КАНСЭ́НСУС (ад лац. consensus згода, аднадушша, саўдзел),

1) адзінства поглядаў, меркаванняў, узаемная згода людзей. Неабходнасць дасягнення К. адзначалі заснавальнікі і прыхільнікі ідэі грамадзянскай супольнасці і грамадскага дагавору Т.​Гобс, Д.​Дзідро, Дж.​Лок, Ш.​Мантэск’ё, Ж.​Ж.​Русо і інш. Паводле Г.​Гегеля, забеспячэнне ўзаемнага «прызнання» людзьмі адзін аднаго (аж да прымусовага К.) з’яўляецца найбольш агульнай умовай рэалізацыі магчымасцей грамадства. У процілегласць такому падыходу прадстаўнікі франц.

Асветніцтва, а потым Э.​Дзюркгейм і яго паслядоўнікі лічылі К. рацыянальна ўсвядомленай салідарнасцю, арган. уласцівасцю «нармальнага» сац. жыцця людзей. М.​Вебер разглядаў К. не толькі як атрыбут «нармальнага» (ідэальнага) стану грамадства, але і як неад’емную характарыстыку любога грамадства, калі яно валодае элементарным парадкам, згодай — гармоніяй яго элементаў. Г.​Тард, наадварот, выводзіў К. з псіхал. «законаў пераймання», а Г.​Лебон — з пастуліраванага ім закону «духоўнага адзінства», што дзейнічае ў любым чалавечым калектыве. Паводле тэорыі традыцыяналізму (Ч.​Морыс, А.​Конт, Ф.​Ніцшэ, М.​Хайдэгер), К. звязаны з ажыццяўленнем прынцыпу «адзінства ў разнастайнасці», як спалучэння ў адзіным арганізме вялікай федэрацыі разнастайных аўтаномных супольнасцей (сямейных, прафес., этн., рэліг., рэгіянальных), кожная з якіх з’яўляецца прамежкавым звяном паміж індывідамі і дзяржавай. Аб радыкальным парушэнні грамадзянскага К. сведчаць грамадзянскія войны, рэвалюцыі, сац., рэліг. і міжнац. канфлікты.

2) Прыняцце рашэнняў або дагавораў на аснове агульнай згоды ўдзельнікаў. Метад К. прыняты ў шэрагу органаў ААН і інш. міжнар. арг-цый. Напр., прынцып К. выкарыстаны пры прыняцці кардынальных рашэнняў па міжнар. палітыцы на Нарадзе па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975.

3) Дамоўленасць, згода наконт умоў ажыццяўлення якой.-н. аперацыі або дзейнасці, у якіх зацікаўлены некалькі бакоў (напр., дагавор куплі-продажу, дагавор падраду, дагавор камісіі і г.д.).

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 600

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАСТЭПАВЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя зоны сушы, у натуральных ландшафтах якіх лясная расліннасць чаргуецца са стэпавай. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і субтрапічных паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў.

Ва ўмераным поясе Л.з. займаюць найб. плошчы на тэр. Еўразіі, дзе выцягнуты суцэльнай паласой ад перадгор’яў Карпат да Алтая. У Паўн. Амерыцы яны займаюць значныя тэрыторыі ўздоўж Скалістых гор. Паводле характару расліннасці Л.з. падзяляюцца на шыракалістыя, хвойна-драбналістыя і прэрыі (на тэр. Амерыкі). Клімат умерана кантынентальны са снежнай халоднай зімой і цёплым, адносна вільготным летам. Радыяцыйны баланс 420—545 кДж/см² за год. Сярэднія т-ры студз. -5 °C, месцамі ніжэй, ліп. 18—25 °C. Ападкаў 400—1000 мм за год. Глебы шэрыя лясныя і чарназёмы (ападзоленыя, вышчалачаныя і тыповыя).

