функцыянаванне і развіццё літаратуры ў пэўную эпоху і на працягу ўсёй гісторыі нацыі, дзяржавы, рэгіёна, свету. Уключае самі творы, формы іх грамадскага існавання (публікацыі, выданні, літ.-крытычныя ацэнкі і тэарэт. інтэрпрэтацыі, чытацкія рэагаванні), дзейнасць творцаў (пісьменніцкія з’езды, канферэнцыі, літ. дыскусіі), узаемадзеянне нац. л-р, л-ры з інш. відамі мастацтваў (тэатр, кіно, музыка) і агульнакульт. з’явамі. На Л.п. уплываюць грамадска-паліт. абставіны, якія могуць абмяжоўваць, паралізоўваць літ.-маст. жыццё ці, наадварот, спрыяць яго ўсебаковаму развіццю. Сувязь паміж грамадска-эканам. і літ.-маст. працэсамі не заўсёды прамая і адназначная. Бывае, што ва ўмовах рэакц. ладу паспяхова развіваецца вял.л-ра (напр., у Расіі ў 19 ст.). Такім чынам, Л.п. з’яўляецца часткаю грамадска-гіст. працэсу, але валодае і пэўнай аўтаномнасцю, бо духоўна-эстэт. памкненні пісьменнікаў як элітарна-самакаштоўныя нярэдка апярэджваюць свой час. У цэлым Л.п. прагрэсіўна-паступальны і вызначаецца ў адпаведнасці са зменамі грамадскіх ідэй, густаў, інтарэсаў зменамі стыляў творчасці [міфалагічны, рэнесанс (гл.Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм], станаўленнем і развіццём родаў (эпас, лірыка, драма) і жанраў, удасканаленнем маст.-эстэт. культуры, узоры якой гістарычна карэкціруюцца.
Л.п. стараж. часоў спецыфічны развіццём пераважна вершаваных форм творчасці. На мяжы 18—19 ст. зацвярджаецца як эстэтычна паўнацэнны тып творчасці проза, якая ў 19—20 ст. пацясняе верш і развіваецца вельмі прадуктыўна (у эпасе, драме). Л.п. у яго сусв.-гіст. тэндэнцыях — агульны комплекс маст. рухаў. Каб больш выразна высветліць змест Л.п., у ім звычайна вылучаюць найб. адметныя рэгіёны (заходнееўрап., усходнеслав., паўднёваамер., блізкаўсходнія л-ры і інш.). У межах рэгіёнаў вылучаюць асобныя над. л-ры, якія канкрэтызуюць гэты змест. Л.п. даследуе літаратуразнаўства.
Бел. л-ра развіваецца з 11—12 ст. (летапісы Полацкай зямлі, жыціі і апокрыфы, словы Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, пераклады евангелляў). Для Л.п. эпохі Адраджэння характэрна з’яўленне новых відаў і жанраў л-ры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), узмацненне працэсаў секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. У гэты перыяд склалася плеяда таленавітых літаратараў (Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, С. і Л. Зізаніі, Л.Сапега, А.Рымша). У перыяд Контррэфармацыі на першы план выходзяць барочныя вершы Сімяона Полацкага і А.Белабоцкага, палемічная публіцыстыка, гіст.-мемуарная л-ра. Асветніцтва прыўнесла ў л-ру парадыйна-сатыр. прозу, школьную драматургію, пераклады з еўрап. крыніц. У 2-й пал. 17—18 ст. адбываецца пераход ад сярэдневяковай л-ры з рэлігійнасцю яе зместу, утылітарна-службовымі задачамі і царкоўна-слав. канонамі да новай л-ры з нар.-дэмакр. ідэямі, свецкімі інтарэсамі, эстэт. арыентацыяй на збліжэнне з рэальнасцю. Ва ўмовах фарміравання нацыі сял.-быт. прыхільнасці і рамантычна-асв. захапленні дзеля салідарызацыі грамадства спалучаюць у сваёй творчасці бел.-польск. (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Каратынскі, У.Сыракомля, А.Плуг), польск. (А.Міцкевіч, Э.Ажэшка), бел. (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч) пісьменнікі 19 ст. На пач. 20 ст. нац.-адраджэнскую ідэю ў л-ры сцвярджалі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, Ядвігін Ш., А.Гарун, М.Гарэцкі, Ф.Аляхновіч, З.Бядуля і інш., якія сумяшчалі ў творчасці рамант., рэаліст. і мадэрнісцкія прынцыпы. Л-ра гэтага перыяду паскорана развівала жанры, стылі, рэалізоўвала еўрап. стандарты. У БССР ў 1920-я г. ўзнялося пакаленне маладых рэв. рамантыкаў (М.Чарот, У.Дубоўка, У.Хадыка, К.Чорны, П.Трус, К.Крапіва, Я.Пушча); у 1930-я г. Л.п. разбураўся ў выніку рэпрэсій. У л-ры Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. апяваліся вызв. рух (М.Васілёк, В.Таўлай, П.Пестрак, А.Салагуб і інш.), вечныя каштоўнасці і родныя краявіды; розныя плыні спалучаліся ў творчасці М.Танка. У 2-й пал. 1950-х—1960-я г. ў л-ры зацвярджаюцца гуманістычныя і нац.-патрыят. ідэі. Паэтызуецца сав. рэчаіснасць. У апошнія дзесяцігоддзі Л.п. ўласціва больш глыбокае асэнсаванне чалавека ў сістэме жыццёвых каардынат, аналіз рэчаіснасці як аб’екта дзейнасці асобы, жанрава-стылявое багацце. На Беларусі Л.п. развіваецца ў кантэксце часу. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Беларусь.
