МЯ́ДЗЕЛ,

горад, цэнтр Мядзельскага р-на Мінскай вобл., паміж азёрамі Мястра і Баторын. За 160 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Княгінін на лініі Маладзечна—Полацк, на аўтадарозе Мінск—Нарач. 7,7 тыс. ж. (1998).

Паводле археал. даследаванняў у 11 ст. памежны горад Полацкай зямлі. Да 20 ст. падзяляўся на Стары і Новы М. Стары М. упамінаецца ў 1454 з нагоды буд-ва тут касцёла; уладанне Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабоўскіх, Кошчыцаў, Дваржэцкіх, Козел-Паклеўскіх. У 1500 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 разбураны і разрабаваны. З 1736 мястэчка Віленскага ваяв. У 1754 пабудаваны касцёл і кляштар. У 1762 атрымаў магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1886—254 ж., царква, яўр. малітоўны дом, царк.-прыходская школа, бровар, піваварня, карчма. Новы М. вядомы з 1463. У 1519 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 разбураны. Драўляным мостам злучаўся з каралеўскім замкам на востраве воз. Мястра (гл. Мядзельскі замак). З 1588 уладанне Сапегаў, Бжастоўскага, М.​Аскеркі, Ф.​Праўскага. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. выраблялася Мядзельская кафля. З 1793 у Рас. імперыі, казённае мястэчка. У 1885—713 ж., 95 двароў, цэнтр воласці Вілейскага пав., царква, касцёл, сінагога, капліца, нар. вучылішча, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фельчарскі пункт. З 1921 М. у Польшчы, цэнтр гміны Дунілавіцкага (з 1925 Пастаўскага) пав. Віленскага ваяв., 825 ж., 170 двароў, 2 касцёлы, царква, мячэць, гарбарня, аптэка, млын. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр Мядзельскага раёна Вілейскай вобл. і сельсавета. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 420 чал., 3079 вывезлі на работы ў Германію. Вызвалены 4.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1959 гар. пасёлак, з 1998 горад.

Працуюць хлебазавод, камбінат каап. прам-сці, лясгас, майстэрня па рамонце быт. тэхнікі. Мядзельскі музей народнай славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў і плябанія (18 ст.). Помнікі археалогіі: гарадзішча і селішча, курганны могільнік.

В.​М.​Князева.

т. 11, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́РНБЕРГ (Nürnberg),

горад на ПдУ Германіі, на р. Пегніц, зямля Баварыя. Каля 500 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на канале Майн—Дунай. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-будаванне, у т. л. трансп., станка- і прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае, дакладнае; каляровая металургія, паліграф., дрэваапр., гарбарная, харчовая; вытв-сць алоўкаў і цацак; рамёствы. Метрапалітэн. Акадэміі прыкладной тэхнікі, выяўл. мастацтва. Вышэйшая школа педагогікі. Ф-т эканам. і сац. навук ун-та Эрланген-Нюрнберг. Тэатры. Міжнар. муз. фестывалі (арганны, джазавы). Міжнар. кірмашы.

Упершыню згадваецца ў 1050. У 1200 атрымаў гар. права, з 1219 вольны імперскі горад (да 1806). Адзін з найб. багатых гандл. гарадоў сярэдневяковай Еўропы, месца першых пасяджэнняў герм. рэйхстага. У 1424—1796 і 1938—45 у Н. захоўваліся атрыбуты ўлады герм. імператараў. У 1524—25 у горадзе праводзілася Рэфармацыя. Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48 (у 1632 акупіраваны швед. войскамі). З 1806 у складзе Баварыі. У 19 ст. індустрыялізаваны, развіццё паскорана пабудовай першай у Германіі чыгункі Н. — Фюрт (1835). У 1933—38 у горадзе адбываліся агульнагерм. з’езды Нацыянал-сацыялісцкай партыі. У 2-ю сусв. вайну разбураны больш чым на 50%. Пасля вайны ў гар. Палацы юстыцыі адбыўся Нюрнбергскі працэс над гал. нацысцкімі ваен. злачынцамі.

