адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял.Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн.чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн.чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв.гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл.Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл.Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл.Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.
Літ.:
Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;
Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.М.Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.А.Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Літоўска-Беларуская ССР, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, Літбел). Існавала ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. Утворана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лют. 1919 шляхам аб’яднання БССР і Літ. ССР (рэзалюцыі аб аб’яднанні зацверджаны рашэннямі I Усебел. з’езда Саветаў і з’езда Саветаў Літвы). Вырашальную ролю ў справе ўтварэння рэспублікі адыграла падрыхтоўка Польшчы да вайны з Сав. Расіяй. 27.2.1919 на сумесным пасяджэнні ЦВК рэспублік створаны ўрад (СНК) Літбела на чале з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам і агульны ЦВК на чале з К.Г.Цыхоўскім. 28.2.1919 зацверджаны афіц. назва («Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі») і сімволіка рэспублікі. У склад Літбела ўвайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. На тэр. Мінскай губ. і Вілейскага пав. Віленскай губ. дзейнічаў Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Плошча Літбела складала каля 207 тыс.км², насельніцтва — каля 4 млн.чал.Адм. цэнтр — г. Вільня (цяпер Вільнюс). Вядучай партыяй у рэспубліцы была Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ, утворана ў сак. 1919]. Дазвалялася дзейнасць партый, якія прадстаўлялі яўр. насельніцтва (Бунд, Паалей Цыён, Яўр.камуніст. саюз) і польск. камуніст. групы. Дзейнасць інш. партый забаранялася. Рэсп. органамі ўлады былі прыняты інструкцыі аб валасных, гар. і пав. Саветах, дэкрэты пра арганізацыю сав. міліцыі і суда, раўнапраўе ўсіх мясц. моў, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі, скасаванне саслоўяў і тытулаў. У пач.крас. 1919 царква была аддзелена ад дзяржавы. Да мая 1919 Прэзідыум ЦВКЛіт.-Бел. ССР распрацаваў праект рэсп. Канстытуцыі (моцы не набыў). Зямельны фонд, лясы, нетры, воды, сродкі зносін і банкі абвяшчаліся агульнадзярж. уласнасцю. 16.2.1919 СНКБССР выдаў пастанову аб нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў. Прамысл. і харч. тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме і ў выглядзе пайка. Збор прадуктаў праводзіўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Урад Літбела імкнуўся да стварэння саўгасаў, камун і сельгасарцелей на базе былых памешчыцкіх маёнткаў. 11.4.1919 уведзена ўсеагульная працоўная павіннасць. У галіне культуры і адукацыі ўрад Літбела выдаў дэкрэты аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў (24.3.1919), адкрыцці нар. ун-та ў Вільні (10.3.1919), стварэнні гіст.-этнагр. музея (25.3.1919) і музея прыкладнога мастацтва (26.3.1919) у Вільні. Выдавалася 6 газет (2 на рус., па адной на літ., бел., польск. і яўр. мовах). 28.2.1919 ЦВК Літбела прыняў дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літ.-Бел. ССР, дэклараваў гатоўнасць «вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У сувязі з польск. інтэрвенцыяй шмат увагі аддавалася мерапрыемствам у ваен. галіне. Ва ўмовах актывізацыі баявых дзеянняў на Зах. фронце 13.3.1919 Зах. армія перайменавана ў Беларуска-літоўскую армію. 8.4.1919 ЦВК Літбела абвясціў у рэспубліцы ваен. становішча. 19.4.1919 створаны Савет абароны Літвы і Беларусі, які валодаў усёй паўнатой ваен. і дзярж. улады (старшыня Міцкявічус-Капсукас). 12.4.1919 органы ўлады Літбела пераехалі ў Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс), 28.4.1919 — у Мінск, 19.5.1919 — у Бабруйск. 2.5.1919 Савет абароны абвясціў усеагульную мабілізацыю ва ўзбр. сілы Літбела, 31.5.1919 падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. саюза паміж сав. рэспублікамі. 21.6.1919 ЦВК Літбела адобрыў дагавор аб ваенна-паліт. саюзе сав. рэспублік. У крас.—вер. 1919 значная частка Літбела (у т. л. Вільня і Мінск) акупіравана польск. войскамі. 14.7.1919 ЦК РКП(б) вырашыў ліквідаваць СНК і Савет абароны Літбела, але захаваць рэсп.ЦВК. 17.7.1919 Савет абароны ліквідаваны, наркаматы Літбела перайменаваны ў аддзелы Мінскага губ.ВРК. У вер. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ і Мінскі губ.ВРК пераведзены ў Смаленск. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) і абвяшчэння незалежнасці БССР (31.7.1920) Літбел юрыдычна спыніла існаванне.
