ВІЛА́НЫ (позналац. vilani ад лац. villa сядзіба, маёнтак),
розныя катэгорыі феад.-залежнага сялянства ў краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі. 1) У Францыі, Германіі, Італіі віланы былі ў параўнальна лепшым юрыд. і маёмасным становішчы, чым інш. катэгорыі сялянства (адсутнасць спадчынных асабістых павіннасцей, большая свабода ў адчужэнні надзелаў, больш шырокія магчымасці перасялення і інш.). Катэгорыя віланаў склалася тут у 9—10 ст. У 13—15 ст. тэрмін «віланы» стаў ужывацца таксама для абазначэння ўсяго сялянства.
2) У Англіі віланы — катэгорыя сялян, якія знаходзіліся ў адной з самых жорсткіх формаў феад. залежнасці (павіннасці «паводле волі лорда», цяжкая паншчына, строгае абмежаванне права пакідаць надзел і інш.). Юрыд. афармленне ін-та віланства завяршылася тут да сярэдзіны 12 ст. У 15—16 ст. віланства паступова ператварылася ў капігольд і як катэгорыя феад. залежнасці віланы ў Англіі зніклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ПЯСЧА́НАЯ ПУСТЫ́НЯ (Great Sandy Desert). на ПнЗ Аўстраліі.
Абмежавана масівамі Кімберлі на Пн, Мак-Донел на У і хр. Хамерслі на ПдЗ; на Зпаступова зніжаецца да ўзбярэжжа Індыйскага ак.Пл. 360 тыс.км².
Паверхня прыўзнята на выш. 400—500 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады (сярэдняя выш. 15 м, даўж каля 40—50 км) і міжградавыя прасторы (шыр. 400—800 м, да 2400 м), занятыя камяністымі паверхнямі і глініста-саланчаковымі ўпадзінамі з часовымі азёрамі. Адно з самых гарачых месцаў Аўстраліі (сярэдняя летняя т-ра 28—30 °C). Ападкаў ад 250 да 450 мм за год; частыя засухі, часам працягласцю да некалькіх гадоў. На градах пашыраны дзярнінны злак спініфекс, у катлавінах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. У Вялікай Пясчанай пустыні самы вялікі маналіт у свеце — астраўная гара Эрс-Рок; нац. парк Рудал-Рывер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛО́СКІ САЮЗ, Першы афінскі марскі саюз,
аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў узбярэжжа і а-воў Эгейскага м. Створаны каля 478 да н.э. пад гегемоніяй Афін. Узнік у перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. для барацьбы супраць перс.Ахеменідаў дзяржавы. Сходы саюза праходзілі на в-ве Дэлас (адсюль назва) у свяцілішчы Апалона, дзе да 454 да н.э. захоўвалася саюзная казна. Фармальна гэта быў саюз незалежных і раўнапраўных полісаў, але яго справы фактычна вялі афіняне. Паступова Д.с. ператварыўся ў Афінскую марскую дзяржаву. У эпоху росквіту ў яго ўваходзіла да 200 гарадоў. Спробы саюзнікаў выйсці з-пад афінскай апекі жорстка караліся. У Пелапанескую вайну 431—404 да н.э. пачаўся распад Д.с., у 404 пасля паражэння ў вайне па патрабаванні спартанцаў і іх саюзнікаў саюз распушчаны. Адноўлены ў 378—377 да н.э. як Другі афінскі марскі саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУ́ЛІО РАМА́НА [Giulio Romano; сапр.Піпі, Pippi; 1492 або 1499, Рым — 1.11.1546],
італьянскі архітэктар і жывапісец. У 1515—24 працаваў у Рыме. Вучань Рафаэля, разам з якім размалёўваў Станцы і Лоджыі Ватыкана, пасля смерці настаўніка завяршыў размалёўку вілы Мадама (1521). З 1524 працаваў у Мантуі пры двары герцагаў Ганзага. Паступова адышоў ад класічных прынцыпаў мастацтва Высокага Адраджэння да маньерызму. Яго жывапісным творам уласцівы кампазіцыйная перагружанасць, ускладненасць ракурсаў і поз. У арх. пабудовах падкрэсленая пластыка і кантрастнасць формаў, мудрагелістая фактура руставаных паверхняў (асабісты дом у Мантуі, 1544) часта спалучаюцца з нечаканымі вонкавымі эфектамі, якія парушаюць строгую тэктоніку ордэрнай сістэмы (Палацца Дукале ў Мантуі, 1538—39). У сваім гал. творы — Палацца дэль Тэ ў Мантуі (1525—34) прадвызначыў далейшыя шляхі архітэктуры, стварыў адзін з ранніх прыкладаў восевай кампазіцыі.