Літ.:
Благой Д.Д. Литературный процесс и его закономерности // Благой Д.Д. От Кантемира до наших дней. М., 1972. Т. 1;
Литературный процесс и русская журналистика конца XIX — начала XX в., 1890—1904. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1871,
орган улады ў Парыжы ў час нар. рэвалюцыі 18.3—28.5.1871, а таксама пашыраная ў гіст. л-ры назва гэтай рэвалюцыі. Паражэнне Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71, абвастрэнне бедстваў і нястачы рабочых і дробнай буржуазіі, выкліканае цяжкімі ваен. абставінамі, няздольнасць «урада нац. абароны», які прыйшоў да ўлады пасля вераснёўскай рэвалюцыі 1870, і наступнага (з лют. 1871) урада А.Цьера палепшыць становішча, стварылі ў Парыжы і інш. гарадах Францыі ў пач. вясны 1871 перадрэв. сітуацыю. У лют.-сак. члены 215 рабочых і дробнабурж. батальёнаў Нац. гвардыі (нар. апалчэння) Парыжа стварылі масавую паліт. арг-цыю — Рэсп. федэрацыю Нац. гвардыі. 18.3.1871 пры спробе ўрада Цьера раззброіць Нац. гвардыю ў Парыжы пачалося паўстанне, у выніку якога ўлада ў горадзе перайшла да ЦК федэрацыі Нац. гвардыі, а ўрад Цьера ўцёк у Версаль, дзе пачаў збіраць сілы для барацьбы з рэвалюцыяй. ЦК федэрацыі Нац. гвардыі правёў выбары ў П.к., якая была ўрачыста абвешчана 28 сакавіка. Пасля дадатковых выбараў 16 крас. агульная колькасць дэпутатаў П.к. склала 81 чал. (33 рабочыя, 11 служачых, 3 прадпрымальнікі, 2 афіцэры, 32 інтэлігенты). З іх 60 належалі да розных не аформленых паліт. груповак: 26 прытрымліваліся ідэй Л.А.Бланкі, 23 — пруданізму, 2 — марксізму, 9 неаякабінцаў падзялялі ідэалы свабоды, роўнасці, братэрства. Сярод дэпутатаў было 30 чл.Інтэрнацыянала 1-га і некалькі масонаў (гл.Масонства). У дэпутатаў П.к. не было адзінства поглядаў па пытаннях улады, кіравання, узбр. сіл, развіцця эканомікі і культуры. Бясконцая палеміка паміж двума асн. блокамі — «большасцю» (бланкісты і неаякабінцы) і «меншасцю» (пруданісты) — аслабляла Камуну. П.к., якая спалучала функцыі заканад. і выканаўчай улады, складалася з 10 камісій: выканаўчай; ваен.; грамадскай бяспекі; юстыцыі; харчавання; фінансаў; працы, прам-сці і абмену; грамадскіх службаў; асветы; знешніх зносін. Эканам. і сац. палітыка Камуны аб’ектыўна ўлічвала, хоць і ў рознай ступені, інтарэсы ўсіх пластоў гар. насельніцтва. Дэкрэтам ад 29 сак. яна замяніла армію і паліцыю Нац. гвардыяй, 1 крас. ўстанавіла максімальны памер акладу служачых, іншымі актамі ўвяла суд прысяжных і выбарнасць суддзяў, вызваліла кватэранаймальнікаў ад аплаты за перыяд з кастр. 1870 да чэрв. 1871, забараніла штрафы і адвольныя вылікі на прадпрыемствах і ва ўстановах, павялічыла ў 2—4 разы аклады настаўнікаў, павысіла жалаванне радавым служачым, загадала ламбардам бязвыплатна вярнуць уладальнікам закладзеную маёмасць коштам да 20 франкаў, адтэрмінавала на 3 гады аплату даўгоў па вэксалях; пакінутыя ўладальнікамі прадпрыемствы перадаваліся ў кіраванне рабочым каап. асацыяцыям. Дэклараванае ёю аддзяленне царквы ад дзяржавы забяспечвала свабоду сумлення, вызваляла дзяржаву ад утрымання царквы, рыхтавала секулярызацыю царк. маёмасці. П.к. дзейнічала ва ўмовах блакады. Ням.акупац. войскі кантралявалі ўсх. і паўн.-ўсх. подступы да Парыжа, астатнія подступы занялі войскі Цьера, т.зв. «версальцы», колькасць якіх дасягала 130 тыс.чал. На баку Камуны змагаліся 40—50 тыс.нац. гвардзейцаў. Ваен. дзеянні пачаліся 2 крас. нападам версальцаў. 3—4 крас.Нац. гвардыя зрабіла няўдалыя вылазкі ў бок Версаля. Потым яна вяла абарончыя баі і да 20 мая на гал. напрамку ваен. дзеянняў адступіла за крапасны вал Парыжа.
