уладанне (заморскі дэпартамент) Францыі на аднайм. востраве з групы Малых Антыльскіх астравоў у Вест-Індыі. Пл. 1128 км². Нас. 407,3 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская, пашырана таксама крэольская. Адм. ц. — г. Фор-дэ-Франс. Падзяляецца на 2 акругі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — заморскі дэпартамент і рэгіён Францыі. Орган дзярж. выканаўчай улады Францыі — прэфектура на чале з рэгіянальным сакратаром, якога прызначае прэзідэнт Францыі. Органы мясц. самакіравання — Ген. савет (дэпартаменцкі орган — 45 членаў) і Рэгіянальны савет (рэгіянальны орган — 41 член); выбіраюцца на 6 гадоў прамым усеагульным галасаваннем. У франц. парламенце М. прадстаўлена 4 дэпутатамі і 2 сенатарамі.
Прырода. Востраў гарысты, складзены пераважна з вулканічных парод. На Пн вулканічныя масівы, у т. л. Мантань-Пеле (1397 м), вывяржэнне якога ў 1902 знішчыла г. Сен-П’ер (загінула 40 тыс.чал.). На Пд горы выш. да 504 м, узгорыстая раўніна. Клімат трапічны пасатны з высокай вільготнасцю. Сярэднія месячныя т-ры 24—27 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Дажджлівы сезон (з навальніцамі і ўраганамі) з ліп. да лістапада. Рэкі невял. горныя. Ёсць мінер. крыніцы. На схілах гор захаваліся невял. трапічныя лясы (пальмы, чырвонае, ружавае, кампешавае і хлебнае дрэвы). На раўніне — участкі саваннаў і балот. На ўзбярэжжах месцамі мангравыя зараснікі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Некалькі рэзерватаў, у т. л. Мантань-Пеле.
Насельніцтва. Жывуць пераважна мулаты і негры (93,7%). Невял. групы французаў, дравідаў, кітайцаў, італьянцаў, іспанцаў, партугальцаў, сірыйцаў. Вернікі пераважна католікі (87,9%). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 360 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 80% насельніцтва. У г. Фор-дэ-Франс каля 100 тыс. ж.
Іншыя гарады невялікія. У прам-сці занята каля 15% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — каля 8%, астатнія — у абслуговых галінах. Характэрны вял. беспрацоўе і значная эміграцыя (больш за 6 тыс.чал. штогод, пераважна ў Францыю).
Гісторыя. Тэр. М. са старажытнасці насялялі індзейцы-аравакі, потым карыбы. У 1502 востраў першым з еўрапейцаў адкрыў Х.Калумб. З 1635 пачалася каланізацыя М. французамі (з 1674 калонія Францыі), якія паступова знішчылі мясц. карыбаў. У 17—18 ст. тут засн. плантацыйная гаспадарка па вырошчванні бавоўніку, тытуню, цукр. трыснягу, кавы; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 на М. часова скасавана рабства (1794, адноўлена ў пач. 19 ст.). У 17 — пач. 19 ст. за валоданне востравам з Францыяй сапернічалі Нідэрланды і Вялікабрытанія (у 1794 М. акупіравалі брыт. войскі, паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 вярнулі Францыі, у 1809—14 зноў акупіравана англічанамі). З 1816 канчаткова ўладанне Францыі. У 1848 адменена рабства. У 1854 Францыя надала М. частковую ўнутр., у 1900 — і фін. аўтаномію. У пач. 20 ст. ўзніклі марцініканскія паліт. партыі і прафсаюзы. На пач. 2-й сусв. вайны востраў знаходзіўся пад уладай франц. калабарацыянісцкага ўрада «Вішы», з ліп. 1943 марцініканцы падтрымлівалі Франц.к-тнац. вызвалення.
З 1946 М. — заморскі дэпартамент Францыі. У 1982—83 пашырана самакіраванне М. На выбарах 1992 у Ген. і Рэгіянальны саветы большасць атрымалі левыя партыі (у т. л. Марцініканская прагрэс. партыя), якія патрабуюць большай аўтаноміі для М.
На востраве дзейнічаюць аддзяленні 3 паліт. партый Францыі і 12 мясц. партый і рухаў (1999); найбуйнейшае прафс. аб’яднанне — Усеагульная канфедэрацыя працы М.
Гаспадарка. М. — параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1995 валавы нац. прадукт на 1 чал. склаў 10 тыс.дол. ЗША. Асновай эканомікі з’яўляюцца сельская гаспадарка і абслугоўванне замежных турыстаў. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць замежныя, у асн.франц. і амер. кампаніі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 34 тыс.га зямлі. Традыцыйна асновай сельскай гаспадаркі М. быў цукр. трыснёг, аднак яго вытв-сць пастаянна зніжаецца ў выніку палітыкі Францыі па абароне айч. вытворцаў цукру. Збор цукр. трыснягу 200 тыс.т, бананаў 230 тыс.т. Вырошчваюць таксама ананасы, манга, цытрусы, батат, маніёк, гародніну, бавоўну і тытунь. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 35, свіней — 26, авечак — 40, коз — 20. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс.т рыбы штогод). Эксплуатацыя лясоў. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы харч. галіны — цукровыя, хлебапякарныя, піваварныя, маргарынавыя, па вытв-сці рому, ананасных і рыбных кансерваў. Працуе нафтаперапр.з-д (Ламантэн, перапрацоўвае штогод каля 1 млн.т нафты), 2 нафтахім. прадпрыемствы (выпускаюць поліэтылен), цэм.з-д (260 тыс.т цэменту штогод). Ёсць прадпрыемствы металаапр., паліграф., керамічнай і швейнай прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт ∙ гадз штогод. Пераважаюць цеплавыя электрастанцыі на імпартнай нафце, ёсць некалькі невялікіх ГЭС. Развіты рамёствы, у т. л. пляценне кошыкаў, ручное ткацтва, разьбярства па дрэве. Дэфіцыт знешнегандл. балансу часткова пакрываецца за кошт даходаў ад турызму. Штогод М. наведваюць да 1 млн. турыстаў, пераважна з ЗША, Канады, Францыі. Турыстаў вабяць на М. маляўнічыя горы і вадаспады, руіны Сен-П’ера і старадаўнія крэпасці, старафранц. архітэктура, музеі, пясчаныя пляжы, добра арганізаваная «індустрыя турызму». Дадатковая крыніца сродкаў — грашовыя пераводы эмігрантаў. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі. На востраве 1690 км асфальтаваных аўтадарог. Гал. марскі порт — г. Фор-дэ-Франс. За 8 км ад яго міжнар. аэрапорт. Штогадовы экспарт складае 200—300 млн.дол., імпарт — 1500—1700 млн.дол. Экспартуюцца бананы, ром, цукар, ананасы, нафтапрадукты; імпартуюцца машыны, нафта, харч. прадукты, буд. матэрыялы. Асн.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады да 80% знешнегандл. абароту), Германія, Італія, Японія, Вялікабрытанія. Фін. дапамога Францыі складае 4,5 млрд. франкаў штогод. Грашовая адзінка — франц. франк.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),
від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.
Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст.самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.Груневальд, А.Дзюрэр, Л.Кранах у Германіі, А.Альтдорфер, П.Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.П.Рубенс у Фландрыі, А.Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.Ларэна, Н.Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.Д.Фрыдрых, Л.Рыхтэр у Германіі, У.І.Кох у Аўстрыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.Каро, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле (Францыя), Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), А.Менцэля (Германія), І.Айвазоўскага, А.Бенуа, Л.Бродскай, І.Грабара, А.Дайнекі, А.Куінджы, І.Левітана, Г.Ніскага, В.Паленава, М.Рэрыха, А.Саўрасава, В.Сярова, І.Шышкіна (Расія), М.Сар’яна (Арменія), А.Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.Банар, К.Манэ, Э.Манэ, К.Пісаро, А.Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.Гаген, П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.
У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.Жукоўскі, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Н.Орда, Ю.Пэн, К.Русецкі, Ф.Рушчыц, Я.Сухадольскі, І.Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.Волкаў, І.Гембіцкі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, Л.Лейтман, С.Лі, М.Сеўрук, М.Станюта, А.Тычына (1920—50-я г.), А.Бархаткоў, У.Басалыга, Я.Батальёнак, Г.Вашчанка, В.І.Вярсоцкі, В.Грамыка, М.Данцыг, М.Ісаёнак, К.Качан, А.Кроль, У.Лагун, З.Літвінава, А.Малішэўскі, А.Марачкін, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, П.Масленікаў, Г.Паплаўскі. У.Пасюкевіч, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, В.Сумараў, І.Рэй, В.Цвірка, Л.Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.
Літ.:
Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;
Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;
Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;
Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;
Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;
Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;
Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.Да арт.Пейзаж. І.Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.Да арт.Пейзаж. В.Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.Да арт.Пейзаж. В.Грамыка. Раніца туманная. 1974.Да арт.Пейзаж. В.Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА (Ghana),
Рэспубліка Гана (Republic of Ghana), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Кот-д’Івуар, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Тога; на Пд абмываецца водамі Гвінейскага зал. Падзяляецца на 10 абласцей. Пл. 238,5 тыс.км². Нас. 16 446 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Акра. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 сак.).
Дзяржаўны лад. Гана — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсім насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, прызначаны прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. краіны — раўніна, выш. 150—300 м. Уздоўж узбярэжжа нешырокая паласа нізін. На Пн ад яе плато Ашанці і Кваху выш. да 788 м (г. Аквава). На У горы Тога. Нетры Ганы багатыя золатам, алмазамі, баксітамі, марганцам; знойдзены нафта і газ. Клімат экватарыяльны мусонны, на ПдЗ пераходны да экватарыяльнага. Т-ра паветра 24—28 °C у ліп., каля 24 °C у студзені. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн, дзе ёсць сухі перыяд з кастр. да лют., да 1500—2000 мм на Пд. Рэкі больш мнагаводныя на Пд, багатыя гідраэнергіяй. Найбольшая р. Вольта, на ёй вадасховішча пл. 8480 км². Б. ч.тэр. Займаюць саванны, тыповыя на Пн, высакатраўныя ў сярэдняй ч. краіны. На ПдЗ вільготныя вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў — чырвоным, сапеле, баку і інш. Па ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны, асабліва ў малаасвоеных раёнах. Нац. паркі: Моле, Дыг’я і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць народы гвінейскай моўнай групы. Найбольшыя па колькасці народы падгрупы акан (уваходзяць ашанці, фанці, аквапім і акім, жывуць на Пд краіны), блізкія да іх анья і бауле жывуць на ПдЗ. У наваколлі г. Акра жывуць народы га, адангме, эве. Пн населена народамі групы гур (мосі, гурма, грусі, тэм). Жывуць таксама хаўса, сангаі, фульбе і інш. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (у асноўным англічан), сірыйцаў, індыйцаў. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні (каля 40%), на Пн — мусульмане (каля 30%), на Пд і ў гарадах — хрысціяне (пратэстанты і католікі, каля 24%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 69 чал. на 1 км². Каля 70% яго сканцэнтравана на Пд, дзе шчыльнасць дасягае 300 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 35%. Самыя вял. гарады (1993, тыс.ж.): Акра — 950, Кумасі — 385, Тамале — 151, Тэма — 132, Секанды-Такарады — 104. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 54,7% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 18,7, у абслуговых галінах — 26,6%.
Гісторыя. Да з’яўлення еўрапейцаў (15 ст.) на тэр. Ганы існаваў шэраг раннефеад. дзярж. утварэнняў. У 17—18 ст. пачалі стварацца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы, найб. з іх — Ашанці. Першымі еўрапейцамі на тэр. Ганы былі партугальцы, якія ў 1482 на тэр. племя фанту пабудавалі крэпасць Эльміна. З-за багатых радовішчаў золата яны назвалі краіну Залатым Берагам. Пазней тут заснавалі свае факторыі купцы з Галандыі, Даніі, Швецыі, Прусіі, Англіі. Апошняя здолела выцесніць сваіх канкурэнтаў. У 1844 губернатар, прызначаны брыт. урадам, заключыў з правадырамі плямён фанці дагавор аб прызнанні імі брыт. пратэктарату. Народ ашанці доўгі час адстойваў сваю незалежнасць (у 19 ст. адбылося 7 англа-ашанційскіх войнаў) і толькі ў 1896 заваяваны Вялікабрытаніяй. У 1901 Ашанці і тэр. на Пн ад яе аб’яўлены брыт. калоніяй і ўключаны ў склад Залатога Берага. Асновай эканомікі калоніі стала вытв-сць какавы-зярнят. Да 1937 Залаты Бераг ператварыўся ў найбуйнейшага іх пастаўшчыка на сусв. рынку. Народы Ганы не спынялі барацьбы супраць калан. прыгнёту. У 1920 заснаваны Нац. кангрэс Зах. Афрыкі, які імкнуўся да дэмакратызацыі калан. кіравання. У 1947 створана першая масавая нац.арг-цыя — Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 — Народная партыя Канвента (НПК) на чале з К.Нкрума. Асн. лозунг яе праграмы: «Незалежнасць — неадкладна». Пад націскам нац.-вызв. руху ў 1951 у Гане ўведзена абмежаванае самакіраванне. На выбарах 1951 НПК заваявала большасць у заканад. сходзе. У 1952 створаны 1-ы нац. ўрад, Нкрума стаў прэм’ер-міністрам. У 1954 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1956 Залаты Бераг атрымаў статус дамініёна, да яго далучана зах. (брытанская) ч. Тога.
