МЕЛО́ДЫЯ (ад грэч. melōdia спевы, напеў, песня, мелодыя),
асноўны выразны сродак музыкі, у якім у непарыўным адзінстве суіснуюць гукавышынны (уласна меладычны), рытмічны і ладавы бакі. Канкрэтныя мелодыі валодаюць таксама тэмбравай, рэгістравай, дынамічнай і агагічнай выразнасцю. Інтанацыйная прырода М. (гл.Інтанацыя) надае ёй нац., жанравую, часткова сац. характэрнасць, збліжае з чалавечай мовай, што выяўляецца ў гукавым вырашэнні, асэнсаванай расчлянёнасці на матывы («словы»), фразы і сказы, у яе змястоўнай і камунікатыўнай функцыях. Цэласнасць, пластычнасць і злітнасць М. як найважнейшага сэнсавага кампанента музыкі забяспечвае аб’яднанне ў ёй характэрных інтанацый (пытання, воклічу, сцвярджэння і інш.) з агульнымі формамі паступеннага меладычнага руху. Суадносіны гэтых момантаў вызначаюцца стылем і жанрам М., яе прыналежнасцю да пэўнага тыпу — рэчытатыўна-дэкламацыйнага, арыёзнага, кантыленнага. Вакальная першааснова М. (залежнасць ад дыхання і галасавога апарата) выяўляецца ў асаблівасцях яе структуры і дынамічнага разгортвання, уласцівых вак. і інстр. мелодыцы, розным стылям, жанрам і меладычным тыпам. Гэта — хвалевая будова («меладычнае дыханне») і натуральнае ўзмацненне дынамікі пры пераходзе ў верхні рэгістр, а пры зыходным руху і вяртанні ў першапачатковы рэгістр — яе аслабленне. Выразнасць канкрэтнай М. ў многім залежыць ад віду меладычнай хвалі (прамой ці зваротнай), яе працягласці, размяшчэння кульмінацыйнага пункта — у пачатку (т.зв. «вяршыня-крыніца», у высокай ступені ўласцівая ўсх.-слав. песеннасці), сярэдзіне або ў канцы хвалі, а таксама ад рытмічнай і ладавай арганізацыі, але перш-наперш ад інтанацыйнага зместу. У нар. і прафес. музыцы аднагалосая М. нярэдка выступае ў тэрцовых, секставых і інш. дубліроўках. У фальклоры найб. пашырана тэрцовая ўтора, у прафес. музыцы — разнастайныя акордавыя згушчэнні, што ўтвараюць свайго роду шматгалосую мелодыю. Роля М. неаднолькавая ў поліфаніі, гамафоніі, манодыі. У поліфаніі М. адначасова спалучаецца з інш. раўнапраўнымі ёй галасамі. У гамафонных творах М. — вядучы голас, утварае першы план на фоне гарманічнага суправаджэння. У манадычных стылях нар., стараж. культавай, класічнай музыкі народаў Усходу М. — адзіны і паўнацэнны носьбіт маст. зместу. Прафес. музыка 20 ст. характарызуецца выключнай разнастайнасцю меладычных стыляў, у якіх адлюстраваны заканамернасці архаічных фальклорных слаёў і сучасныя складаналадавыя, новамадальныя, дадэкафонныя і інш. структуры. У бел. музыказнаўстве асн. ўвага даследаванняў скіравана на выяўленне меладычных асаблівасцей бел.нар. музыкі і іх ператварэнне ў прафес. музыцы ў крыніцу нац. спецыфікі.
Літ.:
Мазель Л.А. О мелодии. М., 1952;
Ручьевская Е. Мелодия сквозь призму жанра // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;
Корчмар Л.О. Учение о мелодии в XVIII в. // Вопросы теории музыки. М., 1970. Вып. 2;
Арановский М.Г. Синтаксическая структура мелодии. М., 1991;
Елатов В.И. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;
Титова Т.А. О современных аспектах термина «мелодия» // Вопросы методологии современного музыкознания. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛАГІ́ЧНЫ ЖАНР,
жанр выяўленчага мастацтва, прысвечаны героям і падзеям, прадстаўленым у міфахстараж. народаў. Творам М.ж. звычайна ўласцівы сімвалічнасць вобразаў (багоў, герояў, духаў і інш.), семантычная ўмоўнасць, своеасаблівая трансфармацыя прасторы і часу, ілюстратыўная апавядальнасць раскрыцця зместу міфа. У мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. яго кампазіцыі набылі большую вобразную і сэнсавую самастойнасць, часта змяшчаюць аўтарскія міфалагічныя мадэлі. Генезіс М.ж. цесна звязаны з біблейскім, а таксама гіст. і фантаст. жанрамі, традыц.нар. мастацтвам.
