2) афармляць юрыдычна з мэтай надання законнай сілы (напр. р. шлюб);
3) адзначаць якую-н. з’яву, факт (напр. р. змены надвор’я).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЕССТУПЕ́НЬЧАТАЯ ПЕРАДА́ЧА,
механізм для плаўнай змены частаты вярчэння вядзёнага вала ў трансп. машынах, станках, прыладах; частка варыятара. Адрозніваюць бесступеньчатыя перадачы механічныя і электрычныя. У залежнасці ад віду перадавальных звёнаў мех. Бесступеньчатыя перадачы бываюць з вадкім рабочым звяном (гідраўлічныя), з гнуткім (раменныя і ланцуговыя) і жорсткім звёнамі. Паводле характару работы бесступеньчатыя перадачы з гнуткім і жорсткім звёнамі падзяляюцца на фрыкцыйныя (трэння) і зачэплівання, бесперапыннага дзеяння і імпульсныя. Электрычная бесступеньчатая перадача выконваецца па сістэме генератар—рухавік; выкарыстоўваецца ў трансп. машынах і інш. для перадачы вял. магутнасцяў (гл.Электрычны прывод). Выкарыстанне бесступеньчатай перадачы павышае прадукцыйнасць машын, паляпшае магчымасці кіравання.
Фрыкцыйная бесступеньчатая перадача: а — з гнуткім звяном і рассоўнымі шківамі; б, в — з жорсткімі звёнамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНТАЗНА́ЎСТВА,
раздзел інжынернай геалогіі, які вывучае фіз.-мех. і фіз.-хім. ўласцівасці грунтоў з пункту гледжання і магчымасці ўзвядзення на іх разнастайных збудаванняў. Звязана з інж. геадынамікай, літалогіяй, глебазнаўствам, механікай грунтоў і інш.
У самаст. раздзел навукі грунтазнаўства вылучылі ў 1920-я г.рус. вучоныя Ф.П.Саварэнскі, В.А.Прыклонскі, Я.М.Сяргееў і інш. Падзяляецца на агульнае грунтазнаўства (вывучае састаў, структуру, тэкстуру, прыроду трываласці і дэфармаванасці грунтоў, змены іх уласцівасцей пад уздзеяннем прыродных фактараў і ў выніку інж.-гасп. дзейнасці чалавека), рэгіянальнае грунтазнаўства (даследуе асн. заканамернасці фарміравання і прасторавага размяшчэння розных грунтоў), тэхн. меліярацыю грунтоў (распрацоўвае метады штучнага паляпшэння ўласцівасцей грунтоў). У Беларусі сістэматычнае вывучэнне грунтоў праводзіцца з 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МУШАНЫЯ ВАГА́ННІ,
ваганні, якія ўзнікаюць у сістэме пад дзеяннем пераменнай знешняй сілы. Напр., ваганні мех. канструкцый пад дзеяннем пераменнай нагрузкі, мембраны тэлефона пад дзеяннем магн. поля і інш. Уласцівасці вымушаных ваганняў залежаць ад характару знешняй сілы і ўласцівасцей самой сістэмы.
Пад дзеяннем знешняй сілы ў сістэме адначасова ўзнікаюць уласныя ваганні і вымушаныя ваганні. Праз пэўны час уласныя ваганні затухаюць і ў сістэме ўсталёўваюцца вымушаныя ваганні. Амплітуда іх большае з павелічэннем амплітуды знешняй сілы і з памяншэннем трэння (супраціўлення) у сістэме пры мех. (электрычных) ваганнях і рознасці паміж частатой змены знешняй сілы і частатой уласных ваганняў. Пры супадзенні частаты знешняй сілы і частаты ўласных ваганняў настае рэзананс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДАВЫ́Я СЛАІ́,
1) у раслін — слаі прыросту драўніны, утвораныя камбіем у выніку сезоннай перыядычнасці яго дзейнасці. Найб. выяўлены ў дрэвавых раслін умераных і халодных паясоў, дзе яны адпавядаюць прыросту драўніны за адзін вегетац.перыяд. Нарастаюць ад цэнтра да перыферыі і складаюцца з дзвюх частак — ранняй (больш светлая, размешчана бліжэй да цэнтра, адкладаецца вясной) і позняй (больш цёмная, адкладаецца летам) драўніны. Бачныя на папярочным зрэзе ствала дрэва ў выглядзе канцэнтрычных гадавых кольцаў.