6.3.1957 абвешчана незалежнасць Ганы (у рамках брыт. Садружнасці). Краіна ўзяла назву сярэдневяковай дзяржавы Гана. З 1.7.1960 Гана — рэспубліка, Нкрума яе прэзідэнт. Пачалася афрыканізацыя дзярж. апарату, нацыяналізавана некалькі брыт. кампаній. У 1962 НПК абвясціла, што выбірае ў якасці арыенціра марксісцкі сацыялізм. У 1964 НПК аб’яўлена адзінай партыяй, усе астатнія забаронены. Гігантаманія ў эканоміцы, шматлікія сац. праграмы прывялі да велізарнага бюджэтнага дэфіцыту. Шырокіх маштабаў дасягнула карупцыя дзярж. апарату. У выніку рэзкага паніжэння цэн на какаву на сусв. рынку эканоміка Ганы апынулася ў крытычным стане. У 1966 адбыўся ваен. пераварот; улада перайшла да Нац. Савета Вызвалення на чале з ген. Дж.Анкра. У 1969 уведзена ў дзеянне новая канстытуцыя, Гана абвешчана парламенцкай рэспублікай. Улада перайшла да грамадз. ўрада. У выніку новага ваен. перавароту (1972) ён скінуты. У 1979 група маладых афіцэраў на чале з капітанам Дж.Ролінгсам здзейсніла новы пераварот, улада перайшла да Рэв. Савета Узбр. Сіл. На парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах перамагла Народная нац. партыя. Яе кандыдат Х.Ліман стаў прэзідэнтам. Але ён не здолеў вырашыць сац.-эканам. праблемы краіны, што выклікала яшчэ адзін пераварот на чале з Ролінгсам, які ўзначаліў Часовы Савет нац. абароны. У 1983 прынята праграма ўздыму нац. эканомікі, у 1992 — новая канстытуцыя, дазволена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 перамог Ролінгс. Гана — чл.ААН з 1957, эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.6.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Нац.дэмакр. кангрэс, Нац.патрыят. партыя і інш.Цэнтр.прафс. аб’яднанне — Кангрэс прафсаюзаў Ганы.
Гаспадарка. Гана — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Сельская гаспадарка дае каля 50% валавога нац. даходу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гана займае адно з першых месцаў у свеце па зборы і экспарце какавы-зярнят. Штогадовы збор 200—300 тыс.т. Асн. раён вырошчвання на Пд краіны. Там жа вырошчваюць ямс, тара, маніёк, кукурузу, бабовыя, агародніну, садавіну (у т. л. цытрусавыя), каву, чай, цукр. трыснёг, імбір, арэхі кола, какосавую пальму, гевею, тытунь, кенаф і інш. На Пн краіны, у зоне саванны, вырошчваюць проса, сорга, рыс (на арашальных землях), кукурузу, земляны арэх, пашырана алейнае дрэва карытэ (дзікарослае і ў культуры). Жывёлагадоўля развіта слаба, што звязана з распаўсюджаннем мухі цэцэ (асабліва на Пд). Буйн. раг. жывёлу (каля 800 тыс. галоў), коз і авечак (каля 4 млн. галоў) гадуюць на Пн і У, свіней і птушку — у асноўным на Пд. Развіта марское і рачное рыбалоўства (каля 250—300 тыс.т у год). У прам-сці гал. месца займае горназдабыўная галіна (1992): золата 29 т, алмазаў 620 тыс. каратаў, марганцавай руды 360 тыс.т, баксітаў 370 тыс.т. Здабыча золата пераважна на Пд і ПдУ, радовішчы Ашанці, Прэстэа, Тарква, Дунква. Асн. радовішчы алмазаў каля г. Акватыя, развіваецца здабыча ў бас.р. Бірым. Марганцавую руду здабываюць на радовішчы Нсута, баксіты ў Аваса. Разведаны і эксплуатуюцца радовішчы жал. руды (на Пд і Пн), запасы нафты і газу (у нетрах шэльфа), няруднай сыравіны і солі. Буйнейшае прадпрыемства энергетыкі — ГЭС Акасомба на р. Вольта (магутнасць 976 тыс.кВт), якая выпрацоўвае каля 80% электраэнергіі ў краіне. Меншае значэнне маюць ГЭС Кпонг і ЦЭС у значных гарадах. На базе таннай гідраэнергіі працуе буйнейшы ў Афрыцы з-д першаснага алюмінію ў г. Тэма (штогод каля 200 тыс.т алюмінію з імпартнага гліназёму). Да буйнейшых прадпрыемстваў належаць сталеліцейны (каля г. Акра), 2 цэм. з-ды (у Тэме і Такарады), дрэваапр. камбінаты, шынны з-д. Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), шкляной, гумава-тэхн. прам-сці, электралямпавы, мылаварны, трактара- і аўтазборачны, радыё- і электратэхнічны, ядахімікатаў і мыйных сродкаў з-ды, абутковыя і гарбарныя ф-кі, прадпрыемствы па вытв-сці алмазных інструментаў. Харч.прам-сць: какаваперапр. комплекс, шакаладныя ф-кі, рыбакансервавы камбінат, рыбахаладзільнікі ў Тэме, Акры, Кумасі, Такарады, вытв-сць агароднінных і фруктовых кансерваў, пальмавага алею (на Пн з пладоў алейнага дрэва карытэ, на Пд з какосавых арэхаў), цукру. Прадпрыемствы баваўнянай, джутавай, швейнай, трыкат. Прам-сці. Развіта лясная прам-сць, асабліва лесапілаванне, вытв-сць фанеры, запалак. Апрацоўчая прам-сць у асноўным сканцэнтравана на Пд, прадпрыемствы пераважна ў Акры, Тэме, Такарады. У сельскай мясцовасці развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў з серабра, золата, дрэва, косці. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 32,2 тыс.км, з іх 6,1 тыс.км з бітумным пакрыццём. Чыгункі абслугоўваюць паўд.ч. краіны, даўж. іх 953 км. Асн.трансп. вузлы Акра, Кумасі, Такарады. Развіты ўнутр. водны транспарт. Для суднаходства шырока выкарыстоўваецца вадасх. Вольта. У краіне 10 аэрапортаў, гал. з іх у Акры, Такарады, Кумасі, Тамале. Знешні гандаль ідзе праз парты Такарады (экспарт), Тэма (імпарт), у меншай ступені праз Акру. Экспарт: какава (каля 50% па кошце), золата, драўніна, баксіты, алюміній. Імпарт: нафтапрадукты, тавары нар. спажывання і харчовыя, машыны і абсталяванне, гліназём. Гал.гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — седзі.
Літаратура. Пісьмовая л-ра ў народаў Ганы з’явілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. пераважна на англ. мове. Папулярная была публіцыстыка А.Ахума, А.Аджае, Дж.Каслі-Хейфарда, С.Д.Менса, Р.Е.Г.Армату і інш. Публікацыі на мовах народаў Ганы фанці, эве, га, адангме, дагбані, хаўса і інш. з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. Асноўныя тэмы літ. твораў 1920—50-х г. — гіст. і этнагр. праблемы. Эпічныя паэмы «Народ фанці» і «Звычаі фанці» Г.Р.Акуа, раманы і п’есы Дж.Х.Нкетыя, п’есы «Трэцяя жанчына» Дж.К.Данква, драмы «Пятая лагуна», «Старонкі гісторыі Анла» К.Фіяву, вершы Армату (зб. «Запаветныя думкі чорнага»), Е.Аму, К.А.Акрафі і інш. мелі вял. значэнне для абуджэння самасвядомасці народаў Ганы. У гэты перыяд назіраецца цікавасць да перакладаў твораў сусв. л-ры на мовы народаў Ганы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Ганы ў л-ры ўзнікаюць новыя сац. і паліт. тэмы. На аснове нац. традыцый развіваюцца паэзія, проза, драматургія. З сярэдзіны 1960-х г. больш інтэнсіўна развіваецца жанр рамана («Лепшыя яшчэ не нарадзіліся» А.К.Армы, «Анова» К.А.Айда, «Муж для Есі Элуа» К.Бедыяка, «Свавольнікі» К.Дуоду і інш.). Папулярныя ў Гане пісьменнікі Э.Т.Сазерленд, Нкетыя, І.Хо, Х.Сетсаафія, Дж.Акай, Айда. Літаратараў аб’ядноўваюць літ. саюзы. Існуе Асацыяцыя пісьменнікаў Ганы, засн. ў 1960-я г.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Традыцыйнае жыллё Ганы — круглыя і прамавугольныя ў плане глінабітныя хаціны з канічнымі ці 2-схільнымі дахамі з драўляных жэрдак, крытыя пальмавымі галінкамі, саломай, шыферам. Значнага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка каштоўных металаў: дэкар. ўпрыгожанні, парадная зброя, вазы, фігуркі чалавека і дэкар.скульпт. групы гумарыстычнага характару. Здаўна развіты ганчарная справа, выраб нац. вопраткі («кентэ») з вытканымі або штампаванымі каляровымі ўзорамі, арнаментальная разьба па дрэве на прадметах побыту; з чырвонага і чорнага дрэва выразалі стылізаваныя слупападобныя статуэткі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Гане фарміруецца прафес. мастацтва, праводзяцца маст. выстаўкі. Арг-цыі мастакоў (Ганская асацыяцыя мастакоў «Аквапім-6») імкнуцца да асваення афр. і сусветнай маст. спадчыны, да выпрацоўкі сучаснага нац. стылю (скульптар О.Ампофа). З нар. традыцыямі звязана творчасць Кафі Антубама, В.Кафі. Разнастайныя паводле ідэйна-маст. строю і тэхнікі работы жывапісцаў — ад дэкар. стылізатарства да еўрап.рэаліст. манеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зямля́1, ‑і; мн. землі, зямель, Д землям; ж.
1. Трэцяя ад Сонца планета, якая верціцца вакол Сонца і вакол сваёй восі (з вялікай літары). Месяц — спадарожнік Зямлі.// Месца жыцця і дзейнасці чалавека (пры супастаўленні з небам як уяўным светам багоў, ідэй). Летняе неба, здавалася, ніжэй звесілася над зямлёю і ўзіралася ў яе тысячамі бліскучых вачэй.Колас.
2. Суша (у адрозненне ад воднай прасторы). На гарызонце маракі ўбачылі зямлю. □ Песня перамогі На зямлі, на моры — Спадарожнік твой.Колас.
3. Верхні слой кары нашай планеты; глеба, грунт. Зямля пачала прыкметна .. сохнуць.Мележ.// Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, якое ўваходзіць у састаў нашай планеты. Перамяшаць торф з зямлёй. □ Твар.. [кабеты] быў запэцканы зямлёй. Кароценькі рваны кажушок на ёй быў таксама ў зямлі.Чорны.
4. Паверхня, плоскасць, на якой мы стаім, па якой рухаемся. [Салдат] ішоў як бы не датыкаючыся зямлі.Самуйлёнак.
5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім‑н. уладанні, карыстанні; глеба, якая апрацоўваецца і выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах. Калгасныя землі. Нацыяналізацыя зямлі. Асваенне новых зямель. □ Зямля — талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш.Прыказка.
6.Краіна, дзяржава. За мора, за сіні круты небакрай Лятуць мае думкі цяпер: Там дзесьці далёка шчаслівы ёсць край — Святая зямля СССР.Глебка.Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючага Ніла, Ужо колькі тысяч год стаіць магіла: У гаршку насення жменю там знайшлі.Багдановіч.
•••
Інфузорная зямля — горная парода, якая складаецца з рэштак водарасцей.
Культурны слой зямлігл. слой.
Сіенская зямля — цёмна-жоўтая фарба, якая скарыстоўваецца ў жывапісе; сіена.
Ад зямлі не відацьгл. відаць.
Бачыць (на тры сажні) пад зямлёйгл. бачыць.
Гарыць зямля пад нагаміукаго — пра небяспечнае, пагрозлівае становішча для каго‑н.
Гатоў скрозь зямлю праваліццагл. гатоў.
Глядзець у зямлюгл. глядзець.
Дастаць (выкапаць) з-пад зямлігл. дастаць.
Загнаць у зямлюгл. загнаць.
За трыдзевяць зямельгл. трыдзевяць.
З зямлёю (сырою) ажаніццагл. ажаніцца.
Змяшаць з зямлёйгл. змяшаць.
Зраўняць з зямлёйгл. зраўняць.
Зямлёю пахнуцьгл. пахнуць.
Калом яму зямля — ужываецца як праклён подламу, шкоднаму чалавеку.
Легчы ў зямлюгл. легчы.
На край зямлігл. край.
Не чуць зямлі пад сабой (над нагамі)гл. чуць.
Паміж небам і зямлёйгл. неба.
Парыць зямлюгл. парыць.
Праваліцца мне скрозь зямлюгл. праваліцца.
Пуп зямлігл. пуп.