1 мая выканаўчая камісія Камуны заменена Камітэтам грамадскага выратавання. Нац. гвардыя была падзелена на 2 арміі пад камандаваннем генералаў Я.Дамброўскага і В.Урублеўскага. Але гэтых захадаў і гераізму камунараў было недастаткова, каб супрацьстаяць арміі Цьера. 21 мая версальцы ўварваліся ў Парыж і пасля тыдня ўпартых барыкадных баёў 28 мая захапілі горад, а 29 мая — апошні апорны пункт камунараў форт Венсен. Задушэнне П.к. суправаджалася крывавым тэрорам: салдаты Цьера забілі ў Парыжы 30 тыс.чал. У выніку суд. працэсаў над камунарамі, што працягваліся са жн. 1871 да 1877, каля 40 тыс.чал. сасланы на катаргу ці кінуты ў турмы. К.Маркс, Ф.Энгельс і У.І.Ленін вызначалі П.к. як дыктатуру пралетарыяту, хоць фактычна яна была ўладай усяго насельніцтва Парыжа, у т. л. пралетарыяту, які ўпершыню быў дапушчаны да кіравання. Да ўлады была дапушчана і буржуазія, але найб. багатая яе частка не прыняла Камуну. Народапраўства ў выглядзе Камуны не прыняла франц. правінцыя, асабліва буйныя землеўласнікі і сяляне. Гар. камуны, абвешчаныя ў Ліёне, Марселі, Сент-Эцьене, Тулузе, Нарбоне, Бардо, Крэзо, былі задушаны на працягу 22—26 сакавіка. Гал. прычынамі паражэння П.к. былі яе ізаляванасць, адсутнасць апоры ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама прысутнасць ням.акупац. войск.
Літ.:
История Парижской коммуны 1871 г.М., 1971;
Парижская коммуна 1871 г.: Время, события, люди. 2 изд. М., 1981.
Р.А.Чыкалаў.
Да арт.Парыжская камуна 1871. Абвяшчэнне Парыжскай камуны 28.3.1871. Мастак Э.Ламі.Да арт.Парыжская камуна 1871. Пасяджэнне Парыжскай камуны ў ратушы. Мастак Дэруа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКА АБАРО́НА 1941у Вялікую Айчынную вайну.
Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на З ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах. фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв.ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км²) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т. л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням.паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв.ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш. было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск за р. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах. фронту (гл. ў арт.Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп. абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах. фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т. л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).
Літ.:
Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;
Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫНЬКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр.газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколка-паравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял.Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял.Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш.бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1981—85;
Летапіс эпохі. Мн., 1968;
Літаратура і жыццё. Мн., 1978;
Публіцыстыка. Мн., 1980;
Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;
Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;
Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;
Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;
Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;
Святло яго душы. Мн., 1979;
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́РНЫ КАРАБА́Х,
гістарычная вобласць у Закаўказзі, у складзе Азербайджана. Пл. 4,4 тыс.км². Нас. 194 тыс.чал. (1991), гарадскога 52,7%. Сярэдняя шчыльн. 43,9 чал. на 1 км². Жывуць армяне (76,9%), азербайджанцы (21,5%), рускія (1%) і інш. У выніку армяна-азерб.ўзбр. канфлікту (1988—94) значна вырасла міграцыйная актыўнасць насельніцтва; тысячы азербайджанцаў пакінулі тэр. Н.К., адначасова павялічыўся прыток армян з Азербайджана ў Н.К. Цэнтр — г. Ханкэнды (б. Сцепанакерт). Гарады: Шуша, Акдэры (Мардакерт).
Прырода. Рэльеф гарысты. Асн. частка тэр. Н.К. размешчана ў межах М. Каўказа. На Пн — хр. Мураўдаг (выш. да 3724 м, г. Гямыш), у цэнтры, на З і Пд — Карабахскі хр. (выш. да 2725 м), на ПнУ і У — раўніны. Горы складзены часткова з кайназойскіх вулканагенна-асадкавых парод (туфы, туфабрэкчыі, лавы рознага складу, пясчанікі, вапнякі). Тэр. Н.К. адносіцца да ліку тэктанічна актыўных. Карысныя выкапні: поліметал. руды з прамысл. запасамі свінцу, цынку, медзі, барыты, буд. матэрыялы (мармур, мергелі, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Крыніцы мінер. вод. Клімат на б.ч. тэрыторыі ўмерана цёплы з сухой зімой. На раўніне і ў сярэднягор’і сярэдняя т-растудз. ад 3 °C да -2 °C, у высакагор’і ад -6 °C да -10 °C, ліп. адпаведна 20—25 °C і 10—15 °C. За год на раўніне і ў сярэднягор’і выпадае 400—600 мм ападкаў, у высакагор’і — больш за 800 мм. Гал. рэкі: Тэртэр, Хачынчай, Каркарчай (бас. Куры), Кендэланчай, Ішханчай (бас. Аракса) багатыя энергарэсурсамі. На р. Тэртэр — Сарсангскае вадасх. з ГЭС. Глебы на раўніне і нізкагор’і пераважна каштанавыя, у сярэднягор’і — горна-лясныя, вышэй — горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і палынова-злакавая паўпустынная, у перадгор’ях і нізкагор’і зараснікі паўксерафітных хмызнякоў у спалучэнні са стэпавай расліннасцю, вышэй — шыракалістыя. лясы (дуб, граб, бук), субальпійскія і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі каля 32% тэрыторыі.