Для жывёльнага свету еўрапейскай Л.з. характэрны вавёрка, заяц, вял. тушканчык, рабы суслік, для сібірскай — суслікі і хамякі, для амерыканскай — лугавыя сабачкі, мышападобныя грызуны, зайцы, суркі, грымучыя змеі. Вял. ч. тэрыторыі пад с.-г. ўгоддзямі.

У субтрапічным поясе Л.з. развіты пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, часткова на ПдУ Афрыкі, У Азіі, у Аўстраліі. Клімат субтрапічны, мусонны, з цёплай зімой і гарачым летам. Радыяцыйны баланс 210—250 кДж/см² за год. Сярэднямесячныя т-ры 4—24 °C. Вегетацыя раслін працягваецца круглы год, але замаруджваецца ў сухія перыяды. Ападкаў 600—1200 мм (у мусонных абласцях) за год. Глебы чарназёмападобныя і чырванавата-чорныя, маюць высокую ўрадлівасць. Расліннасць субтрапічных саваннаў і прэрый — высакатраўная (пераважна злакавая і злакава-разнатраўная) у спалучэнні з хмызняковымі зараснікамі, рэдкалессем і асобнымі дрэвамі. У жывёльным свеце пераважаюць стэпавыя або саванныя віды. Тэрыторыя характарызуецца высокім с.-г. асваеннем. Пашавая жывёлагадоўля. У асобных месцах антрапагеннае ўздзеянне на ландшафт вядзе да апустыньвання і інш. негатыўных з’яў.

В.​С.​Аношка.

т. 9, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЭ́ ((Manet) Эдуар) (23.1.1832, Парыж — 30.4.1883),

французскі жывапісец; адзін з рэфарматараў франц. жывапісу папярэднікаў станаўлення імпрэсіянізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1850—56) у Т.​Куцюра. Капіруючы творы майстроў італьян. Адраджэння, Джарджоне, Тыцыяна, Д.​Веласкеса, Ф.​Халса, Ф.​Гоі, Э.​Дэлакруа і інш., зазнаў іх уплыў. У канцы 1850 — пач. 1860-х г. стварыў галерэю тыпаў і характараў, спалучаў жыццёвасць і рамантызацыю вобраза: «Аматар абсенту» (1859), «Лола з Валенсіі» (1862) і інш. Жывапісная манера вызначалася глухімі шчыльнымі тонамі, непасрэдным пераходам ад ценю да святла. Выкарыстоўваў і пераасэнсоўваў сюжэты і матывы жывапісу старых майстроў, імкнуўся надаць ім сучаснае гучанне і вырашыць новыя жывапісныя задачы: «Сняданак на траве», «Алімпія» (абодва 1863). Пазней звяртаўся да тагачасных тэм («Пакаранне смерцю імператара Максіміляна». 1867; «Расстрэл камунараў», 1871), паэтызаваў штодзённыя быт. сітуацыі («Сняданак у майстэрні», «Балкон», абодва 1868). У канцы 1860-х г. быў блізкі да імпрэсіяністаў; перайшоў да пленэрнага жывапісу, які вызначаўся святлонасычанай вібрыруючай колеравай гамай, багатай рэфлексамі і валёрамі, фрагментарнасцю кампазіцый, але захаваў неўласцівую для імпрэсіяністаў дакладнасць малюнка, шэрыя і чорныя тоны: «Чыгунка» (1873), «У лодцы». «Аржанцёй» (абодва 1874). Познія творы адметныя амаль поўнай адсутнасцю сюжэта, імправізацыяй у адлюстраванні вобразаў і атмасферы, псіхал. даследаваннем унутр. стану сучасніка: «Нана» (1877), «Афіцыянтка ў піўной» (1878), «У карчме бацькі Лацюіля» (1879), «Бар у «Фалі-Бержэр» (1881—82) і інш. Майстар партрэта: Э.​Заля (1868), С.​Малармэ (1876), «Аўтапартрэт з палітрай» (1879) і інш. Рабіў малюнкі, літаграфіі, афорты.