Цэнтр Н. з вузкімі крывымі вуліцамі. Захаваліся помнікі стараж. дойлідства: замак (пачаты ў 11 ст.) з капліцай 13 ст., фрагменты гар. муроў 14—15 ст., познагатычныя касцёлы Зебальдускірхе (пасля 1240—73, зальны хор — 1361—72) з грабніцай св. Зебальда (1507—19, Фішэры) і скульптурай «Укрыжаванне» (1507—20, Ф.​Штос), Лорэнцкірхе (пасля 1350, хор — 1439—77; скульптура «Дабравешчанне», 1518, Штос), Фраўэнкірхе (1352—61), святых Марты (1360, 1578—1620), Яна (14 ст., на прылеглых могілках надмагіллі А.Дзюрэра і Штоса), Якава (14—16 ст.); жылыя дамы 15—17 ст., у т. л. «Дом Дзюрэра» (цяпер музей), гатычны фантан «Цудоўны калодзеж» (1385—96, скульпт. Г.​Б.​Парлер). Вакол цэнтра — новыя жылыя кварталы з рэгулярнай планіроўкай. У 1950—60-я г. пабудаваны горад-спадарожнік Н. — Лангвасер. Музеі: Германскі нац., рамёстваў, цацак, гар. маст. збораў; дом А.​Дзюрэра.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 11, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ДНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

мастацкая проза пра рэальныя ці выдуманыя падзеі, насычаныя займальнымі калізіямі, нечаканымі паваротамі, матывамі выкраданняў і праследаванняў, раскрыццём таямніц і загадак. Дзеянне адбываецца ў асаблівых умовах; персанажы рэзка падзяляюцца на ліхадзеяў і герояў. П.л. звязана з дэтэктыўнай літаратурай, падарожжам і фантастычнай літаратурай.

Вытокі Пл. ў авантурных творах антычнасці («Метамарфозы» Л.​Апулея) і сярэднявечча («Аповесць пра Трышчана»), Пл. фарміравалася і развівалася ў выніку пераасэнсавання ў эпоху барока рыцарскіх раманаў, з якімі непасрэдна звязана, і пад уплывам рамантызму. У ліку першых узораў П.л. былі «марскія раманы» Дж.​Ф.​Купера (ЗША) і Ф.​Марыета (Вялікабрытанія), гіст.-прыгодніцкія раманы А.​Дзюма-бацькі і сац.-прыгодніцкія Э.​Сю (Францыя). Класічныя ўзоры П.л. — творы Т.​М.​Рыда. Р.​Л.​Стывенсана, Р.​Хагарда (Вялікабрытанія), Ж.​Верна, Л.​А.​Бусенара (Францыя), Дж.​Лондана (ЗША) і інш. У рус. л-ры вядомы прыгодніцкія творы А.​Грына, А.​М.​Талстога, А.​Бяляева, братоў Вайнераў, В.​Каверына, А.​Рыбакова, Ю.​Сямёнава, І.​Яфрэмава, К.​Вільмонт і інш.

На Беларусі элементы П.л. прысутнічаюць у мемуарах С.​Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў...» (1760; у бел. пер. «Авантуры майго жыцця», апубл. ў 1993), змест якіх нагадвае прыгодніцкі раман. Уласна П.л. склалася ў творчасці Я.​Маўра. Яго аповесці «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) развіваюць традыцыі сусв. П.л. Вядомы прыгодніцкія аповесці «Каштанавы «Масквіч» Х.​Жычкі (1959), «Злачынства ля Зялёнай тоні» У.​Краўчанкі (1961), «Пажарніца» («Тайна бункера № 7») У.​Паўлава (1968), «Эрпіды на планеце Зямля» П.​Місько (1987), «Блуканні па іншасвеце» Я.​Сіпакова (1994), «Пастка для пярэваратня» А.​Якімовіча (1997) і інш.

