расійскі жывапісец і мастацтвазнавец. Нар. мастак СССР (1956). Акад.АНСССР (1943), АМСССР (1947). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1894—96) у І.Рэпіна, маст. школе А.Ажбе (1896—98) у Мюнхене. У 1913—25 узначальваў Траццякоўскую галерэю. Выкладаў у Маскоўскім ун-це (праф. з 1921), маст. ін-це (1937—43, дырэктар). У 1944—60 дырэктар Ін-та гісторыі мастацтваў АНСССР. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» і «Саюз рускіх мастакоў». Раннія творы выкананы пад уплывам югендстылю («Дама з сабачкам», 1899). У пач. 1900-х г. творча выкарыстоўваў метады імпрэсіянізму, ствараў жыццесцвярджальныя, мажорныя пейзажы («Вераснёўскі снег», 1903; «Белая зіма», «Грачыныя гнёзды», «Сакавіцкі снег», «Лютаўскі блакіт», усе 1904). У пейзажах пазнейшага часу відавочна імкненне да абагульненых вобразаў («Ясны восеньскі вечар», 1923; «Зімні сонечны дзень», 1941). Выканаў партрэты дзеячаў культуры (М.Дз.Зялінскага, 1923, М.В.Марозава, 1934, С.А.Чаплыгіна, 1935, С.С.Пракоф’ева, 1941), пісаў карціны на гісторыка-рэв. тэмы. Аўтар манаграфічных даследаванняў пра рус. мастакоў Феафана Грэка, А.Рублёва, В.Сярова і інш. Па ініцыятыве і пры ўдзеле Грабара выдавалася першая «Гісторыя рускага мастацтва» (т. 1—6, 1909 — 16); адзін з аўтараў «Гісторыі рускага мастацтва» (т. 1—13, 1953—69). Адзін з заснавальнікаў рэстаўрацыйнай справы, аховы помнікаў мастацтва і даўніны. У Нац.маст. музеі Беларусі 7 твораў Грабара, у т. л. «Водблеск світання» (1904), аўтапартрэт у сінім касцюме (1935) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
И.И.Левитан: Жизнь и творчество. М., 1913 (разам з С.Глаголем);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́МЕЛЬ (Ян) (1780, г. Елгава, Латвія — 30.8.1840),
бел. жывапісец, рысавальшчык. Скончыў Віленскі ун-т (1809) і выкладаў у ім (1809—20). У 1820—22 па лжывым абвінавачванні ў крымінальным злачынстве сасланы ў Сібір. З 1822 жыў у Мінску. Творчасць Д. сфарміравалася пад уплывам класіцызму. Майстар гіст. жанру: «Смерць князя Панятоўскага», «Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам» (абедзве 1820-я г.), «Хрышчэнне славян», «Чарнецкі пераплывае Піліцу», «Смерць Глінскага ў няволі», «Вызваленне Т.Касцюшкі з цямніцы» (1830-я г.), «Твардоўскі паказвае Сігізмунду Аўгусту цень яго жонкі Барбары», «Напалеон на бівуаку пад Аўстэрліцам», «Цар Аляксандр I падпісвае ў Вільні амністыю», «Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.», «Разбітыя войскі Напалеона на плошчы ратушы ў Вільні» і інш. Імкнуўся дакладна аднавіць рэальную карціну падзей. У 1820 выканаў эскізы і малюнкі на тэмы вайны 1812, у 1821—22 — шматлікія (некалькі альбомаў) малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры, партрэты («Група татар», «Партрэт Томаса дэ Берваля» і інш. з «Дзённіка падарожжа ў Сібір»), пейзажы («Захад сонца ў Табольску»), размалёўкі Евангелісцкага касцёла ў Табольску і касцёла бернардзінцаў у Томску. Аўтар жывапісных твораў на рэліг. сюжэты (сярэдзіна 1820-х — 1830-я г.): «Святая дзева з дзіцем», «Хрыстос і самарыцянка», «Адрачэнне святога Пятра», «Палажэнне ў труну», «Маленне аб чашы», «Спакушэнне Хрыста», «Агар у пустыні». Напісаў партрэты кн. Д.Радзівіла, графаў І.Храптовіча і К.Тышкевіча, рэктара Віленскага ун-та Ш.Малеўскага, ксяндза Ф.Галанскага, «М.Равіч з сынам», «А.Горват з жонкай», «Валатковіч з жонкай», дзярж. дзеячаў М.Спяранскага, С.Строганава, Е.Кабылінскага і інш. Партрэтам уласціва тонкая псіхал. характарыстыка, некаторыя (аўтапартрэт, партрэт праф. Я.Рустэма) маюць рысы рамантызму. Аўтар пейзажаў Мінска і яго ваколіц («Вадзяны млын», «Дрэвы пад вадой»).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в.Мн., 1974.
