жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.
Публ.:
Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;
Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел.нар. творчасць);
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;
Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел.нар. творчасць).
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пу́ца ’морда, пыса’ (Ян.), ’твар з поўнымі шчокамі’ (шчуч., З нар. сл.), пу́цы ’шчокі’: набіваць пуцы (астрав., Сл. ПЗБ; шчуч., Даніл. Сл.), пу́цка ’шчака, шчочка’ (Сцяшк. Сл.; маладз., Янк. Мат.; мядз., Жд. 3), пу́цкі ’адутлаватыя шчокі’ (Мядзв.), ’ружовыя плямы на твары’ (ЛА, 3; навагр., Нар. сл.); ’губы’: падуць пуцкі (рас., Сл. ПЗБ), ’костачкі пальцаў’ (шчуч., там жа), пу́цькі ’тс’ (дзятл., там жа), пу́цкаць ’размазваць па твары’ (Цых.); гоцкала ’мурза’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пуцайла ’таўстаморды чалавек’ (Нас.), сюды ж пуцаты ’мардаты, паўнашчокі’ (шчуч., З нар. сл.; драг., Нар. лекс.; шальч., Сл. ПЗБ), пуцаваты ’тс’ (Сцяшк. Сл.), пуцкаваты (пуцковатый) ’з адутлаватымі шчокамі’ (Мядзв.), пуцкуваты ’з вялікімі губамі’ (полац., Нар. лекс.), пучкаваты (, пуцуковатый) ’таўставаты, мускулісты’ (Нас.); параўн. укр.пу́г(ка ’membrum virile’, рус. ласк. пу́цыпький ’кароценькі’, польск.риса ’тоўсты, надуты твар; выцягнутыя вусны для пацалунку’, рис ’шчака, губа, рот; пучка (у пальцы); мардаты або губа™ чалавек; вялікі кавалак чаго-небудзь тоўстага’, pucka ’паўнатварая дзяўчына; цяльпук; таўкач’, чэш.pucek ’тоўстая шчака ці іншая тоўстая дэталь ці прадмет’, pucka ’паўнатварая дзяўчына’, мар.дыял. ’шар; гула’, славац.дыял.pucka ’вялікі молат з тоўстым канцом; таўсташчокае дзіця; кулак’, в.-луж.риск ’клубок’, н.-луж.риск риска ’пупышка, бутон’. Адносна беларускіх слоў, у якіх можна бачыць заходнеславянскі рэфлекс ‑с‑ (замест ‑c‑), Цвяткоў (Запіскі, 2, 75), параўнаўшы з польскімі словамі, выказаў меркаванне, што ў аснове разгледжаны* формаў ляжыць “перайманьне гуку, які ўтвараецца ад надзіманьня шчок і выпускання потым паветра з роту”; гукапераймальнае паходжанне прымаецца і для іншых слоў, параўн. Махэк₂, 74 (паралельныя экспрэсныя ўтварэнні да bucati < выкл. Ъи(п)с) > Шустар-Шэўц, 2, 1187 (аснова *puc‑/*pęc‑ на базе гукапераймальнага pu‑, пры готам ‑с‑ мае старажытнае паходжанне, як у рус.бацать/ботать); Скок, 3, 67 (экспрэсіўная метафара näpucati se ’наесціся, нарэзацца’, што ўзыходзіць да *рок‑). Звязана з пу́чыць, пу́каць9 параўн. пуцалаваты (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галу́за1 ’неабцярэбленая галінка’ (Жд. 1), галу́ска ’галінка’ (Сцяшк. МГ). Адносіцца да вялікай групы роднасных слоў. Пароўн. укр.га́лузь, галу́за, голу́за, галу́ззя, рус.дыял.га́лызь ’дрэва для пракладкі дарогі’, польск.gałąź, gałęzie (зборн.), чэш.haluz, ст.-чэш.haluže і г. д. Прасл.*galǫzь вядома толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (дыялектнае праславянскае). Мяркуюць, што этымалагічна яно адносіцца да *golъ ’голы’ (з апафоніяй о : а) Першапачаткова ’голая галінка і да т. п.’; параўн. яшчэ для абазначэння галінак і да т. п.: *golь ’галінка’, *golьje ’галінкі’ (зборны назоўнік). Гл. Слаўскі, 1, 252 (там і іншая літ-ра). Булыка (Запазыч., 77) мяркуе, што ст.-бел.галонзка, галузка, голузка ’галінка’ запазычана з польск.gałązka. Наўрад ці гэта так. Запазычаннем можна лічыць толькі галонзка, якое мае прыкметы запазычання (захоўвае ‑он, якое адпавядае польск. насавому гуку).
