АХМА́НСКІ ((Ochmański) Ежы) (н. 4.12.1933, г. Руднік Тарнабжэгскага ваяв., Польшча),
польскі гісторык. Скончыў Пазнанскі ун-т (1955). Д-ргіст.н. (1960), праф. Пазнанскага ун-та. Аўтар прац па гісторыі ВКЛ, каталіцкай царквы на Беларусі і ў Літве ў 15—16 ст., крыніцазнаўстве, гіст. геаграфіі, культуры Усх. Еўропы. Аўтар даследаванняў пра Хроніку Быхаўца, пра жыццёвы шлях Міхалона Літвіна, Міколы Гусоўскага і інш., крыніцазнаўчай працы «Вітаўдзіяна. Кодэкс прывілеяў вялікага князя літоўскага Вітаўта 1386—1430» (1986).
Тв.:
Organizacja obrony w Wielkim Księstwie Litewskim przed napadami tatarów krymskich w XV—XVI wieku. Warszawa, 1960;
Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БО́ЖЫМ ШЛЯ́ХАМ»,
грамадска-рэлігійны, літаратурна-гістарычны часопіс. Выдаваўся бел. грэка-каталіцкім (уніяцкім) духавенствам у 1947—57 у Парыжы і ў 1957—80 у Лондане на бел. мове. Асвятляў пытанні гісторыі хрысціянства, хрысціянскай царквы, царк. будаўніцтва, рэліг. адносін на Беларусі, асабліва уніяцкага руху, узаемазалежнасць рэлігіі, культуры, нац. свядомасці ў развіцці бел. народа. Асэнсоўваў ролю хрысціянскіх асветнікаў, царк. дзеячаў Ефрасінні Полацкай, Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, заснавальнікаў айч. кнігадрукавання Ф.Скарыны, В.Цяпінскага, братоў Мамонічаў у станаўленні і ўзбагачэнні бел. культуры. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. становішча ў БССР, дзейнасць бел. асяродкаў на эміграцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А КАПЭ́ЛА (італьян. a cappella),
шматгалосыя харавыя спевы без інстр. суправаджэння. Пашыраны ў нар. творчасці. Як стыль прафес.хар. мастацтва склаліся ў культавай поліфаніі ў канцы сярэднявечча, дасягнулі росквіту ў майстроў Нідэрландскай школы і Дж.Палестрыны. Для правасл.царквы спевы а капэлы — адзіная форма хар. мастацтва. З эпохі Адраджэння развіваюцца і ў свецкай музыцы. На Беларусі ранні свецкі жанр спеваў а капэлы — кант. У стылі а капэлы працавалі кампазітары розных эпох. Сярод бел. — В.Залатароў, М.Равенскі, А.Багатыроў, Р.Пукст, У.Алоўнікаў, Ю.Семяняка, Э.Тырманд, А.Мдывані, Л.Захлеўны, А.Бандарэнка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ШАТЛА́НДСКАЯ У́НІЯ 1707,
пагадненне аб саюзе Англіі і Шатландыі, заключанае паміж іх парламентамі. Прадугледжвала аб’яднанне дзвюх краін у адзіную унітарную дзяржаву (Вялікабрытанію) з агульным 2-палатным парламентам (513 дэпутатаў ад Англіі, 61 — ад Шатландыі). У Шатландыі захоўвалася традыц. сістэма мясц. самакіравання, судаводства і адукацыі; уводзілася аднолькавая з Англіяй сістэма падаткаабкладання, ліквідаваліся ўсе мытныя бар’еры і інш.Спец. артыкулы пацвярджалі прэсвітэрыянскі лад шатл.царквы. Пагадненне ініцыіравала Англія, каб умацаваць дынастычную унію з Шатландыяй, якая пахіснулася пасля смерці караля Вільгельма III (1702). Унія спрыяла стварэнню адзінай брыт. дзяржавы, паскорыла развіццё капіталізму ў Шатландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНЕ́ЛА ДА МЕСІ́НА (Antonello da Messina; каля 1430, г. Месіна, Сіцылія — паміж 14 і 25.2.1479),
італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння. Прадстаўнік Венецыянскай школы жывапісу. Працаваў пераважна ў Месіне. Запазычыўшы ў нідэрл. мастакоў тэхніку алейнага жывапісу, дасягнуў надзвычайнай глыбіні колеру, выкарыстаў і асвятленне як маст.-выразны сродак. Створаныя ім вобразы адметныя велічным спакоем, класічнай раўнавагай. Значны ўклад яго ў станаўленне рэнесансавага рэаліст. партрэта. Асн. творы: т.зв. аўтапартрэт (каля 1473), «Распяцце» (1477), фрагменты алтара з царквы Сан-Касіяна ў Венецыі (1475 76), «Святы Себасцьян» (1475) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЬЁЛА (Vignola; сапр.Бароцы, Barozzi) Джакама да (1.10.1507, г. Віньёла, Італія — 7.7.1573), італьянскі архітэктар позняга Адраджэння. Вучыўся ў Б.Перуцы і А. да Сангала Малодшага.