Я.Дамель. Аўтапартрэт.Я.Дамель. Партрэт І.Л.Храптовіча (копія карціны мастака І.Грасі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЛА (Язэп) (Восіп Лявонавіч; псеўд.Назар Бываеўскі, Тодар Кулеша іінш.; 14.4.1880, г. Слуцк Мінскай вобл. — 7.4.1973),
бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі (1890—98), Юр’еўскім вет. ін-це (г. Тарту, 1899—1903), адкуль выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1903—04 у газ. «Северо-Западный край» (Мінск). У 1905 вёў нелегальную работу сярод бел. сялян. У 1906—18 працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы. У студз.—лютым 1919 камісар працы ў Часовым рабоча-сял.сав. урадзе Беларусі. У 1921—24 на розных кіруючых пасадах у Мінску. З 1924 правадз. член і вучоны сакратар Інбелкульта, дырэктар Ін-та па вывучэнні мастацтва, дырэктар БДТ-1 (Нац. тэатр імя Я.Купалы), нам. загадчыка Белдзяржкіно. У 1930 рэпрэсіраваны. З 1931 жыў і працаваў у Саратаве. Рэабілітаваны ў 1957. Як пісьменнік дэбютаваў у «Нашай ніве» абразком «Перад раніцаю...» (нап. 1909), вер шам «Вечар ясны, ціхі...» (1912). У 1918 змясціў у «Дзянніцы» шэраг публіцыст. артыкулаў. Аўтар драм. твораў «Пінскі гайдук» (паст. 1924, выд. 1926), «Падуанскі студэнт» (апубл. 1981, пра Ф.Скарыну, не закончаны), «Юнак з Крошына» (1965, пра П.Багрыма), рамана «На шляху з варагаў у грэкі» (не закончаны), гіст. аповесці («Настасся Мякота», 1968, пазнейшая назва «У імя дзяцей»), успамінаў пра А.Абуховіча, Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Райніса, прац аб тэатр. жыцці Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пад псеўд. А.Дыла выдаў кн. для дзяцей «Храбры Юрка» (1934), «Белачка» (1935). Пераклаў на бел. мову вершы М.Канапніцкай, п’есы Я.Райніса «Гірт з воўчага логу», Э.Сінклера «Злодзей», Я.Яноўскага «Гнеў» і інш.
Тв.:
Творы. Мн., 1981.
Літ.:
Лаўшук С.С. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́ЦІН (Іван Іванавіч) (1.11.1873, в. Крывуліна Цвярской вобл., Расія — 25.5.1942),
рускі і бел.літ.-знавец. Акад.АН Беларусі (1928), чл.-кар.АНСССР (1929), д-рфілал.н. (1934). Скончыў Пецярбургскі гісторыка-філал.ін-т (1897). З 1904 прыват-дацэнт Варшаўскага, потым Пецярбургскага, з 1908 праф. Варшаўскага, з 1917 — Данскога ун-таў, з 1922 — БДУ, з 1931 — Мінскага пед. ін-та. Адначасова працаваў у Інбелкульце (з 1925), АНБССР (з 1929). 4.4.1938 арыштаваны, высланы ў Комі АССР, дзе памёр у турэмнай бальніцы. У працах па гісторыі рус. л-ры 19 ст. выступаў як прадстаўнік культурна-гістарычнай школы ў літ.-знаўстве. Даследаваў эстэт. прынцыпы, літ. плыні і стылі рус. рамантычнай л-ры 1820—30-х г. ва ўзаемасувязях з зах.-еўрап. л-рай, станаўленне рэаліст. метаду ў рус. л-ры 1840—60-х г. (творчасць М.Гогаля, В.Бялінскага, М.Чарнышэўскага, І.Тургенева, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога і інш.), гісторыю рус. крытыкі і журналістыкі, праблемы рус. л-ры канца 19 — пач. 20 ст. Вывучаў гісторыю і тэорыю бел. л-ры [«Пуціны беларускай літаратуры (Я.Колас — «Новая зямля»)», 1924; «Паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» як аўтахарактарыстыка», 1926; «Чарговыя задачы вывучэння гісторыі беларускай літаратуры», 1928, і інш.]. Працы З. садзейнічалі станаўленню бел. тэксталогіі (акад. выданне твораў М.Багдановіча, 1927—28, і інш. пісьменнікаў), методыкі выкладання л-ры.