Вытокі М.ж. ў першабытным мастацтве. Вял. ролю ў яго станаўленні мела мастацтва Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма. Міфы былі асновай традыц. мастацтва народаў Усходу, Афрыкі і Акіяніі. У эпоху сярэднявечча ў межах М.ж. склаліся сістэмы культавага мастацтва асн.рэліг. канфесій. Як жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, што было абумоўлена цікавасцю да ант. культуры. Праз сюжэты міфаў мастакі ўвасаблялі складаныя этычныя, часта алегарычныя падтэксты (творы С.Батычэлі, Дж.Беліні, П.Веранезе, Данатэла, Джарджоне, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Тыцыян Б.Чэліні ў Італіі, Х.Босха, Х. ван дэр Гуса, Р.Кампена ў Нідэрландах, Л.Кранаха Старэйшага ў Германіі і інш.). У 17—19 ст. у стылях класіцызму, ракако, рамантызму М.ж. стаў нормай высокага, ідэальнага мастацтва (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр, Н.Пусэн у Францыі, В.Сяроў, Д.Веласкес у Іспаніі, П.П.Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі, А.Канова ў Італіі, І.Мартас, А.Іванаў у Расіі і інш.). Ў 19—20 ст. разам з тэмамі ант. міфалогіі пашырыліся тэмы герм., кельцкіх, інд., слав. міфаў. У 20 ст. набыў сучаснае пераасэнсаванне ў стылях сімвалізму і мадэрну (М.Дэні ў Францыі, В.Сяроў, М.Урубель у Расіі), а таксама ў творах мастакоў А.Бурдэля, А.Маёля, П.Пікасо (Францыя), Д.Рыверы, Д.Сікейраса (Мексіка), Дж.Дэ Кірыка (Італія), С.Далі (Іспанія), Г.Каспара, Р.Кляйна (Германія), С.Канёнкава, А.Краўчанкі, М.Ульянава, С.Рамановіча (Расія) і інш.
На Беларусі найб. раннія элементы М.ж. ўвасоблены ў мастацтве першабытнага ладу і звязаны са слав. міфалогіяй. Пасля прыняцця хрысціянства яны захаваліся ў некаторых творах дэкар.-прыкладнога мастацтва і ў традыц.нар. мастацтве. З пашырэннем класіцызму і рамантызму адбыўся новы ўздым цікавасці да міфалагічных тэм. У 18 ст. да М.ж. звярталіся мастакі В.Ваньковіч, Я.Дамель, К.Ельскі, К.Рыпінскі, у 19 — пач. 20 ст. — А.Гараўскі, Г.Дмахоўскі, Б.Русецкі, Н.Сілівановіч, І.Трутнеў, І.Лавярэцкі, К.Каганец, Я.Драздовіч, Ю.Пэн. У сучасным бел. мастацтве тэмы язычніцкай міфалогіі распрацоўвае С.Цімохаў. Да М.ж. звяртаюцца Г.Вашчанка, Г.Гаравая, А.Зіменка, У.Кожух, А.Ксяндзоў, А.В.Кузняцоў, А.Марачкін і інш.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Міфалагічны жанр. Г.Вашчанка. Жыцень. 1990.Да арт.Міфалагічны жанр. Тыцыян. Венера і Адоніс. 1553.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Перамяшчэнне якога‑н. арганізаванага атрада людзей з пэўнымі мэтамі, заданнем. Турысцкі паход. □ Пасля трох дзён марскога паходу ўсім хацелася хутчэй ступіць на бераг.Хомчанка.Сотню коннікаў, сотню пяхоты, абоз і фурманкі з параненымі — усё гэта, як суцэльную баявую адзінку, трэба было зберагчы ад разгрому. Гэта быў цяжкі, марудны паход.Брыль.Адабраўшы дваццаць пяць самых дужых партызан, Рыгор загадаў рыхтавацца да выступлення ў паход.Барашка.//Разм. Арганізаванае наведванне чаго‑н. або выхад куды‑н. Гэты наш першы паход у кіно з’явіўся пачаткам многіх паходаў.Ракітны.— Вось добрая прапанова, — падтрымлівае .. [Краўчанка] маладога рабочага, — арганізаваць паход на руднік.Мікуліч.
2. Ваенныя дзеянні, аперацыі супраць каго‑, чаго‑н.; ваенная кампанія. Пасля правалу двух паходаў Антапты, разгрому Калчака і Дзянікіна міжнародны імперыялізм зрабіў новую спробу задушыць маладую Савецкую дзяржаву.«Звязда».[Юстын] апавядаў мне пра паход Напалеона.Бядуля.//перан. Арганізаваныя дзеянні, накіраваныя на барацьбу з кім‑, чым‑н. Паход за эканомію і беражлівасць.
3.Разм. Невялікі лішак (у вазе, суме і пад.). Я вывернуў мех і падаў Зусю. Ён насыпаў мукі і, зважыўшы яе на шалях, сказаў мне: — Глядзі, які пуд, яшчэ з паходам.Сабаленка.
•••
Крыжовы паход (гіст.) — захопніцкі паход феадалаў Заходняй Еўропы ў 11–13 стст., які праводзіўся па пачыну каталіцкай царквы ў краіны Блізкага Усходу, у Прыбалтыку супраць славянскіх народаў ва Усходняй Еўропе пад лозунгам барацьбы з «нявернымі», ерэтыкамі і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),
від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.
Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж.Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст.самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.Груневальд, А.Дзюрэр, Л.Кранах у Германіі, А.Альтдорфер, П.Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.П.Рубенс у Фландрыі, А.Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.Ларэна, Н.Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.Д.Фрыдрых, Л.Рыхтэр у Германіі, У.І.Кох у Аўстрыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.Каро, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле (Францыя), Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), А.Менцэля (Германія), І.Айвазоўскага, А.Бенуа, Л.Бродскай, І.Грабара, А.Дайнекі, А.Куінджы, І.Левітана, Г.Ніскага, В.Паленава, М.Рэрыха, А.Саўрасава, В.Сярова, І.Шышкіна (Расія), М.Сар’яна (Арменія), А.Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.Банар, К.Манэ, Э.Манэ, К.Пісаро, А.Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.Гаген, П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.
У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.Жукоўскі, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Н.Орда, Ю.Пэн, К.Русецкі, Ф.Рушчыц, Я.Сухадольскі, І.Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.Волкаў, І.Гембіцкі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, Л.Лейтман, С.Лі, М.Сеўрук, М.Станюта, А.Тычына (1920—50-я г.), А.Бархаткоў, У.Басалыга, Я.Батальёнак, Г.Вашчанка, В.І.Вярсоцкі, В.Грамыка, М.Данцыг, М.Ісаёнак, К.Качан, А.Кроль, У.Лагун, З.Літвінава, А.Малішэўскі, А.Марачкін, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, П.Масленікаў, Г.Паплаўскі. У.Пасюкевіч, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, В.Сумараў, І.Рэй, В.Цвірка, Л.Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.
Літ.:
Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;
Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;
Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;
Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;
Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;
Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;
Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.Да арт.Пейзаж. І.Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.Да арт.Пейзаж. В.Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.Да арт.Пейзаж. В.Грамыка. Раніца туманная. 1974.Да арт.Пейзаж. В.Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.
навука, якая даследуе працэс мэтанакіраванага развіцця і фарміравання ва ўмовах яе выхавання, адукацыі і навучання; навуч. прадмет сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, якія рыхтуюць настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў. Вывучае аб’ектыўныя сувязі паміж развіццём асобы і знешнімі фактарамі (выхаванне, асвета, навучанне), распрацоўвае тэорыю і методыку выхавання. Разглядае фарміраванне асобы ў асн. сферах яе жыццядзейнасці (сям’я, калектыў, грамадства і інш.). Уключае пед. навукі: агульную П., пераддашкольную, дашкольную, школьную, сямейную, спецыяльную, параўнальную, вытворчую, прафтэхпадрыхтоўчую, вышэйшай школы, ваенную, спартыўную, інжынерную, сацыяльную, андрагогіку (тэорыя і практыка выхавання і адукацыі дарослых), гісторыю П. і інш.
Як сістэма фарміравання асобы П. пачала складвацца ў стараж. дзяржавах (Грэцыя, Рым, Егіпет, краіны Усходу), калі з’явіліся ўстойлівыя погляды на выхаванне, якія адлюстроўвалі менталітэт народаў, іх сац. склад, характар вытв-сці, погляды на дабро і зло. Як асобная навука вылучылася з сістэмы філас. ведаў у пач. 17 ст. Першае абагульненне пед. вопыту зрабіў Я.А.Каменскі. У працы «Вялікая дыдактыка» ён разгледзеў асн. праблемы адукацыі і выхавання, упершыню падкрэсліў прынцыпы дыдактыкі і асновы прыродазгоднага выхавання дзіцяці, заклаў базіс класна-ўрочнай сістэмы навучання ў школе. Уклад у П. зрабілі Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, І.Г.Песталоці, І.Ф.Гербарт, А.Дыстэрверг і інш.; у Расіі — К.Дз.Ушынскі, В.І.Вадавозаў, М.І.Пірагоў, Дз.Дз.Сямёнаў, В.П.Астрагорскі, П.Ф.Лесгафт, Л.М.Талстой, П.Ф.Капцераў, К.М.Вентцэль і інш.
