ЛО́ЙКА (Наталля Аляксандраўна) (н. 17.3.1946, г. Чарнаўцы, Украіна),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1993). Скончыла БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай дынаміцы лазерных і аптычных сістэм. Распрацавала тэарэт. мадэліраванне працэсу генерацыі лазерных сістэм з запазняльнай адваротнай сувяззю, вызначыла прычыны і ўмовы суіснавання мультыстабільнасці па розных характарыстыках поля выпрамянення, распрацавала метады пераключэння мультыстабільных станаў у розных тыпах лазераў.
Тв.:
Автоколебания в лазерах. Мн., 1990 (разам з А.М.Самсонам, Л.А.Катомцавай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМЕТАЛУРГІ́Я (ад піра... + металургія),
сукупнасць працэсаў атрымання і ачысткі металаў і сплаваў пры высокіх тэмпературах. Асн. і найстарэйшая галіна металургіі. Метадамі П. атрымліваюць амаль 100% чыгуну, сталі, свінцу, каля 95% медзі, больш за 60% цынку.
Працэсы П. адбываюцца ў розных металург. печах і плавільных агрэгатах. Найб. пашыраныя метады П. — плаўка за кошт цяпла ад згарання паліва, напр. доменны працэс (гл.Доменная печ, Мартэнаўскі працэс), працэсы з выкарыстаннем цяпла ад згарання дамешкаў металаў (Бесемераўскі працэс, Тамасаўскі працэс). Гл. таксама Гідраметалургія, Электраметалургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРЭ́СІЯў тэорыі імавернасцей і матэматычнай статыстыцы,
залежнасць матэматычнага чакання адной выпадковай велічыні ад адной ці некалькіх інш. велічынь.
У адрозненне ад функцыянальнай залежнасці у = f(х), дзе кожнаму значэнню незалежнай пераменнай х адпавядае пэўнае значэнне у, пры рэгрэсійнай сувязі аднаму і таму ж значэнню х могуць адпавядаць некалькі значэнняў у (у залежнасці ад выпадку), напр., залежнасць сярэдняга дыяметра хвой ад іх вышыні. Найб. пашырана вызначэнне рэгрэсійных залежнасцей статыстычнымі метадамі. Практычныя метады даследаванняў Р. па статыстычных даных — асн. задача рэгрэсійнага аналізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАША́ЛЬНАЕ ЗЕМЛЯРО́БСТВА,
вырошчванне с.-г. культур ва ўмовах штучнага арашэння; адзін з відаў інтэнсіўнага земляробства. Пашырана ў засушлівых зонах. Шырока выкарыстоўваецца таксама ў зоне дастатковага ўвільгатнення, дзе ёсць дэфіцыт вільгаці з-за нераўнамернага выпадання атм. ападкаў у асобныя перыяды вегетацыі. Пры арашальным земляробстве прадукцыйнасць зямлі ў 1,5—3 разы вышэйшая, ураджаі найб. стабільныя. У арашальным земляробстве выкарыстоўваюць метады паверхневага арашэння (паліванне па барознах), дажджавання, падглебавага ўвільгатнення, кропельнага і імпульснага арашэння (у асн. для агароднінных культур). Ва ўмовах Беларусі выкарыстоўваюць пераважна пры вырошчванні агароднінных культур, а таксама на культурнай пашы і сенажацях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХ (Аляксей Мікалаевіч) (17.3.1857, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 13.5.1946),
расійскі біяхімік. Акад.АНСССР (1929). Герой Сац. Працы (1945). Адзін з заснавальнікаў Ін-та біяхіміі АНСССР (1935, з 1944 імя Баха), дзе быў дырэктарам. У 1939—45 акад.-сакратар Аддз.хім. навук АНСССР. Навук. працы па хімізму асіміляцыі вугляроду зялёнымі раслінамі, па праблемах акісляльных працэсаў. Стварыў новыя метады даследавання ферментаў, якія ляглі ў аснову тэхн. біяхіміі (вытв-сць хлеба, піва, апрацоўка лёну і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГІУС ((Bergius) Фрыдрых) (11.10.1884, Гольдшмідэн, цяпер у межах Вроцлава, Польшча — 30.3.1949),
