ПІЛІПО́ВІЧ (Уладзімір Антонавіч) (н. 5.1.1931, в. Слабада Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фізік. Акад.Нац.АН (1980; чл.-кар. 1977). Д-р фіз,матэм.н. (1972), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1954). З 1967 у Ін-це фізікі, з 1971 заг. Лабараторыі электронікі, з 1973 у Ін-це электронікі Нац.АН Беларусі (да 1998 дырэктар). Адначасова ў 1983—87 гал. вучоны сакратар Прэзідыума Нац.АН Беларусі. Навук. працы па даследаваннях цвердацельных аптычных квантавых генератараў, імпульсных мадулятараў дыхтоўнасці рэзанатараў, узаемадзеянні магутнага выпрамянення з кандэнсаванымі асяроддзямі. Прапанаваў метады вызначэння страт выпрамянення ў працэсе генерацыі, устанавіў сувязь параметраў вымушанага выпрамянення з уласцівасцямі малекул фотатропных асяроддзяў. Распрацаваў галаграфічнае запамінальнае прыстасаванне і інш.Дзярж. прэмія СССР 1985. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Оптические квантовые генераторы с просветляющимися фильтрами. Мн., 1975 (разам з А.А.Кавалёвым);
Фотоэлектрические преобразователи в системах оптической обработки информации. Мн., 1990 (разам з А.К.Есманам, А.А.Візнерам);
Многоэлементные фотоприемники в преобразователях перемещений. Мн., 1991 (разам з А.К.Есманам, В.С.Паседзькам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНК ((Planck) Макс Карл Эрнст Людвіг) (23.4.1858, г. Кіль, Германія — 4.10.1947),
нямецкі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай тэорыі. Чл. Берлінскай АН (1894), Лонданскага каралеўскага т-ва (1926). Замежны ганаровы чл.АНСССР (1926). Вучыўся ў Мюнхенскім (1874—77) і Берлінскім (1877—78) ун-тах. З 1880 у Мюнхенскім ун-це, праф. ун-таў у Кілі (з 1885) і Берліне (з 1889), адначасова сакратар Берлінскай АН (1912—43). Навук. працы па тэрмадынаміцы, тэорыі цеплавога выпрамянення, тэорыі адноснасці, электрамагнетызме, оптыцы, акустыцы, кінетычнай тэорыі газаў, гісторыі і метадалогіі фізікі. Выказаў меркаванне аб дыскрэтным характары энергетычных працэсаў у атамных асцылятарах, увёў паняцце квант энергіі і фундаментальную фіз. канстанту h (гл.Планка пастаянная). Устанавіў закон размеркавання энергіі ў спектры абс. чорнага цела (гл.Планка закон выпрамянення). Увёў паняцце «тэорыя адноснасці», вывеў рэлятывісцкае ўраўненне дынамікі, атрымаў формулы для энергіі і імпульсу электрона. Нобелеўская прэмія 1918.
Тв.:
Рус.пер. — Единство физической картины мира. М., 1966;
Избр. труды. М 1975.
Літ.:
Макс Планк, 1858—1958. М., 1958;
Кляус Е.М., Франкфурт У.И. Макс Планк, 1858—1947. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,
апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.Кмітам і канюшым трокскім М.Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.І.Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст. Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН У БССР,
аўтаномная адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1932—37. Створаны 15.3.1932 на базе Койданаўскага раёна як Койданаўскі нацыянальны польскі раён, з 29.6.1932 — Дзяржынскі нацыянальны польскі раён. Арг-цыя раёна была практычнай спробай стварыць форму нац.аўтаноміі для палякаў у БССР у ходзе агульнасаюзнай кампаніі нац.дзярж. будаўніцтва нац. меншасцей. З 1926 у БССР пачалі стварацца польскія нацыянальныя сельсаветы, у 1931 4 такія сельсаветы створаны ў Койданаўскім р-не, у 1932 з 17 яго сельсаветаў было 10 польскіх і 1 яўр.-польскі. У 1932—33 раёну выдадзена 1,5 млн. рублёў (удвая больш, чым звычайным раёнам). Актыўна вялося нац.-культ. будаўніцтва: дзейнічала 135 польскіх школ (усяго ў БССР на 1935), працавалі Дзяржынскі польскі агранамічны тэхнікум, польскі навук. кабінет (пед. вучылішча) у в. Станькава, польскі калгасна-саўгасны тэатр у Дзяржынску, выдавалася газ. «Szturmowiec Dzierżyńszczyzny» («Ударнік Дзяржыншчыны»), У 1935 пагаршэнне сав.-польскіх адносін адбілася і на стаўленні да польск. насельніцтва ў СССР. 31.7.1937 нац. раён скасаваны. Па справе аб скасаванні раёна рэпрэсіям палітычным падверглася каля 250 чал. Шмат жыхароў было дэпартавана (гл.Дэпартацыя). А.І.Валахановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГМА́ТЫКА [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],
1) адзін з раздзелаў семіётыкі, які вывучае адносіны паміж знакавымі сістэмамі і іх карыстальнікамі. Асн. ідэі П. сфармулявалі амер. філосафы Ч.Пірс і Ч.Морыс (прапанаваў тэрмін «П.» ў канцы 1930-х г.). Улічвае ўласцівасці і магчымасці чалавечага інтэлекту і чалавечых зносін, імкнецца іх змадэляваць з мэтай вырашэння міждысцыплінарнай праблемы стварэння т.зв. штучнага інтэлекту.