На Беларусі з развіццём пісьменнасці і ўзнікненнем школ канцэпцыі выхавання і навучання складваліся пад уздзеяннем хрысц. маралі (Ефрасіння Полацкая) і ідэі стараж. філосафаў. Пед. ідэі, заснаваныя на нар. традыцыях, выказвалі М.Гусоўскі, Ф.Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі, Л.Зізаній і інш. У 17—18 ст. уклад у развіццё П. зрабілі М.К.Сарбеўскі, К.Нарбут, Я.Снядэцкі і інш. Асветнікі і вучоныя 19 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, Я.Карскі і інш.) разглядалі асветніцкія і пед. ідэі як сродак абуджэння самасвядомасці народа. У 20 ст. пэўны ўклад у пед. навуку Беларусі зрабілі Цётка («Першае чытанне для дзетак беларусаў», 1906, і артыкулы пра выхаванне), Я.Колас (падручнікі «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў», 1909, і «Методыка роднае мовы», 1926), П.Я.Панкевіч, У.І.Пічэта, І.І.Замоцін, М.І.Гарэцкі, Д.А.Жарыкаў, М.Я.Байкоў, Л.В.Шашкоў і інш. Развіццё мовы яны разглядалі як частку агульнага падыходу да праблемы грамадскага жыцця. У канцы 20 — пач. 21 ст. арганізацыя набывае грамадска-дзярж. характар; у яе ўключаюцца сям’я, паліт. партыі, канфесіі, грамадскія аб’яднанні. Адраджаюцца гімназіі, ліцэі, каледжы, акадэміі, галіновыя ун-ты. Пытанні тэорыі і практыкі П. распрацоўваюць Нацыянальны інстытут адукацыі, кафедры П. ВНУ, адпаведныя кафедры Рэсп. ін-та прафес. адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, абл. ін-таў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, аддзяленне псіхолага-пед.навук. грамадскага аб’яднання «Бел. акадэмія адукацыі» і інш.
Літ.:
Харламов И.Ф. Педагогика. 5 изд. Мн., 1998;
Вадзінскі Д.І. Асновы педагогікі вышэйшай школы. Мн., 1993;
Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986;
Мещеряков В.П. Братские школы Белоруссии (XVI — первая половина XVII в.). Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧА́ТКА, пячаць,
рэч з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, сургучы, воску, паперы і інш., а таксама адбітак гэтых знакаў, зроблены, каб надаць якому-н. дакументу верагоднасць і юрыд. сілу. Вывучае П. сфрагістыка.
П. вядомы з 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж.Усходу. У Стараж. Грэцыі і Рыме П. рабілі з каштоўнага каменю — т.зв. гемы, як узоры мастацтва іх вывучае гліптыка. Рымляне карысталіся таксама П.-пярсцёнкамі. З канца 4 ст. ў Рыме былі віслыя П. — булы (адціскаліся на свінцовых, сярэбраных, залатых пласцінках і прывешваліся на шнурках да дакументаў), у канцы 10 ст. праз Візантыю трапілі на Русь. Найб. колькасць віслых П. знойдзена ў Ноўгарадзе, а свінцовых П. для тавараў (пломбаў) — у Драгічыне на р.
Буг (цяпер у Падляскім ваяв., Польшча). Знойдзены полацкія П. кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.), Ефрасінні Полацкай і яе маці Софіі. епіскапаў Дыянісія і Міны (12 ст.). П. з выявамі расквітнеўшага крыжа і св. Глеба належала менскаму кн. Глебу Усяславічу. У Тураве знойдзена П. кіеўскага мітрапаліта Кірылы (13 ст.). У 1-й пал. 14 ст. ў Полацку карысталіся свінцовымі буламі, у канцы 14—15 ст. ужываліся віслыя і прыкладныя васковыя П. Паводле тыпаў П. 14—15 ст. былі княжацкія. епіскапскія, гарадскія, баярскія і інш. У Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. ужываліся асабістыя П.-пярсцёнкі (сыгнеты). З прыняццем магдэбургскага права ў 14—17 ст. многія бел. гарады мелі П. з выявамі гербаў. Стараж. адбіткі П. падзяляюцца на металічныя (10—15 ст.), васковыя (14—17 ст.), сургучныя (з канца 17 ст.), куродымныя (18—19 ст.). У канцы 19 ст. ўзніклі каўчукавыя штэмпелі і спец. масціка, каб рабіць адбітак на паперы.
У Рэспубліцы Беларусь П. гербавыя і простыя. На гербавай назва дзярж. арг-цыі ці органа, якія яе выкарыстоўваюць, і выява Герба дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь. На простых П. няма выявы герба, імі звычайна карыстаюцца грамадскія арг-цыі, недзярж. прадпрыемствы і асобы (напр., урачы). Адзін з відаў простай П. — вуглавы і інш. штампы.