Галу́за2 ’свавольнік, гарэза’ (Касп.), ’надзвычайны свавольнік; дурны, бесталковы’ (Нас.), ’бедны, але фарсісты’ (Шат.), ’жэўжык’ (Бяльк.), галузава́ць ’займацца пустымі размовамі; сваволіць’ (Касп.), ’сваволіць, рабіць глупства’ (Нас.). Рус.дыял.галу́за ’тс’. Карскі, як здаецца, няўдала выводзіў з літ.galvóžis (РФВ, 49, 13). Сам Фасмер (1, 390) вылучыў даволі фантастычнае тлумачэнне: галу́за ’гарэза’, магчыма, спачатку мела значэнне ’галіна, сук’ і звязана са слав.*galǫzь ’галінка’ (якое быццам роднаснае з *golъ ’голы’). Хутчэй за ўсё гэта група слоў звязана з укр.глузува́ти ’насміхацца’, рус.дыял.галу́здать ’гарэзаваць’.
Галу́за3 ’астрыжаны хлопец або дзяўчынка з кароткімі валасамі’ (Сцяц. Словаўтв.). Магчыма, да галуза2 ’свавольнік, гарэза’ (гл.): ’гарэза’ — ’астрыжаны гарэза’ — ’астрыжаны наогул’. Можна яшчэ згадаць неверагодную этымалогію Фасмера (гл. пад галуза2): галу́за ’свавольнік, гарэза’ звязана з *galǫzь ’галінка’ (а гэта да *golъ ’голы’, першапачаткова ’голая галінка’). Можа, Фасмер усё ж такі меў рацыю, калі дапусціць, што дзесьці ў дыялектах захавалася значэнне менавіта ’голая галінка’ для галу́за (’галінка’). Тады магчымы перанос значэння (метафарызацыя): ’голая галінка’ — ’астрыжаны хлопец’ (< ’голы, з голай галавой’), далей ’гарэза’ (< ’астрыжаны’). Меркаванні гэтыя вельмі праблематычныя, таму што няма дадатковых даных для гісторыі ўсёй гэтай вялікай групы слоў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жу́жаль1 ’драпежны начны жук, Carabidae’ (ТСБМ). Рус.жу́желица, укр.жу́желиця, жу́жіль ’тс’, чэш.žižala, žižalice ’род чарвякоў з сям. Lumbricidae’, палаб.zauzălaića ’чарвяк’, славен.žúžel, žužę̂lica ’насякомае’, балг.жу̀жел, макед.жужел ’тс’. Ц.-слав.жоужєль ’тс’, ст.-рус.жужель ’тс’. З суф. *‑elь ад асновы *zu‑zg‑ (< *geu), відаць, гукапераймальнага характару, як і ў жук (гл.). Фасмер, 2, 63–64; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 297; Міклашыч, 412. Махэк₂ (729), відаць, справядліва лічыў, што першасна жужаль было зборным найменнем розных дробных стварэнняў — насякомых, чарвякоў і г. д., што тлумачыць выкарыстанне слова для абазначэння розных істот у розных слав. дыялектах (гл. жужалках).
Жу́жаль2 ’шлак; гразевая або гнаявая жыжка’ (ТСБМ), ’крохкая парода’ (глус., Янк. III), ’гразь, жабурынне, лёк’ (Сл. паўн.-зах.), жу́жаля ’бруд у вадзе’ (Яўс.). Рус.арл.жужель ’дробныя адходы ад бульбы’, укр.жу́жіль ’шлак’, польск.żużel ’тс’, чэш., славац.žúžol ’вугаль’, славен.žužel ’сасновая сажа’, балг.дыял.жу̀жел, жужель ’нешта чорнае, перагарэлае’. Па Брукнеру (668), як і жужаль1, ад гукапераймальнага і.-е. кораня *geu‑ паводле гуку, які выдае металічны шлак. Праабражэнскі (1, 236) указаў на сем. цяжкасць гэтага. Гараеў (111) супастаўляў з жгу, жечь, жижа ’агонь’, што спатыкаецца з фанетычнымі цяжкасцямі, якія далі Фасмеру (2, 64) падставу лічыць гэту прапанову непераканаўчай. Безлай (лекцыя ў БДУ 14 лістапада 1969 г.) выказваў думку пра сувязь жужаль ’шлак’ з *jьgъla (> іголка), абгрунтоўваючы семантычна колкасцю шлаку, а фанетычна пачатковым d‑ (*djugъla), паходжанне якога, аднак не тлумачылася. Калі прыняць версію Махэка₂ (729) пра першаснае значэнне жужаль1 ’сукупнасць дробных стварэнняў насякомых, мышэй, чарвей і да т. п’., можна зразумець і перанос назвы жужаль з дробных нячыстых істот на дробныя нячыстыя прадметы: шлак, жабурынне, бруд, гразь. Параўн. яшчэ жужалка1.