Соль зямлігл. соль.
Сцерці (змесці) з твару зямлігл. сцерці.
Сядзець на зямлігл. сядзець.
Траціць зямлю пад нагамігл. траціць.
Як з (з-пад) зямлі вырасці (з’явіцца)гл. вырасці.
Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насілакаго — пра подлага, шкоднага чалавека.
Як неба ад зямлігл. неба.
Як неба і зямлягл. неба.
Як скрозь зямлю праваліўсягл. праваліцца.
зямля́2, ‑і, ж.
Даўнейшая назва літары «з».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕНІ́Н (Bènin),
Рэспубліка Бенін (Rèpublique Populaire du Bènin), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Тога, на Пн з Буркіна-Фасо і Нігерам, на У з Нігерыяй. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Пл. 112,6 тыс.км². Нас. 4,9 млн.чал. (1992). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Порта-Нова. Падзяляецца на 6 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (1 жн.).
Дзяржаўны лад. Бенін — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. савет, у склад якога ўваходзяць 64 дэпутаты, выканаўчы орган — Нац. выканаўчы савет (урад). Рашэнні пра адпаведнасць законаў канстытуцыі выносіць канстытуцыйны суд.
Прырода. Большую ч.тэр. займае плато, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод, перакрытых на Пд і Пн кайназойскімі пясчанікамі. На ПнЗ горы Атакора выш. да 635 м, на Пд прыморская нізіна шыр. 50—100 км.
На ўзбярэжжы шмат лагунаў. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы нафты (на Пд), золата, алмазаў, буд. матэрыялы. Клімат на Пд экватарыяльны з 2 сезонамі дажджоў (сак.—ліп., вер.), на астатняй тэр. экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім і сухім зімовым сезонамі. Сярэдняя т-ра паветра 24—27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн да 1500 мм на Пд. Гал. рака — Веме, на паўн. граніцы — р. Нігер. Пераважаюць саванны з гаямі алейнай пальмы, на Пд — вільготныя трапічныя лясы (каля 1/5тэр.). Нац. паркі Пенджары і Дубль-Ве.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — бенінцы. Складаюцца з групы блізкіх па мовах народаў фон, аджэ, іоруба, насяляюць пераважна Пд і цэнтр краіны. Жывуць таксама народы сомба, барыба, тэм, фульбе і інш. 70% насельніцтва прытрымліваецца стараж. традыцыйных культаў (політэізм), каля 16% — хрысціяне (пераважна католікі, на Пд), каля 14% — мусульмане (на Пн). Сярэдняя шчыльн. 43 чал. на 1 км², на Пд да 200 чал. на 1 км², на Пн месцамі менш за 10 чал. на 1 км². У гарадах каля 20% насельніцтва. Найб. горад і порт Катану (каля 400 тыс.ж.), Порта-Нова (каля 170 тыс.ж.).
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека на тэр. Беніна вядомы з часоў неаліту. Археал. раскопкі сведчаць аб даволі высокім узроўні матэрыяльнай культуры стараж. насельніцтва. У 15 ст. на тэр. Беніна з’явіліся партугальцы, у 17 ст. — галандскія, франц. і англ. купцы і гандляры рабамі. У 2-й пал. 17 ст. цэнтр гандлю нявольнікамі (Нявольніцкі Бераг), у канцы 17 ст. пад кантролем Каралеўства Дагамея. У канцы 19 ст. захоплены французамі. З 1904 уваходзіў у федэрацыю Франц.Зах. Афрыка. З 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
1.8.1960 Бенін абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1975 наз. Дагамея). 1960-я г. адзначаны шэрагам дзярж. пераваротаў (1963, 1965, 1967, 1969). У 1972—91 краінай кіравалі ваенныя на чале з М.Керэку: быў абвешчаны курс на сацыяліст. арыентацыю. Партыя нар. рэвалюцыі Беніна (адзіная легальная партыя) утрымлівала ўсю паліт. ўладу. У 1990 узніклі новыя паліт. партыі, 3 з якіх утварылі «Саюз дзеля перамогі аднаўлення дэмакратыі». У 1991 адбыліся першыя свабодныя выбары. У 1993 афіцыйна зарэгістраваны 34 паліт. партыі. Прафсаюзы прадстаўлены Нац. аб’яднаннем прафсаюзаў і Каардынацыйным цэнтрам працоўных. У 1991—96 краіну ўзначальваў прэзідэнт Н.Сагло, з 1996 прэзідэнт — М.Керэку. Бенін — член ААН (з 1960), Эканам. супольніцтва дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны член Еўрап. супольніцтва.
Гаспадарка. Бенін — слабаразвітая агр.краіна. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю сельскай гаспадаркі прыпадае 50%, прам-сці і транспарту — па 10%, гандлю і паслуг — каля 30%. Дзяржава кантралюе асн. галіны прам-сці, вытв-сць і размеркаванне электраэнергіі, асн. банкі і страхавыя кампаніі, водазабеспячэнне, сувязь, кінапракат, значную ч. экспартных і імпартных аперацый. У сельскай гаспадарцы занята 70% самадзейнага насельніцтва. Характэрны феад. адносіны, нізкая прадукцыйнасць працы. 80% тэр. прыдатныя для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі, але пад ворывам толькі 2 млн.га (10,6% тэр.), пад лугамі і пашай каля 490 тыс.га (4%). На Пд развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Асн. культуры (1993): алейная (каля 30 млн. дрэў) і какосавая пальмы (вытв-сць алею каля 40 тыс.т, копры каля 9 тыс.т), арахіс (82 тыс.т), бавоўна (68 тыс.т), бананы, манга, кава і тытунь. Вырошчваюць на Пн кукурузу (550 тыс.т), сорга (124 тыс.т), ямс (1,2 млн.т), на Пд рыс (10 тыс.т), маніёк (каля 1 млн.т), у цэнтр. раёнах проса (30 тыс.т), бабовыя, батат. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, пераважна на ПнУ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 1100, авечак 940, козаў 1180, свіней 530. Каля 5,5 млн. галоў свойскай птушкі. Рачное і марское рыбалоўства. Вядучая галіна прам-сці — вытв-сць алею. Працуюць 6 прадпрыемстваў па вытв-сці пальмавага алею, з-ды па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення. Ачыстка арахісу, рыбакансервавы, мылаварны, керамічны, лесапільны з-ды, тытунёвая ф-ка і інш. Прадпрыемствы па вытв-сці метал. канструкцый, посуду, метал. мэблі. Невял. прадпрыемствы па вырабе мэблі ў Катану. Параўнальна развіта тэкст.прам-сць: 6 бавоўнаачышчальных прадпрыемстваў, палатняная ф-ка, тэкст. комплекс. У харч. прам-сці шмат дробных прыватных прадпрыемстваў па выпечцы хлеба, з-дмінер. водаў, аграпрамысл. комплекс па вытв-сці рафінаванага цукру. Горназдабыўная прам-сць: распрацоўка буд. матэрыялаў, у т. л. мармуру і вапняку, здабыча нафты (295 тыс.т у 1991), старацельская здабыча золата і алмазаў. Працуюць цэментны з-д (200 тыс.т за год), 6 дызельных электрастанцый (21 тыс.кВт). Зборка веласіпедаў і матацыклаў, транзістарных радыёпрыёмнікаў. Ткацтва, разьбярства па дрэве і інш. саматужныя рамёствы. Даўж. чыгунак каля 600 км, шашэйных дарог 8,5 тыс.км, у т. л. 800 км асфальтаваных, 2,7 тыс.км брукаваных. Значны марскі порт Катану (грузаабарот каля 1,5 млн.т у год). Паблізу міжнар. аэрапорт. Важнае значэнне для эканомікі краіны мае транзіт грузаў з Буркіна-Фасо і Нігера да порта Катану. Экспарт — прадукцыя сельскай гаспадаркі (пальмавы і арахісавы алей, бавоўна, арахіс, садавіна, тытунь і інш.), цэмент, баваўняныя тканіны, крэветкі. Імпарт: спажывецкія і харч. тавары, паліва, абсталяванне, паўфабрыкаты. Знешнегандлёвы баланс дэфіцытны. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва каля 400 дол. ЗША на год. Асн. знешнегандл. партнёры: Францыя, Нідэрланды, Іспанія, ЗША. Грашовая адзінка — афр. франк.
З.М.Шуканава (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Беніна.Да арт.Бенін. Вёска народа сомба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я (Guinée),
Гвінейская Рэспубліка (République de Guinée), дзяржава ў Зах. Афрыцы. На ПнЗ мяжуе з Гвінеяй-Бісау, на Пн — з Сенегалам, на ПнУ — з Малі, на У — з Кот-д’Івуар, на Пд — з Ліберыяй і Сьера-Леоне, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 33 адм. раёны. Пл. 245,9 тыс.км². Нас. 6306 тыс.чал. (1993). Сталіца — Конакры. Афіц. мова — французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея — рэспубліка. У яе складзе 8 правінцый. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вярх. ўлада належыць Пераходнаму савету нац. адраджэння (у 1991).
Прырода. Вузкую паласу ўздоўж узбярэжжа займае нізіна. Далей на У плато Фута-Джалон выш. да 1537 м (г. Тамге). Басейн верхняга Нігера (на ПнУ) раўнінны. Паўд.-ўсх.ч. занята Паўн.-Гвінейскім узв. (сярэдняя выш. каля 800 м). Ёсць асобныя горныя масівы выш. больш за 1500 м (г. Німба, 1752 м). Карысныя выкапні: нафта, баксіты, фасфаты, жал. руды, золата, алмазы. Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы, з вільготным летам. Сярэдняя т-ра паветра круглы год 24—28 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы каля 2000—3000 мм за год, на У каля 1000 мм. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. У Гвінеі вытокі Нігера, Сенегала (р. Бафінг), Гамбіі. Большая ч.тэр. занята саваннамі, рэдкімі лістападнымі і вечназялёнымі лясамі. Невял. ўчасткі трапічных лясоў, на ўзбярэжжы мангравая расліннасць. Запаведнік Німба.
Насельніцтва. Жывуць народы фульбе (35%), малінке (30%), сусу (20%) і інш. Выхадцаў з Еўропы і Азіі каля 20 тыс. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (85%), у гарадах ёсць католікі (8%), на Пд і У месцамі вызнаюць традыц. культы. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,6 чал. На 1 км². Больш густа населены прыбярэжныя раёны, плато Фута-Джалон. У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1993): Конакры — 950, Лабе — 110, Канкан — 100. У сельскай гаспадарцы занята 82% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 11, у абслуговых галінах — 5%.
Гісторыя. Паводле звестак археолагаў, тэр. Гвінеі заселена ў эпоху неаліту. Пазней яна была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана і Малі. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Гвінеі з’явіліся партугальцы. У 1770-я г. ўтварылася ранняя дзяржава качэўнікаў-жывёлаводаў фульбе — Фута-Джалон. У 1880—90-я г.тэр. Гвінеі заваявана французамі, якія ў 1895 вылучылі яе ў асобную калонію, у 1904 уключылі ў склад Франц.Зах. Афрыкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі ўзмацніўся нац.-вызв. рух. У 1947 на базе гвінейскай секцыі Афр.дэмакр. аб’яднання ўтворана Дэмакр. партыя Гвінеі (ДПГ), якая ў 1957 перамагла на выбарах у Тэр. асамблею (56 месцаў з 60), 2.10.1958 абвешчана незалежнасць краіны. Яе прэзідэнтам стаў А.Секу Турэ (кіраўнік ДПГ). Урад Гвінеі нацыяналізаваў замежныя банкі і кампаніі, увёў манаполію знешняга гандлю, стварыў нац. грашовую сістэму. У выніку зліцця дзярж. органаў і структур кіруючай ДПГ рэжым Секу Турэ ператварыўся ў дыктатарскі (рэпрэсіі супраць праціўнікаў рэжыму, да 1983 краіну пакінулі каля 2 млн. гвінейцаў). Пасля смерці Секу Турэ (сак. 1984) у выніку ваен. перавароту 3.4.1984 улада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння на чале з Л.Кантэ, які забараніў ДПГ, амнісціраваў палітвязняў і распачаў рэфармаванне эканомікі (з ухілам на жорсткую эканомію), што дазволіла паступова яе стабілізаваць.