Літ.:
Янин В.Л. Актовые печати Древней Руси X—XV вв. Т. 1—3. М., 1970—98 (т. 3 разам з П.Р.Гайдуковым);
Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;
Трофимов А.И. Об атрибуции брестской печати XI в. // Гербовед. 1997. № 3.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Пячатка. Віслыя свінцовыя двухбаковыя пячаткі: 1 — полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.); 2 — кіеўскай вял. княгіні Алісавы з Пінска (11 ст.); 3 — полацкай княгіні Софіі (12 ст.); 4 — Ефрасінні Полацкай (12 ст.); 5 — пячатка з Ваўкавыска; 6 — полацкага епіскапа Дыянісія (12 ст.); 7 —полацкага епіскапа Міны (12 ст.); 8 — пячатка з Ваўкавыска з выяваю св. Сімяона; 9 — пячатка з Полацка з выявамі Божай Маці і архангела Міхаіла (канец 12 — пач. 13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРА́НСТВА,
саслоўе свецкіх землеўладальнікаў, якое валодала спадчыннымі прывілеямі; адзін з пануючых класаў у феад. грамадстве. Першапачаткова значэнне рус. тэрміна «Д.» і зах.-еўрап. тэрмінаў, якія перакладаюцца як Д., не зусім ідэнтычнае: на Русі — гэта пры сваім узнікненні ваенна-служылы слой, які проціпастаўляецца баярству, у Зах. Еўропе тэрміны (noblesse у Францыі, nobility у Англіі, Adel у Германіі) першапачаткова азначалі арыстакратыю, знаць (ад лац. nobilis знатны). З умацаваннем цэнтралізаванай дзяржавы і аб’яднаннем усіх свецкіх феадалаў у адзінае саслоўе гэтыя тэрміналагічныя адрозненні знікалі. Д. належала прамое паліт. панаванне ў феад. грамадстве. Асновай яго паліт. і эканам. магутнасці была ўласнасць на зямлю. Сярод інш. саслоўяў Д. вылучалася становішчам, прывілеямі, выхаваннем, побытам, асобым кодэксам дваранскай маралі.
У Заходняй Еўропе Д. фарміравалася па меры станаўлення феад. саслоўяў, але канчаткова як адзінае саслоўе свецкіх феадалаў складвалася разам з ліквідацыяй феад. раздробленасці ў саслоўных і абсалютных манархіях. У асяроддзі Д. існавала пэўная іерархія, падзел на вышэйшае і ніжэйшае Д. (не заўсёды замацаваны юрыдычна): бароны і рыцары ў Англіі, гранды і ідальга ў Іспаніі, магнаты і шляхта ў Польшчы і ВКЛі г.д. Да вышэйшага Д. прылічвалі найб.стараж. арыстакратычныя роды. Дваранскую іерархію ў некат. ступені адлюстроўвалі шматлікія тытулы — герцаг, маркіз, граф, барон, віконт і інш. Становішча Д., ступень яго адасобленасці ад інш. саслоўяў, паўната яго прывілеяў у розных краінах былі розныя. У Францыі Д. было вызвалена ад падаткаў, жыло за кошт рэнты, служыла ў арміі або пры двары, у дзярж. апараце. Лічылася, што праца, прадпрымальніцтва, гандаль прыніжаюць дваранскую годнасць. Вышэйшае Д. звычайна з’яўлялася носьбітам сепаратысцкіх памкненняў на карысць феад. раздробленасці, ніжэйшае служыла апорай каралеўскай улады ў палітыцы цэнтралізацыі. У некат. краінах спецыфічныя ўмовы развіцця прывялі да непасрэднага паліт. панавання Д. — пры аслабленні каралеўскай улады («шляхецкая рэспубліка» ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст.). Са стварэннем феад.-абсалютысцкай дзяржавы Д. гуртуецца вакол каралеўскай улады. Ва ўмовах абсалютызму крыніцай існавання Д. акрамя феад. рэнты становіцца яшчэ т.зв. цэнтралізаваная рэнта, якая раздавалася каралеўскай уладай у выглядзе жалавання, пенсій, субсідый. У ходзе развіцця капіталіст. адносін адна частка Д. здолела да іх прыстасавацца, стала на шлях бурж. прадпрымальніцтва, другая па-ранейшаму трымалася за чыста феад. формы гаспадарання і паступова разаралася. Знішчэнне Д. як прывілеяванага саслоўя і яго паліт. панавання было адной з задач бурж. рэвалюцый. Аднак Д. звычайна ўдавалася зберагчы некат. прывілеі. Гэтаму садзейнічала і зліццё ў перыяд капіталізму часткі Д. з буржуазіяй. Асабліва доўга, калі не юрыдычна, то фактычна, захоўваліся такія прывілеі Д., як каставасць каманднага складу арміі, вярхоў дзярж. апарата, дыпламат. корпуса, дваранскія тытулы і інш.
У краінах Усходу Д. найб. выразна акрэслілася ў Японіі ў выглядзе ваенна-феад. саслоўя (бусі), якое ўключала буйных князёў (дайме) і шматлікі слой дробнага ваеннага Д. — самураяў. У Кітаі феад. іерархія ўключала 6 тытулаў: ван, гун, хоу, бо, цзы, нань. У краінах мусульм.Усходу пры юрыд. роўнасці ўсіх мусульман перад законам на практыцы існавала дакладнае размежаванне насельніцтва на «знаць» і «просты народ».