Тв.:
Романтизм двадцатых годов XIX ст. в русской литературе. Т. 1—2. Варшава, 1903—07;
Сороковые и шестидесятые годы. Варшава, 1911;
М.А.Багдановіч // Узвышша. 1927. № 2, 3, 5;
Беларуская драматургія. [Ч.] 1. Драматычныя творы Я.Купалы // Тамсама. № 1;
Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Вып. 1—2. Мн., 1927—28;
Драматычныя творы Ц.Гартнага // Полымя. 1928. № 9;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКА-АРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1929 (да 1959 Ін-т хіміі АНБССР). На базе аддзела біяарган. хіміі ін-та створаны Інстытут біяарганічнай хімііНац.АН Беларусі (1974), на базе аддзела мадэльных установак — Хіміка-тэхнал. цэнтр Нац.АН Беларусі (1993). У Ін-це (1998): 4 аддзелы, 1 лабараторыя, аспірантура.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: стварэнне новых мембран, палімерных сарбентаў і іонаабменных валокнаў, палімераў водарастваральных і тэхн. прызначэння; распрацоўка новых метадаў сінтэзу арган. і элементаарган. злучэнняў, тэхналогіі ачысткі вады і паветра, метадаў атрымання лек. прэпаратаў; даследаванне каталітычных сістэм на аснове палімерных валокнаў, свабоднарадыкальных рэакцый у кандэнсаванай фазе. Распрацаваны: антыблочная кампазіцыя для вытв-сці цэлафану; антыстатык «Тэтрамікс», штучныя глебы для раслін; радыехім. метады і прамысл. тэхналогія вырабу заменнікаў крыві (прэпараты Рандэкс, Неарандэкс і інш.); тэхналогіі атрымання лесахім. прадукцыі (політэрпены, лыжныя мазі, садовы вар, кляі, бактэрыцыдныя прэпараты, рэгулятары росту раслін) і дапаможных матэрыялаў для электроннай і радыёпрам-сці (фотарэзістары, паляроідныя плёнкі, кантрастузмацняльныя матэрыялы, матэрыял для электравізуалізацыі); каталізатары вытв-сці капралактаму, элементарнай серы і працэсу рыфромінгу; тэхналогія вытв-сці з бульбы рэагенту дэпрэсарту і вылучэння біялагічна актыўных рэчываў з воднага асяроддзя і прадуктаў мікробнага сінтэзу; метады сінтэзу бензахіналінаў, амінаў, пірыдзінаў, ртутнаарган. злучэнняў, разнастайных функцыянальна замешчаных аліфатычных і гетэрацыклічных полігалагенарган. злучэнняў, арган. пераксідаў; электрахім. спосабы атрымання π-комплексаў пераходных металаў. На аснове распрацаваных тэхналогій наладжана вытв-сць ультра- і мікрафільтрацыйных мембран і мембраннага абсталявання, хімічна актыўных тэкст. матэрыялаў і фільтрацыйнага абсталявання для ачысткі паветра прадпрыемстваў рознага профілю ад таксічных прымесей. Асвоены выпуск лек. прэпаратаў на аснове чыстых амінакіслот. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі А.А.Ахрэм, Б.В.Ерафееў, М.С.Казлоў, К.М.Караткоў, С.М.Ліпатаў, М.І.Міцкевіч, Я.М.Павушкін, М.М.Паўлючэнка, М.А.Прыляжаеў, У.В.Шкатэлаў, М Ф.Ярмоленка, чл.-кар. Ю.А.Альдэкоп, І.І.Бардышаў, П.І.Бялькевіч; працуюць акад.Нац.АН Беларусі У.С.Салдатаў (дырэктар з 1981), чл.-кар. У.Я.Агабекаў, М.А.Майер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ, кадэты, к.-д., партыя «народнай свабоды»,