Жу́жаль3 ’расліна куколь, Agrostemma githagos’ (Сл. паўн.-зах.). Можа тлумачыцца як перанос ад жужаль1 ’шлак’ назву пустазелля, непатрэбнай травы. Іншыя назвы: тугаль, гугаль, куколь (гл.), зязюльчын лён (Кіс., 10). Першыя тры з іх указваюць на старажытную назву з вялікай варыянтнасцю зычных. Тады жужаль — варыянт старажытнай назвы (магчыма, праз *gougolь ∼ *geugelь > žuželь).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НЯМО́Е КІНО́,
умоўная назва кінематографа ад яго ўзнікнення (1895) да 1930-х г., які характарызаваўся спецыфічнай сістэмай выразных сродкаў, найб. адметным з якіх была адсутнасць гуку — «немата». Гэта кампенсавалася цітрамі, ігрой тапёраў, павышанымі мімікай і жэстыкуляцыяй акцёраў, падкрэсленым грымам. Узнаўленне выявы з хуткасцю 16 кадраў за секунду (цяпер 24) рабіла дзеянне больш рухомым. Чорна-белы колер часам спалучаўся з афарбоўкай, вірыраваннем стужкі. У 1930-я г. паступова саступіла месца гукавому кіно.
Гісторыя Н.к. пачалася ў 1890-я г. з тэхн. атракцыёна і была цесна звязана з развіццём кінатэхнікі: вынаходніцтвам «жывых карцінак» (Т.Эдысан), «кінематографа» (браты Люм’ер), «вайтаскопа» (Т.Армат і Эдысан) і «баёграфа» (Э.Лост і У.Дзіксан). У пач. 20 ст. пачалося наследаванне традыц. відам мастацтва — тэатру і літаратуры. У канцы 1910-х г. становіцца самаст. мастацтвам са сваёй сістэмай выразных сродкаў (гл.Кінамастацтва). Спецыфіка кінамовы (экранны рух, сістэма планаў, ракурсаў, кампазіцый, асвятлення, мантаж як аўтарская канцэпцыя фільма) былі тэарэтычна вызначаны як «фотагенія» (Л.Дэлюк), «рэабілітацыя фізічнай рэальнасці» (З.Кракаўэр), «фатаграфічная дакументальнасць» (А.Базен), «Мантаж атракцыёнаў» (С.Эйзенштэйн). Паэтыку Н.к. развіваў яго эксперым. авангард, кіно сімвалаў і метафар. Ням. экспрэсіянізм стварыў экранны свет дэфармаванай прасторы, фантасмагорыі, адчування пагрозы («Кабінет доктара Калігары», рэж. Р.Віне, 1919; «Нібелунгі», 1924, «Метраполіс», 1926, абодва рэж. Ф.Ланг). Франц. імпрэсіянізм матэрыялізаваў у вобразах падсвядомасць, летуценні, патаемныя жаданні («Антракт», рэж Р.Клер, «Механічны балет», рэж. Ф.Лежэ, абодва 1924; «Андалузсхі сабака», 1928, «Залаты век», 1930, абодва рэж. Л.Буньюэль). У эпоху Н.к. пачалі фарміравацца віды і жанры кіно (гл.Дакументальнае кіно, Мастацкае кіно). Усталявалася сістэма кіназорак пэўнага амплуа: «Папялушка» — М.Пікфард, Л.Гіш у ЗША, «ахвяра року» — В.Халодная ў Расіі, Г.Гарба ў ЗША, «вамп» — А.Нільсен у Даніі, «рамантычныя палюбоўнікі» — Р.Валентына, Г.Лойд, Д.Фэрбенкс у ЗША, І.Мазжухін, А.Ктораў у Расіі, комікі — Б.Кітан у ЗША, М.Ліндэр у Францыі і інш.Маст. мову Н.к., яго міміку і пантаміму геніяльна выкарыстаў Ч.Чаплін для стварэння вобраза-маскі чалавечнага і вынаходлівага бадзягі («Малыш», 1921; «Залатая ліхаманка». 1925; «Цырк», 1928; «Агні вялікага горада», 1931). Нац. кінематографы ўвасобілі на экранах гісторыю народаў у розных жанравых формах: гісторыка-манумент. «баевікі» Дж.Пастроне ў Італіі («Падзенне Троі», 1910; «Кабірыя», 1914), кінапрытча пра гісторыю чалавецтва Д.Грыфіта ў ЗША («Нецярпімасць», 1916), кінатрагедыя пра сярэднявечча К.Т.Дрэера ў Францыі («Страсці Жанны д’Арк», 1927) і інш. У Расіі развівалася гіст.-рэв. кіно ў паэт.-метафарычным кірунку кінаэпапеі Эйзенштэйна з «героем-масай» і «тыпажамі» замест акцёраў («Стачка», 1925; «Браняносец Пацёмкін», 1925), кінадрамы У.Пудоўкіна («Маці», 1926), лірыка-эпічныя кінапаэмы А.Даўжэнкі («Звянігара», 1928; «Зямля», 1930).
