размеркаванне імавернасцяў ліку здарэнняў некаторай падзеі («поспеху») пры паўторных незалежных выпрабаваннях, калі пры гэтым вядома імавернасць кожнай такой падзеі. Для выпадковай велічыні, што прымае цэлыя значэнні з імавернасцю кожнай падзеі, роўнай p, імавернасць таго, што пры чарговым выпрабаванні будзе , мае выгляд
, дзе — бінаміяльныя каэфіцыенты (адсюль і назва). Пры невял. выпрабаванняў для разлікаў карыстаюцца спец. табліцамі бінаміяльнага размеркавання, пры вялікай — бінаміяльнае размеркаванне набліжаецца да нармальнага размеркавання і можна карыстацца набліжанымі формуламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАБА́НТ (Brabant),
гістарычная вобласць у Бельгіі і Нідэрландах паміж рэкамі Маас і Шэльда. Тэр. Брабанта (назва вядома э 7 ст.) у 4 ст. заваявалі і засялілі франкі. З 870 у складзе герцагства Ніжняя Латарынгія, у 1106—90 стаў самаст. герцагствам. З 1430 уладанне герцагаў Бургундыі (сталіца — г. Брусель), з 1477 — Габсбургаў, адна з 17 правінцый Нідэрландаў гістарычных. Цэнтр Брабанцкай рэвалюцыі 1789—90. З 1792 акупіраваны, у 1794—1814 анексіраваны франц. войскамі. Пасля ўтварэння каралеўства Бельгіі (1830) падзелены паміж ім (прав. Брабант) і Нідэрландамі (прав.Паўн. Брабант). Наследнік бельг. трона мае тытул герцага брабанцкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́Я,
вёска ў Беларусі, у Александрыйскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса «Дняпроўскі». За 12 км на Пн ад Шклова, 50 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Копысь. 333 ж., 164 двары (1995). Сярэдняя школа, б-ка.
Вядома з сярэдзіны 17 ст. як спадчыннае ўладанне ў Шклоўскім графстве Аршанскага пав. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1772) мястэчка ў Копыскім пав., з 1775 уладанне графа С.Г.Зорыча. У 1886 у Александрыі 312 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Копыскім р-не Аршанскай акр., з 8.7.1931 вёска ў Шклоўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́КСА (Adoxa),
род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб.вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.
Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНДЫКА́ЦЫЯ (ад лац. vindicatio абарона, ахова),
у цывільным праве іск уласніка або асобы, якая валодае маёмасцю на законных падставах, аб выпатрабаванні яго з чужога незаконнага валодання. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, патрабуючы маёмасць па віндыкацыі, уласнік мае права таксама патрабаваць ад асобы, якая ведала або павінна была ведаць, што яе валоданне не заснавана на законе, вяртання або выплаты ўсіх даходаў, што гэтая асоба атрымала або павінна была атрымаць за ўвесь час валодання; ад уладальніка, які не ведаў і не павінен быў гэта ведаць, — усіх даходаў, атрыманых ім з таго часу, калі яму стала вядома пра неправамернасць яго валодання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННАЯ МАНАПО́ЛІЯ,
выключнае права дзяржавы на выраб спіртных напіткаў і гандаль імі. Займае важнае месца ў сістэме падаткаабкладання даходаў на карысць дзяржавы за кошт тавараў усеагульнага спажывання. У ВКЛ выключнае права на выраб і продаж спіртных напіткаў належала вял. князю, які перадаваў яго пэўным феадалам і мяшчанству гарадоў. У Расіі вінная манаполія вядома з 16 ст., канчаткова замацавалася ў канцы 19 ст., калі з 1894 па ініцыятыве міністра фінансаў С.Ю.Вітэ пачала праводзіцца піцейная рэформа (з 1897 у Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ.). У СССР частковая вінная манаполія дзейнічала з 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЦАТНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група аднаклетачных мікраарганізмаў, якія акісляюць спірты, вугляводы ў арган. кіслоты і ў інш. рэчывы пры свабодным доступе кіслароду. Належаць да роду Acetobacter. Вядома больш за 20 відаў. Тыповы прадстаўнік — Acetobacter aceti (акісляе этылавы спірт у воцатную к-ту). Пашыраны на садавіне і агародніне, у скіслых фруктовых соках, воцаце і алкагольных напітках. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці воцату.
Бясколерныя палачкападобныя аэробныя арганізмы. Сярэднія памеры клетак (1,2—1,8)×(0,4—0,8) мкм. Маладыя клеткі рухомыя, са жгуцікамі. На паверхні вадкага пажыўнага асяроддзя воцатнакіслыя бактэрыі ўтвараюць плеўку, на шчыльным асяроддзі — вял. гладкія, бліскучыя, слізістыя калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСЕ́КА (Golasecca),
археалагічная культура эпохі жалеза (каля 900—15 да н.э.) на тэр. П’емонта і Ламбардыі, у вярхоўях р. По (Італія). Назва ад могільніка каля г. Мілан. Вядома па грунтавых могільніках тыпу палёў пахавальных урнаў культур. Пахавальны абрад — трупаспаленне, рэшткі якога ссыпаліся ў урну, часам абкладзеную камянямі, ці камеру з каменных пліт. У большасці пахаванняў бедны інвентар, сустракаюцца серыі метал. вырабаў (наканечнікі коп’яў, посуд, вазы з характэрным арнаментам, конская збруя, калясніцы і інш.). На познім этапе культуры трапляюцца надмагільныя стэлы з надпісамі этрускага пісьма (магчыма, гэта італьян. мова, якая зведала значны кельцкі ўплыў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ БОЙ 1943.
Адбыўся 30.11.1943 паміж 425-м партыз. палком і карным атрадам гітлераўцаў у в. Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Камандаванню палка стала вядома, што карнікі занялі в. Гарадзец, жыхароў гэтай і суседніх вёсак (больш за 70 чал.) зачынілі ў трох хлявах і 1 снежня збіраліся спаліць. 1-ы батальён партыз. палка на чале з П.М.Цагельнікавым хутка дабраўся да ўскраіны Гарадзецкага лесу. Атрымаўшы даныя разведкі пра ўзбраенне гарнізона і выставіўшы засады на дарогах да вёскі, партызаны атакавалі ворага. У выніку бою 66 з 70 карнікаў былі знішчаны, мясц. жыхары выратаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯЛІТАІДЭ́І (Heliolitoidea),
падклас вымерлых каланіяльных беспазваночных жывёл кл. каралавых паліпаў. 3 атр., 8 сям., 30 родаў. Жылі ў сярэднім ардовіку — сярэднім дэвоне на мелкаводдзі амаль усіх мораў зямнога шара. На Беларусі мноства знаходак вядома з верхнесілурыйскіх адкладаў на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна), значна радзей трапляюцца ў інш. рэгіёнах (паўн. схіл Бел. антэклізы).
Мелі масіўны вапняковы шкілет, які складаўся з круглых трубак (каралітаў), поласць кожнага была падзелена шматлікімі папярочнымі днішчамі; унутры 12 верт. перагародак (септаў). Паміж каралітамі знаходзіўся прамежкавы шкілет (цэненхіма) з вапняковых пузыркоў (дысепіментаў), трубачак (сіфонапораў) або верт. слупкоў (трабекулаў). Па рэштках геліялітаідэяў вызначаюць узрост палеазойскіх адкладаў.