Літ.:

Э.​Мане: Жизнь. Письма. Воспоминания. Критика современников: Пер. с фр. М., 1965;

Перрюшо А. Э.​Мане: Пер. с фр. М., 1976;

Чегодаев А.Д. Э.​Манэ. М., 1985.

Э.Манэ. Бар у «Фалі-Бержэр». 1881—82.

т. 10, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМУА́РЫ (франц. mémoires ад лац. memoria памяць),

твор, змест якога — успаміны аўтара пра мінулае, пэўныя падзеі, удзельнікам або сведкам якіх ён быў. Да М. належаць літ. партрэты дзеячаў культуры і навукі, нататкі, напісаныя як успаміны; набліжаюцца дзённікі, аўтабіяграфіі і дакументальная літаратура.

Узоры М. — «Новае жыццё» Дантэ, «Споведзь» Ж.​Ж.​Русо, «Былое і думы» А.​Герцэна, «Гісторыя майго сучасніка» У.​Караленкі. На Беларусі М. паявіліся ў канцы 16—1-й пал. 17 ст. («Дзённік Ф.​Еўлашоўскага», «Дыярыуш» А.​Філіповіча). У новай бел. л-ры вядомы М.: «З папераў Альгерда Абуховіча», М.​Хведаровіча «Памятныя сустрэчы». М.​Лужаніна «Вачыма часу», Я.​Скрыгана «Некалькі хвілін чужога жыцця», Л.​Геніюш «Споведзь», С.​Грахоўскага «Зона маўчання», П.​Пруднікава «Далёкае, але незабытае». Культ. жыццю Беларусі прысвечаны мемуарныя творы П.​Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», З.​Азгура «Незабыўнае», Я.​Рамановіча «Знаёмыя сілуэты», а таксама шматлікія зб-кі ўспамінаў пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, Ц.​Гартнага, М.​Лынькова, І.​Мележа, В.​Таўлая, Ў.​Галубка, Р.​Шырму і інш. Падзеі Вял. Айч. вайны на Беларусі адлюстраваны ў зб-ках «Буг у агні», «Гераічная абарона», «У баях за Беларусь», «У лясах Беларусі», кнігах В.​Казлова «Людзі асобага складу», У.​Лабанка «У баях за Радзіму», Р.​Мачульскага «Вечны агонь», П.​Калініна «Партызанская рэспубліка», В.​Дзенісевіча «Арлінае племя», а таксама мемуарных творах ваен. дзеячаў А.​М.​Васілеўскага, Г.​К.​Жукава, К.​К.​Ракасоўскага і інш.

Літ.:

Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мн., 1983;

Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982;

Савецкая Беларусь ва ўспамінах сучаснікаў Анатаваны паказ. мемуар. літ. 1917—1972 гг. Мн., 1973;

Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі // Склад Л.​Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999.

А.​К.​Гардзіцкі.

т. 10, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНСК»,

1) лідэр эскадраных мінаносцаў Балт. флоту, экіпаж якога вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—39 на Балт. з-дзе ў Ленінградзе; спушчаны на ваду ў 1935 у прысутнасці дэлегацыі з Мінска, якая ўзяла шэфства над караблём. Меў на ўзбраенні гарматы розных калібраў, зеніткі, кулямёты, тарпедныя апараты, бомбакідальнікі, міны; экіпаж 343 чал. Удзельнічаў у баях у сав.-фінл. вайну 1939—40, у абароне Таліна ў пач. Вял. Айч. вайны. 28—29.8.1941 пры прарыве караблёў Балт. флоту з Таліна ў Кранштат быў флагманскім караблём атрада прыкрыцця, адбіў некалькі атак герм. тарпедных катэраў, падарваўся на міне, але экіпаж ліквідаваў пашкоджанні і дайшоў да Кранштата. 23.9.1941 патоплены ням. авіяцыяй. У 1942 падняты і зноў уведзены ў строй. З 1959 быў вучэбным караблём.

