ПАСТАЛО́ЎСКІ (Дзмітрый Сіманавіч) (5.11.1876, г. Варонеж — 29.5.1948),
адзін з кіраўнікоў рэв. руху на Беларусі. За рэв. дзейнасць неаднойчы арыштаваны і сасланы. З вясны 1904 агент ЦК РСДРП па Паўн.-Зах. краі, чл. Паўн.Зах. к-та РСДРП. Дэлегат ад Паўн.-Зах. к-та на III з’ездзе РСДРП (1905), выбраны чл. ЦК. У парт. арг-цыях Мінска і Віцебска зрабіў даклады аб рабоце III з’езда РСДРП. З 1905 прадстаўнік ЦК РСДРП у Савеце партыі, афіц. прадстаўнік ЦК РСДРП у выканкоме Пецярб. Савета. З 1908 ад парт. дзейнасці адышоў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Дзярж. камісіі заканад. меркаванняў пры СНК РСФСР, з 1932 на юрыд. рабоце.
т. 12, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЮКЕ́ВІЧ (Вадзім Іосіфавіч) (н. 23.3.1932, в. Зялёная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
геолаг, адзін з адкрывальнікаў жалезарудных і інш. радовішчаў на Беларусі. Скончыў БДУ (1956). У 1956—98 у Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі (гал. геолаг, з 1976 начальнік). Навук. працы па геал. будове і карысных выкапнях Беларусі, методыцы іх вывучэння. Пад яго кіраўніцтвам адкрыты Аколаўскае, Навасёлкаўскае радовішчы жал. руд, шэраг крыніц мінер., вод, радовішчы буд. матэрыялаў. Удзельнічаў у складанні геал., геамарфалагічных карт і карт карысных выкапняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Геология СССР. Т. 3 (БССР). М., 1971 (у сааўт.);
Геология антропогена Белоруссии. Мн., 1973 (у сааўт.);
Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974 (у сааўт.).
т. 12, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАБНЯ́ (Андрэй Апанасавіч) (31.8.1838, с. Перакопаўка Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 5.3.1863),
рэвалюцыйны дэмакрат, удзельнік паўстання 1863—64. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе. Скончыў Канстанцінаўскі кадэцкі корпус у Пецярбургу (1856), афіцэрскую школу ў Царскім Сяле (1859). Служыў прапаршчыкам, потым падпаручнікам у 15-м Шлісельбургскім палку ў Польшчы. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камітэта рускіх афіцэраў ў Польшчы. Трымаў сувязь з Я.Дамброўскім, З.Серакоўскім, А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым, у час наведвання Лондана вёў перагаворы пра рус.польскі рэв. саюз. З ліст. 1862 чл. «Зямлі і волі». З лют. 1863 у атрадах ген.
М.Лянгевіча, смяротна паранены ў баі супраць царскіх войск.
В.С.Семенякоў.
т. 12, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Мікалай Піліпавіч) (19.9.1803, Масква — 10.4.1864),
рускі пісьменнік. Муж К.К.Паўлавай. Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1821), Маскоўскі ун-т (1825). Заснавальнік і рэдактар газ. «Русские ведомости» (1863—64). Друкаваўся з 1822. У 1831 апубл. першыя ў Расіі пераклады з А.Бальзака. Адзін з пачынальнікаў рус. сацыяльна-псіхал. аповесці: зб-кі «Тры аповесці» (1835; забаронены), «Новыя аповесці» (1839). Аўтар вершаў, апавяданняў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку М.Глінкам, А.Даргамыжскім і інш.
Тв.:
Соч.: Три повести. Новые повести. Стихотворения. Статьи. М., 1985;
Избр.: Повести, стихотворения. Статьи. М., 1988;
Избр. соч. М., 1989.
Літ.:
Вильчинский В.П. Н.Ф.Павлов. Л., 1970.
т. 12, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛІ ПРЫ́НЦЫП,
прынцып забароны, паводле якога ў сістэме часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) у адным і тым жа стане можа знаходзіцца не больш як адна часціца; адзін з фундаментальных законаў квантавай механікі. Сфармуляваны В.Паўлі (1925) для электронаў пры тлумачэнні структуры спектраў складаных атамаў. Пашыраны на ўсе ферміёны.
Вынікае з сувязі паміж спінам часціцы і статыстыкай: часціцы з паўцэлым спінам падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы і хвалевая функцыя сістэмы аднолькавых часціц антысіметрычная адносна перастаноўкі любых 2 ферміёнаў. П.п. вызначае парадак запаўнення электронных абалонак атама, на ім грунтуецца тлумачэнне атамных і малекулярных спектраў. На яго аснове створана статыстыка электроннага газу, якая тлумачыць большасць цеплавых, эл. і магн. уласцівасцей цвёрдага цела.
