АФІКАЛЬЦЫ́Т,
дробназярністая метамарфізаваная горная парода, якая складаецца з кальцыту і хрызатылу і звычайна мае гнёзды, плямы і жылы высакароднага серпенціну (гл. Змеявік). Колер жоўты, зеленаваты, блакітны і інш. са шматлікімі жылкамі і ўзорамі. Утвараецца пераважна ў выніку кантактавага метамарфізму даламітавых парод. У паліраваным выглядзе выкарыстоўваецца для ўнутранага аздаблення будынкаў і розных вырабаў.
т. 2, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНАЯ РУДА́,
руда, якая ўтварылася ў выніку адкладання на дне балотаў вокіслаў і гідравокіслаў жалеза ў выглядзе канкрэцый, цвёрдых скарынак і слаёў. Пашырана пераважна ў зоне ўмеранага клімату. У Беларусі найб. на Бел. Палессі, мае ў сабе 30—40% жалеза. Пачынаючы з жал. веку і да сярэдзіны 19 ст. з яе здабывалі жалеза.
т. 2, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІ́СТРАЦЫЯ ПРЭЗІДЭ́НТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
рабочы орган, які ствараецца пры Прэзідэнце. У адпаведнасці з палажэннем і штатным раскладам ажыццяўляе інфармацыйную і арганізацыйна-тэхн. дзейнасць. Адміністрацыя не мае права ўмешвацца ў работу Кабінета Міністраў і дубліраваць яго функцыі. Кіраўнік адміністрацыі прызначаецца Прэзідэнтам, іншыя работнікі — па ўзгадненні з Прэзідэнтам. Свае паўнамоцтвы яна складае перад нававыбраным Прэзідэнтам.
т. 1, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІІ НАВУ́К ХРЫБЕ́Т,
на Зах. Паміры, у Таджыкістане. Даўж. каля 110 км. Выш. да 7495 м (пік Камунізму). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод, гранітаў. Водападзельны грэбень мае альпійскі рэльеф; 24 вяршыні ўзнімаюцца вышэй за 6000 м. Укрыты вечнымі снягамі, шмат ледавікоў (агульная пл. 660 км²), у т. л. буйныя — Гарма, Федчанкі, Язгулемскі і інш.
т. 1, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТ ЮРЫДЫ́ЧНЫ,
афіцыйны дакумент, які выдаецца дзярж. органам ці службовай асобай у межах іх кампетэнцыі і мае абавязковыя для выканання прадпісанні. Падзяляюцца на нарматыўныя (устанаўліваюць нормы права і рэгламентуюць пэўную сферу грамадскіх адносін) і індывідуальныя (спараджаюць канкрэтныя правы і абавязкі для канкрэтных суб’ектаў права) акты. Актам юрыдычным наз. таксама дакумент, які сведчыць аб факце юрыдычным.
т. 1, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯ́ЛЬ,
авіяцыйны алюміній, сплаў на аснове алюмінію. Мае ў сабе (у %) 0,45—0,9 магнію, 0,5—1,2 крэмнію, 0,2—0,6 медзі, 0,15—0,35 марганцу ці хрому. Высокапластычны, каразійнаўстойлівы, здавальняючай мех. трываласці (павышаецца гартаваннем і штучным старэннем), добра паліруецца. Ідзе на выраб складаных па форме прасаваных і штампаваных дэталяў (лопасцяў вінтоў верталётаў, элементаў буд. канструкцый і інш.).
т. 1, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУСТЫ́ЧНЫ МАЯ́К,
стацыянарная падводная прылада, якая выпрамяняе гукавыя (акустычныя) сігналы з мэтай арыентавання суднаў, глыбакаводных апаратаў і інш. Мае генератар гукавых ваганняў, узмацняльнік магутнасці, электраакустычны выпрамяняльнік, механізм кіравання сігналамі, сінхранізавальную прыладу, крыніцу электрасілкавання. Устанаўліваюць на дне мора, на метал. апорах ці на якары (на зададзенай глыбіні). Далёкасць дзеяння гідраакустычнага маяка каля 20 км.
т. 5, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКО́ТЫЛЬ
(ад гіпа... + грэч. kotylē паглыбленне, чаша),
падсемядольнае калена, самы ніжні ўчастак сцябла праростка насеннай расліны перад семядольным вузлом. Унізе пераўтвараецца ў корань і часта мае анатамічную будову з прыкметамі сцябла і кораня. У некат. раслін даўжыня гіпакотыля малая і ён увесь застаецца ў глебе (семядолі не выносяцца на паверхню; напр. у дуба, гароху).
т. 5, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКО́СНЫ ГОД,
каляндарны год, які мае 366 сутак (на адны суткі больш за звычайны). Ёсць у юліянскім (стары стыль) і грыгарыянскім (новы стыль) календарах. Паводле новага стылю высакосным з’яўляецца кожны год, лічба якога дзеліцца на 4 без рэшты (акрамя гадоў, лічба якіх заканчваецца на 2 нулі, але не дзеліцца на 400, напр., 1700, 1800, 1900).
т. 4, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕФІ́Р,
1) баваўняная тканіна палатнянага перапляцення з кручанай беленай пражы. Уздоўж асновы мае вузкія палоскі з патоўшчаных белых і тонкіх каляровых нітак, якія чаргуюцца паміж сабой і з белымі ніткамі. Выкарыстоўваюць пераважна для пашыву мужчынскіх кашуль.
2) Разнавіднасць пасцілы. Цукеркі шарападобнай ці прадаўгаватай формы, у параўнанні з пасцілой маюць больш пышную кансістэнцыю.
т. 7, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)