КУ́МСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р Кума (бас. р. Коўда), на Пн Карэліі (Рас. Федэрацыя). Утворана плацінай Кумскай ГЭС у 1962—66 у выніку затаплення даліны р. Кума і падпору азёр Тапвозера, Пявозера, Кундвозера. Пл. 1910 км², аб’ём 13,3 км³, даўж. 75 км, сярэдняя глыб. 7 м. Шматгадовае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 4,5 м. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і лесасплаву; рыбалоўства.

т. 9, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРАСІ́ЙСКАЯ КАЛЕ́ГІЯ,

цэнтральны орган Рас. імперыі па кіраванні Левабярэжнай Украінай у 1722—27 і 1764—86. Створана паводле ўказа Пятра I ад 27.5.1722 у рэзідэнцыі ўкр. гетманаў г. Глухаў. Падпарадкоўвалася Сенату. Кантралявала і накіроўвала дзейнасць казацкай старшыны. У 1727 заменена адноўленым гетманствам. Адноўлена ў 1764 пасля канчатковага скасавання гетманства. Спыніла дзейнасць 31.8.1786 пасля поўнай ліквідацыі аўтаноміі Левабярэжнай Украіны.

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫ СПАДАРО́ЖНІК,

штучны спадарожнік Зямлі, прызначаны для аператыўнага назірання за размеркаваннем воблачнага, снегавога і лядовага покрываў, а таксама цеплавога выпрамянення Зямлі ў мэтах атрымання метэаралагічных даных для прагнозу надвор ’я. На арбіты вакол Зямлі выведзены рас. М.с. серый «Космас», «Метэор», амер. спадарожнікі серый «Цірас», «Нібус» і інш. На Беларусі пункт прыёму інфармацыі з М.с. працуе з 1970.

т. 10, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАВЫ́ СУД,

ніжэйшае звяно суд. сістэмы шэрагу дзяржаў. Разглядае справы -пра малазначныя злачынствы і правапарушэнні, а таксама дробныя грамадз. спрэчкі паміж прыватнымі асобамі. М.с. звычайна выбіраюцца насельніцтвам і дзейнічаюць у складзе аднаго суддзі (міравы суддзя). Упершыню створаны ў Англіі (14 ст.), потым ў Паўн. Амерыцы (17 ст.), Францыі (канец 18 ст.), Рас. імперыі (2-я пал. 19 ст.).

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕ́СНІК,

1) у ВКЛ у 14—15 ст. прадстаўнік вял. князя, якому належала адм.-гасп., фінансавая і судовая ўлада на тэр. былых самаст. княстваў.

2) У 16—17 ст. памочнікі старосты ці ваяводы, якія ажыццяўлялі адм.-судовую ўладу ў паветах і ваяводствах ВКЛ (гл. Гродскі суд).

3) У Рас. імперыі ўрадавая асоба мясц. адміністрацыі, тое, што генерал-губернатар.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ТНІК,

1) ратны (ваенны) чалавек, які ўваходзіў у склад раці; воін апалчэння ў стараж. усх.-слав. дзяржавах і княствах Русі (9—14 ст.). У адрозненне ад воінаў княжацкай дружыны Р. набіралі на перыяд вайны (паходу) з рамеснікаў і сялян.

2) У Рас. імперыі — салдат дзярж. апалчэння. Р. лічыліся ваеннаабавязанымі запасу 2-й і 3-й чаргі, існавалі да 1917.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗДЗЕЖ,

вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Драгічын. 1442 ж., 497 двароў (1995). Сярэдняя школа. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Вядома з сярэдзіны 16 ст. як мястэчка Пінскага пав. Пад Бездзежам войскі барскіх канфедэратаў на чале з Міхалам Казімірам Агінскім 6.9.1771 разбілі атрад рас. войскаў палкоўніка Альбічава. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав. Слонімскай, потым Літоўскай, Гродзенскай губ. У 1915 акупіравана герм. войскамі. З 1921 цэнтр гміны Драгічынскага пав. Палескага ваяв. Польшчы, 1248 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 1940 у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: драўлянага дойлідства 18 ст.Бездзежская Троіцкая царква, мураваны касцёл у стылі класіцызму (пабудаваны да 1820), мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 (канец 18 ст.).

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793 надзвычайны,

апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.​Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.​Л.​Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Адбыўся 7—9.4.1917 у Мінску. Прысутнічала каля 150 дэлегатаў ад розных бел. арг-цый. Асн. мэта з’езда — выпрацоўка ў новых гіст. умовах праграмы бел. нац. руху. Абраны камісіі: агітацыйная, арганізац., друку, земская, фін., школьная і этнаграфічная. З’езд паставіў пытанне пра неабходнасць адкрыцця бел. ун-та і інш. ВНУ, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову выкладання. Прыняў рашэнне пра арганізацыю т-ва «Прасьвета» і выданне газеты. Этнагр. камісія адзначыла, што ў склад Беларусі ўваходзяць Мінская, Гродзенская, Магілёўская, часткі Смаленскай і Чарнігаўскай губ., стварыла камісію для ўдакладнення яе межаў (акад. Я.​Карскі, А.​Шахматаў, праф. М.​Любаўскі, М.​Доўнар-Запольскі). Дэлегаты выказалі пратэст супраць уключэння Віленскай губ. ў склад Літ. рэспублікі. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі; для кіраўніцтва краем у кантакце з Часовым Рас. урадам абраны Беларускі нацыянальны камітэт з 18 чл. на чале з Р.​Скірмунтам і вылучана дэлегацыя да Часовага ўрада.

В.​Г.​Мазец.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ АРХИ́В»,

1) неперыядычны зборнік дакумент. публікацый па гісторыі Расіі да пач. 20 ст. Выдаваўся ў 1936—54 у Маскве Ін-там гісторыі АН СССР (10 выпускаў).

2) Савецкі навук. гіст. часопіс. Выдаваўся ў 1955—62 у Маскве Ін-там гісторыі АН СССР з удзелам Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС і Гал. архіўнага ўпраўлення пры СМ СССР (6 нумароў у год). Друкаваў дакументы па гісторыі Расіі, СССР, КПСС і міжнар. рабочага руху, артыкулы па крыніцазнаўстве, архівазнаўстве і археаграфіі, крытыка-бібліягр. матэрыялы, інфармацыю пра навук. нарады і хроніку замежнай архіўнай справы.

3) Расійскі навукова-публікатарскі часопіс. Выдаецца з 1992 у Маскве на рус. мове (6 нумароў у год). Друкус архіўныя дакументы па актуальных праблемах рас. і ўсеагульнай гісторыі. Выходзяць 2 дадаткі: «Архіўна-інфарм. бюлетэнь» (4 нумары ў год), у якім друкуюцца пералікі рассакрэчаных дакументаў з архіваў Расіі, нарысы пра рас. гісторыкаў 18—20 ст., бібліяграфія, і (з 1997) «Відэатэка гіст. самаадукацыі».

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)