На Беларусі Н.к. развівалася з 2-й пал. 1920-х г. З 1925 у «Белдзяржкіно» кінааператар М.Лявонцьеў здымаў святы, урачыстасці, жыццё вёскі і горада. Першы бел.маст. фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч) спалучае авантурна-прыгодніцкі жанр з рысамі дакументалізму (здымкі на месцы рэальных гіст. падзей сялян, удзельнікаў вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі). Авантурна-прыгодніцкі жанр дамінаваў у бел. фільмах на гіст. тэмы: «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. У.Гардзін), «Хвоі гамоняць» (1929, рэж. Л.Малчанаў) і інш. Фільм У.Корш-Сабліна «У агні народжаная» (1929) спалучае фальклорную афарбоўку з традыцыямі агітплаката. У канцы 1920 — пач. 1930-х г.бел. Н.к. актыўна звяргалася да тагачаснай тэматыкі: фільмы «Чатырыста мільёнаў» (рэж. Гардзін), «Да заўтра» (абодва 1929), «Нянавісць» (1930, рэж. абодвух Тарыч), «Шчасце» (рэж. А.Файкцымер), «Жанчына» (рэж. Я.Дзіган, абодва 1932) і інш. Па стылістыцы яны блізкія да агітпрапфільмаў. У 1930-я г.бел. Н.к. звяргалася да эстэтыкі жывапісна-мантажнага кіно, што падкрэслівала нац. каларыт фільмаў. Апошні бел. «нямы» фільм — «Палескія рабінзоны» (1935, рэж. І.Бахар і П.Малчанаў).
Літ.:
История белорусского кино. Мн., 1969;
Клер Р. Кино вчера, кино сегодня: Пер. с фр.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зрэ́заць, зрэжу, зрэжаш, зрэжа; зак., каго-што.
1. Аддзяліць якім‑н. рэжучым інструментам. Зрэзаць кветкі з клумбы. Зрэзаць мазоль. □ Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі.Навуменка.// Спілаваць. Зрэзаць сасну.// Збіць, сарваць, аддзяліць (ударам, стрэлам, выбухам і пад.). Адна міна, выбухнуўшы паблізу акопчыка, як касой, зрэзала палову алешыны.Мележ.Ноччу раптам сарваліся з прычала плыты, як брытвай, зрэзалі адзіны праз раку пантонны мост.Асіпенка.// Зняць няроўнасць або частку якой‑н. паверхні, зрабіць выемку ці скос на чым‑н. У гэтых курганах мы і зрабілі цір, ці, як называе яго Сяргей, палігон. Зрэзалі рыдлёўкамі схіл аднаго кургана, паставілі дошкі, абгарадзілі пляцоўку чырвонымі сцяжкамі.Жычка.//перан.Разм. Скараціць ці паменшыць памеры чаго‑н. Зрэзаць ліміты. □ На лаўках у куце лаяліся, відаць, рабочыя леспрамгасцы ў замасленых.. і старых фуфайках, — некаму недзе зрэзалі прагрэсіўку.Пташнікаў.
2. Пакрыць паглыбленнямі, палоскамі; спаласаваць. Канавы зрэзалі ўсё поле. □ Там, дзе гай бярозавы З песняй салаўінаю, Хтосьці ўсю дарожаньку Зрэзаў каляінамі.Дзеружынскі.
3. Парэзаць усё, многае для якой‑н. мэты. Зрэзаць салому на корм жывёле.
4.перан. Забіць стрэлам. — Падпусціў я іх як мага бліжэй, — лясь! — і няма аднаго. Другі назад кінуўся, але не дабег да траншэі, яго сержант Леўкін зрэзаў.Корбан.
5. Моцна збіць, адсцябаць. — То глядзі ж, — паўтарыў .. [бацька] яшчэ раз, — каб ні гуку, бо зрэжу да смерці...Дайліда.
6.Разм. Паставіць нездавальняючую адзнаку. Юзіку таксама хацеў [бацька] даць.. прафесію, але таго «зрэзалі» на выпускных экзаменах.Пальчэўскі.
7. Падаць мяч рэзаным ударам. Зрэзаць падачу.
•••
Зрэзаць круг (паваротку) — пайсці напрасткі, каб скараціць шлях. Чалавек другі раз ідзе па той самай дарозе. Ён зрэжа павароткі, дзе што пераступіць, а дзе што абыдзе.Ермаловіч.
Зрэзаць на горкі яблык — тое, што і збіць на горкі яблык (гл. збіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЕСНАВЫ́Я ПЕ́СНІ,
жанрава шматскладовы цыкл каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў, асабліва ў славян і прыбалтаў. Прымяркоўваюцца да веснавога перыяду, найб. працяглага ў каляндарна-песенным крузе (у розных этнічных традыцыях амаль ад зімовага да летняга сонцавароту). Звязаны з абуджэннем прыроды, абнаўленнем зямлі і ўсяго жывога на ёй.