Кр.: Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967; Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71; Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945: [Сб. док.]. Ч. 1. Ми., 1990; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў Т. 1. Мн., 1997.
Літ.:
Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919—1920 гг.). Мн., 1962;
Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: (Материалы межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР): Мн., 1981;
Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987;
Платонов Р., Сташкевич Н. К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Гомель, 1993. Ч. 2;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.К.Лагіновіч (П.Корчык), Л.І.Родзевіч (Антось), А.Р.Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел.паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦККПЗБ, які складаўся з Бюро ЦККПЗБ і Краявога сакратарыята ЦККПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБ — газ.«Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт.час.ЦККПЗБ«Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былі газ.«Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр.час.«Асва».
На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦККП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл.Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл.Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.—ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦККПЗБбел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыібел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел.нац.паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел.дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦККПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦККПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.
Літ.:
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг.Мн., 1962;
Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;
Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.
У.Ф.Ладысеў.
Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛЮСТРАВА́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,
спецыфічная форма асваення рэчаіснасці. Метадалагічнай асновай разумення сутнасці адлюстравання мастацкага з’яўляецца адлюстравання тэорыя, якая раскрывае агульныя заканамернасці і спосабы адэкватнага спасціжэння свету. Ужо ў антычнасці піфагарэйцы, а потым Платон і Арыстоцель сцвярджалі ідэю аб мімесісе (перайманні) як асн.эстэт. прынцыпе і сутнасці мастацтва. Наследаванне прыродзе было дамінантай у эст. трактоўках эпохі Адраджэння, класічнай эстэтыцы 16—17 ст. Гётэ выступаў супраць змешвання прыроды і мастацтва, недаацэнкі суб’ектыўнай творчасці «сапраўднага мастака». М.Г.Чарнышэўскі замацаваў у тэорыі мастацтва паняцце «ўзнаўленне». Сцвярджэнне ў мастацтве прынцыпу канкрэтна-гіст. ўзнаўлення абумоўлівае рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці (гл.Рэалізм). Канцэпцыя актыўнага ўздзеяння мастацтва на духоўны свет чалавека праяўлялася ў адраджэнні ант. тэорыі мімесісу (М.К.Сарбеўскі), развівалася Ф.Скарынам, М.Гусоўскім, Сімяонам Полацкім і інш. У эпоху Асветніцтва элементы адлюстравання мастацкага выявіліся ў арыентацыі на пазнавальныя і выхаваўчыя функцыі мастацтва (А.Доўгірд, Л.Бароўскі). К.Каліноўскі, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, А. і І.Луцкевічы, А.Гарун і інш. развівалі ўяўленне пра маст. праўду як адлюстраванне праўды жыцця, гісторыі і самабытнай культуры бел. народа. Адлюстраванне мастацкае прадугледжвае асабістыя адносіны творцы да аб’ектаў, што пазнаюцца. Сэнс маст. абагульнення заключаны ў адборы істотнага і заканамернага, у раскрыцці тыповых характараў і сітуацый.