2) У жывёл — утварэнні ў некаторых тканках (напр., у лусцэ рыб, ракавінах малюскаў, кіпцюрах млекакормячых, хрусталіку іх вока), якія штогод адкладаюцца і працягла (часам усё жыццё) захоўваюцца. Адлюстроўваюць сезонныя змены тэмпу росту тканкі, што дазваляе вызначаць узрост асобін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРАФІ́Я (ад дыс... + грэч. trophē харчаванне),
якасныя зменыхім. саставу, фіз.-хім. якасцей, структуры і функцыі тканак, звязаныя з парушэннем абмену рэчываў; працэс, у выніку якога развіваюцца многія захворванні. Бывае ад непаўнацэннага ці незбалансаванага харчавання, уздзеяння мех. і фіз. фактараў, інфекцыі, інвазіі, інтаксікацыі, парушэння крова- і лімфазвароту, пашкоджання залоз унутр. сакрэцыі і нерв. сістэмы, генет. паталогіі і інш.
Паводле механізма развіцця Д. вылучаюць дэкампазіцыю (хім. перабудова цытаплазмы), інфільтрацыю (празмернае намнажэнне ў тканках розных рэчываў), трансфармацыю (ператварэнне рэчываў, напр. бялкоў у вугляводы, тлушчы і інш.) і скажоны сінтэз. Выяўляецца зменамі колеру, велічыні, формы, кансістэнцыі і малюнка органаў. Адрозніваюць Д. бялковыя, тлушчавыя, вугляводныя і мінеральныя. Д. — працэс абарачальны, але можа прывесці да некрозу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ХВАРО́БЫ,
асноўны мед. дакумент, што складаюць на кожнага хворага, які звяртаецца ў лячэбна-прафілакт. ўстанову. Уключае пашпартную частку (прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, сямейнае становішча, прафесію і інш.), звесткі пра хваробы (раней перанесеныя і на гэты момант), вынікі абследавання і лячэння хворага. Змены ў стане хворага і цячэнні захворвання заносяцца ў гісторыю хваробы пры кожным наведванні хворым паліклінікі, а ў стацыянары — штодзень; у выпадку смерці прыводзіцца пратакол паталаг. ўскрыцця. Пры выпісцы ці пераводзе хворага ў інш. лячэбную ўстанову, а таксама ў выпадку смерці даецца заключэнне ўрача — эпікрыз. Гісторыя хваробы забяспечвае пераемнасць для ўрачоў у ажыццяўленні лячэбна-прафілакт. мерапрыемстваў. У неабходных выпадках з’яўляецца матэрыялам для суд.-мед. следства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДСКАЯ МО́ВА,
адна з зах сканд. моў (адносіцца да сканд. моў — паўн. падгрупы германскіх моў). Пашырана ў Ісландыі (афіц. мова), а таксама ў Канадзе і ЗША. Дыялектных адрозненняў амаль няма. У 12—13 ст. фаналагічная сістэма амаль не адрознівалася ад фаналагічнай сістэмы нарвежскай мовы. З таго часу ў І.м. адбыліся значныя фанет.змены (страта насавых галосных, дыфтангізацыя доўгіх галосных, прысутнасць толькі глухіх узрыўных і інш.). У лексіцы мала запазычанняў, новыя паняцці атрымліваюць уласна ісландскае абазначэнне. Пісьменнасць з канца 12 — пач. 13 ст. на лац. аснове. Найб.стараж. помнікі датуюцца 2-й пал. 12 ст., першыя друкаваныя кнігі з’явіліся ў 16 ст.
Літ.:
Стеблин-Каменский М.И. Древнеисландский язык. М., 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ ВЫВУЧЭ́ННЯ І КАНТРО́ЛЮ ПРЫРО́ДНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
сукупнасць метадаў, спосабаў і апаратуры для фіксавання параметраў, вывучэння і кантролю будовы, саставу і дынамікі прыроднага асяроддзя з космасу. З дапамогай ШСЗ вядуць пошук карысных выкапняў, вывучаюць дынаміку перыяд. (сутачных, сезонных і інш.) і эпізадычных (ураганы, тайфуны, вывяржэнні вулканаў, пылавыя буры і інш.) прыродных з’яў, фіксуюць праявы антрапагеннай дзейнасці (рэгіянальныя змены ландшафтаў вакол гарадоў, забруджванне вод, энергет. страты з індустр. і жылых аб’ектаў і інш.). З дапамогай касм. метадаў назірання вызначаюць запас вільгаці на палях, стан пасеваў с.-г. культур, прагназуюць ураджай і інш. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюцца для картаграфавання ляснога фонду, інвентарызацыі лясных рэсурсаў і інш. Вызначаюцца высокай навук. і эканам. эфектыўнасцю. Уваходзяць у сістэму экалагічнага маніторынгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАМАРФО́З [ад грэч. kata уніз + марф(а)],
рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам (1939).
Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш. Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр.неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.