У снеж. 1990 на агульнанац. рэферэндуме прынята канстытуцыя краіны. У 1991 створаны Пераходны савет нац. адраджэння. З крас. 1992 дазволена дзейнасць паліт. партый. На прэзідэнцкіх выбарах 19.12.1993 перамог Кантэ. У краіне дзейнічаюць партыі: Аб’яднанне гвінейскага народа, Партыя абнаўлення і прагрэсу, Саюз гвінейскага народа і інш., праф. аб’яднанне Нац. канфедэрацыя працоўных Гвінеі — чл.ААН з 1958, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Гвінея — аграрная краіна з адносна развітой горназдабыўной прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі 22%, прам-сці 29, абслуговых галін 49%. Апрацоўваецца 6% тэр., пад лугамі і пашай 12%. Большая ч. апрацаваных зямель пад харч. культурамі — рысам (на арашальных землях у бас. верхняга Нігера), кукурузай, просам, сорга, маніёкам, бататам, ямсам, а таксама алейнай пальмай (на Пд і З), алейным дрэвам карытэ, арахісам, кавай, бананамі. Збожжавыя вырошчваюць на Пн і У, караняплоды — у больш вільготных раёнах на Пд і З. Пашыраны дзікарослыя пладовыя: манга, папайя, авакада, гуаява, какосавая пальма. Павялічваюцца пасевы бавоўніку, тытуню і чаю. Агародніцтва (памідоры, перац, баклажаны, капуста). Экспартныя культуры: кава, бананы, ананасы, цытрусавыя, хіннае дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўная (асн. Фута-Джалон). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак і коз. Птушкагадоўля. Рачное і акіянскае рыбалоўства. Лясная прам-сць, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Асн. галіна горназдабыўной прам-сці — здабыча баксітаў (раёны Сангарэдзі, Фрыя, Дэбеле); штогод здабываюць 15—20 млн.т. Гліназёмны з-д у Фрыя выпускае каля 1 млн.т гліназёму за год. Алмазы здабываюць на ПдУ, золата — у бас. верхняга Нігера, жал. руду — на крайнім Пд. Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: кансервавыя (Маму, Конакры, Лабе, Кісідугу), алейны (Дабола), фруктовых сокаў (Канкан), лесапільны (каля Конакры), аўта- і велазборачныя (Конакры, Канкан), рысаачышчальныя з-ды (Канкан, Сігіры, Куруса), тытунёвая ф-ка ў Бейла. У Конакры аўтазборачны, нафтаперапр., цэм., цукр. з-ды, вытв-сць пластмас, выбуховых рэчываў, металаканструкцый, мех. майстэрні. Вытв-сць электраэнергіі каля 300 млн.кВт∙гадз штогод, пераважна на невял. ЦЭС і ГЭС. Саматужная вытв-сць ганчарных, ткацкіх, метал., з скуры і дрэва вырабаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 30,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 1145, гравійных — 13 тыс.км. Чыгункі адыгрываюць дапаможную ролю. Іх агульная даўж. 1045 км, у т. л. вузкакалейных — 806 км. Асн. лінія Конакры—Канкан. Участкі рэк агульнай даўж. 1,3 тыс.км на З і ў бас. Нігера выкарыстоўваюцца для мясц. суднаходства. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам праз парты Конакры (разнастайныя грузы) і Камсар (экспарт баксітаў). 15 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Конакры. Гвінея экспартуе баксіты і гліназём (каля 90% па кошце), алмазы, каву, арахіс, бананы, ядры алейнай пальмы; імпартуе нафтапрадукты, металы, машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тэкстыль. Асн.гандл. партнёры: ЗША (33% экспарту, 16% імпарту), краіны Зах. Еўропы, Канада. Грашовая адзінка — гвінейскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),
Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс.км². Нас. 1072 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.
Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.—ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.
Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.
Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г.тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар.рэв. сілы). У 1972 Спец.к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.Кабрал (брат забітага А.Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац.нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.
У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.
Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал.харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс.т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На Угал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс.т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс.км, у т. л. 2,7 тыс.км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс.км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн.дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн.дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўднёвая,
Рэспубліка Карэя (РК, кар. Тэхан мінгук), дзяржава ва Усх. Азіі, займае паўд.ч.Карэйскага паўвострава і суседнія астравы, у т. л.Карэйскі архіпелаг. На Пн аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (гл.Карэя Паўночная), на З абмываецца Жоўтым, на У — Японскім морамі, на Пд — Карэйскім пралівам. Пл. 99,3 тыс.км². Нас. 45 948 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Сеул. Падзяляецца на 9 правінцый і 6 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: Дзень абвяшчэння Рэспублікі (15 жн.), Дзень заснавання дзяржавы (3 кастр.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1988 кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (паводле канстытуцыі не можа быць перавыбраны на другі тэрмін). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (299 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — Дзярж. савет, у які ўваходзяць прэзідэнт (старшыня), прэм’ер-міністр (нам. старшыні) і члены савета (ад 15 да 30). Прэм’ер-міністра, членаў савета, губернатараў правінцый, мэраў гарадоў і інш. высокапастаўленых службоўцаў мясц. улады назначае прэзідэнт. Вышэйшы суд. орган — Вярх. суд на чале з яго старшынёй, дзейнічае 6 гадоў (старшыню і членаў суда назначае прэзідэнт). Дзейнічае Канстытуцыйны суд. У суд. сістэму ўваходзяць апеляцыйныя, раённыя і сямейныя суды.
Прырода. Пераважна горная краіна. Горы і перадгор’і займаюць 80% тэрыторыі. На УУсх.-Карэйскія горы (г. Сараксан, 1708 м), на Пд і ПдЗПаўд.-Карэйскія горы (г. Чырысан, 1915 м). Раўнінныя і нізінныя ўчасткі на З і Пд. Разнастайны рэльеф і на астравах. На найб. в-ве Чэджудо вулкан Халасан — найвыш. пункт краіны (1950 м). З карысных выкапняў вылучаюцца вальфрамавыя руды (запасы адны з найбуйнейшых у свеце), ёсць радовішчы бурага вугалю, антрацыту, жал., свінцова-цынкавых, медных, залатых, сярэбраных, малібдэнавых руд. Клімат умераны (на Пн) і субтрапічны (на Пд), мусонны. Зімовы мусон прыносіць халаднаватае сухое кантынент. паветра, летні — цёплае і вільготнае з акіяна. Т-ра паветра ў студз. ад 0°C да 4°C, у жн. каля 25—26 °C. Ападкаў ад 800 мм на У і ў цэнтры да 1400 мм на Пд і З; 70% ападкаў выпадае ў ліп.—верасні. Летам (чэрв.—вер.) бываюць тайфуны. Рэкі горныя, выкарыстоўваюцца для буд-ваГЭС і арашэння; найб. з іх Кымган, Нактанган, Ханган. Лясы займаюць каля 7 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць таполя, некалькі відаў хвоі і вярбы, піхта, граб, ціс. На Пд субтрапічныя лясы з бамбукам. Жывёльны свет (горны мядзведзь, плямісты алень і інш.) захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай і морапрадуктамі. Нац. паркі — Ханро, Чырысан, Сараксан і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна хрысціяне (48,6%, католікі, англікане і інш.) і будысты (47,4%), ёсць канфуцыянцы і інш. Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. 463 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы на З і Пд (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 80% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., з прыгарадамі, 1997): Сеул — 11 609, Пусан — 4038, Тэгу — 2432; у гарадах Інчхон, Кванджу і Тэджон больш за 1 млн.ж. У прам-сці занята 27% працаздольнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы, марскіх промыслах — 21%, у транспарце, сувязі і буд-ве — 9%, у гандлі і паслугах — 21%.
Гісторыя. Рэспубліка Карэя абвешчана 15.8.1948. На працягу наступных 40 гадоў у краіне захоўваўся дыктатарскі рэжым. Прэзідэнт Лі Сын Ман (з 1948, скінуты ў крас. 1960) устанавіў цесныя сувязі з ЗША (дагавор 1948 аб эканам. дапамозе і дагавор 1950 аб ваен. дапамозе). Пасля заканчэння Карэйскай вайны 1950—53 РК заключыла з ЗША дагавор аб узаемнай абароне (1953), паводле якога на яе тэр. размешчаны амер. базы. У выніку ваен. перавароту 1961 да ўлады прыйшоў ген. Пак Чжон Хі (прэзідэнт з 1961, з 1972 — пажыццёва), які напачатку праводзіў рэпрэсіўную палітыку, але пазней распачаў працэс пэўнай лібералізацыі эканам. і паліт. жыцця. На рэферэндуме 1972 прынята новая канстытуцыя; у гэтым жа годзе пачаліся перагаворы з Паўн. Карэяй па пытанні аб’яднання краіны. У 1974—79 у РК адбыліся масавыя дэманстрацыі супраць ваен. дыктатуры. Пасля забойства Пак Чжон Хі (1979) да ўлады прыйшоў ген.Чон Ду Хван (з 1980 прэзідэнт), які працягваў рэформы свайго папярэдніка і паступова змякчаў паліцэйскі рэжым. Яго пераемнік ген.Ро Дэ У (прэзідэнт з 1988) яшчэ больш спрыяў лібералізацыі паліт. жыцця. У 1988 увайшла ў дзеянне дэмакр. канстытуцыя (прынята на рэферэндуме), адбыліся свабодныя парламенцкія выбары. У 1990 РК устанавіла дыпламат. адносіны з СССР і інш. краінамі сацыяліст. блока. У снеж. 1991 абедзве карэйскія дзяржавы заключылі мірны дагавор, скасаваны РК у лют. 1992 з-за супрацьдзеяння Паўн. Карэі міжнар. кантролю за яе ядз. аб’ектамі. У 1992 адбыліся дэмакр. парламенцкія і прэзідэнцкія выбары; прэзідэнтам краіны стаў Кім Ен Сам — першы цывільны палітык, які выступае з антыаўтарытарных пазіцый.
У краіне існуе шматпарт. сістэма; найб. ўплыў маюць Партыя новай Карэі, Дэмакр. партыя, Аб’яднаная нар. партыя. РК — чл.ААН (з 1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. РК — індустрыяльна-агр.краіна. Яна займае адно з вядучых месцаў сярод т.зв. «азіяцкіх тыграў» — новых індустр. краін. Тэмпы росту былі максімальныя ў 1980-я г. і дасягалі 10% за год. Характэрны экспартны кірунак эканомікі. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 591 млрд.дол. (каля 13 тыс.дол. на 1 чал.). Прамысловасць працуе пераважна на імпартнай сыравіне, дае каля 45% нац. даходу. Здабыча каменнага вугалю меншае з-за вычарпання запасаў; у 1980 здабыта 18,6 млн.т, у 1994—7,4 млн.т. Здабываюць таксама руды вальфраму (каля 1 млн.т штогод), золата (каля 10 т), серабро (каля 215 т), буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, каалін, каменную соль, графіт. Энергетыка заснавана на выкарыстанні мясц. вугалю, імпартаваных нафты і ядз. паліва (6 АЭС даюць палавіну электраэнергіі краіны). Вытв-сць электраэнергіі 186 млрд.кВт∙гадз (1995). Вытв-сць чыгуну 22,6 млн.т, сталі 36,6 млн.т (1995). Выпускаюцца розныя гатункі сталі (8-е месца ў свеце), трубы, рэйкі і інш. Металургічны комплекс у г. Пхахан — 2-і па магутнасці ў свеце. У 1995 атрымана (тыс.т): вальфраму 4,7, медзі рафінаванай 233, свінцу 102, цынку 270. РК займае адно з першых месцаў у свеце па вытв-сці сталі, суднаў, аўтамабіляў, выпуску электронікі і электратэхнікі. Вядуцца распрацоўкі ў галіне аэракасм. прам-сці, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, лазераў, кампазіцыйных матэрыялаў і інш. Машынабудаванне дае каля 27% аб’ёму прам-сці і 40% экспарту. Цяжкае машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці металаапр. станкоў, канвеернага абсталявання, хім. машынабудавання, машын для апрацоўкі гумы і пластмас, экскаватараў, мех. прэсаў. Самыя значныя прадпрыемствы аўтамабілебудавання належаць фін.