ШАРШАНЕ́ВІЧ Вадзім Габрыелевіч (6.2.1893, Казань, Татарстан — 18.5.1942),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т. Прымыкаў да футурызму, у 1919—24 адзін з прадстаўнікоў імажынізму. Першая кніга паэзіі — «Вясновыя праталінкі» (1911). Тэарэт. погляды выклаў у працах «Футурызм без маскі» (1913), «Зялёная вуліца» (1916), «2×2=5. Лісты імажыніста» (1920) і інш. У паэт. кнігах «Рамантычная пудра», «Экстравагантныя флаконы» (абедзве 1913), «Вечны жыд» (1916), «Крэматорый» (1919), «Залаты кіпень» (1921, з А.​Марыенгофам і С.​Ясеніным), «Адна суцэльная недарэчнасць» (1922) і інш. урбаністычныя матывы, тэмы кахання і мастацтва. У гады грамадз. вайны разам з У.​Маякоўскім пісаў тэксты для «Вокнаў РОСТА». Аўтар інсцэніровак, лібрэта, мемуараў і інш. Пераклаў «Кветкі зла» Ш.​Бадлера, асобныя п’есы У.​Шэкспіра, П.​Карнеля, Б.​Брэхта, вершы Т.​Гацье, А.​Рэмбо і інш.

т. 17, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАСТО́ЎСКІ Кім Фёдаравіч (н. 2.10.1935, в. Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). У 1966—89 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Аўтар тэматычных карцін: «На вытворчасці. Кавалі» (1967), «Развітанне» (1973), «Трывожная зіма. Пагранічнікі», «Размова» (абедзве 1977), «Я.​Купала ў Ляўках» (1982), «1944 год. Пад Оршай» (1984), «На жніве» (1986), «Арышт I настаўніцкага з’езда. Я.​Колас» (1989), «Праводзіны зімы» (1990); партрэтаў «Хлопчыкі каля акна» (1975), А.​Пісаравай (1983), М.​Зяленкіна (1985), «Косця» (1986) і інш.; лірычных пейзажаў «Над Дняпром» (1966), «Восеньскі матыў» (1973), «Восень» (1976), «Снежань. Зімовыя ўзоры» (1982), «Браслаўскія далі» (1984), «Бераг мора» (1995), «Падніколле. Паводка ў Магілёве» (2001), «Сенажаць у Заслаўі» (2002) і інш.; графічных работ. Творы вылучаюцца вобразнасцю, выразнасцю малюнка і колеравага вырашэння, кампазіцыйнай раўнавагай.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎЦО́ВА Марыя Мітрафанаўна (н. 2.2.1928, ст. Заварычы Браварскага р-на Кіеўскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1953). З 1961 гал. мастак Рэсп. ўпраўлення маст. прам-сці, у 1966—87 ін-та Белмясцпраект. Сярод твораў вазы «Несцерка» (1968), «Лявоніха» (1987); серыі ваз «Ікебана» (1970), талерак «Па матывах беларускага Палесся», «Блакітныя азёры» (абедзве 1972), «Мінску — гораду-герою прысвячаецца» (1973), дэкар. пластоў «Беларускім народным майстрам прысвячаецца» (1975—80), «Івянецкія майстры» (1980), «Кампазітар С.​Манюшка», «Ф.​Скарына» (1981), «Гісторыя Мінска» (1999—2000), наборы для квасу (1982) і талерак «Зямля беларуская» (1985), «Тайны лясныя» (1986) і інш. Распрацавала для масавай вытв-сці камплекты керамічнага посуду. Творы вылучаюцца мяккасцю, рытмічнай гульнёй форм і ліній, эмацыянальнасцю.

Л.​Ф.​Салавей.

М.Шаўцова. Набор для квасу. 1982.