Літ.:
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;
Юлдашев Л.Г. Искусство: философские проблемы исследования. М., 1981;
Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ДКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
горныя пароды, якія ўтвараюцца асаджэннем рэчыва ў водным асяроддзі, радзей з паветра і ў выніку дзейнасці ледавікоў. У залежнасці ад характару асаджэння падзяляюцца на абломкавыя, хім. і арганагенныя (біягенныя). Утвараюць пласты, слаі, лінзы і інш.геал. целы рознай формы і памераў, якія залягаюць у зямной кары гарызантальна, нахільна або ў выглядзе складаных складак. Адрозніваюць больш як 10 груп асадкавых горных парод: абломкавыя, гліністыя, глаўканітавыя, гліназёмістыя, жалезістыя, фасфатныя, марганцавыя, карбанатныя, солі, каўстабіяліты і інш., а таксама мяшаныя вулканагенна-асадкавыя пароды. Сярод асадкавых горных парод пераважаюць гліністыя (гліны, аргіліты, гліністыя сланцы — каля 50%), пясчаныя (пяскі і пясчанікі) і карбанатныя (вапнякі, даламіты і інш.; разам каля 45%), астатнія тыпы (солі і інш.) складаюць менш за 5%. Утварэнне і размяшчэнне на зямной паверхні асадкавых горных парод (асадканамнажэнне) вызначаецца пераважна кліматычнымі і тэктанічнымі ўмовамі, мае перыядычны характар і падобныя ўмовы ў мінулыя геал. эпохі і ў сучаснасці. Асадкавыя горныя пароды складаюць каля 10% масы зямной кары, укрываюць 75% паверхні Зямлі. Асн. іх маса сканцэнтравана на мацерыках (752 млн.км³), шэльфах і кантынентальных схілах (158 млн.км³), менш на дне акіянаў (190 млн.км³). Многія асадкавыя горныя пароды — карысныя выкапні (нафта, прыродны газ, вугаль, фасфарыты, баксіты, вапнякі, нярудныя буд. матэрыялы). Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі, асабліва гліны, алеўраліты, пяскі, каменная і калійная солі, ангідрыт, вапнякі, даламіты, мергелі, мел.
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии: (к Межведомств. стратигр. Совещанию, Минск, октябрь, 1981 г.). Мн., 1981;
Логвиненко Н.В. Петрографяя осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМІДО́ВІЧ (Павел Пятровіч) (10.7.1871, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 7.3.1931),
бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец і педагог. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1890), Віленскі настаўніцкі ін-т (1897). З 1890 настаўнічаў на Міншчыне і Навагрудчыне, з 1915 у Віцебску. З 1908 чл.-супрацоўнік аддз. этнаграфіі Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. З 1919 у Мінску, арганізатар і заг. 13-й бел. школы (з вер. 1919 рэарганізавана ў Мінскую бел. гімназію). У 1920—21 інструктар і заг. школьнага аддзела Наркамасветы БССР. З 1921 выкладчык і заг. аддзялення Мінскага ін-та нар. адукацыі, выкладчык у школах Мінска. З 1925 чл.этнагр. секцыі Інбелкульта. Вывучаў сямейны побыт, вераванні, абрады і звычаі беларусаў. Збіраў бел.нар. паданні, легенды і гутаркі (апубл. «Гутарку Паўлюка» ў газ. «Виленский вестник» 1898, № 173). У нарысе «З галіны вераванняў і паданняў беларусаў» (1896) апісаў нар. вераванні пра нячыстую сілу, ведзьмаў, ваўкалакаў, заклятыя мясціны, знахароў, прывёў замовы з Навагрудскага і Мінскага пав. Супрацоўнічаў з М.А.Янчуком і М.В.Доўнар-Запольскім. Апошняму перадаў частку свайго збору фальклорна-этнагр. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Яўген Аляксеевіч) (3.1.1908, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія — 13.9.1992),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1963). Чл.