Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
ГАЎРУ́К Юрка (Юрый Паўлавіч; 6.5.1905, г. Слуцк Мінскай вобл. — 18.2.1979),
бел. перакладчык і паэт. Скончыў Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя Брусава (1925). З 1925 працаваў у БСГА у Горках, з 1931 у Магілёўскім пед. ін-це. Рэпрэсіраваны 8.2.1935, высланы з Беларусі. Больш за 20 гадоў працаваў на Поўначы і ва Усх. Сібіры. Рэабілітаваны ў 1956. У 1957—67 заг.літ. часткі Бел.т-ра імя Я.Купалы. Дэбютаваў перакладамі вершаў Г.Гейнэ і камедыі У.Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, для Бел.тэатр. студыі ў Маскве). У тэатры імя Я.Коласа пастаўлены ў яго перакладах п’есы «Улада цемры» Л.Талстога, «Багна» А.Астроўскага, «Уніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага, «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, «Гамлет» Шэкспіра; у т-ры імя Я.Купалы — «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго, «Канец — справе вянец» Шэкспіра, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава, «Мяцеліца» і «Залатая карэта» Л.Лявонава, «Мешчанін у дваранах» Мальера. На бел. мову пераклаў трагедыі Шэкспіра «Атэла», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра», раманы А.Стыля «Любіць будзем заўтра» (1960), Э.Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976), К.С.Прычард «Дачка Урагану» (1977), творы А.Маруа (кн. «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы», 1974), Ф.Шылера (зб. «Балады», 1981), асобныя творы А.Пушкіна, В.Брусава, А.Міцкевіча, Гейнэ, Дж.Байрана, Г.Лангфела, Ф.Петраркі, Л.Украінкі, У.Сасюры, П.Варанько і інш. Пераклады Гаўрука вызначаюцца блізкасцю да арыгінала, высокай моўнай культураю. На рус. мову пераклаў аповесць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К.Чорнага і «Серадзібор» (1966) П.Пестрака. Выступаў як паэт (зб-кі «Іскры з крэменя», 1969; «Узвіхраны ветразь», 1990). Аўтар краязнаўчых апавяданняў (зб. «Вясковыя рыскі», 1926), першай на Беларусі кн. паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў» (1928), артыкулаў па пытаннях маст. перакладу (зб. «Ступень адказнасці», 1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
галіна геалогіі, якая вывучае гісторыю Зямлі і агульныя заканамернасці развіцця зямной кары. Асн. задачы геалогіі гістарычнай: вызначэнне і тэарэт. абгрунтаванне храналагічнай паслядоўнасці геал. падзей на Зямлі і развіцця арган. свету. На падставе звестак аб паслядоўнасці залягання, будове і складзе горных парод і мінералаў, арган. рэштках, палеамагнітных уласцівасцях і ўзросце парод даследуе заканамернасці фарміравання ўнутр. будовы і развіцця кантынентальнай і акіянскай зямной кары, тэктанічных рухаў, асобных структур, размяшчэння сушы і мора, эвалюцыі флоры і фауны. Геалогія гістарычная заснавана на стратыграфіі і цесна звязана з палеанталогіяй, геахраналогіяй, палеагеаграфіяй, гіст.тэктонікай, петраграфіяй, выкарыстоўвае вучэнні аб фацыях і прыродных асацыяцыях (парагенезе) горных парод і інш. Дасягненні сучаснай геалогіі гістарычнай — выяўленне асн. заканамернасцей развіцця геал. працэсаў, узнікнення і кансалідацыі зямной кары стараж. кантынентаў (Гандваны, Лаўразіі), з’яўлення і развіцця акіянаў, дрэйфу кантынентаў, утварэння і развіцця рыфтавых сістэм, геасінклінальных паясоў, платформаў і інш. геаструктур, змены палеамагнітных эпох у гісторыі Зямлі, а таксама агульных законаў развіцця зямной кары і арган. свету планеты.