2) Былы авіянясучы процілодачны крэйсер Ціхаакіянскага флоту, адзін з найбуйнейшых сав. баявых караблёў. Пабудаваны на верфі ў г. Мікалаеў (Украіна), уступіў у строй у 1978.

Меў на ўзбраенні 21 карабельны верталёт, 12 самалётаў-штурмавікоў з верт. узлётам і пасадкай, процікарабельныя і зенітныя ракеты, водазмяшчэнне каля 40 тыс. т, экіпаж каля 1 тыс. чал. (разам з лётным персаналам; значную ч. экіпажа складалі ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Мінска). З сак. 1989 у рамонце.

У 1993 карабель выключаны са складу флоту, потым з яго знята баявое і навігацыйнае абсталяванне, у 1999 ён прададзены Расіяй Кітаю. Былі аднатыпныя з «М.» крэйсеры «Кіеў» (на Паўн. флоце) і «Новарасійск» (на Чарнаморскім флоце). Іл. гл. пры арт. Крэйсер.

Літ.:

Розанов М. Лидер «Минск»: (Материалы к истории лидера «Минск» эскадры КБФ). Таллин, 1946;

Тыцких В. На крейсере «Минск»: Заметки из дальнего похода // Звезда. 1985. №5;

Полюхов А. Авианосный металлолом // Новое время. 1993. № 7.

Р.​К.​Паўловіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 10, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ РАТУША.

Існавала ў 16—19 ст. у Мінску. Пра буд-ва ратушы ў Мінску ў 1499 прыведзены звесткі ў прывілеях па арг-цыі кіраўніцтва ў горадзе паводле магдэбургскага права (апісаны яе часткі і іх прызначэнне, але месца пабудовы невядома). Упершыню пра ратушу як існуючую ўстанову ўпамінаецца ў 1582. У 1591—1600 пастаўлены новы мураваны будынак ратушы на Высокім рынку (у 1600 на вежы ўстаноўлены першы гар. гадзіннік). У 1640 будынак моцна пашкоджаны пажарам, у 1656 часткова разбураны. Рэканструяваўся ў 2-й пал. 17 і 2-й пал. 18 ст., у 1744 адноўлены па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам войта С.​Буржынскага. У канцы 18 ст. перабудавана ў стылі класіцызму (арх. Ф.​Крамер). 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Цэнтр. частка сіметрычна па кампазіцыі гал. фасада вылучана рызалітам з 3-маршавай лесвіцай, акцэнтавана чацверыковай вежай, завершанай купалам са шпілем з флюгерам. Рызаліт і тарцы аформлены 4-калоннымі порцікамі іанічнага ордэра. Дэкар. вырашэнне будынка дапаўнялася каванымі агароджамі балконаў у порціках і на вежы. У 1819 ратуша зноў рэканструявана. Да яе фасада з ПдУ прыбудавана мураваная агароджа, упрыгожаная стукавым дэкорам і жывапіснымі кампазіцыямі. Побач з ратушай разбіты невял. рэгулярны сквер. У 1825—35 бакавыя порцікі былі завершаны франтонамі. У будынку знаходзіліся магістрат, суд, гаўптвахта, паліцыя, архіў, у 1830-я г.муз. школа. У 1847 зала на 2-м паверсе прыстасавана пад т-р (афармленне інтэр’ераў маст. Я.​Кураткевіча; гл. Мінскі ратушны тэатр). У 1857 будынак ратушы і сквер знішчаны. У канцы 19 ст. сквер адноўлены. Захаваліся падмуркі і падвальныя памяшканні ратушы.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінская ратуша. Галоўны фасад. Чарцёж.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРВЕ́ЖСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1940 (кодавая назва Weserübung вучэнне на Везеры),

баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Даніі і Нарвегіі 9.4—8.6.1940 у 2-ю сусв. вайну. Мела на мэце захоп на Пн Еўропы стратэг. плацдарма супраць Вялікабрытаніі, а ў перспектыве і супраць СССР. План аперацыі (распрацоўваўся герм. камандаваннем са снеж. 1939, зацверджаны А.​Гітлерам 1.4.1940) прадугледжваў раптоўную высадку ў Даніі і Нарвегіі герм. марскіх і паветр. дэсантаў пры садзейнічанні гал. сіл ВМФ і 5-га паветр. флоту. 9 крас. герм. ландверная і паліцэйская дывізіі, марскія і паветр. дэсанты захапілі ўсе апорныя пункты Даніі. Дацкія армія (5 малалікіх дыв.) і флот паводле загаду ўрада капітулявалі. У Нарвегіі супраць 6 разрозненых дыв. дзейнічалі лепш абучаныя і ўзброеныя ням. войскі, якія ўжо 9—10 крас. малымі сіламі (каля 10 тыс. чал.) захапілі ўсе гал. парты краіны. Ва ўмовах пагрозы брыт. марскім камунікацыям на дапамогу нарв. арміі 14—17 крас. ў Цэнтр. і Паўн. Нарвегіі высадзіліся экспедыцыйныя саюзныя англа-франка-польск. войскі. Пасля капітуляцыі нарв. войск у цэнтры краіны (3 мая) асн. баі працягваліся ў раёне Нарвіка (Паўн. Нарвегія), але 5—8 чэрв. саюзныя войскі эвакуіраваліся ў сувязі з цяжкім становішчам у Францыі (гл. Французская кампанія 1940). У выніку Н.а. Германія страціла каля 5 тыс. чал., больш за 20 баявых караблёў, Нарвегія — каля 2 тыс. чал., некалькі караблёў, саюзнікі — каля 2 тыс. чал., 18 баявых караблёў і інш.; у Даніі і Нарвегіі сфарміраваны калабарацыянісцкія ўрады (у апошняй на чале з В.Квіслінгам). Сярод польск. вайскоўцаў і маракоў, што змагаліся за Нарвегію, былі ўраджэнцы Зах. Беларусі.

Літ.:

История Норвегии. М., 1980. С. 392—402.

Да арт. Нарвежская аперацыя 1940. Захоп германскімі ваеннымі караблямі порта Нарвік 10.4.1940.

т. 11, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,

кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст. ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.​А.​Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц. слав. знаццю.

Літ.:

Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;

Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст. Кн. 1. Мн., 1994.

С.​Дз.​Дзярновіч, Г.​В.​Штыхаў.

т. 11, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т ДАНА́ТАРСКІ,

выява данатара — заказчыка твора выяўл. мастацтва або заснавальніка храма. Трапляецца ў розных відах мастацтва, часцей у жывапісе. Заснавальніка храма часта малявалі з мадэллю будынка ў руках на абразе ці манум. размалёўцы (перад Ісусам Хрыстом, Маці Божай, святым заступнікам) або асобна, але ў кантэксце агульнай сістэмы размалёвак і дэкору храма або кнігі ў спалучэнні з інш. выявамі. Адметныя рысы П.д.: адлюстраванне данатара звычайна ўкленчаным у малітоўнай позе са складзенымі рукамі, арыентаванасць кампазіцыйнага цэнтра на святога-заступніка, самапаглыбленасць і сузіральнасць стану партрэтаванага, адсутнасць знешніх калізій і падкрэсленых сувязей са знешнім светам.

Вядомы з эпохі ранняга сярэднявечча ў мастацтве многіх еўрап. краін, росквіту дасягнуў у 14—15 ст. (размалёўка «Энрыка Скравеньі прыносіць у дар капэлу» работы Джота ды Бандоне ў Капэле дэль Арэна ў г. Падуя, Італія, 1305; алтарныя карціны «Мадонна з канцлерам Раленам» Я. ван Эйка, 1435; «Св. Кацярына і св. Магдаліна з данатарамі» Х. ван дэр Гуса, 1476—78).

