агрэ́х, ‑а, м.

1. Дрэнна ўзараная, прапушчаная пры ворыве лапіна на полі. Вунь на жытнёвым масіве відаць незасеяныя ўвосень палоскі-агрэхі, парослыя пырнікам і лебядой. Хадкевіч. У ворыве агрэхі — у кішэні прарэхі. Прыказка.

2. перан. Усякія недаробкі, недагляды. Моўныя агрэхі. Агрэхі ў працы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Суправаджаць спевамі якое‑н. дзеянне; падпяваць. Данілка іграе жаласліва-нудную мелодыю, Зоська круціцца па сцэне і прыпявае. Купала. Ваявалі ў полі жнеі-маладзіцы, Вострымі сярпамі жыта ваявалі, «Залатая зорка-зараніца, Не заходзь так рана...» — прыпявалі. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радзі́мы, ‑ая, ‑ае.

Нар.-паэт. Родны. І чырвоным сцягам раскінулася па карце радзімая краіна. Шахавец. Васільковы брала [Галя] колер на сваім радзімым полі. Дубоўка. // у знач. наз. радзі́мы, ‑ага, м.; радзі́мая, ‑ай, ж. Ласкавы зварот. Сустракай, радзімая, Мёдам, пірагамі. Броўка.

•••

Радзімая пляма гл. пляма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́згалас, ‑у, м.

Абл. Рэха, адгалоскі. Я свой звон ход у ход Размахну, як ніхто і ніколі; Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур, Толькі розгалас пойдзе па полі. Купала. Шырокі розгалас здабудуць гэтыя крылатыя словы, нібы выдыхнутыя адным сэрцам. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рунь, ‑і, ж.

Усходы, пасевы азімых культур. Пасля дажджоў на полі дружна паднялася зялёная рунь. Навуменка. Ужо засыпаў на бярозах майскі жук, ліст убраўся ў сілу, а на палетках вырасла маладая рунь. Лупсякоў. Статак пагналі за выган, на жытнёвую рунь. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

севазваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

Сістэма паляводства з паслядоўным, перыядычным чаргаваннем пасяўных культур на адным і тым жа полі. Ён [Лемяшэвіч] сам раней меў не надта глыбокае ўяўленне аб севазвароце і, колькі ні чытаў пра гэта, ніяк не мог запомніць чаргаванне культур. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сенажа́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Памянш. да сенажаць. Я бачыў, як вецер на полі гуляў, Зямлю ўзрываў і бярозкай хіляў, Заносіў пяском сенажаткі, лагчынкі, Ламаў на бярозцы жывыя галінкі. Купала. Затоплена сенажатка — Верх травы адно відаць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́віць, слаўлю, славіш, славіць; незак., каго-што.

Праслаўляць каго‑, што‑н. Славім мы дарогі баявыя, Першыя Кастрычніка гады. А. Александровіч. Я слаўлю мой край і мой горад, Што плённаю працай жыве. Прыходзька. Чалавека славіць праца І на полі, і ў млыне. Непачаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́БРЫС (ад ням. Abriß чарцёж, план),

контур прадмета, нанесены на паперу э дапамогай ліній. 1) У геадэзіі — схематычны план участка мясцовасці з указаннем прамераў і тлумачальнымі надпісамі. Робіцца ад рукі ў полі пры некат. метадах наземнай тапагр. здымкі. Выкарыстоўваецца пры складанні дакладных тапагр. планаў, апазнаванні на аэраздымках пунктаў геадэзічнай сеткі, у турысцкіх паходах.

2) У архітэктуры 17 — 1-й пал. 18 ст. — схематычная лінейная выява плана будынка без паказу яго канструкцый, таўшчыні сцен і г.д. У 2-й пал. 18 ст. заменены арх. праектам, з выкарыстаннем планаў, фасадаў, разрэзаў і інш., якія давалі нагляднае ўяўленне пра архітэктуру будынка.

3) У выяўленчым мастацтве — контурная выява прадмета, гл. Контур.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫ́НСКІ (Міхась) (Міхаіл Антонавіч; 27.1.1940, Мінск — 18.1.1996),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Настаўнічаў на Лагойшчыне, у 1967—70 працаваў у выд-ве «Беларусь», час. «Нёман», у 1970—75 на Бел. радыё. Друкаваўся з 1959. Пісаў пра жыццё вясковай інтэлігенцыі, пошукі моладдзю свайго жыццёвага шляху (зб. апавяданняў «Вокны ўначы», 1969, «Крыніца, светлая вадзіца», 1979, «У полі, за сялом...», 1981; аповесць «На павароце», 1971). Апавяданні пераважна лірычныя, у іх паэтызуецца свет прыроды, душэўны стан герояў, іх перажыванні. Аўтар зб. нарысаў «Людзі вясны» (1982), твораў для дзяцей.

Тв.:

На павароце: Аповесць і апавяданні. Мн., 1973;

Гул медзянога бору. Аповесць, апавяданні. Мн., 1992.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)