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на тэр. Н.К. выяўлены з ніжняга палеаліту. У старажытнасці і сярэднявеччы — ч.гіст. Арменіі (арм. Арцах). У 1 ст. да н. э. — 8 ст.н. э. ў складзе Албаніі Каўказскай. У 11 ст. адбылося нашэсце сельджукаў, у 13 ст. — манголаў, у 16 ст. заваяваны Іранам. З сярэдзіны 18 ст.цэнтр. вобласць Карабахскага ханства са сталіцай у г. Шуша. Да пач. 19 ст. ў Н.К. захаваліся 5 арм. мелікстваў (княстваў) — апошніх рэшткаў арм. дзяржаўнасці. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 у складзе Рас. імперыі. У 1918—20 — аб’ект вострай барацьбы паміж Азербайджанам і Арменіяй, у выніку якой загінула больш за 20% насельніцтва Н.К. Пасля ўсталявання ў Н.К. сав. улады ў ліп. 1921 перададзены ў склад Азерб. ССР. У ліп. 1923 ператвораны ў Нагорна-Карабахскую аўт. вобласць (НКАВ). У лют. 1988 аблсавет НКАВ звярнуўся да Вярх. Саветаў СССР, Арм. ССР і Азерб. ССР з просьбай аб далучэнні да Арменіі, што стала пачаткам арм.-азерб. канфлікту. 26.11.1991 Вярх. Савет Азербайджана скасаваў аўтаномію Н.К. У студз. 1992 абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР). У ходзе ваен. дзеянняў у 1992—93 сілы самаабароны НКР пры падтрымцы Арменіі ўсталявалі кантроль над усёй тэр. Н.К. і шэрагам прылеглых раёнаў Азербайджана. У маі 1994 у г. Бішкек (Кіргізія) падпісана пагадненне аб спыненні агню ў Н.К. У цяперашні час Арменія і Азербайджан вядуць перагаворы пад эгідай Мінскай групы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра будучыню Н.К.
Гаспадарка. Н.К. — пераважна агр. краіна. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 200 тыс.га, у т. л. пасяўныя пл. 51,7 тыс.га. Вядучыя галіны земляробства — вінаградарства, вытв-сць збожжа, садоўніцтва. Вырошчваюць збожжавыя (азімая пшаніца, ячмень), тэхн. (тытунь, бавоўнік), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Вінаградарства развіта ў перадгор’ях, сярэднягор’і і на раўніне, пераважаюць тэхн. гатункі. Асн.пл. пладова-ягадных культур у Ханкэндыйскім і Ханджавендскім р-нах. Тутавае пладаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (на раўніне, у перадгор’ях і сярэднягор’і) і мяса-шэрснага (у высакагор’і) кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, птушак. Развіта шаўкаводства. Прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Асн. галіны: харч. (вінаробная, масласыраробная, мясная), лёгкая (шаўковая, абутковая, дывановая, швейная), маш.-буд. (эл.-тэхн.), электраэнергетыка, лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Асн. аўтадарогі Еўлах—Агдам—Ханкэнды—Шуша—Лачын, Еўлах—Акдэры—Кельбаджар, чыгунка Еўлах—Агдам—Ханкэнды. У г. Ханкэнды аэрапорт. Курорт Шуша і бальнеакліматычная лячэбная мясцовасць Туршсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЕЛА́НДЖЭЛА, Мікеланджэла Буанароці (Michelangelo Buonarroti; 6.3.1475, Капрэзе-Мікеланджэла, Італія — 18.2.1564),
італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Адраджэння. Вучыўся жывапісу ў Д.Гірландайо ў Фларэнцыі (1488), скульптуры ў Бертольда ды Джавані ў маст. школе ў садзе К.Медычы пры манастыры Сан-Марка (1489—92). Зазнаў уплывы Джота ды Бандоне, Данатэла, Мазачыо, Якопа дэла Кверчы, ант. скульптуры. Працаваў у Фларэнцыі, Балонні, Рыме. Ужо ў ранніх работах вызначыліся гал. рысы яго творчасці — манументальнасць, унутр. напружанасць і драматызм вобразаў, дынамічнасць кампазіцыйнага вырашэння, майстэрскае выяўленне прыгажосці цела чалавека: рэльефы «Мадонна каля лесвіцы», «Бітва кентаўраў» (абодва каля 1490—92), статуя «Вакх» (1496—97), скульпт. група «Аплакванне Хрыста» («П’ета») у саборы св. Пятра (каля 1498—99) і інш. У каласальнай статуі «Давід» (1501—04) і кардоне для размалёўкі Палацца Век’ё «Бітва пры Кашыне» (1504—06) М. ўвасобіў гераічны парыў і грамадз. доблесць фларэнційцаў, якія выступілі супраць тыраніі Медычы. Вяршыня яго творчасці — размалёўка скляпенняў Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1508—12). Жывапісны цыкл, які ўключае сцэны з Кнігі Быцця ў цэнтр.ч. плафона, манум. фігуры прарокаў і сівіл на бакавых частках скляпення, выявы продкаў Хрыста і біблейскія эпізоды ў распалубках, ветразях і люнетах, стварае грандыёзна ўрачыстую кампазіцыю, што ўспрымаецца як гімн фізічнай і духоўнай прыгажосці, сцвярджае бязмежнасць творчых магчымасцей Бога і створанага па яго падабенству чалавека. Размалёўкі ў Сіксцінскай капэле, як і інш. жывапісныя творы М., вызначаюцца дакладнасцю пластычнай лепкі, напружанай выразнасцю малюнка і кампазіцыі, вытанчанай гамай прыглушаных колераў. У 1505—45 працаваў над афармленнем пахавальні папы Юлія II у царкве Сан-П’етра ін Вінколі ў Рыме: статуі «Звязаны раб», «Раб памірае», «Раб абуджаецца», «Атлант» (усе 1513—19), «Майсей» (1515—16), а таксама 4 няскончаныя фігуры рабоў (1532—34), якія даюць уяўленне аб творчым працэсе мастака. З 1520-х г. светаадчуванне М. набыло трагічны характар і глыбокі песімізм, абумоўленыя крушэннем ілюзій аб стварэнні адзінай моцнай дзяржавы, стратай у Італіі паліт. і грамадз. свабод, крызісам рэнесансавага гуманізму. Гэта ярка выявілася ў вобразным ладзе скульпт.