т. 17, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́ЗВУК Валерый Сцяпанавіч (н. 16.10.1952, Мінск),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). З 1980 кіраўнік студыі па выяўл. мастацтве ў Палацы піянераў і школьнікаў у Мінску. з 1983 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, з 1986 у Цэнтры пазашкольнай і класнай работы «Маяк». Працуе ў станковым жывапісе і акварэлі. Сярод твораў: карціны «Мы будуем метро» (1978), «Пачатак» (1980). «Вяселле» (1982), «Нядзельны матч» (1983), «Зямля касманаўтаў» (1983), «Рабочыя» (1984), «Верасень» (1987), «Ліквідатары» (1988), «На Дзвіне», «Сувязь» (абедзве 2000), «Баб’е лета» (2003); партрэты Т.​Ганчаровай (1985), Г.​Петрачэнка (1986), А.​Злотнікавай (1988), І.​Аўчыннікава (2002); серыі бел. гар. пейзажаў «Радашковічы» (1990), «Заслаўе» (1993), «Ракаў» (1996), «Лагойск» (2002), «Палессе» (2003). Творы вылучаюцца напружанай эмацыянальнасцю, выразнай кампазіцыяй, псіхалагізмам, гармоніяй каларыту.

Б.​А.​Крэпак.

В.Юзвук. На Дзвіне. 2000.

т. 18, кн. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯН (сапр. Янчавецкі) Васіль Рыгоравіч

(4.1.1875, Кіеў — 5.8.1954),

рускі пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1897). У 1906—12 выкладаў у Пецярбургу Ў гімназіі, супрацоўнічаў у газетах. Уражанні ад 2-гадовага падарожжа па Расіі ўвайшлі ў кн. «Запіскі пешахода» (1901). Найб. вядомы як гіст. пісьменнік: гіст. трылогія «Нашэсце манголаў» (раманы «Чынгісхан», 1939; «Батый», 1942; «Да «апошняга мора», выд. 1955) пра супрацьстаянне Расіі мангольскаму Усходу, лёс культуры ў часы гіст. катастроф; аповесці «Фінікійскі карабель» (1931), «Агні на курганах» (1932), «Спартак», «Малатабойцы» (абедзве 1933), «Юнацтва палкаводца» (1952) і інш. Аўтар кн. «Выхаванне звышчалавека» (1903). Пісаў вершы. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1979.

Літ.:

Разгон Л.Э. В.​Ян. М., 1969;

Янчевецкий М.В. Писатель-историк В.​Ян. М., 1977.

Л.​В.​Календа.

т. 18, кн. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЗЯРЖА́ЎНАЕ РАЗМЕЖАВА́ННЕ САВЕ́ЦКІХ РЭСПУ́БЛІК СЯРЭ́ДНЯЙ А́ЗІІ Праводзілася ў 1924—25 Рас. камуніст. партыяй і сав. дзяржавай з мэтай удасканалення нац.-дзярж. структуры СССР у адпаведнасці з прынцыпам нац. і дзярж. самавызначэння народаў у складзе саюзнай дзяржавы. Сав. дзярж. ўтварэнні, што існавалі на кастр. 1924 на тэр. Сярэдняй Азіі і ч. Казахстана (Туркестанская АССР, Бухарская і Харэзмская сацыяліст. сав. рэспублікі) сфарміраваліся ў межах былых адм. утварэнняў Рас. імперыі (адпаведна Туркестанскага ген.губернатарства, Бухарскага эмірата і Хівінскага ханства), якія не супадалі з этнічнымі межамі сярэднеазіяцкіх народаў — узбекаў, казахаў, туркменаў, таджыкаў, кіргізаў і інш. Па ініцыятыве мясц. кампартый у 1924 пастаўлена пытанне пра нац.-дзярж. размежаванне. Пасля яго адабрэння Сярэднеазіяцкім бюро і Палітбюро ЦК РКП(б) (12.6.1924) разгарнулася растлумачальна-агітацыйная кампанія. Пасля абмеркавання на мясц. з’ездах і курултаях у 1924—25 на месцы скасаваных Туркестанскай АССР, Бухарскай і Харэзмскай сацыяліст. сав. рэспублік утвораны і размежаваны, у асн. паводле этн. прынцыпу, Узбекская ССР, Туркменская ССР (абедзве 27.10.1924), Таджыкская АССР (14.10.1924) у складзе Узбекскай ССР, Кара-Кіргізская аўт. вобласць (14.10.1924) у складзе РСФСР (25.5.1925 перайменавана ў Кіргізскую аўт. вобласць, 1.2.1926 у Кіргізскую АССР). Каракалпакская аўт. вобласць (утворана 16.2.1925) і раёны Туркестанскай АССР, населеныя казахамі, увайшлі ў Казахскую АССР (да крас. 1925 наз. Кіргізская АССР) у складзе РСФСР. У далейшым Таджыкская (у 1929), Казахская і Кіргізская АССР (абедзве ў 1936) пераўтвораны ў саюзныя сав. сацыяліст. рэспублікі, а Каракалпакская аўт. вобласць у Каракалпакскую АССР (у 1932) у складзе РСФСР, з 1936 — Узбекскай ССР. Этн. цераспалосіца ў Сярэдняй Азіі не заўсёды дазваляла дакладна вызначыць межы новых нац.-дзярж. і нац.-адм. утварэнняў, што стварыла ў рэгіёне крыніцу напружанасці і будучых канфліктаў. У той жа час у выніку нац.-дзярж. размежавання 1924—25 і наступных (да 1936) пераўтварэнняў асн. сярэднеазіяцкія нацыі — узбекі, казахі, туркмены, кіргізы, таджыкі, дагэтуль падзеленыя штучнымі межамі, набылі ўласную нац. дзяржаўнасць (у межах СССР), што стварыла перадумовы для ўтварэння пасля распаду СССР сучасных незалежных дзяржаў Сярэдняй Азіі.