2) Галіна даследаванняў у мовазнаўстве; вывучэнне мовы як універсальнай знакавай сістэмы, што выкарыстоўваецца чалавекам. Уключае комплекс праблем: узаемадзеянне ў працэсе камунікавання адрасанта (таго, хто гаворыць), адрасата і сітуацыі зносін; правілы і мэты размовы, ускосныя сэнсы выказванняў, экспрэсіўныя сродкі маўлення, адносіны суразмоўцаў да прадметаў рэчаіснасці, прэсупазіцыі тых, хто гаворыць (аб’ём і разнастайнасць іх ведаў, што адбіваецца на маўленчым кантакце); прынцыпы і магчымасці інтэрпрэтацыі выказанага; форма, стыль, жанр, логіка маўлення, яго рытарычныя характарыстыкі. Узаемазвязана з праблематыкай розных гуманітарных навук і іх раздзеламі (стылістыка, рыторыка, псіхалінгвістыка, этналінгвістыка, тыпалогія маўлення, тэорыя камунікацыі, тэорыя дыскурсу і інш.).
Літ.:
Арутюнова Н.Д., Падучева Е.В. Истоки, проблемы и категории прагматики // Новое в зарубежной лингвистике. М., 1985. Вып. 16.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ШЧА,
месца (крыніца, возера, камень, узгорак і г.д.), надзеленае, паводле ўяўленняў вернікаў, надзвычайнымі надпрыроднымі сіламі і ўласцівасцямі. П. назвалі таксама маленне пра дараванне грахоў у якім-н. «святым» ці «цудадзейным» месцы. У навук. ўжытак тэрмін «П.» ўвёў у пач. 20 ст. М.Янчук. Вера ў П. генетычна звязана з культам прыроды. Некат. П. ўзніклі з язычніцкіх свяцілішчаў. Аднак этнографамі зафіксаваны выпадкі ўзнікнення пакланення П. і ў 19—20 ст. П. наведвалі, каб пазбавіцца ад хвароб, сюды прыносілі ахвяраванні (палатно, ручнікі, кветкі, ежу і інш.). Значная частка П. была прызнана хрысціянскім духавенствам і знаходзілася пад яго апекай. Каля такіх П. нярэдка будавалі капліцы, цэрквы, касцёлы, у дні рэліг. свят праводзілі хрэсныя хады і богаслужэнні. Найб. вядомымі былі П. Сіняя Крыніца каля г. Слаўгарад Магілёўскай вобл., Святая Горка каля г.п. Смілавічы Мінскай вобл., нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., камяні-следавікі на Траецкай гары ў Мінску і інш. П. на Беларусі даследавалі М.Доўнар-Запольскі, Янчук, Ф.Пакроўскі, Е.Раманаў, А.Багдановіч, М.Мялешка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ДЗІЧ (Зіновій Кірылавіч) (н. 15.10.1944, в. Лышча Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Канд.філас.н. (1984). Скончыў БДУ (1967), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1984). З 1960 працаваў у друку, на радыё. З 1967 у газ. «Звязда». У 1977—84 і з 1989 у ЦККПБ (у 1984—89 заг. кафедры Мінскай ВПШ). З 1989 рэдактар газ. «Советская Белоруссия», з 1992 гал. рэдактар час. «Гаспадыня», у 1996—99 1-ы нам. старшыні Дзяржкамдруку Беларусі. Адначасова з 2000 у БДУ. Друкуецца з 1960. Піша на бел. і рус. мовах вершы і апавяданні, нарысы, крытычныя артыкулы пра бел. л-ру. Першая кн. «Добры дзень, сад!» (1974). Аповесць «Журавы на далёкай пойме» (1984) прысвяціў студэнцкай моладзі, аповесць «Ноч перад нядзеляю» (1985) — сучаснай вёсцы, праблемам сям’і, прыгажосці ўнутр. свету людзей старэйшага пакалення. Аўтар дакумент. аповесцей «Строгая дабрата» (1976), «Крылы дужэюць у палёце» (1977), зб. нарысаў «Жменя зярнят» (1979).