З усіх песень каляндарна-земляробчага круга ў веснавых песнях найб. яскрава выступае функцыя інспірацыйная (функцыя ўнушэння), якая ў старажытнасці мела магічнае, а пазней набыла асацыятыўна-сімвалічнае значэнне. Гэта асн. функцыя неаддзельная ад эстэтычнай, што вызначае прыўзняты эмац. лад песень і маляўнічыя фарбы вобразнай сістэмы. Таму пры ўсёй жанрава-тэматычнай разнастайнасці і багацці муз. адценняў веснавых песень розных народаў агульнае ў іх — усеабдымнасць гучання чалавечага голасу (які нібы пераклікаецца з галасамі прыроды), няўпыннасць рознага роду шэсцяў і карагодаў, а таксама культ расліннасці, які можа набываць розныя структурна-жанравыя характарыстыкі і стылявую афарбоўку.
У Беларусі веснавы цыкл з’яўляецца найважнейшым кампанентам разгорнутай каляндарна-песеннай сістэмы. Ядро цыкла ўтвараюць песні з устойлівымі рытуальнымі тыпалагічна акрэсленымі абагульненымі палітэкставымі напевамі: масленічныя песні, уласна «вясна» або гуканне вясны, валачобныя песні, веснавыя карагоды (гл. ў арт.Карагод), юраўскія песні, траецкія песні, куставыя, русальныя. Другую групу складаюць песні з больш індывідуалізаванымі напевамі (паставыя, што спяваліся ў вял. пост, веснавая талака, мікольскія, «як абходзяць зялёнае жыта») і многія лірычныя, умоўна прыстасаваныя да вясны («лугавыя», «лесавыя») і інш. Спяваюць іх з пач. сакавіка («як на снезе паявяцца праталіны», «як на вясну пацягне») і да чэрвеня («дакуль зязюля кукуе»). Асн. лейтматыў вобразнай сістэмы веснавых песень — збліжэнне чалавека з прыродай, якое праходзіць як бы тры этапы: спачатку вясну клічуць (гушкальныя «на калысках» на масленіцу, абрадавыя гуканні на ўзгорках на Благавешчанне), потым выходзяць ёй насустрач (валачобныя абходы двароў, абрадавы выган жывёлы «на расу» на Юр’я, шэсці і карагоды), нарэшце як бы непасрэдна збліжаюцца з ёю («водзяць куст», «завіваюць вянкі» на Сёмуху) і праводзяць яе («пахаванне стралы», «провады русалкі» ў русальны тыдзень, які завяршае Сёмуху). Асаблівую ўстойлівасць у веснавых песнях адпаведна набываюць сюжэтна-тэматычныя комплексы: гуканне вясны (з тыповымі зачынамі «Благаславі, маці, / Вясну загукаці!», «Жавароначкі, прыляціце!», «Ой, чырачка, пташэчка»); «адмыканне лета» («Зіма з летам страчалася»), масленічныя гушкалкі («А на гарэ сонца / Калышуцца дзеўкі»), абуджэнне ўсяго жывога («Вол бушуе — вясну чуе, / Баран блее — ў поле хоча»), няўпыннае веснавое шэсце («Памажы нам, божа, / На вулачку выйсці»), дары вясны, якія пералічваюцца ў форме пытання-адказу («Ой, вясна-красна, / Што нам прынесла?»); зварот да адушаўлёнай вясны-вясняначкі (русалачкі, купалачкі) з далейшым развіццём матываў кахання. Існуюць таксама сюжэты, спецыфічныя для асобных жанраў песень веснавога цыкла (валачобных, юраўскіх, куставых, карагодных), але ва ўсіх іх аграрна-магічныя матывы і культ расліннасці пераплятаюцца з матывамі кахання і шлюбу, як і рэальных гасп. клопатаў земляроба. Паводле характару мелодыкі веснавыя песні ўключаюць (у залежнасці ад жанру і мясц. традыцыі) гранічна сціслыя напевы-формулы і больш распетыя (у межах сярэдняга меладычнага дыяпазону). Яны вызначаюцца вобразна-эмац. разнастайнасцю (у іх чутны інтанацыі закліку, заклінання, святочна прыўзнятыя, лірычныя), багаццем тэмбравых фарбаў. Выкананне тыповае для песень, якія спяваюць на вольным паветры (менавіта з імі звязана свайго роду нар. школа галаснога спеву). Для рытуальных веснавых песень характэрна антыфоннае спяванне з зычнай пераклічкай галасоў, заклікавае заключэнне на тэрцавым ці квартавым верхнім гуку, доўгія воклічы («Гу!» ці «У-у-у!») з глісандуючымі ўзлётамі ў канцы, а часам і ў сярэдзіне меластрафы («каб адгалоскі ішлі»). Веснавыя песні вядомы на ўсёй Беларусі, але размеркаванне іх у розных этнагр. зонах неаднолькавае. Гуканне вясны і карагоды канцэнтруюцца пераважна на Палессі, ва ўсходнім і цэнтр. рэгіёнах, юраўскія ў заходнім рэгіёне, гушкальныя масленічныя — на Паазер’і, валачобныя — на Паазер’і, у зах. і цэнтр. рэгіёнах, траецкія — ва ўсходнім рэгіёне і на Палессі, веснавая талака — у паўн.