Е.​Ф.​Саўчук.

т. 11, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАШКЕ́ВІЧ Алесь (Аляксандр Лявонавіч; н. 1.5.1930, в. Пярэвалачня Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, драматург. Канд. гіст. н. (1967). Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, ЦК КПБ. У 1967—75, 1979—91 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». У 1975—76 рэктар Мінскага ін-та культуры. У 1991—98 кіраўнік арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Друкуецца з 1954. Першая камедыя — «Адкуль грэх?» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Купалы, 1969). Камедыі «Укралі кодэкс» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1976), «Злыдзень» (паст. 1973), «Ка-тастро-фа» («Куды ноч, туды сон», паст. 1987, абедзве Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі), драмы «Трывога» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1974), «Соль» (паст. Дзярж. рус. драм. т-рам, 1981), «У спадчыну — жыццё» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1985), «Дагарэла свечачка...» (паст. 1997), гіст. п’есы «Напісанае застаецца» (паст. 1979, абедзве т-рам імя Я.​Купалы), «Русь Кіеўская» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1983), «Прарок для Айчыны» (тэлеспектакль, 1995) і інш. адлюстроўваюць розныя перыяды з жыцця краіны, надзённыя маральныя праблемы. Значнае месца ў творчасці займае распрацоўка гіст. тэматыкі. П’есам уласцівы канцэптуальнасць, сцэнічнасць, дынамізм, вострая інтрыга, публіцыстычная страснасць, дакладнасць моўнай характарыстыкі вобразаў. Аўтар п’ес «Мост упоперак ракі» (1986), «Дзівак чалавек» (1996), «Інтэлігент» (1999), «Прагноз на паслязаўтра», «Воля на крыжы», «Меч Рагвалода» (усе 2000), апавяданняў, нарысаў, фельетонаў, памфлетаў, сцэнарыяў маст. фільмаў «Уваскрэсная ноч» (1977), «Нас выбраў час» (з У.​Халіпам, 5 серый, 1976—78), дакумент. фільмаў «Францыск, сын Скарынін» (1990), «Гетман найвышэйшы» (1992), радыёспектакляў «Злавеснае рэха» (1984), «Надзвычай цяжкая пасада» (1986), лібрэта оперы «Новая зямля» паводле аднайм. паэмы Я.​Коласа (муз. Ю.​Семянякі, паст. Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, 1982) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

П’есы. Мн., 1976;

Соль: П’есы. Мн., 1988;

Воля на крыжы: Гіст. п’есы. Мн., 2000;

Рус. пер. — Избранное. М., 1986.

