БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),

удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЛЬ, капялюш,

мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Плеценыя з саломы, мятліцы, лазы, чароту брылі насілі летам, валеныя, лямцавыя — у любую пару года. Разнастайнасцю прыёмаў пляцення, тонкасцю паверхневай структуры вызначаліся саламяныя брылі, якія плялі звычайна са сцяблоў жыта (у зубчыкі ці прама) і прашывалі суравымі ніткамі ці конскім воласам. Святочныя брылі паверх палёў абвязвалі каляровай тасьмой і ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Валеныя, лямцавыя брылі формай і памерамі амаль не адрозніваліся ад саламяных, аднак аздабленне іх было больш сціплае.

Брылі: плецены з мятліцы (уверсе) і лямцавы.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІКІ́Д,

князь ВКЛ у 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1289, калі ён са сваім братам Будзівідам аддаў г. Ваўкавыск валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір. У некаторых ням. хроніках Будзікід выступае пад імем Путувера і Лютувера. Апошні ўпамінаецца ў хроніцы П.​Дусбурга пад 1291 як князь літоўскі, бацька Віценя. Магчыма, Будзікід пасля смерці кн. Трайдзеня разам з братам стаў вял. князем. Перадача Ваўкавыска магла азначаць паступовую страту Новагародскай зямлёй сваёй дамінуючай ролі ў ВКЛ.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 3, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІЛО́ВІЧ (Ігнат Мартынавіч) (1841, Валынская губ. — 9.9.1863),

удзельнік паўстання 1863 на Беларусі. Скончыў Кіеўскі кадэцкі корпус (1859). Служыў падпаручнікам Екацярынаслаўскага палка (Масква). Належаў да рэв. арг-цыі, падтрымліваў цесныя сувязі з паплечнікам К.​Каліноўскага Л.Звяждоўскім. У крас. 1863 уцёк з часці і разам са Звяждоўскім выехаў на Магілёўшчыну. Пад псеўданімамі Каткоў і Ян Піховіч арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Аршанскім пав. 26.4.1863 атрад разбіты пад Пагосцішчамі. Будзіловіч схоплены на полі бою і паводле прыгавору ваен. суда расстраляны ў Оршы.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ДОМ-КАМУ́НА.

Пабудаваны ў Віцебску ў 1927—29 (арх. А.​Вышалескі). Задуманы як зручнае эканам. жыллё для працоўных, разлічаны на 280—300 чал. Першая на Беларусі пабудова такога тыпу. 4-павярховы будынак са складанай канфігурацыяй плана мае цэнтр. аб’ём і бакавыя крылы. На фоне гладкай паверхні сцен з пілястрамі нязначнага выступу кантрастна вылучаюцца 2 вынесеныя за план дома і закругленыя аб’ёмы лесвічных клетак. У час Вял. Айч. вайны будынак згарэў. Пасля рэканструяваны ў жылы дом.

А.​А.​Воінаў.

Віцебскі дом-камуна.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЭ-АДМІРА́Л ДРОЗД»,

гвардзейскі эсмінец сав. Чырванасцяжнага Балт. флоту, які вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Да 13.2.1943 наз. «Стойкі», перайменаваны ў гонар сав. флатаводца беларуса В.П.Дразда, які загінуў. Уступіў у строй у 1940. У 1941—42 удзельнічаў у баявых дзеяннях флоту ў Рыжскім заліве, эвакуацыі гарнізона п-ва Ханка, абароне Ленінграда (падтрымліваў артыл. агнём часці сухап. войск) і інш. За мужнасць і адвагу атрымаў гвардз. званне (3.4.1942), увесь экіпаж узнаг. ордэнамі і медалямі. Выключаны са складу ВМФ СССР у 1960.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́ЛАЎ (Герасім) (Гераська),

разьбяр па дрэве 17 ст. Нарадзіўся ў г. Дуброўна Віцебскай вобл. Майстэрству разьбы вучыўся ў Куцеінскім Богаяўленскім манастыры пад Оршай. З 1654 працаваў у Іверскім (пад Ноўгарадам), з 1658 у Нова-Іерусалімскім (пад Масквой) манастырах. У 1666 пераведзены ў Аружэйную палату Маскоўскага Крамля. У 1667—68 удзельнічаў у аздабленні царскага Каломенскага палаца. Адзін са стваральнікаў разьбяных іканастасаў 3 цэркваў у Ізмайлаўскай сядзібе цара Аляксея Міхайлавіча. У 1686 удзельнічаў у стварэнні іканастаса царквы Пятра і Паўла ў Маскве.

т. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕА́РЫЙ [Olearius; сапр. Эльшлегер

(Ölschläger)] Адам (16.8.1603, Саксонія — 23.2.1671),

нямецкі вучоны, падарожнік. Вучыўся, потым выкладаў у Лейпцыгскім ун-це. Прыдворны матэматык і бібліятэкар у герцага Фрыдрыха III Шлезвіг-Гальшнтэйнскага. Ведаў рус. і араб. мовы. Наведаў Расію ў складзе пасольства герцага ў 1633—34. Аўтар «Апісання падарожжа ў Масковію...» (выд. 1647, рус. пер. 1906) са звесткамі па геаграфіі, гісторыі Расіі, яе населеных пунктах, народах і іх звычаях; мае шмат картаў і малюнкаў. У 1654 выдаў на ням. мове зб-кі перс. і араб. паэтаў.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЗІЯ (Alesia),

старажытнае гальскае паселішча-опідум (сучасны г. Аліз-Сент-Рэн, Францыя), аблогай і ўзяццем якога Юлій Цэзар у 52 да н.э. скончыў шматгадовую гальскую вайну. Займала пл. 57 га, была абкружана сцяной і ровам. Алезія абараняла 20-тыс. войска галаў на чале з Верцынгетарыгам. Раскопкамі выяўлены рэшткі тысяч гальскіх воінаў (са зброяй і інш. рэчамі), якія па загадзе Цэзара былі скінуты ў выкапаны рымлянамі аблогавы роў даўжынёй 13 км; гальскія і правінцыяльна-рымскія дамы (пасля вайны жыццё ў Алезіі працягвалася), храмы, арэна.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСА́НДЭР ТУНІ́СКІ ((Alexander of Tunis) Харалд Руперт Леафрык Джордж) (10.12.1891, Лондан — 16.6.1969),

ваенны і дзярж. дзеяч Вялікабрытаніі. Фельдмаршал (1944), граф (1952). Скончыў каледжы Хараў і Сандхерст. У 1-ю сусв. вайну камандаваў брыгадай. У 2-ю сусв. вайну — эвакуацыяй брыт. войскаў з-пад Дзюнкерка (1940), з 1942 — войскамі на Сярэднім Усходзе і Пн Афрыкі, са снеж. 1943 галоўнакаманд. саюзнымі войскамі на Міжземнаморскім тэатры: наступленнем у Тунісе, на Сіцыліі і Пд Італіі. У 1946—52 ген.-губернатар Канады, у 1952—54 міністр абароны.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)