т. 12, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХІЛЕ́ВІЧ (Дзмітрый Леанідавіч) (22.9.1897, в. Вадатыі Карастышаўскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 29.5.1974),
украінскі гісторык. Д-р гіст. н. (1951), засл. дз. нав. УССР (1974). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1924). У 1921—45 працаваў у ВНУ УССР і РСФСР. З 1946 заг. кафедры Львоўскага ун-та. Даследаваў агр. адносіны і гісторыю сялянства Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы 16—18 ст. Распрацаваў перыядызацыю агр. гісторыі Беларусі і Літвы 16—18 ст. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972).
Тв.:
Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI—XVIII вв. Львов, 1957;
Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине XVIII в. Вильнюс, 1966.
т. 12, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧО́СКІ ((Paczoski) Юзаф Конрадавіч) (8.12.1864, в. Белгародка Дубнаўскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 14.2.1942),
польскі і ўкраінскі біёлаг; адзін з заснавальнікаў фітацэналогіі, пачынальнік геабат. даследаванняў на Беларусі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1897 працаваў у Херсоне і запаведніку Асканія-Нова. З 1923 узначальваў н.-д. работу запаведніка Белавежская пушча. З 1925 праф. Пазнанскага ун-та. Навук. працы па фларыстыцы, сістэматыцы, геаграфіі раслін, садоўніцтве, лесаводстве, энтамалогіі, арніталогіі. Распрацаваў паняцце аб «біяэкалагічным патэнцыяле віду». Аўтар манаграфій «Аб раслінных фармацыях і паходжанні флоры Палесся» (1900), «Флора Палесся і прылеглых мясцовасцей» (1901).
Літ.:
Пузанов И.И., Гольд Т.М. Выдающийся натуралист И.К.Пачоский. М., 1965.
т. 12, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРУШЭ́ЎСКІ (Фёдар Фаміч) (24.3.1828, С.-Пецярбург — 17.2.1904),
расійскі фізік, заснавальнік навук. школы фізікаў. Брат В.Ф.Петрушэўскага. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1851) і з 1862 працаваў у ім (у 1865—1901 заг. кафедры). Навук. працы па оптыцы і электрамагнетызме. Вынайшаў і сканструяваў шэраг аптычных прылад, першы ў Расіі арганізаваў фіз. практыкум для студэнтаў, які ператварыўся ў навук. лабараторыю. Першы старшыня Рас. фіз. т-ва (з 1872) і Фіз. аддзялення Рас. фіз.-хім. т-ва (1878—1901). Адзін з гал. рэдактараў энцыкл. слоўніка Бракгаўза і Эфрона.
Літ.:
Ченакал В.Л. Ф.Ф.Петрушевский и его работы по оптике и цветоведению // Успехи физ. наук. 1948. Т. 36, вып. 2.
т. 12, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЦІ ((Petty) Уільям) (26.5.1623, г. Ромсі, Вялікабрытанія — 16.12.1687),
англійскі эканаміст, адзін з заснавальнікаў класічнай палітэканоміі. Атрымаў мед. адукацыю ва ун-тах Лейдэна, Парыжа, Оксфарда. Д-р фізікі (1649), праф. анатоміі і музыкі (1651). У творах «Трактат аб падатках і зборах» (1662), «Палітычная арыфметыка» (1676), «Некалькі слоў наконт грошай» (1682) і інш. даследаваў унутр. заканамернасці вытв-сці; лічыў крыніцай багацця сферу вытв-сці. Аўтар тэорыі прац. вартасці, на падставе якой аналізаваў праблему заработнай платы, прыбытку, зямельнай рэнты і інш. Лічыў капіталіст. лад натуральным і вечным. Навук. палажэнні яго вучэння атрымалі развіццё ў працах А.Сміта і Д.Рыкарда.
Тв.:
Рус. пер. — Экономические и статистические работы. Т. 1—2. М., 1940.
т. 12, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛІПЕ́НКА (Сяргей Уладзіміравіч) (22.7.1891, Кіеў — 11.7.1943),
украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (з 1906), адкуль за антыўрадавую дзейнасць быў выключаны і высланы. Друкаваўся з 1917. Аўтар зб-каў баек «Байкаўніца» (1922), «Байкі» (1927), «Свінні на дубе» (1932), кніг апавяданняў і гумарэсак «Асколкі жыцця» (1925), «Кара» (1927), «Анекдоты старога рэдактара» (1933), аповесці «Востраў Драйкрайцэн» (1930), публіцыстычных і літ.знаўчых артыкулаў. Адзін з першых перакладчыкаў вершаў і баек Я.Купалы (з 1917), пераклаў таксама асобныя творы Ц.Гартнага, М.Чарота, З.Бядулі, К.Крапівы. Рэдактар альманаха «Нова Білорусь» (Харкаў, 1929). На бел. мову байку П. «Грамафон» пераклаў Э.Валасевіч.
В.А.Чабаненка.
т. 12, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)