-прамысл. групоўкам «Хёндэ», «Дэу», «Кія» і інш. У 1995 выпушчана 1756 тыс. легкавых, 491 тыс. грузавых машын і аўтобусаў; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Чханджу. РК належыць 2-е месца ў свеце па валавым выпуску электроннай прадукцыі, 3-е — па выпуску паўправаднікоў. У краіне вырабляецца каля 40% сусв. вытв-сці быт. электронных вырабаў. У 1995 выпушчана 15 956 тыс. тэлевізараў, 3585 тыс. халадзільнікаў і маразільнікаў. Выпускаюцца таксама тэлефонныя апараты, відэамагнітафоны, мікрахвалевыя печы, камп’ютэры, кінакамеры і інш.; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Інчхон. Суднабудаванне спецыялізуецца на буд-ве кантэйнеравозаў, суднаў для перавозкі звадкаванага газу і рыбалоўных, марскіх буравых платформаў; найбуйнейшыя верфі ў Пусане, Інчхоне, Ульсане, Масане. У 1995 пабудавана суднаў агульнай грузападымальнасцю 6,2 млн. брута рэг. т. Па вытв-сці хім. прадукцыі (штучныя ўгнаенні, пестыцыды, гумавыя вырабы, аўтапакрышкі — 53,5 млн. ў 1995, лакі, фарбы і інш.) краіна займае 10-е месца ў свеце. У 1994 атрымана сінт. і штучных валокнаў 1,7 млн.т, пластмас 6,6 млн.т, сінт. каўчуку 340 тыс.т. Буйныя нафтаперапр. з-ды ў Пусане, Ульсане, Інчхоне. Развіты фармацэўтычная, парфумерная, дрэваапр.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, цэменту (56,1 млн.т, 1995), жалезабетонных вырабаў, цэглы, шкла і інш. Лёгкая прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці баваўняных (480 млн.м², 1995) і сінт. тканін, трыкат. і швейных вырабаў, абутку. Развіта вытв-сць цацак, галантарэйна-прыкладных тавараў, біжутэрыі, канцылярскіх вырабаў. Харч.прам-сць забяспечвае ўнутр. патрэбы краіны. Вылучаюцца рысаачышчальная, мукамольная, хлебапякарная, алейная, тытунёвая і рыбаперапрацоўчая галіны. Сельская гаспадарка дае каля 9% нац. даходу. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2,3 млн.га. Арашаецца 1353 тыс.га (1995). Збіраюць 2—3 ураджаі за год. Вядучая галіна — раслінаводства, спецыялізуецца на вытв-сці збожжавых культур. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 1055 тыс.га, збор 6519 тыс.т, 1995); вырошчваюць ячмень, пшаніцу, проса, сорга, кукурузу, бабовыя (пераважна сою), агародніну (батат, бульба, агуркі, памідоры, капуста), тэхн. культуры (бавоўна, тытунь, каноплі, рамі). Садоўніцтва і шаўкаводства. Культывуюць плантацыйны жэньшэнь. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы 3,5 млн., свіней 6,95 млн. галоў (1996). Прамысл. птушкагадоўля. Улоў рыбы 2,7 млн.т (1994). Збор морапрадуктаў, марыкультура. Развіты чыг. і аўтамаб.транспарт. Даўж. чыгунак 3,1 тыс.км, аўтадарог 61,3 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 51,9 тыс.км. У знешніх сувязях гал. роля належыць марскому і авіяц. транспарту. У краіне 16 марскіх партоў, галоўныя — Інчхон, Пусан, Ульсан, Масан. Марскі гандл. флот грузападымальнасцю 6,1 млн.т. 105 аэрапортаў і аэрадромаў. У 1995 экспарт склаў 125 млрд.дол., імпарт — 135 млрд. долараў. 95% экспарту прыпадае на прамысл. прадукцыю (судны, аўтамабілі, электроніка, выліч. тэхніка, тэлевізары, магнітафоны, хімікаты, тэкстыль, абутак і інш.). У імпарце значную долю складаюць сыравінныя прадукты (нафта, руды металаў, збожжа), а таксама машыны, трансп. сродкі і інш.Гал.гандл. партнёры: ЗША (19% экспарту, 23% імпарту), Японія (адпаведна 14 і 24%), краіны ЕС (адпаведна 13 і 13%), Кітай, краіны Паўд.-Усх. Азіі. Штогод РК наведвае каля 3,5 млн. замежных турыстаў, даход ад турызму 3,5—4 млрд. долараў. Грашовая адзінка — вона Рэспублікі Карэя.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 672 тыс.чал., рэзерву 4,5 млн.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 560 тыс.чал., на ўзбраенні 2130 танкаў, 2460 баявых браніраваных машын, больш за 3,5 тыс.артыл. гармат, 6 тыс. мінамётаў, больш за 700 пераносных зенітных ракетных комплексаў, 600 установак зенітнай артылерыі, 500 верталётаў і інш. У ВПС 52 тыс.чал., 461 баявы самалёт. У ВМС 60 тыс.чал. (з іх 25 тыс. у марской пяхоце), 6 падводных лодак, 61 баявы карабель (з іх 33 фрэгаты і 17 дэсантных), больш за 100 катэраў, 23 баявыя самалёты і 47 баявых верталётаў марской авіяцыі.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 244 чал., урачамі — 1 на 817 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,1%. Дзіцячая смяротнасць — 8 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (пераважна прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Сістэмай навуч. устаноў кіруе Мін-ва адукацыі. Паводле закону аб адукацыі 1949 у краіне ўстаноўлена 12-гадовая школьная сістэма. Існуюць дзярж., муніцыпальныя і прыватныя школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая, у яе прымаюцца дзеці ва ўзросце 6 гадоў. Пэўную частку выдаткаў на адукацыю ў пач. школе аплачваюць бацькі. Пасля пач. школы кошт навучання павялічваецца, аднак каля 75% дзяцей ва ўзросце 12—17 гадоў вучацца ў школе. Сярэдняя школа 6-гадовая, уключае няпоўную (прамежкавую) 3-гадовую школу і поўную (старшую) 3-гадовую. Прафес. адукацыю на базе пач. або няпоўнай сярэдняй школы даюць прафес. вучылішчы (тэрмін навучання 1—3 гады), на базе поўнай сярэдняй школы — 3-гадовыя прафес. каледжы (даюць сярэднюю адукацыю і права навучання ў ВНУ). Больш за 1 млн. студэнтаў вучацца ва ун-тах, каледжах, малодшых каледжах (1994). Больш палавіны ВНУ прыватныя, навучанне платнае. Буйнейшыя ун-ты: Нац.дзярж.ун-т (з 1946), ун-т «Ёнсе» (з 1885), Карэйскі ун-т (з 1905) — усе ў Сеуле, Нац.ун-т (з 1946) у Пусане, ун-т «Ёнам» у Тэгу і інш. Буйнейшыя б-кі і музеі РК у Сеуле: Нац.цэнтр.б-ка, б-каНац.дзярж. ун-та; нац. музей і Маст. галерэя палаца Кёнбакун (з 1916). Н-д. ўстановы сканцэнтраваны пераважна пры ун-тах: пры Нац. ун-це ў Пусане Ін-т даследаванняў крыві (з 1964), Ін-т тэхналогіі (з 1965); пры ун-це «Ёнам» даследчыя цэнтры. Найвышэйшая навук. ўстанова і каардынацыйны навук. цэнтр — Нац.АН у Сеуле (з 1954, створана на ўзор Нац.АН ЗША). У межах акадэміі дзейнічае савет па навук. даследаваннях, які плануе і каардынуе даследчую дзейнасць. Акрамя акадэміі працуе 10 буйных н.-д. цэнтраў і ін-таў. У 1958 у РК створана Упраўленне па атамнай энергіі.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца каля 70 штодзённых газет, агульным тыражом каля 13 млн.экз. (1997). Найб. тыраж маюць штодзённыя незалежныя газеты на карэйскай мове «Часон ільбо» («Газета Карэі», з 1920) і «Хангук ільбо» («Карэйская газета», з 1954, абедзве ў Сеуле). На англ. мове выходзяць газ. «The Korea Herald» («Карэйскі веснік») і «The Korea Times» («Карэйскі час»). Інфарм. агенцтвы: Ёнхап Ньюс Эйджэнсі (афіц., з 1980) і Рыён Хап (з 1981). Радыёвяшчанне з 1926, падпарадкавана дзяржаве. Дзейнічаюць прыватныя і канфесійныя радыёстанцыі. Найбуйнейшыя: Крысчыян бродкастынг сістэм, Кыктон бродкастынг сістэм, Асія бродкастынг сістэм (трансляцыя на краіны Д. Усходу). Тэлебачанне з 1961. Буйнейшыя карпарацыі радыё- і тэлевяшчання; Карыян бродкастынг сістэм і Мунхва бродкастынг карпарэйшэн. Дзейнічаюць сеткі радыё- і тэлестанцый амер.узбр. сіл.
Літаратура. У першыя гады пасля выгнання яп. каланізатараў у л-ры РК распрацоўваліся тэмы аб’яднання і незалежнасці краіны (паэзія Лі Хаюна, Кім Гвансопа і інш). З канца 1940-х г.л-ра развівалася пад моцным уплывам зах.-еўрап. плыней. Проза старэйшага пакалення пісьменнікаў прадаўжала традыцыі натуралізму і дэкадэнцкай л-ры (Ём Сансоп, Чу Ёсоп, Лі Муён). У 1950-я г. выступіла новае пакаленне празаікаў, якія знаходзіліся пад моцным уплывам экзістэнцыялізму, канцэпцыі «новай крытыкі», тэорыі антырамана. Пераважалі тэмы вайны, абсурду і адзіноты (проза Кім Санхана, Чан Ёнхака, Сону Хві, паэзія Кім Гірына, Чо Бёнхва). Містыцызм і пошукі спецыфікі «ўсходняга стылю» характэрныя для твораў Лі Данджы і Лі Хёнгі. У 1970-я г. развівалася т.зв.л-ра ўдзелу з крытыкай паўн.-кар. рэчаіснасці (проза Кім Санхана, паэзія Кім Джыха). У сучаснай л-ры пануюць эксперыменталісцкія кірункі, робяцца спробы адраджэння традыц. вершаваных прыёмаў.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. У 1950—80-х г. грамадскія будынкі ўзводзілі пераважна ў формах зах.-еўрап. стыляў, у т. л. функцыяналізму (авіякампанія «Карыя эр лайнс» у Сеуле, 1969). Некат. пабудовы спалучаюць элементы нац. дойлідства (дахі з крыху загнутымі ўверх канцамі, разны дэкор) з новымі канстр. вырашэннямі (цэнтр відовішчаў «Уокер-Хіл» каля Сеула, Гал. Алімпійскі стадыён спарт. комплексу ў Сеуле). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах. У выяўл. мастацтве 1950—80-х г. суіснуе мноства плыней. Рэаліст. кірунак еўрап. тыпу прадстаўляюць жывапісцы Кім Інсын, Лі Джунсоп. Уплыў еўрап. мадэрнісцкіх плыней уласцівы жывапісцам Кім Хвангі, Нам Гвану, скульпт. Кім Ёнхаку, Чон Санбому. У нац. традыцыях працуюць жывапісец Хо Бэнён, скульпт. Кім Гёнсын і інш. Прыёмы нац. і еўрап. жывапісу спалучаюцца ў творчасці Кім Гіўхана, Пак Нэхёна. Захоўваюцца традыцыі вытв-сці вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка. Муз. жыццё РК развіваецца пад моцным уплывам муз. культуры ЗША. Працуюць сімф. аркестры, у рэпертуары т-раў творы зах.-еўрап. опернай класікі. У 1970—80-я г. пашырыліся формы поп-музыкі. Сярод кампазітараў — Юн Ісан, Кім Сехён, Лі Хынёль, Кім Сунэ, музыказнаўцаў — Сон Бансон, Лі Хёпо, спевакоў у традыц. стылі — Чу Ванлі, Ан Пічхві, Кім Аксім, музыкантаў — Хан Танір (фп.), Ян Укхім (скрыпка), Хван Б’ёнкі, Сен Кымрэн, Сін Кведон (каягым), Сон Кёлі (тэгым). Працуюць Нац. оперная трупа і шэраг прыватных оперных труп, хар. калектывы «Пхадо», «Тэхан» і інш., імператарскі аркестр нац. інструментаў, Седжонаўскі культ. цэнтр (канцэртная зала з арганам), Нац.ін-т класічнай музыкі ў Сеуле, Нац.АМ, Асацыяцыя музыкантаў К., Кар.нац.муз. асацыяцыя, Т-ва сучаснай музыкі, Кар. музыказнаўчае муз.т-ва. Кансерваторыя ў Сеуле, муз. каледжы.
Тэатр. У 1945 створаны Карэйскі і Сеульскі маст. т-ры, Вольны т-р, у 1948 — Нац.т-р сучаснай драмы, якія ў хуткім часе былі закрыты. У 1950-я г.тэатр. мастацтва сутыкнулася з канкурэнцыяй кінематографа. У 1960—70-я г. працавалі т-ры «Мінджун», «Тан’ян», Эксперым.т-р, невял. тэатр. трупы. Для тэатр. мастацтва 1970—80-х г. характэрны ўплыў мадэрнізму і адраджэнне традыц.тэатр. форм. Працуюць Ін-т драмы, Дзярж. і Малы т-ры, існуюць невял. мабільныя тэатр. трупы. Акрамя п’ес кар. аўтараў шырока ставіцца зах.-еўрап. драматургія. Некат. тэатр. калектывы ставяць п’есы на англ. і франц. мовах.
Кіно. Тэматыка фільмаў канца 1940-х г. — вызваленне ад яп. прыгнёту. Для 1950—60-х г. характэрна сац.-паліт. скіраванасць: «Жахлівая ноч» (1953), «Лішні чалавек» (1965). Сярод кінадзеячаў: Сін Сарок, Ю Хёнмок, Юн Банчхун, Лі Гюхван, Сін Ёнгюя, Хан Хёнмо і інш.Дзярж. палітыку ў галіне кінематаграфіі праводзіць Мін-ва культуры і інфармацыі. У краіне дзейнічаюць 79 кампаній-дыстрыб’ютэраў кіна- і відэафільмаў. У пракаце пераважаюць амер. і ганконгскія фільмы. З пач. 1990-х г. урад РК значна павялічыў адм. і фін. дапамогу кінавытворцам, здымалася каля 30 фільмаў у год. Самым касавым у 1990—91 быў фільм рэж. Ім Квантака «Сын генерала». Самая буйная кампанія па выпуску кінафільмаў у краіне — «Моўшэн Пікчэр Прамоўшэн Карпарэйшэн», сярод інш. кінакампаній «Хань Цзын» і «Тае Хунг». Сярод сучасных рэжысёраў: Ім Квантак («Сапаіаджэ»), Ён Цзыян («Намбуган»), Іон Сам’ёк («Я выжыву»), Чанг Сунву («Хваом каунг»), Баек Ілаенг («У трывожны час»), Кім Уйсук («Шлюбная гісторыя», «Жанчына і мужчына»), Створаны асацыяцыі кінадыстрыб’ютэраў, кінапрадзюсераў, Федэрацыя ўладальнікаў кінатэатраў. Гал.нац. ўзнагарода ў галіне кінамастацтва «Вялікі звон» прысуджаецца штогод Асацыяцыяй кінапрадзюсераў.