-ўсх., русальныя — у паўд.-ўсх. раёнах, «пахаванне стралы» — на ўсходнім, «куст» — на зах. Палессі. У сучасным побыце бел. вёскі апрача прымеркаваных да вясны лірычных найб. захаваліся абходныя песні, перш за ўсё нацыянальна вызначальныя валачобныя. Даволі жывучымі аказаліся веснавыя гуканні і карагодныя песні, але цяпер іх носьбіты — старэйшыя жанчыны, што вядзе да адпаведных змен у характары іх бытавання (іх проста спяваюць без адпаведных дзеянняў, якімі яны суправаджаліся раней). Наогул, выяўляецца тэндэнцыя адмацавання веснавых песень ад абраду пры строгай, аднак, замацаванасці ў свядомасці вяскоўцаў іх сімвалічнай значнасці і пэўнага часу выканання.
Публ.:
Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1, ч. 1. СПб., 1887;
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Веснавыя песні. Мн., 1979 (Бел.нар. творчасць);
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;
Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975. С. 77—128;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПТЫКА (ад грэч. optike навука аб зрокавым успрыманні),
раздзел фізікі, які вывучае заканамернасці выпрамянення, распаўсюджвання і ўзаемадзеяння з рознымі аб’ектамі эл.-магн. выпрамянення бачнага, ультрафіялетавага і інфрачырвонага дыяпазонаў даўжынь хваль.
О. — адна са старажытнейшых навук, цесна звязаная з патрэбамі практыкі на ўсіх этапах развіцця. Прамалінейнасць распаўсюджвання святла была вядома ў Месапатаміі за 5 тыс.г. да н.э. і выкарыстоўвалася ў Стараж. Егіпце пры буд. работах. Піфагор (6 ст. да н.э.) меў блізкі да сучаснага пункт гледжання, што целы становяцца бачнымі з-за выпрамянення імі пэўных часцінак. Арыстоцель (4 ст. да н.э.) меркаваў, што святло ёсць узбуджэнне асяроддзя паміж аб’ектам і вокам, у школе яго сучасніка Платона сфармуляваны важнейшыя законы геаметрычнай оптыкі. Эўклід (3 ст. да н.э.) разглядаў узнікненне аптычных відарысаў пры адбіцці ад люстэркаў. Хвалевая оптыка пачала развівацца ў 17 ст. пасля прац Р.Гука і К.Гюйгенса, якія далі першыя хвалевыя тлумачэнні (аналагічныя тлумачэнням акустычных хваль) многім законам О. Святло разглядалася як імгненная перадача ціску з дапамогай «эфіру». Аднак прамалінейнае распаўсюджванне і палярызацыя святла не знайшлі тлумачэння з пазіцый хвалевых аналогій святла і гуку, што прывяло І.Ньютана да развіцця карпускулярных уяўленняў. Святло разглядалася ім як паток карпускул — часцінак, падобных да пругкіх шарыкаў. Карпускулярныя і хвалевыя тэорыі святла развіваліся і надалей і напераменна дамінавалі ў навуцы. Развіццё сучаснай О. звязана з працамі Т.Юнга, А.Ж.Фрэнеля, Д.Ф.Араго (з’явы інтэрферэнцыі, дыфракцыі і прамалінейнага распаўсюджвання святла растлумачаны з хвалевых пазіцый), М.Фарадэя (выяўлена ўзаемасувязь паміж аптычнымі і эл. з’явамі, 1846), Дж.К.Максвела (устаноўлена эл.-магн. прырода святла, 1865), П.М.Лебедзева (ціск святла, 1899), А.Р.Сталетава (фотаэфект, 1888—90), Х.А.Лорэнца (электронная тэорыя святла і рэчыва, 1896), М.Планка (гіпотэза квантаў, 1900) і інш. Барацьба двух пунктаў гледжання на прыроду святла прывяла да сінтэзу абодвух уяўленняў (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Доследы А.І.Л.Фізо і А.А.Майкельсана прывялі да стварэння спец.адноснасці тэорыі.