палітычная арг-цыя леваліберальнага кірунку, адна з гал. партый у Расіі ў 1905—17. Аформілася на 1-м (12—18.10.1905, Масква) і 2-м (4—11.1.1906, Пецярбург) з’ездах на аснове арг-цый «Саюз вызвалення» і «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (засн. ў 1903—04) у ходзе рэвалюцыі 1905—07. Сац. склад — інтэлігенцыя, сярэдняя гар. буржуазія і ліберальна настроенае дваранства, а таксама служачыя, настаўнікі, рабочыя і інш. Паводле праграмы выступала за эвалюцыйнае развіццё рас. грамадства, замену самаўладства канстытуцыйнай і парламентарнай манархіяй на ўзор Вялікабрытаніі, мясц. самакіраванне, культ.-нац. самавызначэнне народнасцей, з аўтаноміяй для Польшчы, Фінляндыі і інш. У Дзярж. думе блакіраваліся з акцябрыстамі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіруючая партыя, яе прадстаўнікі ўваходзілі ў склад 3 кааліцыйных кабінетаў Часовага ўрада. Выступала за ліквідацыю двоеўладдзя, скліканне Устаноўчага сходу, правядзенне агр. і нац. рэформ. У кастр. 1906 70 тыс. членаў, у сак. 1917 да 100 тыс. членаў. Лідэры: П.М.Мілюкоў, П.Б.Струвэ, А.І.Шынгароў і інш.Афіц. друкаваныя органы — штотыднёвік «Вестник партии народной свободы» і газ. «Речь»; кадэцкай арыентацыі прытрымліваліся каля 70 цэнтр. і мясц. газет і часопісаў. У 1905—17 адбылося 10 з’ездаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 як праціўнік партыі бальшавікоў падтрымлівала белагвардзейскія ўрады. З 1920 у эміграцыі. На тэр. Беларусі арг-цыі кадэтаў існавалі ў 1905—06 у Магілёве і Пінску, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 да ліст. 1917 іх было больш за 30 (дзейнічалі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, 28 у пав. гарадах і населеных пунктах).
Літ.:
Шелохаев В.В. Идеология и политическая организация российской либеральной буржуазии 1907—1914 гг.М., 1991;
Шардыка І.У. Да пытання аб колькасным і сацыяльным складзе арганізацый кадэцкай партыі на Беларусі ў 1917 г. // Весн. Бел.дзярж. ун-та. Сер 3. 1992. № 3.
Варшава — жн. 1942], польскі педагог, урач-педыятр, дзіцячы пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч. Скончыў мед.ф-т Варшаўскага ун-та (1905). Працаваў урачом у дзіцячай бальніцы ў Варшаве, выхавальнікам у дзіцячых летніх калоніях (уражанні адлюстраваны ў кн. «Моські, Ёські і Срулі», 1910, «Юзькі, Яські і Франкі», 1911). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля яе заканчэння кіраваў у Варшаве дзіцячымі прытулкамі («Дом сірот» і «Наш дом»), выкладаў у Ін-це спец. педагогікі, Свабодным польск. ун-це, выступаў як эксперт у судзе па справах непаўналетніх і інш. Аўтар кніг пра выхаванне: «Выхаваўчыя моманты» (1919), «Правілы жыцця» (1930), «Жартаўлівая педагогіка» (1939); мастацкіх твораў для дзяцей і пра дзяцей: «Кароль Мацюсь Першы» (1923), «Калі я зноў стану маленькім» (1925) і інш. Захаваўся «Дзённік» К., які ён вёў у 1942 у гета (надрук. 1958). К. выпрацаваў уласную педканцэпцыю шляхоў фарміравання дзіцяці як асобы (выкладзена ў кн. «Як любіць дзіця», т. 1, 2; 1920—21). Зыходны яе тэзіс — дзіця як самаст., адносна незалежная ад інш. волі асоба. Адстойваў ідэі паўнацэннасці дзіцяці як чалавека. Мэтай выхавання лічыў поўнае і гарманічнае развіццё дзіцяці, фарміраванне яго асобы ў адпаведнасці з ідэаламі дабрыні, прыгажосці і свабоды. Стрыжань яго выхаваўчай сістэмы — абуджэнне ў дзіцяці патрэбы да самапазнання, самаацэнкі, самакантролю і волі да самаўдасканалення. Адхіліўшы прапановы аб уцёках з варшаўскага гета, разам з 200 выхаванцамі і ўсім персаналам «Дома сірот» загінуў у канцлагеры Трэблінка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.Бяганская, У.Васілевіч.