Герб і сцяг Карэі (Рэспубліка Карэя).Да арт.Карэя Паўднёвая. Марское ўзбярэжжа каля горада Пусан.Да арт.Карэя Паўднёвая. Рака Ханган у цэнтры горада Сеул.Да арт.Карэя Паўднёвая. Панарама Сеула.Да арт.Карэя Паўднёвая. Галоўны Алімпійскі стадыён спартыўнага комплексу ў Сеуле.Да арт.Карэя Паўднёвая. Сялянскі танец «Нанак».Да арт.Карэя Паўночная. Порт Начжын на ўзбярэжжы Японскага мора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́НІЯ (Slovenija),
Рэспубліка Славенія (Republika Slovenija), дзяржава на Пдцэнтр.ч. Еўропы, на ПнЗ Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Аўстрыяй, на У з Венгрыяй, на Пд і ПдУ з Харватыяй, на З з Італіяй і абмываецца Трыесцкім зал. Адрыятычнага мора. Пл. 20,3 тыс.км². Нас. 1927, 6 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — славенская. Сталіца — г.Любляна. Падзяляецца на 62 раёны. Нац. свята — Дзень дзяржаўнасці (25 чэрв.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Парламент — Дзяржаўны сход з 90 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 4 гады. Дзяржаўны савет (у ім 40 дэпутатаў, выбіраюцца на 5 гадоў і прадстаўляюць сац., эканам., прафес. і мясц. інтарэсы) — дарадчы орган, карыстаецца правам адкладальнага вета. Вышэйшая выканаўчая ўлада належыць ураду, які самастойны ў межах сваёй кампетэнцыі і падсправаздачны Дзярж. сходу.
Прырода. С. — пераважна горная краіна. На ПнЗ і Пн хрыбты Альпаў (усх.ч.), у т. л. Юлійскія Альпы з г. Трыглаў (2863 м). На Пдпаўн. ўскраіна Дынарскага нагор’я, у т. л. вапняковае плато Карст. Нізінныя і раўнінныя ўчасткі на З, каля ўзбярэжжа Адрыятычнага м. і на У. Ёсць радовішчы свінцова-цынкавых і медных руд, бурага вугалю і інш. Клімат на большай ч.тэр. ўмерана-кантынентальны. У міжгорных далінах т-растудз. ад 0 °C да -2 °C, ліп. 18—19 °C. На ўзбярэжжы клімат субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў 800—1200 мм за год, у гарах месцамі больш за 2000 мм. Асн. рэкі — Сава і Драва (бас. Дуная). Горныя ледавіковыя і карставыя азёры. Горныя букавыя, дубовыя і хвойныя лясы займаюць каля 55% тэр., ёсць участкі са стэпавай расліннасцю (плато Карст), горныя лугі, на ўзбярэжжы міжземнаморскія хмызнякі. Жывёльны свет больш захаваўся ў гарах, там трапляюцца мядзведзі, рысі, дзікі, ваўкі, алені, серны і дзікія козы. Ёсць запаведнікі і заказнікі. Пячоры Скочыян уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць славенцы. Жывуць таксама харваты (3%), сербы (2%), баснійцы-мусульмане, венгры, італьянцы і інш. Вернікі ў асн. католікі (больш за 70%), ёсць лютэране, уніяты, мусульмане. Сярэдняя шчыльн. каля 95 чал. на 1 км², на раўнінах і ў міжгорных далінах дасягае 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10—20 чал. на 1 км². У гарадах жыве 52% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Любляна — 330, Марыбар — 103,5, Цэле — каля 50. У прам-сці і буд-ве занята каля 45% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 20%, у абслуговых галінах — 35%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. С. насялялі ілірыйцы. У 1 ст.н.э. яе каланізавалі рымляне (значна раманізавана). З 6 ст. заселена славянамі (славенцамі). У 7 ст. яны ўтварылі княства Карантанія, якое напачатку ўваходзіла ў дзяржаву Сама, потым падпарадкоўвалася Баварыі (з 740—745) і Франкскай дзяржаве (з 788). Тут узніклі паселішчы ням. каланістаў (у Зах. С), у 11—13 ст. утварыліся княствы Карынтыя, Штырыя, Крайна, Горыца, Істрыя. З 1282 яны пад уладай аўстр. Габсбургаў (канчаткова з пач. 16 ст.), тэр. ядром С. з 1394 было герцагства Крайна. У час напалеонаўскіх войнаў большая ч. С. ўваходзіла ў Ілірыйскія правінцыі (1809—14) Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 славенскія землі зноў трапілі пад уладу Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). Пасля 1-й сусв. вайны і распаду Аўстра-Венгрыі тэр. С. 1.12.1918 увайшла ў новастворанае Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну землі С. акупіраваны ў ходзе Балканскай кампаніі 1941 і падзелены паміж Германіяй, Італіяй і Венгрыяй. Да 15.5.1945 яны вызвалены Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. Пасля абвяшчэння Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (29.11.1945) С. ўвайшла ў яе склад як адна з 6 рэспублік (з 1963 у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі). Уз’яднанню тэр. С. пасля 2-й сусв. вайны садзейнічалі Парыжскія мірныя дагаворы 1947. С. ўносіла значны ўклад у агульнаюгасл. эканоміку. На мяжы 1980—90-х г. улады С., як і суседняй Харватыі, сталі ініцыятарамі выхаду сваіх рэспублік са складу югасл. федэрацыі і тым самым распаду Югаславіі. Напачатку Саюз камуністаў С. (СКС) на чале з М.Кучанам прапаноўваў пераўтварыць Саюз камуністаў Югаславіі (СКЮ) у саюз самаст.рэсп. арг-цый, а югасл. федэрацыю — у канфедэрацыю незалежных рэспублік. Потым Кучан узначаліў працэс супраціўлення С. югасл. федэральным уладам («раздружэнне»).
У сак. 1990 Сацыяліст. Рэспубліка С. перайменавана ў Рэспубліку С. У крас. 1990 у краіне адбыліся першыя свабодныя парламенцкія выбары, на якіх перамог саюз 7 партый «Дэмас»; прэзідэнтам С. выбраны Кучан (перавыбраны ў 1992 і 1997). 2.7.1990 парламент прыняў «Дэкларацыю аб суверэнітэце дзяржавы Славенія». На плебісцыце (праведзены 23.12.1990) 88,2% выбаршчыкаў выказаліся за дзярж. незалежнасць С. 25.6.1991 парламент прыняў акт аб незалежнасці С. (абвешчаны 26.6.1991 адначасова з Харватыяй). Паміж 27.6 і 7.7.1991 адбыліся сутыкненні паміж уведзенымі ў С. часцямі югасл. федэральнай арміі і славенскімі ўзбр. атрадамі («малая вайна»). Пры пасрэдніцтве Еўрап. супольнасцей (ЕС) і процістаянні з Харватыяй югасл. ўрад спыніў узбр. канфлікт і 29.7.1991 вывеў свае войскі з тэр. С., і яна стала незалежнай дзяржавай дэ-факта. Незалежнасць С. першымі прызналі ФРГ (26.12.1991), краіны ЕС (15.1.1992), Расія (14.2.1992). 22.5.1992 С. прынята ў ААН. 13.8.1992 дзярж. суверэнітэт С. прызнаў і югасл. ўрад (двухбаковыя дыпламат. адносіны ўстаноўлены 30.11.1995) У С. разгарнуліся паліт. і сац.-эканам. пераўтварэнні. 23.12.1991 прынята канстытуцыя, паводле якой С. стала парламенцкай рэспублікай. Найб. уплывовай паліт. сілай стала ў 1992 Ліберальна-дэмакр. партыя (зноў пасля выбараў 1996), лідэр якой Я.Дрноўшак стаў прэм’ер-міністрам С. У 1994 С далучылася да праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру». У 1995 парафіравана пагадненне аб асацыіраваным партнёрстве С. і Еўрап. Саюза. За гады незалежнасці С. дасягнула пэўных эканам. поспехаў, пераважна за кошт унутр. рэсурсаў. Урад краіны стымуляваў развіццё малых і сярэдніх прадпрыемстваў, заахвочваў вытв-сць на экспарт. Праведзена рэформа цэнаўтварэння і эканам. лібералізацыя ў цэлым, уведзена нац. валюта (толар). С. — чл. Савета Еўропы (з 1993). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 23.7.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Найб. уплывовымі паліт. партыямі краіны з’яўляюцца: Ліберальна-дэмакр. партыя С., Славенская нар. партыя, С.-д. партыя С., Славенскія хрысц. дэмакраты, Аб’яднаны спіс сацыял-дэмакратаў, Дэмакр. партыя пенсіянераў, Славенская нац. партыя і інш.
Гаспадарка. С. — індустр.-агр.краіна, па ўзроўні эканам. развіцця блізкая да найб. развітых краін Зах. Еўропы. Нягледзячы на эканам. спад пасля распаду Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі, нармалізавалася сітуацыя ў нар. гаспадарцы, праведзена прыватызацыя. Краіна атрымлівае штогод 1,8—2 млрд.дол. замежных інвестыцый (пераважна з Германіі, Аўстрыі, Францыі). Валавы ўнутр. прадукт у 1998 склаў 20,4 млрд.дол. (каля 10 300 дол. на 1 чал.), 35% яго атрымліваюць у прам-сці, 5% — у сельскай гаспадарцы, 60% — у сферы паслуг. У горнай прам-сці найб. значэнне мае здабыча бурага вугалю (4,6 млн.т у 1999, асн. радовішчы на Пд), свінцовых і цынкавых руд, буд. матэрыялаў. Энергетыка заснавана на выкарыстанні гідрарэсурсаў (175 ГЭС на горных рэках, у т. л. каскады ГЭС на рэках Драва, Сава, Соча), бурага вугалю і імпартнай нафты (68 ЦЭС). Працуе АЭС у Кршко (штогод выпрацоўвае каля 4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі). У 1999 выпрацавана 13,1 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Шматгаліновая апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная (у 1999 чыгуну, сталі, ферасплаваў атрымана 947 тыс.т, асн. цэнтр г. Есеніцы) і каляровая (вытв-сць свінцу, цынку, алюмінію, гарады Межыца і Кідрычава) металургія, хім. (вытв-сць мыйных сродкаў, лакафарбавых вырабаў, пластмас, пестыцыдаў і мінер. угнаенняў) і фармацэўтычная прам-сць. Развіта машынабудаванне, асабліва с.-г., электратэхн., трактара- і аўтамабілебудаванне, цяжкае машынабудаванне і інш. Аўтамабілі (118,9 тыс., 1999) выпускаюць філіялы ням. і франц. кампаній. Эл.-тэхн. прадпрыемствы выпускаюць разнастайную прадукцыю быт. (халадзільнікі, маразільнікі, пральныя машыны і інш.) і прамысл. прызначэння. Вырабляецца таксама абсталяванне для харч. прам-сці і металург. з-даў. Харч. і лёгкая прам-сць у асн. забяспечвае ўнутр. патрэбы, часткова — знешні рынак. У цэнтр. і ўсх. раёнах развіты мукамольная, маслабойная, мяса- і малочна-кансервавая, цукр.прам-сць. На Адрыятычным узбярэжжы вінаробства, вытв-сць аліўкавага алею, рыбных і фруктовых кансерваў, перапрацоўка імпартнай прадукцыі (кавы, чаю і інш.). Баваўняная, шарсцяная, шаўковая і гарбарна-абутковая прам-сць працуе пераважна на імпартнай сыравіне. Есць вытв-сць штучных валокнаў і скуры. У 1999 атрымана 39,1 млн.м² баваўняных і 4 млн.м²сінт. тканін. Развіты электронная, лясная і дрэваапр., папяровая, паліграф., мэблевая, швейная, шкляная і керамічная, буд. матэрыялаў прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы, выраб сувеніраў і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 680 тыс.га зямлі, у т. л. каля 500 тыс.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, каля 180 тыс.га пад пашай і лугамі. Збожжавыя культуры займаюць каля 90 тыс.га, тэхн. — 15 тыс.га, збожжа на фураж —49 тыс.га, кармавыя травы — 292 тыс.га, пад садамі і вінаграднікамі —31 тыс.га. У 1999 сабрана 117,2 тыс.т пшаніцы, 309 тыс.т кукурузы. У жывёлагадоўлі (2000) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы (453 тыс. галоў) і свінагадоўля (592 тыс. галоў). У гарах і на плато Карст гадоўля авечак і коз. Птушкагадоўля (8,55 млн. курэй, 2000). У 1999 атрымана 247 тыс.т мяса (128,6 кг на душу насельніцтва), 620 тыс.т малака (323 л на душу). Марское і рачное рыбалоўства. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. У 1999 у С. было 20,1 тыс.км аўтадарог, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 16,3 тыс.км (619 км дарог міжнар. класа); 1201 км чыгункі. У краіне 657 тыс. легкавых, 37 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў (2000). Развіты авіяц. транспарт, каля г. Любляна — міжнар. аэрапорт. Гал. марскі порт Копер. Выкарыстоўваюцца таксама парты Трыест (Італія) і Рыека (Харватыя). У 1999 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт 10,1 млрд.дол. У экспарце пераважае прадукцыя машынабудавання і тэкст. прам-сці (разам больш за 70% кошту), хім. (8%) і с.-г. (5%) прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, сыравіна і паліва. Гал.гандл. партнёры: Германія (29% экспарту, 21% імпарту), Італія (15 і 17% адпаведна), Харватыя, Аўстрыя, Францыя, Расія, ЗША. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Ёсць горнаклімат. і прыморскія курорты. Штогод С. наведвае больш за 1 млн. замежных грамадзян. даход ад замежнага турызму ў 1999 склаў 1,01 млрд.дол. Грашовая адзінка — талар.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (9 тыс. 550 чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя, 4,5 тыс.чал.). Рэзерв —61 тыс.чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву На ўзбраенні 96 танкаў, да 100 баявых браніраваных машын, каля 230 адзінак рэактыўных сістэм залпавага агню, гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 9 пускавых установак зенітных ракет, да 60 гармат зенітнай артылерыі, каля 10 самалётаў-разведчыкаў, 18 лёгкіх трансп. самалётаў, 16 верталётаў, 2 патрульныя катэры.