нямецкі хімік-тэхнолаг. Скончыў Брэслаўскі ун-т (1907). Працаваў ва ун-тах Берліна і Гановера. У 1910 на свае сродкі стварыў лабараторыю, у 1914 стаў прадпрымальнікам. З 1938 займаўся вытв. дзейнасцю ў канцэрне «І.Г.Фарбэніндустры». Распрацаваў метады высокага ціску ў хіміі і хім. тэхналогіі. Прапанаваў працэсы гідрагенізацыі вугалю і ператварэння цэлюлозы ў кармавы цукар, што забяспечыла Германію ў гады 2-й сусв. вайны жыццёва неабходнымі рэсурсамі. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з К.Бошам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАМЕ́РЫ,
члены гамалагічных шэрагаў, якія па памеры малекул (мал. м.) займаюць прамежкавае становішча паміж манамерамі і высокамалекулярнымі злучэннямі. Верхняй мяжой мал. масы алігамераў з’яўляецца яе значэнне, пры якім праяўляюцца ўласцівасці высокамал. злучэнняў, у палярных алігамераў — 1,5∙104, у непалярных — 5∙103. Метады сінтэзу алігамераў заснаваныя на рэакцыях абмежавання росту макрамалекул (гл.Тэламерызацыя і Полікандэнсацыя) і на дэструкцыі высокамал. злучэнняў. Да сінтэтычных алігамераў належаць поліэфірныя, алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, эпаксідныя смолы, вадкія каўчукі, сінт. маторнае паліва і інш. Прыродныя алігамеры — алігацукрыды, алігануклеатыды, цыклаалігапептыды, оксітацын і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНСО́Н ((Adanson) Мішэль) (7.4.1727, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 3.8.1806),
французскі батанік. Чл.Франц.АН (1759). Даследаваў трапічную Афрыку. Адзін з заснавальнікаў натуральнай сістэмы раслін, варыянт якой выклаў у працы «Сямейства раслін» (1763). У пошуках лагічных высноў класіфікацыі склаў 65 штучных сістэм, параўноўваў іх паміж сабой і па колькасці супадзенняў вызначаў ступень блізкасці супадпарадкаваных груп раслін паміж сабой (упершыню скарыстаў матэм.метады ў біялогіі). Прызнаваў магчымасць зменнасці відаў. З 1772 захапіўся філасофіяй.
Літ.:
Adanson. The bicentennial of Michel Adanson’s Familles des plantes. Pt. 1—2. Pittsburgh, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ КЛІМАТАЛО́ГІЯ,
навука, якая вывучае кліматычныя параметры, метады іх вызначэння і асаблівасці ўліку ў практыцы буд-ва; раздзел будаўнічай фізікі. Развіваецца на аснове дасягненняў фізікі атмасферы і агульнай кліматалогіі. Аснова распрацовак ген. планаў гарадоў, пасёлкаў і інш., праектавання збудаванняў, абгрунтавання выбару буд. матэрыялаў і канструкцый, сістэм ацяплення, вентыляцыі, газа- і водазабеспячэння, прыродаахоўных мерапрыемстваў, распрацоўкі тэхналогіі і арганізацыі буд. вытв-сці, забеспячэння аховы працы і інш. На Беларусі праблемы будаўнічай кліматалогіі даследуюцца ў Бел.політэхн. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-це і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
галіна ваеннай навукі, якая вывучае ваенна-паліт., ваенна-эканам., фізіка-геагр. ўмовы і аператыўнае абсталяванне магчымых сухапутных і марскіх тэатраў ваен. дзеянняў (у межах асобных краін, стратэгічных раёнаў, напрамкаў) і іх уплыў на падрыхтоўку і вядзенне вайны і ваен. дзеянняў. Складаецца з ваен. краіназнаўства (сукупнасць эканам., паліт., маральнага і ваен. патэнцыялу) і геаграфіі тэатра ваен. дзеянняў (уплыў фізіка-геагр. наваколля на арганізацыю і падрыхтоўку войска, характар баявых дзеянняў, фіз. адчуванне і баяздольнасць асабовага складу). Выкарыстоўвае метады параўнальна-геагр., матэм. мадэлявання і інш.