У Расійскай дзяржаве Д. як ніжэйшая праслойка феад. ваенна-служылага саслоўя ўзнікла ў 12—13 ст., складала двор князя або буйнога баярына. Дваранамі наз.т.зв. «вольных слуг», якія атрымлівалі зямельныя надзелы на час вайск. службы ў князёў і найб. багатых баяр. У працэсе аб’яднання рус. зямель у цэнтралізаваную дзяржаву Д. стала сац. і ваен. апорай вял. князя ў барацьбе з феад. міжусобіцамі. Судзебнік 1497 юрыдычна прызнаў Д. катэгорыяй пануючага класа феадалаў. Паводле перапісу 1678, дваране валодалі 85% прыгонных двароў. З 17 ст. радавое Д. запісвалася ў дзярж. радасловец і Аксамітную кнігу. Адмена месніцтва і ўказ Пятра 1 пра адзінаспадчыннасць (1714) ліквідавалі розніцу паміж Д. і баярамі і злілі іх у адзін клас Д. У 18 ст. правы і прывілеі Д. пашыраны: у 1722 яно атрымала прывілеі на дзярж. і вайск. службу, у 1762 манаполію на землеўладанне і вызвалена ад абавязковай дзярж. службы, у 1785 неабмежаваныя правы над прыгоннымі сялянамі. У выніку сял. рэформы 1861 Д. страціла неабмежаваныя правы над сялянамі і частку зямель, але захавала пануючае становішча ў кіраванні дзяржавай, паліт. жыцці, вял. зямельныя ўладанні. У канцы 19 ст. ў еўрап.ч. Расіі 30 тыс. памешчыцкіх сем’яў (каля 150 тыс.чал.) мелі 70 млн. дзесяцін зямлі, а 10,5 млн.сял. гаспадарак (каля 50 млн.чал.) — 75 млн. дзесяцін.
У Беларусі ў Д. пераведзена шляхтаВКЛ, якая атрымала дваранскія правы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1770-я г. Кацярына II раздавала рус. дваранам надзелы з дзесяткамі тысяч дзяржаўных прыгонных. У Магілёўскай губ. Завадоўскі атрымаў 25 860 прыгонных, Пацёмкін — 14 250, Зорыч — 11 800, Румянцаў — 11 100 і г.д. 3 развіццём капіталіст. адносін пачаўся эканам. заняпад часткі Д. Але і пасля адмены прыгону Д. ў Беларусі захавала пануючае становішча. Дваранам належалі ўсе адм. пасады ў губернях, права кіраваць установамі па сял. і вайск. справах, прызначаць міравых суддзяў. Па ўдзельнай вазе дваранскага землеўладання Беларусь займала 2-е месца ў еўрап.ч. Расіі пасля прыбалт. губерняў. У Беларусі было 14 магнацкіх сем’яў, ва ўласнасці якіх у 1870—80-я г. знаходзілася чацвёртая частка агульнай плошчы памешчыцкай зямлі (у Патоцкіх 261 тыс.дзес., Радзівілаў 178 тыс.дзес., Пуслоўскіх 160,1 тыс.дзес., Тышкевічаў 148,6 тыс.дзес. і інш.). Найб. ўладанні былі ў кн. П.Л.Вітгенштэйна — больш за 790 тыс.дзес. Як саслоўе Д. скасавана дэкрэтам ЦВК і СНК ад 24.11.1917 «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў».
Літ.:
Люблинская АД. Франция в начале XVII в (1610—1620 гг.). Л., 1959;
Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;
Корелин А.П. Дворянство в пореформенной России, 1861—1904 гг.: Состав, численность, корпоративная организация. М., 1979;
Каханоўскі А.Г. Дваранства Беларусі ў другой палове XIX ст.: Склад і сацыяльнае аблічча // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Запруднік Я. Дваранства і беларуская мова // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Калама́жка1 ’лёгкая выязная павозка на рысорах’ (БРС, ТСБМ; гродз., З нар. сл.; Касп., Нас., Серж. Грам., Чач., Шат., Янк. 3.), ’сялянскі воз’ (карэліц., Сцяш.), ’беларускі воз’ (Шпіл.), ’воз’ (дрыс., КЭС), коломажка ’малыя выязныя сані’ (ТС), каламажка ’тачка’ (Жд. 3), кылымажка ’прыгожая павозка’ (Нік., Оч., апісанне рэаліі, с. 373). Укр.усх.-палес.каламашка ’воз прымітыўнай канструкцыі’, рус.дыял.каламажка, каламашка, коламажка, колымажка і колымашка ’двух- або трохколавыя тачкі, вазкі; павозкі і да т. п.’ Махэк (2, 269) без асобых падстаў лічыць, што бел.каламажка ўзыходзіць да ст.-польск.kolimaga (хутчэй ужо ад формы kolomaga). Магчыма, усх.-слав. дэрыват ад колымага ’воз, павозка’ з наступнай асіміляцыяй галоснага. Апошняе слова вядома шэрагу слав. моў: бел.калымага, укр.колимага, рус.колымага, польск.kolimaga і kolomaga (XV–XVI стст.), ст.-чэш.kolimah, чэш.дыял.kolmaha, славац.kolimaha ў значэннях, падобных да вышэй прыведзеных ’воз; тачка і інш.’ Серб.-харв.kolimog ’шацёр’ у кнізе, напісанай ц.-слав. мовай XIII ст. У рус.ц.-слав.колимогъ, колимагъ ’шацёр і інш.’, колымагъ, коъмагъ ’tentorium стан’. RHSJ (5, 205) мяркуе аб тым, што слова, або па меншай меры аснова, яшчэ праславянская, аднак памылкова далучае сюды літ.kalmogas (параўн. у Фрэнкеля, 207: kalmõgai ’від павозкі’, з бел.). Слаўскі (2, 34) больш асцярожна дапускае магчымасць даўняга (яшчэ прасл.дыял.) запазычання. Мяркуюць аб запазычанні з усходу, найбольш абгрунтаваным лічыцца распрацаваная Менгесам, ZfslPh, 23, 327–334, версія (якая ўзыходзіць да выказанай Кортам у рускім акадэмічным слоўніку думкі) аб суаднясенні слав. лексемы з племянной назвай калмыкаў Xalʼmag (*gali‑mag), пры гэтым мяркуецца, што значэнне ’высокія вазы-шатры’ было запазычана. Гэта верагодна з культурна-гістарычнага погляду і пацвярджаецца рус.мажара ’воз’ ад назвы венграў — мадзьяр, гл. Трубачоў, Дополн., 2, 291. Іншыя этымалогіі не пераконваюць на шэрагу прычын, параўн. агляд версій у Фасмера, 2, 291; Слаўскага, 2, 34–35.