-кар.АМСССР (1973). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), АМ у Ленінградзе (1937, вучыўся ў К.С.Пятрова-Водкіна і інш.). У 1943—44 удзельнічаў у афармленні бел. выданняў «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». Працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Шэраг сюжэтна-тэматычных карцін прысвечаны тэмам гісторыка-рэвалюцыйнай і Вял.Айч. вайны. Характэрны складанае кампазіцыйнае вырашэнне, манументальнасць, адлюстраванне героікі падзей: «Чапаеў» (1937), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск у 1920 годзе» (1940), «Пахаванне героя» (1946), «Стаяць насмерць» (1948), «Абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе» (1950), «Канстанцін Заслонаў» (1957), трыпціх «Мая рэспубліка ў агні Айчыннай» (1963—67), «Незабыўнае» (1975). Узбагаціў жанр партрэта быт. і лірычнага плана: партрэты нар. артысткі БССР А.В.Нікалаевай (1943), свінаркі А.І.Чарняўскай (1954), пісьменнікаў М.Танка (1948), П.Броўкі, П.Глебкі (абодва 1968), К.Крапівы (1972), ткачыхі з в. Неглюбка М.П.Каўтуновай (1975), мастакоў А.А.Анікейчыка (1977) і З.Азгура (1983) і інш. Аўтар пейзажаў «Над Свіслаччу» (1945), «Лясная дарога» (1953), «Прыпяць» (1955), «Залаты вечар» (1975), нацюрмортаў. Адзін з аўтараў манум. размалёвак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1940, 1958) і ў кінатэатры «Піянер» (1965) у Мінску.
Літ.:
Герасимович П.Н. Е.А.Зайцев. М., 1980;
Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии. Мн., 1979.
Г.А.Фатыхава.
Я.Зайцаў. Ткачыха з вёскі Неглюбка М.П.Каўтунова. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМНАВО́ДНЫЯ,
амфібіі (Amphibia), клас пазваночных. З падкл.: дугапазванковыя (Apsidospodyli), тонка- або трубчастапазванковыя (Lepospondyli), батрахазаўры (Batrachosauria). З атр.: бязногія (Apoda), бясхвостыя земнаводныя, хвастатыя земнаводныя. У сучаснай сусв. фауне 25—30 сям., больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны амаль ва ўсім свеце (акрамя Арктыкі, Антарктыды і шэрагу акіянічных астравоў), асабліва ў трапічных лясах. Вядуць пераважна наземна-водны спосаб жыцця, размнажэнне ў водным асяроддзі. На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны жабы, рапухі, трытоны. 41 від і падвід у Чырв. кнізе МСАП, рапуха чаротная (Bufo calamita) у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. цела 1,5—180 см. Скура мяккая, голая, увільготненая сакрэтамі шматлікіх слізістых залоз; адыгрывае важную ролю ў дыханні. У большасці З. скура мае буйныя бялковыя (серозныя) залозы, сакрэт якіх у рознай ступені ядавіты. Чэрап сучленены з пазваночнікам двума мышчалкамі. Пярэднія канечнасці звычайна 4-пальцыя, заднія — 5-пальцыя. Т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя. Сэрца звычайна 3-камернае, 2 кругі кровазвароту. Лічынкі дыхаюць жабрамі, дарослыя — лёгкімі. У большасці апладненне вонкавае, у некат. унутранае, ёсць жывародныя. Развіццё з метамарфозам. Дарослыя кормяцца рознымі беспазваночнымі, лічынкі — таксама раслінамі. Пажыва для рыб, млекакормячых. Выкарыстоўваюцца для навук. і вучэбных мэт, некат. — у ежу.
Літ.:
Жизнь животных. 2 изд. Т. 5. М., 1985;
Пикулик М.М. Земноводные Белоруссии. Мн., 1985;
Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл.давед.Мн., 1996.
М.М.Пікулік.