Майстар прыгодніцкай прозы — У.​Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раман «Чорны замак Альшанскі», 1979—80, і інш.). Прыгодніцкі элемент характэрны для асобных твораў Я.​Коласа, З.​Бядулі, М.​Лынькова, Э.​Самуйлёнка, К.​Чорнага, У.​Дубоўкі, С.​Баранавых, Б.​Мікуліча, Р.​Мурашкі, Я.​Нёманскага, І.​Шамякіна, І.​Сяркова. У прыгодніцкім жанры выступаюць А.​Асіпенка, В.​Гігевіч, Л.​Дайнека, Э.​Скобелеў, М.​Чаргінец, У.​Ягоўдзік і інш.

М.​Р.​Міхайлаў.

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЗДЭН (Dresden),

горад на У Германіі, на р. Эльба. Адм. ц. зямлі Саксонія. 519,9 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 600 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл., навук. і культ. цэнтр. Прам-сць: эл.-тэхн. (трансфарматары, халадзільнікі, цеплатэхн. і вакуумнае абсталяванне), радыёэлектронная (асабліва паўправаднікі), прылада-буд., аптычная (вытв-сць кіна- і фотаоптыкі), паліграф., трыкат., швейная, абутковая, мэблевая, харчасмакавая (у т. л. тытунёвая, піваварная, шакаладная і інш.), дакладнае машынабудаванне (рэнтгенаўскія апараты, кіна- і фотаапаратура), вытв-сць станкоў, рачных суднаў, хім.-фармацэўтычных прэпаратаў. Традыцыйная вытв-сць фарфоравых і шкляных вырабаў. Тэхн. ун-т. Цэнтр ядз. даследаванняў.

Першапачаткова вёска палабскіх славян (наз. Дрэздзаны). Горад засн. ў 1216 у ходзе герм. каланізацыі, з 1403 меў гар. правы. З 1485 рэзідэнцыя герцагаў альберцінскай лініі саксонскага княжацкага роду Ветынаў. Месца заключэння Дрэздэнскага міру 1745. Акупіраваны прускімі войскамі (1756—59) і значна разбураны ў Сямігадовую вайну 1756—63. З 1806 сталіца Саксоніі. У перыяд напалеонаўскіх войнаў каля горада адбылася Дрэздэнская бітва 1813. Значныя сац. хваляванні ў час рэвалюцый 1830, 1848—49 і рэв. крызісу 1923 у Германіі. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны бамбардзіроўкамі англа-амер. ВПС. З мая 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі. У 1949—90 у складзе Герм. Дэмакр. Рэспублікі, з 1990 — аб’яднанай ФРГ.

Аблічча Д. вызначаюць паркі (палацава-паркавы ансамбль Пільніц, 1720—24; арх. М.​Д.​Пёпельман) і масты цераз Эльбу, што злучаюць Стары горад з Новым, забудаваным пераважна ў 19—20 ст. У Старым горадзе захавалася адносна правільная сярэдневяковая сетка вуліц з цэнтр. пл. Постплац. Замак (засн. каля 1200, пабудаваны ў 15—19 ст.) разам з прылеглай сярэдневяковай і барочнай забудовай стварае ядро «Фронту Эльбы» (тэрасу Бруля). Сярод інш. славутасцей барочны палацавы ансамбль Цвінгер (1711—22, арх. Пёпельман), царква Гофкірхе (1738—56, арх. Г.​К’яверы), будынак Дрэздэнскай карціннай галерэі і інш. Амаль цалкам адноўлены пасля 2-й сусв. вайны. Музеі: Дрэздэнская карцінная галерэя, гіст. музей, Збор фарфору «Зялёны звод» (калекцыя саксонскіх ювелірных вырабаў), Музей нар. мастацтва і інш.

Дрэздэн. Панарама горада.
Да арт. Дрэздэн. Б.​Белота. Плошча Новага рынку ў Дрэздэне. 1749—51.

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЛЬЦБУРГ (Salzburg),

горад у зах. ч. Аўстрыі, у перадгор’ях Альпаў, у даліне р. Зальцах. Адм. ц. зямлі Зальцбург. 144 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., паліграф., дрэваапр., швейная, харчовая. Ун-т (з 1622). Муз. акадэмія Моцартэум (з 1841). Штогадовы муз.-тэатр. фестываль (з 1917). Цэнтр турызму і курорт міжнар. значэння.

