чужы́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Разм. Тое, што і чужы (у 1 знач.). Парабчанка Кацярына Жне чужынскае дабро. Броўка.

2. Які мае адносіны да чужынца, належыць яму. Над Паставамі хмарай качаецца дым, ад матораў чужынскіх аж стогне абшар. Дубоўка. Толькі той у баях пераможа, Зломіць люты чужынскі рух, Хто пад націскам зграі варожай Захавае свой цвёрды дух. Глебка. // Такі, як у чужынца; халодны, суровы. — А дзе мая шапка? — спытаў [Панця] сурова і ўстрывожана. — Га? — І апёк бацьку бязлітасным, чужынскім позіркам. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́мны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чумы (у 1 знач.). Чумная эпідэмія. □ Праклятыя каты! Яны ўсміхаюцца, Здымаючы з чумных бацыл барышы. Панчанка. // Заражаны чумой (у 1 знач.). [Сасноўскі:] Толькі будзьце асцярожны з гэтым гарылападобным зверам. Чумны звер, калі ён нават у клетцы, страшны. Гурскі.

2. Разм. Шалёны, ашалелы, утрапёны. [Херувім:] «Браты анёлы, што гэта з ім?! Ды ён жа нейкі чумны!» Вярцінскі.

чу́мны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чума, уласцівы чуму. Чумныя жэрдкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́рах, ‑у, м.

1. Глухі гук, шамаценне, шорганне ад лёгкага руху, дотыку, сутыкнення чаго‑н. з чым‑н. Са сваёй бакоўкі Веньямін прыслухоўваўся да шорахаў, што даляталі з Асінага пакойчыка. Навуменка.

2. перан. Дрыжыкі ад страху. Чуваць, як у вёсцы нехта крычыць, — нема, як толькі можа... Пасля стукае кулямёт — як хто, не перастаючы, б’е каменнем у шчыты. Ад гэтага па спіне ідзе шорах і дранцвеюць рукі. Пташнікаў. Успомніўшы чорта, у Юстапа бывала аж шорах па целе пойдзе. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́льда, ‑ы, М ‑дзе, ж.

Дошка з надпісам назвы ўстановы, прадпрыемства і пад.; вывеска. Ходзячы каля прыстанцыйных будынкаў, заўважыў [Анатоль] на адным з іх шыльду «Пошта», зайшоў туды. Пальчэўскі. Новая кватэра, куды пераехалі Віталік і Раман; знаходзілася ў доме з шыльдай «Дзіцячы свет». Даніленка. // перан. Знешні, паказны бок каго‑, чаго‑н. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала. Колас. Лозунг беспартыйнасці быў для.. [буржуазіі] толькі шыльдай, якой яна крывадушна прыкрывала сваю контррэвалюцыйную сутнасць. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АДМАЎЛЕ́ННЕ АДМАЎЛЕ́ННЯ,

адзін з асн. законаў дыялектыкі, які характарызуе агульную структуру развіцця як неабходнасць паступальнага працэсу з момантамі адноснай паўтаральнасці і цыклічнасці (зняцце, паўторнае адмаўленне, узаемапераход процілегласцяў, вяртанне да нібыта старога і інш.). Упершыню сфармуляваны Гегелем. Паводле яго вучэння, цыклічнасць развіцця мае форму руху ад зыходнага стану аб’екта праз яго адмаўленне да ліквідавання самога гэтага адмаўлення. Так, катэгорыя якасці (непасрэдная, унутраная пэўнасць рэчы) адмаўляецца колькасцю (апасродкаваная, знешняя пэўнасць), а колькасць «здымаецца» ў катэгорыі меры (якаснай колькасці, ці колькаснай якасці). Гегель надаваў трыядзе (зыходны момант — адмаўленне — адмаўленне адмаўлення) асаблівае значэнне як спосабу руху лагічных паняццяў. Разам з тым ён трактаваў яе толькі як знешні бок пазнання. Таму няма ніякіх падстаў атаясамліваць дыялектычнае паняцце развіцця ўвогуле з трыядамі. Пошукі трыяды як існуючых асобных ступеняў адзінага працэсу ў многіх выпадках вядуць да грубай схематызацыі рэальнай рэчаіснасці. У тым ці іншым сваім выглядзе адмаўленне ранейшых формаў існавання — неабходная ўмова развіцця ў любой сферы рэчаіснасці. Разам з тым у самім характары адмаўлення ёсць аб’ектыўная магчымасць момантаў паўторнасці і вяртання да нібыта старога, нелінейнасці працэсу развіцця. Аднаўленне ў вышэйшай стадыі некаторых рысаў ніжэйшай абумоўліваецца ўзаемапераходам процілегласцяў адна ў адну, зніжэннем узроўню арганізацыі сістэмы пры яе дэструкцыі, захаваннем пераемнасці адмаўляючага і адмаўляемага ў актах зняцця і трансфармацыі. Адмаўленне адмаўлення закон у інтэграцыі сваіх рысаў выяўляецца ў спецыфічных працэсах прыроды і чалавечай гісторыі і з асаблівай нагляднасцю — у сучасных сац. падзеях.