Земнаводныя. Бясхвостыя: 1 — жаба вастрамордая (а — самец у шлюбным убранні, б — самка); 2 — венесуэльская рагатка; З — жаба яванская весланогая. Хвастатыя: 4 — паласаты сірэн; 5 — сямірэчанскі жабазуб. Бязногія: 6 — цэйлонскі рыбазмей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕ́І (Ophidia, або Serpentes),
падатрад лускаватых кл. паўзуноў, або рэптылій. 3 інфраатр.: чэрвепадобныя, ніжэйшыя і вышэйшыя. 12 сям., найб. вядомыя аспіды, вужовыя, гадзюкавыя, марскія змеі, пітоны, слепазмейкі (слепуны), удавы і інш. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. вядуць наземны спосаб жыцця, часцей у густым раслінным покрыве, кронах дрэў, многія ў пустынях, некат. ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі 3 віды: вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка. 26 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, 1 від (мядзянка) — у Чырв. кнізе Рэспублікі Беларусь.
Даўж. ад 8 см да 11,5 м (анаконда). Цела вузкае, выцягнутае, укрытае луской і рагавымі шчыткамі. З. ліняюць некалькі разоў за год; вонкавы рагавы слой скуры (выпаўзак) скідваецца звычайна цалкам. Вочы без павек, звонку суцэльная празрыстая абалонка, якая аддзяляецца пры ліньцы разам са старым слоем скуры. Язык доўгі, раздвоены, які памылкова прымаюць за джала. Зубы тонкія, вострыя, загнутыя назад. У ядавітых З. зубы на верхняй сківіцы ядавітыя з баразёнкай або каналам для сцёку яду. Размнажаюцца адкладваннем яец, некат. — яйцажывародныя. Кормяцца насякомымі, рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі, млекакормячымі. Скуру некат. З. выкарыстоўваюць у гарбарнай прам-сці, яд — у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«И́СКРА»,
першая агульнарасійская с.-д. палітычная газета. Выдавалася нелегальна з 11(24).12.1900 да кастр. 1905 на рускай мове, спачатку ў Лейпцыгу, потым у Мюнхене, з крас. 1902 у Лондане, з вясны 1903 у Жэневе. Ініцыятар стварэння У.І.Ленін. Як выразніца яго ідэі стварэння Рас.с.-д. рабочай партыі (РСДРП) газета выпрацоўвала тэарэт. і практычныя асновы партыі (падрыхтаваны праграма і статут РСДРП). «И.» крытычна ацэньвала ўнутр. і знешнюю палітыку царскай улады, асвятляла эканам. і паліт. становішча народаў Расіі, у т. л. і беларусаў, выступала за саюз рабочага класа з сялянствам, пісала пра рас. і міжнар.рэв. рух, са свайго пункту погляду крытыкавала міжнар. апартунізм (бернштэйніянства) і яго разнавіднасць — «эканамізм», выступала супраць т. зв. дробнабурж. ліберальных партый Расіі — эсэраў, бундаўцаў і іх лідэраў. Газету атрымлівалі ў 26 гарадах і мястэчках Беларусі. У ёй надрукавана 25 матэрыялаў з Беларусі, у якіх асвятляліся падзеі сац.-паліт. жыцця краю, расказвалася пра самавольства мясц. улад, становішча палітзняволеных. Крытыкаваліся мясц. лідэры «эканамістаў» (васільеўцы), лібералаў, бундаўцаў і інш. Дзейнасць газеты спрыяла стварэнню Палескага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП. У 1903 у РСДРП разгарнулася барацьба паміж бальшавікамі і меншавікамі. Пасля 51-га нумара «И.» перайшла на пазіцыі меншавікоў. Усяго выйшла 112 нумароў.
Літ.:
Волин М. Ленинская «Искра». (1900—1903 г.). М., 1964;
Ефремова О.И. Роль ленинской «Искры» в распространении марксизма в Белоруссии. Мн., 1980;
Ленинская «Искра»: История создания и распространения, 1900—1902. М.;
Лейпциг, 1984;
Возвращенная публицистика. Кн. 1. 1900—1917. М., 1991.