нясла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; незак., каго-што.
Сваімі паводзінамі, учынкамі ўзводзіць няславу на каго‑н.; ганьбіць. [Гаспадыня:] — Плёткі гэта! Мой сын дваранін, а яна што? З ёй не стане свайго імя няславіць... Галавач. [Старая:] — Лепш мяне, калі хочаш, забі, а дзіця не дам няславіць. Грахоўскі. // Абражаць пры людзях чый‑н. гонар; распаўсюджваць плёткі, якія ганьбяць каго‑, што‑н. От жа стаіць Лявон і слухае, як сын абражае, няславіць маці, і адно толькі твар у старога балюча перасмыкаецца. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўзна́к, прысл.
1. Непрыкметна. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак. Купала. Малашкін трымаў аловак у правай руцэ, стукаў па стале няўзнак і пры гэтым крывіўся. Пестрак.
2. Хоць бы што, неўзаметку. Бывае часам стомішся, аднак пагрэешся ля вогнішча і зноўку каменні на шляху табе няўзнак. А. Вольскі. Няважна, што цэлы тыдзень я буду есці нішчымныя крупы і бульбу, гэта няўзнак. Скрыган.
3. Выпадкова, ненаўмысна. — Не шкадуеце, што пайшлі? — жуючы маласольны агурок, быццам няўзнак, спытаў у мяне доктар. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павява́ць, ‑ае; незак.
1. Дзьмуць злёгку або час ад часу. З поля павяваў лёгкі ветрык. Броўка. Ноч ціхая, ледзь-ледзь павявае вецер. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Цёплым пахучым ветрыкам павявала з палёў. Чарнышэвіч. // звычайна безас. Абдаваць павевам чаго‑н. (цеплыні, пары і пад.). Недзе ў кустах звінеў на каменьчыках ручай. Адтуль павявала халадком. Асіпенка.
2. безас.; перан. Адчувацца (пра набліжэнне чаго‑н.); мець адзнакі чаго‑н. Гэта была мясцовасць, дзе павявала першымі адзнакамі Палесся. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўдзённы 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паўдня 2; які бывае ў поўдзень 2. У паўдзённую спякоту яны былі ўжо каля.. лясной рачулкі. Сачанка. Слязіцца, смолкаю пацее Сцяна ў паўдзённы сонцапёк. Бялевіч.
паўдзённы 2, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і паўднёвы 1. Гэта — дар паўдзённы ад братоў, Пэўна з Ерэвана і з Тбілісі, З цёплых чарнаморскіх берагоў. Танк. Веюць ветры з паўдзённых зямель, Ахінаюць цяплынню зямлю ўсю. З добрым ранкам, сяло Церабель — Любы сэрцу куток Беларусі. Ляпёшкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачасту́нак, ‑нку, м.
1. Ежа, пітво, якімі частуюць каго‑н. На прыпеку перад чалеснікам патрэсквала сухая лучынна: гатаваўся найпершы сялянскі пачастунак — яешня. Сабаленка. [Таварышы] заўсёды прыносілі пачастункі: булкі, цукар, сала. П. Ткачоў. [Сняжок] вельмі любіў салодкае і калі бачыў у руках у мяне цукар, дык не адыходзіў датуль, пакуль не атрымліваў пачастунак. Бяганская.
2. Тое, што і частаванне. А як жа з госцем не пачаставацца? Гэта не часта, а раз у год. І ідуць пачастункі, вядуцца сватанні, раскідаюцца запросіны. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачу́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пачуць.
2. у знач. прым. Які пачулі або якога пачулі. Нечакана пачуты крык аб паратунку да болю сціснуў сэрца. Шыловіч. Гэта выразны шорах, напэўна, хада парушальніка, — асцярожная, з напружанай думкай не быць пачутым, выкрытым. Брыль.
3. у знач. наз. пачу́тае, ‑ага, н. Тое, што пачулі, аб чым даведаліся са слоў. Салаўёў быў узрушаны пачутым, як вельмі важнай і прыемнай навіной. Шахавец. Ад пачутага і ўбачанага памутнела ўваччу, ногі самлелі. Кірэйчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перайна́чыць, ‑чу, ‑чын, ‑чыць; зак., каго-што.
Змяніўшы, зрабіць іншым; перамяніць. Перайначыць жыццё. Перайначыць характар. □ У гэты момант я зусім яшчэ не думаў, што прыму рашэнне, якое пазней перайначыла ўсе мае меркаванні. Галавач. Усё яму не гэтак, усё хочацца перайначыць, перарабіць па-свойму. Кулакоўскі. // Падаць у іншым выглядзе, змяніць пры пераказе, перадачы і пад. Перайначыць матыў песні. □ Там, у кнізе, гэта было напісана ад трэцяй асобы, я перайначыў у думках усё на першую асобу і — запомніў назаўсёды. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакаме́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакамячыць (у 1, 3 знач.).
2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі ад працяглага або неакуратнага нашэння, ужывання і пад. Стась устае, абцягвае на сабе мокрае, пакамечанае адзенне, папраўляе торбачку. Сачанка. Андрэй бачыў, як нялёгка Ладымеру расстацца з гэтымі пакамечанымі рублямі, якія немаведама колькі ляжалі ў кашальку. Чарнышэвіч. // перан. Са слядамі стомленасці (пра твар, выгляд і пад.). Быў хлопец, здавалася, яшчэ зусім малады, а гэта — мужчына.. толькі ўвесь пакамечаны нейкі. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недано́сак, ‑ска, м.
1. Дзіця, якое нарадзілася раней тэрміну. Ужо на сёмым месяцы нарадзілася дачка — неданосак, як сказала акушэрка. Асіпенка. // перан. Ужываецца як лаянка. Маладзіца хіхікнула ўслед, і да .. [Лабановіча] даляцелі словы: — Гэта мужчына: ад бабы ўцёк... Неданосак! Стоптаны лапаць. Колас.
2. часцей мн. (недано́скі, ‑аў). Старая, паношаная вопратка. Перад ад’ездам з Акінчыц пані Аксеня паклікала Ганну, аддала ёй сякія-такія неданоскі сваіх дзяцей. С. Александровіч. Косцік апрануў бацькаў неданосак-куртачку, шапку, узяў з пячуркі рукавіцы і пайшоў. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нервава́ць, нервую, нервуеш, нервуе; незак.
1. каго і без дап. Даводзіць каго‑н. да нервовага стану. Тое, што дырэктар неадрыўна глядзіць на яго крыху насмешлівымі вачыма, нервавала следчага. Нядзведскі. Задумваючыся, Юрка прапускаў звенні ў тлумачэннях і доказах дацэнта і таму наогул не разумеў нічога. Гэта стамляла і нервавала. Карпаў.
2. Разм. Тое, што і нервавацца. [Берднікаў] нерваваў. Ён напружыў усе свае сілы, каб хаця не выявіць чым гэтай нервовасць. Мікуліч. Аўтар пратакола, відавочна, нерваваў, але маўчаў. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)