У 1—5 ст. н.э. на месцы З. існавала стараж.-рым. калонія Ювавум. З 739 рэзідэнцыя епіскапа (засн. каля 700), з 798 — архіепіскапа, а таксама купецкае паселішча (назва З. упершыню згадваецца ў 774). Гар. правы з 1368. Месца значных выступленняў у Сял. вайну 1524—26 (гл. ў арт. М.Гайсмайр). У 1622 засн. ун-т. У 1810—15 належаў Баварыі. У 1938—45 акупіраваны ням.-фаш. войскамі.

У 1945—55 у складзе амер. зоны акупацыі Аўстрыі.

Сярод арх. помнікаў абацтва бенедыкцінцаў (засн. каля 690): касцёл св. Пятра (12—13 ст.); комплекс раманскіх і гатычных кляштарных будынкаў (12—14 ст., у т. л. б-ка з багатымі зборамі, скарбніца, капітуляр); могільнік з катакомбамі (3 ст.) і комплексам капліц, у т. л. познагатычная капліца св. Маргарыты (1485—91); сабор (асвячоны ў 774, перабудаваны ў 1611—28 у стылі барока, арх. С.​Салары), абкружаны ансамблем з трох плошчаў з рэзідэнцыяй архіепіскапа (засн. каля 1120, перабудоўвалася ў 16—18 ст.); абацтва бенедыкцінак Нонберг: рамана-гатычны касцёл (11—12, 15 ст.) з раманскімі насценнымі размалёўкамі (сярэдзіна 12 ст.), кляштар (13—17 ст.); касцёл францысканцаў: раннегатычны неф (пач. 13 ст.), гатычны прэсбітэрый (пач. 14 ст.) са скульптурай Мадонны, познагатычная вежа (1486—94); барочныя цэрквы І.​Б.​Фішэра фон Эрлаха — Калегіяльная (1694—1707), Тройцы (1694—1702), Урсулінак (1699—1705), Шпітальная св. Іаана (1699—1704); б. стайні (1607—62) з зімовай (1662) і летняй (1693) школамі верхавой язды (у 1920—30-я г. перабудаваны ў «Дом прыроды») і будынак моцартаўскіх фестываляў «Фестшпільгаўз», арх. К.​Гольцмайстэр, Э.​Гютэр). Над старым горадам (на выш. 130 м) крэпасць Гоэнзальцбург (засн. ў 1077, перабудавана ў 1465—1519). Муз. акадэмія «Моцартэум» (1912—14, арх. Р.​Бернт). Радзіма В.​А.​Моцарта і яго дом-музей. Музей Караліны Аўгусты. Каля З. замак Гельбрун (1613—19, арх. Салары).

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Панарама Зальцбурга.

т. 6, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНСІ́ (Nancy),

горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мёрт і Мазель. Каля 110 тыс. ж., з прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Мёрт і канале Марна—Рэйн. Эканам. цэнтр Латарынгскага індустр. раёна. Прам-сць: эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванне, вытв-сць маст. вырабаў са шкла і фаянсу, абутковая, швейная, харчовая. 2 ун-ты.

Вядомы з 10 ст., у 11 ст. тут пабудаваны замак. У 1-й пал. 12 ст. горад стаў рэзідэнцыяй латарынгскіх герцагаў. У 1477 каля Н. адбылася бітва паміж войскамі герцага Рэнэ II Латарынгскага і бургундскага герцага Карла Смелага. У 16—18 ст. горад шмат разоў захоплівалі франц. войскі У 1736—66 у Н. знаходзілася рэзідэнцыя б. караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1766 канчаткова далучаны да Францыі.

