бага́ч, ‑а, м.
1. Той, хто валодае вялікім багаццем. Вось гуляе багач, Аж палац той дрыжыць. Купала. Багачы і панства, Нашы «дабрадзеі»! Мы на суд вас клічам, Каты вы, зладзеі! Колас. Падрослых хлопчыкаў .. [ўдовы] аддавалі ў пастушкі. Дачок — багачам у служанкі. Бядуля. / у іран. ці жарт. ужыв. Пра небагатага чалавека.
2. Уст. Свята ўвосень, 8 верасня. — Пойдзем, сынок, на багача ў Мікалаеўку, — сказала маці, праслухаўшы бацькава пісьмо. Якімовіч. Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сёй памаленьку. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гаршчо́к, ‑шка, м.
Круглая выпуклая гліняная пасудзіна са звужаным дном для гатавання стравы. Маці пачала вымаць з печы гаршкі з ядою. Дамашэвіч. Пільнуйся гаспадаркі, будуць у гаршку скваркі. Прыказка. // Прадаўгаватая гліняная пасудзіна ў выглядзе ўсечанага конуса для хатніх раслін. // Пасудзіна для мачы і спаражненняў. Начны гаршчок.
•••
Ад гаршка паўвяршка — пра недарослага, нясталага чалавека.
Заглядаць у чужы гаршчок гл. заглядаць.
Змяняць гаршкі на гліну гл. змяняць.
Не святыя гаршкі лепяць гл. святы.
Як у гаршку кіпець гл. кіпець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адпрасі́цца, ‑прашуся, ‑просішся, ‑просіцца; зак.
Просячы, дамагчыся дазволу пайсці, паехаць куды‑н.; адмовіцца ад чаго‑н., не ўдзельнічаць у чым‑н. У нядзелю, калі цывільныя рабочыя не працавалі.. [Эдварду Лявэру] ўдалося адпрасіцца раней на некалькі гадзін пакінуць работу. Чорны. Ячны хацеў падкаціць мяне да самага парога, але я адпрасіўся, пайшоў пехатой. Брыль. // Просячы, выбавіцца з цяжкага становішча. Ледзь адпрасіўся [ад чарцей] бедны Янук. І ўжо да самай смерці не браў у рот гарэлкі. Сачанка. Ад смерці не адкупішся і не адпросішся. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абу́ць, абую, абуеш, абуе; зак., каго-што.
1. Надзець сабе ці каму‑н. на ногі абутак. Абуць дзіця. □ Стаіць [яблыня] падобна да тае Дзяўчынкі невялічкай, Што ножкі босыя свае Абула ў чаравічкі. Лужанін.
2. Забяспечыць абуткам. Беглі дні. Кончылася вайна. Хлопцаў адзелі і абулі. Асіпенка.
•••
Абуць у лапці — а) абхітраваць, абмануць. Каза, а не дзеўка — адно вока таўчэ, а другое меле. І пароды хітрай. Ураз у лапці абуе. М. Ткачоў; б) давесці да беднасці. Гулі ў лапці абулі. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дбаць, дбаю, дбаеш, дбае; незак.
Праяўляць клопаты аб кім‑, чым‑н., турбавацца пра каго‑, што‑н. — Каб вы толькі ведалі, як аба мне дбалі і пра мяне клапаціліся тыя, чужыя людзі, у хаце якіх я ляжаў! Чорны. Купловічу захацелася агледзець калгас уначы, праверыць, як вартуецца грамадская гаспадарка, як і хто дбае пра калгаснае багацце. Дуброўскі. Хто дбае, той і мае. Прыказка.
•••
І не дбае — не звяртае ўвагі, не заўважае. Раніцай яшчэ халаднавата, а .. [Насця] і не дбае. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павады́р, ‑а, м.
1. Той, хто водзіць каго‑н. Павадыр мядзведзя. □ Па дарозе ў вёску Ціхі Бор ішоў сляпы жабрак Мітрафан, трымаючыся рукою за плячо свайго хлопца-павадыра. Чарот. Сляпы сляпому не павадыр. Прыказка. // Той, хто паказвае дарогу; праваднік. Павадыр каравана. □ Ісці было нядоўга, але такімі сцежкамі, што без павадыра загубіўся б тут на першай вярсце. Якімовіч.
2. Разм. Важак, кіраўнік якой‑н. групы. Павадыр атрада. □ Толькі адзін павадыр табара аднавокі Ілка сядзіць .. з малымі пры самым агні. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падга́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
Разм.
1. Нарабіць чаго‑н. кепскага, гадкага каму‑н., нашкодзіць. Як бы ні радзіў, абы не падгадзіў. Прыказка.
2. (пераважна з адмоўем «не»). Зрабіць што‑н. не так, як належыць; сапсаваць. — Націскай, Ігнат, націскай! — Не паддавайся, Алеся, наляж!.. — Алеська, не падгадзь! Скрыган.
падгадзі́ць, ‑гаджу́, ‑го́дзіш, ‑го́дзіць; зак.
Разм.
1. Угадзіць, дагадзіць каму‑н.
2. пераважна безас. Стаць, быць спрыяльным (пра надвор’е). [Мароз:] — Падгадзіла з дожджыкам — і ўраджай, не падгадзіла — няма яго. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пісьме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўмее чытаць і пісаць; граматны. [Ян:] — Чытайце, хто пісьменны, кніжкі, як стваралася наша зямля. Пестрак. // Які ўмее граматычна правільна пісаць і гаварыць. Пісьменны вучань. // перан. Які мае неабходныя веды ў якой‑н. галіне. Пісьменны інжынер.
2. У якім няма граматычных і стылістычных памылак. Пісьменны дыктант. // перан. Выкананы адпаведна з асноўнымі патрабаваннямі. Пісьменны праект.
3. у знач. наз. пісьме́нны, ‑ага, м. Чалавек, які ўмее чытаць і пісаць. Пісьменнаму і кнігі ў рукі! Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
учо́ра, прысл.
1. У дзень, які папярэднічаў сённяшняму; напярэдадні. Учора ў штабе групы вырашана, што наш полк пачне наступленне ў лоб белым. Барашка. Учора — гром, а сёння — снег. Вясна ў зіме, зіма ў вясне. Шымук. // Не так даўно, у недалёкім мінулым. Хоць ты плячом варочаў горы, Умеў пад хмарамі лятаць — Не гавары — кім быў учора, Скажы, кім заўтра хочаш стаць. Жычка.
2. у знач. наз. учо́ра, нескл., н. Папярэдні, мінулы дзень. Учора не дагоніш, ад заўтра не ўцячэш. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яд, ‑у, М ядзе, м.
1. Рэчыва, здольнае выклікаць атручэнне, смерць жывога арганізма. Пчаліны яд. □ Яд гадзюкі на барсука амаль не дзейнічае. «Беларусь». / Разм. Пра шкодныя для здароўя напіткі, ежу і пад. Гарэлка шкодзіць, гэта — яд. // перан.; чаго. Пра ўсё тое, што шкодна дзейнічае на каго‑, што‑н. Атручваючы свядомасць працоўных ядам нацыяналізму, эксплуататарскія класы імкнуцца зрабіць іх няздольнымі да барацьбы за свае класавыя інтарэсы. «Весці».
2. перан. Злосць, з’едлівасць. Кожны гад мае свой яд. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)