БРА́НДЫС ((Brandys) Казімеж) (н. 27.10.1916, г. Лодзь, Польшча),
польскі празаік. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. У раманах «Драўляны конь» і «Няскораны горад» (абодва 1946) адлюстраваў лёс і духоўныя пошукі польскай інтэлігенцыі. Партрэт маладога інтэлігента на фоне перадваен. і ваен. падзей стварыў у тэтралогіі «Паміж войнамі» (т. 1—4,1947—51), якую склалі раманы «Самсон», «Антыгона», «Трон — адкрыты горад», «Чалавек не памірае». Працэс станаўлення асобы прасачыў у рамане «Абывацелі» (1954). Маральна-філас. праблемы дамінуюць у зб-ках апавяданняў «Рамантычнасць» (1960), «Спосаб існавання» (1963), «Джокер» (1966), «Кірмаш» (1968), «Думка» (1974), «Ірэальнасць» (1977). У «Лістах да пані Z.» (т. 1—3, 1958—62) уражанні Брандыса ад падарожжа па краінах Еўропы. З 1981 на Захадзе, жыве ў Францыі. Аўтар дзённіка «Месяцы» (ч. 1—4, 1980—87), літ. эсэ «Характары і лісты» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́КНЕР ((Brückner) Аляксандр) (29.1.1856, г. Цярнопаль, Украіна — 24.5.1939),
польскі філолаг-славіст, гісторык культуры. Чл. Пецярбургскай АН (1890). Вучыўся ў Львоўскім, Венскім, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах. У 1881—1924 праф.слав. моў і л-р Берлінскага ун-та. У працах «Сярэдневяковая лацінская паэзія ў Польшчы» (1892—94), «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 1903), «Польскія іншаверцы» (1905), «Гісторыя польскай культуры» (т. 1—4, 1930—46), «Старажытнапольская энцыклапедыя» (т. 1—2, 1939) шмат звестак па бел. культуры. Высока цаніў бел. фальклор і стараж. л-ру, але яе адраджэнне на пач. 20 ст. адмаўляў як бесперспектыўную задуму інтэлігентаў, лічыў бел. мову толькі дыялектам («З беларускай нівы», Кракаў, 1918). Больш аб’ектыўны характар мае даследаванне Брукнера «Нарыс гісторыі славянскіх літаратур і славянскіх літаратурных моў» (Львоў, 1929, разам з Т.Лер-Сплавінскім). Бел. л-ры прысвяціў арт. «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» (1891), «Польска-рускія песні» (1911), «Фр. Скарына» (1927).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙДА ((Wajda) Анджэй) (н. 6.3.1926, г. Сувалкі, Польшча),
польскі рэжысёр. Скончыў Дзярж. вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1954). Першыя маст. фільмы «Пакаленне» (1955), «Канал» (1956), «Попел і дыямент» (1958), прысвечаныя падзеям 2-й сусв. вайны, сталі праграмнымі творамі польск. кінематаграфічнай школы. Экранізаваў творы польск. класічнай і сучаснай л-ры («Попел», 1965; «Краявід пасля бітвы», 1970; «Беразняк», 1971; «Вяселле», 1973; «Зямля запаветная», 1975; «Паненкі з Вілька», 1979). Складаныя праблемы сучаснасці і нядаўняга мінулага ў фільмах «Усё на продаж» (1968), «Чалавек з мармуру» (1977), «Чалавек з жалеза» (1981). Сярод апошніх работ: «Пярсцёнак з арлом у кароне», «Корчак», «Перадвелікодны тыдзень». Сярод тэатр. пастановак у Польшчы і за мяжой: «Двое на арэлях» Дж.Гібсана, «Справа Дантона» паводле С.Пшыбышэўскай (таксама экранізацыя), «Д’яблы», «Злачынства і пакаранне» і «Настасся Піліпаўна», усе паводле Ф.Дастаеўскага, «Размовы з катам» К.Мачарскага, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра. Працуе на тэлебачанні (серыялы, інсцэніроўкі). Дзярж. прэмія Польшчы 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКАЯ БІ́ТВА 1238,
бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн.Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскікн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛМіндоўгам. У 2-й пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ ((Dołęga Mostowicz) Тадэвуш) (сапр.Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),
польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр.Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖАНЁЎСКІ ((Korzeniowski) Юзаф) (19.3.1797, каля г. Броды Львоўскай вобл., Украіна — 17.9.1863),
польскі пісьменнік, драматург, педагог, адзін з пачынальнікаў рэалізму ў польск. л-ры. Скончыў Крамянецкі ліцэй (1819). З 1833 выкладаў у Кіеўскім ун-це, Харкаве. З 1846 у Варшаве, адзін з арганізатараў Гал. школы (гл.Варшаўскі універсітэт). З 1863 у Дрэздэне. Дэбютаваў у 1816 класіцыстычнымі одамі. Лепшыя яго п’есы: драма «Карпацкія горцы», прысвечаная барацьбе гуцулаў за вольнасць, камедыі «Яўрэі» — з’едлівая сатыра на дэградуючую шляхту, «Замужняя дзяўчына» (усе 1843), адметная тонкім гумарам і яскравасцю характараў. Аўтар гіст. трагедыі «Манах» (1830), раманаў «Спекулянт» (1846), «Калакацыя» (1847), «Сваякі» (т. 1—4, 1857) і інш., у якіх адлюстраваны актуальныя праблемы таго часу.
Тв.:
Dziela wybrane. T. 1—8. Kraków, 1954;
Рус.пер. — Аферист. Раздел: Романы. М., 1979.