Літ.:

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя. Мн., 1985;

Смольскі Р. Тэатр у прасторы часу. Мн., 1998;

Баравік Р. Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВА́ЦКІ (Słowacki) Юльюш (4.9.1809, г. Крэменец Цярнопальскай вобл., Украіна — 3.4.1849),

польскі паэт, драматург. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829 пераехаў у Варшаву. З 1831 у эміграцыі (Францыя, Швейцарыя, Грэцыя, Італія). Раннія вершы («Ода да вольнасці», «Куліг», «Песня літоўскага легіёна» і інш.) прысвечаны нац.-вызв. барацьбе. У паэмах «Гуго» (нап. 1829), «Манах», «Араб», «Ян Бялецкі» (усе нап. 1830), «Змяя» (нап. 1831) уплыў сусв. рамант. паэзіі. Праблемы тагачаснага паліт. жыцця ў цэнтры драм «Міндоўг, кароль літоўскі» (нап. 1829), «Марыя Сцюарт» (паст. 1862). Аўтар аўтабіягр. («Гадзіна роздуму»), гераічнай («Ламбро, грэчаскі паўстанец», абедзве 1833), філас.-патрыят. («Ангелі», 1838), псіхал. («Бацька зачумленых»), лірычнай («У Швейцарыі», абедзве 1839), рэаліст. («Бянёўскі», не закончана, выд. 1841) паэм. У «Паэме Пяста Дантышака... аб пекле» (1839) дантаўскія матывы. Вядомасць набылі яго рамант. драмы «Мазепа» (паст. 1847), «Баладына» (паст. 1862), «Ліля Венеда» (паст. 1863), «Фантазій» (паст. 1867), «Гарштынскі» (паст. 1879), «Кардыян» (паст. 1899), у якіх асэнсаванне канцэпцыі прыроды, гісторыі і чалавека, праблемы нац.-патрыят. руху ў Польшчы, трагедыя рамант. індывідуалізму, палеміка з А.​Міцкевічам, выкарыстанне свабоднай маст. формы. Зазнаў уплыў ідэй польскага месіянізму, спрабаваў стварыць сваю філасофію духу (гісторыка-філас. паэма «Кароль-Дух», не закончана; празаічная паэма «Генезіс духу», выд. 1866; драма «Сярэбраны сон Саламеі», паст. 1900). У позняй лірыцы асабістыя пачуцці пераплятаюцца з грамадз. матывамі («Гімн», «Мой тастамент», «Адказ на «Псалмы будучыні» і інш.). На бел. мову асобныя яго творы перакладалі А.​Вольскі, С.​Дзяргай, У.​Дубоўка, А.​Звонак, М.​Лужанін, П.​Пестрак, Я.​Семяжон, М.​Танк. Паводле аднайм. драмы Дзярж. т-р оперы і балета Беларусі паставіў оперу «Мазепа» (1952), Бел. т-р імя Я.​Купалы — спектакль «Смерць ваяводы» (1959).

Тв.:

Dzieła wszystkie. Т. 1—17. Warszawa, 1952—76;

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1959;

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М., 1960;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Дерналович М. Юлиуш Словацкий. Варшава, 1986;

Ю.​Словацкий: Биобиблиогр. указ. М., 1959;

Piwińska M. Juliuz Słowacki od duchów. Warszawa, 1992;

Kowalczykowa A. Słowacki. Warszawa, 1994.

М.​М.​Хмяльніцкі.

Ю.Славацкі.

т. 14, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРАНГО́ВІЧ Васіль Пятровіч (н. 14.1.1939, в. Качаны Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. графік, педагог. Брат К.П.Шаранговіча. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Засл. дз. культ. Польшчы (1986). Нар. мастак Беларусі (1991). Праф. (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). У 1967—98 выкладаў у Бел. АМ (у 1972—89 заг. кафедры, у 1986—89 прарэктар, у 1989—97 рэктар). З 1997 дырэктар Музея сучаснага выяўл. мастацтва. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Творчасці ўласцівы разнастайнасць графічных тэхнік і стылявых прыёмаў, выразны малюнак, эмацыянальнасць і глыбокая змястоўнасць вобразаў. Работы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літ. твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі: «Віленскія камунары» М.​Гарэцкага (1965), «З майго летапісу» Я.​Коласа, «Дзесяць дзён, якія скаланулі свет» Дж.​Рыда (абедзве 1967), «Мая Беларусь» Т.​Хадкевіча, «Збор твораў» М.​Багдановіча (т. 1—2, усе 1968), «Зямля навагрудская, краю мой родны...» А.​Міцкевіча, «Салавей» З.​Бядулі (абедзве 1969), «У.​І.​Ленін» У.​Маякоўскага (1970), «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.​Талстога (1971), «Вершы» Я.​Коласа (1972), «Сорак трэці» І.​Навуменкі (1974), «Паэмы» (1978) і «Адвечная песня» (1981) Я.​Купалы, «Споведзь сэрца» А.​Бялевіча (1978), «Пан Тадэвуш» Міцкевіча (1985, 1998), «Старыя беларускія хронікі» У.​Караткевіча (1988), «Новая зямля» Я.​Коласа (2002). Рэквіем людской мужнасці і стойкасці ў гады Вял. Айч. вайны, увасоблены строгімі сродкамі графікі, гучыць у цыкле моцных па экспрэсіі гравюр «Памяці вогненных вёсак» (1979—85, Дзярж. прэмія Беларусі 1986). У станковых работах шырока выкарыстоўвае нац. маст. традыцыі, сімволіку і метафару, у многіх творах адчувальна паэтызацыя чалавечага быцця з яго прыгажосцю і драматызмам, калізіямі, што дасягаецца своеасаблівасцю ракурсаў каларыту, рытмічнай арганізацыі прасторы: «Смерць Гражыны» (паводле Міцкевіча, 1970), «Партрэт Ф.​Скарыны» (1971), «Ганчар» (1973), «А хто там ідзе» (1976), серыі «Край нарачанскі» (1972—75), «Блакада. 1943 год» (1974), трыпціх «Дзе крыўда адвечная спела» (1982) і інш.