У пач. 19 ст. ўзнікла стратыграфія (У.Сміт у Вялікабрытаніі, Ж.Кюўе і А.Браньяр у Францыі распрацавалі асновы біястратыграфічнага метаду, што спрыяла стварэнню стратыграфічнай школы). У сярэдзіне 19 ст. пашырыліся ідэі актуалізму Ч.Лаеля замест тэорыі катастроф Кюўе, сталі панаваць уяўленні пра непарыўныя і паслядоўныя пераўтварэнні Зямлі. Як навука геалогія гістарычная сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст. пасля з’яўлення прац Ч.Дарвіна і пашырэння эвалюцыйнага вучэння ў геалогіі.
На Беларусі найб. поўныя абагульненні геал. мінулага зрабілі А.С.Махнач і Л.М.Вазнячук (1959). Праблемы геалогіі гістарычнай тэр. краіны распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН (Р.Я.Айзберг, Г.І.Гарэцкі, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, Э.А.Ляўкоў, М.М.Лявых, Махнач і інш.); Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це (В.С.Акімец, В.К.Галубцоў, Г.І.Кедо, С.С.Маныкін, В.А.Пушкін, А.В.Фурсенка і інш.), арганізацыях «Беларусьгеалогія», БДУ, Гомельскім ун-це і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ Аляксандр Андрэевіч (2.12.1900, с. Кабона Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 18.9.1971),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Пецярбургскай настаўніцкай семінарыі (1913—17). Друкаваўся з 1919. Першыя зб-кі вершаў — «Поўдзень», «Вуліца Чырвоных Зор» (абодва 1931), «Перамога» (1932). У паэт. зб-ках «Атака», «Гармонік» (абодва 1943) і паэме «Расія» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946) услаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар кніг паэзіі «Дарога праз мост» (1933), «Летапіс» (1934), «На абарону закаханых» (1939), «У краі маім» (1948), «У дарозе» (1953), «Прызнанні» (1957), «Яблыня над морам» (1958), «Запрашэнне да падарожжа» (1960, Ленінская прэмія 1961), «Пад сонцам і пад ліўнямі» (1964), «Развітанне з Прымор’ем» (1969), паэм «Сад» (1948), «Юнацтва» (1955), вершаў для дзяцей і інш. Паэзіі П. ўласцівыя грамадз. пафас, глыбокі лірызм, эмацыянальнасць і шчырасць, творчае выкарыстанне фальклору, нар. гумару і жарту, быліннасці і казачнасці. Некат. яго вершы пакладзены на музыку. Шэраг вершаў П. прысвяціў Беларусі, яе прыродзе («Беларусі», «Сябрам», «То ляцелі гусі...», «Лявоніха», «Ой, ляціце», думы...»), а таксама Я.Купалу, Я.Коласу, П.Броўку, С.Прытыцкаму. На рус. мову пераклаў многія творы Я.Купалы, Я.Коласа, паасобныя М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Чарота, П.Броўкі, П.Глебкі, М.Танка, П.Панчанкі, У.Дубоўкі, М.Лужаніна, А.Вялюгіна, Е.Лось і інш. Беларусі і яе л-ры прысвяціў арт. «У нагу з часам», «Веліч слова», «Слова пра веліч талента», «Сэрца народнае», «Рысы вялікага натхнення» і інш. Неаднаразова прыязджаў на Беларусь. На бел. мову яго вершы перакладалі М.Аўрамчык, Броўка, В.Вітка, А.Вольскі, Н.Гілевіч, Глебка, С.Грахоўскі, Дубоўка, М.Калачынскі, А.Куляшоў, Лось, Лужанін, П.Пестрак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Танк, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Собр соч. Т. 1—4. М., 1978—80;
Бел.пер. — Выбр. вершы. Мн., 1948;
Прызнанне ў любві. Мн., 1961;
Святло над светам. Мн., 1976.
Літ.:
Молдавский Д.М. Александр Прокофьев. Л., 1975;
Александр Прокофьев: Вспоминают друзья. М., 1977;
Панчанка П. На паэтычным небасхіле. Мн., 1977;
Ліякумовіч Ц. У сугучнасці з купалаўскім словам // Бел.літ. 1982. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ДНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
мастацкая проза пра рэальныя ці выдуманыя падзеі, насычаныя займальнымі калізіямі, нечаканымі паваротамі, матывамі выкраданняў і праследаванняў, раскрыццём таямніц і загадак. Дзеянне адбываецца ў асаблівых умовах; персанажы рэзка падзяляюцца на ліхадзеяў і герояў. П.л. звязана з дэтэктыўнай літаратурай, падарожжам і фантастычнай літаратурай.
