сіфо́н, ‑а, м.

1. Выгнутая трубка (труба) з каленамі рознай даўжыні, якая служыць для пералівання вадкасці з адной пасудзіны ў другую з больш нізкім узроўнем. Сіфоны для разліўкі расплаўленага металу. Сіфоны для паліўкі зямлі.

2. Пасудзіна для сельтэрскай вады і іншых шыпучых напіткаў, якія выліваюцца праз трубку пад ціскам вуглекіслаты. [Тамара:] — Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць. Шамякін.

3. Спец. Прыстасаванне для павелічэння цягі ў топцы паравоза ў час стаянкі.

[Ад грэч. siphon — трубка, помпа.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сканда́л, ‑у, м.

1. Падзея, якая ганьбіць яе ўдзельнікаў, ставіць іх у няёмкае становішча. Я думаў, што зараз будзе вялікі скандал, бо я не толькі не змагу сказаць ніводнага слова, але і павалюся на сцэне. Рамановіч.

2. Сварка з крыкам, бойкай і пад. Саўка Мільгун.. нечакана змяніў свае паводзіны і скончыў скандалам і яшчэ нырнуў яго, войта, нажом у бок. Колас. Рэўнасць і крыўда штурхалі Веру Антонаўну на скандал. Карпаў. Усё абышлося ціха, без скандалу. Васілевіч.

[Фр. scandale.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слёзка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Памянш.-ласк. да сляза (у 1, 2 і 4 знач.). Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі Сціраючы яму, штось пачала казаць. Багдановіч.

2. толькі мн. (слёзкі, ‑зак). Злакавая расліна з суквеццем, якое складаецца з буйных каласкоў; дрыжнік. І мядунка і герань, Слёзкі, мята, кашка! Сто букетаў назбіраць Тут за дзень няцяжка. Гілевіч. На світанні выходзіць за вёску Па іскрыстай халоднай расе, І чабор, і рамонкі, і слёзкі У прыполе дадому нясе. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́ва, ‑ы, ж.

1. Фруктовае дрэва сямейства ружакветных з пладамі жоўтага або ліловага колеру з костачкай у сярэдзіне. Як толькі згоніць снег, .. [Самабыль] зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе стаіць сліва, ігруша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Колас. Розныя раслі ў .. садзе [пана Кудзілоўскага] дрэвы: яблыні, вішні, слівы, цэлыя зараснікі маліны, агрэсту, парэчак. Хомчанка. / у знач. зб. Сліва ў садзе пасохла.

2. Плод гэтага дрэва. Варыць слівы. З’есці сліву. □ Для каго паспелі слівы? — Для Паўлушы, што за дзіва! Муравейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаж, ‑у, м.

1. Тэрмін, на працягу якога чалавек працуе або набывае спецыялізацыю. Працоўны стаж. Вытворчы стаж. □ І вось што цікава, і гэта трэба адзначыць, хлопцы, — гаварыў Міхась Лабада, настаўнік з пяцігадовым стажам, — сярод нашых мікуцічан ніводнага злодзея. Колас. // Тэрмін знаходжання ў якой‑н. грамадскай арганізацыі. Прафсаюзны стаж. Партыйны стаж.

2. Набыццё практычнага вопыту асобай, якая толькі што пачала працаваць; вытворчая практыка навучэнцаў. Праходзіць выпрабавальны стаж.

•••

Кандыдацкі стаж — выпрабавальны тэрмін пры ўступленні ў члены Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.

[Фр. stage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страфа́, ы́; мн. стро́фы (з ліч. 2, 3, 4 страфы́), строф; ж.

У вершаскладанні — інтанацыйна-сэнсавае аб’яднанне некалькіх вершаваных радкоў, звязаных рыфмамі ці клаўзуламі. Байка [Багушэвіча] складаецца з чатырохрадковых строф з перакрыжаванай рыфмоўкай. Казека. // Адносна закончаная частка вершаванага твора. Я ні сабе, ні другу дараваць Больш не магу страфы ніводнай дрэннай. Панчанка. І Сцёпка стаў сам дэкламаваць некаторыя строфы, адступаючы ад тэксту. Колас. Строфы Купалы даводзілася сустракаць нават на сценах камер многіх астрогаў, куды толькі траплялі беларускія рэвалюцыянер ы. Таўлай.

[Грэч. strophē — кружэнне, абарот.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сукно́, ‑а; мн. сукны, ‑аў; н.

1. Шарсцяная або паўшарсцяная тканіна з гладкім ворсам, якая пры вырабе апрацоўваецца валеннем. Сторы разгарнуў пакунак .. Кавалак сукна... Бядуля. На стале, засланым зялёным сукном, стаялі прылады пісьма. Колас.

2. толькі мн. (су́кны, ‑аў). Камплект куліс і заслон, якія афармляюць сцэну. Блізнюк, як спуджаны заяц, матануў за кулісы сцэны і знік там у сукнах і бакоўках. Сабаленка.

•••

Салдацкае сукно — шэрае тоўстае сукно для шынялёў.

Класці пад сукно гл. класці.

Ляжаць пад сукном гл. ляжаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туры́ць, туру, турыш, турыць; незак., каго-што.

Разм.

1. Гнаць, праганяць. Дружна хлопцы тураць Ворага за Тураў. Пушча. Два дыпломы, два значкі — Два закончыў інстытуты. Працаваць жа спец такі Лічыць горшаю пакутай. Дзе б ён толькі ні рабіў — Адусюль мятлою тураць. Маеўскі. // Паганяць, падганяць. — Я каня гэтак турыў, гнаў гэтак, — гаварыў маладзейшы [хлопец], з нейкаю як бы крыўдаю ў голасе. Чорны.

2. Несці, везці што‑н. вельмі грузнае, грувасткае. Наперадзе насос, за ім жа бочкі тураць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уну́к, ‑а, м.

1. Сын дачкі або сына. Вестка — унук нарадзіўся — прыйшла. От жа сэрца і рвецца: Як там? Што там у іх? Каб магла, Паляцела б, здаецца... Гілевіч.

2. толькі мн. (уну́кі, ‑аў). Нашчадкі. Хто высаджваў ля бруку Сотні дрэўцаў густых? — Мы, Мічурына ўнукі, Тут вырошчваем іх. Нядзведскі. — Трэба, .. каб гэтую казку [пра прыгажуню-Алёну] заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упы́нак, ‑нку, м.

Разм. Спакой. Дома ён не знаходзіў упынку. Маці адчувала прычыну і сілком пачала выпраўляць Аляксея на вячэрнія пагулянкі. Пальчэўскі. Памяць! Ні ўпынку, ні прыпынку ёй. Сабаленка.

•••

Без упынку — не перастаючы, не сціхаючы, не абмяжоўваючы сябе. Хтосьці без упынку балесна енчыць і стогне. Мядзёлка. Ліна балбатала без упынку. «Маладосць».

Няма (не мець) упынку — нельга стрымаць, спыніць. [Крывіцкі:] — Няма ўпынку на хлопцаў, усюды яны ўлезуць. Лобан. Ціха. Толькі лье і лье дождж, няма на яго сёння ўпынку. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)