ста́тут, ‑а, М ‑туце, м.

1. Звод правіл, якія вызначаюць і рэгулююць парадак дзейнасці, выканання ці прымянення чаго‑н. Юрыдычны статут. Статут ордэна Леніна. // Звод палажэнняў, якія вызначаюць структуру, прынцыпы і парадак дзейнасці якой‑н. арганізацыі, установы. Статут КПСС. Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Статут сельскагаспадарчай арцелі. □ Па турэмнаму статуту «кухару» ад асуджаных у крэпасць дазвалялася хадзіць на астрожную кухню і гатаваць абеды. Колас. Хоць і нялёгка салдату, затое на сэрцы спакойна — службу нясе дакладна па статуту. «Звязда».

2. У некаторых краінах Еўропы 14–18 стст. — закон, звод законаў або ўрадавая пастанова аб чым‑н. На .. [беларускай мове] пісаліся ўсе дакументы ў княстве Літоўскім, і нават Літоўскі статут напісаны па-беларуску. Арабей. // У Англіі і шэрагу іншых краін — назва закона. // перан. Звычаі, традыцыі. Статут палявання патрабаваў, каб людзі былі сытыя, а сабакі галодныя, аж да самага позняга вечара, калі раскінуць ім палатняныя кармушкі. Караткевіч.

[Лац. statutum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шасцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба 6. Напісаць шасцёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 6), якія нумаруюцца лічбай 6. Тут спыняецца аўтобус-шасцёрка.

2. Ігральная карта, дошчачка даміно з шасцю ачкамі. — Не проста дурань, а дурань з пагонамі, — засмяяўся Глеб. — Во, кладу табе [Ксеня] на плечы дзве шасцёркі. Васілёнак.

3. Запрэжка ў шэсць коней. Багаты пан на шасцёрцы катаецца, а бедны мерае сваёй парай зямлю і аб кіёк абапіраецца. Бядуля.

4. Колькасць каго‑, чаго‑н. у шэсць адзінак; шэсць аднародных прадметаў. Шасцёрка самалётаў. □ Гэта шасцёрка [вайскоўцаў], звязаная ўзаемадапамогай, заўсёды трымалася разам. Машара.

5. Шасцівёславая лодка, шлюпка. Плыць на шасцёрцы.

6. Частка, дэталь у малатарні; шасцярня. Запрэжаная ў дышаль парка коней кружыла кола, зазубні якога чапляліся за адмысловую драўляную шасцёрку, у сярэдзіну якой быў уроблен даўжэзны круглы прэнт, пры дапамозе якога круціўся сам барабан малатарні. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марафо́н

(гр. Marathon = назва паселішча ў Грэцыі)

спаборніцтвы на звышдалёкіх дыстанцыях, напр. у лыжным спорце (50 км), па бегу (42 км 195 м) і інш.; названы ў памяць аб элінскім воіне, які прыбег у Афіны з мястэчка Марафон з весткай аб перамозе над персамі (490 г. да н.э.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сіндыка́т

(фр. syndicat, ад гр. syndikos = які дзейнічае сумесна)

1) манапалістычнае аб’яднанне прадпрыемцаў з мэтай абмежавання канкурэнцыі і забеспячэння панавання на рынках;

2) назва прафсаюзаў у Францыі і некаторых іншых краінах;

3) гаспадарчае аб’яднанне ў пэўных галінах прамысловасці ў СССР у перыяд нэпу, якое вяло закупку і збыт прадукцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Аўдо́тка 1 ’дробная рыбка’ (Бяльк.), невялікая азёрная рыбка’ (Нас., Грыг.), від рыбы Nemachilus barbatulus, радзей іншыя віды дробных рыб’ (Жук. 192, 194, 196, 327, 397; назва вядома ў басейнах Дняпра і Сожа), укр. авдотка, авдотька, рус. авдотка (Ліндберг-Герд, Словарь, 204; басейн Дзясны). Да аўдод, удод (гл.), параўн. таксама ўкр. удотка, рус. удотка ’тс’; магчыма, другаснае збліжэнне з уласным імем Аўдоцця (разм. Аўдотка), самым частым жаночым імем у Расіі XVIII–XIX стст., параўн. Ніканаў, Этимология–1970, 138, а таксама сведчанне, што сялянак, якія прыходзілі ў Смаленск на свята, называлі «авдотками» (Дабр.). Пад уплывам іншых размоўных форм уласнага імя Аўдоцця — бел. ваўдзюшка (Куч.), укр. авдошка, авдюшка, евдотка, евдошка, євдюшка, рус. авдюшка, евдотка, евдюшка, параўн. Пізані, Paideia, 8 (1953), 2, 111; Трубачоў, Дополн., 1, 6. Ледэр, Fischn., 120, у адносінах да пералічаных усходнеславянскіх форм дапускае малаверагодную з боку фанетыкі і семантыкі магчымасць змяшэння на базе народнай этымалогіі дзвюх груп назваў, што паходзяць ад удод і ад рус. вдох (параўн. асабліва рус. евдошка ’Umbra krameri’, для якой характэрна глытанне паветра з паверхні вады). Аснова збліжэння з удод, аўдод — стракатасць афарбоўкі; з уласным імем — шматлікасць.