Вытокі Пл. ў авантурных творах антычнасці («Метамарфозы» Л.Апулея) і сярэднявечча («Аповесць пра Трышчана»), Пл. фарміравалася і развівалася ў выніку пераасэнсавання ў эпоху барока рыцарскіх раманаў, з якімі непасрэдна звязана, і пад уплывам рамантызму. У ліку першых узораў П.л. былі «марскія раманы» Дж.Ф.Купера (ЗША) і Ф.Марыета (Вялікабрытанія), гіст.-прыгодніцкія раманы А.Дзюма-бацькі і сац.-прыгодніцкія Э.Сю (Францыя). Класічныя ўзоры П.л. — творы Т.М.Рыда. Р.Л.Стывенсана, Р.Хагарда (Вялікабрытанія), Ж.Верна, Л.А.Бусенара (Францыя), Дж.Лондана (ЗША) і інш. У рус. л-ры вядомы прыгодніцкія творы А.Грына, А.М.Талстога, А.Бяляева, братоў Вайнераў, В.Каверына, А.Рыбакова, Ю.Сямёнава, І.Яфрэмава, К.Вільмонт і інш.
На Беларусі элементы П.л. прысутнічаюць у мемуарах С.Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў...» (1760; у бел.пер. «Авантуры майго жыцця», апубл. ў 1993), змест якіх нагадвае прыгодніцкі раман. Уласна П.л. склалася ў творчасці Я.Маўра. Яго аповесці «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) развіваюць традыцыі сусв. П.л. Вядомы прыгодніцкія аповесці «Каштанавы «Масквіч» Х.Жычкі (1959), «Злачынства ля Зялёнай тоні» У.Краўчанкі (1961), «Пажарніца» («Тайна бункера № 7») У.Паўлава (1968), «Эрпіды на планеце Зямля» П.Місько (1987), «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994), «Пастка для пярэваратня» А.Якімовіча (1997) і інш.
Майстар прыгодніцкай прозы — У.Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раман «Чорны замак Альшанскі», 1979—80, і інш.). Прыгодніцкі элемент характэрны для асобных твораў Я.Коласа, З.Бядулі, М.Лынькова, Э.Самуйлёнка, К.Чорнага, У.Дубоўкі, С.Баранавых, Б.Мікуліча, Р.Мурашкі, Я.Нёманскага, І.Шамякіна, І.Сяркова. У прыгодніцкім жанры выступаюць А.Асіпенка, В.Гігевіч, Л.Дайнека, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, У.Ягоўдзік і інш.
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Трыніты-каледжы Дублінскага ун-та (1682—88). У 1689—99 літ. сакратар і бібліятэкар дыпламата і эсэіста У.Тэмпла. У 1692 атрымаў ступень магістра мастацтваў у Оксфардскім ун-це. У 1695 прыняў сан свяшчэнніка. Д-р багаслоўя (1702). У 1710—14 зблізіўся з кіраўнікамі ўрада торы, падтрымліваў і накіроўваў іх урадавую палітыку ў артыкулах і памфлетах.