Тв.:
Бел.пер. — Кароль Мацюсь Першы Мн., 1970;
Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве. Мн., 1982;
Рус.пер. — Избр. пед. произв. М., 1979;
Педагогическое наследие. М., 1990.
Літ.:
Шлензакова А.Я. Януш Корчак: Пер. с пол. Варшава, 1978;
Педагогическое наследие Януша Корчака: Библиогр. указ. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СКІ (Мікалай Ануфрыевіч) (6.12.1870, г. Краслава, Латвія — 24.1.1965),
філосаф, заснавальнік інтуітывізму, прадстаўнік персаналізму ў Расіі. Атрымаў адукацыю ў Пецярбургскім ун-це (1891—98), скончыўшы фізіка-матэм. і гісторыка-філал. ф-ты. Д-р філасофіі (1907). З 1916 праф. Пецярбургскага ун-та. У 1922 высланы за мяжу. Выкладаў ва ун-тах Прагі, Брно, Браціславы (да 1945). У 1946 пераехаў у ЗША (праф. філасофіі Свята-Уладзіміраўскай духоўнай акадэміі ў Нью-Йорку, 1947—50). У аснову тэорыі пазнання Л. пакладзена сістэма т.зв. інтэгральнага інтуітывізму — любы прадмет пазнаецца шляхам інтуіцыі (інтэлектуальнай, пачуццёвай, містычнай) у залежнасці ад характару аб’екта. У вучэнні аб быцці (анталогіі) зыходзіў з таго, што свет складаецца з мноства субстанцый — звышпрасторавых і звышчасавых ідэальных асоб, «субстанцыянальных дзеячаў», падобна паняццю манады Г.Лейбніца, якія звязаны паміж сабой і звышсусв. пачаткам (Богам) і ўтвараюць вышэйшую сферу свету — Царства Божае, або Царства гармоніі. У сваіх этычных працах развіваў анталагічную тэорыю каштоўнасцей, паводле якой абс. каштоўнасці ўвасоблены ў «паўнаце быцця», У Богу; грамадства, у якім знікаюць уяўленні аб вышэйшых каштоўнасцях і ідэалах, становіцца арэнай неўтаймаванага эгаізму і маральнага хаосу, што вядзе да ўзаемнага непаразумення і бязлітаснасці, росту злачыннасці, духоўнаму збядненню ўнутр. свету асобы. На яго думку, у рамках маральнага прагрэсу, які падымае сусв. істоты на больш высокія ступені дасканаласці, адбываецца і маральны рэгрэс — працэс аддалення ад Бога носьбітаў «сатанінскай прыроды»; у гісторыі адбываецца рух «ад нуля» ў бок абс. дабра і адноснага зла, прамежкавых фаз на шляху прагрэсу да больш высокіх форм боскага дабра і справядлівасці.
Тв.:
Свобода воли. Париж, 1927;
Избранное. М., 1991;
Условия абсолютного добра. М., 1991;
Чувственная, интеллектуальная и мистическая интуиция. М., 1995.