Тэарэт. аснова апісання аптычных з’яў — Максвела ўраўненні для вектараў эл. і магн. напружанасцей светлавога поля ў матэрыяльным асяроддзі. Пры рашэнні канкрэтных аптычных задач карыстаюцца рознымі мадэлямі і набліжэннямі, а таксама ўяўленнямі і прынцыпамі, многія з якіх устаноўлены да адкрыцця эл.-магн. прыроды святла. На аснове законаў геам. оптыкі вырашаюцца пытанні асвятлення аб’ектаў і памяшканняў (гл.Святлатэхніка), распаўсюджвання святла ў аптычных прыладах, у т. л. ў воку, пераносу энергіі з дапамогай светлавых патокаў і інш. Шэраг задач фотаметрыі вырашаецца з улікам заканамернасцей успрымання чалавечым вокам святла і яго асобных колеравых складальных. Такія заканамернасці вывучае фізіялагічная О., якая цесна змыкаецца з біяфізікай і псіхалогіяй, даследуе зрокавы аналізатар (ад вока да кары галаўнога мозга) і механізмы зроку. Фізічная оптыка вывучае праблемы, звязаныя з прыродай святла і светлавых з’яў. Папярочнасць эл.-магн. хваль вынікае з эксперым. даследаванняў дыфракцыі святла, інтэрферэнцыі святла, палярызацыі святла і распаўсюджвання яго ў анізатропных асяроддзях (гл.Оптыка анізатропных асяроддзяў, Крышталяоптыка). Хвалевая оптыка вывучае сукупнасць з’яў, дзе выяўляецца хвалевая прырода святла. Паводле яе прынцыпаў светлавое поле ў любым пункце ўяўляе сабой суму хваль, якія прыйшлі з інш. пунктаў, і складанне адбываецца з улікам іх амплітуд, фаз і палярызацый. Уплыў асяроддзя на светлавое поле ўлічваецца з дапамогай паказчыка пераламлення, каэфіцыента паглынання (ці ўзмацнення), а таксама тэнзараў дыэл. і магн. пранікальнасцей. Разам з развіццём атамна-малекулярных уяўленняў аб структуры рэчыва развівалася малекулярная оптыка, у межах якой аптычныя параметры асяроддзя вызначаюцца на аснове ўліку рэакцыі (водгуку) элементаў яго мікраструктуры (атамаў, малекул і інш.) на ўздзеянне светлавога поля. У выніку ўстанаўліваецца іх залежнасць ад частот і сіл асцылятараў квантавых пераходаў часцінак асяроддзя, іх шчыльнасці і характарыстык узаемадзеяння паміж імі, часу рэлаксацыі розных працэсаў і інш. Па выніках аптычных вымярэнняў выяўляецца інфармацыя аб мікраструктуры асяроддзяў і працэсах, што працякаюць у іх (гл.Спектраскапія). Пасля стварэння лазераў працэсы распаўсюджвання светлавых патокаў у асяроддзі разглядаюцца з пазіцый нелінейнай оптыкі. Выпрамяненне святла адбываецца пры пераходах часцінак рэчыва (атамаў, малекул, іонаў і інш.) з узроўняў з больш высокай энергіяй на энергетычна больш нізкія ўзроўні (спантанна ці вымушана; гл.Вымушанае выпрамяненне, Лазерная фізіка). Паглынанне наадварот — з больш нізкіх узроўняў на больш высокія. У гэтых працэсах выяўляецца квантавая прырода святла, яго фатонная структура. У нялазерных крыніцах святла выпрамяненне спантаннае і такія пераходы ў розных часцінках адбываюцца незалежна адзін ад аднаго, што выяўляецца ў малых кагерэнтнасці і монахраматычнасці, а таксама ў адсутнасці рэзка выражанай накіраванасці выпрамянення. Аптычнае выпрамяненне цеплавых крыніц (Сонца, зоркі, полымя, лямпы напальвання і інш.) з’яўляецца часткай іх цеплавога выпрамянення. Свячэнне, выкліканае інш. фактарамі (не цеплавымі), наз.люмінесцэнцыяй. Праходжанне святла праз асяроддзі суправаджаецца яго рассеяннем на неаднастайнасцях і флуктуацыях іх структуры (гл.Оптыка рассейвальных асяроддзяў, Рассеянне святла), выклікае розныя фіз. (напр., награванне, фоталюмінесцэнцыю, фотаэфект, іанізацыю атамаў і малекул), хім. (гл.Фотахімія, Фатаграфія, Фотабіялогія), мех. (напр., тармажэнне ці паскарэнне часцінак, іх захоп) і інш. з’явы і працэсы. Аптычныя з’явы і метады даследаванняў выкарыстоўваюцца для рашэння навук. і практычных задач. Напр., з дапамогай вока чалавек атрымлівае асн. аб’ём інфармацыі аб навакольным свеце, у т. л. запісанай на розных носьбітах (кнігі, фотаздымкі, відэадыскі, касеты). Карэкцыя зроку, павелічэнне яго далёкасці і раздзяляльнай здольнасці праводзяцца з дапамогай розных аптычных прылад (акуляры, біноклі, тэлескопы, мікраскопы). Развіццё тэхнікі асвятлення, удасканаленне крыніц святла, сродкаў запісу, счытвання, перадачы і захоўвання інфармацыі, аптычных метадаў даследаванняў, вывучэння будовы і хім. саставу рэчыва, апрацоўкі матэрыялаў, у т. л. з дапамогай лазернай тэхнікі, і інш. абумоўлена паглыбленнем ведаў аб законах распаўсюджвання святла і яго ўзаемадзеяння з рэчывам, а таксама развіццём і ўдасканаленнем аптычных прылад.