У 1713 настаяцель сабора св. Патрыка ў Дубліне. Літ. дзейнасць пачаў як паэт. Першыя паэт. творы насілі парадыйны характар і высмейвалі манернасць т. зв. высокай паэзіі. Майстар паліт. памфлета, у якім асуджаў унутр. палітыку Англіі, калан. войны, выступаў супраць забабонаў і невуцтва. У памфлетах «Бітва кніг» (1697) і «Казка бочкі» (1704), напісаных у алегарычнай форме і насычаных паліт., антырэліг. сатырай, — ідэі карыснасці ведаў. Памфлеты «Пісьмы Суконшчыка» (1723—24), «Сціплая прапанова» (1729) прысвечаны барацьбе за правы ірл. народа. Асн. твор — раман «Падарожжы Гулівера» (1726), у якім вострая сатыра на славалюбства і крывадушнасць тагачасных судоў, паліт. дзеячаў і партый; у ім С. стварыў гратэскавы партрэт грамадства, з дапамогай якога высмейваецца ўсё чалавецтва. У апісанні падарожжа ў краіну ліліпутаў С. праводзіць ідэю аб выхаванні дзяцей у атмасферы справядлівасці, мужнасці, рэлігійнасці і любві да сваёй краіны. Вобразы патрыярхальных і мудрых волатаў, якія займаюцца мірнай плённай працай і не ведаюць зброі, служаць для акцэнтавання ідэалу пісьменніка — адукаванай манархіі. Апошняя частка рамана, якая апавядае пра разумных коней, напоўнена песімізмам: С. ужо не верыць у адраджэнне дабрадзейнасці людзей, аднак вобраз Гулівера, простага, працавітага і сумленнага чалавека, заклікае да самаўдасканалення. Паводле рамана зняты маст. і мультыплікацыйныя фільмы (Англія, ЗША, Іспанія). Бел.т-р юнага гледача паставіў спектакль «У краіне ліліпутаў» (1985). На бел. мову раман пераклаў А.Кудравец.
Тв.:
Бел.пер. — Падарожжы Гулівера. Мн., 1974;
Рус.пер. — Памфлеты. М., 1955;
Дневник для Стеллы. М., 1981;
Путешествия Гулливера... Мн., 1992;
Приключения Гулливера в Лилипутии. Мн., 1996.
Літ.:
Муравьев В.С. Джонатан Свифт. М., 1968;
Дубашинский И.А. Памфлеты Свифта. Рига, 1968;
Левидов М.Ю. Путешествие.., мысли и чувства Джонатана Свифта... М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАГО́Р Рабіндранат (Тхакур Рабіндранатх; 7.5.1861, г. Калькута, Індыя — 7.8.1941),
індыйскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Англіі (1878—80). Друкаваўся з 1875. Пісаў на бенгальскай мове. У першых зб-ках вершаў «Вячэрнія песні» (1882), «Ранішнія песні» (1883), драме «Помста прыроды» (1884) пантэістычныя і жыццесцвярджальныя матывы. Распрацаваў канцэпцыю «бажаства жыцця» («джыбон-дэбота») пра адзінства чалавека і прыроды (паэт. цыклы «Маношы», 1890; «Залатая лодка», 1893; «Імгненні», 1900; зб. «Гітанджалі», 1910). Раманы «Гора» (1907—10), «Дом і мір» (1915—16), цыкл вершаў «Палёт жураўлёў» (1914—16) прасякнуты ідэямі сац. і нац. вызвалення краіны. Уражанні ад паездак у краіны Азіі, Еўропы і Амерыкі ў «Дзённіку падарожжа на Захад» (1929), «Пісьмах аб Расіі» (1931) і інш.Сац. праблематыка ў лірычным зб. «Усходні напеў» (1925), алегарычных драмах «Вызвалены паток» (1922) і «Чырвоныя алеандры» (1924). Раман «Чатыры часткі» (1934), аповесці «Дзве сястры» (1933) і «Кветнік» (1934), паэт.