-арх. ансамбля ў пахавальні роду Медычы ў Новай сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі: прасякнутыя адчуваннем цяжкага роздуму, бязмэтавасці складаных рухаў, пазбаўленыя партрэтных рысаў статуі герцагаў Ларэнца і Джуліяна, фігуры «Раніца», «Дзень», «Вечар», «Ноч», якія сімвалізуюць незваротнасць руху часу (усе 1520—34). Сярод інш. твораў: фрэска «Страшны Суд» на алтарнай сцяне Сіксцінскай капэлы (1536—41), размалёўкі капэлы Пааліна ў Ватыкане (1542—50), бюст «Брут» (1537—38), скульпт. кампазіцыі «П’ета» (да 1550—55) для фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ і няскончаная «П’ета Ранданіні» (1555—64), якая прызначалася для ўласнага надмагілля. У позні перыяд працаваў пераважна ў архітэктуры. Пабудовы М. вызначаюцца павышанай пластычнасцю, унутр. дынамізмам і напружанасцю арх. мас, вял. ролю маюць рэльефнае аздабленне сцен, актыўная святлоценявая арганізацыя іх паверхні пры дапамозе высокіх пілястраў, падкрэслена аб’ёмных карнізаў, аконных і дзвярных парталаў. Аўтар праектаў і кіраўнік буд-ва б-кі Лаўрэнцыяны ў Фларэнцыі (1523—34), сабора св. Пятра і ансамбля пл. Капітолія ў Рыме (з 1546, работы завершаны са зменамі пасля смерці М.). Як літаратар сфарміраваўся пад уплывам літ.-эстэт. і філас. ідэй фларэнційскіх паэтаў 15 ст. (Л.Медычы, Л.Пульчы), неаплатонікаў і Дж.Саванаролы. Пісаў пераважна мадрыгалы і санеты. Лірыка М. адметная складанасцю формы, глыбінёй думкі. Тэмы прыгажосці, якую ён трактаваў як боскі пачатак у чалавеку, кахання, якое змагаецца са старасцю і смерцю, адзіноцтва мастака ў варожым да яго свеце, бацькаўшчыны пад уладай тырана набылі ў творах М. высокі грамадз. пафас і трагічнае гучанне. Літ. творы, высока ацэненыя сучаснікамі, пры жыцці М. не публікаваліся (першае выданне — «Вершы», 1623). Творчасць М. падрыхтавала станаўленне маньерызму, зрабіла вял. ўплыў на развіццё прынцыпаў барока і ўсяго еўрап. мастацтва. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне, Давід, Італія, Манументальнае мастацтва.
Тв.:
Рус.пер. — Неизмеримы гения деянья: Стихотворения. М., 1997.
Літ.:
Либман М.Я. Микеланджело Буонарроти. М., 1964;
Микеланджело: Жизнь. Творчество. М., 1964;
Микеланджело и его время. М., 1978;
Алпатов М. Поэзия Микеланджело // Алпатов М. Эподы по истории западноевропейского искусства. М., 1963;
Балдини У. Микеланджело — скульптор: Пер. с итал. М., 1979;
Кристофанелл и Р. Дневник Микеланджело неистового: Пер. с итал. М., 1985;
Хойзингер Л. Микеланджело: Очерк творчества: Пер. с нем. М., 1996.
Т.В.Пешына.
Мікеланджэла. П’ета. Сабор св. Пятра. Каля 1498—99.Мікеланджэла. Стварэнне Адама. Фрагмент размалёўкі Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.
1.каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю.Колас.Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены.С. Александровіч.//Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны.Шыцік.Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск.Асіпенка.
2.чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой.Чорны.[Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі.Лынькоў.
3.што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай.Кулакоўскі.Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі.Чарнышэвіч.// Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку.Крапіва.Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу.Кулакоўскі.// Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак.Бядуля.
4.каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю.Мележ.//без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца.Васілевіч.Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе.Бялевіч.
5.Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш.Навуменка.// Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца.Новікаў.Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць.А. Александровіч.// Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах.Лынькоў.
6.зкім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся.Дуброўскі.
7.каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха.Колас.
8.перан.Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць.Быкаў.
9.што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.
10.перан.; звычайнабезас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць.Пташнікаў.
•••
Круціць галавукаму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву.Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць.Лынькоў.
Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзе, прысл.