Ахова здароўя. Агульнадзярж. палітыку ў галіне аховы здароўя ажыццяўляе савет па ахове здароўя. Разам з бясплатным дзярж. лячэннем існуюць страхавая медыцына, прыватныя ўрачы. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72, жанчын 79 гадоў. Узровень нараджальнасці — 9 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост адмоўны: — 0,05%. Дзіцячая смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 177 чал., урачамі — 1 на 866 чал. (1997).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. каля 656 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Dnevnik» («Штодзённік», з 1951), «Večer» («Вечар», з 1952), «Delo» («Праца», з 1959), «Slovenske novice» («Славенскія навіны», з 1991). Інфарм. агенцтва — Славенскае тэлегр. агенцтва (СТА, з 1991). Радыё і тэлебачанне С. ў складзе прадпрыемства «Радыё і тэлебачанне Славенія». Радыёвяшчанне з 1928. Радыёстанцыя «Радыё Славенія» вядзе перадачы па 3 нац. праграмах. У 1996 зарэгістравана 59 радыёстанцый, у т. л. 19 мясц., 2 студэнцкія і камерцыйныя (найб. уплывовыя «Радыё Копер-Кападзістрыя» і «Радыё Марыбар»). Тэлебачанне з 1959 (каляровае з 1974). Цэнтр. студыя тэлебачання «Тэлебачанне Славенія» вядзе перадачы па 2 нац. каналах. Дзейнічаюць 2 рэгіянальныя каналы. З 1998 трансліруюцца праграмы па кабельным тэлебачанні і праз Інтэрнет. З 1999 працуе 41 прыватная камерцыйная, рэгіянальная і лакальная тэлевізійныя станцыі. Вяшчанне на славенскай, венг. і італьян. мовах.
Літаратура. Развіваецца на славенскай мове. Першы літ. твор рэліг. зместу на лацінцы — Фрэйзенгскія фрагменты (10—11 ст.). У 14—15 ст. створаны Ратацкі і Сцічанскі рукапісы, якія ўключалі малітоўныя творы, у т. л. казанні і царк. песні. У 16 ст. пад уплывам пратэстантызму абуджалася нац. свядомасць славенцаў, развівалася літ. мова (біблейскія пераклады П.Трубара, поўны пераклад Бібліі Ю.Далмаціна). Пасля застою ў літ. жыцці на мяжы 18—19 ст. выйшаў першы паэт. альманах «Пісаніцы». Вылучыліся драматургія А.Т.Лінхарта, паэзія В.Водніка, аўтара першай славенскай граматыкі на славенскай мове (1811). Рамант. паэзія 19 ст. прадстаўлена творчасцю Ф.Прашэрна, які спалучыў дасягненні нар. паэзіі з высокім узроўнем літ. мовы. У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі: у прозе — лірычныя і рэаліст. апісанні сял. побыту (Ф.Леўсцік, І.Юрчыч), у паэзіі — вершы І.Стрытара, С.Грэгарчыча, А.Ашкерца. На мяжы 19—20 ст. праявіліся шматлікія плыні і школы, у т. л. мадэрнізм і новы рамантызм з імпрэсіянізмам, дэкадансам, экспрэсіянізмам, сімвалізмам (творы І.Цанкара, О.Жупанчыча, С.Косавела), якія спрыялі ўздыму славенскай л-ры. У 1930-я г.найб. уплывовай плынню быў сац. рэалізм (творчасць Прэжыхава Воранца, Ю.Казака, М.Кранеца, С.Касмача). Л-ра перыяду 2-й сусв. вайны прадстаўлена партыз. лірыкай і драматургіяй М.Бора К.Дзястоўніка-Каюха, прозай Т.Свяціны. У сучаснай прозе традыцый рэалізму прытрымліваецца Б.Зупанчыч, пераемнікам мадэрнізму і новага франц. рамана з’яўляецца Р.Шаліга, да постмадэрнізму схіляецца А.Блатнік. Яскравыя прадстаўнікі жаночай прозы — Б.Баету, М.Новак. У паэзіі пераважаюць інтымнасць, двухсэнсавасць, ірацыяналізм і суб’ектыўнасць (Д.Зайц, Я.Менарт, К.Ковіч, В.Таўфер, С.Макаравіч, Т.Шаламун, Б.А.Новак, А.Дабяляк). У драматургіі значнае месца заняла творчасць Д.Янчара. У перакладзе на бел. мову выдадзены апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975), казкі ў зб. «Югаславянскія казкі» (1999), вершы ў зб-ках «На волю птушку выпускаю» (1989), «На зорных шляхах» (1991), «Знічкі сямі нябёс» (1992), анталогія паэзіі «Маці мая, Славенія» (1976), творы Леўсціка («Марцін Крпан», 1982), Зупанчыча («Памінкі», 1983), Жупанчыча («У вечным дазоры»), Прэжыхава Воранца («Падарункі»), Юрчыча («Як аднойчы казла судзілі: Незвычайная аповесць з даўніх часоў», усе 1986), Прашэрна («Санеты смутку», 1987). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Н Гілевіч, С.Законнікаў, А.Зарыцкі, В.Зуёнак, Р.Люхцікаў, С.Мінскевіч, А.Разанаў, У.Рубанаў, К.Севярынец, Я.Сіпакоў, І.Чарота, Г.Шаранговіч і інш.
Архітэктура. З эпохі бронзы вядомы абкружаныя валамі і равамі паселішчы, некропалі з магіламі на круглых каменных падмурках. Захаваліся ўмацаваныя паселішчы ілірыйцаў, рэшткі паселішчаў кельтаў (Цэле), стараж.-рым. гарадоў (Любляна, Птуй). З 8 ст. будавалі 1-нефавыя хрысц. храмы дараманскага тыпу (падмуркі з неапрацаванага каменю, плоскія драўляныя дахі). У 12—13 ст. панаваў манум. раманскі стыль, будавалі кляштарныя комплексы з 3-нефавымі базілікамі (у Сцічне, 1136—56; Кастаневіцы), 1-нефавыя касцёлы і ратонды (баптыстэрый у Коперы), касцёлы са шматграннай апсідай (у Сподня-Муце), невял. замкі з палацам, капэлай і данжонам (у Хмельніку каля Нова-Места). Гар. паселішчы, што вырасталі на месцы ант. (Любляна, Птуй, Цэле), захоўвалі іх рэгулярную планіроўку. У 13 ст. з’явіліся гатычныя арх. элементы, раслі ўмацаваныя гарады. У цэнтр.ч. С. пераважалі 2-павярховыя дамы з вузкімі фасадамі, на ўзбярэжжы Адрыятыкі — 3-павярховыя палацы з параднымі заламі і стральчатымі аконнымі праёмамі (у Коперы, Піране і інш.). У культавым буд-ве стаў пашыраным тып 3-нефавага касцёла (касцёл Маці Божай у с. Птуйска-Гора каля Птуя); сустракаліся 2-нефавыя зальныя касцёлы з вежай на фасадзе (у Свеці-Прымажы-над-Камнікам, каля 1459—1507) і 1-нефавыя з плоскай столлю і шматграннай скляпеністай апсідай. Саборы вызначаліся строгім вонкавым выглядам, акцэнтаваліся шмат’яруснымі квадратнымі вежамі з шатровым завяршэннем (у Марцьнцы, каля 1392; Солчаве, 1461—85); іх убранне стала больш дэкаратыўным, сеткавыя і зорчатыя скляпенні пакрывалі маляўнічай арнаментацыяй (у Шэнт-Руперце, каля 1482—97). У свецкай архітэктуры 16 ст. з’явіліся рэнесансавыя элементы — балконы, лоджыі, арачныя галерэі, ордэрныя парталы (ратуша і замак у Марыбары; замкі Тур’як і Жужамберк, палац «Старая графовія» ў Цэле). У пач. 17 ст. пашырыўся стыль барока. Формы італьян. і аўстр. дойлідства спалучаліся з мясц. асаблівасцямі. Касцёлы ўзводзілі 1-нефавыя з прадстаўнічым фасадам (касцёл св. Якаба, 1613—15; сабор св. Мікалая, 1700—07; урсулінак, 1718—26, 1744, гал. алтар маст. Ф.Роба, у Любляне), у плане трохвугольныя (у Шмарна-Горы, 1711—12), авальныя (у Паляне, 1720, арх. абодвух Г.Мачак) ці з увагнутым 2-вежавым фасадам (у Сладка-Горы, каля 1750). З 19 ст. ўсталяваўся класіцызм, з’явіліся элементы гістарызму (неагатычная ратуша ў Птуі, неарэнесансавы Нац. музей у Любляне) і стыль мадэрн (творы арх. М.Фабіяні ў Любляне). 1920-я г. адзначаны пошукамі ў стылі нац. неарамантызму з выкарыстаннем сярэдневяковай, рэнесансава-барочнай спадчыны, нар. архітэктуры (б-ка ун-та ў Любляне, арх. І.Плечнік, дзейнасць якога заклала аснову славенскай арх. школы 20 ст.). У 1930-я г. выявілася тэндэнцыя да функцыяналізму (арх. І.Вурнік, В.Шубіц у Любляне, Марыбары). Вял. урбаністычныя праекты канструктывізму рэалізоўваліся з рэгіянальнымі адметнасцямі: выкарыстанне разам з бетонам мясц. парод каменю, цэглы, дрэва, арганічнае ўпісанне архітэктуры ў горны ландшафт, пашырэнне 8-павярховых «кропачных» і вежападобных дамоў «стоўпніц». Пасля 2-й сусв. вайны ўзведзены новыя гарады з выразнай свабоднай планіроўкай, прамысл. раёны, добраўпарадкаваныя жылыя комплексы з грамадскімі цэнтрамі, школамі і інш. Паводле праектаў арх. Фабіяні і Плечніка рэканструяваны плошчы і набярэжныя Любляны. Сярод найб. значных пабудоў 2-й пал. 20 ст.: Нар. скупшчына (арх. В.Гланц), спарт. зала «Цівалі» (арх. М.Божыч), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (арх. Э.Раўнікар) у Любляне, атэль «Рыўера» у Петравіцы (арх. І.Арнаўтавіч), комплекс вакзала і атэля «Славія» ў Марыбары (арх. М.Чэрнігай), работы арх. В.Мушыча, С.Севеча, М.Міхеліча і інш. У 1959 засн. Саюз архітэктараў С.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. выяўлены дробная пластыка эпохі палеаліту, неалітычная кераміка з геам. арнаментам, блізкая да помнікаў Апуліі і Сіцыліі, творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва ілірыйцаў (бронзавыя пасудзіны-сітулы з рэльефнымі культавымі і быт. сцэнамі). Да 4—7 ст. адносяцца маст. вырабы готаў і стараж. славян. У сярэдневякоўі пашыраны рэльефы ў тымпанах, з’явіліся алтары са статуямі і рэльефамі, драўляная скульптура («Божая Маці», 3-я чвэрць 14 ст., царква ў Солчаве). Асобным творам скульптуры 13—14 ст. уласцівы прыальпійскія і паўн.-італьян. ўплывы. Лінейна-плоскасны стыль размалёвак 1-й пал. 14 ст. (у Турнішчы, у Свеці-Янезе на Бохінскім воз.) пад італьян. уплывам змяніўся больш аб’ёмнымі выявамі з наіўнай непасрэднасцю (у Марцьянцы, 1392, майстар Янез Аквіла). Лірызмам, цікавасцю да пейзажу, быт. дэталей, простанар. вобразаў вылучаюцца размалёўкі Янеза Люблянскага ў Вісака (1443) і Муляве (1456). Евангельскія сцэны часта ствараліся ў выглядзе сцэн з сял. жыцця (размалёўкі касцёла ў Црнгробе, 1453, майстар Вольбенк). Рысы Адраджэння праяўляліся ў разных алтарах, рэльефных эпітафіях, найб. у размалёўках касцёлаў у Крыжна-Горы (1502) і Свеці-Прымажы-над-Камнікам (1504 і каля 1520), у якіх спалучаліся жывая характэрнасць вобразаў і шматлікасць быт. дэталей. Пад венецыянскім уплывам у канцы 16 ст. ўзніклі свецкія жанры — партрэт і дэкар. жывапіс. У скульптуры вылучаюцца пластычна-выразныя і дынамічныя работы Ф.Робы, у жывапісе — ілюзіяністычныя размалёўкі і алтарныя карціны Ф.Ялоўшака, партрэты Ф.Берганта. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыранымі сталі вырабы з металу, дрэва, керамікі. У выяўл. мастацтве класіцызм суіснаваў з рамантызмам (творы Ф.Каўчыча, М.Лангуса). У жанрава-партрэтных кампазіцыях І.Томінца рамант. ноты спалучаліся з рысамі бідэрмееру. У канцы 19 ст. ў стылістыцы позняга класіцызму жывапісныя кампазіцыі стваралі А.Ажбе, А.Гангл, І.Заец, А.Карынгер, браты Ю. і Я. Шубіцы, у якіх рысы акадэмізму саступілі месца пленэрным пошукам. У пач. 20 ст. склаўся славенскі імпрэсіянізм (нац. пейзажы часта са сцэнамі сял. працы І.Грохара, М.Стэрнена, М.Ямы, Р.Якапіча). Жывапісцы і графікі І.Ваўпаціч, Х.Смрэкар, Ф.Тратнік у пошуках нац. своеасаблівасці звярталіся да сімволікі і стылізацыі. Цікавасць да сял. жыцця, драм. выразнасць, часам сац.-крытычныя ноты ўласцівы творчасці экспрэсіяністаў Ф. і Т.Краляў, В.Пілана, Тратніка. У 1920—30-я г. побач з экспрэсіянізмам і сюррэалізмам (С.Крэгар) развіваўся т. зв. паэтычны рэалізм: вытанчаныя па каларыце інтымныя і лірычныя жанравыя сцэны, партрэты, пейзажы Б.Якаца, Г.А.Коса, Ф.Міхеліча і інш., якія выкарыстоўвалі прыёмы постімпрэсіянізму. У скульптуры пад уплывам І.Мештравіча неакласічная манументальнасць спалучалася з дэкар. стылізацыяй. З 1950-х г. мастакі звяртаюцца да фармальна-фактурных і колеравых пошукаў: жывапіс і графіка Я.Берніка, Г.Ступіцы, скульптура Я.Савіншака, С.Ціхеца. Нац.рэаліст. і гуманіст. традыцыі развівалі Кос, Міхеліч, Якац, Л.Далінар. Развіваецца манум. мастацтва (мазаікі М.Прэгеля, вітражы Крэгара), маст. канструяванне.