Стары горад з нерэгулярнай планіроўкай размешчаны каля падножжа часткова захаванай цытадэлі. На Пд ад яго — Новы горад, забудаваны паводле рэгулярнага плана ў 17—18 ст. Абодва абнесены кальцом умацаванняў (захаваліся часткова, у т. л. гар. вароты Краф з 2 вежамі, каля 1360). Ансамбль цэнтра Н., які сфарміраваўся ў час праўлення ў Латарынгіі Станіслава Ляшчынскага, з’яўляецца прыкладам франц. горадабудаўніцтва эпохі барока (1751—66, арх. Э.​Эрэ дэ Карні). У яго ўваходзяць: плошчы Станіслава I (б. Каралеўская, 1751—55, арх. Эрэ дэ Карні) з ратушай (пач. 18 ст., арх. Ж.​Ламур), фантанам (арх. Б.​Гібаль) і статуяй Станіслава I (1831), Альянс (1756) з фантанам у стылі ракако (арх. Р.​А.​Сіфле), Кар’ер з трыумфальнай аркай (1757, арх. Ламур) і Палацам урада (1715, арх. Ж.​Бафран, усе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Герцагскі палац (16 ст., цяпер музей). У Новым горадзе — сабор Сен-Жульен (1703—42, арх. Ж.​Бето, Ж.​Ардоуэн-Мансар, Бафран), касцёл Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур (1738—41, Эрэ дэ Карні; пахавальні Станіслава Ляшчынскага і яго жонкі). Сярод інш. збудаванняў жылыя дамы 18 і пач. 20 ст. (стыль мадэрн; яго цэнтрам у Францыі быў Н.), атэль Матыньён (18 ст.), будынак т-ра (1755, арх. Эрэ дэ Карні), парк Пепіньер (1767, помнік К.​Ларэну, скульпт, А.​Радэн), ун-т (пач. 1960-х г., арх. П.​Нане), вышынны будынак канторы «Жофр» (1962, арх. А.​Пруве). У Н. музеі прыгожых мастацтваў, школы Нансі, гісторыі герцагства Латарынгскага і інш.

Плошча Станіслава I у Нансі. 1751—55.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Міхал Казімір) (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.​С.​Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.​Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетман ВКЛ. у 1735—44, вял. гетман ВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛ магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.​Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.​Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л. Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.

Тв.:

Бел. пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.​К.​Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;

1995. № 1—6;

1996. № 1—2, 4.

А.​Л.​Грыцкевіч.

М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.​А.​Мірыса (?). Каля 1760.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ГА (Riga),

горад, сталіца Латвіі. Размешчана на берагах р. Даўгава (Зах. Дзвіна), пры ўпадзенні яе ў Рыжскі заліў Балт. мора. Нас. каля 1 млн. ж. (1999). Індустр., навук. і культ. цэнтр; буйны трансп. вузел: рачны і марскі порт, 6 чыг. ліній, 4 аўтамаб. шашы, 2 аэрапорты. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектронная (ВА ВЭФ, «Радыётэхніка», «Камутатар»; з-ды электрамаш.-буд., электралямпавы і інш.; з-ды дызелебуд., вагонабуд., мотазавод, прамысл. робатаў, «Рыгахіммаш», «Рыгасельмаш», тэкст. абсталявання), харч. (мясакансервавы і малочны камбінаты, сардзінавы з-д, кандытарскія ф-кі), хім. (лакафарбавыя матэрыялы, прадметы быт. хіміі), хім.-фармацэўтычная, дрэваапр., шкляная, фарфоравая, парфумерна-касметычная (з-д «Дзінтарс»), тэкст. (баваўняны і шаўкаткацкі камбінаты, панчошна-шкарпэткавая ф-ка), швейная, буд. матэрыялаў. Суднабудаванне і суднарамонт. Вытв-сць муз. інструментаў. База тралавага і рэфрыжэратарнага флоту, буйны цэнтр рыбаперапрацоўкі. Рыжская ГЭС на р. Даўгава. Латв. АН. 7 ВНУ, у т. л. Латвійскі нац. ун-т, Ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі, Акадэмія мастацтваў. Кансерваторыя. 26 музеяў: мастацкі, гісторыі Латвіі, гісторыі горада, мараходства, гісторыі медыцыны, прыроды, замежнага мастацтва, этнаграфічны пад адкрытым небам і інш. 9 тэатраў (оперы і балета, драмы, мастацкі, рус. драмы, юнага гледача і інш.). Турызм.