1.пытальнае. У якім месцы? — Дзе ты, Міколка? — запытаўся.. дзед.Лынькоў.Цікава — дзе цяпер яе [Насцін] Андрэй? Загінуў?Астапенка.// У пытальна-клічных сказах, якія выражаюць жаль, здзіўленне ў сувязі з адсутнасцю чаго‑н. Дзе мой дом, дзе ты, хата мая, Дзе загон хлебадайнай зямлі?Купала.— Дзе мае семнаццаць год, — зухавата сказаў Пракоп.Шыцік.
2.месца. У якім месцы. Яны — суседзі нашы, і дзе б стары ні кашляў — у гумне, у хаце, на дварэ — усё чуваць.Брыль.— Вось дурная! — казалі людзі, — мае гэткага багатага сына, а сама бадзяецца невядома як і дзе!Бядуля.[Бацька] быў вельмі дужы, спрытны, толькі не было дзе разгарнуцца, разгуляцца той сіле.Бялевіч.//(звычайназчасціцай «вось», «во»). У гэтым месцы, тут. Бачыць — ляжыць вялізны рак: адна палавіна на беразе, другая — у моры. Іван падумаў: «Вось дзе нядрэнная спажыва валяецца!»Якімовіч.
3.неазначальнае. Разм. Тое, што і дзе-небудзь. У засадзе больш, чым дзе, патрэбна цярплівасць. Тут не падгоніш ворага, не пойдзеш сам яму насустрач.Шахавец.
4.адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) падпарадкоўвае даданыя сказы месца, якія паказваюць на месца або напрамак дзеяння, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі прыслоўямі «туды», «там». Чырвонаармеец прытуліў Ірынку да грудзей і панёс туды, дзе стаялі вагоны.Чорны.Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць.Колас.Над галавач, дзе учора вісела пахмурная зімняя смуга, цяпер глядзелася чыста-празрыстая сінь.Грамовіч./ Пры пералічэнні. Глянь туды, дзе машыны спяваюць, Дзе палае у горане сталь, Дзе рабочыя песні складаюць Пад сталёвы напеў малатка.Трус; б) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «той», «такі» (па значэнню адпавядае злучальнаму слову які). Мы схілім галовы над свежай магілай, Дзе прах свой злажылі героі.Колас.Трошкі вышэй, у тым пункце, дзе крынічка рабіла паваротак управа, перасякаліся дзве дарогі.Колас.Зацякае ручаіна ў такія месцы, дзе, здаецца, не ступала нага чалавека.Пестрак; в) падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Сам [аграном] памагаў размяркоўваць пасевы культур; вучыў, дзе і як рассяваць мінеральныя ўгнаенні.Брыль.Адгэтуль можна ўпотайкі пазіраць усё, дзе што робіцца.Пестрак; г) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Дзядзьку было вядома, дзе прападае Юрка.Маўр; д) у спалучэнні з часціцамі «ні», «б» падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы. Колькі лесу, колькі, Дзе б вокам ні кінуў.Купала.— Ёсць такія мясціны, іх я знаходжу ўсюды, дзе ні бываю.Колас; е) пры супастаўленні двух або некалькіх сказаў або членаў сказа з паўтарэннем прыслоўяў у пачатку кожнага (дзе... дзе...) абазначае: у адным месцы, у другім месцы. Дзе можна, а дзе нельга. Па-рознаму жывуць людзі: дзе так, дзе гэтак. □ Дзе скокам, а дзе бокам.Прымаўка.
5.узнач.часціцы. Ужываецца для выражэння поўнай немагчымасці чаго‑н., сумнення ў чым‑н.: а) з давальным склонам і з інф. Дзе табе! Дзе нам за вамі ўгнацца! Дзе старому асіліць такую работу!; б) з назоўным склонам і формай 2‑й асобы адз. ліку. Замітусіліся немцы, наладжваючы пошукі ўцекачоў. Але дзе ты іх зловіш!Лынькоў.//(успалучэннізпрыслоўямі «там», «тут»). Ужываецца як пярэчанне на чужыя словы або на ўласнае выказванне; выражае немагчымасць, адмаўленне чаго‑н. — Ох і добрая пуга будзе ў цябе, Тонік. — Дзе там... Няма з чаго біч сплесці...Капыловіч.— Намерыўся я назад падацца, абысці гэты балаган — дзе там, проста на мяне група немцаў...М. Ткачоў.Міхаліна.. узяла жменьку лёну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там!Чарнышэвіч.
•••
Дзе; дзе ўжо; дзе (ужо) толькі (задмоўемпрыдзеяслове) — усюды, у многіх мясцінах. Дзе ўжо я толькі не бываў!
Дзе і Макар коз не пасе — недзе вельмі-вельмі далёка.
Дзе наша не прападалагл. прападаць.
Дзе папалагл. папасці.
Дзе (толькі) ногі ўзялісягл. ногі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скака́ць, скачу, скачаш, скача; незак.