Джуліо Рамана. Размалёўка «Залы гігантаў» Палацца дэль Тэ ў Мантуі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЕ́ННЕ Я́ДРАЎ,
працэс, пры якім ядро атамнае дзеліцца на 2 і больш частак (асколкаў) з блізкімі масамі; суправаджаецца вылучэннем γ-квантаў і нейтронаў. Можа адбывацца самаадвольна (спантанна) або пры ўзаемадзеянні ядра з часціцамі і γ-квантамі. Пры Дз.я. урану, плутонію і інш. ствараюцца ўмовы для развіцця ланцуговай ядзернай рэакцыі, якая выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы.
Пачатковая стадыя Дз.я. — павольная змена формы ядра, пры якой утвараецца шыйка, што злучае 2 яшчэ не сфарміраваныя асколкі (час праходжання гэтай стадыі залежыць ад энергіі ўзбуджэння ядра); паступова шыйка патанчаецца і ў некаторы момант часу адбываецца яе разрыў і асколкі разлятаюцца ў процілеглыя бакі. У 1938 ням. вучоныя О.Ган і Ф.Штрасман устанавілі, што пры бамбардзіроўцы урану нейтронамі ўтвараюцца ядры шчолачназямельных элементаў (напр., барыю). Спантаннае Дз.я. адкрыта эксперыментальна Г.М.Флёравым і К.А.Петржакам (1940).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я СІГНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
якасна адметная, уласцівая толькі чалавеку форма вышэйшай нервовай дзейнасці — сістэма моўных сігналаў. Паняцце ўвёў І.П.Паўлаў (1932). З’яўляецца ў працэсе эвалюцыі ў цеснай сувязі з сац.-прац. фактарам як істотны дадатак да першай сігнальнай сістэмы, якая базіруецца на непасрэдным успрыняцці навакольнага асяроддзя (раздражняльнікаў) праз органы пачуццяў. Словы, што вымаўляюцца, чуюцца і бачацца, з’яўляюцца адцягненым, апасродкаваным вобразам канкрэтных прадметаў і з’яў рэальнага свету, сігналы першасных сігналаў. Яны надзяляюць чалавека здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мышлення, да навук. творчасці. Д.с.с. развіваецца ў ходзе антагенезу, паступова займае дамінуючае становішча. Нейрафізіял. структура мовы ўключае стадыю аферэнтнага сінтэзу, на аснове якой складаецца рашэнне выказаць якую-н. думку. Разам з гэтым фарміруецца і акцэптар выніку дзеяння — апарат, які праграміруе мэту і кантралюе яе рэалізацыю шляхам пастаяннай карэкцыі слоў, што выключае магчымыя памылкі ў выказванні думкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАЛЕ́ННЕ,
мясцовая сасудзіста-тканкавая ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма на ўздзеянне патагенных раздражняльнікаў; адна з асн. прыкмет некаторых хвароб. Прычыны ўзнікнення З. бываюць экзагенныя (мех., фіз., хім. і біял.) і эндагенныя (тромбы, адклады солей, прадукты змярцвення і распаду тканак, інфаркты, гематомы і інш.). Прыкметы З. падзяляюцца на агульныя (павышэнне т-ры цела, пачашчэнне пульсу, змена саставу крыві, знясіленасць) і мясцовыя (пачырваненне, прыпухласць, боль, парушэнне функцый). У З. вылучаюць 3 стадыі: альтэрацыю, эксудацыю, праліферацыю. Альтэрацыя — парушэнне жыўлення клетак, дыстрафічныя, некратычныя і атрафічныя змены ў тканках; скажэнне абмену рэчываў, парушэнне фіз.