Узнікла на месцы стараж. паселішча ліваў. У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца з 1198, як горад і гал. апора ням. каланізацыі ў Прыбалтыцы з 1201. У 1211 атрымала значныя прывілеі. Да 1274 пад уладай рыжскага архіепіскапа. У 1282 увайшла ў Ганзу, адзін з буйнейшых гандл. цэнтраў. У 1329—30 падначалена крыжакам Лівонскага ордэна. У 1524 у Р. ўведзена лютэранства. У час Лівонскай вайны 1558—83 з 1561 вольны горад, з 1581 залежны ад Рэчы Паспалітай. У 1621 Р. захоплена шведамі, якія ўмацавалі яе, пабудавалі вакол высокія валы і бастыёны. У 1656 была абложана рускімі, у 1700 — польскімі войскамі. У час Паўночнай вайны 1700—21 занята рус. войскамі (1710). З 1714 цэнтр Рыжскай, з 1796 Ліфляндскай губ. Рас. імперыі. У канцы 18 ст. Р. — буйны порт і гандл. цэнтр, з канца 19 ст. — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Расіі. У 1-ю сусв. вайну Р. — прыфрантавы горад. У жн. 1917 занята герм. войскамі, вызвалена ў 1919 латышскімі стралкамі. З 1919 Р. — сталіца Латв. рэспублікі (у 1940—91 Латв. ССР). Месца падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1941) ням.-фаш. войскамі, цэнтр рэйхскамісарыята «Остланд». У канцы 1941 у горадзе адбываліся масавыя расстрэлы яўр. насельніцтва (у т. л. загінуў гісторык С.М.Дубноў). Вызвалена сав. войскамі ў кастр. 1944. Пра беларусаў у Р. гл. раздзел Беларусы ў Латвіі ў арт. Латвія.

На правым беразе р. Даўгава размешчаны Стары горад з вузкімі вуліцамі і Новы горад, падзеленыя садова-паркавым паўкальцом. У Старым горадзе захаваліся фрагменты сярэдневяковых гар. умацаванняў (Парахавая, або Пясочная вежа, згадваецца ў 1330, перабудавана ў 1650, 1892, 1938—40), рамана-гатычныя Рыжскі Домскі сабор і царква св. Екаба (13 ст., перабудавана ў 14 і 18 ст.), цэрквы — гатычная св. Петэра (13 — пач. 14 ст., перабудавана ў 14—15 ст., барочны зах. фасад — 1689—94, арх. Р.​Біндэншу і інш.), познагатычная — Яня (згадваецца ў 1297, перабудавана ў канцы 15 — пач. 16 ст.), замак магістра Лівонскага ордэна (1330, перабудаваны ў 1497—1515, 17—19 ст.), т.зв. дом Рэйтэрна (1685, арх. Біндэншу), класіцыстычныя царква Пятра і Паўла (1780—86, арх. С.​Зеге і К.​Хаберланд), арсенал-пакгаўз (1828—30, арх. Ю.​Шпацыр) і інш. У Новым горадзе пераважаюць 5—6-павярховыя дамы (суцэльная забудова бульвара Райніса, вул. Меркеля і інш., 1870—80-я г.) і парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі і ў стылях мадэрн (Маст. музей, 1905, арх. В.​Нейман), неакласіцызму (Палац юстыцыі, 1936—38, арх. Ф.​Скуінь). Левабярэжжа забудоўвалася з 18 ст. Цяпер гэта азялененая тэр. з прамысл. зонамі і разрэджанай жылой забудовай (Агенскалнскія Сосны, 1958—62, арх. М.​Рэндэль, Э.​Якабсанс). На ўскраінах Р. да жылых масіваў прылягаюць вял. лесапаркі са свабоднай прасторавай кампазіцыяй (Межапарк на беразе воз. Кішэзерс; Вял. пеўчая эстрада, 1955, арх. У.​Шнітнікаў, Г.​Ірбітэ і інш.). У пасляваен. гады створаны новыя трансп. магістралі, плошчы, скверы, паркі, рэканструяваны набярэжныя, адноўлены або пабудаваны масты цераз Даўгаву. Сярод найб. значных пабудоў вышынны будынак АН Латвіі (1950—57, арх. В.​Апсітыс, О.​Тылманіс і інш.), вакзалы — чыг. (1957—66, арх. У.​Кузняцоў, В.​Цыпулін), марскі (1963—65, арх. М.​Гелзіс, В.​Савіска), аэравакзал (1970—74, арх. Л.​Іваноў, В.​Ермалаеў), Палац спорту (1970, арх. Б.​Бурчыка, А.​Краукліс і інш.). Помнікі: ансамбль Брацкіх могілак (1924—36, скульпт. К.​Зале, арх. А.​Бірзеніек і інш.), Свабоды (1931—35, скульпт. Зале, арх. Э.​Шталберг), Я.​Райнісу на могілках (1934, скульпт. К.​Земдэга, арх. П.​Арэнд), А.​Калніньшу (1979, скульпт. Т.​Залькалнс, арх. І.​Батраг) і інш. Старая ч. Р. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. таксама да арт. Латвія.