1. Рабіць скачок, скачкі; падскокваць. Крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі.Колас.Танцуюць хлопцы «Збуйніцкі» танец, Скачуць з дзяўчатамі цераз касцёр.Танк.Сабакі адразу пазналі Тынэлькута і пачалі віляць хвастамі, радасна вішчаць, скакаць на яго.Бяганская.Кожны раз, як з працы Вечарам прыйду я, Прада мной дачушка Скача і танцуе.Астрэйка.// Рухацца скачкамі. Скачуць з галінкі на галінку вяртлявыя рыжахвостыя вавёрачкі.Якімовіч.На адталым дзірване Павесялелы скача верабей...Лось.// Рабіць спартыўныя скачкі; займацца скачкамі як спортам. Скакаць з парашутам. □ У сектарах было многа юнакоў і дзяўчат, якія скакалі, штурхалі ядро, займаліся на гімнастычных прыладах.Шыцік.// Кідацца ўніз скачком. — Калі купацца можна, дзед? Скакаць у рэчку з вышкі?Бялевіч.Зіна ніколі не скакала ў ваду з такой вышыні, ды і плавала не надта ўжо і добра.Васілёнак.//перан. Імкліва цячы па ўступах, каменні і пад. (аб рэчцы, ручаі і пад.). З другога боку, унізе, скача па кам[янях] вясёлы гаманлівы ручай.Шамякін.//перан.Разм. Мітусіцца, імкнучыся дагадзіць. Такароўцы.. стараліся скакаць перад панам Магдановічам на ўсе лады.Бядуля.//перан.Разм. Мітусіцца (пра думкі і пад.). Цяпер думкі адна за адной скакалі ў яго [Сымона] галаве.Чарнышэвіч.
2. Стукаючыся аб што‑н. цвёрдае, адскокваць убок ці ўверх. Дождж.. Кроплямі па шкле аконным скача...Макаль.Гумавыя шыны лёгка скакалі па кар[анях], і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок.Кулакоўскі.Уся.. маленькая постаць [хлопчыка] цягнулася наперад да капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць.Лынькоў.
3.перан. Падскокваючы, рабіць рухі, якія нагадваюць скокі. Коні ў загарадзе пачынаюць скакаць і станавіцца на дыбкі.Мурашка.Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца.Купала.// Дрыжаць, падскокваць, рабіць бязладныя рухі. Над лабавым шклом.. [аўтобуса] скакалі-калаціліся дзве фанерныя закладкі з назвамі «Бабруйск» і «Мазыр».Ракітны.Скакала тупая піла, Звінела, як шкло, асіна.Барадулін.Рукі.. [пані Яндрыхоўскай] калоцяцца, аловак скача па паперы.Крапіва./ Пра полымя, агонь і пад. Мігатлівыя языкі агню весела скакалі над распаленым вуголлем.Арочка.Полымя скакала каля самых [акон], пачынала лізаць сцены.Бураўкін./ Пра святло, цені, водблескі і пад. Сонечная ўбіраецца ў сілу раніца. Вясёлыя водблескі скачуць на люстраной роўнядзі копанкі.Навуменка.Чырвоныя водсветы гарматных выбухаў скакалі на сценах.Мележ.Ад смеху дрыжэла лучынка ў.. руцэ [Надзі], доўгія цені скакалі па сцяне.М. Ткачоў.// Пра знакі, вобразы і пад., што мітусяцца перад вачыма. У хаце быў паўзмрок, і Паўлік.. не адразу змог убачыць постаць дзеда. У вачах яшчэ некаторы час скакалі літары і малюнкі.Шамякін.// Пра вочы, якія выражаюць унутраны стан чалавека. Сцёпка сядзеў на краі табурэта, насцярожаны і натапыраны, як дзядоўнік. А ў вачах скакалі хітрыя агеньчыкі.Хомчанка.У вачах [Зіны] ужо не скакалі былыя чорцікі, якіх пабойваўся некалі Алесь.Шыцік.
4.Разм. Міжвольна трэсціся, дрыжаць (пра часткі цела, твару). На твары скакаў і дрыжаў кожны мускул, трапяталася кожная рыса.Крапіва.На поўнай круглай шыі скакала жылка.Пташнікаў.
5.Разм. Нечакана хутка змяняцца. Тэмпература скача. Цэны скачуць.
6.Разм. Танцаваць. Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты Пад музыку пусціліся скакаць...Купала.— А памятаеш, Марфачка, як мы кадрыль скакалі на тваім вяселлі! — раптам загараецца ўся ўспамінам Таццяна.Васілевіч.Вось і полечка, браточкі! А чаму ж нам не скакаць, Калі ўмеем працаваць.Грамыка.
7. Бегчы наўскач, з вялікай хуткасцю (пра каня). Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў.Галіноўская.Галопам скачуць рысакі. І пада мной палоззе, Як спараваныя смыкі, Іграе на марозе.Смагаровіч.// Ехаць (на кані, конях) вельмі хутка. Скачуць тымі стэпамі казакі.Звонак.
8.Разм. Хутка бегчы да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай.
9.Разм. Часта змяняць месца работы, вучобы.
•••
Па сабаку з рота скача — пра таго, хто брыдка лаецца.