Літ.:

Ганчароў М.І. Васіль Шаранговіч. Мн., 1981.

Н.​В.​Шаранговіч.

В.П.Шаранговіч.
В.Шаранговіч. Паляванне. Ілюстрацыя да паэмы «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча. 1985.

т. 17, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́РЫН Барыс Уладзіміравіч (н. 5.4.1921, Масква),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Украіны (1984). Скончыў тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1948), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1953). Працаваў у розных т-рах Расіі, Украіны і Беларусі. З 1957 рэжысёр, у 1964—68 гал. рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Купалы, у 1972—75 Кіеўскага рус. драм. т-ра імя Лесі Украінкі, з 1984 рэжысёр гэтага т-ра. У 1968—85 ставіў асобныя спектаклі ў бел. т-рах імя Я.​Коласа, імя Я.​Купалы, Бел. рэсп. т-ры юнага гледача. У 1991—92 маст. кіраўнік т-ра імя Я.​Коласа. Пастаноўкі вызначаюцца тонкім разуменнем стылю п’есы, глыбокім псіхал. аналізам вобразаў, гарманічнай злітнасцю ўсіх кампанентаў спектакля. Сярод лепшых пастановак: у т-ры імя Я.​Купалы — «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду (1957), «Забыты ўсімі» (1958), «Дзівак» (1964) Назыма Хікмета, «Дабракі» Л.​Зорына, «Трэцяя, патэтычная» М.​Пагодзіна (абедзве 1959), «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка (1961), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага, «Чацвёрты» К.​Сіманава (абедзве 1962), «Палата» С.​Алёшына (1963), «У мяцеліцу» Л.​Лявонава (1965), «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа (1966), «На дне» М.​Горкага (1968), «Гульня з кошкай» І.​Эркеня (1976), «І змоўклі птушкі» І.​Шамякіна (1977), «Вечар» А.​Дударава (1984), «Памінальная малітва» Р.​Горына паводле Шолам-Алейхема (1989), «Вежа» Дударава, У.​Някляева (1990) і інш.; у т-ры імя Я.​Коласа — «Клоп» У.​Маякоўскага (1968), «Улада цемры» Л.​Талстога (1969), «А досвіткі тут ціхія...» (1971), «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1978) паводле Б.​Васільева, «Не трывожся, мама!..» паводле Н.​Думбадзе (1972), «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча (1976), «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна (1981), «Востраў Алены» Я.​Шабана (1982), «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа (1983), «Без віны вінаватыя» Астроўскага (1985), «Жыды горада Піцера» бр. Стругацкіх (1991), «ЧП-1», «ЧП-2» («Рэвізор» М.​Гогаля, 1992), «Хачу здымацца ў кіно» Н.​Саймана (1993) і інш., у т-ры юнага гледача — «Сіні снег» Шабана (1975), «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра (1976), «Нахабнічак» паводле М.​Шолахава (1980).

Л.​І.​Брандабоўская.

т. 18, кн. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)