Ю.А.Харын.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, значэнне якой у кожным пункце яе вобласці вызначэння роўнае суме ступеннага шэрага, які збягаецца ў некаторым наваколлі гэтага пункта. Да аналітычнай функцыі адносяцца: рацыянальная функцыя, паказнікавая функцыя, лагарыфмічная функцыя, трыганаметрычныя функцыі, адваротныя трыганаметрычныя функцыі, іх разнастайныя кампазіцыі, а таксама функцыі, адваротныя да гэтых кампазіцый. Існуюць аналітычныя функцыі аднаго або некалькіх рэчаісных ці камплексных пераменных. Функцыя 𝑓(z) аднаго комплекснага пераменнага z=x+iy наз. аналітычнай функцыяй у пункце z0, калі ў некаторым наваколлі h гэтага пункта існуе канечная вытворная f′(z) = lim h 0 f(z + h) f(z) h (дыферэнцыравальнасць функцыі), што мае месца ў тым і толькі ў тым выпадку, калі выконваецца ўмова Кашы—Рымана dt dz_ = 0 , дзе z_ = x + y. Асновы тэорыі аналітычнай функцыі былі закладзены А.Кашы, Б.Рыманам і К.Веерштрасам, С.В.Кавалеўскай і інш. На Беларусі даследаванні па тэорыі аналітычнай функцыі пачаліся ў 1930-я г. ў БДУ (М.В.Ламбін, М.Л.Лукомская), з 1960-х г. праводзяцца ў АН, БДУ і інш. ВНУ рэспублікі (Ф.Дз.Гахаў, Э.І.Звяровіч і інш.). Аналітычныя функцыі маюць шматлікія дастасаванні ў матэм. аналізе (вылічэнне вызначаных інтэгралаў), у геаметрыі (канформныя адлюстраванні), у тэорыі пругкасці, гідрадынаміцы, электрадынаміцы і інш. навуках. Гл. таксама Кашы інтэграл, Кашы тэарэма.

Літ.:

Маркушевич А.И. Теория аналитических функций. Т. 1—2. М., 1967—68;

Шабат Б.В. Введение в комплексный анализ. Ч. 1—2. 3 изд. М., 1985;

Гахов Ф.Д. Краевые задачи. 3 изд. М., 1977.

Э.І.Звяровіч.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

від метрычнага вершаскладання, заснаваны на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у радках. Узнікла ў 8 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі, у 3 ст. да н.э. перайшло ў Рым. Асн. рытмічная адзінка антычнага верша — стапа з пэўным чаргаваннем доўгіх (-) і кароткіх (◡) складоў. Адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага склада, наз. морай (у доўгім складзе былі 2 моры). Раўнамернае чаргаванне пэўных стоп стварала выразны метрычны малюнак, або метр; паўтарэнне той ці іншай колькасці аднолькавых стоп утварала памер вершаваны. Часам у вершаваных радках у строгай паслядоўнасці чаргаваліся розныя стопы (такія вершы наз. лагаэдамі).

Найб. важныя стопы: 3-морныя — ямб (◡ -), харэй (- ◡), трыбрахій (◡◡◡); 4-морныя — дактыль (- ◡◡), амфібрахій (◡-◡), анапест (◡◡ -), спандэй (- -); 5-морныя — бакхій (◡ - -), амфімакр (- ◡ -), антыбакхій (- - ◡) і 4 пеоны (- ◡◡◡, ◡ - ◡◡, ◡◡ - ◡, ◡◡◡ -), 6-морныя — молас (- - -), харыямб (- ◡◡ -), антыспаст, або ямбахарэй (◡ - - ◡), і 2 іонікі (◡◡ - - і - - ◡◡); 7-морныя — 4 эпітрыты (◡ - - -, - ◡ - -, - - ◡ -, - - - ◡.