Скакаць (танцаваць) падчыюдудку — рабіць так, як хоча хто‑н., падпарадкоўвацца чужой волі. [Сцёпка:] — Досыць скакаць пад яго [Шупіка] дудку.Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Круцячы, туга звіць што‑н. Скруціць вяроўку.// Зрабіць што‑н. шляхам скручвання, згортвання. Ігнат Андрэевіч адчыніў скрыначку, адарваў ражок газеты і скруціў цыгарку.Шамякін.[Валодзя] заўважыў, як Геня Шыдлоўскі ў час урока фізікі скруціў з паперы галку і закінуў за каўнер Аліку Рагачэўскаму.Якімовіч.З пяску пугі не скруціш.Прыказка.// Скачаць трубкай; скласці, загінаючы ўсярэдзіну краі чаго‑н. Маці ўзяла блін, скруціла, памачыла ў смятану ды .. Эдзіку проста ў рот.Дубоўка.— Падумаю, — сказала .. [Ева]. Хуценька скруціла малюнак і паклала яго на палічку над сталом.Маеўская.Грыбоўскі скруціў і запхнуў у кішэню пустую торбу, устаў.Курто.
2. Зматаць, навіць на што‑н. Скруціць вуду. Скруціць спінінг.
3. Згінаючы, заломваючы што‑н., пераблытаць, сплесці. Навальніца з градам Каласы скруціла, Ветрам паламала, Дожджыкам прыбіла.Колас.// Моцным павевам сарваць. Нечакана вырваўся з поўначы халодны вецер, скруціў не апаўшае яшчэ з дрэў лісце.Васілевіч./упаэт.ужыв.Скруціла бура дубу чуб, Гняздо зімой сарвала ветрам.Свірка.
4. Звязаць, пазбавіўшы каго‑н. мажлівасці прымяняць фізічную сілу. Камсамольцы-дружыннікі адабралі зброю, скруцілі забіяку і перадалі ў міліцыю.Дуброўскі.
5.перан. Перамагчы, скарыць. [Якуб Колас:] — Я проста быў упэўнены, што мы скруцім Гітлеру рогі, і дачакаўся гэтага.Рамановіч.// Прымусіць падпарадкавацца, узяць верх над кім‑н. Скруцілі нашага старшыню з яго характарам у дзве столкі.Навуменка.// Паставіць каго‑н. у цяжкія ўмовы. Жыццё цябе часам так скруціць, што не думаеш нават, як і навошта жывеш.Асіпенка.
6.перан. Адолець, прыкаваць да пасцелі (пра хваробу). Есіф Голанд не спаў: яго скруціла задышка. Кашаль падымаў яго ноччу з пасцелі многа-многа разоў.Чарнышэвіч.Скруціў старую маці раматус, зароблены на працы ў чужых гаспадарках.Корбан./убезас.ужыв.[Бабуля:] — А я от тут нядаўна чуць не памерла. Як ўзяло мяне, як скруціла, насілу і вылузнулася.Палтаран.
7.перан. Не выплаціць грашовы доўг, не аддаць належнае. Сухавеі не толькі скруцілі і не аддалі ім грошы, што пазычалі на зямлю, але і на кожным кроку стараліся ашукаць Раманоўскіх.С. Александровіч.[Андрэй:] — Сёмы год [Хвядос] газеты носіць і яшчэ ніводнай не скруціў.Скрыпка.// Паабяцаць, а потым не выканаць абяцанага (пра вяселле, уваходзіны і пад.). [Жанчына:] — Напэўна абодва хочаце вяселле скруціць...Васілевіч.Сямён .. пажартаваў: — Пагуляем на ўлазінах, таварыш старшыня? Ён нас запэўніў: — Ды ўжо ж, не скручу, не бойся.Савіцкі.// Змахляваць; недадаць, аблічыць. [Радзівоніха:] — Падлетка не пашлеш у мястэчка, бо там яго кругом ашукаюць: і налічаць больш чым трэба, і на вазе скруцяць...Чарнышэвіч.[Максім:] — Праўда, пры канчатковым разліку ўсё ж скруціў той скупеча залатовак пяцьдзесят.Машара.
8. Зняць што‑н., пакручваючы. Скруціць з пальца пярсцёнак. □ Дзед з ахвотаю даў Язэпку ножык. І нават сам зацікавіўся дудкаю, даваў парады, як лепш скруціць кару.Якімовіч.// Сашрубаваць. Скруціць гайку з шрубы.
9. Сапсаваць, неасцярожна ці доўга круцячы. [Прыбіральшчыца:] — Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй.Пальчэўскі.Дзед .. даверыў мне заводзіць грамафон і даглядаць яго, а да гэтага ён нікога не падпускаў і блізка, каб не скруцілі спружыну.Рамановіч.//перан. Зглуміць, сапсаваць (жыццё і пад.). [Дарота:] Адну дачку я маю і скруціць жыццё ёй не дазволю.Клімковіч.//перан. Перайначыць былы парадак, арганізацыю працы. Тыя гады ўзімку ўжо кожны трактарыст ведаў сваё месца. А гэта зламалі ўсё, скруцілі.Ермаловіч.
10. Выкруціўшы стрыжань, з тонкага ствала вярбы, лазы і пад. зрабіць дудку, свісток. Скруціць свісток. □ [Лявонка:] І дудку скруцім, іграць будзем!..Чарот.
•••
Скруціць дулю (кукіш, фігу) — зрабіць жэст, склаўшы тры пальцы ў выглядзе кукіша, у знак пагардлівай адмовы.
Скруціць (зламаць) сабе галаву (шыю) — загінуць; пакалечыцца.
Скруціць у бараноў (казіны) рог — тое, што і сагнуць у бараноў (казіны) рог (гл. сагнуць).
Скруціць чорту рогі — аказацца надзвычай дасціпным, спрытным, дужым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)