыня такой памылкі паддаецца стат. разліку і залежыць ад характарыстыкі ген. сукупнасці, ступені вагання (адхілення) даследуемых параметраў, зададзенай ступені верагоднасці, выбранай методыкі разліку параметраў. Акрамя аб’ектыўных фактараў памылкі Р. бываюць суб’ектыўныя, напр., пры атрыманні выбарачных даных шляхам апытання. Актуальнасць праблемы Р. абумоўлена ростам даследаванняў, арыентаваных на вырашэнне практычных пытанняў сац. кіравання ў галінах прам-сці, нар. адукацыі, аховы здароўя і інш., вывучэнне дэмаграфічных і этнакульт. працэсаў, ростам патрэбнасці ў правядзенні сац.-паліт.маніторынгаў, развіццём парламентарызму, актывізацыяй дзейнасці паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў. Фармальная тэорыя Р. распрацоўваецца ў межах аднаго з раздзелаў матэматычнай статыстыкі — тэорыі выбарачнага метаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНГУЛЯ́РНАЕ РАЗМЕРКАВА́ННЕў тэорыі імавернасцей,
размеркаванне імавернасцей у n-мернай вектарнай прасторы, якое засяроджана на мностве нулявой меры Лебега і прыпісвае кожнаму аднапунктаваму мноству нулявую імавернасць. У больш шырокім сэнсе — кожнае размеркаванне імавернасцей з’яўляецца С.р. у адносінах да меры P (гл.Мера мноства), калі яно засяроджана на мностве N такім, што яго мера P{N} = 0. У гэтым выпадку любое дыскрэтнае размеркаванне імавернасцей з’яўляецца С.р. у адносінах да меры Лебега.
С.р. (адносна меры Лебега), зададзенае на прамой, мае неперарыўную функцыю размеркавання, мноства пунктаў росту якой мае Лебегаву меру нуль. Напр., кантарава размеркаванне, якое мае выпадковая велічыняY = 2(1/3X1 + 1/32X2 + ... + 1/3jXj + ...), дзе X1, X2, ... — паслядоўнасць незалежных выпадковых велічынь, якія прымаюць значэнні 0 і 1 з імавернасцю 1/2. Любое размеркаванне імавернасцей у эўклідавай n-мернай прасторы можна адназначна выразіць праз камбінацыю дыскрэтнага, неперарыўнага і сінгулярнага размеркаванняў: P = aPдыскр + bPнепер + cPсінг, дзе a, b,c ≥ 0 і a + b + c = 1 (раскладанне Лебега).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РАСЦЬ ГУ́КУ,
скорасць распаўсюджвання гуку ў матэрыяльным асяроддзі. Вызначаецца пругкасцю і шчыльнасцю асяроддзя. Скорасць гарманічнай гукавой хвалі (гл.Гарманічныя ваганні) наз.фазавай скорасцю гуку. Звычайна С.г. — велічыня пастаянная для дадзенага рэчыва пры дадзеных знешніх умовах і не залежыць ад частаты хвалі і яе амплітуды. У выпадку залежнасці фазавай скорасці ад частаты гуку мае месца дысперсія хваль і тады карыстаюцца паняццем групавой скорасці.
С.г. ў газах меншая, чым у вадкасцях, у вадкасцях меншая, чым у цвёрдых целах (прычым для зрухавых хваль яна меншая, чым для падоўжных). С.г. ў газах і пары 150—1000 м/с, у вадкасцях 750—2000 м/с, у цвёрдых целах 2000—6000 м/с, у паветры пры нармальных умовах 330 м/с, у вадзе прыкладна 1500 м/с. У монакрышт. цвёрдых целах С.г. залежыць ад напрамку распаўсюджвання хвалі адносна крышталеграфічных восей. Вымярэнне С.г. выкарыстоўваецца для вызначэння многіх характарыстык рэчыва, напр., сціскальнасці газаў і вадкасцей, модуляў пругкасці цвёрдых цел, зоннай структуры паўправаднікоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМЕРСКАЯ ГАСПАДА́РКА,
прыватнае таварнае с.-г. прадпрыемства, якое вядзецца індывід. таваравытворцам (фермерам) ці сям’ёй на ўласнай або арандаванай зямлі і звычайна звязана з сялібай хутарскога тыпу. Можа быць заснавана на працы ўладальніка Ф.г. і членаў яго сям’і, а таксама наёмных пастаянных ці сезонных работнікаў. Станаўленне Ф.г. ў большасці краін, у т. л. ў Расіі, адбывалася ў ходзе працяглай эвалюцыі памешчыцкіх гаспадарак у капіталіст. прадпрыемства, а сялян — у наёмных рабочых ці фермераў. Каб вытрымаць канкурэнтную барацьбу, Ф.г. кааперуюцца ў галіне крэдыту, выкарыстання тэхнікі, забеспячэння, перапрацоўкі, збыту прадукцыі і інш. На Беларусі Ф.г. зноў пачалі стварацца ў пач. 1990-х г. На 1.1.2002 іх было 2397, сярэдняя велічыня зямельнага ўчастка, якім яны валодаюць, — 38,9 га. Доля Ф.г. ў валавым зборы с.-г. культур у 2001 складала 1—2%, у вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі — менш як 1%. Прававой асновай, якая рэгулюе дзейнасць Ф.г. на Беларусі, з’яўляецца Закон «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» (1991).