зб-кі «Завяршэнне» (1932). «Апошняя актава» (1935), «Нованароджаны» (1940) і інш., зборнікі апавяданняў і публіцыстыкі скіраваны супраць расавай дыскрымінацыі, рэліг. нецярпімасці, каставай сістэмы і бяспраўя жанчыны, прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Творчасць Т. адыграла выключную ролю ў станаўленні бенгальскай літ. мовы. Ён узбагаціў паэзію новымі формамі і вершаванымі памерамі, заклаў асновы жанру апавядання і развіў жанр сац.-псіхал. рамана, паклаў пачатак паліт. лірыцы. Эстэт. погляды Т. адлюстраваны і ў мастацтве (аўтар некалькіх тысяч песень, 2000 малюнкаў і карцін). Песня «Душа народа» — гімн Індыі, «Мая залатая Бенгалія» — гімн Рэспублікі Бангладэш. Значную ўвагу аддаваў пытанням тэорыі і практыкі нар. асветы (адкрыў школу, заснаваў ун-т). На бел. мову яго творы пераклалі Я.Колас, С.Грахоўскі, А.Мардвілка, А.Разанаў, Я.Семяжон, К.Станкевіч, Г.Шаранговіч. Нобелеўская прэмія 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХОДАЗНА́ЎСТВА, арыенталістыка (ад лац. orientalis усходні),
комплекс навук. дысцыплін, якія вывучаюць геаграфію, гісторыю, эканоміку, мовы, л-ру, этнаграфію, мастацтва, філасофію, рэлігію, помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходу (пераважна краін Азіі і Паўн. Афрыкі). Галіны У.: арабістыка, асірыялогія, егіпталогія, індалогія, семіталогія, сіналогія, хеталогія, цюркалогія, эфіопіка, японазнаўства і інш. У Еўропе вывучэнне ўсх. краін пачалося ў сярэдневякоўі (запісы еўрап. падарожнікаў М.Пола, П.Карпіні, рускіх А.Нікіціна, Данііла Паломніка, С.Наўгародца і інш.). У 16—17 ст. з’явіліся апісанні ўсх. краін еўрап. купцоў, місіянераў, падарожнікаў Дж.Рамузіо, П’етра дэла Вале (Італія), Р.Хэклейтама (Англія), Ж.Тавернье, Ж.Шардэна (Францыя) і інш.; справаздачы рус. дыпламатаў І.Петліна, Ф.І.Байкова, М.Г.Спафарыя, у т. л. выхадцаў з ВКЛ — В.Цюмянца і І.Цякуцьева, працы І.К.Рассохіна і А.Л.Лявонцьева; нататкі беларуса Ігнація Смаляніна пра падарожжа ў Візантыю і паломніцтва ў Іерусалім, дзённік М.К.Радзівіла Сіроткі пра паломніцтва ў Палесціну (выд. ў 1601). У Парыжскім (16 ст.), Оксфардскім і Лейдэнскім (17 ст.) ун-тах створаны кафедры ўсх. моў. У 18 — пач. 20 ст. закладзены навук. асновы У., створана сетка азіяцкіх таварыстваў: Бенгальскае (Калькута, 1784), Азіяцкае (Парыж, 1822), Каралеўскае (Лондан, 1823), Герм. ўсходазнаўчае (Лейпцыг, 1845), навук. ўстановы па вывучэнні ўсх. моў і г.д. У Расіі створаны Імператарскае т-ва У., Рус.к-т для вывучэння Сярэдняй і Усх. Азіі, Таварыства рус. арыенталістаў у Пецярбургу і інш. Дзейнічаў цэнтр У. ў Віленскім ун-це. У 20 ст. традыцыйныя кірункі вывучэння У. саступаюць месца больш дыферэнцыраванаму вывучэнню асобных, больш вузкіх галін. Значны ўклад ва У. зрабілі беларусы М.К.Баброўскі, І.А.Гашкевіч, В.М.Кавалеўскі, К.А.Касовіч, І.Ю.Крачкоўскі, А.В.Мухлінскі, Б.А.Тураеў, В.І.Сянкоўскі, А.І.Ходзька, І.І.Ходзька, у навейшы час — Р.Т.Ахрамовіч, У.В.Балабушэвіч, І.Н.Віннікаў, А.В.Макавельскі, Р.А.Ульяноўскі і інш. На Беларусі праблемамі У. займаюцца ў БДУ, Мінскім лінгвістычным ун-це. Створана секцыя У. пры Бел.геагр. т-ве.
Літ.:
Захаранка І. Беларускае ўсходазнаўства // Кантакты і дыялогі. 2001. № 11;
Яго ж. Дорога времени // Бел. думка. 2003. № 1;
Яго ж. Этапы развития отечественного востоковедения // Беларусь — Японія: Матэрыялы другіх міжнар. чытанняў, прысв. памяці Іосіфа Гашкевіча. Мн., 2003.