-хім. якасцей тканак. Эксудацыя — расстройствы кровазвароту з выхадам вадкай ч. крыві і лейкацытаў з крывяносных сасудаў. Праліферацыя — размнажэнне клетачных элементаў на мяжы запалёнай і здаровай тканак. За праліферацыяй паступова развіваецца рэгенерацыя. Развіццё З. залежыць ад узросту, харчавання, абмену рэчываў, вынік — ад стану арганізма, формы З. і памераў яго ачага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫЧАЁВАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць няпісаных прававых норм, агульнапрынятых у пэўным грамадстве. Узнікла непасрэдна з грамадскіх адносін і санкцыянавана дзярж. уладай. На Беларусі панавала да 15 ст. У 15 — пач. 16 ст.паступова замянялася пісаным правам, у якім побач з новымі нормамі захоўваліся нормы З.п. ў форме закону. Пасля выдання Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 З.п. адводзілася толькі дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. З.п. рэгулявала ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці, дзейнасць службовых асоб, дзярж. павіннасці насельніцтва, асн. грамадзянска-прававыя адносіны і інш.Найб. доўга панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Асаблівае месца ў сістэме З.п. займалі нормы копнага права, якія дзейнічалі на Беларусі з глыбокай старажытнасці да 18 ст. (гл.Копны суд). Уплыў З.п. адчуваўся і пазней, асабліва ў зямельным і сямейным праве.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКАВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюцца пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім, Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст.Даўж. 310—400 см, шыр. 26—30 см.
Ткуць у 2—4 ніты. Кампазіцыі 2 відаў: папярочныя вузкія палосы аднолькавай шырыні запаўняюць усё поле ручніка або шырокія папярочныя шчыльна запоўненыя ўзорыстыя палосы па канцах ручніка паступова пераходзяць у вузейшыя да сярэдзіны і раствараюцца ў яго асн. фоне. Пераважае старадаўні геам. арнамент у выглядзе ромбаў, квадратаў, трохвугольнікаў, крыжыкаў і інш. Характэрна выразнае рытмічнае чаргаванне ўзорыстых каляровых і белых палос. Каляровая гама стрыманая чырвона-белая, радзей чырвона-бела-чорная. Ткуць з ільняных і баваўняных нітак. Акрамя ўзорыстага ткацтва аздабляюць вязанымі кручком карункамі, вышыўкай, паскамі, махрамі. У дэкоры шмат агульнага з калінкавіцкім строем.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Калінкавіцкія ручнікі. Ручнік з в. Убалаць Калінкавіцкага р-на. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРОТКАМЕТРА́ЖНЫ ФІЛЬМ,
кінафільм, у якім не больш 4—5 частак (1200—1500 м, 40—50 мін экраннага часу). У першыя гады існавання кінематографа ўсе фільмы былі кароткаметражныя. Паступова К.ф. пачаў развівацца як самаст. форма кінамастацтва. Вылучаюцца дакумент. (хроніка, кінанарысы і інш.), навукова-папулярныя (у т. л. вучэбныя фільмы і фільмы-лекцыі), мультыплікацыйныя і маст. К.ф.
Іх жанравы і тэматычны дыяпазон — ад кінафельетона, кінаказкі і кінанавелы да кінарэкламы і кінаплаката. Асаблівасці драматургічнай пабудовы — дакладнасць задумы, яснасць, лаканізм. Практыкуецца выпуск спец. кінапраграм, якія складаюцца з 3—4 К.ф. Першыя бел. К.ф. зняты ў 1938 («Маска» і «Мянтуз» паводле А.Чэхава; рэж. і сцэнарыст С.Сплашноў). У многіх краінах праводзяцца нац. і міжнар. кінафестывалі К.ф. (Обергаўзен, Мангейм, Лейпцыг — Германія; Кракаў — Польшча; Эдынбург — Вялікабрытанія і інш.). Іх паказы арганізуюцца і ў час кінафестываляў агульнага тыпу.