Калама́жка2 ’чарнільніца’ (шчуч., Сцяшк.). Рэгіянальны дэрыват ад каламаж ’тс’, якое з польск.kałamarz. Адносна этымалогіі апошняга гл. каламар.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДЫВА́Н,
мастацкі тэкстыльны выраб, звычайна з шматколерным узорам, прызначаны пераважна для ўпрыгожвання і ўцяплення жылля. Бываюць ворсавыя і бязворсавыя (кілімы, паласы, шпалеры, габелены), маляваныя на тканіне, радзей паперы або цыраце. Вырабляюцца ручным спосабам, з сярэдзіны 19 ст. і машынным з воўны, шоўку, ільну, бавоўны, штучных валокнаў. Маст. асаблівасці вызначаюцца фактурай тканіны, характарам матэрыялу і фарбавальнікаў, фарматам, суадносінамі бардзюра і цэнтра поля Д., характарам і кампазіцыяй арнаменту, колеравым строем.
Найб. раннія Д. выяўлены пры раскопках Пазырыкскіх курганоў Горнага Алтая і датуюцца 5—4 ст. да н.э. Захаваліся звесткі пра Д. ў Асірыі, Вавілоне, Егіпце. З Д. Усходунайб. вядомы іранскія, перс., туркм.. азерб. і інш. У Зах. Еўропе вядомы з 11 ст. (Д. з Баё, Францыя, і інш.). З 16 ст. асаблівае месца займаюць шпалеры (флам., франц., нямецкія), у 17—18 ст. вылучаюцца ворсавыя Д. мануфактуры Саванеры (засн. ў 1624 у Парыжы). У 19 ст. з развіццём фарб. вытворчасці маст. ўзровень рэзка падае і пачынае адраджацца толькі з сярэдзіны 20 ст.
На Беларусі дыванаткацтва мае даўнія традыцыі, нац. характар узораў, кампазіцыі колераў, тэхнікі. Побач з дэкар. посцілкамі ткалі нар. Д., якімі ўпрыгожвалі жылыя памяшканні і інтэр’еры храмаў. Нар. бязворсавыя Д. ткалі ў тэхніцы кіліма, закладання, 2-асноўнай, тыпу габелена (напр., Гродзенскія падвойныя Д.). У розных раёнах мелі сваю традыц. расфарбоўку і арнамент. Ткалі Д. з геам. і раслін. арнаментам, антрапа- і зааморфнымі выявамі. У гарадах і мястэчках ткалі на заказ т. зв. дворскія бязворсавыя Д., блізкія па кампазіцыі да нар., або пераймалі зах.-еўрап. стылі і матывы дэкору. У 18—1-й пал. 19 ст. вылучаюцца вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, магнацкіх мануфактур у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Слоніме і інш., якія вызначаліся высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. З 19 ст. вядомасць набылі маляваныя Д., ствараліся на аснове багатых традыцый узорыстых тканых Д. і посцілак (творы А.Кіш, Я.Драздовіча і інш.). Маст. вобраз такіх Д. аналагічны творам наіўна-рэаліст. кірунку. Сучасныя нар. майстры вырабляюць і бязворсавыя Д. Ворсавыя Д. машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста». Гал. кірунак — стварэнне Д. з бел. арнаментам, што адпавядаюць сучаснаму інтэр’еру па стылявым і колеравым вырашэнні. Бел. Д. экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Германіі, Італіі, Польшчы, Інданезіі, дзе адзначаны дыпломамі. Вырабы акц.т-ва «Дываны Брэста» ўзнагароджаны брыльянтавай зоркай у Мексіцы (1994) і «Залатой аркай» у Іспаніі (1995).