Тв.:
Сучасная беларуская літаратура: Прывабнасць ідэалу. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫХО́ДЗЬКА (Пятро) (Пётр Фёдаравіч; н. 25.2.1920, в. Альшоў Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Магілёўскую газетную парт. школу (1938), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1956). З 1954 працаваў у час. «Беларусь», газ. «Звязда», «Літаратура і мастацтва», на Мінскай студыі навук.-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў; з 1967 у выд-ве «Беларусь», у 1972—80 — «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951), «Ранак над Эльбай» (1952), «Цёплы каравай» (1960), «Вішнёвы агонь» (1963), «Сонца раней узышло» (1967), «Калінавыя зоры» (1969), «Не здадзеныя вышыні» (1972), «На пераправе» (1974), «Плацдарм» (1978), «Вячэрняя паверка» (1982), «Парог памяці» (1984), «Апаленыя вёрсты» (1986), «Водгулле грому» (1989), у якіх тэмы вайны і асабіста перажытага на ёй, праблемы сучаснасці. Паэзіі П. ўласцівы публіцыст. страснасць, шчырасць пачуццяў, даверлівасць выказвання. Піша для дзяцей: зб-кі «Сустрэча з маленствам» (1967), «Сын камунара» (1973), «Каляка-маляка» (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́НЯ (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 26.2.1940, Мінск),
бел. майстар-рэстаўратар нац.муз. інструментаў, выканаўца на іх, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1964), Мінскі ін-т культуры (1989). У 1965—78 артыст Дзярж.нар. аркестра БССР імя І.Жыновіча. З 1972 адначасова працаваў у Мінскім абл., у рэсп.навук.-метадычным цэнтрах нар. творчасці і культ.-асв. работы. З 1979 педагог-ілюстратар сярэдняй спец.муз. школы пры Бел. кансерваторыі, старшы метадыст па фальклоры пры Мінскім абл. метадычным цэнтры. З 1982 майстар, у 1983—88 заг. вучэбнай майстэрні па рэстаўрацыі. рамонце і вырабе муз. інструментаў Мінскага ін-та культуры. Стваральнік музея бел.муз.стараж. інструментаў «Бел. хатка». Вырабляе бел.нар.муз. інструменты (аэрафоны: сапранавыя, альтавыя, басовыя дудкі; жалейкі, трубы, дуды і інш.; хардафоны: колавая ліра, басэтля і інш.). Выступае з ігрой на бел.муз. інструментах (удзельнік канцэртных праграм, фестываляў нар. творчасці, запісваецца на радыё, тэлебачанні). Аўтар кн. «Лірнік» (1993) — першай нац. школы ігры на бел.нар. інструментах, артыкулаў пра бел.нар.муз. інструменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЧНА-ЖЫ́ТНІЯ ГІБРЫ́ДЫ, трыцікале,
міжродавыя гібрыды пшаніцы з жытам; збожжавыя культуры. Атрыманы ў 1888 ням. селекцыянерам В.Рампаў.
Адрозніваюцца ад зыходных форм каштоўнымі гасп. якасцямі: павышаная колькасць бялку і асобных амінакіслот, мароза- і хваробаўстойлівасць, высокія кармавыя паказчыкі. Асн. недахопы; нізкая экалагічная і цытагенет. стабільнасць, ненапоўненасць і маршчыністасць эндасперму, адносная познаспеласць, прарастанне зерня ў коласе і інш. Выкарыстоўваецца як зыходны матэрыял пры селекцыі пшаніцы і жыта, кармавая і харч. культура.
На Беларусі вывучэнне П.-ж.г. вядзецца ў БДУ (з 1965), БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр.навук і Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (з 1970). Створана калекцыя гібрыдаў, вядзецца селекцыя высокаўраджайных (90—100 ц/га), устойлівых да палягання, хвароб і шкоднікаў азімых і яравых сартоў. Вырошчваецца каля 15 сартоў азімых П.-ж.г. і 2 сарты яравых (2000). Раянаваныя сарты мясц. селекцыі; яравыя — Лана, Інеса; азімыя — Дар Беларусі, Міхась, Дубрава, Мара, Модуль, Ліра і інш. Сярэдняя ўраджайнасць азімых П.-ж.г. — 22,9, яравых 12,6 ц/га (1999).