Літ.:
Старченко Н.Н. Мир, интуиция и человек в философии Н.О.Лосского. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНАЧА́РСКІ (Анатоль Васілевіч) (23.11. 1875, г. Палтава, Украіна — 26.12.1933),
савецкі дзярж. дзеяч, філосаф, пісьменнік і мастацтвазнавец. Акад.АНСССР (1930). Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це (1895—96). З 1892 у с.-д. руху, у 1910—17 чл.с.-д. груп «Наперад», «Пралет.л-ра» і «міжраёнцаў», супрацоўнічаў у бальшавіцкіх газетах «Вперед», «Пролетарий» і інш. У 1917—29 нар. камісар асветы РСФСР; адзін з арганізатараў сав. сістэмы адукацыі. Садзейнічаў арг-цыі БДУ у Мінску (1921). Вял. ролю адыграў у развіцці кнігавыдання і бібліятэчнай справы, у арг-цыі перакладаў рус. кніг на замежныя мовы і ў выданні перакладаў на рус. мову. 3 вер. 1929 старшыня Вучонага к-та пры ЦВКСССР. Са жн. 1933 паўнамоцны прадстаўнік СССР у Іспаніі. Аўтар прац па эстэтыцы, філасофіі, міжнар. палітыцы, тэорыі і гісторыі л-ры, т-ра, выяўл. мастацтва, кіно, музыкі. Адзін з тэарэтыкаў сацыялістычнага рэалізму. Яго п’есы «Фауст і горад» (1918), «Олівер Кромвель» (1920), трылогія пра Т.Кампанелу (напісаны 2 ч.: «Народ», 1920; «Герцаг», 1922), «Падпальшчыкі» (1924, паст. т-рам імя Я.Купалы пад назвай «Чырвоная маска», 1925), «Аксаміт і лахманы» (1927) і інш. прасякнуты напружанай філас. думкай і ўзвышаным пафасам тыранаборства. Аўтар цыкла апавяданняў «Маленькія фантазіі», кінасцэнарыяў. Перакладаў на рус. мову ўрыўкі з «Фауста» І.В.Гётэ, вершы Ш.Пецёфі і інш. Высока цаніў творчасць Я.Коласа, М.Багдановіча, Я.Пушчы і асабліва Я.Купалы, якога называў «бацькам новай бел. паэзіі». Напярэдадні 25 годдзя літ. дзейнасці Я.Купалы апублікаваў арт. «Народны паэт Беларусі» (1930), прысвяціў яму верш-экспромт.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1963—67;
Статьи о литературе Т. 1—2. М., 1988.
Літ.:
Исаев С.Г. Жизнь и деятельность Луначарского (1917—32). Т. 1—3, кн. 1—5. Душанбе, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́СЕНКА (Мікалай Віталевіч) (22.3. 1842, с. Грынькі Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 6.11.1912),
украінскі кампазітар, піяніст, хар. дырыжор, муз. фалькларыст, педагог; заснавальнік нац. кампазітарскай школы. Скончыў Кіеўскі ун-т (1865), вучыўся ў Лейпцыгскай (1867—69) і Пецярбургскай (1874—76, клас М.Рымскага-Корсакава) кансерваторыях. Арганізаваў хор Кіеўскага ун-та (1864), укр. хор у Пецярбургу (1874), муз.-драм. школу (1904; з 1918 Муз.-драм.ін-т імя Л.) у Кіеве і інш. Яго музыка адметная яскравым нац. каларытам, арганічным развіццём асноў нар.-песеннай культуры, дэмакр. ідэямі. Садзейнічаў станаўленню ўкр. оперы, узбагаціў муз.-сцэн. і вак. жанры, паклаў пачатак многім інструментальным жанрам у нац. музыцы. Збіраў і вывучаў фальклор, стварыў класічныя ўзоры апрацовак нар. песень. Сярод твораў: 9 опер, у т. л. «Тапельніца» (паст. 1885), дзіцячая «Каза-дзераза» (паст. 1888), «Наталка Палтаўка» (паст. 1889), «Тарас Бульба» (паст. 1890), «Энеіда» (паст. 1911); аперэта «Чарнаморцы» (паст. 1872); цыкл «Музыка да «Кабзара» Т.Шаўчэнкі» (больш за 80 вак. твораў розных жанраў, у т. л. песні, ансамблі, хары, кантаты, 1868—1901); сімф. фантазія «Украінскі казак-шумка», «Украінская сюіта», «Гераічнае скерца» і 2 укр. рапсодыі для фп.; вак. кампазіцыі на тэксты І.Франко, С.Руданскага, Лесі Украінкі; апрацоўкі нар. песень для голасу з фп. (каля 300), для хору (больш за 200) і інш. Аўтар шэрагу муз.-фалькларыстычных прац. Імя Л. прысвоена Харкаўскаму т-ру оперы і балета, Львоўскай кансерваторыі і інш. У Кіеве музей Л. У 1982 устаноўлена Рэсп. прэмія Украіны імя Л.
Тв.:
Зібрання творів. Т. 1—20. Київ, 1950—59;
Листи. Київ, 1964.
Літ.:
Лысенко О. Микола Лысенко: Воспоминания сына. М., 1960;
Архімович Л., Гордійчук М. М.В.Лисенко. 2 вид. Київ, 1963;
М.В.Лисенко у спогадах сучасників. Київ, 1968;
Курковський Г.В. М.В.Лисенко — піаніст-виконавець. Київ, 1973;