Галаве́шка (БРС, Касп., Сцяшк. МГ, Нас., Шат.). Па паходжанню гэта спачатку памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка’, утвораная суфіксам *‑eš‑ьka (параўн. суф. *‑exa). Суфіксы з элементам x звычайна злучаюцца са словамі ў іх усечанай форме (звычайна выпадае склад або толькі зычны). Калі асноўнае слова (*галаўня) знікла з ужытку, у яго функцыі распаўсюдзілася вытворнае галавешка (таксама галавешка, гл.; але гэта апошняе толькі ў частцы дыялектаў).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гам ’шум, крык’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк., Шатал.). Параўн. рус. гам, укр. гам. Паводле (Шанскага (1, Г, 23), усх. слав. слова. Лічыцца звязаным чаргаваннем галосных з коранем *gom (параўн. слав. *gomonъ ’шум’, *gomoniti і г. д.) гукапераймальнага паходжання (гл. Бернекер, 1, 326–327; Праабражэнскі, 1, 118; Фасмер, 1, 390–391; Шанскі, там жа). Сюды адносіцца і дзеяслоў бел. гамава́ць ’брахаць; крычаць, лаяць’ (Сцяц. Словаўтв.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гарлі́ца 1 ’расліна Berteroa L.’ (БРС, Кіс., рус. икотник). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 203–204), з зыходнага прасл. *gъrdica (да *gъrdlo ’горла’).
Гарліца 2 ’ангіна’ (Сцяшк.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 203–204), да зыходнага прасл. *gъrdlica (< *gъrdlo ’горла’). Геаграфія слова (толькі ў Сцяшк.), аднак, схіляе да думкі, што гэта запазычанне з польск. Параўн. у Карловіча, II, 55: «gardlica (gorlica) ’gruczoły w gardle’».
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Грыб ’грыб’. Рус. гриб, укр. гриб, польск. grzyb, чэш. hřib, балг. гриб. Прасл. *gribъ ’тс’. Паходжанне слова не вельмі яснае, шмат гіпотэз (агляд у Трубачова, Эт. сл., 7, 127–128). Верагоднай здаецца версія, паводле якой *gribъ < *gribati < *grebti: у аснове данай назвы ляжыць падабенства грыба да кучкі зямлі, якую нагарнулі; Трубачоў, там жа, 127. Гл. яшчэ Якабсон, Word, 8, 1952, 387; далей Фасмер, 1, 457–458.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гусь ’гусь’. Лексема праславянскага характару: рус. гусь, укр. гусь, польск. gęś, чэш. hus, славен. gȏs і г. д. Агляд версій адносна захавання ў слав. мовах формы *gǫsь (а не *zǫsь) гл. у Фасмера, 1, 478. Трубачоў мяркуе, што слова мае гукапераймальны характар, таму ў слав. мовах рэгулярнасць фанетычных змен магла і не мець месца (гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 88–89; там і дыскусія).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гігель 1, лаянкавае слова («Гі́гель ты!»). Магчыма, звязана з гіге́ль ’палявы хвошч’ (гл.).
Ґі́ґель 2 ’хвошч’ (віц., Янк. Мат.), гі́гель ’палявы хвошч, Equisetum arvense’ (Касп.), ґіґе́ль, ґіґі́ль (Сл. паўн.-зах.). Паводле Непакупнага (Лекс. балтызмы, 29), гэта запазычанне з літ. gegė̃lis, gigė̃lis ’тс’. Здаецца, звязаным з гэтым словам Непакупны (там жа) лічыць і бел. лексему гі́гель (без пэўнага значэння, якая сустракаецца на Гомельшчыне). Параўн. яшчэ гігалле́ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дапну́ць ’дабрацца, дайсці, знайсці, дапасці’ (Сцяц.). Як здаецца, можна ставіць пытанне, ці не з’яўляецца гэта лексема запазычаннем з польск. мовы. Параўн. польск. dopiąć ’дабіцца, дайсці’, dopinać ’дабівацца, дасягаць’. Аб магчымасці запазычання сведчыць геаграфія пашырэння слова (зах. гаворкі бел. мовы), а таксама, як здаецца, не зусім звычайны для бел. мовы марфалагічны тып дзеяслова. Прамым запазычаннем з польск. з’яўляецца і бел. дапя́ць (БРС) ’дабіцца, дайсці, апынуцца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Няпу́шч (непушчъ) ’накшталт, падобна, як’: непушчъ твойго коня (Нас.). Няясна; магчыма, ад пушчы ’горш’ (параўн. непапушч, непапушчы, гл.), аднак цяжка вытлумачыць семантыку. Або ўзыходзіць да ц.-слав. непщевать ’меркаваць’, ст.-слав. непьштевати (параўн. ц.-слав. непыць), для якога Фасмер (3, 64) узнаўляе першаснае значэнне ’не чакаць, не быць упэўненым’, роднаснае лац. putāre ’лічыць, меркаваць’, што бліжэй па значэнню да беларускага слова. Гл. таксама непапушч.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Няту́пнік ’старасцень вясенні, Sėnetio vernalis W. et К.’ (віц., Кіс.), nietupnik ’тс’ (гродз., Ажэшка). Ад тупаць, ту́птаць ’таптацца, хадзіць’? Магчыма, ’расліна, якая не мнецца’, гл. іншыя назвы — несмяртэльнік, сухавей. Фармальнае падабенства да папярэдняга слова, гл. нятубіц (іншая назва — бяссмертнік), дазваляе выдзеліць элемент туб‑, няяснага паходжання, прадстаўлены і ў тубачнік ’крапінец чубаты’ (Сл. ПЗБ). Паводле Будзішэўскай (SOr, 39, 3–4, 273), таго ж паходжання, што і нятубіц (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калотка ’клін, які ўстаўляецца ў рукаў’ (маст., Сл. паўн.-зах.). Фармальная сувязь з калодка (< калода 1) як быццам відавочная, аднак матывацыя няясная. Магчыма, неабходна, мяркуючы па форме слова, суадносіць з калоць ’шчапаць’ і ўзнаўляць значэнне ’клін’ (калотка ’тое, чым колюць’), аднак гэта вельмі няпэўна. У сувязі з апошнім супастаўленнем звяртае на сябе ўвагу польск. klótka ’паленца, трэска’, якое Карловіч, 2, 337, адносіў да kłódka (< kłoda).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)