Горад Рыга.
Рыга. Фрагмент Ратушнай плошчы.
Рыга. Замак магістра Лівонскага ордэна.

т. 13, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 14—20 ст. Утвораны ў канцы 14 ст. пасля скасавання Віцебскага княства. Тэр. Віцебскага павета складалася з 2 асн. частак: стараж. баярскіх вотчын і княжацкіх двароў, якія размяшчаліся пераважна на З, У і Пд ад Віцебска на адлегласці каля 20—30 км, і больш аддаленых валасцей Азярышча (Езярышча), Бруса, Дрэчылукі, Мікуліна, Усвят (Усвяты) і інш. Княжацкімі дварамі, верагодна, здаўна былі Выдрэя, Лемніца (Ілемніца), Лужасна, Любашкаў, якія ў 16 ст. і пазней сталі велікакняжацкай уласнасцю. Шматлікія баярскія вотчыны (у 15—16 ст. сярод іх упамінаюцца Бялынавічы, Вымна, Глазамічы, Караміды, Пагосцішча, Старое Сяло, Тухачова, Фальковічы, Хоцімля і інш.) належалі прадстаўнікам 20—30 родаў мясц. паходжання ці раздаваліся вял. князямі служылым князям. У 1508 утворана Віцебскае ваяводства, куды ўвайшоў і Віцебскі павет. Функцыі віцебскага намесніка перайшлі да ваяводы, якога замяшчаў падваявода. У 1514 паўн.-ўсх. частка Віцебскага павета (воласці Веліж і Жыжэц) адышла да Маскоўскай дзяржавы (Веліж вернуты ў 1582 пасля Лівонскай вайны 1558—83). Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 удакладнены межы Віцебскага павета, уведзены новыя службовыя пасады (кашталян, суддзя земскі з падсудкам і пісарам, суддзя гродскі з пісарам, харужы, падкаморы і інш.), уся шляхта павета была ўраўнавана ў правах і атрымала самакіраванне — павятовы соймік. У час Лівонскай вайны на тэр. маёнтка Дрэчылукі ў 1563 пабудаваны дзярж. Суражскі замак. На тэр. Віцебскага павета здаўна існаваў праваслаўны Маркаў (Маркаўскі) манастыр (на правым беразе Зах. Дзвіны ніжэй ад Віцебска). У 16—18 ст. найбуйнейшымі землеўладальнікамі павета былі Сапегі, Сангушкі, Агінскія. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебскі павет у складзе Рас. імперыі: з 1772 у Пскоўскай, з 1776 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губ. У гэты перыяд тэр. Віцебскага павета значна паменшылася: з яго вылучаны Веліжскі, Гарадоцкі і Суражскі пав., паўд. частка ўвайшла ў Бабінавіцкі пав., паўд.-заходняя — у Сенненскі. У 1866 тэр. Суражскага пав. падзелена паміж Віцебскім паветам і Веліжскім пав. З гэтага часу Віцебскі павет набыў межы, у якіх заставаўся да 1918. У 1897 тэр. павета 2861,1 кв. вярсты, нас. 177 066 чал. З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Віцебскі павет увайшоў у яе склад. З утварэннем Літ.-Бел. ССР (ліст. 1919) павет у Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. Да 1920 у павет уваходзілі 23 воласці, пасля ўзбуйнення валасцей (1923) у Віцебскім павеце іх засталося 15. У сак. 1924 тэр. павета ў межах адм.-тэр. падзелу 1920 вернута ў БССР. 17.7.1924 Віцебскі павет скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Віцебскую акругу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНАЯ КАМІ́ДЫЯ,