Музыка. Муз. фальклор С. падзяляецца на прыморска-істарскі, альпійскі і меджымурскі (усх.ч.). Бытуюць лірычныя, жартаўлівыя, шлюбныя песні, стараж. балады. Нар. песні і танцы маюць агульныя рысы з ням.-аўстр. і венг.нар. музыкай. У альпійскіх, прыморскіх і ўсх. рэгіёнах пашыраны шматгалосыя спевы, у паўд.-ўсх. — аднагалосыя абрадавыя песні, т.зв. каледы. Нар. музыка дыятанічная, для яе характэрны скачкі на шырокія інтэрвалы, пераменны метр, складаны рытм. Сярод муз. інструментаў пераважаюць духавыя — фрулы, рог, губны гармонік. Прафес. музыка развіваецца з 12—13 ст. Сярод кампазітараў 15—16 ст. Б.Праспергіус, Ю.Слатканя, Я.Галус (царк. і свецкае шматгалоссе). З 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. актывізавалася муз. жыццё ў гарадах. У 1701 Я.Хёфер засн. у Любляне Філарманічную акадэмію (адна са старэйшых у Еўропе, з 1794 — Філарманічнае т-ва). Сярод кампазітараў 18 ст. Я.Зупан (аўтар першай оперы на славенскай мове «Белін», 1780 ці 1782, не паст.), Я.Новак, М.Омерза, Хёфер, Я.Хочавар, М.Чадзеж. Рысы нац. стылю, пераважна ў песенна-харавым жанры, усталяваліся да сярэдзіны 19 ст. (Ю.Флейшман, М.Вілхар, Г. і К. Машакавы). Пры муз. т-ве «Глазбена маціца» ў Любляне (з 1872) засн.муз. школа (1882), хор (1891), сімф. аркестр. У 1892 адкрыты Славенскі т-р (ставіліся нац. оперы і аперэты), пры ім — Славенская опера. У канцы 19—пач. 20 ст.нац.муз. мастацтва развівалі Ф.Гербіч, А.Фёрстэр, у пач. 20 ст. — Г.Крэк, Э.Адаміч, Р.Савін, А.Лаявіц. У 1919 адкрыта Люблянская кансерваторыя (з 1926 Дзярж. кансерваторыя, з 1939 Муз. акадэмія, з 1945 Вышэйшая муз. школа), у 1934 — Ін-т фальклору, у 1935 — Люблянская філармонія. Пачынальнік сучаснай нац. кампазітарскай школы С.Осцерц (прыхільнік зах.-еўрап. музыкі). Да нац. вытокаў звярталіся Б.Арніч (сімф. творы), М.Казіна, Д.Швара, П.Шывіц, М.Ліпаўшак. Пасля 2-й сусв. вайны развіццю муз. культуры С. садзейнічалі: кампазітары І.Петрыч, П.Рамаўш, Швара; дырыжоры Д.Жэбрэ, Б.Лескавіц, С.Хубад, З.Цыгліч; піяністы Ліпаўшак, Шывіц; скрыпач І.Озім; спевакі В.Букавец, Л.Корашац, Ф.Лупша, Р.Францп, Х.Хелцл; музыказнаўцы А.Рыявец, Д.Цветка і інш. Працуюць Ін-т музыказнаўства пры Люблянскім ун-це, Славенская філармонія, сімф. і камерны аркестры, аркестр лёгкай музыкі пры радыё і тэлебачанні, Люблянскі камерны хор, Славенскі актэт, «Актэт Галус» у Любляне і інш. З 1950 дзейнічае Саюз кампазітараў С.
Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні паказаны ў пач. 17 ст. ў Любляне ў гімназіі езуітаў. У 17—18 ст. адбываліся лац. і ням. містэрыі. Першае славенскае прадстаўленне, створанае манахам Ромуальдам, пастаўлена ў 1721. У 1765 у Любляне адкрыўся пастаянны Саслоўны т-р (з 1862 — Дзярж.т-р), у якім у 1789 пастаўлена першая славенская п’еса «Міцка — дачка жупана» А.Лінхарта. У 2-й пал. 19 ст. ствараліся аматарскія гурткі пры славенскіх чытальнях. У 1867 арганізавана Тэатр.т-ва ў Любляне, пры якім працавала драм. школа. Драм. т-вы існавалі таксама ў Трыесце (1902), Марыбары (1909), Цэле (1911), Птуі (1912). У 1892 у Любляне засн. першы прафес. Славенскі нац.т-р, дзе ставілі п’есы класічнай драматургіі і нац. аўтараў (І.Цанкар, Э.Крыстан, Ф.Фінжгар). На яго сцэне працавала першае пакаленне славенскіх акцёраў: І.Борштнік, С.Борштнік-Звонарава, А.Даніла-Цэрар, А.Данілава, Л.Дрэнавац, Х.’Нучыч, М.Скрбіншак. Паміж сусв. войнамі нанава сфарміравана трупа Славенскага нац.т-ра (акцёры М.Вера, М.Данілава, І.Левар, Скрбіншак, рэжысёры Ц.Дзебевец, Б.Гавела, Б.Крэфт, Б.Ступіца, О.Шэст), засн.т-р у Марыбары. У 1945 дзейнасць гэтых т-раў адноўлена, створаны новыя тэатр. калектывы, у т. л. Гарадскі т-р у Любляне. З 1950-х г. ствараліся эксперым. т-ры, якія аддавалі перавагу драме абсурду. У 1970-я г. распачалі дзейнасць шматлікія авангардысцкія калектывы («Глей», «Пекарна» ў Любляне). Існуе больш за 10 прафес. т-раў, працуюць таксама аматарскія калектывы; асн. цэнтры тэатр. жыцця — Любляна, Марыбар, Цэле, Нова-Горыца. Працуюць акцёры П.Бабіч, Ш.Дрольц, Д.Почкай, Р.Роліч, В.Юван; рэжысёры М.Корун, З.Шэдлбаўэр, Д.Іованавіч і інш. З 1945 у Любляне працуюць Акадэмія тэатр. мастацтва, Славенскі тэатр. музей.
Герб і сцяг Славеніі.Да арт.Славенія. Падножжа Юлійскіх Альпаў на ПнЗ краіны.Да арт.Славенія. Горад Марыбар.Да арт.Славенія. Ландшафт паблізу г. Любляна.Да арт.Славенія. Галоўны алтар касцёла урсулінак у Любляне. Мастак Ф.Роба.Да арт.Славенія. Від горада Любляна.Да арт.Славенія. Касцёл урсулінак у Любляне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ступе́нь, ‑і, ж.
1. Гарызантальны выступ лесвіцы, на які ступаюць пры пад’ёме або спуску. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені: Баіцца ён мужычым ботам, Прапахлым дзёгцем, здорам, потам, Тут наслядзіць або напляміць.Колас.// Выступ, уступ на паверхні чаго‑н. Ступень шківа. Ступені пласкагор’я.
2.перан. Этап у развіцці, здзяйсненні чаго‑н. Ступень развіцця прадукцыйных сіл. □ Камунізм — гэта вышэйшая ступень грамадскага развіцця.«Звязда».Ішоў [Васіль Іванавіч] са ступенькі на ступеньку, ад малога да большага, ад непрыкметнага чалавека да выдатнага дзеяча. І кожная ступенька супадала з тымі вялікімі ступенямі, якія праходзіла і ўся краіна.Лынькоў.
3.(зпрыназоўнікамі «у», «да» іазначэннем). Мера праяўлення якой‑н. якасці, дзеяння і пад. У значнай ступені. Да некаторай ступені. □ Усё, што гаварыў Ладынін, было ў нейкай ступені папрокам яму, і .. [Максім] разумеў гэта.Шамякін.[Фрося:] — Не баюся тваіх сабак. Я ўжо цкаваная... Гэта «не баюся» давяло лесніка да самай вышэйшай ступені нечалавечага гневу.Бядуля.
4.(успалучэннізлічэбнікам). Разрад, падраздзяленне ў структуры чаго‑н. Дыплом першай ступені. □ Шаўчук, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, адпушчаны дахаты.Брыль.// Стадыя (пра апёк, абмарожванне). Апёк першай ступені.// Узровень, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., якога дасягнуў хто‑н. Балада «Смерць Маланні» ўзняла паэта на новую ступень глыбокага пранікнення ў псіхалогію савецкага чалавека.«ЛіМ».// Мяжа, граніца чаго‑н. Вісарыён .. прадоўжваў работу ва ўмовах поўнай канспірацыі. Гэта была вышэйшая ступень суровай школы падпольшчыка-бальшавіка.Самуйлёнак.
5. Вучонае званне. Прысудзіць ступень доктара навук. □ [Рыгор:] — І дысертацыю напішу... Толькі такую, каб ніхто не мог мяне ўпікнуць, што я толькі ступень атрымаць імкнуся.Арабей.
6. У музыцы — кожны гук музычнага гукарада, тэмы, ладу.
7. У матэматыцы — здабытак роўных сумножнікаў. Ікс у пятай ступені.
8. Частка састаўной ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным участку траекторыі і аддзяляецца пасля выгарання паліва, што знаходзіцца ў ёй. Нямала панайшло дзяцей, Глядзяць у захапленні: Ракета на вачах расце, Гатовы дзве ступені.Калачынскі.
9.мн.ступе́ні, ‑ей; ж. і ступяні́, ‑ёў; м.Абл. Ступні. Ступені яе [Гертруды] ног былі ўжо спрэс у крыві.Чорны.Вялікія, плоскія сляды сымонавых ступянёў чарнелі на .. [снезе].Кулакоўскі.// След. [Лукаш:] — Во, глядзіце, сляды, — і ён паказаў гаспадыні ступяні ад сваіх жа ног.Лобан.
•••
Вышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая называе якасць, уласцівую гэтаму прадмету ў большай меры, чым іншаму.
Звычайная ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая з’яўляецца зыходнай пры супастаўленні з вышэйшай і найвышэйшай.
Найвышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая абазначае вышэйшую ступень якой‑н. якасці.
Ступені параўнання — формы якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якія выражаюць якасць прадмета безадносна да яго меры (звычайная ступень) або параўнальна большую ці самую высокую меру якасці (вышэйшая і найвышэйшая ступень).
Ступень сваяцтва — від сваяцкіх адносін паміж членамі аднаго роду.
Да такой ступені — настолькі, так.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)