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;
Maríkowski T. Dawnie tkaniny i hafty w Polsce w XVI—XVIII w. Wrocław, 1954;
Моран А. де. История декоративно-прикладного искусства: От древнейших времен до наших дней: [Пер. с фр.]. М., 1982.
Азербайджанскі дыван «куба». 19 ст.Туркменскі дыван «бешыр». 1900.Персідскі дыван «фараган». 19 ст.Да арт.Дыван. У.Гусеў. Дыван «Арнаментальны». 1979. Брэсцкі дывановы камбінат.Дыван маляваны. А.Кіш. Рай. 1930—40-я г.Да арт.Дыван. Л.Цыбульская. Жакардавы дыван. 1984.Турэцкі дыван «кула». 17 ст.Дыван маляваны з Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1950-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНАЕ ЎЗБРАЕ́ННЕ,
частка агульнага ўзбраення воінаў, баявое пакрыццё, прызначанае для аховы розных частак цела ад наступальнай зброі праціўніка. Прымітыўныя ўзоры З.ў. (шчыты, скураныя паясы і шапкі) вядомы з глыбокай старажытнасці. У арміях Стараж.Усходу карысталіся скуранымі і набранымі з пласцін металічнымі панцырамі, шлемамі (вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Шумеры). У Стараж. Грэцыі з 14 ст. да н.э. выраблялі суцэльнакаваныя даспехі, якія часта паўтаралі форму торса. Каля 5 ст. да н.э. кельты (галы) вынайшлі кальчугу, якая хутка пашыралася на У і З Еўропы, дзе была асн. відам даспеха ў раннім і сталым сярэдневякоўі. З.ў. дружыннікаў на Беларусі ў 10—14 ст. складалася са шчыта, кальчужнага ці набранага з пласцін панцыра і шлема, да якога маглі мацавацца барміца і лічына, што засцерагалі карак, шыю і твар воіна. На мяжы 14—15 ст. суцэльнакаваныя даспехі, сфарміраваныя ў Еўропе ў 1230—1410, якія закрывалі воіна з ног да галавы. У камплекце з імі ўжываліся шлемы больш дасканалых форм — капаліны, салады ці прылбіцы. Акрамя суцэльнакаваных даспехаў на Беларусі ў 15—16 ст. выкарыстоўвалі традыцыйныя кальчужныя і пласцінкавыя панцыры, а таксама неметалічныя віды З.ў. — цягіляі, ватаваныя зіпуны і кафтаны. З сярэдзіны 16 ст. ў сувязі з пашырэннем агнястрэльнай зброі поўныя рыцарскія даспехі паступова страцілі сваё значэнне. Замест іх пачалі карыстацца паўдаспехам у камплекце з аблегчанымі тыпамі шлемаў — штурмгабам, капалінам, шышаком. На Беларусі побач з імі выкарыстоўваўся кальчужны панцыр з лёгкім шлемам-місюркай. У 18 ст. значэнне З.ў. рэзка зменшылася, аднак у выглядзе кірасы і каскі яно выкарыстоўвалася некат. аддзеламі цяжкай кавалерыі (кірасіры) да пач. 20 ст. У пяхоце, сілах спец. прызначэння і паліцэйскіх фарміраваннях 20 ст. З.ў. складаецца з касак, шлемаў, бронекамізэлек, шчытоў.
Літ.:
Кирпичников А.Н. Древнерусское оружие. Вып. З. Л., 1971;
Яго ж. Военное дело на Руси в XIII—XV вв. Л., 1976;
Бохан Ю. М. Пласцінкавыя даспехі ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—XVI ст. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1996. № 4;
Яго ж. Баявыя нагалоўі ў Нялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Гіст.-археал.зб.Мн., 1996. № 10;
Яго ж. Пласцінавы даспех у Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Там жа. 1997. № 11;
Żygulski Z. Broń w dawnej Polsce na tle uzbrojenia Europy i Blizkiego Wschodu. 2 wyd. Warszawa, 1982.
Ю.М.Бохан.
Да арт.Засцерагальнае ўзбраенне. Поўны гатычны даспех з закрытым шлемам-прылбіцай: 1 — грэбень; 2 — звон; 3 — зрокавая шчыліна (віздра); 4 — заслона; 5 — палічка; 6 — падбароднік; 7 — шчыток; 8 — абойчык; 9 — гак (крук для мацавання кап’я); 10 і 11 — кіраса (нагруднік і наспіннік); 12 і 13 — спаднічка (фартух і ахова паясніцы); 14 — ташка; 15 — наруч; 16 — наплечнік; 17 — апаха; 18 — налакотнік; 19 — крыльца налакотніка; 20 — зарукаўе; 21 — рукавіца; 22 — поўная засцярога нагі; 23 — набедранік; 24 — накаленнік; 25 — нагалёначнік; 26 — чаравік.Да арт.Засцерагальнае ўзбраенне. «Максімілянаўскія» даспехі на рыцара і каня. 1-я чвэрць 16 ст. (асобныя часткі са збраёўні Радзівілаў у Нясвіжы).