Найб. пашыраныя вершаваныя памеры антычнага вершаскладання — гекзаметр і пентаметр. Антычныя аўтары не ведалі рыфмы, аднак строга вытрымлівалі ў радках чаргаванне аднатыпных клаўзул. Асобныя радкі ядналіся ў строфы (алкеева страфа, сапфічная страфа, элегічны двуверш). Антычнае вершаскладанне зрабіла вял. ўплыў на ўсю еўрап. паэзію. У сілаба-танічным вершаскладанні захаваліся асн. прынцыпы метрычнай арганізацыі стапы, радка і страфы (толькі замест доўгіх складоў — націскныя, а замест кароткіх — ненаціскныя). У бел. сярэдневяковай паэзіі на лац. мове сістэмай антычнага вершаскладання карысталіся Я.Вісліцкі, І.Іяўлевіч, антычным вершам напісана паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра».

В.П.Рагойша.

т. 1, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛЧЭ́ННЕ,

1) часовае ваеннае фарміраванне (пераважна добраахвотнае) з цывільнага насельніцтва для адпору ворагу ў надзвычайных умовах. Вядома са старажытнасці. Пры феадалізме універсальная сістэма агульнай мабілізацыі доўгі час масавае народнае апалчэнне было асн. спосабам разгортвання войска, ядро якога складала княжацкая (каралеўская, ханская) дружына. Апалчэннем наз. таксама сярэдневяковыя ваен. фарміраванні міліцыйнага тыпу (рыцарскае, дваранскае, гарадское апалчэнне). У Расіі вядомы масавыя апалчэнні ў 1611—12, 1812, 1855—56. Вял. ролю адыграла Народнае апалчэнне ў Вял. Айч. вайне 1941—45.

На тэр. Беларусі апалчэнне наз. пагоняй. У 13—14 ст. адыгрывала важнейшую ролю ў абароне краіны. У сталым сярэднявеччы масавую мабілізацыю сялян замяніла феад. апалчэнне (ахоплівала ўсіх землеўладальнікаў). Велічыня зямельнага надзелу вызначала памер вайсковай павіннасці (земскай службы). Ухвалу (пастанову) аб скліканні ўсеагульнага апалчэння мог прыняць толькі вальны сойм. Войскі апалчэння мелі ўласную вял. харугву. Кіраваў апалчэннем найвышэйшы, з 17 ст. вял. гетман літоўскі. Нярэдка камандаванне прымаў кароль і вял. князь ВКЛ. Апалчэнне з тэр. ўсёй дзяржавы склікалася ў 1528, 1567, 1654 і інш. гады. З 17 ст. эфектыўнасць такой формы арганізацыі войска знізілася, але інстытут апалчэння існаваў да канца 18 ст.

2) Дзярж. апалчэнне — частка ўзбр. сіл Расійскай імперыі ў 1874—1917 (прызначалася для папаўнення дзеючай арміі і дапаможнай службы ў ваен. час). Аналагічная катэгорыя ваеннаабавязаных у Венгрыі наз. гонвед, у Аўстра-Венгрыі і Германіі — ландвер і ландштурм.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКАЎСКІ КАПІТА́Л,

сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.

Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.

Т.І.Адамовіч.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАНЦАВА МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак. паміж паўн. берагам Еўропы і а-вамі Шпіцберген, Зямля Франца-Іосіфа і Новая Зямля. Абмывае берагі Расіі і Нарвегіі. На З мяжуе з Нарвежскім морам, у паўд. частцы злучаецца з Карскім м. пралівам Карскія Вароты і з Белым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 1424 тыс. км². Размешчана б.ч. на шэльфе; найб глыб. 600 м, пераважныя глыб. 360—400 м. Берагі фіёрдавыя, высокія, скалістыя, моцна парэзаныя, на У ад п-ва Канін нізкія і слабапарэзаныя. Залівы: Порсангер-фіёрд, Варангер-фіёрд, Мотаўскі, Кольскі, Пячорская губа, Чэшская губа і інш. Найб. в-аў Калгуеў. Упадаюць р. Пячора, Індыга.

Клімат арктычны, але пад уплывам цёплага Нардкапскага цячэння (адгалінаванне Гальфстрыма) зіма адносна мяккая. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пн і У ніжэй за -1 °C, на ПдЗ 3—5 °C. У жн. на Пд 7—12 °C, на У 3—5 °C, на Пн ніжэй за 0 °C. Салёнасць на Пн 32—33%, на ПдЗ — каля 35%. Зімой не замярзае толькі паўд.-зах. частка, на Пн лёд трымаецца круглы год. Прылівы паўсутачныя (да 6,1 м). Раслінны і жывёльны свет багаты і разнастайны. Рыбалоўства (траска, селядзец, пікша, сайда, марскі акунь, камбала). Мае вял. трансп. значэнне. Гал. незамярзаючыя парты: Мурманск (Расія), Вардзё (Нарвегія). Назва ў гонар галандскага мараплаўца В.Барэнца.

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)