музычна-сцэнічны твор, пабудаваны на камедыйнай аснове. Тэрмін «М.к.» выкарыстоўваюць і для абазначэння такіх блізкіх жанраў як опера-буфа, камічная опера, камедыя-балет, аперэта (часам як сінонім), зінгшпіль, танадылля, вадэвіль, мюзікл. Ад класічнай аперэты адрозніваецца менш разгорнутай муз. драматургіяй (хоць устаўныя інтэрмедыйныя нумары могуць быць дастаткова працяглымі), выкарыстаннем сучасных песенных і танц.-быт. жанраў.

У 17 ст. «М.к.» — адно з абазначэнняў італьян оперы. Як самаст. жанр муз. т-ра склалася на мяжы 19—20 ст. і зацвердзілася да сярэдзіны 20 ст. Існуе ў многіх народаў і, як правіла, мае нар. песенна-танц. аснову. У Расіі М.к. фарміравалася на аснове традыцый нар. быт. камедыі і фарса, рус. камічнай оперы 18 ст., вадэвіля і зах.-еўрап. класічнай аперэты з выкарыстаннем іх вобразна-выразных сродкаў. У 20 ст. ў гэтым жанры працавалі Б.​Аляксандраў («Мая Гюзель», «На беразе Амура»), К.​Лістоў («Севастопальскі вальс»), Ю.​Мілюцін («Ціхае сямейства», «Ліхтары-ліхтарыкі»), А.​Фельцман («Паветраны замак») і інш. М.к. можа мець рысы традыц. відаў муз. т-ра ці тых, што развіваюцца, набліжаюцца да оперы (напр., азерб. твор «Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава вызначаны аўтарам як камічная опера).

На Беларусі муз.-камедыйны характар мелі інтэрмедыі школьнага тэатра, многія сцэны лялечнага т-ра, у прыватнасці батлейкі. У 1-й пал. 20 ст. відавочнай муз.-камедыйнай накіраванасцю вызначаліся лепшыя спектаклі драм. т-раў, у т. л. «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча з муз. У.​Тэраўскага і Л.​Маркевіча (1925), «Простыя сэрцы» С.​Заяіцкага, С.​Розанава і М.​Міцкевіча з муз. В.​Сакалова-Фядотава (1929), «Цудоўная дудка» В.​Вольскага з муз. М.​Шчаглова (1939). У 1930—40-я г. паявіліся М.к. на антырэліг. («Кухня святасці» Я.​Цікоцкага, 1931), с.-г. тэматыку з вял. колькасцю нар. песень і танцаў («Коксагыз» М.​Чуркіна, 1939; «Зарэчны барок» С.​Палонскага і М.​Іванова, 1940). У 1970—80-я г. створаны М.к., вызначаныя як «народная» («Паўлінка» Ю.​Семянякі, паст. 1973; «Несцерка» Р.​Суруса, 1975; «Калі заспявае певень» А.​Чыркуна, 1988), як «гераічная» («Пяе «Жаваранак» Семянякі, паст. 1969; «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, 1982; «Судны час» Суруса, 1984), як «М.к.» («Мільянерка» Я.​Глебава, 1986). Блізкая да жанру М.к. пастаноўка «Ідыліі» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы (1993), вызначаная як пастараль (кампазітар У.​Кур’ян, з выкарыстаннем музыкі С.​Манюшкі, М.​К.​Агінскага, Ф.​Шапэна). Пераважная большасць М.к. на Беларусі ставіцца ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь (з 1999 Дзярж. муз. т-р Рэспублікі Беларусь).

Н.​А.​Юўчанка.

т. 11, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)