На Беларусі першыя П.д. вядомы з 11 ст. (выявы тураўскага кн. Яраполка Ізяславіча, яго маці Гертруды і яго жонкі Ірыны ў «Кодэксе Гертруды», паміж 1078 і 1087). Найб. пашыраны ў 16—18 ст. у іканапісе: абразы «Пакланенне вешчуноў» (каля 1514) з выявай данатара Я.​Сегеня (выява данатара — 2-я пал. 17 ст.), «Маці Божая са святымі Ігнаціем Лаёлам і Францыскам Ксаверыем» (1-я пал. 17 ст.), дзе святым нададзены партрэтныя рысы кн. М.К. і Ю. Радзівілаў, і інш. Вядомы і познія ўзоры П.д. (фрэска «Спас з данатарамі» М.​Кошалева ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, 1902—11).

Б.​А.​Лазука, А.​Ю.​Хадыка.

Партрэт данатарскі. Фрагмент абраза «Пакланенне вешчуноў» з партрэтам данатара Я.​Сегеня. 2-я пал. 17 ст.

т. 12, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ МІ́РНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1919—20,

міжнародная канферэнцыя, скліканая краінамі-пераможцамі ў першай сусветнай вайне 1914—18 для выпрацоўкі і падпісання мірных дагавораў з пераможанымі дзяржавамі (Германіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Турцыяй). Праходзіла ў Парыжы 18.1.1919—21.1.1920 (з перапынкамі). Удзельнічалі больш за 1 тыс. дэлегатаў ад 27 краін (прадстаўнікі Германіі і яе б. саюзнікаў дапушчаны толькі пасля выпрацоўкі праектаў мірных дагавораў з імі); гал. ролю адыгрывалі прэзідэнт ЗША Г.Вільсан, прэм’ер-міністры Д.Лойд Джордж (Вялікабрытанія) і Ж.Б.Клемансо (Францыя). У ходзе канферэнцыі падрыхтаваны Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй (падпісаны 28.6.1919), Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 з Аўстрыяй (10.9.1919), Нёіскі мірны дагавор 1919 з Балгарыяй (27.11.1919), Трыянонскі мірны дагавор 1920 з Венгрыяй (4.6.1920) і Сеўрскі мірны дагавор 1920 з Турцыяй (10.8.1920), прынята рашэнне пра стварэнне Лігі Нацый (яе Статут увайшоў у тэксты мірных дагавораў). Абмяркоўваўся і комплекс пытанняў, звязаных з інтэрвенцыяй у Сав. Расію і яе блакадай (рас. прадстаўнікі афіцыйна не былі запрошаны на канферэнцыю). Канферэнцыя дэ-факта прызнала незалежнасць Эстоніі, Латвіі, Літвы (20.8.1919), урады Грузіі, Азербайджана, Арменіі (студз. 1920), дала дазвол на часовае знаходжанне ням. войск на тэр. Прыбалтыкі, фактычна прызнала акупацыю Польшчай Усх. Галіцыі (26.4.1919), адмяніла эканам. блакаду Сав. Расіі (16.1.1920). У снеж. 1919 рабочы орган П.м.к. — Вярх. савет Антанты — вызначыў часовую граніцу Польшчы на У, прыняўшы за аснову этнагр. прынцып (у 1920 атрымала назву «Керзана лінія»). На канферэнцыі дзеячы БНР (місіі Д.​Сямашкі, А.Луцкевіча) намагаліся ўзняць бел. пытанне, але беспаспяхова. Гл. таксама Версальска-Вашынгтонская сістэма.

Літ.:

Ціхаміраў А.В. Беларуская праблематыка на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—1920 гг. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1996. № 4.;

История дипломатии. Т. 3. 2 изд. М., 1965.

А.​В.​Ціхаміраў.

т. 12, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)