Асн. збудаванні Віньёлы ў Рыме: віла папы Юлія III (1550—55), першая авальная ў плане царква Сант-Андрэа (1555), царква гал. езуіцкага ордэна Іль Джэзу (пачата ў 1568; стала ўзорам для Нясвіжскага касцёла езуітаў), 2 малыя купалы на саборы св. Пятра (пачаты ў 1564); палац Фарнезе ў Капрароле каля Вітэрба (1558—73). Аўтар трактата «Правілы пяці ордэраў архітэктуры» (1562).
Да арт. Дж.Віньёла. Інтэр’ер царквы Іль Джэзу ў Рыме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЖЫ́ЦКІ (Giżycki) Ян Марэк Антоній [псеўд.Валыняк
(Wołyniak); Марэк Газдава (Marek Gozdawa),
Конрад Мазавецкі (Konrad Mazowiecki); 7.5.1844, мяст. Міхноўка Валынскай вобл., Украіна — 27.6.1925], гісторык каталіцкай царквы ў ВКЛ. Скончыў Дэрпцкі (цяпер Тартускі) ун-т (1870). Выкладаў у гімназіях, з 1895 у адстаўцы. Жыў у Кракаве, вывучаў гісторыю манаскіх ордэнаў, карыстаўся архівамі кляштараў. Аўтар артыкулаў «З мінулага базыльянскага ордэна на Літве і Русі» (1904), «Базыльянскія уніяцкія манастыры ў беларускай правінцыі» і інш.
Тв.:
Terytoryum dawnej ziemi Brzeskiej. Warszawa, 1889;
Wiadomości o dominikanach prowincyi litewskiej. Kraków, 1917;
Z przeszłości karmelitów na Litwie i Rusi. Т. 1—2. Kraków, 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЛАНДА́ЙО (Ghirlandaio; сапр.ды Тамаза Бігордзі; di Tommaso Bigordi) Даменіка
(1449, г. Фларэнцыя, Італія — 11.1.1494),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. Вывучаў помнікі ант. мастацтва, зазнаў уплыў нідэрл. жывапісу 15 ст. У час знаходжання ў Рыме 1481—82 выканаў фрэску апосталаў Пятра і Паўла ў Сіксцінскай капэле Ватыкана. Лепшыя творы Гірландайо сталага перыяду (цыклы размалёвак у капэле Сасеці царквы Санта-Трыніта, 1483—86, і ў царкве Санта-Марыя Навела, 1485—90, у Фларэнцыі) адзначаны архітэктанічнай яснасцю кампазіцыі, спакойнай апавядальнасцю, падрабязным паказам фларэнційскага быту, яркімі партрэтнымі вобразамі (партрэт старога з унукам).
Д.Гірландайо. Святы Хрыстафор і дзіця Хрыстос. 1475.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС ЧА́СУ»,
рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з ліп. 1989 у Лондане на бел. мове правасл.бел. суполкай, якая гуртуецца вакол прыхода Ефрасінні Полацкай у Лондане Бел.правасл.царквы на эміграцыі. Выходзіць раз у 2 месяцы. Рэдактар Ю.Весялкоўскі. Асвятляе пытанні гісторыі хрысціянства, яго ролі ў развіцці культуры народаў свету, у т. л. Беларусі (нарыс Весялкоўскага «Хрысціянства ад Галілеі да Беларусі»), гісторыі Беларусі ад часоў ВКЛ да нашых дзён, праблемы бел.нац. адраджэння. Інфармуе пра жыццё бел. эміграцыі, паліт., эканам. і культ. становішча ў Рэспубліцы Беларусь і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІНСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,
помнік драўлянага дойлідства 18 ст. з элементамі стылю барока. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.
Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда з нізкімі рызніцамі накрыты агульным дахам з навісямі на месцы злучэння зрубаў. На гал. фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Гал. фасад падзелены галерэяй з балюстрадай. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы званіца (васьмярык на чацверыку, 2-я пал. 19 ст.), накрытая шатром.