Аўдо́тка 2 ’птушка Burhinus aedicnemus’ (БелСЭ). Гукапераймальная назва, параўн. Мензбір, Птицы, 1, 231–232; у беларускай літаратурнай мове, магчыма, з рус. авдотка, параўн. беларускія народныя назвы гэтай птушкі кулік, палявы кулік, стрэпет (Федз.–Доўб., Птицы, 94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабін сон ’расліна Crocus Heuffelianus Herb., шафран Гейфеля’ (Бейл.). Іншыя назвы: сон, соннік. Бясспрэчна, гэта назва не першапачтаковая, а перанесеная з іншай расліны. Сон, акрамя ’Crocus’, азначае ’Pulsatilla pratensis’ (таксама сон-трава, сончык, гл. Кіс.). Параўн. укр. сон, сонник ’Pulsatilla’, рус. сон, сон‑дрема ’Pulsatilla’ (таксама сонник, самсончики). Параўн. яшчэ назвы для Anemone: сасо́нік (Шат.), сон-трава (Бяльк.), укр. сон (Макавецкі, Sł. botan.). Як відаць, назвы тыпу сон ужываюцца для абазначэння аж трох раслін (Anemone, Crocus, Pulsatilla). Для Anemone параўн. яшчэ польск. sasanki, sesenki, sasenki, sesanki, чэш. sasanka, балг. дыял. сасан(к)а, съсън, сънкотка, сън‑сън‑котка, для Pulsatilla — серб.-харв. саса, чэш.-мар. sis, sisì, sesí, sosí (гл. Махэк, Jména rostl., 47). Паводле народнага павер’я, жывёлы і людзі, палізаўшы корань Pulsatilla, засынаюць (гл. Нейштадт, Определитель, 257). Магчыма, адсюль і назва. Але можна думаць і пра іншую матывацыю. Расліны роду Anemone ў час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, якія звешваюцца ўніз (нібы спяць). Але не выключаецца, што ўсе гэтыя здагадкі не маюць сэнсу. Можна таксама думаць, што мы тут маем нейкую старажытную назву невядомага паходжання, толькі адаптаваную, трансфармаваную з ад’ідэацыяй да ўсх.-слав. слова сон (параўн. прыведзеныя: бел. сончык, сасонік, рус. сонник, самсончики, чэш. sasanka, sisí, sesí, sosí, польск. sesenki, sasenki і г. д., серб.-харв. са́са, балг. сасан(к)а, съсън, съсънка і г. д.). Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 66–67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

акадэ́мія

(лац. academia, ад гр. Akademeia)

1) філасофская школа, заснаваная Платонам у 4 ст. да н.э. у свяшчэнных садах міфічнага героя Акадэма паблізу Афін;

2) вышэйшая навуковая або мастацкая ўстанова (напр. Нацыянальная а. навук Беларусі);

3) назва некаторых вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльных галінах навукі (напр. ваенная а., сельскагаспадарчая а.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цыбу́ля

(ст.-польск. cybula < с.-в.-ням. zibolle, ад лац. cepulla)

1) травяністая расліна сям. цыбулевых з адзіночнай буйной цыбулінай і трубчастымі лістамі, пашыраная ў розных кліматычных зонах, а таксама ядомыя трубчастыя лісты або галоўкі гэтай расліны;

2) назва некаторых травяністых цыбульных раслін сям. лілейных (напр. ц. мядзведжая, ц. заячая).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Вячэ́рніца 1 ’вячэрняя зорка, планета Венера’ (Інстр. I, Касп., Мат. Гом.), Укр. вечерниця, рус. вечерница, польск. wiecze(o)rnica, памор. večérńica, в.-луж. wječornička, чэш. večerníce, славац. večernica, серб.-харв. večernica, večérnjača, славен. večęrnica, макед. вечерница, балг. вечерница ’тс’. Агульнае ўтварэнне ад večerьnъ ці ад выразу тыпу «вячэрняя зорка». Адносна семантыкі параўн. тураў.: «Вячэрня зора, бо першая з вечара сходзіць» (КСТ).

Вячэ́рніца 2 ’Nyctalus noctula’ (КТС), вячэрнік ’кажан’ (Інстр. II). Ад вячэрні з дапамогай суфікса ‑іц‑а. Назва адлюстроўвае спосаб жыцця кажаноў, якія палююць пасля заходу сонца. Бел. вячэрнік (суф. ‑ік) атрымоўвае фармальную, незалежную паралель у выглядзе рус. вечерник ’вячэрні матылёк’ (Даль), балг. вечерница ’тс’ (БЕР).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глі́ца ’вясенні вецер’ (БРС, Гарэц., Байк. і Некр.). Не вельмі яснае слова. Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), гэта лексема, магчыма, з’яўляецца праславянскім лексічным дыялектызмам бел. мовы. Паходжанне яго лічыцца няясным. Але можна паспрабаваць аб’яднаць слова глі́ца ’вясенні вецер’ з бел. словам іглі́ца ’хвоя, адна хваінка’, укр. гли́ця ’хвоя, адна хваінка; драўляная іголка і да т. п.’ (Грынч.), польск. iglica, ст.-польск. glica (гл. Слаўскі, 1, 443–444). Тады глі́ца, магчыма, паходзіць з іглі́ца. Паршапачаткова глі́ца як назва ветру магла быць метафарай (’штосьці калючае, як ігла’). У такім выпадку няма патрэбы гаварыць аб спецыфічна беларускім лексічным дыялектызме праславянскага характару, таму што такая метафарызацыя можа здарыцца ў любы час.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)