Літ.:
Bachórz J. Realizm bez «chmumej jazdy»: Studia o powieściach Józefa Koizeniowskiego. Warszawa, 1979;
Цыбенко Е.З. Польский социальный роман 40—70-x г. XIX в. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖЫ́НСКІ ((Każyński) Мацей) (1767—29.3.1823),
польскі спявак (бас), акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр; стваральнік першага пастаяннага т-ра ў Мінску. Працаваў у трупах В.Багуслаўскага ў Любліне (1786, выступаў з С.Дэшнер) і Д.Мараўскага ў Гродне (1793). Антрэпрэнёр, рэжысёр і акцёр Мінскага (1797—1805, з перапынкам) і Віленскага (1801—19, з перапынкам) т-раў. У 1801 стварыў у Гродне оперна-драм. трупу, у пач. 1802 з ёю пераехаў у Мінск. Сярод партый: Буцэфал («Сельскія спявачкі» В.Ф’ёраванці), Бартола («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Аксур («Аксур, цар Армуза» А.Сальеры), Моргал («Уяўны цуд, або Кракавяне і горцы» Я.Стэфані; лібрэта Багуслаўскага); камедыйныя ролі ў п’есах Мальера, Багуслаўскага, Ф.Багамольца і інш. Сярод яго пастановак у Мінску: «Уяўны цуд...»; «Фраскатана» Дж.Паізіела, «Вясковая радасць» Дж.Сарці, «Чэкіна, або Добрая дачка» Н.Пічыні, «Школа раўнівых» Сальеры, «Уяўны дурань па каханні» А.Сакіні (выконваў і партыі баса). Аўтар п’есы «Бацьку айчыны яго ўдзячныя дзеці».
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии. Мн., 1990. С. 252—258.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛО́ВІЧ ((Karłowicz) Мечыслаў) (11.12.1876, в. Вішнева Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.2.1909),
польскі кампазітар, дырыжор. Сын Я.Карловіча. Вучыўся кампазіцыі і скрыпічнай ігры ў Гайдэльбергу (Германія), Варшаве і Берліне. Арганізатар (1902) і дырыжор (у 1905—06 гал. дырыжор) сімф. аркестра пры Варшаўскім муз. т-ве. З 1906 удзельнік групы кампазітараў «Маладая Польшча». Першы буйны сімфаніст у гісторыі польскай музыкі. Асн. творы: праграмная сімфонія «Адраджэнне» (1902), 7 сімф. паэм, у т. л. «Зваротныя хвалі», «Станіслаў і Ганна Асвецімы» (1907), «Эпізод на маскарадзе» (1908); камерна-інстр. ансамблі; фп. творы; рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў. Цікавіўся фальклорам, у т. л. беларускім. У 1900 запісаў некалькі ўзораў бел.муз. фальклору, асобныя запісы выкарыстаў у сімф. трыпціху «Адвечныя песні» (1904—06) і ў «Літоўскай рапсодыі» (1906). Муз. пісьменнік і крытык.
Літ.:
Бэлза И. Мечислав Карлович. М.; Л., 1951;
Карасиньская И. Ян и Мечислав Карловичи и их роль в развитии русско-польских связей // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАШКЕ́ВІЧ ((Kuraszkiewicz) Уладзіслаў) (н. 22.2.1905, г. Уладава, Польшча),
польскі мовазнавец. Акад. Польскай АН у Кракаве (1948), Польскай АН (1967). Скончыў Львоўскі ун-т (1929). З 1936 праф. Люблінскага, з 1950 — Пазнанскага ун-таў. Навук. працы ў галіне славістыкі, польск. і ўсх.-слав. дыялекталогіі і гісторыі мовы. Даследаваў асаблівасці пераходных укр.-бел. і ўкр.-рус. гаворак: «З даследаванняў паўночна-ўкраінскіх гаворак» (1931), «Да пытання канчатка 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга часу -ті ў беларускіх і паўночна-рускіх гаворках» (1935), «Найважнейшыя моўныя з’явы ў гаворках паміж Бугам і Нарвай» (1939), «Усходнеславянскія мовы» (1954), «Нарыс усходнеславянскай дыялекталогіі» (2-е выд. 1963), «Беларускія і ўкраінскія тэндэнцыі ў гаворках наваколля Белавежскай пушчы» (1964), «Украінскія і беларускія дыфтонгі і іх рэдукцыя ў гаворках ад Сана да Нарвы» (1978), «Ненаціскныя галосныя о—е ў адносінах да дыфтонгаў і іх рэдукцыі ў беларускіх і ўкраінскіх дыялектах ад Нарвы да Сана» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУТШЭ́БА ((Kutrzeba) Станіслаў) (15.11.1876, г. Кракаў, Польшча — 7.1.1946),
польскі гісторык. Чл. Польскай АН у Кракаве (1918). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1898), з 1908 праф. гісторыі права ў ім. У 1926—39 ген. сакратар, у 1939 прэзідэнт Польскай АН у Кракаве. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагера Заксенгаўзен (1939—40), арганізатар падп. ун-та ў Кракаве (1942). Чл.Краёвай Рады Нарадовай (1945), удзельнік міжнар. канферэнцыі ў Маскве, у выніку якой створаны Часовы ўрад нац. адзінства. Даследаваў гісторыю дзяржавы і права Польшчы і Рэчы Паспалітай. Аўтар прац: «Суды земскія і гродскія ў сярэднія вякі» (1901—02), «Нарыс гісторыі дзяржаўнага і грамадскага ладу Польшчы» (т. 1—4, 1905—17), «Старажытнае польскае судовае права» (т. 1—2, 1921), «Гісторыя крыніц старажытнага польскага права» (т. 1—2, 1925—26). Выдаў зб. дакументаў: «Акты уніі Польшчы з Літвой 1385—1791» (1932, з У.Сямковічам), «Польскія вайсковыя палажэнні і артыкулы з XV да XVIII ст.» (1937) і інш.