На Беларусі даследаванні ў галіне О. пачаты ў канцы 1940-х г. у БДУ, праводзяцца таксама ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це прыкладной оптыкі, Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі Нац.АН, БПА, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш.Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка і стварэнне новых лазерных сістэм, вывучэнне заканамернасцей узаемадзеяння лазернага выпрамянення з рознымі асяроддзямі, выкарыстанне лазераў у біялогіі, медыцыне і прамысл. тэхналогіях, распрацоўка апаратуры для лазернага зандзіравання і авіякасм. спектраметрыравання і інш. У Мінску выдаецца міжнар. часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;
Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;
Борн М., Вольф Э. Основы оптики: Пер. с англ. 2 изд. М., 1973;
Ландсберг Г.С. Оптика. 5 изд. М., 1976;
Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;
Степанов Б.И. Введение в современную оптику. [Т. 1—4]. Мн., 1989—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.
У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д.Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).
Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар.т-ра масак — італьян.камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.С.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.Меерхольда, Б.Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).
Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл.т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.
Развіццё бел.прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.Ждановіча, У.Галубка, У.Крыловіча, Г.Грыгоніса, К.Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.Уладамірскі, Г.Глебаў, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая. Акцёры Б.Платонаў, І.Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык, В.Галіна, В.Пола, І.Шаціла, М.Бялінская, М.Звездачотаў, Р.Кашэльнікава, Я.Глебаўская, А.Радзялоўская, С.Бірыла, А.Шэлег.
З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.Станюта, Л.Рахленка, З.Стома, Г.Макарава, Ф.Шмакаў, І.Матусевіч, З.Канапелька, З.Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.Тарасаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, П.Дубашынскі, А.Мілаванаў, Г.Талкачова, У.Куляшоў, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.Кумельскі, А.Кістаў, Дз.Арлоў, А.Клімава, Р.Янкоўскі і інш.).
У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.Купалы і Я.Коласа, з 1945 у Бел.тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.
У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.Пікфард, Л. і Д.Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.Чаплін, Д.Фербенкс, Пікфард, Л.Гіш, І.Мазжухін, А.Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.Габэн, М.Сімон, М.Дзітрых, В.Лі, Л.Аліўе, Ч.Лоўтан, Г.Гарба, Х.Богарт, Г.Фонда, Б.Бабачкін, В.Марэцкая, Л.Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.Філіпа, Ж.Маро, Дж.Мазіны, М.Мастраяні, С.Ларэн, І.Тулін, М. фон Сюдаў, Б.Ланкастэра, С.Трэсі, М.Бранда, З.Цыбульскага, Л.Вініцкай, С.Бандарчука, І.Смактуноўскага, Д.Баніёніса, М.Ульянава.
У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.Дэпардзьё, Дж.Нікалсан, Д.Хофман, Дж.Фонда, Л.Ульман, Х.Шыгула).
У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.Крыловіч, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.Дзянісава, В.Белахвосціка, Т.Мархель, У.Гасцюхіна, Г.Гарбука, М.Яроменкі, С.Сухавей.
Літ.:
Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;
Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;
Няфёд У. Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Яго ж. Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд.Мн., 1989;
Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;
Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;
Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;
Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;
Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;
Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.
А.В.Сабалеўскі (тэатр), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Да арт.Акцёрскае мастацтва. А.Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.Вольскага).Да арт.Акцёрскае мастацтва. М.Ульянаў у ролі маршала Г.К.Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).Да арт.Акцёрскае мастацтва. С.Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.Купалы).Да арт.Акцёрскае мастацтва. Ч.Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт.Акцёрскае мастацтва. Г.Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.Купалы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),
тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д.Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.
Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.М.Гакеля, Дз.П.Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.С.Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.М.Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.Яфімава, М.Папова, Р.Аляхновіча, Б.Расінскага, С.Утачкіна, А.Васільева, Л.Андрэадзі, Л.Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс.м.Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл.Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.П.Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.А.Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.
У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.А.Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.М.Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс.км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.
Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс.км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар.арг-цыяграмадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.
На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт.Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж.авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш.Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.
Літ.:
Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.
Да арт.Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.Ф.Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».Да арт.Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154 Іл-76; 14 — Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).